Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: АрхеологияБиология Генетика География Информатика История Логика Маркетинг Математика Менеджмент Механика Педагогика Религия Социология Технологии Физика Философия Финансы Химия Экология ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Пазнавальны аспект мастацтваСодержание книги
Поиск на нашем сайте
Пазнанне праз творы мастацтва пазамастацкай рэальнасці (прыроды, акаляючага асяроддзя, унутранага свету чалавека, грамадскіх адносін) — адна з немалаважных функцый мастацтва. Пазнавальны аспект мастацтва выяўляецца непасрэдна ў тэматыцы [20], якая складае неад’емны і пры гэтым фундаментальны пачатак мастацкіх твораў. Мастацкая тэматыка надзвычай складаная і шматпланавая. Ідучы ўслед за В. Халізевым, мы будзем разглядаць яе «як сукупнасць трох пачаткаў. Гэта, па-першае, анталагічныя і антрапалагічныя універсаліі, па-другое — лакальныя (часам даволі маштабныя) культурна-гістарычныя з’явы, па-трэцяе — феномены індывідуальнага жыцця (перш за ўсё — аўтарскага) у іх самакаштоўнасці» [21]. У мастацкіх творах увесь час адлюстроўваюцца (хоча таго аўтар ці не) г. зв. канстанты быцця, яго фундаментальныя ўласцівасці. Гэта перш за ўсё такія важнейшыя быційныя і прыродныя пачаткі (універсаліі), як хаос і космас, рух і нерухомасць, жыццё і смерць, свет і цемень, агонь і вада. Усё пералічанае складае комплекс г. зв. анталагічных тэм мастацтва. Шматстайны таксама і антрапалагічны аспект мастацкай тэматыкі. Ён уключае ў сябе, па-першае, уласна духоўныя пачаткі чалавечага быцця з іх антыноміямі (адчужанасць і прыналежнасць, гордасць і пакорлівасць, грахоўнасць і праведнасць, жаданне ствараць ці разбураць, і г. д.); па-другое, сферу інстынктаў, звязаных з душэўна-цялеснымі памкненнямі чалавека, куды адносяць лібіда, імкненне да ўлады, матэрыяльных благ, прэстыжных рэчаў, камфорту і г. д.; па-трэцяе, тое ў людзях, што вызначаецца іх палавой прыналежнасцю (мужчынскасць, жаноцкасць) і ўзростам (дзяцінства, юнацтва, сталасць, старасць); і, нарэшце, па-чацвёртае, гэта надэпахальныя сітуацыі чалавечага жыцця, гістарычна ўстойлівыя формы існавання людзей (праца і адпачынак, будні і святы, канфліктныя і гарманічныя пачаткі рэальнасці, мірнае жыццё і войны ці рэвалюцыі, жыццё ў сваёй краіне ці на чужыне і г. д.). Пералічаныя, а таксама некат. інш. быційныя пачаткі, прыходзячы ў мастацтва, складаюць багаты і шматпланавы комплекс г. зв. «вечных» тэм, многія з якіх архетыпічныя і бяруць свае вытокі ў міфалагічнай архаіцы. Гэтая грань мастацкай творчасці з’яўляецца здабыткам усіх краін і эпох. Яна выступае альбо ў якасці цэнтру, ядра твора, альбо прысутнічае ў ім падспудна. А можа нават і не ўсведамляцца аўтарам (г. зв. «міфалагічны падтэкст»). Побач з універсаліямі ўсяленскага, прыроднага і чалавечага быцця (і ў непарыўнай сувязі з імі) мастацтва ўвасабляе таксама культурна-гістарычную рэальнасць у яе шматпланавасці і багацці. Так, мастацтвам спасцігаюцца і перадаюцца рысы плямёнаў, народаў, нацый, рэлігійных канфесій, уласцівасці дзяржаўных утварэнняў і буйных геаграфічных рэгіёнаў, якія маюць пэўную культурна-гістарычную спецыфіку (напрыклад, Заходняя і Усходняя Еўропа, Далёкі і Блізкі Усход, Лацінская Амерыка і г. д.). Рэцыпіенты мастацтва даведваюцца пры гэтым аб асаблівасцях свядомасці (менталітэту) таго альбо іншага народа, нацыі, іх культурных традыцыях, формах зносін, бытавым укладзе, рытуальна-абрадавых дзействах, этыкеце і г. д. Істотным звяном мастацкай тэматыкі становяцца таксама з’явы гістарычнага часу. Мастацтва ўсё больш і больш засвойвае жыццё народаў, рэгіёнаў і ўсяго чалавецтва ў яго дынаміцы. Яно праяўляе цікавасць да мінулага, часам вельмі далёкага. Сюды можна аднесці быліны, эпічныя песні, балады, гістарычную драматургію і раманістыку. Прадметам мастацкага пазнання становіцца таксама і будучае (жанры утопіі і антыутопіі). Але найбольш важнай для мастацтва з’яўляецца сучаснасць. Яна павінна выступаць для творцы ў якасці першачарговай тэмы, нават, можна сказаць, своеасаблівай «звыштэмы». Без сучаснасці няма сапраўднага і паўнацэннага мастацтва. Побач з тэмамі «вечнымі» (універсальнымі) і нацыянальна-гістарычнымі (лакальнымі, але ў той жа час надасабовымі) ў мастацтве адлюстроўваецца таксама і непаўторны, надзвычай індывідуальны духоўна-біяграфічны вопыт саміх аўтараў. Пры гэтым мастацкая творчасць выступае як самапазнанне. Дадзены бок тэматыкі мастацтва В. Халізеў прапануе імянаваць «экзістэнцыяльным» [22]. Асабліва моцна экзістэнцыяльны пачатак выяўляецца ў творах спавядальна-аўтабіяграфічнага характару. Мастацкае самапазнанне і адлюстраванне аўтарскіх экзістэнцый, безумоўна, дамінуе ў лірыцы, якая з’яўляецца пераважна аўтапсіхалагічнай. Асабісты і аўтабіяграфічны пласты мастацкай тэматыкі з’яўляліся аб’ектам асаблівай увагі прадстаўнікоў біяграфічнага метаду (Ш. Сент-Бёў і інш.). На іх таксама рабілі пэўную стаўку прадстаўнікі імпрэсіяністычнай крытыкі ў асобах Р. дэ Гурмона, І. Аненскага, Ю. Айхенвальда і інш. Ёсць у складзе мастацкай тэматыкі яшчэ адзін бок. Мастацтва часам засяроджваецца на самім сабе. Аб гэтым сведчаць, па-першае, літаратурныя творы аб мастаках і іх тварэннях, такія, напрыклад, як «Пакуты маладога Вертэра» І.В. Гётэ, «Егіпецкія ночы» А. Пушкіна, «Партрэт» М. Гогаля, «Майстар і Маргарыта» М. Булгакава, «Доктар Фаустус» Т. Мана і інш. Па-другое, у шэрагу твораў стылізацыйнага і парадыйнага характару ўвага аўтараў засяроджваецца на папярэдніх славесна-мастацкіх формах. Абазначаныя намі аспекты мастацкай тэматыкі не ізаляваны адзін ад аднаго. Яны актыўна ўзаемадзейнічаюць і здольныя складаць цэлыя тэматычныя «сплавы». Тэматыка з яе шматлікімі гранямі можа ўвасабляцца ў творы адкрыта, напрамую, праграмна, экспліцытна альбо апасродкавана, ускосна, падтэкстава, імпліцытна (абодва тэрміны — «экспліцытна» і «імпліцытна» — належаць В. Халізеву [23]). Другі, імпліцытны від увасаблення тэматыкі, даволі часта выкарыстоўваецца паэтамі. Як бы падсумоўваючы, зазначым, што важнейшую тэму, нават, можна сказаць, «звыштэму» мастацтва складае чалавек у самых розных праявах яго быцця. Тут і універсальныя (антрапалагічныя) уласцівасці і якасці чалавека; і рысы, сфарміраваныя культурнай традыцыяй і акаляючым асяроддзем; і непаўторныя індывідуальныя пачаткі. Спасцігаючы «чалавечую рэальнасць» і ўвасабляючы эстэтычную сутнасць быцця, мастацтва настойліва імкнецца пазбегчы абстракцый, якімі карыстаюцца навука і філасофія. Завяршыць размову пра пазнавальны аспект мастацтва хацелася б высновай І. Волкава, які піша, што «пры ўсім аграмадным значэнні пазнавальнай функцыі мастацтва яна не вычэрпвае яго сутнасці. Больш таго, будучы ў той альбо іншай меры заўсёды характэрным для мастацкай творчасці, пазнанне не з’яўляецца разам з тым яго самамэтай. Яно падначалена ў мастацтве больш агульнай яго мэце — ажыццяўленню пашыраных канкрэтна-пачуццёвых зносін людзей са светам і яго духоўна-асабоваму засваенню» [24]. 16. Аўтарскі пачатак у мастацтве
Кожны мастацкі твор з’яўляецца плёнам працы канкрэтнага чалавека — аўтара (ад лац. au(с)tor — суб’ект дзеяння, заснавальнік, стваральнік, настаўнік) — і, зразумела, так ці інакш нясе ў сабе адбітак індывідуальнасці творцы. Як зазначае В. Халізеў, «аўтарская суб’ектыўнасць арганізуе твор і, можна сказаць, спараджае яго мастацкую цэласнасць. Яна складае неад’емную, універсальную, важнейшую грань мастацтва (побач з яго ўласна эстэтычнымі і пазнавальнымі пачаткамі). «Дух аўтарства» не проста прысутнічае, але дамінуе ў любых формах мастацкай дзейнасці: і пры наяўнасці ў твора індывідуальнага творцы, і ў сітуацыях групавой, калектыўнай творчасці, і ў тых выпадках (цяпер пераважаючых), калі аўтар названы і калі яго імя ўтоена (ананімнасць, псеўданім, містыфікацыя)» [25]. Ёсць тры моманты выўлення аўтарства ў мастацтве і адпаведна тры разуменні значэння слова «аўтар». Па-першае, гэта стваральнік мастацкага твора як рэальная асоба з пэўным лёсам, біяграфіяй, комплексам індывідуальных рыс. Па-другое, гэта вобраз аўтара, лакалізаваны ў мастацкай тканіне твора (жывапісным палатне, тэксце, камені і г. д.). І нарэшце, па-трэцяе, аўтар выступае ў якасці суб’екта мастацкай дзейнасці, г. зн. той асобы, якая пэўным чынам падае і асвятляе рэальнасць, а таксама яе ацэньвае. На розных стадыях развіцця мастацтва аўтарская суб’ектыўнасць паўстае ў розных абліччах. У раннім пісьменстве аўтарства было пераважна калектыўным, а яго «індывідуальны кампанент» заставаўся, як правіла, ананімным. Калі твор і суадносіўся з імем яго стваральніка (Псалмы Давіда, байкі Эзопа, гімны Гамера і інш.), дык толькі дзеля аўтарытэту, а не аўтарства. Імя аўтара не звязвалася з уяўленнямі аб якойсьці асаблівай манеры пісьма, стылі, а таксама аб выбранай пазіцыі. На гэтай стадыі развіцця мастацтва і культуры ў цэлым «твор хутчэй за ўсё ўсведамляецца як плод жыццядзейнасці калектыву, чым як тварэнне адной асобы» [26]. Але ўжо ў мастацтве Старажытнай Грэцыі пачаў даваць аб сабе знаць індывідуальна-аўтарскі пачатак, пра што, калі браць, напрыклад, літаратуру — той від мастацтва, які нас цікавіць у першую чаргу, — сведчаць трагедыі Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда. Індывідуальнае і адкрыта заяўленае аўтарства ў наступныя эпохі праяўляла сябе ўсё больш і больш актыўна, а ў Новы час пачало дамінаваць над калектыўнасцю і ананімнасцю. Тым не менш аж да канца ХVІІІ ст., калі з’яўлялася яшчэ даволі ўплывовай нарматыўная эстэтыка класіцызму, творчая ініцыятыва мастакоў была абмежаванай і ў значнай ступені скаванай патрабаваннямі (нормамі, канонамі) жанраў і стыляў, якія ўжо склаліся. Мастацкая свядомасць з’яўлялася традыцыяналісцкай. На працягу двух апошніх стагоддзяў характар літаратурнага (ды і ўсяго мастакоўскага) аўтарства прыкметна змяніўся. Вырашальную ролю адыграла пры гэтым эстэтыка сентыменталізму, а яшчэ больш рамантызму, якая моцна пацясніла і, можна сказаць, адкінула ў мінулае прынцып традыцыяналізму. «Цэнтральным «персанажам» літаратурнага працэсу стаў не твор, падначалены канону, а яго стваральнік; цэнтральнай катэгорыяй паэтыкі — не стыль альбо жанр, а аўтар» [27]. Калі раней (да ХІХ ст.) аўтар, як правіла, арыентаваўся на аўтарытэтную традыцыю (жанравую і стылёвую), то цяпер ён настойліва і смела дэманструе сваю творчую свабоду. Аўтарская суб’ектыўнасць пры гэтым актывізуецца і атрымлівае новую якасць. Яна становіцца індывідуальна-ініцыятыўнай, асабовай і, як ніколі раней, багатай і шматпланавай. Мастацкая творчасць пры такіх варунках усведамляецца менавіта як увасабленне «духу аўтарства». Формы прысутнасці аўтара ў творы даволі шматстайныя. Аўтар дае аб сабе знаць перш за ўсё як носьбіт таго альбо іншага ўяўлення аб рэальнасці. І гэта вызначае прынцыповую значнасць у складзе мастацтва яго ідэйна-сэнсавага боку — таго, што на працягу ХІХ–ХХ стст. імянуюць ідэяй (ад ст.-грэч. idea — паняцце, уяўленне). Ідэя твора — гэта выражэнне ў ім цэлага комплексу думак і пачуццяў, што належаць творцу. Мастацкая ідэя [28] (канцэпцыя аўтара), якая прысутнічае ў творы, уключае ў сябе накіраваную інтэрпрэтацыю і ацэнку аўтарам пэўных жыццёвых з’яў, а таксама ўвасабленне філасофскага погляду на свет у яго цэласнасці, суаднесенае з духоўным самараскрыццём аўтара. Мастацкія ідэі (канцэпцыі) адрозніваюцца ад навуковых, філасофскіх, публіцыстычных абагульненняў іх месцам і роляй у духоўным жыцці чалавека. Абагульненні мастакоў нярэдка папярэднічаюць пазнейшаму светаразуменню, творцы выступаюць часта ў якасці прадвеснікаў і прарокаў. Разам з тым у мастацтве, і перш за ўсё ў славесным, шырока адлюстроўваюцца ідэі, канцэпцыі, ісціны, якія ўжо ўмацаваліся ў грамадстве. Творы з падобнай змястоўнай напоўненасцю пранікліва і хвалююча напамінаюць людзям аб тым, што, стаўшы звыклым і само сабой зразумелым, аказалася напаўзабытым, сцёртым са свядомасці, але не страціўшым сваёй каштоўнасці. Мастацтва ў дадзеным выпадку ўваскрашае старыя ісціны, даючы ім новае жыццё. Пры ўсёй важнасці і значнасці ідэйнага боку мастацкага твора мастакоўская суб’ектыўнасць не зводзіцца толькі да рацыянальнага засваення, да ўласна асэнсавання рэчаіснасці. Аўтар, як правіла, заўсёды гаворыць больш, чым хацеў і задумваў. Такім чынам, у творах мастацтва вельмі часта прысутнічае падспуднае, ненаўмыснае, сімптаматычнае. Ненаўмысная, сімптаматычная суб’ектыўнасць шматпланавая. «Гэта перш за ўсё тыя «аксіяматычныя» ўяўленні (уключаючы вераванні), у свеце якіх жыве стваральнік твора як чалавек, укаранёны ў пэўнай культурнай традыцыі. Гэта таксама «псіхаідэалогія» грамадскай групы, да якой належыць пісьменнік і якой надавалі вырашальнае значэнне літаратуразнаўцы-сацыёлагі 1910–1920-х гадоў на чале з В. Пераверзевым. Гэта, далей, выцесненыя са свядомасці мастака хваравітыя комплексы, у тым ліку і сексуальныя, якія вывучаў З. Фрэйд. І, нарэшце, гэта надэпахальнае, узыходзячае да гістарычнай архаікі «калектыўнае бессвядомае», здольнае складаць «міфапаэтычны падтэкст» мастацкіх твораў, аб чым гаварыў К.Г. Юнг» [29]. Акрамя ўсвядомленага асэнсавання жыцця і стыхійных «уварванняў» душэўнай сімптаматыкі мастакоўская суб’ектыўнасць уключае ў сябе таксама перажыванне аўтарам асабістай творчай энергіі, якое імянуецца натхненнем. Вырашэнню творчых задач, якія ставіць перад сабой аўтар, так ці інакш спадарожнічае напружаная засяроджанасць на іх, амаль поўная заглыбленасць у дадзеныя праблемы. «Пакуты творчасці» даюць пэўны плён і суправаджаюцца радасным адчуваннем асабістых здольнасцей, магчымасцей, своеасаблівым душэўным пад’ёмам, які і можна назваць натхненнем. Таленавітыя паэты, пісьменнікі даволі часта ў стане натхнення пішуць як бы пад дыктоўку аднекуль звонку, «звысоку», фіксуючы менавіта самыя патрэбныя словы. Шэраг мастацкіх тварэнняў нясуць на сабе адбітак нязмушанай лёгкасці, артыстызму, весялосці, «мацэрціянства», як часам выражаюцца. Адзначаная акалічнасць дала падставы вучоным-мастацтвазнаўцам суаднесці мастацтва з гульнёй і вылучыць у ім побач з іншымі і дадзены пачатак. Аб тым, што ў мастацтве прысутнічаюць элементы гульні, гаварылі ў свой час многія вядомыя мастакі і вучоныя. Некаторыя з іх (напрыклад, Т. Ман, Ф. Ніцшэ, Р. Барт, Х. Артэга-і-Гасэт і нават Л. Талстой) спрабавалі абсалютызаваць гульнявы пачатак у мастацтве, што не зусім правільна. Як зазначае В. Халізеў, «гульня (як і ўсе іншыя формы культуры) мае пэўныя межы і рамкі. Гульнявы пачатак так ці інакш афарбоўвае творчую (у тым ліку і мастацкую) дзейнасць чалавека, яе стымулюе і суправаджае. Але гульня як такая прынцыпова адрозніваецца ад мастацтва: калі гульнявая дзейнасць непрадуктыўная, дык мастацкая творчасць накіравана на вынік — на стварэнне твора як каштоўнасці. Пры гэтым гульнявая афарбоўка мастацка-творчага працэсу і самога яго прадукта можа быць не так ужо і ярка выражанай, а то і зусім адсутнічаць. Прысутнічае ж гульнявы пачатак у сапраўдных мастацкіх творах галоўным чынам у якасці «абалонкі» аўтарскай сур’ёзнасці» [30]. Дзейнасць пісьменніка, які так ці інакш «апрадмечвае» ў творы сваю свядомасць, стымулюецца і накіроўваецца яго біяграфічным вопытам і жыццёвымі паводзінамі. На гэтую акалічнасць вучоныя пачалі звяртаць асаблівую ўвагу, пачынаючы з часоў умацавання біяграфічнага метаду ў літаратурнай навуцы (Ш. Сент-Бёў і інш.). Пры гэтым уплыў на творы (асабліва на іх змястоўны бок) біяграфіі пісьменніка, яго індывідуальнага жыццёвага вопыту і манеры паводзін часам моцна перабольшваўся. Сёння ж для практычна ўсіх сур’ёзных вучоных аксіяматычнай з’яўляецца думка, што нават тады, калі твор наскрозь аўтабіяграфічны, асобу аўтара нельга ні ў якім разе поўнасцю атаясамліваць ні з галоўным персанажам-прататыпам, ні з суб’ектам, ад імя якога вядзецца апавяданне. У ХХ ст. атрымаў пэўнае распаўсюджанне і пункт гледжання, згодна з якім мастацкая дзейнасць поўнасцю ізалявана ад духоўна-біяграфічнага вопыту творцы. Нават болей: аўтар — гэта нейкая напаўміфічная істота: яго няма ні да напісання тэксту, ні пасля таго, як тэкст завершаны; паўнату ўлады над напісаным мае толькі чытач. Менавіта так глядзіць на ўзаемадачыненні аўтара і твора пераважная большасць заходніх структуралістаў і постструктуралістаў, і ў першую чаргу вядомы французскі вучоны Р. Барт. Дадзены падыход атрымаў назву «канцэпцыі смерці аўтара». Як піша В. Халізеў, «у аснове бартаўскай канцэпцыі — ідэя не маючай межаў актыўнасці чытача, яго поўнай незалежнасці ад стваральніка твора. Гэтая ідэя далёка не новая. У Расіі яна ўзыходзіць да прац А.А. Патэбні. Але менавіта Р. Барт давёў яе да крайнасці і супрацьпаставіў адзін аднаму чытача і аўтара як не здольных да зносін, сутыкнуў іх ілбамі, палярызаваў, загаварыў аб няўхільнай адчужанасці і варожасці адзін аднаму. Пры гэтым свабоду і ініцыятыву чытача ён асэнсаваў як эсэісцкае самавольства. Ва ўсім гэтым бачыцца сувязь бартаўскай канцэпцыі з тым, што імянуюць постмадэрнісцкай чуйнасцю. Канцэпцыю смерці аўтара, якая, несумненна, мае перадумовы і стымулы ў мастацкай і калямастацкай практыцы нашага часу, правамоцна <...> расцаніць як адну з праяў крызісу культуры і, у прыватнасці, гуманітарнай думкі» [31]. Аўтарскі пачатак надзвычай моцна дае аб сабе знаць таксама і ў агульнай танальнасці твора, якая можа быць у цэлым жыццесцвярджальнай альбо песімістычнай, а ў непасрэдна-канкрэтным напаўненні і выяўленні — гераічнай, трагічнай, драматычнай, сентыментальнай, рамантычнай, камічнай і г. д. У літаратурнай навуцы і эстэтыцы няма адзінага тэрміна, якім бы абазначаліся героіка, трагізм, драматызм, сентыментальнасць, рамантыка, камізм і іншыя падобныя і паўтаральныя час ад часу ў складзе твораў сусветнага мастацтва прыкметы і ўласцівасці. Адны вучоныя імянуюць іх відамі пафасу (Г. Паспелаў [32] і інш.; гэта пакуль што найбольш пашыраны тэрмін, аднак ён пакрысе выводзіцца з літаратуразнаўчага ўжытку), другія тыпамі мастацкага зместу (І. Волкаў [33]), трэція тыпамі аўтарскай эмацыянальнасці (В. Халізеў [34]), чацвёртыя модусамі мастацкасці (В. Цюпа [35]). Такога роду «розначытанні» ўзнікаюць на глебе многіх фактараў, але галоўнае месца ўсё-такі адыгрывае тут даследчыцкая метадалогія, а таксама пункт гледжання, а дакладней, ракурс (як, напрыклад, уласна аўтарскі ў В. Халізева), пад якім вучоныя глядзяць на дадзеную праблему.
|
||||
Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 586; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.149.254.229 (0.013 с.) |