Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: АрхеологияБиология Генетика География Информатика История Логика Маркетинг Математика Менеджмент Механика Педагогика Религия Социология Технологии Физика Философия Финансы Химия Экология ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Гендэрныя адносіны вясковых людзей – ідэал узаемаадносін паміж поламі для я-гераіні інтымнай лірыкі Я.Янішчыц.Содержание книги
Поиск на нашем сайте
Паэтка захапляецца вясковымі парамі, якія здолелі пранесці пачуццё праз жыццё і захаваць яго нязменным. Такія ўзаемаадносіны падаюць вершы «Сава і Марыя» («... Зберагаў хто серабро і злата, // А Марыя Саву берагла» [180, 184].), «Ахрымчыха». Каханнем вясковых жанчын аўтарка прычашчаецца, здзіўляецца (і зайздросціць) іх цярпенню, жыццёвай сіле, высакароднасці. Бо ў адрозненне ад Ахрымчыхі, якой «было за шэсцьдзесят», калі тая пахавала мужа, з якім «яшчэ не нажылася», але знайшла ў сабе здольнасць жыць і працаваць, паэтка прызнаецца: Мне трыццаць тры. А я ўжо – набылася. Мне страшна й грэшна, цётка, прад табой [180, 182]. Менавіта ў вясковых людзей Я.Янішчыц знайшла той ідэал узаемаадносін, да якога імкнулася і які так і не займела ў сваім жыцці. У паэме «Акно ў дождж» яна працягвае шукаць адказ на пытанне: «А дзе ж накрыты згодай дом?» [180, 77]. Паэтка добра разумее, «што надта ж цяжка быць каханай // На працягу ўсяго жыцця» [180, 76], што патрэбна ўмець «забыць, што страчана даўно» [180, 78], сэрца паэткі так і не здолела гэтага зрабіць. Сямейная пара, зладжанасць паміж мужам і жонкай у сям’і яшчэ ў антычнасці лічылася лепшым «клопатам пра сябе» (Фуко [153]) і старажытнымі філосафамі рэкамендавалася ў якасці ідэальнай мадэлі жыцця. Па той прычыне, што энергія кахання заўсёды лічылася неўтаймоўнай, некіруемай, таму небяспечнай. «У хрысціянскім свеце», як сцвярджае філосаф, «полавая дзейнасць будзе лічыцца злом і па форме, і па сваіх выніках» [149, 257]. Сваёй творчасцю паэтка даследуе таксама ўплыў вайны на лёсы жанчын. Яна не займаецца гэтым наўмысна, не адшуквае вобразы. Іх вельмі многа ў яе роднай вёсачцы. Уплыў вайны на жанчыну дваісты: ці яна застаецца ўдавою, ці жанчынай «бяздзетнай» – вершы «Цётка Матрона» («Глухая да песні, // Матрона пяе: // «Куды ж вас панесла, // Сыночкі мае» [181, 10].), «Марыся» («Тры сокалы, тры песні, тры дубочкі // Пайшлі па жорсткім прысаку вайны» [181, 37].), «У бабулі Паланеі» («У бабулі Паланеі // Пяць сыноў і пяць магіл» [180, 160].). Часам здараецца найгоршае – вайна адбірае адначасна і мужа, і сыноў. А бывае, што і пашчасціць – вернецца калека-муж, як у вершы «Сава і Марыя», за якім патрэбны догляд, бы за дзіцям: Мыліцы паспешна падавала, Адчыняла ў белы свет акно [180, 184]. З паэмы «Ягадны хутар» і шматлікіх вершаў паўстае перад чытачом вобраз маці паэткі. Гэты вобраз пададзены не як абагулены (няма параўнанняў маці-зямля, маці-радзіма), ён мае сваё канкрэтнае ўвасабленне, што падкрэсліваецца некаторымі фактамі з біяграфіі маці. На лёсе гэтай жанчыны свой след пакінулі «скруха, вайна і крыжы» [180, 183]. І ўсё ж ён тыповы і пададзены ў традыцыях беларускай літаратуры. Маці паэткі звычайная вясковая жанчына, цягавітая, з добрым сэрцам і невымернай любоўю да дзяцей, самаахвярнасцю ў адносінах да іх. З усіх даброт і багацця свету яна выбірае шчасце сваіх дзяцей: Не раз, не два над ямінай стаяла, Не знаючы сямейнага зацішша. А мне лісты вясёлыя пісала, Прывыкла я – і не чакала іншых [180, 171]. Адданасць зямлі і людзям, звыклым узаемаадносінам праяўляюцца ў тым, што жанчына не ў стане адмовіцца ад вёскі. Сваю нязгоду пераехаць у сталіцу да дачкі маці аргументуе наступным чынам: Там лес людзей, ды ўсё ж не мой лясок... Я не магу з людзямі размінуцца, Мне трэба нешта ў кожнага спытаць [180, 163]. Невымернай любоўю прасякнуты радкі Я Янішчыц, прысвечаныя маці. Маці для яе з’яўляецца адной з нямногіх ніцей, што звязвае з жыццём. На душы ў дачкі цяплее ад таго што «йшчэ на кроснах тчэ нязменна мама // Зялёную паэзію жыцця» [180, 170]. Разам з тым яна вельмі хвалюецца, што «снег не сходзіць з... галавы» маці, хоць «лівень вясновы ляскоча» [180, 174]. Вобраз маці ў творчасці і Я.Янішчыц, і вышэй згаданых намі паэтак пазначаны арэолам святасці. «Маці – вобраз святы. Але ж з яе бывае таксама мачаха, якая ненавідзіць не сваё дзіця. Тут ужо не да святасці» [24, 12]. Вобраз мачахі адсутнічае ў іх вершах. У шматлікіх вершах Я.Янішчыц лёс жанчыны ўвасоблены ў вобразе каліны, горкіх яе пладоў. Каліна – метафара жаночага лёсу, традыцыйная, фальклорная. Нягледзячы на прыгажосць і прывабнасць гэтай расліны, плады яе горкія. Часам аўтарка праводзіцць паралель з рабінаю, якая і сваёй прыгажосцю, і смакам пладоў амаль не адрозніваецца ад каліны. У некаторых вершах паэтка сваю лірычную гераіню параўноўвае з бярозай. Гэтае дрэўца сімвалізуе гнуткасць і ўстойлівасць з аднаго боку, адзіноту і сіратлівасць — з другога. Менавіта сіратой часта адчувае сябе лірычная гераіня паэзіі Я.Янішчыц.
ТЭМА 9 КАРЭКЦІРОЎКА МІФА ПРА ЖАНЧЫН І ФАРМАВАННЕ МІФА ПРА МУЖЧЫН У БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ КАНЦА ХХ ст.
1. Вобразы Рагнеды, Ефрасінні Полацкай, Каралевы Боны, Цёткі – свядомае асэнсаванне Л.Рублеўскай значэння жаноцкасці. 2. Сутнасць гендэрных узаемаадносін у прозе Л.Рублеўскай; фармаванне сучаснага паняцця «мужчынскасці». 3. Кніга Л.Бандарэвіч «Жанчына, якая нешта ведае» – рэалістычнае адлюстраванне гендэрных узаемаадносін у перыяд перабудовы.
1. Вобразы Рагнеды, Ефрасінні Полацкай, Каралевы Боны, Цёткі – свядомае асэнсаванне Л.Рублеўскай значэння жаноцкасці. Праз свой, яшчэ адносна кароткі, жыццёвы вопыт праламляе праблему гендэрных узаемаадносін маладая Л.Рублеўская ў зборніку «Замак месячнага сяйва» [112]. Яна звяртаецца да легендарных жанчын нашай гісторыі – Рагнеды, Ефрасінні Полацкай, Каралевы Боны, Цёткі – з мэтай выявіць значэнне жаноцкасці. Ствараючы іх вобразы, паэтка спрабуе вызначыць, што ж найбольш важна, правільна, неабходна для жанчыны: яе прыроднае прызначэнне, ці сацыяльная значымасць, справа, і запрашае чытача да дыскусіі. Рагнеду, напрыклад, аўтарка называе «няўдалай царэўнай» за тое, што яна не выканала сваю ролю – ролю суб’екта гісторыі – да канца, і з гэтай прычыны: …твае нашчадкі Павязаны чужой крывёю. Іх будуць ваяваць спачатку, Пасля – пазбавяць сілы вояў, Пасля – імя сваё прыўлашчаць, І будзе край гібець бяссілы… [112, 6]. Менавіта на жанчыну ўскладвае аўтарка віну за лёс нацыі. Ці звязана гэта з міфічным (скрыня Пандоры) і рэлігійным («грэхападзенне» Евы) светаўспрыманнем, згодна з якім жанчына з’яўляецца прычынай усіх бедаў чалавецтва. «Прайшоўшы літаратурны этап», гэтыя міфы «сталіся надзвычайна ўплывовым этычным апраўданнем наяўнага стану рэчаў» [86, 34]. Ці, наадварот, паэтка ўскладвае на жанчыну высокую місію адказнасці за нацыю, яе развіццё і захаванне?! Не падае нам канкрэтных вывадаў Л.Рублеўская і наконт Ефрасінні Полацкай, пакідаючы чытачу мажлівасць для роздуму над адвечнай праблемай выбару, якая заўсёды стаіць перад чалавекам. Адзінае, з чым цяжка пагадзіцца ў вершы – яна выбар жанчыны (мінулых вякоў і сучаснай) абмяжоўвае двума шляхамі: «Ці – крыж на маладыя грудзі. // Ці – церам з цемрай чалавечай» [112, 10]. Сама ж пры гэтым выбірае трэці – сумяшчае творчасць і сям’ю, прычым, на наш погляд, даволі плённа. У Л.Рублеўскай няма цэласнасці ў поглядах на прызначэнне жанчыны, але яна ўжо блізкая да разумення таго, што ў жанчыны павінна быць магчымасць выбару; а што выбіраць – асабістая справа кожнай: Што належыць болей – Сваё радзіць! Вучыць чужое? І што на што мяняць не варта – Ні адгадаць, ні прадугледзець… [112, 10]. Аб нялёгкіх шляхах дзяўчат-курсістак у навуку, аб спробе змяніць сваё становішча праз веды ў пачатку мінулага стагоддзя, вырвацца са спрадвечнага жаночага кола на волю апавядае нам верш «Курсісткі». Аўтарка ўхваляе такі крок дзяўчат і перажывае за іх. Бо не разумелі нават блізкія таго, што курсісткі: Не над пяльцамі – а над прозай Дастаеўскага і Спінозы... Сядзелі па вечарах… [112, 39]. Праблема выбару, якую вырашалі на працягу нашай гісторыі знакамітыя жанчыны, застаецца адкрытай і ў наш час. Лірычная гераіня зборніка – жанчына ўпэўненая, адукаваная, з крытычным стаўленнем да жыцця. Гараджанка, яна супраціўляецца жыццю, закутаму ў бетон гарадскіх кватэр, спачувае гарадскім дзецям, бо іх хвалююць не казкі, а рэчы; хвалюецца за стан роднай мовы і школьную адукацыю, цікавіцца гісторыяй сваёй краіны і прачынаецца ў слязах, калі сніць «краты ў вокнах» пакоя і чуе словы мужа-гаспадара: «Тут пройдзе век жаночы твой, Сюды прынось кляцьбу ці стогны, На людзі – ўсмешлівай выходзь. З майго дазволу, зразумела» [112, 57-58]. Смерць жанчыны як асобы ў замужжы хвалюе Л.Рублеўскую; яна рада прачнуцца ў сваім часе, які прадстаўляе большыя магчымасці для самарэалізацыі жанчыны. Але і напрыканцы ХХ стагоддзя гэтае пытанне застаецца нявырашаным: «А на балконе мой анёл // Сядзеў і безнадзейна плакаў» [112, 58]. Сваёй лірыкай паэтка разам з іншымі жанчынамі-творцамі стварае міф пра сучасную жанчыну, які, як ужо зазначалася, не заўсёды супадае з тым міфам, што стварылі мужчыны.
2. Сутнасць гендэрных узаемаадносін у прозе Л.Рублеўскай: фармаванне сучаснага паняцця «мужчынскасці». Цікавай спробай Л.Рублеўскай зразумець сутнасць гендэрных узаемаадносін з’яўляюцца «Старасвецкія міфы горада Б*» [114]. Пісьменніца падкрэслівае нязменнасць, універсальнасць міфаў у раскрыцці паняццяў жаноцкасць і мужчынскасць. Гэтыя апавяданні, на думку даследчыкаў, – своеасаблівая інтэрпрэтацыя «спрадвечных сцэнарыяў чалавечых лёсаў» [155, 9]. Творамі апошніх гадоў – аповесці «Сэрца мармуровага анёла» [115], «Пярсцёнак апошняга імператара» [113] – Л.Рублеўская наадварот аспрэчвае універсальнасць міфаў і сцвярджае зменнасць значэнняў жаноцкасці і мужчынскасці, іх часавую напоўненасць. Яна не столькі паказвае, якія ёсць мужчыны, колькі падкрэслівае, якімі яны павінны быць, якімі яны падабаюцца сучасным жанчынам, самой аўтарцы. Такім чынам, Л.Рублеўская фармуе сучаснае паняцце «мужчынскасці», стварае пэўны стэрэатып мужчыны. Вобразы Вінцука Палецкага і Кастуся Сташынскага рамантызаваныя. На першы погляд, яны не падабаюцца галоўным гераіням (Кацярыне і Магдаліне) аповесцей, бо дзяўчаты з’яўляюцца натурамі дзейснымі, аптымістычнымі, здольнымі рабіць выбар і адказваць за свае ўчынкі. Зусім непрывабным выглядае Вінцук пры першай сустрэчы з Кацярынай: «Дзверы... раптоўна расчыніліся, і ў светлым праёме вымалявалася дзіўная постаць у ватніку і галёшах на вяровачках. Высокі нязграбны чалавек – ці прывід – меў гадоў пад сорак. У цёмных доўгіх валасах і барадзе не заўважалася сівізны. Твар худы, а вочы ненатуральна светлыя, глядзяць спадылба, праз нерасчэсаныя пасмы... Проста ваўкалак нейкі, пярэварацень» [115, 48]. А галоўная гераіня аповесці «Пярсцёнак апошняга імператара» першапачаткова расчаравана не толькі выглядам, але і адносінамі Кастуся да яе: «Такія хлопцы ніколі не падабаліся Магдаліне. Ён глядзеў на яе ветліва, але неяк... суха, ці што? Без той «паляўнічай» іскрынкі, якая мімаволі запальваеццаў вачах мужчыны пры поглядзе на прыгожую дзяўчыну і якую Магдаліна, хаця раздражнялася роллю «аб’екта палявання», прывыкла сустракаць у вачах суразмоўцаў» [113, 146]. Але з развіццём сюжэту раскрываюцца лепшыя якасці характару герояў, іх духоўная прыгажосць: розум, сціпласць, смеласць, уменне пастаяць за сябе і абараніць жанчыну, павага да яе, цікавасць да роднай гісторыі і культуры, талент. Таму з першапачаткова непрывабных знешне яны (на манер Папялушкі) пераўвасабляюцца ў «казачных прынцаў», ідэальных мужчын (у якіх «усё прыгожа»: душа, цела, нават кроў, паходжанне). Гэтымі мужчынамі незаўважна захапляюцца галоўныя гераіні, знаходзячы ў іх свой ідэал мужчынскасці, да якога падсвядома імкнуліся і доўга шукалі. Прычым «адшуканыя ідэалы» не адносяцца да жанчыны з пазіцыі разумнейшага, мацнейшага, старэйшага, як да дзіцяці, не лічаць яе сваёю ўласнасцю. Напэўна, гэта якраз і ёсць неабходная ўмова для зараджэння пачуцця. Гераіні знайшлі цікавых для сябе спадарожнікаў, якія сваёй апекай не будуць абмяжоўваць іх волю, не будуць прэтэндаваць на іх асабістую свабоду, а будуць прызнаваць за жанчынай уласцівыя ім самім якасці характару і права на творчасць. Папярэднія ж выбраннікі Кацярыны і Магдалены пад выглядам клапатлівасці абмяжоўвалі жанчын у дзеяннях і жаданнях. Кацярына не вытрымлівае больш за два гады свайго першага мужа Дудкоўскага, хоць «ён варыў украінскі боршч і падносіў (ёй – Т.Ф.) пантофлі» [115, 44]. Але за гэта прэтэндаваў на ролю духоўнага і гаспадарчага лідэра: «Колькі я перажыла – усё маё... Ён ваяваў з маім «мастацкім вэрхалам» і ўдзелам у экспедыцыях, напачатку нават штовечар пералічваў грошы ў маім кашальку і высвятляў, куды я столькі патраціла... Не хацеў мець дзяцей» [115, 44]. Менавіта ад залішняй клапатлівасці Марка ўцякае і Магдалена, нягледзячы на яго папярэджанні: «Хто яшчэ будзе з табою так няньчыцца?» [113, 189]. Уцякае ад запраграмаванасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні, якую шукаюць у мужчынах многія жанчыны. Працягвае «руйнаваць» традыцыйныя стэрэатыпы жаноцкасці і мужчынскасці Л.Рублеўская і ў рамане «Золата забытых магілаў», што змешчаны ў 9 і 10-м нумарах часопіса «Дзеяслоў» за 2004 г. Гэты твор, дарэчы, выйшаў ужо асобнай кнігай.
|
||||
Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 1134; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.133.120.64 (0.008 с.) |