Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: АрхеологияБиология Генетика География Информатика История Логика Маркетинг Математика Менеджмент Механика Педагогика Религия Социология Технологии Физика Философия Финансы Химия Экология ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Прынцыпы навуковага разглядуСодержание книги
Поиск на нашем сайте
Літаратурнага твора У кожнага, хто звяртаецца да разгляду літаратурна-мастацкага твора, выпрацоўваюцца нейкія свае ўласныя падыходы і ўстаноўкі. Разам з тым ніводзін сур’ёзны вучоны не можа не арыентавацца на шэраг універсальных і агульнапрынятых момантаў, выпрацаваных метадалогіяй і методыкай літаратуразнаўства. Пры разглядзе любога літаратурнага твора неабходна падыходзіць да яго як да з’явы перш за ўсё мастацкай, г. зн. вызначыць ступень эстэтычнай вартасці твора. Такім чынам, першым момантам-прынцыпам разгляду літаратурнага твора з’яўляецца эстэтычны прынцып, які патрабуе «звяртаць увагу не толькі на тое, што ў ім выяўлена (тэматыка, праблематыка, матывы, ідэйная скіраванасць, пафас), якая вобразная канцэпцыя асобы ў ім увасоблена, але і як гэта здзейснена пісьменнікам: ці адпавядае ідэйнай задуме жанр і ўся стылістыка твора, наколькі прадуманы яго сюжэт, кампазіцыя, вобразная сістэма, наколькі багатая і натуральная моўная палітра і г. д. Эстэтычныя пачуцці абуджаюцца не толькі аб’ектам і прадметам выяўлення, але і мастацкай формай. Эстэтычны ідэал, увасоблены ў літаратурным творы, і ступень мастацкай дасканаласці гэтага твора, майстэрства пісьменніка — вось два галоўныя моманты, якія вызначаюць эстэтычную вартасць літаратурнай творчасці» [174]. Наступным важным прынцыпам навуковага даследавання мастацкага твора з’яўляецца прынцып гістарызму, што «патрабуе разглядаць літаратурныя з’явы ў сувязі з канкрэтнымі сацыякультурнымі і гістарычнымі ўмовамі, якія іх нарадзілі, ва ўзаемадачыненні з такімі ж іншымі з’явамі, а таксама ў іх развіцці» [175]. Прынцып гістарызму нацэльвае на кантэкстуальнае вывучэнне мастацкай творчасці. Кантэксты творчасці пісьменніка, будучы даволі шматпланавымі, «заслугоўваюць самай пільнай увагі літаратуразнаўцаў. <...> Вывучэнне кантэкстаў літаратурнай творчасці — гэта неабходная ўмова пранікнення ў сэнсавыя глыбіні твораў, адна з істотных перадумоў спасціжэння як аўтарскіх канцэпцый, так і першасных інтуіцый пісьменнікаў» [176]. Наступны прынцып — гэта прынцып сістэмнасці, які нацэльвае «бачыць у літаратурным творы сістэму — комплекс узаемападпарадкавальных кампанентаў, што характарызуюцца іх узаемазвязанасцю, узаемадзеяннем, асаблівым адзінствам сістэмы з асяроддзем (грамадскім, мастацкім), уключэннем гэтай сістэмы ў сістэмы больш высокага парадку (творчасць пісьменніка, нацыянальная літаратура, грамадская свядомасць і інш.), праяўленнем кожнага кампанента як самастойнай сістэмы ніжэйшага ўзроўню» [177]. Прынцып усебаковасці патрабуе ад даследчыка пры аналізе літаратурнага твора арыентавацца на вывучэнне ўсіх яго кампанентаў-складнікаў (і змястоўных, і фармальных, а таксама змястоўна-фармальных альбо «двайнога падпарадкавання»), прычым з абавязковым улікам іх непарыўнага адзінства і ўзаемаабумоўленасці. Як вельмі слушна зазначае В. Рагойша, «прынцып усебаковасці засцерагае нас ад аднабаковасці ацэнак, патрабуе ўлічваць пры аналізе твора як яго пазітыўныя якасці, так і негатыўныя. Нарэшце, гэты прынцып сведчыць пра неабходнасць арганічна паядноўваць пры аналізе літаратуры ўсе ранейшыя прынцыпы: эстэтычны, гістарычны, сістэмнасці» [178]. І, нарэшце, апошні важны прынцып аналізу мастацкага твора, на які павінен абавязкова арыентавацца даследчык літаратуры ў сваёй працы,— гэта прынцып спалучэння аналізу з сінтэзам. Атрыманыя ў канчатковым выніку заключэнні, вывады і абагульненні адносна твора (ці групы твораў) імянуюцца ў літаратуразнаўстве інтэрпрэтацыямі. Як вядома, яны могуць быць самымі рознымі, што з’яўляецца ў прынцыпе зразумелым і наогул нармальным. Разам з тым В. Халізеў лічыць неабходным сфармуляваць тры агульнатэарэтычныя палажэнні адносна літаратуразнаўчых інтэрпрэтацый. «Па-першае: мастацкі змест не можа быць вычарпаны якой-небудзь адзінкавай трактоўкай твора. Літаратуразнаўчыя інтэрпрэтацыі (як і ўсе іншыя формы навуковых ведаў) здольныя ўбіраць у сябе толькі адносныя ісціны. Ніякаму акту асэнсавання твора мастацтва (нават самаму пранікнёнаму і глыбокаму) не дадзена стаць адзінкава і вычарпальна правільным. Працэс спасціжэння сэнсу вялікіх мастацкіх тварэнняў бясконцы. <...> Па-другое: нельга не лічыцца з неаднаразова выказанымі меркаваннямі <...> аб тым, што літаратуразнаўчыя трактоўкі славесна-мастацкіх тварэнняў павінны быць перш за ўсё аргументаванымі і дакладнымі, улічваць складаныя і шматпланавыя сувязі з цэлым кожнага тэкставага элемента. Такое абавязковае патрабаванне, што прад’яўляецца да інтэрпрэтацый, калі яны хоць у якойсьці ступені прэтэндуюць на навуковасць. Літаратуразнаўчым прачытанням супрацьпаказаны як бясконцы паўтор відавочных ісцін, так і адвольнае фантазіраванне па слядах мастацкіх тэкстаў, якое адводзіць ад сутнасці выражанага пісьменнікам і ідзе з ім уразрэз. <...> І, нарэшце, па-трэцяе: літаратуразнаўчыя інтэрпрэтацыі набываюць ёмістасць і глыбіню, калі іманентнае вывучэнне <...> суправаджаецца кантэкстуальным разглядам» [179].
Літаратурны род Здаўна (яшчэ з часоў еўрапейскай антычнасці) літаратурна-мастацкія творы прынята аб’ядноўваць у тры вялікія групы, якія імянуюцца літаратурнымі родамі. Гэта эпас, драма і лірыка. «Хоць і не ўсё,— зазначае В. Халізеў,— створанае пісьменнікамі (асабліва ў ХХ ст.), укладваецца ў гэтую трыяду, яна і па сённяшні дзень захоўвае сваю значнасць і аўтарытэтнасць у складзе літаратуразнаўства» [180]. Традыцыя родавага падзелу літаратуры была закладзена Арыстоцелем у трактаце «Аб мастацтве паэзіі», дзе вялася гаворка аб трох спосабах пераймання ў паэзіі (слоўным мастацтве): «Пераймаць у адным і тым жа і адно і тое ж можна, расказваючы пра падзею як пра штосьці адлучанае ад сябе, як гэта робіць Гамер, ці так, што пераймальнік застаецца сам сабою, не мяняючы свайго твару, ці прадстаўляючы ўсіх паказаных асоб дзейнымі і дзейснымі» [181]. Затым гэтую традыцыю ўзнавілі і працягнулі класіцысты. На рубяжы ХVІІІ–ХІХ стст. да пытання падзелу літаратуры на роды з яскрава выражаным філасофскім падыходам неаднаразова звярталіся прадстаўнікі нямецкай класічнай эстэтыкі, і ў першую чаргу Г. Гегель [182]. Плённа распрацоўваў тэорыю літаратурных родаў і жанраў В. Бялінскі («Падзел паэзіі на роды і віды») [183]. Вельмі вялікі ўклад у разгляд пытання паходжання літаратурных родаў унёс акадэмік А. Весялоўскі («Гістарычная паэтыка»). У ХХ ст. у замежнай эстэтыцы і літаратуразнаўстве побач з традыцыйным, а таксама экзістэнцыяльна-псіхалагічным, фармальна-структурным і інш. тлумачэннямі катэгорыі літаратурнага роду (Р. Уэлек, О. Уорэн, В. Кайзер, Э. Штайгер, К. Бёрк і інш.) мае месца і момант поўнага адмаўлення яе (Б. Крочэ) [184]. У савецкім літаратуразнаўстве цікавыя і арыгінальныя меркаванні аб літаратурных родах, прынцыпах падзелу славеснага мастацтва на іх былі выказаны Г. Паспелавым, В. Кожынавым, Г. Гачавым, Ю. Боравым, Я. Эльсбергам і некат. інш. вучонымі. Дарэчы, ёсць ва ўсходнеславянскай літаратурнай навуцы і праціўнікі родавага члянення літаратуры: у прыватнасці, такая пазіцыя характарызавала вядомага вучонага А. Бялецкага. Літаратурны род складае сукупнасць твораў, якія з’яўляюцца блізкімі па сваёй моўнай арганізацыі і пазнаваўчай накіраванасці на аб’ект ці суб’ект альбо на сам акт мастацкага выказвання: слова альбо паказвае, малюе прадметны свет, альбо выражае стан таго, хто гаворыць, альбо, урэшце, узнаўляе працэс моўных зносін. Кожны з трох літаратурных родаў адпавядае пэўнай функцыі слова (рэпрэзентатыўнай, эматыўнай, камунікатыўнай) і распрацоўвае яе эстэтычную афарбоўку. Эпічны род (эпас) ахоплівае быццё ў яго пластычнай аб’ёмнасці, прасторава-часавай працягласці і падзейнай насычанасці. Сюжэтнасць — адна з яго галоўных прыкмет. Эпас паведамляе аб прадмеце маўлення, прадстаўляе яго. Лірыка адлюстроўвае ўнутраны свет асобы ў яго імпульсіўнасці і спантаннасці, у станаўленні і змене ўражанняў, мар, летуценняў, настрояў, асацыяцый, медытацый, рэфлексій. Асноўная прыкмета лірыкі — экспрэсіўнасць, выяўленне эмоцый таго, хто гаворыць. Драма фіксуе маўленчыя акты ў іх эмацыянальна-валявой накіраванасці і сацыяльна-псіхалагічнай характэрнасці, у іх унутранай свабодзе і знешняй абумоўленасці, г. зн. у дваістай экспрэсіўна-сюжэтнай суаднесенасці, што дазваляе некаторым вучоным бачыць у гэтым родзе зліццё рыс эпасу і лірыкі. Драма акцэнтуе ўвагу на апелятыўным, дзейсным аспекце маўлення; слова паўстае ў творах гэтага роду ў якасці ўчынку, што здзяйсняецца ў пэўны момант разгортвання падзей. З пералічанымі вышэй уласцівасцямі моўнай тканіны эпасу, лірыкі і драмы арганічна звязаны (і менавіта імі ў многім прадвызначаны) іншыя ўласцівасці літаратурных родаў. Гэта: па-першае, спосабы прасторава-часавай арганізацыі твораў; па-другое, своеасаблівасць выяўлення ў іх чалавека; па-трэцяе, форма прысутнасці аўтара; па-чацвёртае, характар звернутасці тэксту да чытача. Наогул, у кожнага з літаратурных родаў маецца свой, толькі для яго характэрны, комплекс уласцівасцей. Падзел літаратуры на роды не супадае з яе чляненнем на паэзію і прозу. Нярэдка ў паўсядзённым ужытку лірычныя творы атаясамліваюцца з паэзіяй, а эпічныя з прозай, што не зусім дакладна. Кожны з літаратурных родаў уключае ў сябе як творы паэтычныя (вершаваныя), так і празаічныя (невершаваныя). Так, эпас на ранніх этапах развіцця прыгожага пісьменства быў часцей за ўсё вершаваным (антычныя эпапеі, заходнееўрапейскія песні аб рыцарах-героях, усходнеславянскія быліны, гістарычныя песні і г. д.). У драматычным родзе літаратуры таксама прымяняюцца як вершы, так і проза. Ды і лірыка, пераважна вершаваная, часам бывае празаічнай («Вершы ў прозе» І. Тургенева, «Думкі ў дарозе» Я. Коласа і інш.). Як зазначае В. Халізеў, «у тэорыі літаратурных родаў узнікаюць і больш сур’ёзныя тэрміналагічныя праблемы» [185]. Так, словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і іншыя іх уласцівасці. Эпічнасцю звычайна называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню погляду на свет. У сувязі з гэтым нярэдка вядуць гаворку аб г. зв. эпічным светасузіранні, што характарызуе, напрыклад, гамераўскія паэмы, а таксама шэраг твораў новай літаратуры («Ругон-Макары» Э. Заля, «Вайна і мір» Л. Талстога і некат. інш.). Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць твора можа мець месца не толькі ў эпасе, але і ў іншых літаратурных родах. Драматызмам імянуюць унутраны стан персанажа, звязаны з напружаным перажываннем, усхваляванасцю і трывогай. І, нарэшце, лірызм — гэта ўзвышаная эмацыянальнасць, якая дае аб сабе знаць у мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. І драматызм, і лірызм, і эпічнасць могуць прысутнічаць ва ўсіх літаратурных родах. Такім чынам, эпас, лірыка і драма свабодныя ад адназначнай і жорсткай прывязанасці да эпічнасці, лірызму і драматызму. Літаратурныя роды не аддзелены адзін ад аднаго нейкай непераадольнай сцяной. Побач з творамі, якія бясспрэчна і поўнасцю належаць аднаму з літаратурных родаў, існуюць і такія, што спалучаюць у сабе ўласцівасці і прыкметы двух літаратурных родаў. Гэта двухродавыя ці міжродавыя, ці інтэрродавыя, ці, нарэшце, змешаныя ўтварэнні, куды адносяць ліра-эпас (прадстаўлены цэлым шэрагам відаў і жанраў, надзвычай шырока распаўсюджаных у сусветнай літаратуры), ліра-драматургію (большасць п’ес М. Метэрлінка, А. Блока), эпічную драму (Б. Брэхт сам ахарактарызоўваў свае п’есы як эпічныя; «Антон» М. Гарэцкага таксама можна лічыць эпічнай драмай). Акрамя таго, у прыгожым пісьменстве сустракаюцца творы, «якія не ў поўнай меры валодаюць уласцівасцямі эпасу, лірыкі і драмы, а то і пазбаўлены іх зусім. Іх правамоцна назваць пазародавымі формамі» [186]. Да пазародавых форм В. Халізеў адносіць нарысы (як зазначае вучоны, у іх увага аўтара скіравана на знешнюю рэальнасць, што дае падставы літаратуразнаўцам адносіць нарысы да эпасу; разам з тым падзейнасць і ўласна апавядальнасць тут не адыгрываюць арганізоўваючай ролі, бо дамінуюць апісанні, падмацаваныя развагамі), літаратуру «плыні свядомасці» (у ёй пераважае не апавядальная падача падзей, а бясконцыя ланцужкі ўражанняў, успамінаў, душэўных зрухаў носьбіта мовы; прычым усё гэта паўстае хаатычным, неўпарадкаваным, і ў выніку свядомасць як бы прысвойвае і паглынае рэальны свет) і, урэшце, эсэістыку (яна ўяўляе сабой «нязмушана-свабоднае спалучэнне суміруючых паведамленняў аб адзінкавых фактах, апісанняў рэальнасці і (што асабліва важна) разважанняў аб ёй. Думкі, выказаныя ў эсэісцкай форме, як правіла, не прэтэндуюць на вычарпальную трактоўку прадмета, яны дапускаюць магчымасць зусім іншых меркаванняў. Эсэістыка мае прыцягненне да сінкрэтызму: уласна мастацкія пачаткі тут лёгка спалучаюцца з публіцыстычнымі і філасофскімі» [187]). Літаратурны від і жанр Адразу ж зазначым, што ва ўжыванні тэрмінаў «від» і «жанр», якімі абазначаецца ўнутранае структурна-падпарадкавальнае і функцыянальнае чляненне твораў мастацкай літаратуры, няма пэўнага адзінства. Так, у большасці даведачных выданняў па літаратуразнаўству свярджаецца, што від з’яўляецца катэгорыяй больш агульнай у адносінах да жанру (для прыкладу прывядзём цытату з падручніка А. Фядотава: «Вытворнымі ад катэгорыі роду ці, правільней, удакладняючымі, канкрэтызуючымі яго паняццямі з’яўляюцца паняцці «від» і «жанр». Відам мы па традыцыі называем устойлівыя структурныя ўтварэнні ўнутры літаратурнага роду, якія групуюць яшчэ больш дробныя жанравыя мадыфікацыі» [188]). На практыцы ж гэтыя паняцці вельмі часта змешваюцца, атаясамліваюцца, а то і зусім палярна ўзаемазамяняюцца (той жа А. Фядотаў у сувязі з дадзенай з’явай, на якой ён таксама акцэнтуе ўвагу ў сваім падручніку, вядзе гаворку аб г. зв. «тэрміналагічнай нестабільнасці» [189]). Калі ж браць пад увагу частату ўжывання дадзеных тэрмінаў, то намнога, нават непараўнальна часцей, сустракаецца тэрмін «жанр», які ў сваю чаргу можа падраздзяляцца на формы, разнавіднасці і нават віды (напрыклад, жанравая форма апавядання, разнавіднасць аповесці, від рамана) [190]. Такім чынам, жанр як бы падмінае пад сябе від і ў прынцыпе замяняе яго. Жанрам называецца «гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай формы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет (архітэктанічных, вобразных, моўных) выяўляе больш-менш канкрэтны мастацкі сэнс» [191]. Жанры літаратурных твораў вылучаюцца па трох асноўных прыкметах: 1) па прыналежнасці да таго ці іншага літаратурнага роду; 2) па пераважаючай эстэтычнай якасці, якую вызначаюць вершаваная альбо празаічная форма твора, а таксама яго вядучы пафас (камічны, сатырычны, трагедыйны, элегічны ці які-небудзь інш.); 3) па аб’ёму і адпаведнай агульнай структуры твора. Наогул, любы жанр — гэта канкрэтнае адзінства пэўных асаблівасцей і ўласцівасцей формы ў яе асноўных момантах — своеасаблівай кампазіцыі, вобразнасці, мове, рытме. Усё часцей і часцей айчынныя (у тым ліку і беларускія) літаратуразнаўцы вядуць гаворку аб жанравай форме і жанравым змесце. Так, В. Рагойша піша: «Генетычна кожная жанравая форма звязана з пэўным зместам, аднак у выніку сваёй адноснай самастойнасці яна ў працэсе літаратурнага развіцця можа «адчужацца» ад яго і выражаць новы жанравы змест» [192]. Разам з тым даследчык звяртае ўвагу на немагчымасць поўнай страты сувязей паміж формай і зместам у жанры. Менавіта гэты момант указвае на адрозненне жанру «ад віду літаратурнага, заснаванага толькі на фармальных прыкметах (архітэктанічных, моўных, рытмічных і інш.)» [193]. Жанр з’яўляецца, як правіла, утварэннем гістарычна ўстойлівым, «цвёрдым», замацаваным у шматвяковай практыцы. «Кожны з іх — гэта не выпадковая сукупнасць рыс, а прасякнутая дастаткова пэўным і багатым мастацкім сэнсам сістэма кампанентаў формы. Гэта форма, якая ўжо «апрадмеціла» ў сваёй архітэктоніцы, фактуры, каларыце больш ці менш канкрэтны мастацкі сэнс» [194]. Даволі складанай з’яўляецца праблема гістарычнага развіцця жанру. З аднаго боку, жанр увесь час змяняецца, абнаўляецца, набываючы ў творчасці кожнага таленавітага пісьменніка нейкія новыя якасці і рысы. З другога боку, жанр бывае часам надзвычай устойлівым і жывучым, бо літаратура, як правіла, рэдка грэбуе ўжо выпрацаванымі і апрабаванымі формамі. Многа выпадкаў адраджэння жанру ў абноўленым выглядзе, як то, напрыклад, трагедыі ў часы класіцызму і рамантызму, навелы ў першай трэці ХІХ і ў сярэдзіне ХХ стст. У сувязі з развіццём жанравых форм, магчымасцю іх відазмянення і трансфармацыі В. Халізеў вылучае жанры кананічныя, «гатовыя, завершаныя, цвёрдыя формы <...>, нязменна роўныя самім сабе (яркі прыклад такога жанравага ўтварэння — санет, жывы і сёння)» [195], і жанры неканананічныя, «гнуткія, адкрытыя ўсялякім трансфармацыям, перабудовам, абнаўленням, якія, да прыкладу, элегіі ці навелы ў літаратуры Новага часу» [196]. Разглядаючы жанры як усеагульныя формы літаратурных твораў, што надзвычай моцна вызначаюць творчасць любога пісьменніка, не трэба таксама забываць і аб індывідуальнай жанравай своеасаблівасці кожнага канкрэтнага твора. Пры аналізе творчасці любога буйнога мастака абавязкова будзе паўставаць пытанне аб спецыфіцы яго жанравых форм. Менавіта ў творчасці такіх пісьменнікаў ажыццяўляецца развіццё, якое змяняе пэўныя тыповыя рысы ўсіх жанравых форм, не даючы ім застыць, акасцянець. Адбываецца неабходны і заканамерны працэс унутранага жанравага абнаўлення. Для кожнай літаратурнай эпохі, напрамку, нават плыні з’яўляюцца характэрнымі свае пэўныя жанры. Так, напрыклад, для класіцызму ў якасці тыповых паўстаюць трагедыя, камедыя, ода, эпічная паэма; для Асветніцтва — мяшчанская драма, сатыра, філасофская аповесць; для рамантызму — лірычная паэма, драма, элегія, балада, псіхалагічны і гістарычны раманы. Прычым з кожнай новай эпохай у літаратуру ўключаецца ўсё больш і больш жанраў, самых розных паводле зместу, агульнай танальнасці, структурна-кампазіцыйных, моўна-выяўленчых і інш. асаблівасцей. Вывучэннем эвалюцыі відаў, жанраў і іх сістэм на працягу значных гістарычных адрэзкаў часу альбо за ўвесь перыяд існавання і функцыянавання ў пэўнай нацыянальнай літаратуры ці наогул у сусветным прыгожым пісьменстве займаецца гістарычная паэтыка. Яны, г. зн. віды і жанры ў эвалюцыйным развіцці і зменах — «галоўная праблема гістарычнай паэтыкі» [197]. 45. Эпас (эпічны род). Сістэма эпічных відаў і жанраў У эпічным (ад ст.-грэч. epos — слова, роспавесць) родзе літаратуры арганізоўваючым пачаткам твора з’яўляецца апавяданне (аповед — В. Рагойша) аб персанажах, іх лёсах, учынках, нейкіх разумовых памкненнях. Аснову эпасу складаюць падзеі, якія ўтвараюць сюжэт. Сюжэтнасць — вельмі важная асаблівасць і прыкмета эпічнага роду літаратуры. Эпічны твор уяўляе сабой ланцуг слоўных паведамленняў ці, прасцей кажучы, расповед аб тым, што адбылося раней. Апавяданне вядзецца як бы збоку і, як правіла, мае граматычную форму мінулага часу. Для апавядальніка (апаведача — В. Рагойша) з’яўляецца характэрнай пазіцыя чалавека, які ўспамінае аб тым, што мела месца раней. Дыстанцыя паміж часам дзеяння, што адлюстроўваецца, і расповеду аб ім складае ці не самую істотную рысу эпічнай формы. У эпічных творах апавяданне падключае да сябе і як бы «абвалаквае» выказванні дзеючых асоб — іх дыялогі і маналогі, у тым ліку і ўнутраныя. Паміж гэтымі моўнымі пластамі ідзе несупынны працэс актыўнага ўзаемадзеяння: тлумачэння, дапаўнення і карэкціроўкі. Творы эпічнага роду спаўна выкарыстоўваюць арсенал мастацка-выяўленчых сродкаў, даступных літаратуры, нязмушана і свабодна адлюстроўваючы рэальнасць у часе і прасторы. Пры гэтым яны практычна не ведаюць абмежаванняў у аб’ёме тэксту. Эпічны род уключае ў сябе як кароткія апавяданні, так і шматтомныя раманы-эпапеі. Эпічны твор можа «ўвабраць» у сябе такую колькасць характараў, абставін, падзей, лёсаў, дэталей, якая з’яўляецца недаступнай не толькі творам двух астатніх літаратурных родаў, але і наогул якому-небудзь іншаму віду мастацтва. Пры гэтым апавядальная форма садзейнічае найглыбейшаму пранікненню ва ўнутраны свет чалавека. З яе дапамогай усебакова абмалёўваюцца характары складаныя, шматсастаўныя, незавершаныя і супярэчлівыя, якія знаходзяцца ў руху, станаўленні і развіцці. Зразумела, што каласальныя магчымасці мастацкага ўзнаўлення жыцця эпасам выкарыстоўваюцца не заўсёды, аднак са словам «эпас» звязана ўяўленне аб адлюстраванні рэчаіснасці і ўнутранага свету чалавека ва ўсебаковасці, цэласнасці і паўнаце. Эпас валодае разнастайнымі прыёмамі і спосабамі кампазіцыйна-моўнага выяўлення (апісанне, маналог, дыялог, аўтарская мова і мова персанажаў, няўласна-простая мова), а таксама шматлікімі сродкамі стварэння вобраза (учынкі і дзеянні персанажа, прамая аўтарская характарыстыка, раскрыццё характараў праз мову, гаворачыя імёны і прозвішчы, партрэт, пейзаж, інтэр’ер і інш.). Эпічныя творы пішуцца, як правіла, прозай, але сустракаюцца таксама і вершаваныя эпічныя рэчы (старажытныя эпічныя паэмы, літаратурныя казкі і інш.). Эпас выпрацаваў сваю сістэму відавых і жанравых форм, найбольш распаўсюджанымі ў якой з’яўляюцца раман, аповесць і апавяданне. Акрамя таго, да эпічнага роду адносяць навелу, нарыс, памфлет, гумарэску (усе іх В. Рагойша лічыць жанравымі разнавіднасцямі апавядання), а таксама празаічны абразок, фельетон, казку (вядома, літаратурную, а не фальклорную, як, дарэчы, і ўсе наступныя жанры, што прыводзяцца намі ў якасці эпічных), анекдот, легенду, паданне і некат. інш. Раман (франц. roman — твор, напісаны на раманскіх мовах) — самы буйны від літаратурнага эпасу. У ім «шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з’явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі. Шматлікасць галоўных і пабочных сюжэтных ліній, якія існуюць паралельна і перакрыжоўваюцца, неабмежаванасць у часе і прасторы, вялікая колькасць дзейных асоб рознага кшталту (станоўчых і адмоўных), наяўнасць пазасюжэтных элементаў (аўтарскія адступленні, устаўныя эпізоды, пейзажы, інтэр’еры, абрамленні) — усё гэта дае магчымасць раману стаць самым ёмістым, сінтэтычным відам сучаснай літаратуры, эпасам нашага часу. Па здабытках рамана можна меркаваць пра ўзровень развіцця нацыянальнай літаратуры ўвогуле» [198]. Раман мае даволі працяглую і багатую гісторыю свайго станаўлення і развіцця ў сусветнай літаратуры: яго вытокі ляжаць яшчэ ў антычнасці, у І ст. да н. э. («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Залаты асёл» Апулея); затым раман праходзіць цэлы шэраг этапаў, вяршынным сярод якіх з’яўляецца, несумненна, перыяд росквіту рэалістычнай яго разнавіднасці ў ХІХ ст. (творы А. Стэндаля, А. Бальзака, Ч. Дзікенса, Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага і інш. пісьменнікаў). Немалыя здабыткі раманнай прозы і ў беларускай літаратуры (творы Я. Коласа, М. Гарэцкага, М. Зарэцкага, К. Чорнага, Я. Брыля, І. Мележа, І. Шамякіна, І. Навуменкі, У. Караткевіча, І. Чыгрынава і цэлага шэрагу інш. аўтараў). Надзвычай шырокая жанравая палітра рамана (сацыяльна-бытавы, сацыяльна-псіхалагічны, гістарычны, прыгодніцкі, палітычны, сатырычны, фантастычны, раман-утопія і г. д.). На аснове вялізнага сюжэтна-падзейнага поля рамана ўзнік раман-эпапея — твор, у якім на шырокім фоне ўзнаўляюцца і асэнсоўваюцца надзвычай важныя, лёсавызначальныя падзеі для жыцця пэўнага народа, нацыі, краіны (класічнымі прыкладамі рамана-эпапеі з’яўляюцца «Вайна і мір» Л. Талстога, «Ціхі Дон» М. Шолахава; у беларускай літаратуры эпапейны характар мае ў многіх сваіх момантах «Палеская хроніка» І. Мележа»). Аб’яднаныя агульнымі героямі і адзінай думкай, раманы могуць утвараць цэлыя цыклы (шматтомная эпапея «Ругон-Макары» Э. Заля, тэтралогія на тэму заходнебеларускага жыцця В. Адамчыка, ваенна-партызанская пенталогія І. Чыгрынава і інш.). Аповесць прадстаўляе сярэднюю форму ў эпічным родзе літаратуры. У ёй звычайна прысутнічае адна сюжэтная лінія, у выніку чаго, у параўнанні з раманам, мае месца значна меншы ахоп жыццёвых падзей, сітуацый. Як і раман, аповесць надзвычай разгалінаваная ў сваіх канкрэтных жанравых выяўленнях. Аповесцей вельмі шмат у сусветнай літаратуры, бо яны, як правіла, абавязковыя ў творчасці любога больш-менш значнага пісьменніка-празаіка. На Беларусі аповесці (як свае, уласныя, так і запазычаныя, перакладныя) з’явіліся вельмі даўно (нагадаем летапісную «Аповесць мінулых часоў», агіяграфічную «Жыціе Ефрасінні Полацкай», сацыяльна-бытавую «Аповесць пра Баву», рыцарскую «Александрыя» і інш.). Новая беларуская літаратурная аповесць вядзе свой адлік з пачатку ХХ ст. («Бацькава воля» Ц. Гартнага, «Ціхая плынь» і «Дзве душы» М. Гарэцкага, «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся» Я. Коласа, «Лявон Бушмар» К. Чорнага і інш.). Найбольш значны ўклад у развіццё беларускай аповесці другой паловы ХХ ст. унеслі такія пісьменнікі, як Я. Брыль, В. Быкаў, І. Пташнікаў, І. Шамякін, І. Мележ, І. Навуменка, У. Караткевіч, А. Асіпенка, А. Васілевіч, А. Кудравец, А. Жук, Г. Далідовіч, В. Казько, В. Іпатава і цэлы шэраг інш. аўтараў. Апавяданне (альбо малая форма ў эпічным родзе літаратуры) уяўляе сабой невялікі твор, у якім расказваецца, як правіла, пра нейкі адзін вызначальны выпадак, здарэнне ў жыцці чалавека. У апавяданні адна сюжэтная лінія з абмежаванай колькасцю дзеючых асоб, характары якіх ужо дастаткова сфарміраваныя. Апісанні ў апавяданні, як правіла, адсутнічаюць, а калі і маюць усё-такі месца, дык характарызуюцца пры гэтым надзвычайнай сцісласцю. Свае вытокі літаратурнае апавяданне вядзе з малых фальклорных жанраў: казак, легенд, паданняў і г. д. Жанравымі разнавіднасцямі апавядання, паводле В. Рагойшы і шэрагу інш. вучоных, з’яўляюцца, як ужо адзначалася вышэй, навела (апавяданне з напружаным, драматычным дзеяннем, лаканічным паказам не столькі знешніх падзей, колькі перажыванняў і настрою персанажаў, нечаканым фіналам — «Бунт» Я. Коласа, «Пяць лыжак заціркі» З. Бядулі і інш.), нарыс (мастацка-дакументальнае апавяданне з сапраўднымі падзеямі ў цэнтры і рэальнымі персанажамі, што выступаюць пад сваімі прозвішчамі — «Званы ў прадоннях азёр» У. Караткевіча, «Дзівасіл» В. Палтаран і інш.), памфлет (вострае сатырычнае дакументальна-мастацкае апавяданне, як правіла, на сацыяльна-палітычную праблематыку — «Горад жоўтага д’ябла» М. Горкага, «Берлінскі анучнік» К. Чорнага і інш.), гумарэска (невялічкае гумарыстычнае апавяданне — «Дзядзіна» Ф. Багушэвіча, «Сацыяліст» Я. Коласа і інш.). Пачынальнікам празаічнага апавядання ў новай беларускай літаратуры выступіў Ф. Багушэвіч («Палясоўшчык», «Тралялёначка» і інш.). Услед за ім дадзены від і жанр развівалі ў пачатку ХХ ст. К. Каганец, Цётка, Ядвігін Ш., Я. Колас, З. Бядуля, У. Галубок, М. Гарэцкі і інш., а ў савецкі час — К. Чорны, М. Лынькоў, Я. Скрыган, Я. Брыль, В. Быкаў, М. Стральцоў, У. Караткевіч, В. Адамчык, Б. Сачанка і цэлы шэраг інш. аўтараў. Побач з літаратурным эпасам вучоныя вылучаюць у складзе сусветнага прыгожага пісьменства народна-гераічны эпас [199]. Самы буйны і ранні прадстаўнік твораў народна-гераічнага эпасу — эпапея (ад ст.-грэч. epopoiï, ад épos — слова, апавяданне і poiéö — ствараю). Эпапея ў многім дала штуршок развіццю эпасу літаратурнага. У эпапеі выявіліся асноўныя прыкметы народна-гераічнага эпасу, а менавіта: міфалагізм, выключнасць персанажаў і іх учынкаў, наяўнасць высокай ідэі, надзвычай спакойная, нетаропкая манера апавядання. Эпапеі адлюстроўвалі важныя праблемы жыцця старажытных народаў, і ў першую чаргу барацьбу са знешнімі ворагамі-захопнікамі. Эпапеі мелі, як правіла, вершаваную форму і бытавалі першапачаткова ў вусным выглядзе (у перадачы паэтаў-выканаўцаў — аэдаў, рапсодаў, бардаў і інш.), а затым былі зафіксаваны пісьмова. Амаль кожны народ стварыў свае ўласныя эпапеі і стагоддзямі захоўваў іх у калектыўнай памяці. Найбольш вядомымі эпапеямі ў сусветнай культурнай гісторыі з’яўляюцца шумера-акадскі «Сказ аб Гільгамешы», індыйскія «Махабхарата» і «Рамаяна», грэчаскія «Іліяда» і «Адысея», іспанская «Песня аб Сідзе», французская «Песня аб Раландзе», нямецкая «Песня аб Нібелунгах». Усходнеславянскі (у тым ліку і беларускі) народна-гераічны эпас прадстаўлены творамі, значна меншымі па памеру ў параўнанні з прыведзенымі вышэй, аднак таксама напісанымі ў адпаведнай манеры. Найбольш вядомым і распаўсюджаным жанрам усходнеславянскага народна-гераічнага эпасу з’яўляецца быліна («Ілля Мурамец», «Садко», «Мікула Селянінавіч» і інш.).
46. Драма (драматычны род). сістэма драматычных відаў і жанраў Творы драматычнага роду (ад ст.-грэч. drama — дзеянне) узнаўляюць (як, дарэчы, і эпічныя) падзеі, учынкі герояў, іх узаемаадносіны. Аднак разгорнутае апавядальна-апісальнае адлюстраванне ў драме адсутнічае. Уласна аўтарская мова, якую складаюць спісы (пералік) дзеючых асоб (часам з кароткімі характарыстыкамі), вызначэнне часу і месца дзеяння, апісанне сцэнічнай абстаноўкі ў пачатку актаў і з’яў, каментарыі да рэплік герояў і ўказанні на іх рухі, жэсты, міміку, інтанацыі (г. зв. рэмаркі), тут выконвае дапаможную ролю і з’яўляецца эпізадычнай. Асноўны тэкст п’есы складае плынь выказванняў персанажаў, іх рэплік і маналогаў. Дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без аўтарскага «падштурхоўвання». Адсюль некаторая абмежаванасць мастацкіх магчымасцей драмы. Пісьменнік-драматург карыстаецца толькі часткай тых выяўленчых сродкаў, якія з’яўляюцца даступнымі празаіку. І характары дзеючых асоб раскрываюцца ў драме з меншай свабодай і паўнатой, чым у эпасе. Пры гэтым драматургі, у адрозненне ад аўтараў эпічных твораў, вымушаны абмяжоўвацца тым аб’ёмам слоўнага тэксту, які патрабуе тэатральнае мастацтва. Час адлюстроўваемага ў драме дзеяння павінен укласціся ў строгія рамкі часу сцэнічнага. Разам з тым у аўтара п’есы ёсць сур’ёзныя перавагі перад стваральнікамі эпічных рэчаў. Адзін момант у драме цесна прымыкае да другога, суседняга. Падзеі тут не сціскаюцца і не расцягваюцца. Акрамя таго, яны адлюстроўваюцца ў цяперашнім часе. Усё гэта стварае эфект максімальнай праўдападобнасці, набліжанасці да рэальнага жыцця. Ёсць, праўда, у драме ў сувязі з яе тэатральнай прыналежнасцю імкненне да знешняй эфектнасці, гіпербалізацыі. Аднак яно не павінна ўсё-такі пераходзіць пэўную мяжу. Для драмы характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захопліваючы ў сваю арбіту ўсё новых і новых персанажаў. Драма мае, як правіла, востры і напружаны сюжэт. Вельмі важная (калі не выключная) роля адводзіцца ў ёй канфлікту. Наогул, без моцнага і жыццёвага ў сваёй аснове (а не надуманага) канфлікту ўявіць драматычны твор практычна немагчыма. Вельмі важная асаблівасць і якасць твораў драматычнага роду — наяўнасць у іх выразнай, каларытнай і разам з тым лаканічнай мовы персанажаў. Мы ўжо гаварылі крыху вышэй аб цеснай прывязцы драмы да тэатра, сцэны. Пераважная большасць п’ес якраз і ствараецца для сцэны і з улікам сцэны. Разам з тым у складзе драматычнага роду ёсць творы, напісаныя з першаснай устаноўкай на чытацкае ўспрыманне (гэта, дарэчы, не выключае магчымасць іх сцэнічнага ўвасаблення пры адпаведных рэжысёрскіх захадах і майстэрстве). Гэта Lesedrama (драма для чытання ў перакладзе з нямецкай мовы; ёсць яшчэ адзін, таксама нямецкі, тэрмін для абазначэння дадзенай разнавіднасці драмы — Buchdrama, г. зн. кніжная драма). Да яе можна аднесці «Фауста» І.В.Гётэ, драматычныя творы Дж. Байрана, «маленькія трагедыі» А. Пушкіна, некаторыя з твораў «дзвінскага цыклу» М. Гарэцкага («Жартаўлівы Пісарэвіч», «Жалобная камедыя»), аднаактоўкі заходнебеларускага літаратара Ю. Ружанца «Першыя ластаўкі» і «Зорка-ідэя», а таксама некат. інш. творы. Драматычны род выпрацаваў сваю ўласную відавую і жанравую сістэму. У ім вылучаюцца тры асноўныя відавыя групы — камедыйная, трагедыйная і ўласна драматычная, кожная з якіх прадстаўлена цэлым шэрагам жанраў. Самай распаўсюджанай і, бадай, самай старажытнай паводле паходжання выступае ў драматычным родзе камедыя — п’еса, у якой паказваюцца камічныя падзеі і з’явы, высмейваецца негатыўнае ў жыцці. У кожнага з народаў на ранніх этапах развіцця літаратуры і тэатральна-сцэнічнага мастацтва ўзнікалі свае ўласныя камедыйныя творы — невялічкія п’ескі-сцэнкі, якія разыгрываліся на кірмашах, ігрышчах, святах і г. д. [200] Літаратурная ж еўрапейская і сусветная камедыя адштурхоўваецца ад антычнасці, у прыватнасці, ад Старажытнай Грэцыі (творы Арыстафана, V ст. да н. э.). Істотны ўклад у сусветную камедыяграфію ўнеслі такія аўтары, як Ж. Мальер, У. Шэкспір, Лопе дэ Вега, Б. Шоу і інш. Беларуская літаратурная камедыя пачала станавіцца на рубяжы ХVІІ– ХVІІІ стст. на аснове як запазычаных (інтэрмедыі школьнага тэатра), так і сваіх уласных (камедыйна-сатырычныя сцэнкі народнага, у тым ліку і батлейкавага, тэатра) узораў. У прынцыпе з уласна камедыі і пачалася беларуская драматургія. Здабыткі беларускай камедыяграфіі звязаны ў першую чаргу з дзейнасцю В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Я. Купалы, Л. Родзевіча, У. Галубка, Ф. Аляхновіча, К. Крапівы, А. Макаёнка, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча, А. Дзялендзіка. Паводле ступені пранікнення драматургамі ва ўнутраную сутнасць персанажаў і асаблівасцей мастацкага ўзнаўлення камічнага ў творах вылучаюць камедыю становішчаў і камедыю характараў. У жанравым плане камедыя дзеліцца на цэлы шэраг разнавіднасцей: сатырычную, лірычную, сацыяльна-бытавую, фантастычную і г. д. Існуюць у камедыйнай групе і ўстойлівыя формы. Гэта вадэвіль (як правіла, невялікі, аднаактовы твор, заснаваны на анекдатычнай, кур’ёзнай калізіі, у якім асноўнае дзеянне спалучаецца з музыкай, песнямі-куплетамі і танцамі) і фарс (таксама невялікі твор, блізкі да вадэвіля па сваёй агульнай танальнасці, аднак з даволі яскрава выражанай карыкатурнасцю вобразаў, выкарыстаннем грубай насмешкі, зніжанай лексікі, а часам і фрывольнасцей). Даволі часта гэтыя два жанры ў творчай практыцы пісьменнікаў зліваюц
|
||||
Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 749; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.117.188.105 (0.015 с.) |