Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Праблемы жанчын і дзяцей, як адна з цэнтральных тэм у творчасці Цёткі.

Поиск

Вобразы жанчын паэткай намаляваны ў вершах («Лета», «Гаданне», «Вясковым кабетам»), апавяданнях («Лішняя», «Зялёнка»), нарысах, публіцыстыцы («Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «Да дзяўчатак»), фальклорных даследаваннях («Наша народная беларуская песня»). Вобразы дзяцей таксама даволі шматлікія і прысутнічаюць у вершах «Сынок маленькі», «Сіраціна слёзкі лье…», «Лучынка», «Сірацінка», апавяданнях «Сірата», «Міхаська». Пры аналізе згаданых твораў Цёткі звернем увагу якраз на жаночыя вобразы і жаночыя сітуацыі. Так адзін з самых першых вершаў «Лета», акрамя апісання клопатаў селяніна і прыроды аб будучым ураджаі, развагах аўтара аб сапраўдным мастацтве, раскрывае хараство беларускіх вясковых дзяўчат:

І мо гэта не дзяўчыны

Гудуць летам над снапом,

А каліны ды маліны

Цягнуць ручкі за хмялём [162, 29].

Асаблівай прыгажосцю (знешняй і ўнутранай) сярод іх вылучаецца Кася (Як царэўна, як багіня!). Верш жа «Вясковым кабетам» разбівае ілюзію прыгажосці і шчасця і дае магчымасць прасачыць лёс большасці Кась, і вывады, якія вынікаюць з верша, даволі сумныя – на «васковых» тварах няма і следу былой прыгажосці, маладосці, вяселля, сілы: «Так лёс рана вас ламае, // Так жыццё красу вам нішчыць» [162, 85].

У наступных радках верша змешчаны лагічны працяг драмы жыцця жанчыны, фарбы згушчаюцца, можа і наўмысна: «І у памяць плачуць дочкі, // Бо й яны, як вы, забіты» [162, 85]. Аўтарка не бачыць пакуль што выйсця, бо гэта, як у купалаўскага Мужыка, – «адвечная песня», толькі адвечная песня жанчыны. І дзеля разумення гэтага нават не трэба ўставаць з труны.

Лепшыя дзяўчаты – у нас, але чаму такі нялітасцівы, нешчаслівы іх лёс, быццам пытаецца паэтка? Ад каго залежыць магчымасць змяніць яго: ад мужчын, саміх дзяўчат, гістарычных абставін? На каго ці што спадзявацца? Хіба адно на зязюлю з верша пра варажбу:

Ну, гадай зязюля! Закукуй аб шчасці,

Варажы аб долі нашай беднай Насці!

…Зашумела птушка, седзячы ў вярбіне:

Знаць, што шчыра хоча

варажыць д зяўчыне… /162, 91/.

Як бачым, аўтарка не дае адказу на пытанне аб прычынах няшчасцяў жанчын. Гэта можа быць сацыяльная ці нацыянальная дыскрымінацыя, дыскрымінацыя па прыкмеце полу. А можа, прычына ў недастатковай духоўнасці грамадства? Трэба адзначыць, што паэтка не аб’ядноўвае ўсіх жанчын, пад яе ўвагу падпадаюць толькі жанчыны пэўнай сацыяльнай групы – сялянкі. Менавіта яны бліжэй да яе па светаўспрыманні, з імі яна сябе атаясамлівае, пра іх клапоціцца. І акцэнтоўка прычыннасці іх стану ўсё ж больш сацыяльная. Атаясамліванне ўласна жаночых праблем і сацыяльных даволі трывала замацавана ў грамадскай свядомасці і літаратуры і звязана, хутчэй за ўсё, з вучэннем класікаў марксізму, якія менавіта такім чынам (аб’яднаўшы жаночае пытанне з пытаннем сацыяльным) адшукалі месца для жанчыны ў агульнай плыні Гісторыі. К.Маркс і Ф.Энгельс не вырашалі сваім вучэннем праблемы жанчыны як індывіда, а звярталіся да мас. «Самасцвярджэнне жанчыны ў сацыяльнай сферы, яе вызваленне яны бачылі ў эканамічных прадпасылках, а дакладней, у наёмнай жаночай працы, якая разбурала традыцыйны ўклад сям’і» [20, 13].

Праблему паляпшэння лёсу жанчыны як праблему сацыяльную Цётка вырашае не толькі ў вершах, а і ў канкрэтных справах – удзельнічае ў з’ездзе жанчын у Маскве, дзе гаворыць ужо не толькі пра жанчыну-сялянку, але і пра жанчыну-работніцу, так бы мовіць, аб’ядноўвае сацыяльна-прыгнечаных жанчын, і не заўважае (ці не хоча заўважаць) праблем жанчын, якія належалі да пануючых класаў. Выдае часопіс «Лучынка», асноўная задача якога – несці адукацыю, выхоўваць і тым паляпшаць жыццё.

Больш асабістымі і менш тыповымі, агульнымі з’яўляюцца апавяданні «Лішняя» і «Зялёнка», якія сведчаць пра тое, што ў свядомасці А.Пашкевіч адбыўся пэўны пералом – зварот да псіхалагізму, да ўнутранай рэчаіснасці. Яе не цікавяць жанчыны ўвогуле, яе цікавіць лёс адной асобна ўзятай жанчыны, яе сітуацыя, а каб быць зусім ужо дакладнымі – адчуванні, праявы, памкненні канкрэтнай душы, даволі адзінокай у такім вялікім свеце. Можна нават правесці аналогіі, адзначыць духоўнае падабенства паміж лірычнымі гераінямі апавяданняў і аўтаркай тэкстаў, бо іх аб’ядноўвае абвостраная пачуццёвасць, напружанасць ва ўспрыняцці навакольнага свету.

Для гераіні апавядання «Лішняя» ў пэўны момант жыцця свет робіцца зусім чужым: «Ось і свет хвалёны, вялікі, прасторны, а мне некуды дзецца на ім… забыцца» [162, 123]. Яна выбірае смерць: «І рванулася з усёй сілы і кінулася ў ваду…» [162, 125], бо «праўда-вужак» падступала з «дзікім рогатам», не давала забыцца ў мінулым – у шчаслівым, хоць і кароткім, каханні. Нічагусенькі не змяніла ў свеце яшчэ адна смерць, жыццё, як і раней, ішло сваёй размеранай хадою, і было ў ім месца каханню – лепшаму, шчасліваму, – менавіта пра яго была жыццесцвярджальная песня плытніка, якая ўзнімалася над «сіняй ракой». Ад канцоўкі апавядання вее такім спакоем, казачнасцю, быццам і не было зусім нядаўна напружанасці: клопатаў, трывогі, здрады, роспачы, адзіноты, смерці, а таксама болю ва ўласнай душы ад прачытаных радкоў: «А на дне русалкам-сёстрам нова госця былі складала» [162, 125]. А.Пашкевіч не канкрэтызуе ў творы сваю гераіню (у гэтым няма неабходнасці), мы нічога не ведаем пра яе ўзрост, сацыяльны статус, адукацыю і г.д. Увагу чытача аўтарка сканцэнтроўвае на яе перажываннях у выключнай сітуацыі, якая патрабуе выбару. У апавяданні прасочваецца экзістэнцыяльны пачатак: тэма канца жыцця, прадвызначанасці лёсу хвалявала невылечна хворую пісьменніцу ў гэты перыяд жыцця, і яна праз мастацкае слова перадавала свой душэўны стан.

У «Зялёнцы» працягваецца тая ж тэма ўзаемаадносін чалавечай душы і свету. (Толькі тут паўстае перад намі натура творчая, узнёслая.) Чамусьці няўтульна гэтай душы ў свеце, таму яе носьбітка «труцілася,.. выбягала, спацеўшы, у адной сарочцы на мароз, усё каб набавіцца якой ліхой хваробы. І… цяпер толькі супакоілася, калі мэта стала ясней…» [162, 126]. Зялёнка жыве ў свеце, створаным ёй самой і незразумелым для іншых. Што гэта за свет (творчасць?!), аўтарка не дае адказу. Толькі ўсе навокал заўважаюць, што «Зялёначка» «зусім выйшла з каляіны… будняга жыцця» [162, 127]. Прычына самагубства «Лішняй» – здрада каханага. Прычына смерці курсісткі Зялёнкі – сухоты, ад якіх «уся радня вымерла». Сама гераіня паскарае сустрэчу з імі. Чаму? Сябры ў адносінах да яе – «радня раднёй», жыццё ў яе хоць і не салодкае, аднак цікавае і змястоўнае: лекцыі, праца з дзецьмі ў школе, самаадукацыя… Як натуры творчай Зялёнцы блізкая музыка. Мелодыя скрыпкі напаўняе дзявочую душу малюнкамі дзяцінства, вобразамі лебедзя-песні, папараці-кветкі, родных людзей – маці, браціка. Творчасць курсістка (чытай – А.Пашкевіч) уяўляе як барацьбу светлых і цёмных сіл, паэзіі і прозы, жыцця і смерці, трагічнасць светаўспрымання гераіні пераходзіць у разуменне творчасці. У гэтай барацьбе яна пазнае сябе – «смяртэльна раненая моладасць плача, стуліўшыся ля варот шчыльна зачыненага раю шчасця…» [162, 135]. Зялёнка разумее творчасць, пранікае ў яе і, адначасова, баіцца яе: «Божа, якая ты страшная, творчасць! Роўна вогненна мора падыходзіць з усіх старон да апутанага табою чалавека…» [162, 136]. Вобраз Зялёнкі, у адрозненне ад гераіні апавядання «Лішняя», больш канкрэтны. Мы маем уяўленне пра яе ўзрост, сацыяльны статус, род заняткаў, нацыянальнасць. Але не на гэта скіравана ўвага аўтаркі. Тут іншае, а менавіта – спроба спазнаць і адлюстраваць сваю душу, такую адрозную ад іншых і непаўторную.

Папраўляючы здароўе ў Фінляндыі, Цётка назірае за жыццём фінаў і, безумоўна, супастаўляе яго з жыццём беларусаў. І тут, акрамя ўсяго іншага, яе ўвага скіравана на адносіны да жанчыны ў грамадстве і сям’і. Параўнанне не на карысць свайму народу: «Фінляндскі народ першы ў Еўропе прызнаў роўныя правы кабетам. Кабета-матка – свядомая фінляндка-патрыётка – яшчэ ў калысцы пачне навучаць свае дзеткі любіць родны край, родны народ, любіць і паважаць справядлівасць роднага народа» [162, 198-199]. Таму звяртаецца пісьменніца «Да дзяўчатак», будучых жанчын, з верай, што калі яны навучацца паважаць сябе самі, то гэтым заслужаць павагу іншых. Цётка выхоўвае ў іх пачуццё прыгожага і вучыць ствараць прыгажосць вакол сябе: саджаць кветкі, дрэўцы, падтрымліваць чысціню, заахвочваючы «гасцінцамі» – насеннем кветак.

Не без падстаў лічыцца, што паэзія, песня бліжэй жанчыне. Пра гэта добра сведчыць фальклор: «Жанчыны спрадвеку былі ўвасабленнем устойлівасці народных традыцый… Яны хавалі народную памяць, як зямля – жыццёвыя сокі. І як зямля вясною дае жыццё ўсяму, што расце, так жанчыны давалі ў неабходную пару жыццё дзецям і песням» [125, 16]. Прыведзеная цытата яшчэ адно пацверджанне таму, што жанчыны, і беларускія ў тым ліку, спрадвеку ўносілі свой уклад у мастацтва (не толькі прыкладное), стваралі духоўнасць, якую самі ж і захоўвалі, зберагалі для будучых пакаленняў і самі перадавалі яе ім у спадчыну. Звяртаючыся да фальклору, народных беларускіх песень, якія лічыць «праўдзівым дакументам» жыцця, «праўдзівым люстрам» усяго добрага і злога ў сваім народзе, Цётка зноў-такі аддае перавагу жаночым сітуацыям і жаночым вобразам (нацыянальным) – звяртаецца менавіта да сямейна-бытавых песень, сістэматызуючы іх па прынцыпе размеркавання сацыяполавых роляў: дзяўчына-дачка, нявеста, маладзіца-нявестка, маці, свякроўка. Даследчыца звяртае ўвагу на найбольш тыповыя жыццёвыя сітуацыі і адзначае пераважна сумныя, а часам і трагічныя ноткі ў песнях, што гаворыць пра нялёгкую жаночую ролю ў сям’і. І варта адзначыць, што Цётка выступае тут не толькі як даследчыца, якая шукае ў фальклоры цікавыя вобразы і матывы, а, хутчэй, як яго збіральніца. Сваю ўвагу яна найперш скіроўвае на песні, у якіх спяваецца пра долю маладзіц. І гэта доля горкая, доля слёзная. «Прадучы кудзельку» зімовымі вечарамі і чакаючы «мужа-гуляку», не раз узгадае маладая жанчына жыццё дзявочае, жыццё вольнае, вясёлае і бесклапотнае, калі яна, нібы кветка ў гародчыку, цвіла ў бацькоўскім доме. Цяпер жа вяне, нібы ружа без вады. Даследчыца зазначае, і ў гэтым трэба аддаць ёй належнае, што не толькі шчасце жанчыны залежыць ад мужчыны, з якім яе звяжа лёс. У народных беларускіх песнях адлюстравана і адваротная сувязь – залежнасць мужчыны, яго шчасця і дабрабыту ад выбранай жонкі. Мужчына, зазначае Цётка, «хоць і радзей», усё ж таксама размінаецца са шчасцем, ад чаго ходзіць сумны, невясёлы, «учарнелы», аднак былога не вернеш, таму жыццё ён працягвае ў новастворанай сям’і, несучы свой крыж праз усё жыццё. «Наша песня» як найвялікшы падарунак лёсу ўсхваляе і ўзвышае каханне. Гэтае пачуццё народ ацэньвае даражэй за жыццё, бо неаднойчы здаралася так, што сэрцы, злучаныя адно з другім каханнем, разам ішлі «на спатканне смерці» і ўзыходзілі потым дрэвамі, галіны якіх перапляталіся ў знак неўміручасці кахання. «Аднак найвышэй і найдаражэй цэніць беларускі народ любоў матак» [162, 237]. Менавіта яна, жанчына-маці, з’яўляецца правадніком духоўнасці паміж пакаленнямі, дарадчыкам у жыццёвых справах, нават у выбары будучай жонкі. Магчыма, не меўшы ўлады ў грамадстве, магчымасці рэалізавацца ў ім, жанчына пераносіць сваю прагу ўлады на сям’ю, на дзяцей. Яна часта не заўважае, што яны ўжо выраслі, не «адпускае» іх на волю, што шкодзіць іх духоўнаму развіццю, сталенню. Гэтаму спрыяў тагачасны традыцыйны ўклад сям’і, які патрабаваў, каб сын прыводзіў нявестку ў хату сваіх бацькоў. А дзеці, якімі б дарослымі яны не былі, для маці заўсёды застаюцца дзецьмі, тым больш калі жывуць з ёю пад адным дахам. Адсюль пастаянны кантроль з боку бацькоў за іх паводзінамі, навязванне свайго стылю жыцця. «Найглыбейшай ранай» у жыцці свайго народа даследчыца лічыць разлад паміж нявесткай і свякроўкай. Цяжар такога разладу кладзецца на плечы сыну і, як лакмусавая паперка, правярае яго на даросласць у прыняцці жыццёва важных для яго рашэнняў. Лёс і шчасце жанчын, кожная з якіх «хоча быць паняй валадарнай сэрца дарагога чалавека, быць яму найдаражэйшай» [162, 239], залежыць ад таго, на чый бок стане мужчына. Нармальна, калі мужчына прымае бок жонкі, калі ж наадварот – то адразу ўзгадваецца Фрэйд. Згодна з яго вучэннем непераадолены Эдыпаў комплекс указвае на інфантыльнасць асобы, на яе структурную незавершанасць [149, 573]. Прыхільнасць сына да маці бывае настолькі моцнай, што можа стаць перашкодай у адносінах з жонкай, тады жыццё нявесткі можа стацца невыносным у такім доме. Свякроўка ж, якая перашкаджае жыць маладой сям’і, патрабуючы ў сына выбару «альбо я, альбо яна», таксама, у адпаведнасці з тэорыяй Фрэйда, не зусім пераадолела комплекс Электры (у дадзеным выпадку яе рэўнасць узнікае з празмернай прыхільнасці да сына і выліваецца ў нядобразычлівыя адносіны да нявесткі, якую яна ўспрымае як суперніцу). Беларуская народная песня не тлумачыць, чаму так адбываецца, чаму складваюцца такія ўзаемаадносіны ў сям’і, яна толькі канстатуе факт. Цётка ж выбар сына на карысць жонкі ці маці звязвае з выбарам розуму ці сэрца, але выбар абавязкова павінен прысутнічаць.

Даследчыца застаецца сабой, калі звяртае ўвагу на несправядлівасць у адносінах да жанчыны не толькі ў сям’і, а і ў грамадстве. Яе сацыяльную неабароненасць замацоўвае закон, што грунтуецца на звычаі, які ў сваю чаргу прыніжае жанчыну з-за яе меншай фізічнай сілы і, як вынік – меншым укладзе ў вытворчасць сям’і пры натуральным гаспадаранні. Паколькі яе хатнія клопаты, а таксама нараджэнне і выхаванне дзяцей не браліся пад увагу ні звычаямі, ні законамі, якія стваралі мужчыны. У песнях такая няроўнасць падкрэсліваецца тым, што сын атрымлівае ад бацькі спадчыну, а дачка – толькі пасаг. Таксама, калі сям’я распадаецца – нават калі віна ў гэтым мужчыны, – крыўда заўсёды застаецца жанчыне, менавіта яна застаецца без даху над галавой, бо закон і звычай не на яе баку. Неабароненасць у прававых адносінах — адна з прычын таго, што жанчынай «так часта памыкаюць у мужнінай хаце» [162, 241]. З вышэй сказанага мы бачым, што несправядлівасць у адносінах да «слабага полу» ў сям’і мае пад сабой і псіхалагічныя, і сацыяльныя карані. «Але ўсякаму ліху ёсць канец!.. Кабеты таксама злягчэе доля, як даб’юцца роўных правоў з мужчынамі» [162, 247]. Такімі словамі веры заканчвае сваё даследаванне беларускіх народных песень А.Пашкевіч.

У творах, прысвечаных дзецям, заўважаецца, што Цётку хвалявала праблема сіроцтва (гэта відаць нават з іх назваў). Нелітасцівы лёс да сірот – не аспрэчвае гэтую дадзенасць пісьменніца, але шчыра верыць, што калі вырастуць, то павінны і стануць яны карыснымі для сваёй краіны. Так у вершы «Сынок маленькі» аўтарка спрабуе пранікнуць у псіхалогію дзіцяці, гаворыць пра яго неадольнае імкненне да пазнання Свету, жаданні ўзысці на дрэва пазнання Дабра і Зла, усіх супярэчнасцей Быцця, а шлях такі ляжыць, і гэта вельмі добра ўсведамляе Цётка, праз адукацыю:

Татульку, я хачу чытаць;

Татульку, хачу свет пазнаць;

Татульку, ехаць хачу праз моры;

Татульку, пабачыць хачу горы [162, 75].

Напісаны пазней верш «Лучынка» яшчэ раз падкрэслівае разуменне аўтаркай значэння адукацыі для станаўлення нацыі, яе свядомасці і, у рэшце рэшт, будучыні. Паэтка марыць асвяціць «Лучынкай» усе цёмныя куты сялянскіх хат, адшукаць («высвеціць») у іх усю моладзь і перадаць ёй святло сваёй душы, данесці яго да кожнага. «Лучынка» ў вершы – сімвал самаахвярнасці (бы сэрца Данкі), які ўказвае нялёгкі, але правільны шлях «наперад».

Вялікім болем у душы чытача адгукаюцца вершы «Сіраціна слёзкі лье…» і «Сірацінка». У першым з іх аўтарка гаворыць, што сірочыя слёзы маюць вялізную сілу ўздзеяння не толькі на чалавечыя душы, яны здольны зруйнаваць, «спаліць» і камень, і сталь. Але чаму столькі сірот наўкола? Ці іх заўважае толькі Цётчын зрок? Ці не дзеці гэта ўдзельнікаў рэвалюцыі 1905 года? Можа, гэта першае разуменне паэткай марнасці людскіх ахвяр дзеля вялікіх мэт і ідэй? Бо пра якое светлае заўтра можа ісці гаворка, калі сёння паўсюль плачуць дзеці-сіроты?! (Верш напісаны ў 1906 годзе). Лірычную гераіню верша «Сірацінка», якую адрынуў людскі свет («Дзядзька выгнаў з роднай хаты») [162, 93], не пакідае толькі прырода, персаніфікаваная, як і ў вершах «Лета» і «Восень», яна дожджыкам мые сіраце шчочкі, травой усцілае пасцель, пырнікам укрывае босы ножкі, становіцца для дзяўчынкі роднай маткай. Аўтарка верыць, што і неба не засталося абыякавым да сіраты – ёсць там зорка, «твая ўласна», якая абавязкова выведзе з цемры, галечы, няшчасця. Сірата – гэта і ўвесь беларускі народ, і ўся радзіма-Беларусь, што збудзілася і шукае свой шлях, які будзе, і Цётка свята ў гэта верыла, шчаслівы і вольны.

Апавяданні «Сірата» і «Міхаська» працягваюць тэму сіроцтва. І калі «Сірата» – твор сюжэтны, падзейны і перадае «ўдалы» лёс Настулькі, то «Міхаська» – твор псіхалагічны, і задача аўтаркі ў ім не распавесці пра жыццёвыя перыпетыі хлопчыка-сіраты і тым выклікаць спагаду і спачуванне, а, хутчэй, даказаць, што свет трымаецца на Любові, і што яе можна выхаваць толькі аналагічным пачуццём, як жорсткасць жорсткасцю. Праблема выхавання дзяцей гучыць як заклік аўтаркі – любіце і будзьце літасцівымі!..

 

4. «Словы кахання» ў вершах К.Буйло.

Што тычыцца К.Буйло [25], то яшчэ ў свой час А.Луцкевіч лічыў яе супрацьлегласцю Цёткі ў жыцці. Жыццёвы ж тон, на яго думку, адыгрывае вялікую ролю ў станаўленні творчай асобы. Таму яго не здзіўляе, што на першым месцы ў яе вершах «чуюцца словы кахання», пачуцця, якое яна бачыць у марах-снах, якое прадчувае душою. «Тыповай адзнакаю вершаў К.Буйло крытык называе «эратычную інтуіцыю» [35, 451]. А вершы, сабраныя ў зборніку «Курганная кветка», – «песнямі кахання». Увогуле гэтым пачуццём сагрэта ўсё, да чаго дакранаецца паэтка, Радзіма гэта ці каханы, лічыць А.Луцкевіч. Мы згаджаемся з думкамі даследчыка, але зазначым, што ён не ўлічвае узрост паэтак. Першыя вядомыя вершы Цёткі створаны, калі ёй было далёка за дваццаць (уплыў узросту на «жыццёвы тон» пісьменніц, іх гендэр больш падрабязна разгледжаны на прыкладзе творчасці Р.Баравіковай). Вершы ж К.Буйло, што склалі зборнік «Курганная кветка», напісаны ў юнацкім узросце, менавіта ўзрост абумоўлівае перавагу кахання над іншымі жыццёвымі праблемамі.

Адкрываючы зборнік вершам «То ня песьня...», К.Буйло прадстаўляе сябе ў якасці выразніцы «дум народных», працягвае традыцыі першых паэтычных зборнікаў Я.Купалы і Я.Коласа. Але паэтка застаецца душою ў «чароўным краі прадвесьні», яе думка імкне туды, дзе знаходзіцца сапраўдны ці ўяўны «ён», «мілы» («Ляці думка...»). Любоў да роднага краю і прыроды («Люблю», «У лесе») не засланяе прагі кахання. Мары аб ім падчас сваёй вясны чалавечай («Дзяўчына») не пакідаюць лірычную гераіню. Урэшце мары і сны становяцца прадвеснікамі сустрэчы з каханым, «пекным як бог» /25, 22/. На думку А.Лойкі, менавіта К.Буйло «пачата ў роднай літаратуры так званая дзявочая паэзія» [74, 454] (хоць свае першыя вершы яна падпісвала псеўданімам брата). Лірычная гераіня шчыра верыць, што жыццё «разам» будзе лягчэйшым («Я шукала...»). Яна па-юнацкі марыць аб вечным каханні – іншае ёй не патрэбна [25, 26]. (Адпаведную думку выказвае Я.Купала ў вершы «Дзяўчынка, галубка мая». Паэт у каханай здольны бачыць вернага сябра, з якім пражыве ўсё жыццё і разам пакіне гэты свет. Сугучная згаданым вершам і паэма Я.Купалы «Яна і я».). Паэтка прызнаецца, што каханне скоўвае думкі ў адзін «круг, чароўны і цэлы». З-за гэтых дум нават сон не ідзе да дзяўчыны, «не змыкае вочы» [25, 27]. Для інтымнай лірыкі К.Буйло характэрна абагаўленне каханага: «І здавалася мне, што ты бог над вадой» [25, 25]; «Як бы Бог хараства, ты стаяў прада мной...» [25, 33]. Неакрэсленасць яго вобраза гаворыць аб тым, што лірычная гераіня прыдумвае каханага, ён не існуе ў сапраўднасці. Да таго ж, закаханая дзяўчына стварае магчымыя варыянты ўзаемаадносін з уяўным каханым: то не можа прызнацца ў сваіх пачуццях і гатова аддаць жыццё за каханне, то спавядаецца, давяраецца каханаму вельмі сціпла, тактоўна, сарамяжліва.

Часам мары паэткі саступаюць месца роздуму і нават суму. Час ад часу з’яўляецца жаданне пакінуць гэты свет: «Адна, ізноў адна...» [25, 34]. Разыходжанні жаданняў душы і цела, асобы і соцыуму, мар і рэчаіснасці праглядваюцца ў вершах «Ў краіне мар», «Не глядзі». Акцэнт у вершах ставіцца на залежнасць дзяўчыны ад волі бацькоў пры выбары мужа. Сапраўдныя жыццёвыя сітуацыі, што адлюстроўваюць бяспраўнасць жанчыны ў сям’і, перададзены аўтаркай у сюжэтных вершах («Рута», «Курган»). Асноўная іх тэма – каханне, але каханне няроўнае, таму трагічнае.

Пералівы настрояў і пачуццяў вельмі адчувальныя ў зборніку, што дае падставу яшчэ раз адзначыць звышпачуццёвасць жаночай паэзіі. Аўтарка часта выкарыстоўвае выклічнікі, ужывае клічныя сказы, што ўказвае на экспрэсіўнасць і эмацыянальнасць паэткі.

Аб жаданні адпавядаць часу сведчаць раннія вершы Яўгеніі Пфляўмбаўм [103]. Па вызначэнні У.Конана, яны «добра ўпісаліся ў кантэкст першапачатковага, сялянскага маладнякізму...» [60, 9]. Што ўказвае на наследаванне мужчынскай традыцыі, на гендэрную асіметрыю грамадства, на немагчымасць для жанчыны рэалізавацца ў творчасці на свой манер (з-за адсутнасці жаночай традыцыі ў беларускай літаратуры пач. ХХ ст.). Такое разуменне паэзіі можна патлумачыць і ўзростам аўтаркі. Вершы сталай Я.Пфляўмбаўм, напісаныя на аснове асабістага жыццёвага вопыту, вылучаюцца арыгінальнасцю пачуццяў і думак. Яна ўжо не прымае ідэалагічных патрабаванняў да паэзіі, а таму доўгі час не выносіць свае вершы на суд чытачоў і прызнаецца ў наступным: «Я пісала тое, што хачу, а наўкол чулася іншае, можа, не зусім адчутае аўтарамі, але абавязковае...» [104, 6].

 

 

ТЭМА 8

ЖАНЧЫНА ЯК ВЫТВОРЦА ЗНАЧЭННЯЎ ЖАНОЦКАСЦІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ СЯРЭДЗІНЫ І ДРУГОЙ ПАЛОВЫ ХХ ст.

 

Лекцыя 1

1. Месца жаночых праблем у лірыцы Л.Геніюш.

2. Пратэст супраць абмежавання дзейнасці жанчын прыватнай сферай і правамі мужчын на жанчын у вершах Л.Геніюш.

3. Прыярытэт у адлюстраванні сацыяльных ролей жанчын у лірыцы В.Коўтун.

4. Узаемазалежнасць закаханых у інтымнай лірыцы паэткі; змяншэнне супярэчнасцей полаў у сталасці.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 1502; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.118.166.47 (0.009 с.)