Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

Поиск

 

Лексічная сістэма сучаснай беларускай мовы ахоплівае многія сотні тысяч слоў, розных як па часе ўзнікнення, так і па паходжанні. Фарміраванне яе, як і самой беларускай мовы, непарыўна звязана з гісторыяй народа: адпаведна таму, як адбывалася фарміраванне народа на стадыях рода, племені, народнасці і нацыі. Гэтую складаную гісторыю народа мова адлюстравала ў сваім слоўнікавым складзе.

Паводле паходжання лексіка беларускай мовы падзяляецца на дзве групы: спрадвечна беларуская і запазычаная лексіка.

Асноўны пласт слоўнікавага запасу сучаснай беларускай мовы — спрадвечна беларускія словы, якія вызначаюць нацыянальную адметнасць і самабытнасць, адлюстроўваюць гісторыю развіцця лексікі беларускай мовы. У адпаведнасці з адносна ўстаноўленай храналогіяй развіцця слоўніка беларускай мовы ў ім вылучаюць некалькі пластоў спрадвечнай лексікі.

Самы старажытны пласт — агульнаславянскія словы.Яны сустракаюцца ва ўсіх славянскіх мовах (напрыклад, усходнеславянскіх: беларускай, рускай, украінскай; паўднёваславянскіх: балгарскай, славенскай; заходнеславянскіх: польскай, чэшскай.

Гэта назвы асоб: маці, сын, сястра, брат, дзед; частак цела: глотка, калена, валасы; свойскіх жывёл: авечка, бык, карова, кабан, кабыла, конь, каза; дзікіх звяроў: воўк, ліса, заяц; птушак: бусел, галка, варона; прадметаў: калода, валун, жэрдка, вулей; раслін: асака, бяроза, ліпа; адзення, абутку: кабат (безрукаўка), кашуля; адцягненых паняццяў і з’яў прыроды: заўтра, імгла, агонь; дзеянняў, стану: ісці, гаварыць, маўчаць.

Агульнаўсходнеславянскія словы — гэта словы, якія пасля распаду агульнаславянскага моўнага адзінства ў працэсе фарміравання старажытнарускай народнасці праяўляліся толькі ў мове ўсходніх славян — продкаў сучасных беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Такіх слоў няма ў іншых славянскіх мовах.

Фарміраванне і ўзбагачэнне слоўніка ўсходнеславянскага перыяду адбывалася пераважна за кошт уласных, унутраных рэзерваў мовы. Напрыклад, ад агульнаславянскага племя ўтварылася слова пляменнік.

Усходнеславянская лексіка значна папоўнілася новымі словамі ў выніку ўскладнення і змянення сэнсавай структуры слоў, вядомых раней, яшчэ ў перыяд агульнаславянскай мовы. Так, агульнаславянскае слова зямля (глеба, дол) набывае значэнні «дзяржава», «народ», «уладанне» і дае вытворныя: зямлянін, земскі, земец.

Лексічныя ўтварэнні ўсходнеславянскага перыяду папоўнілі ўсе традыцыйныя тэматычныя пласты агульнаславянскай лексікі, паклалі пачатак некаторым новым прадметна-тэматычным групам слоў. Сярод гэтых новых слоў назвы і тэрміны:

- роднасці і сваяцтва: бацька, дзядзька, падчарыца, пляменнік;

- асоб па характару паводзін, роду дзейнасці, месцы жыхарства: балагур, бондар, весялун, знахар, мельнік, селянін;

- жывёл, птушак: галка, жаваранак, каршун, кошка, курапатка;

- раслін, пладоў, ягад, грыбоў і інш.: грэчка, грузд, куст, часнок;

- прадметаў быту, інструментаў, прадуктаў вытворчасці і інш.: аброць, багор, вяроўка, кадка, карзіна, качарга, латок, лыжка, пояс, самавар, скрыпка;

- абстрактных паняццяў, у тым ліку прымет і якасцей, дзеянняў і працэсаў, адзінак уліку, адрэзкаў часу і інш.: давер’е, пацеха, бойкі, дрымучы, каравы, балаваць, бурліць, калыхаць, адзінаццаць, дваццаць, пасля.

Не ўсе словы ўсходнеславянскай пары захаваліся ў сучасных беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Частка іх выпала з актыўнага ўжытку (грыўня, раць, стралец), асобныя словы змянілі сваю семантыку, некаторыя засталіся толькі ў дыялектах. Значная частка ўсходнеславянскіх слоў захавала сваё першапачатковае значэнне. Усходнеславянскі лексічны пласт і на працягу наступных стагоддзяў служыў базай для шматлікіх пазнейшых наватвораў ва ўсіх сферах бытавога, грамадска-палітычнага і культурнага жыцця.

Уласнабеларускія словы складаюць спецыфіку лексічнай сістэмы беларускай мовы. Яны адносяцца да перыяду фарміравання і развіцця самастойнай беларускай мовы. Гэта словы, якія ў пэўнай ступені вызначаюць спецыфіку слоўніка беларускай мовы, выяўляюць яе адметнасць і непаўторнасць, вылучаюць сярод іншых славянскіх моў. Яны розныя паводле паходжання. Адны з іх захаваліся ў беларускай мове яшчэ ад агульнаславянскай эпохі, але сучаснай рускай і ўкраінскай мовам неўласцівыя або вядомыя як устарэлыя ці вузкамясцовыя лексічныя адзінкі: абрус, астрог, ляда, туляцца, лазня, паклёп і інш. Некаторыя з гэтых слоў у беларускай мове змянілі сваю семантыку. Так, назоўнік абрус (обрусъ) у агульнаўсходнеславянскай мове меў значэнне «хустка», «ручнік», у сучаснай беларускай мове — «настольнік».

Значна больш слоў, якія маюць выразныя фанетычня і граматычныя прыметы старажытнай беларускай мовы. Так, характэрнай асаблівасцю ўласнабеларускіх слоў з’яўляецца наяўнасць прыстаўных галосных і зычных гукаў: аржаны, імгла, вольха, вось; склады ры, лы на месцы ръ, лъ, рь, ль (у рускай мове ро, ло, ре, ле): грымець, дрыжаць, крышыць, трывога; поўнагалоссе — там, дзе ў рускай мове яно адсутнічае: агароджа, вораг, пасярод, прахалода, салодкі.

У перыяд самастойнага існавання беларускай мовы (з XIV ст.) пачынаюць узнікаць словы з беларускімі каранёвымі марфемамі. Словы бытавой, сямейнай, сельскагаспадарчай лексікі, назвы розных якасцей, дзеянняў і працэсаў трапляюць у старажытнабеларускую мову з народных гаворак: адпачынак, бусел, бліскавіца, гук, жніво, страва, апошні, асаблівы, здарыцца, сачыць, трымаць, адсюль, тады і інш.

У старажытнабеларускі перыяд узнікае вялікая колькасць грамадска-палітычных, юрыдычных і вайсковых тэрмінаў, якія адлюстроўваюць жыццё ВКЛ. Сярод іх уласнабеларускімі з’яўляюцца лексема гаспадар, дзяржаўца, рада, улада, урад, зброя, стрэльба і вытворныя ад іх. Агульнавядовым юрыдычным тэрмінам становіцца ў гэты час беларускае слова счадокъ (шчадокъ — «нашчадак») — «дзіця, якое мае права спадчыннасці». Яно прыйшло на змену ўсходнеславянскай лексема дедичь і ўжывалася як сінонім слова наследокъ. Папаўняецца разрад абстрактнай лексікі (бачанне, брыдкасць, хцівасць) і навуковай тэрміналогіі, асабліва пачынаючы з выданняў Ф. Скарыны.

Такія характарыстычныя народныя словы, як вернік, вясёлка, немаўля, нядзелькаваць, ветрыць, гамана, а таксама назвы грыбоў і ягад, месяцаў, многія геаграфічныя назвы з’яўляюцца нацыянальным здабыткам нашай мовы, робяць яе выразнай, сакавітай і вельмі вобразнай.

Усе словы, якія беларуская мова захавала з перыяду агульнаславянскага, агульнаўсходнеславянскага адзінства, а таксама ўласнабеларускія, называюцца спрадвечна беларускімі, бо карысталіся імі носьбіты беларускай мовы здаўна — спрадвеку.

Акрэсліць час узнікнення спрадвечна беларускіх слоў, выявіць іх сувязі з блізкародаснымі мовамі дапамагаюць слоўнікі («Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», «Гістарычны слоўнік беларускай мовы»).

Акрамя спрадвечна беларускіх, у лексіцы сучаснай беларускай мовы вылучаюцца словы, запазычаныя з іншых моў. Засваенне мовай іншаземных слоў — натуральны вынік эканамічных, палітычных і культурных сувязей з іншымі народамі. Запазычванне адбываецца двума шляхамі: вусным — праз непасрэдны кантакт з носьбітам другой мовы і пісьмовым — праз навуковую і мастацкую літаратуру, афіцыйныя дакументы. Уласцівыя сучаснай беларускай мове запазычанні прыйшлі ў розны час і з розных моў. Сярод даўніх беларускіх запазычанняў сустракаюцца словы, звязаныя сваім паходжаннем больш чым з дзесяткам моў.

Самыя буйныя пласты запазычанняў у лексічнай сістэме беларускай мовы ўтварылі паланізмы, лацінізмы і германізмы. Пранікненню польскіх лексічных сродкаў (паланізмаў) адкрывала рэальную магчымасць тое, што беларуская мова на працягу амаль чатырох стагоддзяў развівалася ва ўмовах беларуска-польскага двухмоўя. Ад таго часу ў беларускай мове захаваліся паланізмы відэлец, замак, зброя, здрада, курок, палкоўнік, пан, скарб, паядынак, хлопец, чвэрць, герб, што замацаваліся пераважна ў сферы побыту. Польская мова выконвала асноўную ролю і ва ўзбагачэнні беларускай лексікі лацінскімі словамі, а з другой паловы ХVI ст. у сувязі з пашырэннем на тэрыторыі Беларусі грамадскіх і культурных функцый лацінскай мовы лацінізмы запазычваліся і непасрэдна. Ад старажытнасці ў беларускай мове шмат тэрмінаў лацінскага паходжання, звязаных пераважна з грамадска-палітычным жыццём (адміністрацыя, дакумент, дэпутат, камісія, канцылярыя), сацыяльна-эканамічнай сферай (арэнда, ганарар, кантракт, манаполія, сума, рэвізор) і асабліва са сферамі навукі, асветы, літаратуры, мастацтва (медыцына, прафесар, студэнт, экзамен, аўтар, верш, колер, музыка, нота, арнамент, тэкст).

Словы нямецкага паходжання (германізмы) пранікалі ў беларускую мову непасрэдна ад нямецкіх гандляроў, а таксама ад каланістаў, рамеснікаў і вайсковых спецыялістаў, што запрашаліся ў ВКЛ, і праз польскае пасрэдніцтва, найбольш у другой палове XVI—XVII стст. І цяпер у беларускай мове ўжываюцца германізмы з галіны рамяства, будаўніцтва, тэхнікі (гонта, дах, кафля, муляр, тынкаваць, цвік), ваеннай справы (афіцер, варта, вахта, куля, рота, штурм), гандлёвай сферы (гандаль, гатунак, кірмаш, крама, рынак), бытавога і гаспадарчага жыцця (кухня, ліхтар, труна, фартух, шафа, шуфляда, ланцуг, скіба) і інш.

Словы грэчаскага паходжання (грэцызмы) пранікалі ў беларускую мову праз пераклады рэлігійнай і навуковай літаратуры, а таксам ў сувязі з тым, што ў XVI—XVII стст. грэчаская мова займала важнае месца ў школьным навучанні на Беларусі. Большасць грэцызмаў — тэрміны навукі і культуры: алегорыя, арыфметыка, астраномія, граматыка, дыялог, камедыя, космас, муза і інш.

З невялікай групы царкоўнаславянізмаў толькі адзінкавыя словы запазычаны непасрэдна з царкоўнаславянскай мовы (воблака, улада, уласны). Усе астатнія словы з выразнымі прыметамі царкоўнаславянскай мовы ўвайшлі праз рускую мову і таму ў беларускай мове толькі ўмоўна могуць лічыцца царкоўнаславянізмамі.

У XVI—XVII стст. беларуская лексіка папоўнілася, пераважна праз польскую мову, французскімі словамі — галіцызмамі (візіт, драгун, партфель, парфума, пашпарт, форт), італьянскімі (гвардыя, кавалер, канцэрт, капітан, коўдра, лімон, палац, салата), чэшскімі (брама, мешчанін, праца, табар, франт), венгерскімі (гусар, магерка, шарэнга).

Большасць цюркізмаў прыйшла ў беларускую мову на працягу XIV—XVII стст. у выніку непасрэдных кантактаў беларускага насельніцтва з прадстаўнікамі цюрскіх народаў (пераважна з крымскімі татарамі) і праз пасрэдніцтва суседніх слоў — рускай, украінскай, польскай. З таго часу ў беларускай мове ўжываюцца цюркізмы бытавога характару: аршын, атлас, барсук, кафтан, кумыс, харч, шаравары.

Акрамя наладжвання ўсебаковых сувязей з Захадам, у выніку якіх лексічная сістэма беларускай мовы ўзбагацілася тысячамі новых слоў, беларусы на працягу сваёй гісторыя мелі сувязі і з іншымі народамі. Вынікам літоўскага моўнага ўплыву стала замацаванне ў беларускай мове літуанізмаў бытавога характару (клуня, коўш, свіран, сцірта). Літоўскімі па паходжанні з’яўляюцца таксама некаторыя тапанімічныя назвы і прозвішчы (Ашмяны, Граўжышкі, Кушляны, Лукша, Марцуль, Юргель).

У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў беларускі слоўнік, як правіла, праз рускую мову. Пераважна такім шляхам на працягу ХХ ст. беларускі лексічны склад папоўніўся многімі англійскімі словамі (бізнес, блакнот, джэм, ліфт, матч, фініш), нямецкімі (бутэрброд, вафля, фарш, гільза, штопар), французскімі (аванс, баланс, мантаж, сюжэт, трумо), галандскімі (боцман, гавань, матрос, рэйд), іспанскімі (какава, кавалькада, эмбарга, эстрада) і г. д.

Некаторыя прыметы запазычаных слоў вельмі ўстойлівыя. Націск звычайна захоўваецца на тым складзе, на які ён падае ў мове-крыніцы. Так, запазычанні з польскай мовы маюць націск на перадапошнім складзе: арэ́нда, баво́ўна; з французскай мовы — на апошнім складзе: кампо́т, партэ́р. Фанетычнай прыметай запазычання можа лічыцца:

- гук [ф]: факт, фунт;

- этымалагічныя пачатковыя [а], [э]: аршын, армяк, этап;

- заднеязычныя [г], [к], [х] перад галосным: геній, кепска, сукенка, келіх;

- спалучэнне галоснага з насавымі [н], [м] у становішчы паміж зычнымі кораня: гонта, лямпа, канверт;

- два галосныя побач у корані: прэзідыум, сілуэт, кааперацыя;

- спалучэнні гукаў [шт], [шп], [шр], [дл], [тл]: штука, шпрыц, кавадла;

- гук [ц] на месцы спалучэння [tj]: моц, цуда;

- цвёрдасць зычных перад [е(э)]: сэнс, бэз, мэбля;

- спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, рэвю, кювет, капюшон, камюніке, фюзеляж;

- прыстаўкі а-, ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі- і інш.: амаральны, антыцыклон, архіважны, контрмера, рэфармацыя, дэгазацыя, дыспрапорцыя, амфітэатр;

- суфіксы -ізм (-ызм), -іст (-ыст), -ір (-ыр ) і інш.: арганізм, сацыяліст, капіраваць.

Інтэрнацыянальныя словыўжываюцца не менш чым у чатырох мовах, якія належаць да трох розных моўных груп, у прыватнасці еўрапейскіх. Да інтэрнацыянальных лексемналежаць словы, запазычаныя найперш з грэчаскай і лацінскай моў і звязаныя часцей за ўсё з адцягненымі паняццямі, катэгорыямі навукі, культуры, адукацыі, тэхнічнымі вырабамі: акадэмія, бібліятэка, камедыя, дыялектыка — грэцызмы; атэстат, дэкан, канстытуцыя, семінар, тэрмін — лацінізмы. Шмат слоў інтэрнацыянальнага паходжання трапіла ў беларускую мову з англійскай, іспанскай, італьянскай, нямецкай, французкай моў часта праз польскую або рускую мову. Параўнайце: англійскія запазычанні: бокс, інтэрнет, камп’ютер, танк, футбол, хакей; іспанскія запазычанні: кабальера, карыда, тарэадор, эльдарада; італьянскія лексемы: акоррд, арка, арыя, купал, капрычыо.

Асобныя запазычаныя словы абазначаюць прадметы і паняцці, якія не ўласцівы беларускай рэчаіснасці, а характарызуюць палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё замежных краін. Напрыклад, словы лорд, сэр — словы спецыфічна англійскай, сейм, злоты — польскай, франк, кюрэ — французкай рэчаіснасці. Гэтыя словы хоць і ўжываюцца ў сучаснай белаускай мове, але лічацца лексічна неасвоенымі (лексічнае асваенне іншамоўных слоў — гэта абазначэнне імі прадметаў і паняццяў, уласцівых і беларускай рэчаіснасці. Так, слова салата запазычана з французкай мовы, яно з’яўляецца назвай стравы, што трывала ўвайшла ў беларускае меню і не ўспрымаецца як нейкае спецыфічна французкае). Падобныя іншамоўныя словы называюцца экзатызмамі (ад грэч. eksotikos — незвычайны, спецыфічна замежны). Як правіла, экзатызмы асвоены графічна, фанетычна і марфалагічна.

Часам ужываюцца і такія іншамоўныя словы, якія або зусім не асвоены, або асвоены толькі графічна. Гэтыя словы прынята называць варварызвамі (ад грэч. barbarismos — той, што ўрываецца). Нарыклад, Звон кафедральны кліча на Ave (М. Т.). Мы падняліся на сто другі паверх славутага «Эмпайр стэйт білдынга» і ўбачылі ва ўсе бакі бясконца вялікі, фантастычна расквечаны стройнымі і мітуслівымі гнямі Нью-Йорк (Б.). У апошнім прыкладзе назоўнік білдынг мае форму роднага склону, г. зн. зроблена мастацкая спроба марфалагічнага асваення аднаго з састаўных элементаў варварызма.

Варварызмы, як і экзатызмы, з’яўляюцца стылістычнымі сродкамі стварэння пэўнага замежнага каларыту. Аднак варварызмы адрозніваюцца ад экзатызмаў, якія могуць ужывацца як лексічная норма літаратурнай мовы, тым, што заўсёды знаходзяцца за межамі літаратурнай мовы.

Апраўданае выкарыстанне слоў іншамоўнага паходжання, правільнае іх асваенне не толькі не парушае нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, але і ўзбагачае яе лексічную сістэму.

1.3 Лексіка беларускай мовы
паводле сферы выкарыстання

 

Слоўнікавы склад мовы характарызуецца не толькі колькасцю слоў, але і шырынёй іх выкарыстання. Аснову мовы складаюць добра вядомыя ўсім словы (бяроза, радасць, дзіця, учора, зіма).
У процілегласць ім існуюць словы, якімі карыстаюцца толькі некаторыя носьбіты мовы, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі або ўтвараюць якую-небудзь закрытую сацыяльную ці прафесійную групу.

Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы ўжывання падзяляецца на агульнаўжывальную лексіку (пашыраную ва ўсіх без выключэння сферах грамадскага жыцця) і лексіку абмежаванага ўжывання (ужываную пераважна ў межах пэўнай прафесіі, галіны навукі, асобнай групы людзей). Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца спецыяльная лексіка (наменклатура, прафесіяналізмы і тэрміны), дыялектная лексіка, жаргонная лексіка і аргатычная (рыс. 2.).

Рысунак 2 — Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання

 

 

Да агульнаўжывальнай лексікіадносяцца словы, выкарыстанне якіх не залежыць ад месца жыхарства, сацыяльнага становішча людзей, не абмежавана моўнай сітуацыяй (стылем, жанрам, формай мовы), г. зн. словы, якія аднолькава ўжываюць і разумеюць усе, хто гаворыць па-беларуску. Агульнаўжывальнымі могуць быць словы ўсіх лексіка-граматычных класаў: назоўнікі (абруч, воз, дом, ключ, шчасце), прыметнікі (белы, глыбокі, добры, зімні, роўны, шчыр ы), дзеясловы (араць, варыць, крычаць, радавацца), лічэбнікі (адзін, сто, тысяча), прыслоўі (агулам, баязліва, важна, смела, смачна), займеннікі (я, ты, ён, нейкі, той, што, які), прыназоўнікі (аб, да, каля, пад, у), злучнікі (а, але, то-то), часціцы (аж, не, ні, нават), выклічнік (ах, гэй, ох, эх, о). Такія словы маюць устойлівую семантыку, з’яўляюцца агульназразумелымі і выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях мовы. Агульнаўжывальная лексіка з’яўляецца найбольш важнай часткай слоўніка нацыянальнай мовы, складае ядро лексічнай сістэмы, на базе якога адбываецца яе далейшае ўзбагачэнне і ўдасканаленне.

Да лексікі абмежаванага выкарыстання адносяцца словы, уласцівыя мове пэўнай тэрытарыяльнай або сацыяльна абмежаванай групы людзей. У залежнасці ад таго, якія словы выкарыстоўваюцца пэўнымі групамі насельніцтва, і ад таго, як яны выкарыстоўваюцца, у рамках лексікі абмежаванага выкарыстання можна вылучыць наступныя групы: а) спецыяльная лексіка; б) дыялектная лексіка; в) жаргонная і аргатыўная лексіка.

Спецыяльная лексіка — гэта лексіка, якой карыстаюцца галоўным чынам толькі прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Сярод спецыяльнай лексікі выдзяляюцца тэрміналагічныя і прафесійныя словы і наменклатура.

Тэрміны (ад лац. terminus — мяжа) — словы або словазлучэнні, якія абазначаюць пэўнае паняцце ў галіне навукі, тэхнікі, культуры (інтэграл, сінус — у матэматыцы, марфема, прыслоўе — у мовазнаўстве і інш.).

Прафесіяналізмы — гэта спецыяльныя словы і выразы, якія ўжываюцца ў маўленні прадстаўнікоў пэўных прафесій (будаўнікоў, шахцёраў, пчаляроў і інш., напрыклад: бучы, таптухі, кашалі, крыгі — назвы розных прылад для лоўлі рыбы; майна, віра — у будаўнікоў і г. д.). Значэнні гэтых слоў не ўключаюцца ў слоўнік.

Наменклатура — гэта сукупнасць уласных імёнаў і назваў, прысвоеных разнастайным рэаліям і аб’ектам навукі і тэхнікі (лазер «Дыполь», Стрымер-499, суперкамп’ютэр «Скіф»).

Дыялектная лексіка — гэта лексіка беларускіх гаворак (картопля — бульба, тавар — карова на Палессі, судзінавялікая бочка ў рост чалавека для ссыпання збожжа і інш.).

Слова жаргон першапачаткова абазначала ў французкай мове сапсаваную мову. Зараз жа жаргон — сацыяльная разнавіднасць мовы, якой карыстаюцца прафесійныя групы і сацыяльныя праслойкі людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча. Існуюць, напрыклад, жаргоны ваенных і маракоў, акцёраў, фізікаў, моладзі і інш. Яны неаднолькавыя па распаўсюджанні, па той ролі, якую адыгрываюць у дадзеным асяроддзі, па паходжанні і асаблівасцях развіцця.

Лексіка жаргона фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Жарганізмы тэматычна звязаны з рознымі групамі прафесійнай лексікі. Аўтамабілісты, напрыклад, часта карыстаюцца словам керагаз (старая дрэнная машына-грузавік), казёл (від легкавога аўтамабіля). У мове паліграфістаў слова казёл можна сустрэць у значэнні «пропуск літар ці слоў у наборы». У маладзёжных калектывах сустракаюцца такія ўтварэнні, як чыталка (чытальная зала), арганіка (арганічная хімія), хвост (не здадзены ў тэрмін экзамен, залік).

Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго (ад франц. аrgot — замкнуты, нядзейны) — гэта лексіка групы людзей, што па нейкіх прычынах засакрэчваюць сваю мову (чуха — хачу, шывар — тавар, бан — вакзал). Гэта мова вандроўных гандляроў, рамеснікаў, жабракоў дарэвалюцыйнага часу. Гандляры і рамеснікі, ідучы на заробкі далёка ад родных мясцін, дамаўляліся пры неабходнасці гаварыць так, каб сярод чужых іх ніхто не змог зразумець. Ствараліся не проста словы, а цэлыя лексіка-семантычныя сістэмы — мовы, на якіх складалі песні, частушкі, прымаўкі, вершы.

 

 

1.4 Актыўная і пасіўная лексіка ў беларускай мове

 

Разам са зменамi ў навуцы i тэхнiцы, у вытворчасцi i культуры, у гра­мадскiм ладзе i эканомiцы слоўнiкавы склад мовы паста­янна мяняецца, павялiчваецца, абнаўляецца за кошт узнiкнення новых слоў, якiя адлюстроўваюць гэтыя змены ў жыццi народа.

Заканамерны і адваротны працэс знiкнення слоў, у вынікy чаго адны словы ўжываюцца часта і актыўна, а другiя — значна радзей. Па ўжывальнасцi ў мове лексiка падзяляецца на актыўную i пасiўную (рыс. 3).

 

Рысунак 3 — Класіфікацыя лексікі па ўжывальнасці

 

 

Да актыўнай лексiкi адносяцца агульнаўжывальныя словы, якiя не маюць нi адцення ўстарэласцi, нi адцення навiзны, напрыклад: вада, бабуля, дом, рака, брат, дзядзька, лес, каханне, гаварыцъ, светла, прыгожа. Да актыўнай лексiкай адносяцца і тэрмiнала­гiчныя словы розных галiн нaвyкi, тэхнiкi i культуры, якiя часта выкарыстоўваюцца ўciмi носьбiтамi мовы: мова, аспірын, дзяржава, трохвугольнік, плошча, золата, плаціна, інфаркт, карвалол, эпiдэмiя.

Да пасiўнай лексікі адносяцца рэдкаўжывальныя словы з адценнем устарэласцi цi навiзны: соцкі, уезд, вярста, дзесяцкі, дзіда; гідробус, электрашокер, вібрамасажор, прэзентацыя.

Гiстарызмы (ад грэч. historikos — гiстарычны) — гэта назвы тых прадметаў, з’яў, паняццяў, якiя знiклi з су­часнай рэчаiснасцi, «сталi гiсторыяй», напрыклад:

- назвы грамадска-палiтычных паняццяў, характэрных для мiнулых эпох (баярын, аброк, войт, найміт, парабак, земства, соцкі);

- назвы прылад працы (саха, пралка, ступа, цернiца);

- назвы зброi (дзiда, арбалет, шабля);

- назвы адзення, абутку (андарак, аблавуха, пасталы, лапці, каптур, чапец, сярмяга, кабат).

Архаiзмы (ад грэч. — archaios — старадаўнi, устарэлы) ­гэта словы, якiя з’яўляюцца ўстарэлымi назвамi тых прадметаў i паняццяў, што iснуюць у сучаснай рэчаiснасцi, але называюцца новымі словамi:
раць — войска, рамёны — плечы, аэраплан — самалёт, лемантар — буквар, тлумач — перакладчык, тартак — лесапiльня, гута — шклозавод.

Устарэлыя словы часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ў творах мастацкай літаратуры, у падручнiках i навуко­вых працах па гiстарычнай праблематыцы.

Неалагiзмы (ад грэч. neos — новы, logos — слова) — гэ­та новыя славы цi новыя значэннi вядомых слоў, якiя называюць новыя прадметы, з’явы сучаснай рэчаiснасцi i не страцiлi адцення навiзны: аквамабiл (прыстасаванне для перамяшчэння вадалазаў пад вадой); галаграфiя (метад атрымання аб’ёмнага малюнка) і інш. Як толькi такiя словы становяцца агульнавядомымi i страчваюць адценне незвычайнасцi, навiзны, яны з па­ciўнaгa слоўнiка перахадзяць у актыўны i перастаюць лiчыцца неалагiзмамi.

 

Гласарый

Агульнаславянскія словы — словы, якія сустракаюцца ва ўсіх славянскіх мовах.

Агульнаўжывальная лексіка — словы, выкарыстанне якіх не залежыць ад месца жыхарства, сацыяльнага становішча людзей, не абмежавана моўнай сітуацыяй (стылем, жанрам, формай мовы), г. зн. словы, якія аднолькава ўжываюць і разумеюць усе, хто гаворыць па-беларуску.

Агульнаўсходнеславянскія словы — гэта словы, якія пасля распаду агульнаславянскага моўнага адзінства ў працэсе фарміравання старажытнарускай народнасці праяўляліся толькі ў мове ўсходніх славян — продкаў сучасных беларусаў, рускіх і ўкраінцаў.

Архаiзмы (ад грэч. archaios — старадаўнi, устарэлы) ­гэта словы, якiя з’яўляюцца ўстарэлымi назвамi тых прадметаў i паняццяў, што iснуюць у сучаснай рэ­чаiснасцi, але абазначаюцца новымі словамi.

Варварызмы словы, якія або зусім не асвоены, або асвоены толькі графічна.

Гiстарызмы (ад грэч. historikos — гiстарычны) — гэта назвы тых прадметаў, з’яў, паняццяў, якiя знiклi з су­часнай рэчаiснасцi, «сталi гiсторыяй».

Значэнне слова — гэта суаднесенасць яго гукавой абалонкі з пэўным прадметам ці з’явай рэчаіснасці, унутраны бок, змест.

Інтэрнацыянальныя словы — словы, запазычаныя найперш з грэчаскай і лацінскай моў і звязаныя часцей за ўсё з адцягненымі паняццямі, катэгорыямі навукі, культуры, адукацыі, тэхнічнымі вырабамі.

Лексіка (ад грэч. lexikos — які адносіцца да слова, слоўнікавы) — гэта ўвесь слоўнік (слоўнікавы склад), сукупнасць слоў пэўнай мовы, а таксама сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці асобнага пісьменніка, у асобным творы, у пэўнай гаворцы і інш.

Лексіка абмежаванага выкарыстання — словы, уласцівыя мове пэўнай тэрытарыяльнай або сацыяльна абмежаванай групы людзей.

Лексікалогія — раздзел мовазнаўства, які вывучае лексіку.

Неалагізмы — словы або словазлучэнні, якія з’яўляюцца ў мове для намінацыі новых прадметаў, з’яў ці для замены старых назваў прадметаў і з’яў.

Слова — гэта гук ці комплекс гукаў, які мае значэнне, ужываецца ў мове як самастойная цэласная адзінка і служыць сродкам моўных зносін.

Уласнабеларускія словы — словы, якія ў пэўнай ступені вызначаюць спецыфіку слоўніка беларускай мовы, выяўляюць яе адметнасць і непаўторнасць і вылучаюцца сярод іншых славянскіх моў.

 

 

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Што такое лексіка? На якія групы паводле паходжання падзяляецца лексіка беларускай мовы?

2. Назавіце прыметы запазычаных слоў. Прывядзіце прыклады.

3. На якія групы падзяляецца лексіка паводле сфер яе выкарыстання?

4. Ахарактарызуйце дыялектную і жаргонную лексіку. Чым яны адрозніваюцца і што маюць агульнага?

5. Чым адрозніваюцца гістарызмы ад архаізмаў?

6. Чым адрозніваецца агульнаўжывальная лексіка ад лексікі абмежаванага выкарыстання, тэрміналагічная ад прафесійнай лексікі?

Трэнінг уменняў

Заданне 1. Запішыце словы паводле прыведзеных значэнняў.

 

◊ 1. Грашовая сума або іншая маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца ў залік будучых плацяжоў. 2. Матэрыяльны рэсурс і іншая маёмасная і інтэлектуальная каштоўнасць, якая ўкладваецца ў аб’екты прадпрымальніцкай і іншых відаў дзейнасці, у выніку якой утвараецца прыбытак або дасягаецца сацыяльны эфект. 3. Пастаянны наведвальнік, пакупнік, заказчык. 4. Афіцыйнае зніжэнне залатога забеспячэння грашовай адзінкі краіны або зніжэнне яе курсу ў адносінах да валют іншых краін. 5. Дзелавая папера, якая пацвярджае права на што-небудзь, служыць доказам чаго-небудзь. 6. Спецыяліст, які вядзе бухгалтарскі ўлік па рахунках (запіс фінансавых і гаспадарчых аперацый, падлік даходаў і расходаў). 7. Матэрыяльныя каштоўнасці (рэчы, прадметы, зямля, будынкі і інш.), якія належаць каму-небудзь.
8. Уласнік, які валодае прадпрыемствам; той, хто бярэцца за арганізацыю якой-небудзь справы, што прыносіць прыбытак. 9. Аплата, узнагарода за што-небудзь, пакрыццё выдаткаў, затрат. 10. Даведнік цэн па відах i гатунках тавараў або па відах паслуг.

▲ 1. Права грамадзян абскарджваць дзеянні службовых асобаў, дзяржаўных органаў. 2. Пісьмовае паведаленне аб выкананых аперацыях па рахунках кліентаў, якое адна ўстанова банка пасылае другой. 3. Уласнасць на адну і тую ж маёмасць дзвюх ці больш асобаў — удзельнікаў агульнай уласнасці. 4. Адна з прававых формаў уздзеяння на парушальнікаў працоўнай дысцыпліны. 5. Закон, які дапаўняе палажэнні Канстытуцыі. 6. Тэрмін, на працягу якога даўжнік адказвае перад крэдыторам за дабраякаснасць перададзенай рэчы ці выкананай працы. 7. У праве: структурная частка нормы права. 8. Спыненне працы як крайні сродак вырашэння калектыўных працоўных спрэчак. 9. Скарга на прысуд або рашэнне суда, якія не набылі законнай сілы. 10. Шлюбныя зносіны, не аформленыя ва ўстаноўленым законам парадку.

 

■ 1. Загадзя зададзенае, зразумелае і дакладнае прадпісанне магчымаму выканаўцу здзейсніць пэўную паслядоўнасць дзеяння для атрымання рэшэння задачы за канчатковы лік крокаў. 2. Раздзел матэматыкі, які вывучае выказванні, якія разглядаюцца з боку іх лагічных значэнняў і лагічных аперацый над імі. 3. Рэалізацыя электроннай схемы, якая выконвае некаторую функцыю, у выглядзе адзінага паўправадніковага крышталю, у якім выраблены ўсе кампаненты, неабходныя для ажыццяўлення гэтай функцыі. 4. Як называецца вытворчасць, у якой пры дастаткова вялікай колькасці аднолькавых выпускаў вырабаў выраб іх вядзецца шляхам бесперапыннага выканання на рабочых месцах адных і тых жа аперацый, якія пастаянна паўтараюцца. 5. Як называюць паверхню дэталі, якой яна ўстанаўліваецца для апрацоўкі ў пэўным становішчы адносна станка (ці прыстасавання) і рэжучага ці другога рабочага інструмента. 6. Сукупнасць няроўнасцей з адносна малымі крокамі, якія ўтвараюць рэльеф паверхні і разглядаюцца ў межах участка, даўжыня якога выбіраецца ў залежнасці ад характару паверхні і роўная базавай даўжыні. 7. Інтэрвал часу, праз які перыядычна адбываецца выпуск дэталей пэўнага наймення, тыпупамеру і выканання. 8. Тонкі, стальны дыск, які варочаецца ад электрарухавіка. 9. Працэс чыставой апрацоўкі паверхні мяккім кругам з нанесеным на яго дробназерністым абразіўным парашком, змешаным са змазкай. 10. Шматразовыя разнавіднасці працэсу апрацоўкі паверхні ціскам без зняцця стружкі шляхам трэння слізгання ці качэння.

 

Заданне 2. Вызначце, якія словы з’яўляюцца запазычанымі. Назавіце прыметы запазычаных слоў.

 

◊ Акварыум, возера, гравюра, фрагмент, інфляцыя, лявоніха, брыфінг, сенажаць, эпас, шчаслівы, дэфект, вакантны, сыравіна, філасофія, сонца, дэвальвацыя, волат, чалавек, арэол, лазня, інцыдэнт, камуфляж, поспех, маркетынг, фундатар.

 

▲ Абаліцыя, гравюра, імпічмент, бюджэт, лявоніха, афект, эпас, шчаслівы, аферта, вакантны, аванс, філасофія, авіза, сенажаць, волат, гіпотэза, інвестыцыя, чалавек, арэол, інцыдэнт, камуфляж, поспех, возера, агрэсія, працэс.

 

■ Кансіліум, эластычнасць, луг, гравюра, фрагмент, вытворчасць, шліфоўка, лявоніха, абсталяванне, сенажаць, станок, паверхня, шчаслівы, разьба, брак, сыравіна, волат, шурпатасць, чалавек, абразіўны, дом, камуфляж, поспех, фрэзероўшчык, калібраванне.

 

 

Заданне 3. Да запазычаных слоў падбярыце беларускія адпаведнікі, выкарыстоўваючы словы для даведак.

 

* Антыкварны, гігант, інцыдэнт, індыферэнтны, вакантны, карпарацыя, ландшафт, сімптом, шэф, паўза, утрыраваць, прыярытэт, сэрвіс, сінхронны, сурагат, аратар, фантом, фіяска, гуманны, традыцыя, фіксаваць, контур, шэраг, аграрны, адукацыя, аргумент, афарызм, дыкцыя, рэзюме, арфаграфія, аўдыенцыя, індустрыя, эксперымент, дэфект, брокер, дэбаты.

Словы для даведак: раўнадушны, чалавечны, кароткі выклад, адначасовы, аб’яднанне, старадаўні, велікан, прамысловасць, здарэнне, няўдача, абыякавы, вымаўленне, свабодны, прымета, перапынак, пераважаць, перавага, адхіленне, заменак, прамоўца, прывід, правал, звычай, адзначаць, абрысы, мясцовасць, мноства, сельскагаспадарчы, навучанне, доказ, перабольшваць, правапіс, афіцыйны прыём, абслугоўванне, выслоўе, дослед, пасрэднік, спрэчкі, недалік, кіраўнік, прыбытковы.

 

 

Заданне 4. Выпішые словазлучэнні, у якіх выдзеленыя курсівам словы адносяцца да спецыяльнай лексікі.

 

◊ Валодаць красамоўствам, вячэрнія сустрэчы, муфта счаплення, імкненне да дасканаласці, прамавугольная матрыца, вытворчыя выдаткі, неабсяжнасць Бацькаўшчыны, кінуць позірк, гіпертанічны крыз, чароўнасць лесу, прыватызацыя маёмасці, матчына пяшчота, агульная рэнтабельнасць, рэгрэсіўная асіміляцыя, каштоўныя паперы, цяжкія хмары, гарачая спрэчка, эканамічная эфектыўнасць, збалансаваная інфляцыя, невялікая вуліца.

 

▲Удзельнікі крымінальнага працэсу, вячэрнія сустрэчы, муфта счаплення, імкненне да дасканаласці, аднаўленне крымінальнай справы, залік сустрэчных патрабаванняў, вытворчыя выдаткі, неабсяжнасць Бацькаўшчыны, кінуць позірк, гіпертанічны крыз, чароўнасць лесу, прыватызацыя маёмасці, матчына пяшчота, адваротная сіла закона, рэгрэсіўная асіміляцыя, абскарджанне дзеянняў службовай асобы, цяжкія хмары, гарачая спрэчка, асабістыя немаёмасныя правы, невялікая вуліца.

 

■ Доўгачаканая сустрэча, выдаліць камп’ютарны вірус, цыліндрычныя колы, кінуць вокам, метад абкаткі, мэтазгоднасць выкарыстання метадаў, блочныя зубчатыя колы, жаданне перамагчы, маласерыйная вытворчасць, даць лататы, шырокае ўкараненне, бяздумны позірк, псіхалагічная падрыхтоўка, шліфавальнае кола, рухацца па дарозе, гарачая спрэчка, распаўсюджаны спосаб, адно слова, правільны выбар, прыцірачныя станкі.

Заданне 5. Да якой групы паводле сферы выкарыстання адносяцца прыведзеныя ніжэй словы?

 

◊ Вёска, заўтра, гаварыць, мой, балбатаць, два, далёка, акцыянернае таварыства, яечко, файны, інфляцыя, кагадзе, датацыя, самафінансаванне, паралелепіпед, меланхолік, грашовыя фонды, картопля, думаць, аптовы гандаль, жбан, тавар, плаксіць, кол, хвост, продкі, чыталка, вінда, касаўё, размеркаванне прыбытку, клава.

 

▲ Адвакат, паслязаўтра, танцаваць, мой, балбатаць, два, далёка, тэрмін даўнасці, яечко, файны, бюджэтнае права, кагадзе, скарга, заканадаўства, паралелепіпед, крымінальны вышук, меланхолік, спадчыннае права, картопля, думаць, прысуд, жбан, плаксіць, кол, хвост, продкі, чыталка, вінда, касаўё, цяжар пакарання, клава.

 

■ Лёс, размаўляць, лёх, станок, скурпулёзны, дэфармацыя, дасведчанасць, хвартух, пагрэшнасць, напружанне, гладыш, фермер, скавытаць, наваколле, любіць, даследаванне, верыць, прыпуск, смяяцца, прыцірка, класуха, лісце, вуркатанне, апрацоўка, шатун, каліна, зруб, вёрстка, бацян, сумленне, натхненне.

 

Заданне 6. Выпішыце словы, якія адносяцца да пасіўнай лексікі.

 

* Скібка, інфляцыя, маланкагромны, лёкай, гайдук, пейджар, бурун, уезд, дылер, дызель, палкаводзец, фундатар, апрацоўка дэталей, слёзнавокі, атрамант, янычар, грош, спраўнік, асадка, журавель, хлебадайны, айчына, паветра, раць, метад даследавання, перст, скурганелы, штатная колькасць, эмісія, ярмо, сумны, абдожджаны, доўбня, гута, лізінг, травень, гала-канцэрт, андарак, псіхалагічны стан, саета, жонка, бяроза, дызайн, мройнавокі, чынш, уласнік.

 

Заданне 7. Да ўстарэлых слоў падбярыце агульнаўжывальныя словы. Пры неабходнасці карыстайцеся «Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы».

 

* Дынама, дырэкторыя, аснач, кляса, сеча, прохаладзь, салаш, жомчуг, рагавень, кожан, жырандоль, кроза, імбрычак, аргумант, дэбаркадэр, фурманшчык, земства, выраза, клітка, арала, кляйноты, закляцце, улітаваць, чало, залатоўка, гэст, лгар, жаўнер, блюзка, закладная, упрашаць, пілігрым, магнэс, булат, вятрыла.

 

 

Заданне 8. Складзіце невялікі слоўнік дыялектных слоў, якія



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-07; просмотров: 4579; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.139.70.69 (0.014 с.)