Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Месца жаночых праблем у лірыцы Л.Геніюш.

Поиск

У большасці сваёй патрыятычная, лірыка Л.Геніюш таксама пакідае месца для чыста жаночых праблем. У паэткі амаль няма вершаў пра каханне. Магчыма, сялянскі светапогляд, сялянская стрыманасць не дазваляе выносіць «на свет цэлы» асабістыя пачуцці. Можна гэта патлумачыць і літаратурнай традыцыяй пачатку мінулага стагоддзя, дзе на першае месца выходзілі агульнанацыянальныя праблемы, агульнанароднае пераважала над асабістым. (Ці не па гэтай прычыне не заўсёды разумелі М.Багдановіча?). Але ў паэзіі Л.Геніюш добра адлюстраваны (пад уплывам фальклору) лёс жанчыны і яе сацыяльныя ролі. Асобу паэткі не заўсёды можна атаясамліваць са створанымі ёю ж вобразамі жанчын. Усё ж знак роўнасці паміж лірычнай гераіняй і Л.Геніюш можна паставіць у многіх яе вершах, напрыклад, такіх, як «Маё сэрца», «Беларуска», «Сялянка я», «Я не спяшаюся». У іх аўтарка падкрэслівае сваю нацыянальнасць і гаворыць пра сябе як пра прадстаўніцу сялянскай культуры, якую заўсёды захоўвае ў душы і тым шчаслівая. Супадзенне аўтарскага «я» і «я» лірычнай гераіні ў вершы «Сялянка я» падкрэсліваецца нават займеннікам першай асобы:

Мяняю я на ніваў пазалоту

ўсё золата на пальцах і ў вушах [34, 146].

Сацыяльныя ролі жанчыны, устаноўленыя грамадствам па полавай прыкмеце – нявеста, жонка, маці, бабуля – перададзены ў вершах надзвычай тонка і пранікнёна. Аўтарка не толькі малюе вобразы жанчын, яна таксама ўзнаўляе іх абавязкі, замацаваныя соцыумам. Як спрадвечны вызначае паэтка клопат дзяўчыны-нявесты, а потым і жонкі, дома верна чакаць каханага, займацца хатнімі справамі:

У нязнаную дарогу, ўдаль паехаў мілы…

Позна, позна цёмнай ночкай дзеўка варажыла…

Быццам думкай – ўзорам доўгі ручнічок снавала

ды кашулю васількамі шоўкам вышывала [34, 22].

Аўтарка не аспрэчвае такі стан рэчаў, які, хоць і склаўся даўно і заснаваны на першасным, сексуальным, залежным ад фізіялагічнай розніцы мужчыны і жанчыны падзеле працы, не з'яўляецца абсалютным. «Першым ідэалагічным абгрунтаваннем» такога падзелу працы паміж мужчынам і жанчынай (што паставіла жанчыну ў залежнае становішча ад мужчыны) былі міфы. Яны раскрывалі тайну полу, паведамлялі пра прыроднае прызначэнне жанчыны. Сусветныя рэлігіі канчаткова замацавалі сузалежнасць паміж поламі: «мужчына – паўнацэнны чалавек, суб’ект гісторыі; жанчына – аб’ект яго ўлады» [20, 8-9]. Фальклор адлюстраваў сацыяльна замацаваныя ролі мужчын і жанчын пэўнай нацыянальнасці. Асабліва гэта выявілася ў песнях, складальніцамі якіх, на думку даследчыкаў (Смірноў Ю.), з’яўляюцца менавіта жанчыны. Беларуская літаратура, як і літаратуры іншых еўрапейскіх народаў, пры стварэнні паэтычных вобразаў звяртаецца да першакрыніц: антычнай літаратурнай спадчыны, Бібліі, фальклору. Не з’яўляецца выключэннем і беларуская паэзія ХХ стагоддзя. Прыклад таму – верш Л.Геніюш «Мой лён і сны». Як і ў вышэй згаданым творы, дзяўчына ў ім займаецца хатнімі справамі – тчэ сукно. Толькі незвычайнае яно. Дзяўчына, бы міфічныя Мойры, тчэ свой лёс і вельмі зацікаўлена ў тым, каб не быў ён шэрым (якім і павінна быць сукно). Яна хоча выткаць «дзявочы свой сон», свае ўяўленні пра жыццё і шчасце, пра жаночую долю, хоць маці з пазіцыі свайго вопыту увесь час вяртае дачку да рэальнасці:

Вельмі шэрае тое сукно,--

я ж хачу ткаць вясёлкі і краскі;

аснаваць так прадно за прадном,

каб дыван быў як родная казка! [34, 24].

Што мае на ўвазе паэтка пад «шэрым» колерам лёсу? У кожнага чытача, безумоўна, узнікнуць свае асацыяцыі. З пазіцыі гендэрнасці, на наш погляд, шэрасць – прадвызначанасць, наканаванасць, запраграмаванасць жыцця жанчыны, абмежаванне колам хатніх клопатаў, самазабыццё, якое традыцыйна звязваецца з сапраўднай жаноцкасцю. «Вясёлкі і краскі» на палатне – гэта ўсё тое, што выходзіць за кола праблем, звязаных з патрабаваннямі полу, роду, быту – падсвядомае бунтарства, спроба дзейнасці. Для многіх жанчын асабістага шчасця і волі было б дастаткова.

Аднак Л.Геніюш, жанчыне-патрыётцы, каб быць па-сапраўднаму шчаслівай, патрэбна Радзіма і шчасце ўсяго народа. Менавіта гэта падкрэслівае верш «Жаночы клопат», які па меры неабходнасці перарастае ў клопат, што прынята лічыць мужчынскім – абараняць Радзіму. Паэтка, як і неаднойчы, падкрэслівае, што дом – «адвечная доля жанчын», бо створаны яны для таго, каб нараджаць, а не забіваць. Але ў адказныя моманты гісторыі:

Усё ж гатовы мы львіцамі стаць,

калі нішчаць зямлю нам і гнёзды [34, 165].

Аўтарскае «я» пераносіцца на ўсіх жанчын, якія адказваюць не толькі за дзяцей, але і за мужчын, і здольныя замяніць іх нават у ратнай справе. Праўда, верш пабудаваны на яўнай супярэчнасці, спробе сумясціць несумяшчальнае – нараджаць і забіваць. Гэтую супярэчнасць «здымаюць» радкі, у якіх гучыць пратэст жанчыны-маці супраць вайны ўвогуле і супраць таго, што яна забірае сыноў:

Нарадзіць,

карміць

гадаваць.

Чуць іх голас, бачыць усюды

і вайне на няміласць аддаць

ды чакаць чорнай весткі ці цуду [34, 184].

Створаны Л.Геніюш у вершы «Вайной» вобраз маці ў таталітарнай дзяржаве дарэчы будзе дапоўніць наступнай цытатай: «…Роля яе (маці – Т.Ф.) заключаецца іменна ў тым, каб зрабіць смерць адной з састаўных частак жыцця, грамадства, дабра. Таму культ «гераічных маці» сістэматычна заахвочваўся: калі грамадству ўдаецца дабіцца, каб маці аддавалі сваіх сыноў на смерць, яно пачынае лічыць, што мае права іх забіваць. Маці мае такі ўплыў на сваіх сыноў, што грамадству выгадна прыбраць яе да рук» [20, 215]. Вобраз маці раскрываюць такія вершы Л.Геніюш, як «Навучыла маці», «Маці»(1966г.). У іх гаворыцца пра тое, што маці дае дарогу ў жыццё, выхоўвае, вучыць, прадвызначае шлях чалавека, больш чым хто разумее сваё дзіця. Толькі ўменне кахаць даецца чалавеку з космасу. Вобраз маці характарызуюць яшчэ і такія паняцці, як «дзяцінства», «бесклапотнасць». У вершы «Маці»(1938г.) паэтка выкарыстоўвае «літаратурны травесцізм» – спробу выйсці за межы не толькі «сацыяльнага полу» (гендэра), але і полу «біялагічага» з мэтай «спазнаць іншага праз яго ўласнае «прыроднае» існаванне» [32, 279]. Пра маці ў вершы гаворыць сын, для якога яна асацыюецца з такімі словамі, як сэрца, цяпло, пяшчота, прытулак. Маці абароніць, разгоніць смутак, суцешыць, ля яе спакойна і ўтульна. Слова «маці» ўжываецца ў вершы і ў паняццях «маці-зямелька», «маці-радзіма», што з’яўляецца традыцыйным для нашай літаратуры і культуры наогул: «Жанчына-маці паказваецца... як увасабленне паняцця Радзімы... або ў якасці Прыроды-матухны, якая дала жыццё зямлі і чалавеку на ёй» [31, 33]. Аўтарская пазіцыя ў вершы пададзена не ў адлюстраванні сваёй мацярынскай сутнасці, самасці, у ім адлюстравана агульнапрынятае ўяўленне пра жанчыну-маці, незалежна ад полу аўтара і лірычнага героя.

Эвалюцыю жаночых вобразаў паэзіі Л.Геніюш працягвае верш «Бабулька». Старасць у вершы не выглядае брыдкай, яна мудрая, духоўна асветленая, нават святая. Няхай даўно сагнуты плечы і на твары пралеглі барозны маршчын, усё ж «вочы глядзяць гэтак міла» і «гарыць» яшчэ сэрца, а «твар… ціха ззяе, як быццам святы …» [34, 17]. У старасці жанчына менш залежная ад полу, лічыць С. дэ Бавуар; сталыя жанчыны ўтвараюць «трэці пол», бо ў гэты перыяд жыцця жанчына, так бы мовіць, супадае сама з сабой, што праяўляецца ў яе душэўнай гармоніі, адухоўленасці, а часта нават і ў паляпшэнні фізічнага здароўя. (Р.Баравікова ў вырашэнні гэтай праблемы пойдзе яшчэ далей: дзяцінства і старасць у яе вершах аднолькава бясполыя («Напэўна мне не прыдалося...»).

Сацыяльная неўладкаванасць жанчыны (і гэта засмучае аўтарку) робіць яе залежнай ад розных абставін. Так лёс дзяўчыны-бярозы залежыць ад ветру, навальніцы («Сыплюцца слёзы»), а шчасце жанчыны – ад мужчыны, з якім яе звяжа жыццё, бо іменна мужчына ажыццяўляе сувязь жанчыны з грамадствам. Лепшыя мужчыны «… героямі // паляглі на вайне» [34, 191]). Жанчыне застаецца альбо ісці за нялюбага, альбо векаваць у дзеўках (што пад сілу толькі натурам моцным), альбо, калі была замужняя, гадаваць сірот. Аўтарка прытрымліваецца ў дадзеным выпадку агульнапрынятага стэрэатыпу, згодна з якім мужчына можа (ці павінен) абараніць жанчыну ў любой сітуацыі. Аўтарка забывае пры гэтым, што і мужчыны часта з’яўляюцца ахвярамі сістэмы, якую стварылі самі ж, таму не ў стане пастаяць нават за сябе. Адлюстраваны стэрэатып мужчынскасці адарваны ад рэальных прадстаўнікоў мужчынскага полу і іх магчымасцей, адчуваецца вялікі разрыў паміж тым, што павінна быць і што існавала ў сапраўднасці вакол паэткі.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 664; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.221.161.43 (0.007 с.)