Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Гендэрныя даследаванні на постсавецкай прасторы

Поиск

1. Сучаснае рускае літаратуразнаўства і гендэрныя даследаванні.

2. Падыходы беларускіх навукоўцаў да праблемы гендэра. Тэарэтычныя высновы А.Усманавай.

3. Артыкул І.Шаблоўскай “Жаночая доля”: адметнасцьгендэрнага вопыту беларускіх жанчын у межах адной этнічнасці.

4. Уклад У.Іванова, С.Дубаўца, Р.Баравіковай, Л.Рублеўскай.

 

1. Сучаснае рускае літаратуразнаўства і гендэрныя даследаванні.

У рускай філасофскай думцы тэма полу актыўна стала абмяркоўвацца толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, адбывалася гэта на фоне моцнага ўплыву праваслаўя. У філасофіі вылучаецца некалькі канцэпцый полу: славянафільская (А.Хамякоў), рацыяналістычная (М.Чарнышэўскі), рэлігійная «філасофія полу» (У.Салаўёў, В.Розанаў, М.Бярдзяеў; Л.Талстой, Ф.Дастаеўскі). Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ні ў адной з тэорый «фемінны пачатак ніколі не ацэньваецца як роўны маскуліннаму і самастойны, а заўсёды толькі як дадатковы» [30, 17].

Ф.Дастаеўскі вырашае праблему гендэрных узаемаадносін у «Дзённіку пісьменніка» (1876-1877) [39; 40; 41]. Адносіны пісьменніка да рускай жанчыны ў гэтым творы дваістыя: з аднаго боку, ён лічыць, што ў «рускай жанчыне заключана адзіная надзея і залог на абнаўленне» [40, 28], з другога – галоўнымі жаночымі вобразамі «Дзённіка» з’яўляюцца альбо злачынцы, альбо ахвяры злачынстваў, альбо самазабойцы (Пярова, Каірава, Карнілава, Кроткая); жанчыны са шчаслівым лёсам амаль адсутнічаюць. Руская жанчына знаходзіцца ў канфлікце з мужчынам. Яна пазбаўлена кахання і сям’і, і такая сітуацыя падштурхоўвае яе да супрацьнатуральных учынкаў: яна ці распусная, ці пакідае свой дом, а часам становіцца забойцай. Падштурхоўвае яе да гэтага рускі мужчына, які «па волі гістарычных абставін стаў гаспадаром сучаснай рускай рэчаіснасці» [148, 29] і па гэтай прычыне з’яўляецца саманадзейным, эгаістычным, няздольным жыць сумленна. Ён дэградуе сам, разбурае сям’ю, падштурхоўвае жанчыну да злачынства.

Кампазіцыя жаночых вобразаў у «Дзённіку» адлюстроўвае разуменне Дастаеўскім рэальнай сітуацыі ў грамадстве, калі жанчына аказваецца на перыферыі грамадскай свядомасці. Увага грамадскасці скіроўваецца на жанчыну толькі ў экстракардынальных выпадках, калі яна ў якасці злачынцы ці ахвяры аказваецца ў цэнтры якога-небудзь скандальнага здарэння. Аўтар бачыць у гэтым супраціўленне – яўнае, але неўсвядомленае – таму ладу, што склаўся ў грамадстве. І якраз супраціўленне норме, якое адбываецца ўсё часцей, сведчыць аб няправільнасці апошняй. «Норма» ж прыдуманая і ўстаноўленая мужчынамі для жанчын і па сваёй прыродзе з’яўляецца памылковай. «Галоўным віноўнікам сучаснага драматычнага (і нават трагічнага) становішча рускай жанчыны з’яўляецца свет, арганізаваны па-мужчынску» [148, 31]. Яго прадстаўляюць адвакат Уцін, муж Кроткай. Менавіта гэтыя мужчыны навязваюць жанчынам сваё ўяўленне пра іх саміх, прымушаюць мысліць па-свойму, па-мужчынску. Дыктат мужчынскага праяўляецца не толькі ў сферы грамадскай свядомасці, але і на бытавым узроўні. Патрэбна адзначыць таксама, што аўтар лічыць злачынствы жанчын вынікам няправільна зразумелай ідэі жаночай эмансіпацыі, што прыйшла ў Расію з Захаду. Ідэя роўнасці стала ідэяй прыпадабнення жанчын да мужчын. Прыкладам такога прыпадабнення, на думку аўтара, з’яўляецца Жорж Занд, жанчына з мужчынскім імем і ў мужчынскім адзенні. Але гэта геніяльная жанчына, якая сваім лёсам і творчасцю прадэманстравала выхад са становішча, якое склалася. Дастаеўскі падкрэслівае натуральнасць мастацкай творчасці Жорж Занд, якая праявілася ў тым, што пісьменніца «больш любіла выстаўляць гераінь, чым герояў» [40, 35]. Адметнасцю жаночага пісьма і жаночага чытання фемінісцкі літаратурны крытыцызм таксама лічыць зварот да жаночых вобразаў, якія мужчынамі ўспрымаюцца як другасныя [44, 139].

Прыклад гендэрнага аналізу мастацкіх твораў падае руская даследчыца Т.Ровенская [106; 107; 108]. На матэрыяле рускай жаночай прозы сярэдзіны 80-х – пачатку 90-х гг. ХХ ст. яна даследуе «феномен гендэрнай віны», псіхалагічны дыскамфорт, што адчуваюць аўтаркі і гераіні. Даследчыца зыходзіць з таго, што грамадства кантралюе жанчыну пры дапамозе хрысціянскага комплексу віны, што «даведзены да фарсу» [107, 215]. Аднак патрэбна зазначыць, што кантроль над чалавечай асобай з’яўляецца і мэтай сацыяльных інстытутаў. На гэта ў свой час указваў М.Фуко [152]. За аснову Т.Ровенская бярэ азначэнне віны ў псіхааналізе (К.Хорні), згодна з якім, гэтае пачуццё ўзнікае «ў выніку парушэння маральных патрабаванняў ці ўнутраных забарон, якія маюць сілу ў дадзенай культуры, і з’яўляюцца выражэннем балючага пераканання ў тым, што такое парушэнне было здзейснена» [107, 215]. Пры гэтым балючае адчуванне адносіцца да парушэння нормы, якую індывід сам для сябе ўстанаўлівае. Даследчыца прапаноўвае ў артыкуле гіпотэзу, згодна з якой існуюць гендэрна-нейтральная (агульначалавечая) і гендэрна-матываваная віна. Апошняя мае нацыянальна-гістарычныя і культурна-псіхалагічныя асаблівасці. А паколькі існуюць два тыпы сацыяполавых роляў (мужчынскі і жаночы), то і пачуццё віны суадносіцца з гэтымі тыпамі.

Т.Ровенская шукае адказ на пытанне: «У чым жанчына адчувае сваю віну?». Сучасная руская жаночая проза дае падставу даследчыцы зрабіць наступныя высновы:

— у тым, што неабачліва падпарадкоўваецца сваім пачуццям;

— у тым, што праецыруе адносіны грамадства да жанчыны ўвогуле на адносіны да сябе самой;

— у тым, што ёй неабходна ўвесь час пераконвацца ў запатрабаванасці грамадствам і пераконваць іншых у сваёй значнасці;

— у тым, што статус «каханай», «жаданай», у адрозненне ад «некаханай», уплывае на псіхалагічны дыскамфорт жанчыны і надае ёй сацыяльную значнасць; але адначасова прымушае жанчыну адпавядаць экспектацыям грамадства, «губляць свой голас»;

— у тым, што адказнасць за лёсы блізкіх ёй людзей (гэта фармулюецца, як «я павінна ўсім») праяўляецца ў безадказнасці жанчыны перад сабою.

Гендэрныя даследаванні ў сучасным рускім літаратуразнаўстве намнога шырэйшыя, чым у беларускім. Найбольш цікавыя з іх – работы К.Таратуты [129], І.Саўкінай [119], М.Шопавай [170]. Даследчыцы звярнуліся ў асноўным да жаночай літаратуры і жаночых вобразаў з мэтай выявіць як мужчынскі погляд на жанчыну, так і жаночае ўспрыняцце сябе.

 

2. Падыходы беларускіх навукоўцаў да праблемы гендэра. Тэарэтычныя высновы А.Усманавай.

Апошнім часам беларускія навукоўцы таксама пачалі звяртацца да праблемы гендэра (А.Усманава [132], І.Шаблоўская [167], У.Іваноў [49]). Найбольш грунтоўным з тэарэтычнага пункту гледжання з’яўляецца артыкул А.Усманавай. У ім яна разважае «пра фемінісцкую крытыку гісторыі і тэорыі мастацтва» на сучасным этапе. Але асноўныя тэарэтычныя палажэнні названага артыкула могуць быць выкарыстаны і для даследавання твораў мастацкай літаратуры, ва ўсякім разе іх выкарыстоўвае і фемінісцкі літаратурны крытыцызм. А.Усманава апелюе да дасягненняў заходняга мастацтвазнаўства.

Даследчыца звяртае ўвагу на адно з палажэнняў фемінісцкага крытыцызму, згодна з якім «жанчына адсутнічае» ў гісторыі заходняга мастацтва і культуры наогул. Але гэта не тычыцца створаных мужчынамі вобразаў жанчын, бо іх якраз дастаткова. Гэта праяўляецца ў адсутнасці «прасторы для жаночага погляду». А таксама ў адсутнасці жанчын у мастацтве да ХХ стагоддзя (Гэтага, на наш погляд, нельга сцвярджаць у адносінах да беларускай літаратуры да ХХ ст., аб чым будзе сказана ніжэй). Традыцыйным лічыцца стэрэатып «мужчына – творца, жанчына – аб’ект яго даследавання», які ў выніку пераносіцца на палотны і ў тэксты. Вобразы жанчын, з пункту гледжання фемінісцкага крытыцызму, усяго толькі нарцысічнае выяўленне мужчынскага Эга. Таму паняцце «жаночага вобраза», на думку даследчыцы, павінна быць заменена ўяўленнем пра «жанчыну як пазначальнае ў ідэалагічным дыскурсе» [132, 225]. Такі падыход дазволіць убачыць, як у розныя часы розныя значэнні прыпісваліся розным «жаночым вобразам». Жаночае ўспрыняцце пры гэтым па сутнасці адсутнічала. Вобразы жанчын-маці, анёла, распусніцы, музы паэта ці мастака і іншыя функцыянавалі «як пазначачыя патрыярхатнай культуры», мужчынскага ўяўлення пра сябе і жанчыну. Іх галерэя адлюстроўвае ўяўленне пра тое, што гэтая культура лічыла станоўчым, а што адмоўным, таму выцясняла, «рэпрэсавала». Мастацтва, як і існуючая рэальнасць, адлюстроўвала імкненне патрыярхатнага соцыуму не толькі падпарадкаваць сабе жанчыну, але і пакараць яе за тыя грахі, віну за якія павінна несці мужчынская яго палова (вобраз Евы).

А.Усманава трактуе гендэр як эфект рэпрэзентацыі, як працэс дыферэнцыяцыі мужчынскага і жаночага праз розныя культурныя практыкі – мову, літаратуру, культуру, мастацтва, навуку – паколькі «немагчыма сцвярджаць нейкую першапачаткова існуючую сексуальнасць мужчынскага ці жаночага тыпу» [132, 229]. Рэпрэзентацыя ў дадзеным выпадку разумеецца як спосаб узнаўлення ідэй, а не рэальнасці. Гэта маніфестацыя пэўнага спосабу бачання, суб’ектыўнага ў сваёй аснове. Менавіта рэпрэзентацыя легетымуе ідэалогію, што дамінуе ў грамадстве, і формы субардынацыі, гэтым яна аказваецца палітычнай у сваёй аснове.

Адной з цэнтральных у фемінісцкай крытыцы з’яўляецца праблема ідэнтыфікацыі, даследавання жаночай пачуццёвасці і сексуальнасці ў мастацтве. Праблема гэта вырашаецца праз аналіз таго, як жаночая пачуццёвасць і сексуальнасць канструююцца сродкамі мастацтва. Жанчына заўсёды рэпрэзентуе два пункты гледжання: «мужчынскі» і «жаночы». Першы з іх навязаны дамінуючай у грамадстве ідэалогіяй, другі звязаны з думкамі і пачуццямі рэпрэсаванай сацыяльнай групы [132, 229-230].

 

3. Артыкул І.Шаблоўскай “Жаночая доля”: адметнасць гендэрнага вопыту беларускіх жанчын у межах адной этнічнасці.

Артыкул І.Шаблоўскай «Жаночая доля» [167] толькі ўскосна закранае праблему гендэра. Аўтарка не дае тлумачэнняў і прыкладаў прымянення тэрміна «гендэр» у якасці катэгорыі аналізу мастацкіх твораў. Яна, аднак, пераконвае ў «вялікім значэнні гендэрнага падыходу» ў культуры і жыцці чалавецтва наогул, бо не існуе сярэдняга чалавека, ён – «вынік разумовых дэфініцый». Неабходна адзначыць, што Шаблоўская вызначае гендэрны вопыт беларускіх жанчын праз яго адсутнасць: «Пакаленні беларускіх жанчын выраслі без дзядоў, якіх зрабілі ворагамі народу, без бацькоў, якіх забілі на франтах, без неабходнага ў дзяцінстве мужчынскага пляча... Многім з іх было наканавана жыць у адсутнасці сваіх Рамэа. Гендэрны вопыт, такі неабходны з дзяцінства, у няпоўных сем’ях, а дакладней, па аналогіі з імі, у няпоўным грамадстве – наогул быў страчаны. Гэта – адзін з нюансаў Беларускай трагедыі» [167, 50]. На наш погляд, аўтарка, акцэнтуючы ўвагу на нацыянальнай адметнасці беларускага жаночага вопыту, робіць няправільную выснову. Гендэрны вопыт не можа быць страчаны ў прынцыпе, бо прысутнічае ў кожным чалавеку (кожны жыццёвы вопыт ёсць гендэрны вопыт). У дадзеным выпадку гаворку трэба весці аб спецыфічнасці гендэрнага вопыту беларускіх жанчын у межах адной этнічнасці, улічваючы пры гэтым сацыяльныя і ўзроставыя адрозненні (стратыфікацыйнасць гендэра). Згодна з апошнімі напрацоўкамі гендэрнай тэорыі не існуе жанчын з аднолькавымі жыццёвым вопытам і адносінамі да жыцця (Дж.Батлер).

У сваіх развагах «пра мужчынскі розум і жаночую інтуіцыю» аўтарка, аддаючы перавагу інтуіцыі і жанчыне як яе носьбіту, сутнасць жанчыны тлумачыць біялагічным фактарам, пакідаючы па-за ўвагай сацыякультурны – гендэрны – аспект: «Ім (жанчынам – Т.Ф.) наканавана (прыродай, богам? – Т.Ф.) берагчы чалавечы род» [167, 53]. Далей у сваіх развагах аб жаночай паэзіі аўтарка сцвярджае адваротнае: «Існуе жаночая проза, і паэзія, і драматургія. Само пытанне гэтае закранае стрыжань галоўнай гендэрнай праблемы. Жаночая паэзія не такая шматколькасная, як мужчынская, усё па той жа прычыне: цывілізацыя наша створана не жанчынай. У ёй дамінуе мужчынская аснова... Што датычыць мастацтва, яно спрадвеку лічылася мужчынскай прафесіяй. Калі жанчына мела час лезці на скалу і высякаць там маманта? Ці магла яна прабіцца нават у багамазы? Ёй самой цывілізацыяй наканавана было сядзець за печчу, на другім плане» [167, 54]. Сапраўды, цывілізацыя ёсць стварэнне чалавечае / мужчынскае, менавіта ёю вызначаюцца месца і роля жанчыны ў грамадстве (прычым у розных грамадствах неаднолькавая, але менш значная, чым мужчынская), гэта пацвярджае, што гендэр з’яўляецца сацыякультурным канструктам, а не біялагічным фактам. Разважанні І.Шаблоўскай умоўна можна аднесці да «недакладнай тэорыі гендэра», згодна з якой існаванне двух супрацьлеглых «гендэраў» прымаецца як дадзенасць, пры якой «прырода» мужчын і жанчын адрозна настолькі, што іх можна развесці па розных сацыяльных катэгорыях (В.Вароніна [30, 12]).

 

4. Уклад У.Іванова, С.Дубаўца, Р.Баравіковай, Л.Рублеўскай.

У.Іваноў [49] гаворыць аб неабходнасці гендэрных даследаванняў менавіта ў беларускай літаратуры і аналізуе жаночую паэзію ХХ стагоддзя. Свой аналіз ён праводзіць хутчэй з пазіцый полу, а не гендэра. Даследчык не карыстаецца набыткамі гендэрнай тэорыі, распрацаванымі ў заходняй культуры. Як станоўчыя неабходна адзначыць высновы аб спецыфічнасці жаночага вопыту, адлюстраванага ў беларускай літаратуры мінулага стагоддзя. Прычыну яго адметнасці аўтар бачыць у паяднанасці жаночага руху з нацыянальнымі праблемамі і сацыяльнай прыгнечанасцю, што адцягнула ўвагу ад праблем полу. Узнікненне жаночай літаратуры ў названы перыяд даследчык бачыць у тэндэнцыі паслаблення імперскасці, якая суправаджалася ўзмацненнем нацыянальна-вызваленчых рухаў. Дзякуючы апошняму «сталася магчымым ганарыцца беларускім паходжаннем». У гэты час на арэну беларускай літаратуры пачынаюць выходзіць жанчыны, першынство сярод якіх бясспрэчна належыць Цётцы. Не аспрэчваючы думкі У.Іванова, зазначым, што з’яўленню жанчын у айчыннай літаратуры на пачатку мінулага стагоддзя спрыяла развіццё капіталізму. Гэта дало жанчыне магчымасць стаць уласніцай хаця б сваіх працоўных рук, якія яна магла прадаваць на рынку працы за грошы, незалежна ад волі мужа ці бацькі. Наступнай прычынай з’яўляецца магчымасць атрымаць адукацыю. Яна звязана з папярэдняй і робіць жанчыну эканамічна незалежнай.

Слушную ў сваёй аснове выснову даследчыка: «На працягу ўсяе гісторыі, уключаючы 19-е стагоддзе, у жанчын не было часу на эксперымент (са словам – на творчасць – Т.Ф.), бо самі з’яўляліся аб’ектам мужчынскіх даследаванняў» [49, 6], – можна дапоўніць тым, што творчасць жанчын да ХХ стагоддзя яшчэ мала даследавана. Калі не браць пад увагу толькі моўны фактар іх твораў, а звяртаць увагу перш за ўсё на зместавую напоўненасць, паходжанне аўтарак, то беларуская жаночая літаратура да ХХ стагоддзя папоўніцца шматлікімі імёнамі. У гэтым упэўніваюць апошнія даследаванні (В.Коўтун «Стала песняю ў народзе...» [69], І.Э.Багдановіч «Авангард і традыцыя» [7] і некаторыя іншыя).

Неабходна адзначыць, што і І.Шаблоўская, і У.Іваноў акцэнтуюць увагу на выніку канструявання гендэра, падкрэсліваюць адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі і не звяртаюць увагу пры гэтым на тое, што гендэр – гэта яшчэ і працэс фармавання адрозненняў паміж мужчынамі і жанчынамі, якія не зададзены біялагічна, а культурна, таму здольны змяняцца.

Ускосна даследуемую намі праблему закраналі С.Дубавец [42], Р.Баравікова [11], Л.Рублеўская [110; 111]. Усе яны спрабуюць зразумець сутнасныя адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі і іх праяўленне ў творчасці. Ужо больш за дзесяцігоддзе таму С.Дубавец выказаў думку, што жаночую паэзію нельга разглядаць з пазіцый традыцыйнага літаратуразнаўства, як нельга разглядаць жанчыну як чалавека, што адрозніваецца «ад мужчыны толькі некаторымі фізіялагічнымі асаблівасцямі» [42, 196]. Пад традыцыйным літаратуразнаўствам неабходна разумець аналіз жаночай паэзіі праз прызму мужчынскай, лічачы мужчынскую за абсалют, ідэал. Жаночая паэзія сапраўды не горшая, толькі іншая, як іншая жанчына адносна мужчыны. І як бывае добрай ці дрэннай мужчынская паэзія, так ёсць добрая і дрэнная паэзія жаночая. Нельга сцвярджаць, што жаночая паэзія ніжэйшая на ўзровень толькі таму, што яна жаночая. Сапраўдная паэзія – гэта перш за ўсё пачуццё, эмоцыі (а яны найбольш уласцівыя жанчынам). Магчыма, жаночую паэзію неабходна вымяраць іншай сістэмай каардынат.

Р.Баравікова выказвае думку, «што такога паняцця, як «жаночая» паэзія, увогуле не існуе. Яго прыдумалі мужчыны. Ёсць проста паэзія і розныя яе выканаўцы» [11, 58]. Як і С.Дубавец, яна лічыць жанчыну бліжэй да паэзіі, да сутнасці паэзіі, бо гэта тая сфера дзейнасці, якая не заўсёды «паддаецца сіле».

Л.Рублеўская працягвае размову на згаданую тэму наступным чынам: «А што тычыцца жаночай творчасці... доўгі час я не прызнавала гэтага ўвогуле. Прыстаўкі «жаночы» – да слоў «творчасць», «паэзія», «проза», «драматургія» і г.д. І цяпер я супраць такіх фармулёвак – але нікуды не падзенешся, мы – жанчыны. Адрозныя ад мужчын. Не лепшыя, не горшыя, проста – адрозныя... Сваю прыроду не перайначыш, дый грэх гэта – адмаўляцца ад уласнага полу, гэтак жа, як і ад нацыянальнай прыналежнасці» [110, 10]. Аўтарка блізка падышла да разумення ўзаемазалежнасці такіх паняццяў, як гендэр і раса, гендэр і клас і г. д., якія з’яўляюцца базіснымі ў гендэрнай тэорыі. І ўсё ж у прыведзеным выказванні прысутнічае біялагічнае вызначэнне полу і не больш таго. Жанчыны ўспрымаюцца як нейкая еднасць, аднолькавасць, якой яны ніколі не з’яўляліся. Іх аб’ядноўвае толькі пол. Больш цікавымі ў гэтым плане, нам падаецца, з’яўляюцца даследаванні Л.Рублеўскай жаночага міфа ХХ стагоддзя, зробленыя на параўнанні паэзіі 10-20-х і 80-90-х гадоў. Так, для пачатку стагоддзя вобраз жанчыны як тыповай прадстаўніцы нацыі не быў дамінуючым у паэзіі. Жанчына ў гэты час з’яўляецца элементам «асяродку існавання абагульненага героя» [111, 242]. Калі ўсё ж такі прааналізаваць яе вобраз, атрымаецца наступнае – «гаспадыня, маці, жонка, дачка – сінхронна з мужам перажывае выпрабаванні лёсу, да якіх дадаецца п’янства мужа, выкліканае фатальным нешанцаваннем у жыцці. Яна працаўніца, узрост невызначальны, гэтак жа, як невызначальныя эстэтычныя вартасці яе аблічча...» [111, 242]. Зрэдку ў паэзіі, зазначае аўтарка, мае месца вобраз «Ірад-бабы», але гэта вобраз сатырычны. Дададзім ад сябе, сатыра тут падкрэслівае ўстаноўкі патрыярхатнага грамадства, якое не ўспрымае актыўную жанчыну, жанчыну, якая камандуе мужам, пагаршаючы гэтым і так нялёгкае яго жыццё. Аўтарка падкрэслівае, што падобны пункт гледжання на жанчыну характэрны і мужчынскай, і жаночай паэзіі. Напрыканцы мінулага стагоддзя сітуацыя мяняецца, ствараецца іншы міф пра жанчыну. Вобраз вясковай маці, на думку даследчыцы, з’яўляецца «рэптыльнай тэмай». Рамантычная плынь у паэзіі гэтага часу падае вобразы канкрэтных гістарычных асоб: Рагнеду, Ефрасінню Полацкую і інш. Гераіня рамантычнай плыні – гэта «менавіта жаноцкасць як адрозная ад мужчынскай ментальнасць». Адной з вядучых у 80-90-я гады з’яўляецца тэма адносін паміж мужчынам і жанчынай. Праяўленнем апошніх з’яўляецца каханне, якое падаецца ў знітаванасці з пакутай зноў жа незалежна ад полу аўтара. Адносіны паміж поламі ў паэзіі Л.Рублеўская вызначае адначасна «як узаемнае прыцягненне, жаданне з’яднацца ў гарманічнае цэлае, так і боязь гэтага з’яднання, жаданне захаваць сваю індывідуальнасць» [111, 246]. Такія адносіны найбольш уласцівыя жаночай паэзіі. Менавіта яна падае новы тып гераіні – «незалежнай, самадастатковай, раўназначнай герою», што, несумненна, з’яўляецца дасягненнем паэзіі канца мінулага стагоддзя і звязана з развіццём грамадства ўвогуле. Ускосна закранае ў гэтым артыкуле Л.Рублеўская адну з тэорый гендэра – гендэр як метафара. Яна сцвярджае, што своеасаблівасць трактоўкі нацыянальным міфам вобраза радзімы заключаецца ў тым, што родны кут прама ці ўскосна атаясамліваецца з вобразам жанчыны. Прычым з «персаніфікацыяй радзімы ў беларускага паэта адносіны амбівалентныя – радзіма адначасова і гаротная, бедная, якую трэба вызваляць,.. і яна ж – цёмная, зацятая ў сваім цямноцці, неўсведамленні ўласнай годнасці, яна плоціць за ахвяры няўдзячнасцю і забыццём» [111, 245]. Жаночы міф ХХ стагоддзя, створаны беларускімі літаратарамі (пісьменнікамі і паэтамі, мужчынамі і жанчынамі), можа мець свой працяг у шматлікіх даследаваннях. У сваёй рабоце мы таксама будзем параўноўваць стэрэатыпы жаноцкасці, створаныя жанчынамі-творцамі з жаночымі вобразамі, пададзенымі ў літаратуры мужчынамі-творцамі.

Безумоўна, мы разгледзелі толькі некаторыя працы беларускіх даследчыкаў, якія можна аднесці да гендэрных даследаванняў. Ускосна, як ужо адзначалася, да гендэрных можна аднесці даследаванні, прысвечаныя тэме кахання ў творчасці пісьменнікаў і паэтаў. Паколькі менавіта каханне з’яўляецца той лакмусавай паперкай, якая праяўляе ўзаемаадносіны паміж поламі, падае стэрэатыпы такіх узаемаадносін, праз якія праглядваюцца патрабаванні патрыярхатнага грамадства да паводзін полаў.

 

 

ТЭМА 5



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 715; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.189.182.160 (0.015 с.)