Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: АрхеологияБиология Генетика География Информатика История Логика Маркетинг Математика Менеджмент Механика Педагогика Религия Социология Технологии Физика Философия Финансы Химия Экология ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Фемінісцкі літаратурны крытыцызм і гендэрныя даследаванніСодержание книги
Поиск на нашем сайте
1. Этапы станаўлення гендэрных даследаванняў і гендэрнай тэорыі. 2. Выкарыстанне метадаў фемінісцкага літаратурнага крытыцызму ў распрацоўцы праблемы жаночай тапалогіі ў літаратуры. 3. «Жаночая літаратура» і «жаночае чытанне» як разнавіднасці метаду фемінісцкага літаратурнага крытыцызму. 4. «Жаночае пісьмо» і «жаночая аўтабіяграфія» як разнавіднасці метаду фемінісцкага літаратурнага крытыцызму.
1. Этапы станаўлення гендэрных даследаванняў і гендэрнай тэорыі. Гендэрныя даследаванні маюць на мэце вывучэнне сацыяльных, культурных, эканамічных, прававых, моўных і іншых праблем у перспектыве полу. Падставай для такога падыходу з’яўляецца паняцце гендэра. На сённяшні дзень «гендэр» (англ. gender – род, часцей за ўсё граматычны) трактуецца як «паняцце, якое выкарыстоўваецца ў сацыяльных навуках для адлюстравання сацыякультурнага аспекта полавай прыналежнасці чалавека» [91, 255]. Як катэгорыя аналізу ён уведзены параўнальна нядаўна. Першапачаткова ў англа-амерыканскіх краінах тэрмін «гендэр» выкарыстоўваўся для «апісання граматычнай катэгорыі роду» [159, 33], ужыванне яго па-за межамі граматыкі разглядалася як жарт ці грубая памылка. Пашырэнне значэння тэрміна «гендэр» звязана з развіццём тэорыі фемінізму, жаночага руху за роўныя правы з мужчынамі. Гэты рух узнік у ХYІІІ ст., актывізаваўся ў канцы 60-х гадоў ХХ ст. пад назвай неафемінізму як выражэнне пратэсту супраць сацыяльнага прыгнёту жанчыны, яе дыскрымінацыі ў эканамічным і палітычным жыцці, у сям’і, супраць прыніжэння яе годнасці. Так, у 70-я гады мінулага стагоддзя выкарыстанне тэрміна «гендэр» прадугледжвала ўжо вывучэнне жанчын з пункту гледжання жанчын. З пачатку 80-х – герменеўтыка гендэра зноў змянілася. Вывучэнне жаноцкасці стала немагчымым без аналізу мужчынскасці. Гэты тэрмін стаў успрымацца не як канцэптуалізацыя мужчынскага дамінавання, а як разуменне яго ў якасці сістэмы, «якая ў розных формах прысутнічае, канструюецца і ўзнаўляецца ва ўсіх сацыяльных працэсах» [102, 20]. Гендэрныя пошукі пачалі ўспрымацца як даследаванні ўсіх форм узаемадзеяння і «ўзаемаадштурхоўвання» мужчынскага і жаночага (інакш кажучы суіснавання мужчын і жанчын) ва ўсіх культурах і грамадствах, а таксама як суадносіны тыпаў мужчынскага і жаночага, характэрных для канкрэтнага соцыуму. Як ужо згадвалася, гендэрныя даследаванні сваім узнікненнем абавязаны развіццю тэорыі фемінізму. Узнікненне апошняй абумоўлена патрыярхатнай культурай, якая памясціла «палову чалавецтва за межы, за рамкі гэтай культуры» [30, 9]. Але не толькі. Вылучэнне гендэрных даследаванняў у асобную міждысцыплінарную галіну і ўвядзенне курсаў, якія ім адпавядаюць, ва універсітэцкія праграмы адбылося і дзякуючы развіццю грамадства ўвогуле. У 80-я гады склалася новая канцэпцыя асабістай аўтаноміі, а таксама сфармаваліся некаторыя сучасныя сацыяльныя тэндэнцыі: урбанізацыя; аслабленне сямейнага кантролю і кантролю старэйшых пакаленняў за паводзінамі моладзі; значны прырост насельніцтва, у сувязі з чым аслабла неабходнасць у ідэалогіі праслаўлення мацярынства як галоўнай жаночай функцыі; хваля барацьбы за правы асобных груп насельніцтва (жанчын, неграў, сексуальных меншасцяў) і свабоду народаў (за вызваленне Афрыкі, супраць вайны ва В’етнаме і г.д.), узнікненне субкультур бунту і пераадольвання стэрэатыпаў; практыка шырокага абмеркавання праблем сексуальнасці і сексуальнай свабоды. Доступ да прафесійнай ці акадэмічнай кар’еры даў жанчынам эканамічную незалежнасць (фізіялагічныя адрозненні полаў перасталі мець значэнне, бо ў выніку тэхналагічнага прагрэсу змяніўся характар працы). Колькасць жанчын сярод студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ рэзка павялічылася. Менавіта фемінісцкае акадэмічнае асяроддзе сфармулявала некаторыя асноўныя праблемы гендэрных даследаванняў, якія паступова змянілі не толькі навуковы, але і грамадскі дыскурс у краінах еўрапейскай цывілізацыі. Змяненне значэння паняцця «гендэр» звязана і з развіццём гендэрнай тэорыі, у якім вызначаюць некалькі этапаў. Першы прыпадае на другую палову 70-х гадоў мінулага стагоддзя і характарызуецца як «жаночыя даследаванні». Рэвізія традыцыйных гуманітарных і сацыяльных навук пачалася з пастаноўкі пытання, наколькі ўсе яны аб’ектыўныя з пункту гледжання полу. На думку даследчыкаў, той факт, што да гэтага часу асноўным суб’ектам як гісторыі чалавецтва, так і навукі з’яўляўся мужчына, не мог не прывесці да скажэнняў у адлюстраванні карціны свету. Чалавек абстрактна атаясамліваўся з мужчынам, жанчына вывучалася з мужчынскага пункту гледжання. Яе сацыяльны вопыт не браўся пад увагу. У ранг абсалютных узводзіліся мужчынскія каштоўнасці, яны і абвяшчаліся агульначалавечымі. Па-сутнасці, гэта былі мужчынскія даследаванні (men’s studies) без усведамлення іх аднабаковасці. Жаночыя даследаванні (women’s studies) вылучыліся як асобная дысцыпліна са сваім прадметам вывучэння – жанчына з пункту гледжання жанчыны. Пры гэтым значнае месца ў іх адводзілася тэорыям, што тлумачылі ўзнікненне і канструяванне полавай няроўнасці і дыскрымінацыі. У залежнасці ад накірунку фемінісцкай думкі (ліберальны, радыкальны, марксісцкі, экзістэнцыялісцкі, псіхааналітычны) і акадэмічнай дысцыпліны (антрапалогія, сацыялогія, эканоміка, культура і інш.) фармуюцца мадэлі і тэорыі, у якіх ключавымі лічацца пытанні жаночай сексуальнасці і кантролю над ёй, дзетараджэння і мацярынства, асобай жаночай этыкі – этыкі клопату, сацыяльных прычын і механізмаў, пры дапамозе якіх фізіялагічная здольнасць жанчын да дзетараджэння трансфармуецца ў няроўнасць у сацыяльнай і культурна-сімвалічнай сферах. Другі этап прыпадае на 80-я гады. Для яго характэрна станаўленне менавіта гендэрнай тэорыі, таму вызначыць гэты этап правамоцна як «гендэрныя даследаванні». У гэты час быў здзейснены пераход ад аналізу патрыярхату і спецыфічнага жыццёвага вопыту да аналізу гендэрнай сістэмы. На першы план пачынаюць вылучацца падыходы, згодна з якімі ўсе аспекты чалавечага грамадства, культуры і ўзаемаадносін з’яўляюцца гендэрнымі. Апошнія дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад гістарычнага часу, расы, нацыянальнасці, класавай прыналежнасці, рэлігіі, дзяржаўнай арганізацыі, грамадскіх інстытутаў, прыярытэтных стэрэатыпаў паводзін у грамадстве, сексуальнай прыналежнасці, але існуюць заўсёды. Увогуле канструяванне гендэрнасці можна лічыць працэсам бясконцым і няспынным. Сучасны фемінізм як ідэалогія лічыць, што цэнтральнымі паняццямі ў апісанні адносін улады і культурных катэгорый з’яўляюцца пытанні гендэра. Таму ён абвяшчае галоўнай мэтай пазбаўленне ад ролевай спецыялізацыі ў грамадстве па прыкмеце полу. Гендэрныя ж даследаванні як метадалогія і навуковая дысцыпліна накіраваны на стварэнне новай навуковай парадыгмы, вольнай ад патрыярхатных стэрэатыпаў (калі прызнаць, што веды сацыяльна дэтэрмінаваныя). Наступны, трэці этап у развіцці гендэрных даследаванняў – 90-я гады мінулага стагоддзя – характарызуецца распаўсюджваннем гендэрнай тэорыі ў краінах былога сацлагера і на постсавецкай прасторы. Гендэрныя даследаванні ў гэтых краінах развіваюцца вельмі імкліва, яны ахапілі літаральна ўсе сферы навукі і культуры, не пакінулі ў спакоі нават філасофію. І толькі ў апошнія гадоў восем пра іх загаварылі ў Беларусі. Тым не менш, ужо створаны цэнтры (ЕГУ, Энвіла), выдаюцца часопісы («Иной взгляд») і бюлетэні, праводзяцца канферэнцыі, выдаюцца зборнікі матэрыялаў па гендэрнай праблематыцы. Нягледзячы на адносна працяглы тэрмін развіцця тэорыі гендэра, няма адзінага разумення і выкарыстання як самога паняцця «гендэр», так і метадаў даследавання. Побач з такімі азначэннямі тэрміна «гендэр», як сацыякультурная канструкцыя полу/сексуальнасці, узаемаадносіны полаў, выкарыстоўваюцца і наступныя: гендэрныя стэрэатыпы, пола-ролевыя нормы, пола-ролевая ідэнтычнасць. Тры апошнія характарыстыкі аб’ядноўваюць у паняцце «гендэрны дысплей» (англ. display – праяўленне), якое ўвабрала ў сябе шматлікія і разнастайныя праяўленні «культурных складнікаў полу» [102, 21] – нормы і стэрэатыпы, якія навязвае грамадства, а таксама шляхі сацыялізацыі і ідэнтыфікацыі. Паняцці «сацыяльная і культурная канструкцыя полу», «узаемаадносіны паміж поламі» і г. д., у адрозненне ад тэрміна «гендэр», існуюць столькі, колькі існуе чалавецтва. Літаратура як адзін з відаў мастацтва і адлюстравання рэчаіснасці яркае таму сведчанне. Дастаткова ўзгадаць міф пра Пандору ці стварэнне Богам Адама і Евы і іх «грэхападзенне», якія і цяпер вызначаюць узаемаадносіны полаў у жыцці і культуры. Маскоўскі цэнтр гендэрных даследаванняў, на аснове сістэматызацыі распрацовак заходніх даследчыкаў, вылучае тры асноўныя тэорыі гендэра: «1) тэорыя сацыяльнага канструявання гендэра; 2) гендэр як стратыфікацыйная катэгорыя; 3) гендэр як культурная метафара» [30, 12]. У межах першай тэорыі гендэр разумеецца як арганізаваная мадэль сацыяльных адносін паміж жанчынамі і мужчынамі, якая канструюецца галоўнымі інстытутамі грамадства. Яна заснавана на наступных пастулатах: гендэр канструюецца пасродкам сацыялізацыі, падзелу працы, сістэмай гендэрных роляў, сем’яў, сродкамі масавай інфармацыі; гендэр будуецца таксама самімі індывідамі – на ўзроўні іх свядомасці, прыняцця зададзеных грамадствам норм і падладжвання пад іх. Іншымі словамі, гендэрная прыналежнасць індывіда праяўляецца ў тым, што чалавек робіць пастаянна ў працэсе ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі. Згодна з другой тэорыяй гендэр стварае іерархію сацыяльных адносін і роляў паміж мужчынамі і жанчынамі, таму ён – катэгорыя стратыфікацыйная. Такімі ж катэгорыямі з’яўляюцца клас, раса, узрост. Іншымі словамі, гендэр – гэта працэс, які канструюе сацыяльна-нарматыўны суб’ект праз пабудову адрозненняў па полу, што звязаны ў сваю чаргу з расавымі, этнічнымі, сацыяльнымі. Трэцяя тэорыя гендэра сцвярджае, што мужчынскае і жаночае на быційным і пазнаваўчым узроўнях існуюць як элементы культурна-сімвалічных радоў. У гэтых радах мужчынскае вызначаецца як рацыянальнае, духоўнае, боскае, культурнае... і лічыцца значным, пазітыўным, дамінантным. Жаночае ж заўсёды пачуццёвае, цялеснае, грахоўнае, прыроднае... і лічыцца негатыўным, другасным, падаўляемым. Пры гэтым адзначаецца, што многія, не звязаныя з полам, рэчы і паняцці атаясамліваюцца з «мужчынскім» або «жаночым», набываюць гендэрную афарбоўку. Хаця тэорыі гендэра, прапанаваныя Варонінай В.А.(МЦГД), не носяць універсальнага характару, усё ж некаторыя з іх мы будзем выкарыстоўваць пры аналізе мастацкіх твораў. 2. Выкарыстанне метадаў фемінісцкага літаратурнага крытыцызму ў распрацоўцы праблемы жаночай тапалогіі ў літаратуры. Фемінісцкі літаратурны крытыцызм (як і гендэрныя даследаванні) узнік пад уплывам неафемінізму ў межах жаночых даследаванняў. Навукоўцы-феміністы/ткі пачалі займацца маргінальным статусам жанчыны ў грамадстве і змаглі прывязаць свае даследаванні да традыцыі развагпра «жаночы пачатак», што мае глыбокія карані. Для разумення жаночага пытання ў яго грамадска-палітычным значэнні стала немагчымым далейшае выкарыстанне паняцця прыроды жанчыны ў якасці абгрунтавання яе падпарадкавальнай ролі. Гендэрныя даследаванні, як ужо адзначалася, прымяняюць метады фемінісцкага літаратурнага крытыцызму, які вылучыў і распрацоўвае праблемы жаночай тапалогіі (агульных, нязменных уласцівасцей жанчын) наогул і ў літаратуры ў прыватнасці. Феномен фемінісцкага літаратурнага крытыцызму атрымаў вялікае распаўсюджванне ў Заходняй Еўропе і ЗША ў апошнія тры з паловай дзесяткі год. Асноўнай мэтай дадзенага праекта, на думку даследчыцы І. Жаробкінай, была пераацэнка традыцыйнага літаратурнага канону «вялікіх» літаратурных тэкстаў з пункту гледжання жаночага аўтарства і жаночага чытання. Як філасофска-тэарэтычная сістэма, фемінісцкі літаратурны крытыцызм можа быць арыентаваны па-рознаму, але агульным для ўсіх яго разнавіднасцей застаецца прызнанне своеасаблівага спосабу жаночага існавання ў свеце і жаночых рэпрэзентатыўных стратэгій, якія яму адпавядаюць. Фемінісцкі літаратурны крытыцызм выступае супраць традыцыйных / мужчынскіх каштоўнасцей інтэлектуальнай культуры, якія сканструявалі жаночы вопыт існавання другасным, неістотным, а таму такім, які падаўляецца і з’яўляецца «болевым» у традыцыйнай культуры. Гэты напрамак выпрацаваў сваю, альтэрнатыўную традыцыйнай, тэорыю аналізу жаночай літаратуры і вызначыў асноўную тэарэтычную праблему – праблему жаночай суб’ектыўнасці. У яе трактоўцы існуюць два канцэптуальныя падыходы: · вызначэнне жаночай суб’ектыўнасці праз катэгорыю «інакшасці» («іншае» ў адносінах да мужчынскага і традыцыйнага); · вызначэнне структуры жаночай суб’ектыўнасці па-за ўсякімі суадносінамі з вонкавым «другім» – г.зн. праз пабудову асабістай, незалежнай і унікальнай тапалогіі «жаночага». Тэарэтыкі фемінісцкага літаратурнага крытыцызму падзяляюць яго на наступныя асноўныя разнавіднасці, «якія вельмі цесна звязаны паміж сабой і даволі цяжка паддаюцца дыферэнцыяцыі (у іх, хутчэй, можна выдзеліць розную акцэнтоўку): 1) жаночая літаратура – акцэнт ставіцца на пол аўтара; 2) жаночае чытанне – акцэнт ставіцца на пол чытача; 3) жаночае пісьмо – акцэнт ставіцца на стыль тэксту; 4) жаночая аўтабіяграфія – акцэнт ставіцца на змест тэксту» [44, 138]. Сёння фемінісцкі літаратурны крытыцызм існуе на стыку некалькіх крытычных падыходаў і накірункаў – структуралісцкага, постструктуралісцкага, культурна-сацыялагічнага і псіхааналітычнага. Аднак менавіта постструктуралісцкія канцэпцыі 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя з’яўляюцца найбольш прадуктыўнымі для абгрунтавання фемінісцкай тэорыі пра спецыфіку жаночай свядомасці і жаночай мовы, жаночага пісьма і літаратуры. Эфект уздзеяння фемінісцкага літаратурнага крытыцызму ў літаратурнай тэорыі і культуры на зыходзе ХХ – пач. ХХІ стст. цяжка перабольшыць. Можна сказаць, што на сённяшні дзень не існуе практыкі чытання літаратурнага ці філасофскага тэксту, якая б не ўлічвала яго магчымую гендэрную ці фемінісцкую інтэрпрэтацыю.
|
||||
Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 628; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.44.101 (0.009 с.) |