Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Літаратурнага працэсу на Беларусі

Поиск

Як адзначае П. Дзюбайла, «літаратурны працэс на Беларусі склад­ваў­ся спецыфічна <...>. Ужо ў ХVІ–ХVІІ стст. беларуская літа­ра­тура да­сяг­нула значнага ўзроўню, хоць да сярэдзіны ХІХ ст. га­ва­рыць пра лі­та­ра­турны працэс можна толькі ўмоўна, бо ён быў вель­мі разрэджаны, пе­ра­рывісты ў сувязі з невялікай колькасцю літара­тур­ных фактаў і з’яў» [221]. І толь­кі ў 2-й палове ХІХ ст. нацыя­нальны лі­таратурны працэс набыў вы­раз­ныя рысы ў сувязі з прыходам у лі­та­ратуру В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лу­чы­ны, А. Гу­ры­новіча і некат. інш. пісьменнікаў. З гэ­тага часу, а яшчэ больш заў­ва­жальна — з пачатку ХХ ст. — пачалося па­скоранае развіццё бе­ла­рус­кай літаратуры. «Сцяжэнне, накладванне з’яў аднаго лі­та­ра­тур­на­га плана, аднаго метаду на іншыя, перамешванне роз­ных тэн­дэн­цый характэрны для гэтага перыяду» [222]. Даволі свое­асаб­лі­ва, на­прык­лад, спалучаліся рысы рэалізму, рамантызму (неара­ман­тыз­му), сім­валізму ў творчасці Я. Купалы, Цёткі, М. Багдановіча, М. Га­рэц­ка­­га, Л. Родзевіча, З. Бядулі і інш. аўтараў. Цікава і ў многім па­ка­заль­на, што набраны тэмп у развіцці беларускага прыгожага пісь­мен­ства крыху сці­шылі, але не перапынілі зусім Першая сусветная і Гра­мадзянская вой­ны. У 1920-я гг. літаратурны рух на Беларусі (і ў пер­шую чаргу ў са­вец­кай яе частцы) наогул набыў незвычайны раз­мах. Актыўную (хоць і не заў­сёды адназначна станоўчую) ролю ады­гралі ў літаратурным жыцці 1920-х гг. літаратурныя аб’яднанні «Ма­ладняк», «Узвышша», «Полымя». У кан­цы 1920-х гг. пачаўся спад у літаратурным развіцці на Беларусі, вы­зва­ны станаўленнем куль­ту асобы і пачаткам барацьбы з «нацдэмамі». На­ступнае дзе­ся­ці­годдзе ў літаратурным жыцці Савецкай Беларусі мож­на ўмоўна на­зваць «глухім». Хоць, зазначым, развіццё літаратуры поў­на­сцю не спы­нілася. Проста яна стала іншага гатунку. Вядомы айчынны тэк­с­то­лаг і гісторык літаратуразнаўства М. Мушынскі на падставе цэ­ла­га шэ­рагу фактаў указвае на ледзь-ледзь заўважальнае ажыўленне ў на­цыя­нальным літаратурным працэсе, і ў першую чаргу ў лі­та­ра­тур­на-кры­тыч­ным яго складніку, у самым канцы 1930-х — пачатку 1940-х гг. [223] (да­рэ­чы, штосьці падобнае, зноў жа згодна з М. Му­шын­скім, адбылося ў пер­шыя пасляваенныя гады [224]). Адной з цікавых асаб­лівасцей развіцця пры­гожага пісьменства на Беларусі ў 1920–1930-х гг. з’яўлялася па­ра­лель­нае існаванне не тое, каб надта ўжо і ад­розных, аднак усё-такі і не зу­сім падобных адна на другую лі­та­ра­тур — беларускай савецкай і за­ход­небеларускай. Вядома, шляхі іх вель­мі часта перакрыжоўваліся, ад­нак развіваліся яны ўсё-такі ад­нос­на самастойна.

У другой палове 1950-х гг. у сувязі з «хрушчоўскай адлігай» лі­та­ра­тур­­­ны працэс пачаў набіраць хуткасць, становячыся пры гэ­тым больш шмат­­гранным, глыбокім і ўсеабдымным. Дзякуючы твор­чым на­ма­ган­ням В. Бы­кава, І. Мележа, І. Шамякіна, І. Навуменкі, У. Ка­рат­кевіча, М. Танка, А. Ку­ляшова, А. Макаёнка, П. Панчанкі і цэ­лага шэрагу інш. пісь­меннікаў, бе­ларуская літаратура выйшла на ўсе­саюзны, еўрапейскі, а мес­цамі і на су­с­вет­ны ўзровень. Істотна па­шырыліся яе тэматычныя га­ры­зонты, не­па­раў­наль­на выраслі і ўзба­гаціліся жанравая і стылёвая па­літ­ры.

Адназначна можна сцвярджаць, што ў канцы 1980-х гг. у су­вя­зі з вя­до­мымі падзеямі ў нашай былой агульнай краіне СССР па­кры­се пачалі ад­бывацца даволі істотныя змены і ў асаблівасцях пра­ця­кання на­цыя­наль­нага літаратурнага працэсу.

 

54. Барока

Барока (ад італ. barocco, літаральна незвычайны, дзіўны; ёсць і ін­шыя этымалагічныя версіі-трактоўкі дадзенага слова-тэрміна) — адзін з вя­дучых стыляў у еўрапейскім мастацтве, які развіваўся над­звы­чай не­раў­намерна і несінхронна з сярэдзіны ХVІ ст. (Іспанія, Іта­лія) да 80-х гг. ХVІІІ ст. (Венгрыя, славянскія краіны). Барока ахапі­ла ўсе віды мас­тац­тва, наклала адбітак на асаблівасці навуковай і фі­ла­софскай думкі, на роз­ныя бакі культурнага жыцця і побыту. Нао­гул, можна з поўнай пад­ста­вай (і на гэта ўказвае большасць да­след­чы­каў дадзенага метаду і сты­лю) весці гаворку аб барочным све­та­по­глядзе і светаадчуванні.

Барока ўключыла ў сябе розныя ідэйныя плыні і мастацкія тэн­дэн­цыі. Яго шырока выкарыстоўвалі і прадстаўнікі Контр­рэ­фар­ма­цыі, і пра­тэс­танты, і праваслаўнае духавенства, і, вядома ж, два­ран­ская арыс­та­кра­тыя, а таксама сярэднія і бяднейшыя слаі тага­час­на­га насельніцтва.

Барока як мастацкі стыль вылучае дынаміка, афектнасць, па­тэ­ты­ка, тэат­ральнасць, ілюзіанізм, сутыкненне фантастыкі і рэ­аль­на­сці. Яго так­са­ма характарызуюць імкненне да антытэз, гіпербал, скла­даных метафар і на­­огул да ўсяго незвычайнага, нечуванага, на­ват сенсацыйнага. У тво­рах барочных аўтараў таксама шмат сха­лас­ты­кі, малазразумелых сі­ла­гіз­маў і г. д. Свет паўстае перад мастакамі ба­рока як хаатычны, пазбаўлены ўстой­лівасці; ён знаходзіцца ў ста­не пастаянных змен, якія нічога до­б­ра­га з сабой не нясуць. Тэма ілю­зорнасці шчасця, хісткасці жыццёвых каш­тоў­насцей, поўнай ула­ды над светам року і выпадку — адна з цэн­т­раль­ных тэм ба­роч­ных аўтараў. Позняе Адраджэнне з крызісам гу­ма­ніс­тыч­най ідэа­ло­гіі наклала, такім чынам, на борока свой выразны адбітак.

Літаратура барока прадстаўлена ў Іспаніі паэзіяй Гангоры-і-Ар­гатэ (г. зв. гангарызм), трагедыямі Кальдэрона, драмамі Тыр­са дэ Маліна, са­ты­­рай Кеведа-і-Вільегаса (у тым ліку і яго хіт­рун­скім раманам); у Іта­ліі — паэ­зіяй Т. Таса і Дж. Марына (г. зв. ма­ры­нізм); у Германіі — тра­ге­ды­ямі А. Гры­фіуса і Д. Лаэнштэйна, лі­ры­кай П. Флемінга і Ф. Шпе, ра­ма­нам Гры­мельсхаўзена; у Францыі — паэ­зіяй і прозай Т. д’Абінье, ра­ма­намі, бай­­камі і вершамі М. дэ Скю­дэры (г. зв. прэцыёзная лі­та­ра­ту­ра), ра­ма­на­мі Ш. Са­рэ­ля; у Англіі — трагі­камедыямі Ф. Бамонта і Дж. Флет­чара. Як ужо ад­­значалася ў самым пачатку пытання, барока ад­бі­лася і ў сла­вян­скіх лі­­таратурах, у прыватнасці, у творчасці Я. Мор­ш­ты­на, С. Твар­доў­ска­га (Поль­шча), А. Міхны (Чэхія), І. Гундуліча (Хар­ва­тыя), І. Ве­ліч­коў­скага, К. Са­ковіча (Украіна), С. Полацкага (Беларусь і Ра­­сія).

Дарэчы, барока знайшло таксама і сваіх тэарэтыкаў. Най­больш ары­гі­нальнымі сярод іх з’яўляюцца іспанец Б. Грасіян (трак­тат «Штодзённы ара­кул ці Мастацтва Асцярожнасці», 1647) і італь­я­нец Э. Тэзаўра («Пад­зор­ная труба Арыстоцеля», 1655).

К сярэдзіне ХVІІІ ст. барока ў яго арыстакратычна-пры­двор­ным ва­ры­янце трансфармуецца ў стыль ракако (фр. rococo — ма­лень­кія ка­мень­чыкі, ракавінкі), асноўная прыкмета якога — ге­да­нізм. У літаратуры ра­како, што імкнулася да камернасці, ін­тым­на­сці, атрымала развіццё ана­крэонтыка, галантная лірыка, розныя ві­ды «лёгкай паэзіі» (пасланні, экс­промты, элегіі).

Як зазначае адзін з самых дасведчаных даследчыкаў бе­ла­рус­ка­га лі­та­ратурнага барока А. Мальдзіс, «у беларускай літаратуры і шмат­моўнай лі­таратуры Беларусі барока найбольш выразна вы­я­ві­ла­ся ў пераходны пе­рыяд, асабліва ў другой палове ХVІІ — першай трэ­ці ХVІІІ стст. Бе­ла­рус­кае барока цесна звязана з ідэямі Контр­рэ­фар­мацыі, што асабліва ад­чу­ваецца ў містычнасці ідэалу і ры­та­рыч­най зададзенасці, але як мас­тац­кае светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка борока была крокам на­­перад у мастацкім развіцці Бе­ларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэ­несансавыя тра­ды­цыі, упершыню скрыжоўваліся шляхі развіцця пісь­мовай лі­та­ра­ту­ры і фальклору» [225]. Барока на Беларусі прадстаўлялі та­кія аўтары, як С. По­лацкі, Д. Рудніцкі, М. Сарбеўскі (тэарэтык барока і на­о­гул пры­гожага пісьменства на Беларусі). Акрамя таго, яно выявілася да­­во­лі выпукла ў школьнай драме (у тым ліку і ў інтэр­медыях, якія по­бач з падобнымі творамі народнага тэатра стаяць ля вытокаў бе­ла­рус­кай на­цыянальнай прафесійнай драматургіі), ананім­най па­ра­дый­на-са­ты­рыч­най і гумарыстычнай паэзіі («Птушыны баль», «Ліст да Абу­ховіча», «Ка­за­не руске» і інш.), песенна-інтымнай лірыцы.

Класіцызм

Кла­сіцызмам (ад лац. classicus — узорны) называецца метад, на­прамак і стыль еўрапейскай мастацкай культуры другой паловы ХVІІ — па­чатку ХІХ стст.

Сутнасць класіцызму выявілася ў кананізацыі антычнай кла­сі­кі, ары­ентацыі на яе як на дасканалы ўзор для наследавання, у нар­ма­­тыў­на­сці эстэтычных крытэрыяў, ідэалізацыі і абстрактнасці воб­раз­­нага аба­гуль­нення (тыпізацыі) без усебаковага выяўлення пры гэ­тым не­паў­тор­на-асабовага (індывідуалізацыі). Класіцызм харак­та­ры­­зуецца універ­саль­на­сцю, бо ахапіў усе віды мастацтва, а таксама эс­тэтыку і крытыку. Для яго характэрна таксама пэўнае стылявое адзін­ства.

Як мастацкі метад класіцызм грунтаваўся ў многім на тра­ды­цыях Ад­раджэння (крыху забягаючы наперад, заўважым што ў кла­сі­цызме так­сама было вельмі шмат момантаў, якія ішлі ўразрэз з ад­ра­джэнскай дак­трынай), сінтэзуючы пры гэтым таксама ў пэўнай сту­пені і некаторыя да­сягненні барока.

Паэтыка класіцызму пачала складвацца ў эпоху позняга Ад­ра­джэн­ня ў Італіі (працы Л. Кастэльвестра і Ю. Скалігера). Аднак у яка­сці цэ­лас­най мастацкай сістэмы класіцызм выступіў толькі ў ХVІІ ст. у Фран­цыі ў перыяд умацавання і росквіту ў дадзенай краі­не абсалютызму. Пер­шым буйным тэарэтыкам французскага кла­сі­цыз­му стаў Ф. дэ Малерб, ад­нак закончанае сістэмнае выражэнне да­дзе­ны метад і стыль атрымаў у вер­шаваным трактаце Н. Буало «Паэ­тычнае майстэрства» (1674).

Працягваючы некаторыя традыцыі Адраджэння (пакланенне ан­тыч­ным пісьменнікам, вера ў розум, ідэал гармоніі і меры), кла­сі­цызм разам з тым з’яўляўся своеасаблівай антытэзай Рэнесансу. Гэ­та выяўлялася ў тым, што за знешняй гармоніяй у класіцызме ха­ва­ец­ца ўнутраная ан­ты­на­мічнасць светаадчування. Дадзеная ака­ліч­насць крыху родніць кла­сі­цызм з барока, хоць гэтыя метады ў ас­но­ве сваёй надзвычай розныя. Ро­да­вае і індывідуальнае, грамадскае і аса­бістае, розум і пачуццё, цы­ві­лі­за­цыя і прырода ў мастацтве Рэ­не­сан­су выступалі (праўда, у асноўным у тэн­дэнцыі) як адзінае гар­ма­ніч­нае цэлае. У класіцызме ж яны рэзка па­ля­ры­зуюцца. У аснове эс­тэ­тыкі класіцызму ляжаць прынцыпы ра­цыя­на­ліз­му, якія ад­па­вя­даюць філасофскім ідэям картэзіянства. Яны сцвяр­джаюць погляд на мастацкі твор як на поўнасцю штучнае ўтварэнне, ар­га­нізаванае ро­зумам і логікай, без якіх бы там ні было прымешак ін­ту­і­цыі, пад­свя­домага і г. д.

Эстэтыка класіцызму ўсталёўвае строгую іерархію жанраў, якія па­дзя­­ляюцца на два супрацьлеглыя полюсы: «высокія» і «ніз­кія». Сфера «вы­­сокіх» жанраў, да якіх адносяцца трагедыя, эпапея і ода (пісаліся да­дзе­­ныя жанры толькі вершам),— дзяржаўнае жыццё, важ­ныя гіс­та­рыч­ныя падзеі, міфалогія; героі твораў — манархі, пал­ка­водцы, вядомыя мі­фа­­лагічныя асобы, рэлігійныя падзвіжнікі. «Ніз­кія» жанры (камедыя, са­ты­­ра, байка) адлюстроўваюць прыват­нае паўсядзённае жыццё сярэдніх па свайму грамадскаму стано­ві­шчу і матэрыяльнай забяспечанасці лю­дзей. Часам у персанажную сфе­ру «нізкіх» жанраў пранікаюць і прад­стаў­­нікі вясковага і га­рад­ско­га плебсу. Прамежкавае месца адведзена «ся­­рэднім» жанрам — эле­гіі, ідыліі, пасланню, санету, песні. Кожны жанр у класіцызме мае строгія межы і яскрава выражаныя фармальныя прык­меты. Не да­пускалася спалучэння ў творах узвышанага і нізкага, тра­гічнага і ка­мічнага, гераічнага і звычайнага: што дазволена сатыры, тое не па­вінна быць у трагедыі; што з’яўляецца прыдатным для камедыі, тое ні ў якім разе не павінна выкарыстоўвацца ў эпапеі; і г. д. Вядучым жан­рам класіцызму стала трагедыя, звернутая да ад­люст­­равання важ­ней­шых грамадскіх і маральна-этычных праблем ве­ку. Грамадскія кан­ф­лік­ты паўстаюць у ёй адлюстраванымі ў ду­шах герояў, якія пастаўлены пе­рад неабходнасцю выбару паміж дзяр­­жаўным доўгам і асабістымі пам­к­нен­нямі. Самымі вядомымі фран­цузскімі трагікамі класіцыстычнага ча­су з’яўляюцца П. Кар­нэль і Ж. Расін. У класіцыстычную французскую ка­медыю найбольшы ўклад унёс Ж.Б. Мальер, у байку — Ж. Лафантэн, са­тыру — Н. Буало, ма­ра­­лістычную прозу — Ф. Ларашфуко.

Рацыяналістычны падыход вызначаў у класіцыстаў адносіны да па­э­тыч­най формы: кожны твор павінен быць строга пра­ду­ма­ным, кам­па­зі­цыя пабудавана лагічна, з суразмернасцю кожнай част­кі, стыль ха­рак­та­ры­завацца празрыстасцю, мова — лаканічнасцю і да­кладнасцю.

Асабліва строгія патрабаванні прад’яўляліся да драматычных жан­раў, перш за ўсё да трагедыі, якая павінна была складацца з пяці ак­таў. Ка­медыі маглі быць і трохактовымі (у ХVІІІ ст. пачынае з’яў­ляцца ўсё больш і больш аднаактовых літаратурных камедый; да гэ­та­га часу малыя фор­мы драмы развіваліся пераважна ў рэчышчы на­роднага тэатра), але ні ў якім разе чатырох- ці двухактовымі. Вель­мі строга сачылі тэарэтыкі кла­сіцызму за выкананнем прын­цы­пу трох адзінстваў — месца, дзеяння і ча­су, сфармуляваных яшчэ ў трак­татах Дж. Трысіна і Ю. Скалігера, якія ў сваю чаргу абапіраліся на «Паэтыку» Арыстоцеля. Згодна правілу адзін­ства месца, усё дзе­ян­не павінна адбывацца ў адным месцы — па­ла­цы, доме ці нават па­коі. Адзінства часу патрабавала, каб дзеянне п’есы аба­вязкова ўклад­валася ў сутачны адрэзак. Нарэшце, адзінства дзеяння вы­­му­ша­ла, каб падзеі, адлюстраваныя ў п’есе, мелі свой пачатак, раз­віц­цё і заканчэнне. Акрамя таго, у творы не павінна быць ніякіх «ліш­ніх» эпі­зодаў і дзеючых асоб — усяго таго, што не звязана з ас­ноў­ным дзе­ян­нем.

Пік у развіцці французскага класіцызму прыпадае на 60–80-я гг. ХVІІ ст. Затым ён крыху занепадае, а з пачаткам эпохі Асветніцтва зноў ад­раджаецца і існуе больш-менш стабільна да Вялікай фран­цуз­скай бур­жу­азнай рэвалюцыі, а таксама ў час яе. Асаблівы ўклад у французскі ас­вет­ніцкі класіцызм унеслі Вальтэр і М.Ж. Шэнье. Поў­насцю зніклі кла­сі­цыс­тычныя рысы з літаратуры Францыі толь­кі к 30-м гг. ХІХ ст.

Пад уплывам французскай літаратуры класіцызм развіваецца і ў ін­шых краінах Еўропы: у Англіі (А. Поп, Дж. Адысан), Італіі (В. Альф’е­ры, часткова У. Фаскола), Германіі (І. Готшэд, і асабліва прад­стаўнікі вей­марскага класіцызму ў асобах І.В. Гётэ і Ф. Шы­ле­ра), Расіі (А. Кан­це­мір, В. Традзякоўскі, М. Ламаносаў, А. Су­ма­ро­каў).

«На Беларусі, у Польшчы і Літве,— пішуць У. Конан і А. Маль­­дзіс,— тэндэнцыі класіцызму прыкметны з ХVІІ ст. як у тэо­­рыі (курсы паэ­тыкі і рыторыкі), так і ў мастацкай практыцы (пе­ра­важ­на ў ар­хі­тэк­ту­ры і сілабічнай паэзіі)» [226]. У якасці прыкладу ву­чо­ныя прыводзяць дзей­насць М. Сарбеўскага (тэорыя) і С. Полацкага (паэ­­зія, прычым у спа­лу­чэн­ні з барочнымі элементамі). Больш жа па­­сля­доўна, на думку гэтых жа дас­ледчыкаў, класіцызм у бе­ла­рус­­кай лі­таратуры і шматмоўнай лі­та­ра­ту­ры Беларусі выявіўся ў 2-й пал. ХVІІ — пач. ХІХ стст. у творчасці А. На­рушэвіча, А. Ням­­цэвіча, Ф. Багамольца, Т. Глінскай, І. Сакольскага, І. Га­­ля­неўскага, М. Карыцкага, М. Цяцерскага, К. Марашэўскага, І. Юрэ­ві­ча, а такса­ма ў ананімнай бурлескнай паэзіі («Таго дня вель­мі слаў­на­га», «Стары Восіп барадаты», «Уваскрасенне Хрыс­това» і інш.). Эс­тэ­ты­ка класіцызму наклала пэўны адбітак на твор­часць некаторых пісьмен­ні­каў ХІХ ст. (Я. Чачота, Я. Бар­шчэў­ска­га, В. Дуніна-Марцінкевіча).

У літаратуразнаўстве ў дачыненні да шэрагу рэчаў еўра­пей­скай лі­та­ра­туры ХІХ–ХХ стст. ужываецца тэрмін «неакласіцызм». Як ад­зна­ча­ец­ца ў ЛЭС, «літаратурныя з’явы, якія адносяцца да неа­кла­­сіцызму, пра­цяг­ваючы ў чымсьці традыцыі класіцызму, узніклі, ад­нак, пасля змены яго другімі накірункамі (не раней пач. ХІХ ст.) і ў роз­ных гістарычных умо­вах і нацыянальных літаратурах набылі роз­нае ідэйна-мастацкае зна­чэн­не. Неакласіцызм знаходзяць у «лёг­кай паэзіі», у вершах А. Майкава і М.Ф. Шчарбіны, у «парнас­цаў», у паэ­зіі і драматургіі рускіх сімвалістаў (І.Ф. Анен­скі, В.Я. Бру­саў, Вяч. Іваноў), у сучаснай французскай дра­ма­тур­гіі (Ж. Ануй, Ж.П. Сартр, Ж. Жыраду») [227].

 

Сентыменталізм

Як ужо адзначалася ў пытанні, прысвечаным разгляду пафасу, тэа­рэ­тыкамі літаратуры вылучаецца сентыментальны пафас, які мо­жа ха­рак­тарызаваць твор любой эпохі, і сентыменталізм як лі­та­ратурна-мас­тацкі метад і стыль, на аснове якога ў канкрэтны час (сярэдзіна — дру­гая палова ХVІІІ ст.) утварыўся ў Еўропе адпа­вед­ны літаратурны на­пра­мак.

Сентыменталізмам (ад франц. sentiment — пачуццё, англ. sen­ti­men­tal — пачуццёвы) называецца напрамак у еўрапейскай лі­та­ра­туры дру­гой паловы ХVІІІ ст., узнікшы ў выніку крызісу ас­вет­ніц­кага рацыя­на­ліз­му. Тэрмін «сентыментальны» ў дачыненні да лі­та­ратуры пачаў вы­ка­ры­стоў­­вацца яшчэ з канца 1740-х гг., аднак кан­чаткова замацаваўся пасля вы­хаду рамана англійскага пісь­мен­ні­ка Л. Стэрна «Сентыментальнае па­да­рожжа па Францыі і Італіі» (1768). Менавіта ў Англіі, у яе літаратуры, сен­тыменталізм якраз і ат­рымаў сваё найбольш закончанае сістэмнае вы­ра­жэнне.

Хоць сентыменталізм і быў спараджэннем крызісу асветніцкай ідэа­ло­гіі, яго прадстаўнікі, зазначым, не поўнасцю парываюць з традыцыямі Ас­­ветніцтва. «Надаючы асаблівае значэнне пачуццю, жыццю сэрца, апе­лі­руючы да этычных асноў чалавечага быцця, сентыменталісты не ад­маў­лялі значэнне розуму, ведаў для ўдасканалення чалавека. Па­чуццё ў сен­тыменталісцкім вытлумачэнні не ірацыянальнае. Бу­ду­­чы падобным да розуму, яно ёсць натуральная праява чалавечай пры­роды. Як і розум, у сентыменталістаў несапсаванае, непасрэднае па­чуццё супраць­па­стаў­ле­на забабонам сацыяльным, саслоўным, рэ­лі­гійным. Сувязь сенты­мен­та­лізму з філасофіяй Асветніцтва ска­за­ла­ся і ў вастрыні маральна-этыч­най праблематыкі твораў, у ідэі па­за­саслоўнай каштоўнасці асобы» [228].

Сентыместалісты надавалі асаблівую ўвагу адлюстраванню жыцця ні­­жэй­шых слаёў грамадства і даволі высока ставілі іх лепшыя ма­раль­ныя і духоўныя каштоўнасці, не сапсаваныя гарадской цывілізацыяй. Жыц­­цё на ўлонні прыроды, удалечыні ад гарадскога тлуму і са­пса­ва­ных но­раваў было своеасаблівым ідэалам для пісьменнікаў гэтага накірунку.

Найбольш раннім выяўленнем сентыменталізму ў літаратуры лі­чыц­ца пейзажная лірыка англійскага паэта Дж. Томпсана, аўтара збор­ніка «По­ры года» (1726–1730), які стаў этапным у фарміраванні ўся­го на­прам­ку. Еўрапейскую вядомасць атрымала «Элегія, напі­са­ная на вяс­ко­вых могілках» (1751) Т. Грэя. Акрамя гэтых двух паэ­таў англійскую сен­ты­менталісцкую літаратуру найбольш моцна і яр­ка прадстаўлялі такія аў­тары, як Э. Юнг, О. Голдсміт, У. Каўпер, а так­сама ўжо ўпамянуты на­мі вышэй Л. Стэрн.

Французскі сентыменталізм звязаны галоўным чынам з дзей­на­сцю Ж.Ж. Русо, яго аднадумцаў і паслядоўнікаў (Д. Дзідро, А. Прэ­во, П. Ма­ры­во і інш.). Найбольшую вядомасць атрымаў ра­ман Русо «Юлія, ці Но­вая Элаіза» (1761), у якім распавядаецца аб ка­ханні шляхцянкі Юліі і яе нас­таўніка Сен-Прэ, чалавека ра­зум­на­га, але беднага.

У Германіі ідэі еўрапейскага сентыменталізму знайшлі сваё ад­­лю­ст­ра­ванне ў творчасці «шцюрмераў» — прадстаўнікоў літара­тур­нага аб’яд­нан­ня «Бура і націск» (ням. «Sturm und Drang»). Най­больш моцна сен­ты­мен­талісцкія прынцыпы пісьма ўвасобіліся ў твор­часці Г. Бюргера, І. Гер­дэра, І.В. Гётэ, Ф. Шылера.

Рускі сентыменталізм развівалі такія пісьменнікі, як Ф. Эмін, М. Хе­рас­каў, В. Лукін, М. Мураўёў і інш. Асабліва шырокую папу­ляр­насць у ася­роддзі рускага чытача набыла аповесць М. Карамзіна «Бед­ная Ліза» (1791). Акрамя таго, М. Карамзін выступіў у ролі тэа­рэ­тыка сен­ты­мен­та­ліз­му (артыкул «Што патрэбна аўтару?», 1793).

Сентыменталізм па прычыне слабой развітасці беларускай лі­та­ра­ту­ры ХVІІІ ст. не аформіўся ў ёй у самастоўную плынь. Ра­зам з тым ён знай­шоў выяўленне на Беларусі ў творчасці польскіх сен­тыменталістаў Ф. Князь­ніна, Ф. Карпінскага, І. Быкоўскага, Т. Глін­­­скай, а таксама поль­ска-беларускіх літаратараў ХІХ ст., і ў пер­шую чаргу ў Я. Чачота (вершы «Да мілых мужычкоў», «Плакала бя­роза ды гаварыла…», «На прыезд Ада­ма Міцкевіча» і інш.), В. Ду­ніна-Марцінкевіча («Сялянка», «Гапон», «Ве­чарніцы», «Ку­па­ла», «Шчароўскія дажынкі» і інш.). Рысы сенты­мен­та­лізму даволі вы­разна бачны і ў паэме «Мачыха» Адэлі з Устроні. «Леп­шыя яка­сці сентыменталізму (гуманізм, цікавасць да чалавека і яго ду­шэў­­на­га свету) атрымалі далейшае развіццё ў беларускай літаратуры кан­­ца ХІХ, і асабліва пачатку ХХ ст. (раннія паэмы Я. Купалы, тво­ры З. Бя­дулі, У. Галубка і інш.)» [229].

Рамантызм

Рамантызм — адзін з буйнейшых накірункаў сусветнай лі­та­­ра­­туры Но­вага часу, які найбольш моцна выявіўся ў прыгожым пісь­­мен­стве Еў­ро­пы і Паўночнай Амерыкі ў канцы ХVІІІ — першай трэ­ці ХІХ стст. Ра­ман­тызм як літаратурна-мастацкі напрамак трэба размяжоўваць з ра­ман­ты­кай, пад якой падразумяваецца пазачасавы, не пры­вя­за­ны да нейкай кан­к­­рэтнай эпохі пафас літаратурна-мастацкага твора, свое­асаблівы тып ідэй­на-эмацыянальных адносін да жыцця, у аснове яко­га ля­жыць глы­бо­ка асабістае, напружана-страснае імкненне да ўзвы­ша­на­га ідэалу, не­за­да­во­ленасць існуючым становішчам і прага іншага, леп­­шага і пры­га­жэй­ша­га, жыцця.

Рамантызм стаў вышэйшай кропкай, апагеем ан­ты­ас­вет­ніц­ка­га ру­ху, які пракаціўся практычна па ўсіх краінах Еўропы (яго ас­ноў­най са­цы­яль­на-ідэалагічнай перадумовай лічыцца расчараванне ў вы­ніках Вя­лі­кай французскай буржуазнай рэвалюцыі і развіцця цы­вілізацыі наогул). Не­прыняцце новага, надзвычай прагматычнага і мер­кантыль­нага ладу жыц­ця, пратэст супраць пошласці, пра­за­іч­на­сці, безду­хоўнасці і эга­іс­тыч­насці адносін, якія паступова ўста­лёў­ва­ліся ў гра­мадстве, мелі месца ўжо ў творах сентыменталізму і пе­рад­раман­тызму (пад ім пад­ра­зу­мя­ва­ец­ца ком­п­лекс своеасаблівых ідэйна-стылёвых тэндэнцый у еўрапейскай лі­таратуры другой па­ловы ХVІІІ — пачатку ХІХ стст., выяўлены най­перш ў творчасці Т. Чацертона, Дж. Макферсана («Песні Асіяна»), у га­тыч­ным рамане Х. Уолпала, А. Радкліф). Але ў рамантызме ўсё гэта на­бы­ло асаблівую васт­ры­ню. Ня­вер’е ў сацыяльны, пра­мыс­ло­вы, па­лі­тыч­ны і навуковы праг­рэс, які прынёс новыя кантрасты і ан­та­га­ніз­мы замест абя­­ца­на­га асветнікамі «царства розуму» і ўсеагульнага даб­ра­быту, пас­ту­по­­ва разраслося ў рамантыкаў да «касмічнага песімізму».

Рамантыкі адкрылі незвычайную складанасць, глыбіню і ан­ты­­на­міч­насць духоўнага свету чалавека, унутраную бясконцасць ча­лаве­чай ін­ды­ві­дуальнасці. Чалавек для іх — малы сусвет, мік­ра­кос­мас. Напружаная ці­кавасць да моцных і яркіх пачуццяў, да тай­ных рухаў душы, да «нач­но­га» яе боку, імкненне да інтуітыўнага і пад­свядо­мага — надзвычай іс­тот­ныя рысы і якасці рамантычнага све­таадчу­вання. Гэтаксама для ра­ман­ты­каў была вельмі важнай аба­ро­на волі, свабоды, незалежнасці і са­ма­каш­тоўнасці асобы, па­вы­ша­ная ўвага да адзінкавага, непаўторнага ў ча­ла­веку.

У галіне эстэтыкі рамантыкамі зроблены шматлікія адкрыцці і но­ва­ўвя­дзенні. Па-першае, яны пачалі інтэнсіўна змагацца з нарматыўнай кла­сіцыстычнай эстэтыкай, якая скоўвала творчае ўяўленне мастака. Дзе­ля максімальнага набліжэння да рэчаіснасці рамантыкі сталі ўзнаў­ляць у сваіх творах г. зв. мясцовы каларыт (франц. couleur locale) Пісь­мен­нікі гэтага накірунку вялікую ўвагу надавалі збору нацыянальнага фальк­лору (народная культура, на думку рамантыкаў, павінна была вы­сту­піць адным са сродкаў абнаўлення мастацтва). Рамантыкі істотна ма­дэр­нізавалі жанравую сістэму літаратуры: побач з трагедыяй і драмай імк­ліва развіваюцца эпічныя жанры (асабліва вялікую папулярнасць на­бы­­вае раман, не намнога адстае ад яго навела), а таксама лірыка; асаб­лі­вая заслуга рамантыкаў у распрацоўцы жанру паэмы (у лі­та­ра­ту­ра­знаў­стве існуе нават тэрмін «рамантычная паэма»). Рамантыкі зрабілі знач­ны ўклад у версіфікацыйную сістэму лі­ры­кі. Яны актыўна працавалі над удас­каналеннем метрычнай схемы вер­ша. Менавіта рамантыкам на­ле­жыць заслуга прышчаплення да па­э­зіі белага верша, які, на думку паэ­таў, максімальна адпавядае іх­ня­му часу ў сэнсе імкнення да волі, сва­бо­ды, незалежнасці ад схем і прад­пісанняў. Несумненныя заслугі ра­ман­ты­каў і ў распрацоўцы новых во­браз­на-выяўленчых сродкаў, стылістыкі ў вы­ніку імкнення да пера­да­чы складанай гамы перажыванняў, багатага і су­пярэчлівага ду­хоў­нага свету сваіх герояў. Слова ў рамантыкаў ахут­ва­ец­ца ту­ма­нам асацыяцый, напаўняецца таямнічым, глыбокім сэнсам. Паэ­ты імк­нуцца да выкарыстання эмацыянальных эпітэтаў, складаных ме­­та­­фар, да актыўнага прымянення такіх дзейсных сродкаў паэ­тыч­на­га сін­таксісу, як інверсія, паўтор, рытарычныя пытанні, звароткі, вы­­гукі. Нао­гул, рамантычная эстэтыка і паэтыка — новы і значны крок у пас­ту­паль­ным развіцці сусветнага прыгожага пісьменства. Яна ака­зала вельмі моц­ны ўплыў на ўсю, без перабольшвання, нас­туп­ную літаратуру свету. Ад­маўлялі рамантыкаў, але пры гэтым над­звычай многае бралі ў іх пісь­мен­нікі-рэалісты ХІХ і ХХ стст. За­сво­е­ныя і творча пераасэнсаваныя прын­цыпы рамантычнай эс­тэ­ты­кі і паэтыкі выкарыстоўвалі сімвалісты і экс­прэсіяністы. Многае ад ра­мантызму ў цэлым шэрагу іншых дэ­ка­дэн­ц­кіх і мадэрнісцкіх плы­ней. І, урэшце, ледзь ці не прамым пра­даў­жаль­ні­кам рамантызму стаў у канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. г. зв. «неа­ра­ман­тызм», больш па­д­рабязна на якім мы спынімся крыху ніжэй.

Рамантызм, згодна з тэрміналогіяй аднаго з буйнейшых ра­сій­скіх тэа­рэтыкаў літаратуры Г. Паспелава, можна з поўным пра­вам лі­чыць лі­та­ратурна-мастацкім рухам па той прычыне, што ён над­звы­чай моцна вы­явіўся практычна ва ўсіх літаратурах Еўропы, а так­сама (ці не ўпер­шы­ню за ўсю гісторыю развіцця сусветнага пры­го­жага пісьменства) пе­ра­сягнуў яе межы і даў аб сабе знаць у шэ­ра­гу літаратур краін Азіі і аме­ры­канскага кантынента. Гэта было моц­нае літаратурна-мастацкае ўтва­рэн­не, якое, пры ўсёй яго ты­па­ла­гіч­най агульнасці, мела таксама і шэраг яр­ка выяўленых рэгіянальных і на­­цыянальных рыс. На гэтай падставе дас­ледчыкамі вылучаюцца ра­­ман­тызм заходнееўрапейскі, славянскі, аме­рыканскі і некат. інш. У межах жа рэгіёнаў адрозніваюць на­цыя­наль­ныя разнавіднасці ра­ман­­тызму (нямецкі, англійскі, французскі ў за­ход­нееўрапейскім ра­ман­тызме; польскі, чэшскі, рускі ўнутры сла­вян­ска­га і г. д.).

Першай і класічнай краінай рамантызму стала Германія. Ас­но­вы ра­ман­­тычнага светапогляду і рамантычнай эстэтыкі былі за­кла­дзе­ны прад­стаў­нікамі іенскай школы, куды ўваходзілі В. Вакен­ро­дэр, На­валіс, бра­ты А.В. і Ф. Шлегелі, Л. Цік. Да іенцаў прымыкаў вя­домы ня­мецкі фі­ло­саф і тэарэтык мастацтва Ф. Шэлінг. Другая знач­ная група нямецкіх ра­ман­тыкаў аформілася ў г. Гейдэльберзе, утва­рыўшы гейдэльбергскую шко­лу. Яе прадстаўлялі Л. Арнім, К. Брэн­тана, браты Я. і В. Грым, Ё. Эй­хен­дорф. Гейдэльбергскімі ра­мантыкамі было надзвычай шмат зроблена ў пла­не збірання і пра­па­ганды (у тым ліку і праз выкарыстанне ў мас­тац­кай творчасці) ня­мец­кага нацыя­нальнага фальклору. Позні нямецкі ра­ман­тызм прад­стаў­ляюць Г. Клейст, Т. Гофман, А. Шамісо, Г. Мюлер. Твор­­­часць Г. Гей­нэ — «апошняга рамантыка» ў нямецкай літаратуры (вы­­­зна­чэн­не самога Г. Гейнэ) — на познім этапе ўжо выходзіць за рамкі ўлас­­­на раман­тызму.

Не зусім аднародным быў і англійскі рамантызм. Адной з пер­шых узнік­ла ў ім азёрная школа, прадстаўнікі якой (У. Вордсварт, С. Коль­рыдж, Р. Сауці) культывавалі ідэі непрымання сучаснага ім пра­мыс­ло­ва­га грамадства. Групу лонданскіх рамантыкаў прад­стаў­ля­лі Дж. Кітс, Ч. Лэм, У. Хэзліт, Л. Хант. Асобна ў англій­скім ра­ман­тызме стаяць ве­ліч­ныя фігуры Дж. Байрана, В. Скота, П. Шэлі.

Рамантызм у французскай літаратуры, дзе былі надзвычай моц­­нымі тра­дыцыі класіцызму, стала замацаваўся толькі к пачатку 1820-х гг. Яго ад­рознівае вялікая сувязь са спадчынай Асветніцтва, а так­сама пе­ра­важ­ны зварот да сучаснасці, да актуальнай са­цы­яль­на-палітычнай праб­ле­ма­ты­кі. Найбольш значныя прадстаўнікі фран­цуз­скага раман­тызму — Ф. Ша­табрыян, Ж. Сталь, Э. Се­нан­кур, Б. Кан­стан, А. Ла­мар­цін, В. Гю­го, А. Віньі, А. Мюсэ, Ж. Санд.

Італьянскі рамантызм прадстаўлены творчасцю У. Фас­ко­ла, А. Ман­дзо­ні, Дж. Леапардзі; іспанскі — Х. дэ Эспрансэда, Са­рыльі-і-Ма­раль; аўст­рыйскі — Ф. Грыльпарцэра, Н. Ленау; дац­кі — Э. Элен­шлегера; швед­скі — Э. Тэгнера; венгерскі — Ш. Пе­цёфі; румынскі — М. Эмі­нэс­ку. Рамантызм склаў цэлую эпо­ху ў развіцці польскай літаратуры (А. Міц­кевіч, Ю. Славацкі, З. Кра­сіньскі, Ц. Норвід). З польскім ра­ман­тыз­мам, аб чым будзе ска­зана крыху ніжэй, вельмі цесна звязана раз­віц­цё беларускай лі­таратуры ХІХ ст.

Рамантызм у рускай літаратуры выявіўся таксама надзвычай моц­на. Са­мымі буйнымі рускімі пісьмен­ні­камі-рамантыкамі з’яўляюцца В. Жу­коў­скі, К. Бацюшкаў, А. Пуш­­кін, М. Лермантаў (абодва на раннім этапе сва­ёй творчасці), К. Ры­лееў, В. Кюхельбекер, А. Адоеўскі, М. Гнедзіч, А. Дэль­віг, П. Вя­земскі, Дз. Веневіцінаў, Я. Баратынскі, А. Бястужаў-Мар­лін­скі, М. Языкаў.

Атрыманне нацыянальнай незалежнасці ў многім вызначыла раз­віц­цё рамантызму ў ЗША, «для якога з’яўляецца характэрнай больш ад­чу­валь­ная, чым у еўрапейскіх краінах, блізкасць да тра­ды­цый Асветніцтва, асаб­ліва ў ранніх рамантыкаў (В. Ірвінг, Ф. Купер, У. Брай­ант), апты­міс­тыч­ныя ілюзіі адносна будучага Амерыкі, менш цесная сувязь з куль­ту­ра­мі мінулых эпох (сярэдня­вечча, Ад­ра­джэнне, барока), па-новаму ад­кры­­тых еўра­пейскім ра­ман­тыз­мам» [230]. Спелы і позні паўночна-аме­ры­кан­скі раман­тызм прад­стаў­ля­лі Э. По, Н. Готарн, Г. Лангфела, Г. Мелвіл, Р. Эмер­­­сан Г. Тора і інш.

Як зазначае А. Гурэвіч, «своеасаблівае выражэнне рамантызм знай­шоў таксама ў некаторых літаратурах краін Азіі — Індыі, Кітаі, Япо­ніі. У кра­­інах Лацінскай Амерыкі, што вызваліліся ад калані­яль­на­га іга Іс­па­ніі, ра­мантызм з’явіўся першай мастацкай плынню, якая вы­разіла на­цыя­наль­ную ідэю. Узнікшы на стагоддзе пазней еўра­пей­скага, ён стаў нось­бі­там ідэй нацыянальнага вызва­лення ў араб­скіх літаратурах і інш.» [231]. Да­рэчы, апошняе поўнасцю стасуецца і да бе­ларускай літаратуры, толь­кі, на нашую думку, больш правамоцна ў да­дзеным выпадку весці га­вор­ку аб рамантычных рысах ў бе­ла­рус­кай, шэрагу арабскіх і некат. інш. лі­та­ратурах свету ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. з улікам вылучаемых су­часным літара­ту­ра­знаўствам у развіцці сусветнай літаратуры гэтага ча­су г. зв. «неа­ра­мантычных» тэндэнцый. Сутнасць неарамантызму ў тым, што «ён не толькі генетычна і тыпалагічна бярэ пачатак ад рамантызму, але і непасрэдна з ім звязаны, працягвае яго, прычым як у праб­лем­на-тэ­ма­тычным, так і ў выяўленча-стылёвым планах. Непрыманне рэ­ча­іс­на­сці; моцная асоба, духоўна неўтаймоўная і часта адзінокая, што кіруецца ў сваёй дзейнасці аль­труістычнымі ідэаламі; вастрыня этыч­най праб­ле­ма­тыкі; максімалізм і рамантызацыя пачуцця, стра­сці; напружанасць фа­буль­ных сітуацый; прыярытэт экспрэсіўнага па­чатку над апісальным, эма­цыянальнага — над рацыянальным; ак­тыў­ны зварот да падзей мі­ну­ла­га, легенд і па­данняў, фантастыкі, гра­тэску, экзотыкі, культываванне аван­турна-прыгодніцкіх і дэтэк­тыў­ных сюжэтаў і г. д. — характэрныя ры­сы не­арамантызму, што да­сягнуў росквіту ў 90-я гг. XIX ст.» [232]. Най­больш моцна неарамантычныя тэндэнцыі выявіліся ў твор­часці Р. Сты­вен­сана, Р. Кіплінга, Дж. Конрада, А. Конан Дойля, Г. Ха­гарта, Л. Войніч (Анг­лія), Г. Гаўптмана (Германія), Г. Ібсана, К. Гам­суна (Нарвегія), Дж. Лон­дана (ЗША), Ф. Гарсія Лоркі (Іспа­нія), С. Пшыбышэўскага (Поль­шча), ранняга М. Горкага, Л. Андрэ­ева, М. Гумілёва, К. Бальмонта (Расія).

Рамантызм у беларускай літаратуры ў эпоху яго развіцця ў Еў­ро­пе за­радзіўся пад уздзеяннем польскіх рамантыкаў — ура­джэн­цаў Беларусі. Ра­мантычныя рысы ў цеснай пераплеценасці з рэа­ліс­тыч­нымі, сен­ты­мен­талісцкімі і нават класіцыстычнымі прысут­ні­ча­юць у творчасці Я. Ча­чота, Я. Баршчэўскага, А. Рыпін­скага, У. Сы­ра­­комлі, В. Ка­ра­тын­ска­га, В. Дуніна-Марцінкевіча. Мож­на таксама весці гаворку аб не­ка­то­рых, няхай сабе і нязначных, але ўсё-такі выявах ра­мантычнай эстэтыкі і паэ­тыкі ў творчасці Ф. Ба­гушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча.

У беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. моцны рамантычны стру­мень адчуваецца перш за ўсё ў паэзіі Я. Купалы. Рамантычныя ры­сы так­са­ма даюць аб сабе досыць моцна знаць у творчасці Цёткі, З. Бядулі, К. Ка­ганца, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, Л. Родзевіча і на­­ват Я. Коласа (на­­прыклад, выкарыстанне рамантычных прыёмаў у аб­­малёўцы вобраза паэ­та ў паэме «Сымон-музыка», у перадачы ду­­хоўнага жыцця перса­на­жаў у «Казках жыцця», у адлюстраванні эк­зо­тыкі глухамані ў аповесцях «У па­лескай глушы» і «У глыбі Па­лес­ся»). Наогул жа, практычна ўсе бе­ла­рускія пісьменнікі пачатку ХХ ст. так ці інакш адчулі на сабе ўплыў ра­мантызму (неара­ман­тыз­му), прычым, як правіла, ста­ноўчы, даб­ра­твор­ны.

1920-я гг. у беларускай літаратуры таксама пазначаны пэўным куль­ты­ваваннем прыёмаў і прынцыпаў рамантычнага пісьма. Гэта да­­ты­чыц­ца ў першую чаргу творчасці маладнякоўцаў (М. Чарот, М. Зарэц­кі, У. Ду­боўка, Я. Пушча, П. Трус і інш.). У гэтае ж дзеся­ці­год­дзе (а таксама і ў нас­тупнае) рамантычныя тэндэнцыі даволі моц­на выяўляюцца ў паэ­тыч­най творчасці многіх заходне­бе­ла­рус­кіх пісьменнікаў (У. Жылкі, Л. Ро­дзевіча, В. Таўлая, М. Танка, М. Ва­сіль­ка, А. Салагуба, А. Іверса і інш.).

У беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст. імкненне да вы­ка­рыс­тання сродкаў рамантычнага пісьма адчувальнае ў твор­ча­сці Я. Бры­ля, В. Быкава, М. Стральцова, В. Адамчыка, А. Карпюка, Я. Сі­па­­кова, А. Жу­ка і, вядома ж, У. Караткевіча, рамантычная паэ­зія, проза і дра­ма­тур­гія якога атрымала самае шырокае пры­знан­не ў сучаснага чытача.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 1460; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.188.218.134 (0.018 с.)