Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Алгарытм напісання рэферата навуковай крыніцы

Поиск

 

1. Вызначце мэту реферыравання абранай навуковай крыніцы (рэферат-канспект ці рэферат-рэзюмэ).

2. Высветліце функцыі і памеры падрыхтаванага рэферата ў адпаведнасці з мэтай і жанрам навуковай першакрыніцы.

3. Зрабіце бібліяграфічнае апісанне навуковай крыніцы (навуковых крыніц).

4. Перапрацуйце навуковую крыніцу і выберыце інфармацыю для рэферата, выкарыстоўваючы такія віды чытання, як аглядавае, пашуковае і суцэльнае.

5. Вызначце кампазіцыю рэферата.

 

Заўвага. Рэферат-рэзюмэ: 1) загалоўкавая частка (дакладнае бібліяграфічнае апісанне крыніцы); 2) непасрэдна рэфератыўная частка (асноўная інфармацыя); 3) даведачны апарат (колькасць ілюстрацый, табліц, схем, бібліяграфія і інш.).

 

6. Запішыце план рэферата як пералік асноўных тэм і праблем першакрыніцы (для асноўнай часткі рэферата).

7. Здзейсніце падзел апрацаванай і выбранай для асноўнай часткі рэферата інфармацыі, усвядоміўшы:

- мэту і змест рэферыраванай навуковай крыніцы;

- метады даследавання;

- канкрэтныя вынікі (тэарэтычныя, эксперыментальныя, апісальныя і новыя правераныя факты, тэндэнцыі і інш.);

- высновы і пазіцыю аўтара ў вырашэнні праблемы, прыняцце ім або аправяржэнне гіпотэзы;

- сферу прымянення, шляхі практычнага выкарыстання вынікаў працы.

 

Заўвага. Калі ў навуковай крыніцы адсутнічае якая-небудзь частка (метады, высновы, сфера выкарыстання), то ў тэксце рэферата яны не прыводзяцца для захавання паслядоўнасці выкладу. Для асноўнай часткі рэферата-рэзюмэ падбіраецца асноўная (ключавая) інфармацыя навуковай крыніцы, пры гэтым малаінфарматыўныя часткі апускаюцца, блізкая па змесце інфармацыя аб’ядноўваецца і абагульняецца.

 

8. Аформіце пісьмовы рэферат:

- ажыццявіўшы «згортванне» зместу і моўную кампрэсію інфармацыі, выбранай для рэферата;

- скампанаваўшы выбраную інфармацыю і, выкарыстоўваючы розныя лексічныя звароты арганізацыі тэксту і памятаючы мэту рэферыравання, падрыхтуйце пісьмовы рэферат.

Заўвага. Ступень абагульнення і «згортвання» інфармацыі ў рэфераце-рэзюмэ з’яўляецца большай у два-тры разы, чым у інфарматыўным рэфераце. Лексічныя звароты з’яўляюцца агульнымі для ўсіх відаў рэферата.

 

9. Ажыццявіце самакантроль напісанага рэферата на сэнсавым, структурна-лагічным і моўным узроўнях і пераканайцеся ў тым, ці дасягнулі вы пастаўленай мэты рэферыравання.

Пры рэферыраванні, як і пры канспектаванні, адбываецца вылучэнне неабходнай інфармацыі, яе перафармуляванне, а таксама аргументаванне. Змест і памер рэферата залежыць ад яго віду: рэферат-канспект — гэта поўны рэферат; рэферат-рэзюмэ — гэта кароткі, абагульнены рэферат; рэферат-агляд — гэта рэферат на аснове некалькіх навуковых крыніц, паміж якімі вызначана асноўнае, базавае.

Здзейсніце (калі неабходна) рэдагаванне рэферата.

 

 

4.3 Кампазіцыйна-змястоўная
і лінгвістычная арганізацыя анатацыі. Віды анатацый

Анатацыя— сціслая, кароткая характарыстыка кнігі (артыкула ці зборніка), яе зместу і прызначэння. У анатацыі пералічаюцца галоўныя пытанні, праблемы першакрыніцы, часам даецца характарыстыка яе структуры, кампазіцыі. Як правіла, анатацыя складаецца з простых сказаў. Яна мае дзве абавязковыя часткі:

1) характарыстыка зместу першакрыніцы, мэты аўтара;

2) адрасат анатуемага тэксту.

Акрамя названых частак, могуць прысутнічаць і факультатыўныя часткі, у якіх падаюцца звесткі пра ілюстрацыйны матэрыял, які змешчаны ў тэксце.

Анатацыя павінна даць уяўленне пра:

- характар арыгінала (навуковы артыкул, тэхнічнае апісанне, навукова-папулярная кніга);

- будову арыгінала (якія пытанні і ў якой паслядоўнасці разбіраюцца, да якіх вывадаў прыходзіць аўтар);

- прызначэнне арыгінала (на каго разлічаны, які аб’ём, якасць выканання, актуальнасць, абгрунтаванне, вывады) [8, с. 17 — 18].

Прывядзём прыклад анатацыі:

 

Кароткая граматыка беларускай мовы. У 2 ч. Ч. 1. Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія / навук. рэд. А.А.Лукашанец. — Мн.: Беларус. навука, 2007.

 

Граматыка падрыхтавана з улікам моўнай практыкі і тых тэндэнцый, што праявіліся ў сістэме беларускай мовы ў апошнія два дзесяцігоддзі, а таксама вопыту раней выдадзеных акадэмічных граматык беларускай мовы. Мае нарматыўную накіраванасць, адлюстроўвае стан норм літаратурнай мовы канца ХХ — пачатку ХХІ ст., варыянтнасць словазмянення.

Разлічана на спецыялістаў-мовазнаўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў, усіх, хто карыстаецца беларускай мовай.

Такім чынам, анатацыя не раскрывае зместу навуковай крыніцы, а толькі інфармуе пра наяўнасць навуковай крыніцы пэўнага зместу і характару. Яна дапамагае чытачу скласці папярэдняе ўяўленне пра незнаёмую для яго навуковую публікацыю і тым самым дапамагае ў пошуку, адборы і сістэматызацыі неабходнай інфармацыі. Анатацыя нагадвае сабой вельмі кароткі з усіх магчымых пераход галоўнага зместу першаснага дакумента, які складзены ў выніку кампрэсіі тэксту арыгінала і ў некалькіх радках дае ўяўленне пра яго тэматыку.

Сярэдні аб’ём індыкатыўнай анатацыі — 30—40 слоў (3—4 сказы). Інфарматыўная, або апісальная, анатацыя ўключае ад 3 да 10 сказаў (ад 60 да 100 слоў). Анатацыя, якая сумуе тэматычны змест тэксту, можа быць вельмі кароткай і складацца з аднаго-двух сказаў (бібліятэчная картка).

Анатацыя нагадвае сабой кароткую даведку зместу зыходнага тэксту, пішацца з пазіцыі аўтара, які крытычна пераасэнсоўвае матэрыял, абагульняе і сціскае яго як бы «звонку» ад трэцяй асобы. Тэкст анатацыі складаецца пераважна з назыўных сказаў у традыцыйнай стылістыцы. Разам з агульнай характарыстыкай анатацыя можа ўключаць некаторыя дадатковыя звесткі пра крыніцу і яе аўтара. Анатацыя дазваляе меркаваць пра характар працы, яе каштоўнасць.

Анатацыя — складанае камплекснае ўменне, пры якім выконваюцца наступныя аперацыі: пошук і вычляненне галоўнай інфармацыі, абагульненне інфармацыі, аргументацыя. Пры анатаванні не патрабуецца такога дакладнага разумення тэксту і вычлянення ўсіх галоўных палажэнняў зместу крыніцы, як пры рэферыраванні, адсутнічае тоеснасць паміж тэкстам арыгінала (у яго істотных палажэннях) і тэкстам анатацыі.

Характэрнай асаблівасцю зместу анатацыі з’яўляецца тое, што ў ёй абавязкова ўказваецца, што новага нясе навуковая крыніца, якая анатуецца, у параўнанні з іншымі, блізкімі да яе тэматыкай і мэтавым прызначэннем; чым адрозніваецца гэтае выданне ад папярэдніх. Каб вылучыць з навуковай крыніцы асноўную і новую інфармацыю, а таксама сфармуляваць і правільна аформіць яе ў жанр анатацыі, неабходна мець як дастатковыя веды ў адпаведнай галіне, так і сфарміраваныя уменні ў складанні анатацыі.

Лексічныя сродкі для напісання анатацыі [8, с. 19 — 20]:

- структура тэксту: артыкул называецца; прысвечаны; у артыкуле (кнізе) разглядаецца…; у кнізе выкладзены…; у артыкуле падаюцца…; аўтар закранае праблемы…; мэта артыкула — паказаць… і інш.;

- кампазіцыя: кніга складаецца з …глаў (…частак)…; артыкул падзяляецца на …часткі і інш.;

- агульная характарыстыка зместу: у артыкуле разглядаецца пытанне (гаворыцца; даследуецца; паказваецца; робіцца спроба даказаць; адзначаецца важнасць; звяртаецца ўвага; даюцца новыя звесткі; разглядаюцца дыскусійныя пытанні; даказана) і інш.;

- спасылка на аўтраскае выказванне: аўтар гаворыць (аналізуе; характарызуе; разглядае; указвае; адзначае; даказвае; параўноўвае; супрацьпастаўляе; падкрэслівае; апісвае);

- праблематыка: у кнізе (артыкуле) закранаюцца, разглядаецца, асвятляецца…; аўтар спыняецца на разглядзе…; закранаюцца наступныя праблемы… і інш.;

- паказ асобных палажэнняў: аўтар прыводзіць прыклад (цытату; факты; звесткі);

- вывад, заключэнне: аўтар прыходзіць да вываду (да заключэння, да думкі, робіць вывад, заключэнне); у выніку…; у заключэнне гаворыцца;

- значэнне: зборнік разлічаны…; артыкул адрасаваны (для каго; рэкамендаваны каму)…; адрасуецца студэнтам, аспірантам, разлічаны на шырокае кола чытачоў і інш.

Паміж рэфератам і анатацыяй існуюць пэўныя адрозненні:

- у рэфераце інфармацыя выкладаецца з пазіцый аўтара арыгінала без ацэнкі рэферэнтам выкладаемага, у анатацыі — фармулёўкамі рэферэнта;

- рэферат знаёміць чытача з асноўнымі пытаннямі, праблемамі і інш., дае адказ на пытанне, менавіта якаяінфармацыя змяшчаецца ў тэксце, што новае, істотнае змяшчае першасны дакумент, анатацыя ж толькі павярхоўна дае ўяўленне, аб чым гаворыцца ў арыгінале, яго сціслую характарыстыку (звычайна ў выглядзе пераліку асноўных праблем), аблягчае пошук неабходнай інфармацыі;

- рэферат будуецца на аснове ключавых фрагментаў тэксту, анатацыя ж пішацца сваімі словамі [6, с. 58].



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-07; просмотров: 602; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.15.211.55 (0.01 с.)