Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Жанчына-ідэал у аповесці У.Арлова «Краявід з ментолавым пахам».

Поиск

Паколькі ўяўленні мужчын пра жанчын таксама мяняюцца з цягам часу, то напрыканцы мінулага стагоддзя створаны і альтэрнатыўныя традыцыйным вобразы жанчын. Яны не столькі выяўляюць характэрныя рысы жанчыны пэўнага соцыуму, колькі прадстаўляюць фантазіі канкрэтнага аўтара адносна жанчыны, жанчыны-ідэалу. Выяўляюць нязгоду (нават пратэст) асобных мужчын з грамадскімі патрабаваннямі да жанчыны, выпрацаванымі на працягу стагоддзяў. Гэта больш смелыя і больш інтымныя жаночыя вобразы.

Яркім сведчаннем такога ўяўлення з’яўляецца аповесць У.Арлова «Краявід з ментолавым пахам» [5]. Ствараючы вобраз «сваёй жанчыны» (якая не мае ні імя, ні канкрэтнага цялеснага ўвасаблення; не прывязана да пэўнага часу і соцыуму; на якую, урэшце, не ўплывае час), я-герой малюе вобраз жанчыны універсальнай, шматаблічнай (як знешне, так і ў праяўленнях характару) і непрадказальнай. Але найгалоўнейшая яе адметнасць («ідэальнасць»), перавага над іншымі вядомымі аўтару-герою жанчынамі – яна заўсёды згодна з ім на плоцевае каханне, у якім таксама паўстае даволі арыгінальнай і шматаблічнай: «Старажытныя індыйцы ведалі ісціну: найпаўней спасцігнуць адна адну душы могуць толькі ў зліцці сваіх зямных абалонак» [5, 109]. Псіхааналітыкі ў сваю чаргу сцвярджаюць, што асноўнай мэтай дарослых сексуальных адносін, мэтай усякага эратычнага імкнення з’яўляецца ўзнаўленне ўзаемаадносін з маці, эмацыя-нальнага і фізічнага саюзу, які быў паміж дзіцём і ёю падчас «даэдыпавай стадыі развіцця», такога стану, «у якім задаволены ўсе патрэбы» [164, 55]. «Мужчына дасягае гэтага непасрэдна праз гетэрасексуальную сувязь, якая капіруе раннюю выключнасць сувязі маці і немаўляці» [164, 61]. Мужчыну для ўзнаўлення дзіцячай сітуацыі шчасця, ідыліі, патрэбна толькі жанчына. Менавіта гэтага шукае герой У.Арлова. Жанчына больш складаная ў гэтым плане, для ўзнаўлення ідыліі, характэрнай для «даэдыпавай стадыі развіцця» ёй яшчэ патрэбна дзіця. Аўтар не ўлічвае гэтага фактару, бо ставіць на мэце зусім іншыя задачы. Ізаляванасць герояў не можа быць бясконцай, віртуальны рай патрабуе ахвяры, таму фінал аповесці трагічны.

Да «неіснуючай», «нерэальнай» жанчыны герой выяўляе рэальныя пачуцці. Акрамя страснага пачуцця кахання ў яго душы прысутнічае і пачуццё ўласніцтва. А з апошняяга вынікае рэўнасць, якая з цяжкасцю ім кантралюецца. Герой раўнуе каханую не толькі да канкрэтных мужчын, а да ўсіх, якія маглі і могуць быць у яе жыцці: «...Шмат – тых, хто здаваў і наймаў ціхую аднапакаёўку і вандраваў з Ёю...» [5, 110]. Пачуццё ўласніцтва галоўнага героя, а згодна з псіхааналізам мужчын увогуле, вынікае з яго эмацыянальнай закрытасці. Вандраванні ў прасторы і часе, мноства праяўленняў жанчыны гарантуюць працягласць мужчынскага пачуцця, вернасці, а таксама сімвалізуюць спрадвечную цягу мужчын да «разнастайнасці» ў інтымных адносінах / праяўленнях, пошуку. Гэта, да ўсяго, паказчык творчай натуры, якім і з’яўляецца я-герой аповесці.

 

4. Тоеснасць паняццяў «ідэальнасць» і «сексуальнасць» у дачыненні да галоўнай гераіні аповесці У.Арлова.

Я-герой аповесці, у адрозненне ад О.Вайнінгера [29], які праз характар адной жанчыны тлумачыць усіх астатніх, хоча сабраць якасці ўсіх жанчын у адной, і толькі тады яму не будзе з ёю сумна, за такую «віртуальную» жанчыну ён гатовы аддаць (і аддае) жыццё. Сярод рэальных жанчын герой твора такога ідэалу не знайшоў. У.Арлоў, як і О.Вайнінгер («Фізічна і псіхічна, усёй сваёй сутнасцю яна (жанчына – Т.Ф.) – не што іншае, як менавіта сама сэксуальнасць» [29, 287].), робіць акцэнт на сексуальнасці жанчыны, і абодва адмаўляюць ёй у «духоўнасці, разумнасці, лагічнасці» [182, 291]. Але жаночая сексуальнасць для О.Вайнінгера – загана жанчыны, якая дае падставу лічыць жанчыну не ў поўнай меры чалавекам (паняцці чалавек і мужчына ў дадзеным выпадку тоесныя). У.Арлоў наадварот лічыць сексуальнасць жанчыны яе найлепшай якасцю, хоць апошняя можа стацца згубнай для мужчыны. Але сексуальнасць з’яўляецца адной з далёка не самых горшых мужчынскіх якасцей. Пацвердзім гэтую выснову радкамі з кнігі ўжо згаданай намі К.Хорні (раздзел«Недавер паміж поламі»): «Мы ведаем альбо невыразна, падсвядома адчуваем, што моцнае пачуццё, страсцьможа вывесці з раўнавагі, прывесці да экстазу, прымусіць челавека адмовіцца ад вельмі многага, ад сябе самога ўключна, карацей, азначае скачок у бязмежнае. Пагэтаму сапраўднаястрасць надзвычай рэдкая» [157, 9]. Далей аўтарка зазначае, што «мы (у дадзеным тэксце займеннік «мы» ўбірае ў сябе прадстаўнікоў абодвух полаў – Т.Ф.) імкнемся быть стрыманымі і заўсёды гатовыя да адступлення, падпарадкоўваючыся, па-магчымасці, інстынкту самазахавання. Мы, натуральна, баімся згубіць сябе ў іншым чалавеку. Пагэтаму з каханнем адбываецца тое ж, што і з адукацыяй, і з псіхааналізам: усе лічаць сябе знаўцамі, але сапраўдных – нямнога. Ніхто не хоча заўважаць таго, як мала ён дае іншаму, але тым не менш кожны схільны бачыць гэту пазіцыю «самаабароны» ў партнёры: «Ты не кахаў (не кахала) мяне па-сапраўднаму» [157, 10]. Я-герой аповесці У.Арлова «Краявід з ментолавым пахам» якраз і пераходзіць мяжу самазахавання, таму аповесць заканчваецца, з пункту гледжання чалавека бясстраснага, які кіруецца адно розумам, трагічна. Сам жа герой наўрад ці з такім бы меркаваннем пагадзіўся, як і многія з тых закаханых, што, ахопленыя страсцю, ахвяруюць жыццём дзеля кахання. Сусветная мастацкая літаратура прадстаўлена мноства такіх прыкладаў.

У заключэнне зазначым, што гендэрная асіметрыя ў аповесці У.Арлова падкрэслена псіхалагічная, а не сацыяльная: ствараючы вобраз ідэальнай / універсальнай жанчыны, аўтар сцвярджае, што такой яна павінна быць для мужчыны (галоўнага героя), а не сама па сабе – «іншае» ў адносінах да мужчыны (С. дэ Бавуар). На думку Ж.Бадрыяра, «пазбаўленьне Іншага» ёсць «найгоршае адчужэньне»: «Гэта вымушае вырабляць Іншага пры яго адсутнасці, і такім чынам быць увесь час рэфэрэнцыйна павязаным на сабе самым і сваім вобразе» [9, 157].

 

 

ТЭМА 7

ЖАНЧЫНА ЯК ВЫТВОРЦА ЗНАЧЭННЯЎ ЖАНОЦКАСЦІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ ПАЧАТКУ ХХ ст.

 

1. Творчасць пісьменніц розных пакаленняў ХХ ст. і тэорыя гендэрнай стратыфікацыі.

2. Абумоўленасць «андрагіннасці», «усебеларускасці», «агульнанацыянальнасці» (У.Іваноў) творчасці Цёткі, К.Буйло следаваннем мужчынскай традыцыі пісьма.

3. Праблемы жанчын і дзяцей, як адна з цэнтральных тэм у творчасці Цёткі.

4. «Словы кахання» ў вершах К.Буйло.

 

1. Творчасць пісьменніц розных пакаленняў ХХ ст. і тэорыя гендэрнай стратыфікацыі.

ХХ стагоддзе прадстаўляе цэлую галерэю рэальных жанчын, што ўнеслі свой уклад у развіццё беларускай літаратуры, сталі гордасцю нацыі. Мы звернемся да жанчын-творцаў, што прадстаўляюць розныя эпохі ХХ ст.: Цётка, К.Буйло, Я.Пфляўмбаўм, Л.Геніюш, В.Коўтун, Я.Янішчыц, Р.Баравікова, Л.Рублеўская. Прасочым, як мяняюцца адносіны да супрацьлеглага полу і разумення катэгорыі «каханне» пісьменніцамі ў залежнасці ад узросту і гістарычнага часу. Бо «ўсё мужчынскае і жаночае, маладое і старое створана ў розных кантэкстах, мае розныя твары, напоўнена неаднолькавым зместам вопыту і неаднолькавымі сэнсамі» [47, 53]. Жанчыны-творцы больш разнастайныя пры самавыяўленні, чым усе разам узятыя ўяўленні мужчын пра жанчын. Нягледзячы на той факт, што часам яны ўсё ж выказваюць мужчынскі погляд на сябе (А.Усманава [132]), іх споведзь гучыць усё больш шчыра, усё больш упэўнена. На пачатку ХХІ стагоддзя творчасць жанчын ні колькасна (узгадаем адзінкавыя імёны ў пачатку мінулага стагоддзя і імёны шматлікіх прадстаўніц літаратурнага працэсу сёння), ні якасна не ўступае мужчынскай. Гендэрная асіметрыя, якая існавала на працягу ўсяго развіцця беларускай літаратуры, прыкладна з сярэдзіны ХХ стагоддзя пачынае нівеліравацца, і на сённяшні дзень мы можам канстатаваць гендэрную роўнасць. Жанчына здольна не менш таленавіта эксперыментаваць са словам, падаваць свой погляд на свет і дапаўняць тым самым агульную яго карціну. Можна з поўным правам сцвярджаць, што міф пра жанчыну, які стагоддзямі стваралі мужчыны, у ХХ стагоддзі пачынае разбурацца, бо жанчыны сваім жыццём і творчасцю карэктуюць яго. Можна нават сцвярджаць, што гэта ўжо працэс стварэння новага міфа, і не толькі пра саміх сябе, але і пра мужчын, як відаць з творчасці Л.Рублеўскай і Л.Бандарэвіч.

Мэта гэтай і наступнай лекцыі, безумоўна, не ў тым, каб прааналізаваць творчасць усіх пісьменніц ХХ стагоддзя. Мы ўзялі за аснову той факт,што гендэр кожнага творцы абумоўлены (у рамках адной этнічнасці) полам, гістарычным часам, культурным кантэкстам, адукацыяй, узростам.Таму наўмысна звярнуліся да тых жанчын-творцаў, якія прадстаўляюць розныя перыяды ў беларускай літаратуры, акцэнтуючы ўвагу на адрозненнях, абумоўленых найперш гістарычным часам, а таксама ўлічвалі адукацыю, культурны кантэкст, узрост. Мінулае стагоддзе мы вельмі ўмоўна падзялілі на тры перыяды (пачатак, сярэдзіна, другая палова) і з кожнага выбралі па некалькі прадстаўніц (выбар адвольны). Гэта было зроблена дзеля таго, каб нівеліраваць такую катэгорыю, як час пры параўнанні пісьменніц аднаго перыяду і прасачыць залежнасць гендэра творцы ад адукацыі, культурнага кантэксту і, найперш, узросту. А потым параўнаць творчасць прадстаўніц розных перыядаў паміж сабой, каб асэнсаваць, як эвалюцыянуе творчасць жанчын, улічваючы створаныя жаночыя вобразы, праяўленне самасці, адносіны да катэгорыі «каханне», наследаванне мужчынскай традыцыі пісьма, выпрацоўка свайго «жаночага» стылю пісьма. У межах адной творчасці ўвага была звернута на ўзаемазалежнасць гендэра і ўзросту творцы.

 

2. Абумоўленасць «андрагіннасці», «усебела-рускасці», «агульнанацыянальнасці» (У.Іваноў) творчасці Цёткі, К.Буйло следаваннем мужчынскай традыцыі пісьма.

Асаблівасцю развіцця жаночай літаратуры ў ХХ стагоддзі з’яўляецца і тое, што жанчыны-пісьменніцы, азіраючыся на літаратурную традыцыю, бачаць у ёй ужо не толькі мужчынскіх, але і жаночых аўтараў. Таму яны знаходзяцца ў сітуацыі выбару гендэрных ідэнтыфікацыйных мадэляў пісьма. Так лічаць заходнія даследчыцы С.Гілберт і С.Губар, якія разглядаюць жаночую літаратурную традыцыю ў тэрмінах фрэйдавых / псіхааналітычных паняццяў ідэнтыфікацыі. Аднак у літаратурнай традыцыі, так як і ў традыцыйнай сям’і, мадэль паводзінаў бацькі з’яўляецца больш паспяховай, чым мадэль паводзінаў маці. Па гэтай прычыне «жанчыны-пісьменніцы адмаўляюцца ад першай любоўнай ідэнтыфікацыі з маці (жаночым пісьмом) і працягваюць ідэнтыфікавацца з мужчынскім пісьмом, імкнучыся ўзнаўляць, міметызаваць, інтымізаваць яго мадэлі» [44, 145]. Гэтыя словы, на наш погляд, слушныя ў адносінах да беларускай літаратуры. Ці не пра тое ж гаворыць У.Іваноў [49], калі вызначае творчасць Цёткі, К.Буйло, Л.Геніюш як «андрагінную», «агульна-нацыянальную», «усебеларускую», нагадвае, што стэрэатыпна пад «жаночай літаратурай» падразумяваецца сентыментальнасць, чуллівасць, слёзы пакінутай жанчыны. Андрагіннасць у дадзеным выпадку праявілася ў прытрымліванні мужчынскай традыцыі пісьма. Апошняя ў большай ці меншай ступені праяўляецца ў прадстаўніц прыгожага пісьменства розных пакаленняў. А яшчэ, на наш погляд, праблема заключаецца і ў традыцыйнай крытыцы, якая ставіла і ставіць творчасць жанчын у пэўныя рамкі.

Прага самастойнасці (у жыцці і ў творчасці) падразумявае і яе пастаяннае адстойванне. Часта жаночая самастойнасць многімі мужчынамі-крытыкамі ацэньвалася як творчая недасканаласць. На гэта звяртае ўвагу А.Макмілін [80], сцвярджаючы, што, напрыклад, Е.Лось абвінавачвалі «ў павышанай увазе да дробных дэталяў (што, па сутнасці, ёсць ці не найбольш адметнай і цікавай рысай яе творчасці) і ў адсутнасці галоўных тэм» [80, 98]. Сама ж паэтка лічыла, што «ў кожным імгненні паэзія ёсць». У творчасці Д.Бічэль-Загнетавай адзначалі «відавочную фемінісцкую накіраванасць» [80, 101]. Вялікую ўвагу яна таксама надавала дэталям. Бо жыццё – гэта не толькі значныя падзеі і вялікія здзяйсненні, а часцей наадварот – паўсядзённасць, дробязі, дэталі, з якімі мае справу найперш і найбольш жанчына; гэта таксама і пастаянныя ўзаемаадносіны паміж людзьмі. В.Вярбу, як і згаданых вышэй паэтак, «таксама лічылі тыповай феміністкай і папікалі за тое, што ў сваёй творчасці яна абыходзіла асноўныя распаўсюджаныя тэмы» [80, 104]. Карацей кажучы, ацэньвалі традыцыйна. Не забывалі «змешваць» паэзію таксама і з ідэалогіяй.

Сапраўды, праблемы жанчыны ці гендэрныя ўзаемаадносіны не стаяць на першым месцы ў творчасці згаданых вышэй паэтак (але іх нельга адмаўляць зусім). А сітуацыя жанчыны імі ўспрымаецца як універсальная, спрадвечная і нязменная, быццам ад часоў Адама і Евы нічога не змянілася ў свеце. І ўсё ж падсвядомая нязгода з існуючым станам рэчаў праглядваецца ў кожнай паэткі. Яна праяўляецца ўжо ў самім факце творчасці, а таксама ў жаданні сказаць сваё, адрознае ад мужчынскага, слова, у праве выбару тэм і вобразаў, у стылі пісьма. Так, алагічнасць, экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць Цёткі, яе выключнае стаўленне да дзясловаў магчыма варта ўспрымаць як выпрацоўку свайго стылю пісьма, а не як недасканалаць творчасці. Нельга адмаўляць ёй і ў праяўленні цікавасці да жаночых праблем у вершах.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 817; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.139.87.151 (0.007 с.)