Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: АрхеологияБиология Генетика География Информатика История Логика Маркетинг Математика Менеджмент Механика Педагогика Религия Социология Технологии Физика Философия Финансы Химия Экология ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Унутраны свет персанажа. ПсіхалагізмСодержание книги
Поиск на нашем сайте
У персанажы (як і наогул у любой з’яве, рэчы і г. д.) вылучаецца ўнутранае і знешняе. Унутраны свет персанажа, які ўключае ў сябе памкненні, думкі, усвядомленыя пачуцці, а таксама сферу падсвядомага, адлюстроўваецца ў літаратурных творах па-рознаму. На ранніх этапах развіцця літаратуры (старажытнасць, сярэднявечча) унутраны стан персанажа перадаецца больш апасродкавана, ускосна, а не прама і адкрыта. Творы гэтага часу ўзнаўляюць пераважна ўчынкі персанажаў і толькі ў вельмі нязначнай ступені ўнутраныя, псіхалагічныя матывы гэтых учынкаў. Перажыванні героя амаль што поўнасцю залежаць ад разгортвання падзей і падаюцца галоўным чынам праз знешнія праявы. Прычым пісьменік акцэнтуе ўвагу, як правіла, на адным якім-небудзь пачуцці, што запаланяе ўсю душу персанажа. Пэўныя зрухі ў адлюстраванні літаратурай унутранага свету персанажаў (як у плане ўзбагачэння непасрэднай гамы перажыванняў, так і ў прыёмах і сродках яе перадачы) прынесла эпоха Адраджэння. Асабліва неабходна адзначыць у сувязі з гэтым творчасць У. Шэкспіра, персанажы п’ес якога характарызуюцца надзвычай багатым душэўным жыццём. Менавіта да іх ужо можна з поўным правам прымяняць тэрмін-азначэнне «псіхалагічна напоўненыя». Пасля некаторага перапынку, звязанага з класіцыстычнай адналінейнасцю вобразаў-персанажаў, псіхалагізм зноў актывізаваўся ў еўрапейскай літаратуры. Гэта адбылося ў другой палове ХVІІІ ст. у творчасці пісьменнікаў-сентыменталістаў («Юлія, ці Новая Элаіза» Ж.Ж. Русо, «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л. Стэрна і інш.). Яшчэ большы імпульс развіццю псіхалагізму ў літаратуры надаў рамантызм. Пісьменнікі-рамантыкі імкнуліся ўзнаўляць складаныя, часам надзвычай супярэчлівыя перажыванні сваіх герояў. Аднак і на іх творчасці яшчэ ляжыць пэўны адбітак адналінейнасці пачуццяў (напрыклад, паэмы Дж. Байрана, ранніх А. Пушкіна і М. Лермантава). Аб другой палове ХІХ ст. ужо можна весці гаворку як аб часе поўнага і ўсебаковага ўсталявання псіхалагізму ў літаратуры. Асабліва шмат у мастацкае даследаванне «дыялектыкі душы» сваіх персанажаў унеслі Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі. У іх раманах і аповесцях з небывалымі да гэтага паўнатой і канкрэтнасцю ўзноўлены працэсы фарміравання думак, пачуццяў, намераў чалавека, іх перапляценне і ўзаемадзеянне, часам надзвычай складанае і супярэчлівае. Менавіта ў гэты час у літаратуры замацавалася «рэфлексуючая» асоба (В. Халізеў), якую можна знайсці практычна ў любым буйным рэалістычным творы. Пра ХХ ст., пры ўсім тым, што псіхалагізм к гэтаму часу ўжо стала ўвайшоў у сусветную літаратуру і замацаваўся там, нельга гаварыць як аб часе яго поўнага і непадзельнага панавання. Справа ў тым, што спачатку еўрапейская мадэрнісцкая эстэтыка (асабліва ў гэтым плане вызначыліся футурысты), а затым і радыкальная савецкая (А. Луначарскі, пралеткультаўцы і інш.) з рэзкай крытыкай пачалі адносіцца да перадачы пісьменнікамі нюансаў складанага духоўнага стану асобы, прызываючы звяртаць больш увагі на адлюстраванне матэрыяльнага свету. Псіхалагізм, для перадачы якога ў літаратуры намнога болей магчымасцей у параўнанні з астатнімі відамі мастацтва з-за слоўнай вобразнасці прыгожага пісьменства, апеліруючай не толькі да пачуццяў, але і непасрэдна да розуму чалавека, яго інтэлекту, шматстайны ў асаблівасцях свайго выяўлення ў творах. Абазначым яго найбольш важныя разнавіднасці, формы выяўлення, а таксама канкрэтныя прыёмы і сродкі. Па-першае, псіхалагізм, паводле В. Халізева, можа быць яўным, адкрытым, «дэманстратыўным» і прыхаваным, «тайным», «падтэкставым» [89]. Першую разнавіднасць прадстаўляюць творы Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, У. Фолкнера, К. Чорнага, І. Мележа і інш; другую — І. Тургенева, А. Чэхава і некат. інш. аўтараў. Калі браць формы псіхалагічнага адлюстравання, то іх адзін з сучасных расійскіх даследчыкаў псіхалагічнага пісьма А. Есін вылучае тры: прамую, ускосную і сумарна-абазначальную. Першая ўтвараецца ў выніку паказу ўнутранага свету персанажаў шляхам непасрэднай аўтарскай перадачы-расповеду аб тым, што творыцца ў душах герояў. Другая ўзнікае тады, калі адлюстроўваецца ўнутраны свет персанажаў «праз знешнія сімптомы» [90], г. зн. праз перадачу мімікі, жэстаў, асаблівасцей рухаў і інш. І трэцяя нараджаецца ў выніку паведамлення аб думках і пачуццях герояў «з дапамогай называння, гранічна сціслага абазначэння тых працэсаў, што працякаюць ва ўнутраным свеце» [91]. У межах названых форм існуе шмат канкрэтных прыёмаў і сродкаў псіхалагічнага пісьма. Да найбольш распаўсюджаных адносяцца: 1) апавяданне ад першай асобы; 2) апавяданне ад трэцяй асобы; 3) няўласна-простая ўнутраная мова; 4) сумеснае ўжыванне апавядання ад першай асобы і апавядання ад трэцяй асобы з іх чаргаваннем, а таксама паралельным выкарыстаннем няўласна-простай унутранай мовы; 5) псіхалагічны аналіз і самааналіз (падзел складанага душэўнага стану на пэўныя элементы-часцінкі); 6) унутраны маналог (пры ўмове давядзення яго да сваёй лагічнай мяжы ён можа перарастаць у «плынь свядомасці»); 7) «дыялектыка душы»; 8) «мэтавае» псіхалачна-адцяняючае і параўнальнае выкарыстанне партрэтных і пейзажных дэталей, а таксама дэталей рэчыўнага свету. Як бачна, канкрэтных прыёмаў і сродкаў адлюстравання душэўнага стану персанажа, стварэння ўнутранай псіхалагічнай карціны даволі многа. Галоўнае, каб пісьменнік умела і творча карыстаўся імі. Наогул жа, практыка выкарыстання ўсяго арсеналу сродкаў, прыёмаў і спосабаў псіхалагічнага пісьма досыць індывідуальная. Кожны з літаратурных родаў валодае сваімі магчымасцямі псіхалагічнага адлюстравання. Так, у лірыцы псіхалагізм носіць экспрэсіўны характар: лірычны герой ці непасрэдна выказвае свае пачуцці, ці імкнецца да самааналізу, ці, урэшце, аддаецца лірычным развагам-медытацыям. Драматургічныя творы пэўным чынам абмежаваны ў плане магчымасцей адлюстравання ўнутранага стану персанажа: гэта дасягаецца толькі праз маналог, жэстыкуляцыю, інтанацыйнае афармленне гаворкі. Самыя ж вялікія патэнцыі псіхалагічнага пісьма ў эпічным родзе.
Партрэт персанажа Пад партрэтам персанажа падразумяваецца апісанне яго знешнасці (рыс твару, фігуры, позы, мімікі, асаблівасцей жэстыкуляцыі, адзення і г. д.). «Месца і роля партрэта ў творы, як і прыёмы яго стварэння, розняцца ў залежнасці ад роду, жанру літаратуры. Аўтар драмы, як правіла, абмяжоўваецца ўказаннем на ўзрост персанажаў і агульнымі характарыстыкамі ўласцівасцей паводзін, што даюцца ў рэмарках; усё астатняе ён вымушаны прадставіць клопатам акцёраў і рэжысёра. <...> У вершаванай лірыцы важным з’яўляецца не столькі ўзнаўленне партрэтуемага твару ў канкрэтнасці яго рыс, колькі паэтычна абагуленае ўражанне аўтара. <...> Лірыка максімальна выкарыстоўвае прыём замены апісання знешнасці ўражаннем ад яе» [92]. У эпічным родзе таксама ёсць свае нюансы партрэтнай характарыстыкі. Самае ж галоўнае, што партрэт персанажа ў творах гэтага роду можна абмаляваць надзвычай шматпланава і ўсебакова. Для «высокіх» жанраў, і ў першую чаргу для твораў народна-гераічнага эпасу, з’яўляюцца характэрнымі ідэалізуючыя партрэты, у якіх абмалёўка знешнасці персанажаў надзвычай моцна працуе на выяўленне іх духоўнай сутнасці. У такіх творах, як правіла, вельмі многа метафар, параўнанняў, эпітэтаў, узятых з арсенала фальклорнай паэтыкі. У гратэскавых партрэтах, уласцівых творам камедыйна-фарсавага характару, асноўная ўвага скіроўваецца на перадачу не духоўнага, а матэрыяльна-цялеснага пачатку ў чалавеку. Як зазначае В. Халізеў, «пры ўсёй іх супрацьлегласці ідэалізуючыя і гратэскавыя партрэты валодаюць агульнай уласцівасцю: у іх гіпербалічна адлюстравана адна чалавечая якасць: у першым выпадку — цялесна-духоўная дасканаласць, у другім — матэрыяльна-цялесны пачатак у яго магутнасці, кажучы сучаснай мовай — вітальная энергія» [93]. Хоць гратэскавыя партрэты знаходзяць выкарыстанне і ў новай літаратуры, у тым ліку і ў сучаснай, вытокі і асноўнае месца іх прымянення (як, дарэчы, і ідэалізуючых партрэтаў) — творы ранніх этапаў і стадый у развіцці сусветнага прыгожага пісьменства. З цягам часу «ў літаратуры сталі пераважаць партрэты, што раскрываюць складанасць і шматпланавасць аблічча персанажаў. Тут жывапісанне знешнасці нярэдка спалучаецца з пранікненнем пісьменніка ў душу героя і псіхалагічным аналізам» [94]. У такіх партрэтных характарыстыках увага аўтара больш сканцэнтроўваецца на тым, «што выражаюць фігуры ці твары, якое ўражанне яны пакідаюць, якія пачуцці і думкі выклікаюць, чым на іх саміх як жывапісуемай данасці» [95]. Партрэт персанажа падаецца, як правіла, у адным месцы ў творы. Часцей за ўсё ён малюецца тады, калі герой з’яўляецца ў першы раз. Такая падача партрэта называецца экспазіцыйнай. Выкарыстоўваецца ў літаратуры і лейтматыўны прыём партрэтнай характарыстыкі, пры якім на адну з рыс знешнасці персанажа, што перадае важную ўнутраную якасць яго характару, неаднаразова звяртаецца ўвага ў творы. Формы паводзін персанажа Як зазначае С. Марцьянава, «аўтар мастацкага твора звяртае чытацкую ўвагу не толькі на сутнасць учынкаў, слоў, перажыванняў, думак персанажа, але і на манеру здзяйснення дзеянняў, г. зн. на формы паводзін. Пад тэрмінам паводзіны персанажа разумеецца ўвасабленне яго ўнутранага жыцця ў сукупнасці знешніх рыс: у жэстах, міміцы, манеры гаварыць, інтанацыі, у становішчах цела (позах), а таксама — у адзенні і прычосцы (у гэтым радзе і касметыка). Форма паводзін — гэта не проста набор знешніх падрабязнасцей здзяйснення ўчынка, а нейкае адзінства, сукупнасць, цэласнасць. Формы паводзін надаюць унутранай сутнасці чалавека (устаноўкам, светаадносінам, перажыванням) выразнасць, пэўнасць, закончанасць» [96]. Формы паводзін персанажаў узнаўляюцца пісьменнікамі даволі актыўна, складаючы не менш важную частку мастацкага свету твора, чым уласна партрэты. Гэтыя два бакі мастацкай данасці персанажа ўвесь час паміж сабой узаемадзейнічаюць. Разам з тым яны знаходзяць у творах рознае ўвасабленне. Партрэтныя характарыстыкі выступаюць, як правіла, аднаразовымі і вычарпальнымі: пры з’яўленні персанажа на старонках кнігі аўтар апісвае яго знешнасць, каб больш да яе не вяртацца. Характарыстыкі ж паводзін звычайна раскіданы па тэксце і валодаюць пэўнай разнастайнасцю з элементамі варыятыўнасці. Мастацкая літаратура нязменна адлюстроўвае культурна-гістарычную спецыфіку форм паводзін. Так, на ранніх этапах развіцця прыгожага пісьменства, а таксама ў літаратуры сярэднявечча, узнаўляліся пераважна паводзіны, абумоўленыя звычаямі і традыцыямі. Іх можна назваць рытуальнымі. Такія формы паводзін з’яўляюцца характэрнымі ў першую чаргу для гераічных паэм, трагедый, рыцарскіх раманаў. Разам з тым у літаратуры старажытнасці і сярэднявечча бытавалі і іншыя формы паводзін персанажаў, больш блізкія да паўсядзённай жыццёвай плыні. Яны адлюстраваліся ў «нізкіх» жанрах (камедыях, фарсах, навелах). Літаратура Новага часу характарызуецца ўзбагачэннем форм паводзін персанажаў. Наступіла эпоха інтэнсіўнага абнаўлення, свабоднага выбару і самастойнага тварэння форм паводзін. Так, у эпоху Адраджэння быў выпрацаваны этыкет вольнага, нязмушанага субяседавання («Дон Кіхот» М. Сервантэса, «Вопыты» М. Мантэня і інш.). Класіцызм вывеў на авансцэну паводзіны мараліста-рэзанёра — прыхільніка грамадзянскіх дабрачыннасцей (трагедыі П. Карнеля і Ж. Расіна, байкі Ж. Лафантэна, творы павучальнай прозы Ф. Ларашфуко і інш.). Своеасаблівыя формы паводзін персанажаў выпрацаваліся ў рэчышчы сентыменталізму: жыццё па законах уласнага сэрца і «канон пачуццёвасці» спараджалі меланхалічныя ўздыханні і шчодрыя слёзы, часам перарастаўшыя ў экзальтацыю і манернічанне. У літаратуры рамантызму палітра форм паводзін персанажаў наогул пашырылася. Разам з тым пры імкненні рамантызму да свабодных форм выяўлення ва ўсім, у тым ліку і ў персанажнай сферы, ён не да канца пазбавіўся пэўнай штучнасці, зададзенасці, «тэатральнасці» сваіх герояў. Гэта канчаткова было выцеснена з прыгожага пісьменства (але, заўважым, ненадоўга) толькі ў час ўмацавання ў ім рэалістычнага метаду. Справа ў тым, што на мяжы ХІХ–ХХ стст. у творчасці сімвалістаў, неарамантыкаў, прадстаўнікоў шэрагу мадэрнісцкіх плыней адбылося пэўнае адраджэнне паводзін персанажаў, уласцівае рамантызму, а менавіта погляд героя на свет як бы звысоку, зверху, з позы прарока-месіі і выратавальніка чалавецтва. Некаторая зададзенасць і штучнасць форм паводзін персанажаў, асабліва ярка выяўленая ў поўным ігнараванні героямі асабістага жыцця дзеля агульнага грамадскага дабрабыту, характарызуе таксама даволі вялікую колькасць твораў савецкай літаратуры.
|
||||
Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 915; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.14.245.172 (0.013 с.) |