Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

У беларускай літаратуры ХХ стагоддзя

Поиск

Курс лекцый по спецкурсу

Гомель 2005

УДК 882.6 “19”-3: 316.346.2 (075.8)

ББК 83.3 (4БЕІ) 6-3: 60.542.2 Я73

Г34

 

Рэцензенты:

А.М.Палуян, дацэнт, кандыдат філалагічных навук

кафедра беларускай літаратуры установы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»

 

Рэкамендаваны да выдання навукова-метадычным саветам установы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны» 26 студзеня 2005 года, пратакол № 5.

 

Г34Гендэрны аспект у беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: Курс лекцый па спецкурсе для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей вну / аўт.-склад.Т.А.Фіцнер; Мініст.адукацыі Рэспублікі Беларусь, УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны». – Гомель: Выдавецтва УА «ГДУ імя Ф.Скарыны», 2005. – 1... с.

У курсе лекцый адлюстравана станаўленне і развіццё гендэрнай тэорыі, распаўсюджванне гендэрных даследаванняў у свеце. Большасць тэм прысвечана непасрэдна аналізу мастацкіх твораў беларускай літаратуры ХХ ст. з пазіцыі гендэра.

Адрасаваны студэнтам філалагічнага факультэта.

 

 

УДК 882. 6“19”-3: 316.346.2 (075.8)

ББК 83.3 (4БЕІ) 6-3: 60.542.2 Я73

 

© Т.А.Фіцнер, 2005

©Установа адукацыі

«Гомельскі дзяржаўны універсітэт

імя Францыска Скарыны», 2005

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ  
Тэма 1 Перадумовы ўзнікнення гендэрных даследаванняў……………………………………...  
Тэма 2 Фемінісцкі літаратурны крытыцызм і гендэрныя даследаванні…………………………..  
Тэма 3 Эвалюцыя гендэрных даследаванняў у свеце………………………………………………...  
Тэма 4 Гендэрныя даследаванні на постсавецкай прасторы....................................................................  
Тэма 5 Жаночая літаратура да ХХ ст. згодна з стратыфікацыйнай тэорыяй гендэра......................  
Тэма 6 Гендэрная асіметрыя і гендэрныя стэрэатыпы ў творах пісьменнікаў ХХ ст.............  
Тэма 7 Жанчына як вытворца значэнняў жаноцкасці ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.........................................................................  
Тэма 8 Жанчына як вытворца значэнняў жаноцкасці ў беларускай літаратуры сярэдзіны і другой паловы ХХ ст..............................................  
Тэма 9 Карэкціроўка міфа пра жанчын і фармаванне міфа пра мужчын у беларускай літаратуры канца ХХ ст..........................................  
Тэма 10 Тапалогія жаноцкасці і яе гендэрныя праяўленні. Жыццё і творчасць Цёткі і В.Коўтун  
Тэма 11 Стэрэатыпы жаноцкасці і гендэрная асіметрыя ў рамане В.Коўтун “Крыж міласэрнасці”...........................................................  
Тэма 12 Стэрэатып “жанчыны дзейснай” у рамане В.Коўтун “Пакліканыя”.............................  
Тэма 13 Тапалогія і гендэрнасць жаночых вобразаў у раманах В.Коўтун.................................  
ЛІТАРАТУРА  

УВОДЗІНЫ

 

Развіццё мастацкай, навуковай, грамадскай свядомасці вымагае новага асэнсавання гісторыі беларускай літаратуры. Вызначэнне сутнасці і спецыфікі гендэрных даследаванняў адносіцца да ліку практычна нераспрацаваных навукова значных праблем сучаснай беларускай літаратуры. Бясспрэчна, распрацоўка і вырашэнне гэтай праблемы заслугоўвае самага сур’ёзнага, комплексна-метадалагічнага падыходу. У святле сучасных філасофскіх сістэм (М.Фуко, Ж.Дэрыда і інш.), якія крытыкуюць існуючую тэорыю пазнання за яе аднабаковасць, лічаць яе абмежаванай, гендэрныя даследаванні з’яўляюцца даволі актуальнымі, бо падаюць нетрадыцыйны погляд на свет, на ўзаемаадносіны полаў. Яны даюць магчымасць альтэрнатыўнага прачытання твораў, чым садзейнічаюць стварэнню цэласнай карціны літаратурнага працэсу, які будзе прадстаўлены класічнымі і нетрадыцыйнымі даследаваннямі, мужчынскім і жаночым поглядам на яго станаўленне, і вызначэнню яго перспектываў.

Курс лекцый, што прадстаўлены ў гэтым выданні змяшчае матэрыял аб узнікненні і развіцці гендэрнай тэорыі, распаўсюджванні гендэрных даследаванняў у свеце. Большасць тэм прысвечана непасрэдна аналізу мастацкіх твораў беларускай літаратуры ХХ ст. з пазіцыі гендэра. Мы таксама паказалі, што беларуская жаночая літаратура даволі шырока прадстаўлена персаналіямі да ХХ ст. Яна з’яўляецца перш за ўсё гістарычным дакументам, крыніцай, якая рэканструюе сацыяльную рэальнасць жанчын на працягу стагоддзяў, адлюстроўвае патрабаванні грамадства да паводзін полаў, акрэслівае межы іх дзейнасці, рэгламентуе гендэрныя ўзаемаадносіны. Літаратура гэтага перыяду адлюстроўвае яшчэ і «значэнні», што прыпісваліся «мужчынскасці» і «жаноцкасці» на пэўным этапе развіцця грамадства. Актуальнымі пры аналізе жаночай літаратуры мінулага стагоддзя былі даследаванні, звязаныя з распазнаннем і ідэнтыфікацыяй «спецыфікі жаночага погляду на свет, жаночых эмоцый праз прызму дваістасці» (А.Усманава). Апошняя мае на ўвазе, з аднаго боку, здольнасць жанчыны захоўваць сваю сутнасць нязменнай. З другога – выяўляць «мужчынскі» пункт гледжання, навязаны ёй існуючай у грамадстве ідэалогіяй. Увага звернута як на інтымную лірыку, так і на вершы, у якіх адлюстраваны пола-ролевыя стэрэатыпы. У творах аўтараў мужчын прааналізаваны гендэрныя стэрэатыпы і гендэрная асіметрыя. Вывучэнне данага спецкурса даволі актуальна, карысна для будучых спецыялістаў на сучасным этапе развіцця літаратуразнаўства і грамадства ў цэлым.

Курс лекцый уключае ў сябе (у межах адведзенай вучэбным планам колькасці гадзін) шэраг пытанняў па наступных асноўных накірунках:

– узнікненне і развіццё гендэрных даследаванняў, іх міждысцыплінарнасць;

– распаўсюджванне гендэрных даследаванняў на постсавецкай прасторы;

– жаночая літаратура да ХХ ст. з пазіцыі стратыфікацыйнай тэорыі гендэра;

– гендэрная асіметрыя і гендэрныя стэрэатыпы ў творах пісьменнікаў ХХ ст.;

– жанчына як вытворца значэнняў «жаноцкасці» ў беларускай літаратуры ХХ ст.;

– фармаванне «жаночага» міфа пра мужчын у беларускай літаратуры на памежжы стагоддзяў;

– тапалогія жаноцкасці і яе гендэрныя праяўленні ў творчасці пісьменніц.

Курс завяршае спіс вучэбнай і навуковай літаратуры, што рэкамендуецца студэнтам для напісання рэфератаў і падрыхтоўкі да экзамену.

ТЭМА 1

ПЕРАДУМОВЫ ЎЗНІКНЕННЯ ГЕНДЭРНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ

 

1. Погляды філосафаў на праблему полу.

2. Уплыў канцэпцыі С. дэ Бавуар на станаўленне гендэрных даследаванняў.

3. Канцэпцыі Р.Барта, Ж.Дэрыда і станаўленне гендэрнай тэорыі.

4. Постструктуралісцкая філасофія М.Фуко, самаідэнтыфікацыі Ж.Лакана і гендэрныя даследаванні.

1. Погляды філосафаў на праблему полу.

Праблемы полу цікавяць чалавецтва з тых часоў, як яно пачало ўсведамляць сябе, што адбілася ў самых старажытных літаратурных помніках. Адным з такіх помнікаў, безумоўна, з’яўляецца Біблія. У ёй ёсць два аповеды пра стварэнне чалавека (Быц 1 – 2:3) і (Быц 2:4 – 25). У першым падкрэсліваецца, што Бог стварыў чалавека мужчынам і жанчынаю. Такім чынам, чалавек меў андрагінную прыроду, гэта значыць, што два пачаткі ў ім былі злучаныя ў недасягальнай цяпер гармоніі. Але гармонія непазбежна павінна была парушыцца, як толькі чалавек усвядоміў сваю адзіноту. «Таму Бог ускладняе «праграму» – падзяляе чалавека на мужчыну і жанчыну. Справа ў тым, што слова цэла, якое традыцыйна перакладаецца... як рабро, рабрына, мае на іўрыце яшчэ некалькі значэнняў: «кант», «старана», «частка», нават «палавіна»... Такім чынам, можна зразумець, што Бог вылучае жаночую «частку», жаночую «палавіну» з андрагіннага Адама...» [122, 105-106]. У свой час да праблемы андрагіннага чалавека звяртаўся Платон [97]. На яго думку, гэта чалавек двухполы, цэласны, самадастатковы – звышчалавек, які пасягаў на роўнасць з Багамі, чалавек-творца. «Падзелены» ж чалавек не мае такіх якасцей.

У гэтым кантэксце нельга не ўзгадаць кнігу О.Вейнінгера «Пол і характар» [29], якая паўплывала на фармаванне адносін паміж мужчынамі і жанчынамі і на адносіны да жанчыны ўвогуле не толькі ў заходнім культурным дыскурсе. Навуковым базісам яго даследавання стала перапрацаваная ім тэорыя бісексуальнасці (двухполасці) ўсяго жывога. Грунтуючыся на дадзеных сучаснай яму біялогіі, Вейнінгер сцвярджае, што ў прыродзе не існуе такой жывой істоты, якую з поўнай упэўненасцю можна было б аднесці да таго ці іншага полу. У рэчаіснасці можна назіраць толькі хістанні паміж двума крайнімі тыпамі мужчынскасці і жаноцкасці (М. і Ж.), якія ў чыстым выглядзе нідзе не сустракаюцца. Кожны індывід знаходзіцца дзе-небудзь паміж гэтымі полюсамі, пагэтаму навука павінна ў кожным асобным выпадку вызначаць дробавы змест абодвух элементаў. Зыходзячы з гэтага, аўтар засноўвае своеасаблівы закон полавага прыцягнення, сутнасць якога заключаецца ў тым, што «для сексуальнага з’яднання» неабходна, каб М. і Ж. знаходзілі сваё дапаўненне да цэлага. Напрыклад, калі ў аднаго суб’екта ёсць ¾ М. і ¼ Ж., то ён знойдзе сваё дапаўненне ў індывідзе, які ўтрымлівае ¼ М. і ¾ Ж. Па сутнасці тэорыя О.Вейнінгера магла б паслужыць пацвярджэннем ідэі полавай роўнасці, у рэальнасці ж адбылося наадварот. Сэнс яго кнігі заключаецца ў асноўнай для філасофіі этычнай праблеме дабра і зла. Апошняе ён якраз звязвае з жанчынай: непасрэдны носьбіт зла – гэта жанчына, нягледзячы на тое, што віну і адказнасць ён ускладвае на мужчыну. Жанчыне даследчык адмаўляе ў мысленні, душы і лічыць яе толькі «полавай істотай», якай ніколі не наблізіцца да мужчыны. Бо нават самы горшы мужчына вышэй за самую лепшую жанчыну.

Як ужо згадвалася вышэй, гендэрныя даследаванні ўзніклі на Захадзе як вынік развіцця тэорыі фемінізму, на этапе неа- ці постфемінізму. Вядучымі тэарэтыкамі гендэрных даследаванняў на сённяшні дзень з’яўляюцца А.Дворкін, Н.Чадароу, Г.Рубін, Л.Малві, Дж.Батлер, Т.Лаўрэціс, Э.Шоўолтэр, Дж.Хубер і інш. На жаль, большасць іх прац для сучаснага беларускага чытача недаступна. Толькі некаторыя з іх можна прачытаць у перакладзе на рускую мову. Гендэрныя даследаванні з поўным правам можна назваць міждысцыплінарнымі, бо яны карыстаюцца дасягненнямі і антраполагаў, і культуролагаў, і сацыёлагаў, і псіхааналітыкаў, і постструктуралістаў. У сваіх работах тэарэтыкі гендэрных даследаванняў выкарыстоўваюць напрацоўкі С. дэ Бавуар, Р.Барта, Ж.Дэрыды, М.Фуко, Ж.Лакана. Яны таксама прымяняюць метады фемінісцкага літаратурнага крытыцызму, які вылучыў і распрацоўвае праблемы жаночай тапалогіі (агульных, нязменных уласцівасцей жанчын) наогул і ў літаратуры ў прыватнасці.

 

2. Уплыў канцэпцыі С. дэ Бавуар на станаўленне гендэрных даследаванняў.

Адной з базісных навуковых распрацовак у галіне гендэрнай праблематыкі постфеміністкі лічаць кнігу французскай пісьменніцы і філосафа Сімоны дэ Бавуар «Другі пол» [20], якая была ўпершыню апублікавана ў 1949 годзе. Аўтарка паспрабавала растлумачыць феномен гендэрнай няроўнасці (няроўнасці паміж мужчынам і жанчынай) і прычыны ўзнікнення сексізму ў грамадстве і культуры на ўзроўні філасофскай тэорыі. Пад сексізмам падразумяваецца ідэалогія радыкальнага накірунку ў фемінізме, якая «сцвярджае, што прычыны жаночай няроўнасці і дыскрымінацыі закладзены ў біялагічнай няроўнасці паміж поламі. Здольнасць жанчыны да дзетараджэння паставіла яе ў залежнае становішча ад мужчыны, што і паслужыла прататыпам адносінаў улады і паклала пачатак эксплуатацыі» [120, 313]. Акрамя таго, філасофская творчасць С. дэ Бавуар – гэта адна з першых тэарэтычных спроб артыкуляваць феномен жаночага ў культуры: жаночага мыслення і мовы, жаночай літаратуры і пісьма, жаночай суб’ектыўнасці і структур жаночага вопыту.

Феномен залежнасці, згодна з С. дэ Бавуар, укаранёны ў чалавечае жыццё на ўзроўні індывідуальнай псіхалогіі і індывідуальнага несвядомага. У сваім даследаванні яна абапіраецца на філасофію Ж.-П.Сартра – экзістэнцыялісцкую тэорыю выбару праз узаемаадносіны «я» і «іншых». У спецыфіцы і структуры экзістэнцыяльных адносін чалавека знаходзіць аўтарка тлумачэнне існуючай няроўнасці ў адносінах мужчын і жанчын.

Ва ўступе да сваёй знакамітай кнігі «Другі пол» С. дэ Бавуар вызначае сваю пазіцыю не як жаночую ці фемінісцкую, але як экзістэнцыялісцкую. Пазіцыю жанчыны яна трактуе праз паняцце трансцэндэнтнага, бо, на думку С. дэ Бавуар, суб’ект, які імкнецца сцвердзіць сваю каштоўнасць у свеце, заўсёды займае трансцэндэнтную пазіцыю – пераўзыходзіць межы свайго «наяўнага быцця», якое зводзіць асобу да простай аб’ектыўнай дэтэрмінацыі, ператвараючы яе ў аб’ект. Аднак сцвердзіць асабістую трансцэндэнтную пазіцыю ў свеце жанчыне перашкаджае мужчына, які імкнецца ператварыць яе ў «аб’ект карыстання» [20, 28].

С. дэ Бавуар спрабуе даць альтэрнатыўнае тлумачэнне ўзнікненню сексізму. У прыватнасці, яна спрабуе адказаць на пытанне, чаму менавіта мужчына (а не жанчына) заўсёды змагаўся за права ўласнасці ў гісторыі. На думку аўтаркі, гэты факт не звязаны з жаночай сутнасцю, але ён вызначаецца своеасаблівасцю жаночага існавання: «Жанчынай не нараджаюцца, ёю становяцца» [20, 310]. Жаночая экзістэнцыяльная сітуацыя радыкальным чынам адрозніваецца ад мужчынскай перш за ўсё таму, што з ёю звязана функцыя дзетараджэння, якая з самага пачатку чалавечай гісторыі і падзелу працы асуджае жанчыну выконваць пасіўную ролю ў грамадстве. С. дэ Бавуар называе таксама і іншыя прычыны, якія прымушаюць жанчыну скарацца ўмовам падпарадкавання. Па-першае, гэта мужчынскія стратэгіі розных узроўняў па ператварэнню жанчыны ў аб’ект. Бо толькі ў такім выпадку мужчынская функцыя сцвярджэння ў адносінах да «іншага» (жанчыны) можа быць выканана. Па-другое, гэта прыняцце жанчынай ролі ахвяры, бо толькі ў такім выпадку ёй лягчэй пазбегнуць балючага вопыту экзістэнцыяльнай свабоды і адказнасці. С. дэ Бавуар імкнецца зафіксаваць складаны псіхалагічны факт добраахвотнага прыняцця жанчынай падобнай ролі ў культуры і выкрыць яго прычыны. На пытанне, ці можа жанчына пераадолець існуючае становішча, аўтарка адказвае станоўча, але толькі пры ўмове, калі жанчына пойдзе шляхам сцвярджэння свайго «я», ператвараючы «іншага» (у дадзеным выпадку мужчыну) у аб’ект. Яна павінна заняць «мужчынскае» месца ў адвечнай апазіцыі мужчынскага і жаночага.

Услед за Ж.-П. Сартрам, які лічыў праблему сексуальнасці адной з асноўных філасофскіх праблем і сцвярджаў, што сексуальнасць не зводзіцца да простага задавальнення жадання, бо менавіта тут суб’ект можа выйграць ці прайграць сваю экзістэнцыяльную свабоду і незалежнасць, аўтарка «Другога полу» лічыць сексуальныя адносіны той лакмусавай паперкай, дзе найбольш інтэнсіўна праяўляецца канфлікт паміж «я» і «іншымі». Гэта тая вузкая прастора, дзе сустрэча «я» з «іншым» робіцца непазбежнай, у той час як іншыя тыпы чалавечых адносін усё ж такі магчыма кантраляваць з дапамогай працэдур дыстанцыянавання. Месца жанчыны ў структуры сексуальных адносін, лічыць С. дэ Бавуар, амбівалентнае: гістарычна гэта прастора быцця, дзе ёй падрыхтавана пасіўная роля аб’екта. Таму жанчына знаходзіцца ў сітуацыі выбару: альбо яна павінна стаць незалежнай у гэтых адносінах, але ў такім выпадку страціць якасці сексуальнай прыцягальнасці для мужчыны, альбо сцвярджаць сексуальную прыцягальнасць і заставацца пасіўным сексуальным аб’ектам. Таму часцей за ўсё жанчына, на думку С. дэ Бавуар, асуджана на «двайное жыццё»: раніцай яна спрабуе рабіць кар’еру, а вечарам стараецца адмовіцца ад першага варыянта асабістага жыцця, у цэлым не маючы магчымасці поўнасцю рэалізавацца ні там, ні там: «Яна хоча жыць і як мужчына, і як жанчына, таму яна перагружана і ператомлена» [20, 764]. У той жа час роля заваёўніцы ў сексуальных адносінах ніколі не можа яе задаволіць: гэта тая сфера, дзе жанчына хоча быць падначаленай, скоранай.

У адрозненне ад Сартра, які ў аналізе структуры сексуальных адносін пакідае магчымасць толькі для абмену дзвюма непрымірымымі ролямі паміж мужчынам і жанчынай, С. дэ Бавуар робіць вывад, што іх залежнасць паміж сабой не з’яўляецца непрымірымай. Бо мужчына атрымлівае ад жанчыны задавальненне, а таму з’яўляецца не толькі гаспадаром, але і залежыць ад яе. Жанчына ж адорвае яго сабою і ў гэтым акце з’яўляецца актыўнай, выконвае функцыю «актыўнага падначалення», бо ў акце адорвання яна не толькі выконвае мужчынскае жаданне, але і задавальняе сваё асабістае. Такім чынам, на думку аўтаркі, жанчына таксама здольна здзяйсняць трансцэндэнтальную функцыю сексуальнасці [20, 771].

У кнізе «Другі пол» С. дэ Бавуар канцэнтруе сваю ўвагу на тым факце культуры, што статус жаночага ў ёй заўсёды ацэньваецца бінарна: альбо ў адносінах да яго здзяйсняецца функцыя крайняга адмаўлення, альбо яму надаюцца рысы недасягальнай каштоўнасці. Першае заўсёды прысутнічае ў адносінах да рэальнага становішча жанчын (тут дзейнічаюць такія азначэнні жаночага, як «нячыстае», «нечалавечае», «плоцевае», «жывёльнае» і г.д.); другія адносіны ўзнаўляюцца ў выглядзе вобразаў (боскія вобразы жанчын, іх вобразы ў літаратуры і мастацтве). Прычым такая фундаментальная супрацьлегласць у адносінах да жанчын назіраецца ў кожнай з вядомых традыцыйных культур. С. дэ Бавуар тлумачыць такую супрацьлегласць таксама праз экзістэнцыялісцкую канцэпцыю «інакшасці»: «іншы» ў экзістэнцыялізме – гэта заўсёды той, хто пагражае майму «я» і «маёй» ідэнтычнасці, таму ў адносінах да яго магчыма толькі бінарная пазіцыя: альбо «я» прызнаю яго і ўсхваляю, альбо «я» падаўляю яго і адмаўляю. Менавіта такая бінарная заканамернасць прасочваецца ў адносінах да феномену жаночага ў культуры, робіць вывад аўтарка. Яна звяртае ўвагу на тое, што культура, тым не менш, не мае спосабу выключыць гэтае «іншае» (жаночае) як факт быцця: яна заўсёды вымушана тым ці іншым чынам вызначацца ў адносінах да дадзенага феномена рэальнасці.

Падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, патрэбна адзначыць, што філасофія фемінісцкага экзістэнцыялізму С. дэ Бавуар адыграла вырашальную ролю для далейшага развіцця фемінісцкай тэорыі, паколькі пытанне аб дыскрымінацыі і залежным становішчы жанчыны было пастаўлена не толькі ў сферы вытворчасці і палітыкі, але і ў шырокім кантэксце культуры і яе стэрэатыпаў. Дзякуючы аўтарцы кнігі «Другі пол», у метадалогію аналізу становішча жанчыны ў грамадстве быў уведзены аналіз феномена несвядомага ў культуры, бо менавіта ў несвядомых гендэрных арыентацыях грамадства найбольш моцна праяўляецца гендэрная асіметрыя. І яшчэ ў метадалогіі фемінісцкага экзістэнцыялізму ўпершыню былі пастаўлены праблемы ўзаемаадносін улады і феномена жаночага ў культуры, улады і спецыфікі жаночай мовы, якія ў 80-90-я гг. мінулага стагоддзя былі асноўнымі праблемамі фемінісцкай тэорыі.

С. дэ Бавуар адлюстравала сваё разуменне «жаночай сітуацыі» і ў мастацкім слове, прыкладам могуць служыць творы, сабраныя ў кнізе «Чароўныя карцінкі» [21].

 

3. Канцэпцыі Р.Барта, Ж.Дэрыда і станаўленне гендэрнай тэорыі.

Творчасць Ралана Барта [14], вядомага французскага філосафа і літаратуразнаўцы, таксама паўплывала на фармаванне фемінісцкіх канцэпцый «жаночага аўтарства», «жаночага стылю» і «жаночага пісьма» ў тэорыі фемінізму. Вырашальную ролю ў гэтым кантэксце адыграла бартаўская канцэпцыя «смерці аўтара» і бартаўская тэорыя тэксту, а таксама інтэрпрэтацыя тэкставай структуры як эратычнай, г.зн. такой, у якой пераважаюць тэкставыя характарыстыкі, што традыцыйна прыпісваюцца культурай феномену «жаночага» (пачуццёвага, цялеснага, унутранага, афектыўнага, інтымізаванага).

Функцыя аўтарства ў традыцыйнай культуры, па словах Барта, служыць тлумачэннем паходжання тэксту, яго адзінства і гамагеннасці, таму традыцыйная інтэрпрэтацыя тэксту здзяйсняецца ў тэрмінах аўтарскай біяграфіі, гістарычнай сітуацыі таго, хто піша, сацыяльнай пазіцыі, жаданняў – як спроба зафіксаваць і кантраляваць значэнне і ўнутраную звязнасць тэксту. «Смерць аўтара», па Барту, значыць, што тэкст не можа быць ні выражэннем аўтарскага індывідуальнага ўнутранага стану, ні выражэннем сацыяльнага кантэксту: тэкст – гэта акт пісьма, матэрыяльная маніпуляцыя знакамі, дыскурснымі структурамі і тэкстуальнымі элементамі па сваіх тэкставых правілах узаемадзеяння і рэгуляцыі. «У якасці сацыяльнай асобы аўтар даўно мёртвы: ён больш не існуе ні як грамадзянская, ні як эмацыянальная, ні як біяграфічная асоба; пазбаўленая ранейшых прывілей, гэтая асоба пазбаўлена з гэтага часу і той вялізнай бацькоўскай улады над творам, якую прыпісвалі ёй гісторыкі літаратуры…» – піша Барт [14, 483]. Замест паняцця «аўтар» Барт выкарыстоўвае паняцце «самазванец», які, у адрозненне ад аўтара, перастае быць тым, хто апрыёрна ведае ісціну, бо ісціна выяўляе якасці бясконцасці і станаўлення, яна не існуе нідзе, акрамя жыцця чытача.

Галоўнай метадалагічнай асновай для новай канцэптуалізацыі прынцыпу аўтарстваў філасофскай канцэпцыі Барта стала перамяшчэнне дыскурснай увагі з тэкставай вытворчасці на тэкставае ўспрыняцце: з пазіцыі аўтара на пазіцыю чытача. Барт звяртае ўвагу на тое, што некласічны тып філасофскага і літаратурнага дыскурсу апелюе да пачуццёвага вопыту індывіда – да сістэмы яго перажыванняў, а не ідэй. Таму бартаўскі тэзіс аб «смерці аўтара» адначасна сцвярджаў «нараджэнне чытача» – змену традыцыйна пасіўнай функцыі чытача на функцыю тэкстуальнага вытворцы. У выніку замест асобнага значэння тэксту, што звязаны з фігурай аўтара, у працэдурах чытання ўзнікае магчымасць мноства інтэрпрэтацыйных значэнняў: кожная стратэгія чытання рэалізуе сваю ўнікальную інтэрпрэтацыю, а замест аднаго аўтара з’яўляецца мноства.

Барт звяртае увагу і на тое, што дыстанцыя чытання некласічнага тэксту, у якой пераважае крытэрый перцэптыўнага, рэзка «сціскаецца» ў параўнанні з класічнай: чытач суперажывае тэксту, а не аналізуе яго. У працэсе чытання – як у працэсе глыбокага эмацыянальнага перажывання – чытач аказваецца па-за межамі звычайнага пачуцця саматоеснасці, выходзіць за межы свайго статычна-вызначанага «я» ў сферу множнасці пачуццёвых станаў. Адсюль з’яўленне ў Барта спецыяльнага вызначэння тэксту як тэксту-асалоды, які легалізуе тып «жаночага» ўспрыняцця тэксту ў культуры і аказвае вялікі ўплыў на фемінісцкі літаратурны крытыцызм, які пастулюе раўнапраўнасць феноменаў «жаночага» ў літаратурным і філасофскім дыскурсе. «Тэкст-асалода, – піша Барт, – гэта тэкст, які выклікае пачуццё непрытомнасці, дыскамфорту (якое час ад часу даходзіць да тужлівасці); ён расхіствае гістарычныя, культурныя, псіхалагічныя ўстаноўкі чытача, яго звычныя густы, каштоўнасці, успаміны, выклікае крызіс у яго адносінах з мовай» [14, 471]. Чытанне ў такім кантэксце роўна жыццю, якое пражывае чытач, а кніга існуе як від жыцця чытача: кніга «жыве» толькі ў тым выпадку, калі яе «піша» (інтэрпрэтуе) жыццё чытача. Таму прачытаць тэкст – гэта, па Барту, значыць «напісаць» сваё асабістае жыццё. Дадзены метадалагічны тэзіс бартаўскай тэорыі чытання значна паўплываў на фармаванне фемінісцкіх канцэпцый жаночага аўтарства, бо тэарэтычна абгрунтоўваў магчымасць трансфармацыі жаночай суб’ектыўнасці ў працэдурах чытання як аўтарства. Гэта дапамагло амерыканскай пісьменніцы і філосафу А.Рыч сфармуляваць вядомае азначэнне жаночага чытання як «працэдуры revision – асэнсавання асабістага жыцця з мэтай яго трансфармацыі па-за патрыярхатнымі стэрэатыпамі культуры» [44, 23].

Значэнне бартаўскай канцэпцыі «смерці аўтара» для фемінісцкага літаратурнага крытыцызму заключаецца ў тым, што любы патрыярхатны тэкст можа быць праінтэрпрэтаваны з фемінісцкага пункту гледжання, незалежна ад аўтарскіх інтэнцый, што забяспечвае перагляд любых патрыярхатных норм культуры. Тое ж мы можам сцвярджаць і ў дачыненні да «дэрыдэанскага» вучэння пра тэкст. Дэрыда [50; 97; 125] лічыць, што ўвесь свет – бясконцы, бязмежны тэкст. А паколькі, на думку філосафа, «нічога не існуе па-за тэкстам», то і любы індывід непазбежна знаходзіцца ўнутры тэксту, што значыць у рамках пэўнай гістарычнай свядомасці. Апошняе «вызначае межы «інтэрпрэтатыўнага свавольства» любой індывідуальнай свядомасці, у тым ліку і свядомасці літаратурнага крытыка» [50, 21]. Акцэнтуючы ўвагу на чытачы як узнаўляльніку тэксту, Дэрыда абмяжоўвае інтэрпрэтацыю ўсякага тэксту культурай пэўнага гістарычнага перыяду.

Вучоны таксама сцвярджае, што «слова і паняцце, якое яно абазначае,.. ніколі не з’яўляюцца адным і тым жа, паколькі тое, што абазначаецца, ніколі не прысутнічае... у знаку» [50, 24]. Таму ён уводзіць паняцці «difference» (различие) – розніца, адрозненне і «differance» (различение) – распазнаванне, адрозніванне. Апошняе ўносіць сэнсавае адценне працэсуальнасці, часавага разрознення, раздзеленасці ў часе, адтэрміноўкі ў будучыню – у адпаведнасці з дваістым значэннем французскага дзеяслова «differer» – адрозніваць і адтэрміноўваць. «Распазнаванне-адрозніванне» для Дэрыды – не проста знішчэнне ці прымірэнне супрацьлегласцей, але іх адначасовае суіснаванне ў рухомых рамках працэсу дыферэнцыяцыі. Пры гэтым часавы інтэрвал, што раздзяляе знак і з’яву, якую ён абазначае, паступова (у мове) ператварае знак у «след» гэтай з’явы. У выніку слова губляе сваю непасрэдную сувязь з тым, што абазначае, са сваім «паходжаннем». Тым самым прадмет абазначае быццам не столькі прадмет, колькі яго адсутнасць, а ў выніку сваё «прынцыповае адрозненне» ад сябе самога. Прасторава-часавая замацаванасць адрознівання рэалізуецца ў паняцці «след». След ёсць тое, што ўжо апрыёры «запісана».

Да таго ж Дэрыда адмаўляе ўсялякія бінарнасці і перавагу ў пары першага «пазначальнага» над другім. Замест сістэмы бінарных апазіцый логацэнтрысцкага мыслення Дэрыда пастулюе бясконцую магчымасць перамяшчэнняў, замяшчэнняў і дапаўненняў стэрэатыпаў традыцыйнай культуры. У апазіцыях голас / пісьмо, быццё / небыццё, свядомасць / несвядомае, рэальнасць / вобраз, пазначальнае / пазначаемае, мужчынскае / жаночае і г. д. галоўным з’яўляецца не іх узаемнае адмаўленне, а прынцып узаемадзеяння, што разумеецца як прынцып «бясконцай гульні». Трактоўка дэрыдэанскага прынцыпу бінарызму адлюстравана ў наступным выказванні Г.Косікава: «Для Дэрыда, такім чынам, задача... у тым, каб знішчыць саму ідэю першаснасці, сцерці рысу, якая раздзяляе апазітыўныя члены непраходнай сцяной: ідэя апазітыўнага адрознення (difference) павінна саступіць месца ідэі адрознівання (differance), інакшасці, суіснаванню мноства раўназначных, але поўнасцю раўнапраўных сэнсавых інстанцый. Пакідаючы адзін на адным «сляды», адзін аднаго параджаючы і адзін у адным адлюстроўваючыся, гэтыя інстанцыі знішчаюць само паняцце аб «цэнтры», аб абсалютным сэнсе» [14, 37]. Фемінісцкі літаратурны крытыцызм выкарыстоўвае прынцып бінарызму Дэрыда для сцвярджэння раўнавартаснасці паняццяў мужчынскае / жаночае і іх узаемадзеяння на ўсіх узроўнях – гендэрнага ўзаемадзеяння. А таксама дазваляе прачытаць любы тэкст з пазіцыі жаночага чытання.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 970; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 52.14.219.203 (0.017 с.)