Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Службовы этыкет і культура зносін

Поиск

Службовы этыкет — найважнейшы бок маралі прафесійных паводзін супрацоўніка. Валоданне ім — неабходная прафесійная якасць, якую трэба набываць і пастаянна ўдасканальваць. Захаванне службовага этыкету, уменне культурна паводзіць сябе асабліва важна пры зносінах з прадстаўнікамі замежных фірмаў, пры выездзе для падпісання кантрактаў за мяжу. Такім чынам, веды этыкетных зносін, уменне культурна паводзіць сябе — аснова поспеху ў працоўнай дзейнасці чалавека.

Этыкет — з’ява гістарычная. Правілы паводзін людзей змяняліся разам са зменамі ўмоў жыцця грамадства, пэўнага сацыяльнага асяроддзя. Этыкет з’явіўся ў перыяд зараджэння абсалютных манархій. Прытрымлівацца вызначаных правіл паводзін, цырыманіялу было неабходна для ўзвялічвання царскіх асоб: імператараў, каралёў, цароў, князёў, прынцаў, герцагаў і г. д., для замацавання іерархіі самога класавага грамадства. Ад валодання этыкетам, выканання яго правіл часта залежыла не толькі кар’ера, але і жыццё чалавека. Так было ў Старажытным Егіпце, Кітаі, Рыме, Залатой Ардзе. Парушэнне этыкету прыводзіла да варожасці паміж плямёнамі, народамі і нават да войн.

Грамадскі прагрэс спрыяў узаемапранікненню правіл паводзін, узбагачэнню культур. Працэс узаемнага ўзбагачэння правіламі паводзін дазволіў выпрацаваць узаемапрымальны, прызнаны ў галоўных рысах этыкет, які замацоўваецца ў звычаях і традыцыях. Этыкет стаў загадваць нормы паводзін на працы, на вуліцы, у гасцях, на справавых і дыпламатычных прыёмах, у тэатры, грамадскім транспарце і г. д.

Культура паводзін у службовых зносінах немагчымая без захаванняправіл вербальнага (слоўнага, маўленчага) этыкету, звязанага з формамі і манерамі маўлення, слоўнікавым запасам, г. зн. з усім стылем прамовы, прынятым у зносінах дадзенага круга людзей. Існуюць гістарычна напрацаваныя стэрэатыпы маўленчых зносін. Гэта словы: спадар, спадарства і спадарыня. Сярод іншых сацыяльных груп падобныя звароты пакуль шырока не ўжываюцца, і часта людзі адчуваюць пачуццё ўнутранага дыскамфорту на паседжаннях або сходах, паколькі не ведаюць, як звярнуцца адзін да аднаго: слова «таварыш» на сённяшні дзень з’яўляецца неактуальным, а іншыя да «спадароў» відавочна «не дараслі». Таму вельмі часта ў транспарце, у краме, на вуліцы мы чуем зневажальныя фразы: «Гэй, мужчына, пасуньцеся!», «Жанчына, прабіце талончык!» і г. д.

Сярод службоўцаў зварот «спадар» мае права на жыццё, бо гэтая форма звароту не пазычаная. Бяздумныя пазычанні, якія ужываюцца часцей за ўсё, як правіла, рэжуць слых. «Спадар» — спрадвечна беларускае слова. Яно мае самае распаўсюджанае значэнне як форма ветлівага звароту да асобы або групы асоб. Акрамя таго, у іншым яго значэнні — «уласнік» — ёсць і паважлівае стаўленне да чалавека.

У службовай гутарцы трэба ўмець даць адказ на любое пытанне. Нават пры адказе на самае простае, якое чуецца штодзень: «Як справы?», заўсёды неабходна памятаць пра пачуццё меры. Нічога не адказаць няветліва; буркнуць: «Нармальна» і прайсці міма таксама няветліва; пачаць расказваць пра свае справы — праславіцца занудай. У такіх выпадках службовы этыкет прапануе адказваць прыкладна наступнае: «Дзякуй, усё добра», «Дзякуй, пакуль жаліцца грэх», і ў сваю чаргу пацікавіцца: «Спадзяюся, што і ў Вас усё ідзе добра?». Такія адказы нейтральныя, яны задавальняюць усіх.

У вербальных зносінах службовы этыкет мае на ўвазе ўжыванне розных псіхалагічных прыёмаў. Адзін з іх — «формула пагладжвання». Гэта слоўныя звароты-пажаданні тыпу: «Поспехаў Вам!», «Жадаю поспеху!» і інш.

У маўленчым этыкеце працоўных людзей вялікае значэнне маюць кампліменты — прыемныя словы, якія выказваюць ухваленні, падкрэсліваюць густ у вопратцы, знешнасці або адзначаюць разумовыя здольнасці партнёра. Камплімент, тым больш, калі партнёр — жанчы-
на, — неабходная частка маўленчага этыкету. Падчас справавых зносін заўсёды ёсць рэальная магчымасць для кампліментаў. Яны натхняюць вашага справавога партнёра, надаюць яму ўпэўненасць, ухваляюць. Асабліва важна памятаць аб кампліменце, калі вы маеце справу з новым супрацоўнікам.

За час існавання працоўнай дзейнасці людзей склаліся правілы маўленчага этыкету, якія павінен выконваць кожны чалавек, каб дасягнуць павагі і поспеху ў працоўнай дзейнасці:

– не варта ўступаць у кантакт, калі суразмоўца заняты тымі або іншымі справамі;

– пачынаць гутарку трэба са слоў Вам не здаецца… або Вы не маглі бы…, а не са слоў я, мне;

– вельмі хуткае шматслоўнае маўленне стварае ўражанне пра чалавека як ненадзейнага, неабавязковага;

– занадта павольнае маўленне выклікае раздражненне, прымушае падумаць пра запаволеныя рэакцыі гэтага чалавека, неаператыўнасці ў справавых адносінах;

– падвышаць эмацыйны тонус суразмоўцы — гэта значыць прысвоіць яму пажаданыя якасці: напрыклад, «Ведаючы Вашу стараннасць…», «Вы такі настойлівы…», «Ваша дасведчанасць вельмі цікавая для нас у рашэнні гэтай праблемы»;

– пры выбары слоў трэба імкнуцца ўжываць простыя, агульнавядомыя і ўсім зразумелыя словы. Але адначасова гэтыя словы павінны найбольш праўдзіва і поўна выражаць вашую думку. Нярэдка разумнае, добрае маўленне псуюць словы-паразіты;

– падчас звароту да суразмоўцы варта імкнуцца правільна запомніць яго імя і імя па бацьку. Запомніўшы імя і нязмушана ўжываючы яго, вы робіце чалавеку тонкі камплімент. Калі забыць імя або, яшчэ горш, няправільна яго напісаць — значыць паставіць сябе ў вельмі невыгоднае становішча;

– падчас перамоў і ў справых зносінах варта звяртацца ў такім варыянце імя, якім яго назваў сам суразмоўца;

– абавязкова трэба быць уважлівым да суразмоўцы, варта шанаваць яго аргументы, нават калі яны слабыя.

Правілы для асоб, да якіх звяртаюцца:

– калі хто-небудзь звярнуўся да вас, неабходна перапыніцца і выслухаць;

– неабходна мець такт, цярпенне выслухаць усё ўважліва да канца. У крайнім выпадку тактоўна перанясіце час гутаркі або папрасіце звярнуцца да іншага супрацоўніка;

– ніколі не перабівайце суразмоўцу, нават калі ў вас паўстала пытанне;

– зацікаўленасць падкрэсліваецца позіркам, мімікай, жэстамі.

Такім чынам, службовы маўленчы этыкет адыгрывае важную ролю ва ўстанаўленні кантакту паміж суразмоўцамі, падтрыманні добразычлівых зносінаў і замацаванню доўгіх працоўных узаемаадносін.

У працоўным жыцці дастаткова часта патрабуецца праводзіць нарады. Службовым этыкетам рэгламентуюцца некаторыя правілы правядзення дадзенага віду службовай дзейнасці.

Справавыя нарады трэба імкнуцца праводзіць прыкладна за гадзіну. Калі тэрміны нарады зацягваюцца, значыць яна дрэнна падрыхтаваная. Варта памятаць, што калектыўнае вырашэнне пытанняў — выключэнне з правіл, а не правіла. Калектыўная адказнасць у асноўным правальвае вырашэнне пытання, таму што кожны павінен адказваць за свой участак працы.

Калі трэба вырашыць сур’ёзную праблему, то, як правіла, запрашаюць тых спецыялістаў, якім яна непасрэдна вядомая. Выказацца павінны па чарзе, пачынаючы ад ніжэйшых па статусе, заканчваючы галоўнымі спецыялістамі.

Важна імкнуцца праводзіць нарады рэгулярна: у адныя і тыя ж дні, у адзін і той жа час, у адным і тым жа памяшканні (пакою, зале). Гэта варта рабіць па прычыне дысцыплінавання супрацоўнікаў: у адваротным выпадку ніколі не атрымаецца ўсіх сабраць.

Сучаснае службовае жыццё немагчыма ўявіць без тэлефона. Дзякуючы яму ў шмат разоў падвышаецца аператыўнасць вырашэння мноства пытанняў і праблем, адпадае неабходнасць дасылаць лісты, тэлеграмы або здзяйсняць паездкі ў іншую ўстанову, горад для высвятлення ўмоў якой-небудзь справы. Па тэлефоне можна зрабіць вельмі многае: правесці перамовы, аддаць распараджэнні, выказаць просьбу і інш.

У тэлефоннай гутарцы ў параўнанні з пісьмовымі зносінамі ёсць адна важная перавага: яна забяспечвае бесперапынны двухбаковы абмен інфармацыяй незалежна ад адлегласці. Але да службовай тэлефоннай гутаркі трэба рыхтавацца. Кепская падрыхтоўка, няўменне вылучаць галоўнае, лаканічна, ёміста выкладаць свае думкі прыводзяць да значных страт працоўнага часу. Мастацтва вядзення службовых тэлефонных гутарак складаецца ў тым, каб каротка паведаміць усё, што варта сказаць, і атрымаць адказ на запыт.

Аснова паспяховага правядзення службовай тэлефоннай гутаркі — кампетэнтнасць, тактоўнасць, добразычлівасць, валоданне прыёмамі вядзення гутаркі, імкненне аператыўна і эфектыўна вырашыць праблему або аказаць дапамогу ў яе рашэнні. Эфектыўнасць службовых тэлефонных зносін залежыць ад эмацыянальнага стану чалавека, ад яго настрою.

Трэба памятаць, што тэлефон пагаршае недахопы маўлення; хуткае або запаволенае вымаўленне слоў ускладняе ўспрыманне. Асабліва варта назіраць за вымаўленнем лічбаў, уласных імёнаў, зычных гукаў. Калі ў гутарцы сустракаюцца назвы гарадоў, пасёлкаў, уласныя імёны, прозвішчы і інш., якія дрэнна ўспрымаюцца на слых, іх трэба прамаўляць па складах або нават перадаваць па літарах.

Этыкет службовай тэлефоннай гутаркі мае ў сваім запасе цэлы шэраг рэплік для кантактаўстанаўлялных зносін. Напрыклад: «Як Вы мяне чуеце?», «Не маглі бы Вы паўтарыць...?», «Выбачце, але вельмі дрэнна чуваць», «Прабачце, я не пачуў, што Вы сказалі» і інш.

Званок з хатняга тэлефона супрацоўніку, калегу для службовай гутаркі можа быць апраўданы толькі сур’ёзнай прычынай. Забараняецца тэлефанаваць пасля 22 гадзін, калі для гэтага няма тэрміновай неабходнасці або не атрымана папярэдняя згода на гэты званок.

Як паказвае аналіз, у тэлефоннай гутарцы 30—40% займаюць паўторы слоў, фраз, непатрэбныя паўзы і лішнія словы. Такім чынам, да тэлефоннай гутаркі трэба добра рыхтавацца: загадзя падабраць усе матэрыялы, дакументы, мець пад рукой неабходныя нумары тэлефонаў, адрасы арганізацый або патрэбных асоб, каляндар, аўтаручку, паперу.

Да часу вырашэння набраць нумар, варта сапраўды вызначыць мэту гутаркі і тактыку яе вядзення. Варта скласці план гутаркі, запісаць пытанні, якія трэба вырашыць, або звесткі (дадзеныя), якія неабходна атрымаць, прадумаць парадак пастаноўкі пытанняў. Першай жа фразай патрэбна імкнуцца зацікавіць суразмоўцу. Варта трымаць у памяці даты і нумары дакументаў, афіцыйных матэрыялаў, якія маюць дачыненне да гутаркі, спрабаваць спрагназаваць контраргументы суразмоўцы і свае адказы яму. Калі адбываецца дамова па некалькіх пытаннях, то спачатку паслядоўна заканчваецца абмеркаванне аднаго пытання, а пасля ўжо адбываецца пераход да наступнага. З дапамогай стандартных фраз трэба імкнуцца адасобіць адно пытанне ад іншага, напрыклад: «Такім чынам, па гэтым пытанні мы дамовіліся?», «Магу я лічыць, што па гэтым пытанні мы дасягнулі дамоўленасці?», «Як я Вас зразумеў (у гэтым пытанні), мы можам разлічваць на Вашую падтрымку?». Гутарка па кожнай тэме павінна заканчвацца пытаннем, якое патрабуе адназначнага адказу.

 

Кампаненты дзелавой тэлефоннай гутаркі
Этап устанаўлення сувязі: - акрамя слоў Ало і Я слухаю, абавязкова прадставіцца і назваць, ад чыйго імя вы гаворыце (назваць установу, службовую пасаду і інш.); - пры размове з іншаю асобай кажуць: «Добры дзень. Ці магу я папрасіць да тэлефона Пятра Пятровіча?» Магчымыя адказы: «Прашу пачакаць адну хвілінку», «На жаль, Пётр Пятровіч выйшаў, будзе ў..» і інш. Выклад справы: - будаваць паведамленне дакладна, без лішніх падрабязнасцей і складаных выказванняў; выкладаць толькі галоўныя пытанні; - праводзіць у форме дыялогу, а не маналогу, для чаго часцей рабіць паўзы, каб субяседнік мог выказаць свае адносіны да пытання Заключная частка: - ініцыятыва заканчэння размовы у таго, хто патэлефанаваў; - калі субяседнік старэйшы па ўзросце, службовым становішчы або гэта жанчына, трэба даць ім магчымасць закончыць размову

 

 

Немалаважнае значэнне мае і такі спосаб усталявання індывідуальнага кантакту, як візітная картка. Вылучаюць наступныя яе віды: асабістая, службовая і карпаратыўная.

Асабістая візітная картка, як правіла, утрымлівае імя і прозвішча ўладальніка; тэлефонныя нумары, пасады, адрасы ў ёй не абавязковыя. Такія візітоўкі характарызуюцца досыць вольным стылем выканання.

Службовая візітная картка абавязкова ўтрымлівае імя, прозвішча, пасаду, назву і рэквізіты кампаніі, звычайна выкарыстоўваецца фірменны стыль кампаніі, лагатып і інш.

Карпаратыўная візітная картка, як правіла, не ўтрымлівае імёнаў і прозвішчаў. У ёй паказваецца сфера дзейнасці фірмы, пералік паслуг, кантактныя тэлефоны, карта праезду, адрас вэб-старонкі, выкарыстоўваецца фірменная сімволіка. Такая візітоўка нясе рэкламны характар, у асноўным выкарыстоўваецца на выставах.

Такім чынам, поспех прадпрыемства, арганізацыі цесна звязаны з этыкетам і культурай паводзін. Для добрага авалодання службовым этыкетам патрабуецца час, жаданне і настойлівасць, пастаянныя удасканаленні паводзін у розных умовах дзейнасці, каб веды перайшлі ў навыкі і звычкі. Толькі ў гэтым выпадку рэакцыя на любое дзеянне, любы ход апанента, развіццё сітуацыі будзе адпавядаць правілам добрага тону, службовага этыкету, патрабаванням культуры паводзін у пэўнай сітуацыі.

 

Гласарый

Багацце маўлення — гэта ўжыванне разнастайных моўных сродкаў.

Выразнасць маўлення — гэта нагляднае, вобразнае, малюнкавае вербальнае афармленне думак, якое забяспечваецца дарэчным, умелым ужываннем эпітэтаў, метафар, параўнанняў, фразеалагізмаў, парэмій, перыфразы і інш.

Дакладнасць — сэнсавая адпаведнасць асобных слоў, выказванняў знешнім рэаліям, сітуацыям або паняццям аб іх, а таксама выкарыстанне адзінак маўлення ў тых значэннях, што замацаваны за імі моўнай практыкай і прадстаўлены ў адпаведных кадыфікаваных лінгвістычных даведніках.

Дарэчнасць маўлення — выкарыстанне моўных сродкаў з поўнай адпаведнасцю тэме гаворкі, сітуацыі, або кантэксту, мэце выказвання, колькаснаму і якаснаму складу аўдыторыі, выбранаму стылю маўлення, часу і ўмовам зносін.

Культура маўлення — сістэма камунікатыўных якасцей маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, выразнасць, багацце і разнастайнасць, дарэчнасць, чыстата і лаканічнасць); вучэнне пра сістэму камунікатыўных якасцей маўлення.

Мова — сістэма матэрыяльных адзінак (тыповых гукаў, марфемаў, слоў, словазлучэнняў, сказаў) і сістэма правіл іх функцыянавання (граматыка).

Правільнасць — гэта прытрымліванне літаратурных норм пры ўжыванні мовы, якія выпрацаваны грамадствам і кадыфікаваны (замацаваны афіцыйна як абавязковыя для выканання) у граматыках і слоўніках (звычайна акадэмічных выданняў).

Чысціня маўлення — гэта адсутнасць у маўленні чужародных літаратурнай мове элементаў, паразітычных гукаў і слоў, дыялектызмаў, прастамоўных лексем і выразаў, жарганізмаў, безпадстаўна ўжытых запазычаных слоў і варварызмаў, канцылярызмаў, русізмаў, наватвораў і аказіяналізмаў, шматкампанентных скарачэнняў і абрэвіятур.

 

 

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Чым адрозніваюцца паняцці «мова» і «маўленне»?

2. Што такое культура маўлення? Якія элементы ўваходзяць у яе склад?

3. Дайце характарыстыку асноўным якасцям маўлення: правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня і багацце маўлення, дарэчнасць.

4. Што такое этыкет і культура зносін?

Трэнінг уменняў

Заданне 1 *. Прачытайце тэкст. Назавіце, якія патрабаванні да звязнай мовы ў тэксце парушаны.

 

Жанчына прадае каштэлі, салодкія смачныя яблыкі, расказвае:

— У нас гэдакіх каштэляў — мы стаўпецкія, недалёка ад Стоўпцаў, — мо тоны дзве будзя. Прыедзяця — й на стол зьбяру. І яблыкаў танней прадамо: дома ж, цягаць не трэба будзя.

— Як гэта «зьбераце на стол»?

— Ці сваяк, ці чалавек добры трапіцца, то трэба сабраць на стол: кап чыста заслаць, каб наставіць на стол чаго толькі ёсць. І каб на ўсё добрая (Ф.М. Янкоўскі).

 

 

Заданне 2. Размясціце сказы ў такім парадку, каб атрымаўся звязны тэкст.

 

◊ 1. Патрабуецца таксама абгрунтаванне ўпэўненасці арганізацыі ў тым, што балансавая вартасць фінансавых інструментаў будзе кампенсавана. 2. У выпадку адлюстравання ў балансе фінансавых інструментаў па кошце, які перавышае іх справядлівую рыначную вартасць, міжнародны стандарт фінансавай справаздачнасці № 32 «Фінансавыя інструменты: раскрыццё і падача інфармацыі» ў тлумачэннях прадугледжвае ўказанне іх справядлівай рыначнай вартасці і прычын, прымусіўшых арганізацыю не паніжаць іх балансавую вартасць. 3. Пры першапачатковым прызнанні фінансавых актываў і абавязацельстваў яны ацэньваюцца па фактычных выдатках, а затым могуць ацэньвацца па справядлівай вартасці, у якасці якой міжнародны стандарт фінансавай справаздачнасці № 39 «Фінансавыя інструменты: прызнанне і ацэнка» прызнае суму грашовых сродкаў, дастатковую для набыцця дадзенага актыву або пагашэння абавязацельства пры ажыццяўленні здзелкі паміж незалежнымі адзін ад аднаго бакамі (А.П. Шаўлюкоў).

 

▲ 1. Атрымалася б так, што прававыя нормы, пазітыўнае права ствараюць суб’екты, якія самі не ўдзельнічаюць у прававым жыцці, не ажыццяўляюць прававых дзеянняў, а таму і не могуць нічога ведаць аб праве. 2. Да ліку суб’ектаў прававых адносін трэба аднесці таксама і тых сацыяльных суб’ектаў і іх арганізацыі, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у стварэнні права, у праватворчасці і асабліва нарматворчасці. 3. Кожная з гэтых груп удзельнікаў прававых адносін (суб’ектаў прававых адносін), у сваю чаргу, падзяляецца на падгрупы. 4. Нелагічна было б не ўключаць тых сацыяльных суб’ектаў і арганізацый, вынікам дзеянняў якіх з’яўляецца фармальна азначанае правіла паводзін — норма права, у склад удзельнікаў прававых адносін. 5. Па-другое, гэта самыя розныя сацыяльныя аб’яднанні і іх арганізацыі. 6. Па-першае, гэта фізічныя асобы і самыя розныя іх аб’яднанні. 7. Па-трэцяе, гэта сацыяльныя супольнасці (народ, нацыя) і іх арганізацыі — дзяржава і дзяржавападобныя арганізацыі. 8. Суб’ектамі прававых адносін у самым агульным плане з’яўляюцца ўсе тыя ўдзельнікі разнастайных па зместу і форме, прававых па прыродзе грамадскіх адносін, у выніку шматлікіх дзеянняў якіх фармуюцца самыя розныя прававыя стандарты і трафарэты, прававыя нормы. 9. Суб’ектаў (удзельнікаў) прававых адносін можна аб’яднаць у асобныя групы.

 

■ 1. Будзем называць іх простымі першаснымі сістэмамі. 2. Мяркуецца, што простыя целы злучаюцца паміж сабою з дапамогай унутраных сувязей. 3. Названую сістэму можна прадставіць у выглядзе шарнірнага трохвугольніка. 4. Калі да яго далучыць некалькі дыяд, то атрымаецца іншае складанае цела, якое называецца фермай (што ў перакладзе на беларускую мову азначае: моцны, жорсткі). 5. Складаным целам будзем называць свабодны нязменны статычна вызначальны матэрыяльны аб’ект, утвораны з простых цел (стрыжняў). 6. Першасныя свабодныя і несвабодныя сістэмы ўтвораны з простых цел. 7. Прасцейшым прыкладам складанага цела можа служыць ужо вядомая нам першасная сістэма С2, калі ігнараваць яе свабоднымі сувязямі. 8. Калі гэтыя целы замяніць складанымі целамі першага ўзроўню складанасці, то атрымаем першасныя сістэмы таго ж узроўню. 9. Яны служаць элементамі сінтэзу суперсістэм. 10. Элементамі сінтэзу складаных цел могут быць не толькі дыяды, але і падсістэмы С1, С2.

 

Заданне 3. Перакладзіце тэкст на беларускую мову і падрыхтуйцеся да яго пераказу.

Теория цикла И. Шумпетера

◊ Идеи Н. Д. Кондратьева были развиты австрийским экономистом И. Шумпетером. Последним была обоснована концепция, в соответствии с которой основой долгосрочных колебаний является волнообразная динамика технических и технологических нововведений. Последние включают в себя: 1) создание принципиально нового товара или придание новых свойств су­ществующему; 2) внедрение нового метода производства; 3) внедрение новой технологии; 4) освоение нового рынка сбыта; 5) использование нового источника сырья и энергии; 6) изменения в организации производства.

В своей теории И. Шумпетер опирался на принципы технологичес­кого детерминизма и исходил из того, что переход от фазы подъема к спаду и наоборот объясняется рыночным дисбалансом, возникающим под воздействием нововведений. Согласно И. Шумпетеру нововведе­ние открывает сферы прибыльного приложения капитала, в результате в ряде отраслей происходит внедрение новейшей техники и техноло­гии. Это способствует ускоренному накоплению капитала, росту нор­мы прибыли и экономическому подъему. По мере насыщения рынка совокупный спрос начинает уменьшаться, средняя норма прибыли па­дать, вследствие чего часть капитала оказывается избыточной. В силу вступает понижательная волна, выход из которой возможен лишь в ре­зультате нововведений. При таких условиях большое значение прида­ется активности крупного бизнеса, он выступает опорой технического прогресса. Именно его инновационная деятельность обеспечивает кон­центрацию и внедрение нововведений, подталкивает экономику к пе­реходу на повышательную волну развития.

Методология криминалистики носит всеобщий характер, применимый к различным следственным ситуациям и действиям в сфере расследования экономических преступлений. Методология ставит пользователя перед необходимостью выбора метода или операции, но к этому выбору человек должен быть готов. Криминалист должен иметь субъективную ориентацию в системе методов, которые соответствуют его стилю, его способностям, его личностным качествам в системе стратегий (своих и чужих). Специальный криминалистический метод — это гармоничная система приёмов, обеспечивающих расширение поискового и аналитического «полей» специалиста. Это стиль профессиональных действий, определяющий возможности и ограничения, это форма творческого поиска, определяемая системой целей, которые ставят перед следователем текущая и перспективная ситуации.

Главное в этом случае — увидеть и правильно интерпретировать встающие вопросы по поводу расследуемого дела. Это система тактических средств воздействия на объекты, связанных с расследуемым преступлением. Такими объектами могут быть исходные данные рождаемой следственной задачи, различные формы профессионального воздействия, психические состояния самого следователя и его партнёров, предметы материального мира и т.д.

Составным элементом метода является способ, он отличен от метода по своим целям, структуре, содержанию микроэлементов действия. Способ действия складывается из последовательно выполняемых операций, с помощью которых осуществляются анализ, синтез, комбинирование, преобразование объектов деятельности следователя.

■ К деталям класса рычагов относятся собственно рычаги, тяги, серьги, вилки, балансиры, шатуны.

Рычаги являются звеньями системы машин, аппаратов, приборов, приспособлений. Совершая качательное или вращательное движение, рычаги передают необходимые силы и движения сопряженным деталям, заставляя их выполнять требуемые перемещения с надлежащей скоростью. В других случаях рычаги, например прихваты, остаются неподвижными и фиксируют относительное положение сопряженных деталей.

Детали класса рычагов имеют два отверстия или больше, оси которых расположены параллельно или под прямым углом. Тело рычагов представляет собой стержень, не обладающий достаточной жесткостью. В деталях этого класса, кроме основных отверстий, обрабатываются шпоночные или шлицевые пары, крепежные отверстия и прорези в головках. Стержни рычагов часто не обрабатывают.

Значительное разнообразие конструкций рычагов вызывает необходимость их классификации с целью сужения типовых технологических процессов. С этой целью рекомендуется следующая классификация:

1.Рычаги, у которых торцы втулок имеют общую плоскость или их торцы лежат в одной плоскости.

2.Рычаги, у которых торцы втулок лежат в разных плоскостях.

3.Рычаги, у которых имеется длинная втулка с отверстием и значительно более короткие втулки.

Заданне 4 *. Выберыце з прапанаваных у дужках слоў дакладнае, правільнае ў лексіка-семантычных адносінах.

 

Боль (нястрымны, нестрыманы), маёмасць (рухомая, рухавая), паводзіны (узорыстыя, узорныя), тэорыя (цэльная, цэласная), білет (праязны, праезны), спосаб (эфектны, эфектыўны), розум (канструктыўны, канструкцыйны), грамата (ганарыстая, ганаровая), чалавек (дзейны, дзейсны), пераклад (літарны, літаральны), словы (узнёслыя, узнесеныя), выгляд (чалавечы, чалавечны), снег (вадзяны, вадзяністы), зямля (урадлівая, ураджайная), званне (ганарлівае, ганаровае, ганарыстае).

 

 

Заданне 5 *. Укажыце, якое са слоў патрэбна ўжыць у наступных выпадках для дасягнення дакладнасці маўлення.

 

1) Схільны да жаласці, спачування (жаласлівы, жаласны);

2) падрыў даверу да каго-(чаго)-небудзь, прыніжэнне чыйго-небудзь аўтарытэту, значэння (дыскрымінацыя, дыскрэдытацыя);

3) які мае адносіны да жанчыны; прызначаны для жанчын (жаночы, жаноцкі);

4) які выконваецца без пярэчанняў (беспярэчны, бясспрэчны);

5) які атрымаў шырокую адукацыю, мае рознабаковые веды (адукацыйны, адукаваны);

6) той, хто высылае паштовае адпраўленне (адрасант, адрасат);

7) вельмі акуратны, дакладны (пунктуацыйны, пунктуальны);

8) гаворка, пашыраная на пэўнай тэрыторыі; мясцовая разнавіднасць мовы (дыялектызм, дыялект);

9) адзінства, агульнасць, супольнасць (еднасць, яднанне);

10) спецыяльна прызначаны, прыняты, скліканы і інш. (незвычайны, надзвычайны).

 

 

Заданне 6 *. Як вы лічыце, выкарыстанне канцылярызмаў не ў афіцыйна-справавым стылі, а ў іншых патрэбна звязваць з дарэчнасцю ці з чысцінёй маўлення? Абгрунтуйце адказ.

 

 

Заданне 8 *. Прааналізуйце верш П. Панчанкі «Родная мова». Адзначце, пры дапамозе якіх моўных сродкаў рэалізуецца вобразнасць і эмацыянальнасць маўлення ў прапанаваным творы.

 

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара.

Гэта ластавак шчабятанне,

Звон світальны палескіх крыніц,

Сінь чабору, і барвы зарніц,

І буслінае клекатанне.

Калі ж хто загадае: «Не трэба!» —

Адрачэцца ад мовы народ, —

Папрашу я і сонца, і неба:

Мне не трэба ні славы, ні хлеба,

Асудзіце на безліч нягод.

Толькі месяцаў назвы пакіньце,

Назвы родыя роднай зямлі,

Пра якія з маленства ў блакіце

Бор шуміць і пяюць жураўлі:

Студзень — з казкамі снежных аблокаў,

Люты — шчодры на сіні мароз,

Сакавік — з сакатаннем і сокам

Непаўторных вясновых бяроз,

Красавік — час маланак і ліўняў,

Травень — з першым каханнем, сяўбой,

Чэрвень — з ягаднаю зарой,

Ліпень — з мёдам,

З пшаніцаю — жнівень,

Спелы яблычны верасень,

Светлы кастрычнік

У празрыстасці чыстай, крынічнай,

Лістапад — залаты лістапад,

Снежань — першы густы снегапад...

Ці плачу я, ці пяю?..

Восень. На вуліцы цёмна...

Пакіньце мне мову маю,

Пакіньце жыццё мне!

 

 

Заданне 8 *. Назавіце моўныя звароты, якія выкарыстоўваем у наступных сітуацыях:

а) дзякуеш чалавеку;

б) вітаеш знаёмых людзей;

в) просіш каго-небудзь дапамагчы;

г) просіш прабачэння;

д) пытаеш дазволу зрабіць што-небудзь.

 

 

Тэма 2

Правільнасць маўлення і моўныя нормы

 

2.1 Правільнасць маўлення і моўныя нормы:
лексічныя, арфаграфічныя, арфаэпічныя, акцэнталагічныя

 

Спецыфіка літаратурнай мовы ў тым, што гэта мова ўнармаваная. Яна мае лексічныя і граматычныя нормы, нормы напісання (арфаграфічныя) і вымаўлення (арфаэпічныя). Нормы літаратурнай мовы замацоўваюцца слоўнікамі, граматыкамі, дапаможнікамі па арфаграфіі і арфаэпіі.

Унутры агульнай літаратурнай нормы выдзяляюцца арфаэпічныя (правільнасць вымаўлення гукаў, слоў, выказванняў), акцэнталагічныя (правільная пастаноўка націску ў слове і ў спалучэннях слоў), лексічныя (правільны выбар слова для адпаведнага паняцця і для пэўнага кантэксту), марфалагічныя (правільнае ўтварэнне і ўжыванне словаформ), сінтаксічныя (правільнае спалучэнне слоў і пабудова сказаў у адпаведнасці з правіламі літаратурнай мовы).

Лексічныя нормы — правільны выбар слова і яго ўжыванне ў агульнавядомым значэнні і ў агульнапрынятых спалучэннях.

Лексічныя нормы патрабуюць, каб кожны правільна карыстаўся словамі і выразамі роднай мовы. Не ўсе словы, якія ўжываюцца ў беларускай мове, уваходзяць у літаратурную мову. Так, не ўключаюцца дыялектныя словы: картопля (бульба), ёмка (чапяла); грубыя: плявузгаць (гаварыць абы-што), гваздануць (моцна ўдарыць).

Лексічныя нормы з’яўляюцца менш стабільнымі і распрацаванымі, чым іншыя нормы, бо грунтуюцца не на фармальных падставах, а на тонкіх семантычных і стылістычных адценнях слоў.

Арфаграфічныя нормы— выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання слова ці яго часткі, што адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі.

Арфаграфічныя нормы патрабуюць аднолькавага напісання, вызначанага пэўнымі правіламі. Так, па-беларуску вымаўляецца [зуп], [стох], [галупка], а пішацца зуб, стог, галубка.

Арфаэпічныя нормы вызначаюць адзінае вымаўленне галосных і зычных гукаў і іх спалучэнняў. Нормай з’яўляецца перадача ў вымаўленні мяккіх [з’], [с’] перад наступнымі мяккімі зычнымі: [з’н’ац’], [з’м’эна], [с’в’атло], [п’эс’н’а], аглушэння звонкіх зычных на канцы слова: [сат], [с’н’эх]; вымаўленне [л’оччык], [навагруцк’і], [на п’эццы], [на клаццы], а не лётчык, навагрудскі, на печцы, на кладцы (як пішацца).

Беларускія літаратурныя арфаэпічныя нормы грунтуюцца на вызначаных прынцыпах вымаўлення як асобных гукаў, так і іх спалучэнняў у межах слоў і на стыку апошніх. Напрыклад, у адрозненне ад літаратурных норм суседняй блізкароднаснай рускай мовы такі гук беларускай мовы, як [ч]вымаўляецца толькі цвёрда (у рускай мове — толькі мякка), гук [р] у беларускай мове толькі цвёрды, а ў рускай мове можы быць і цвёрдым, і мяккім; у канцы слоў беларускія губныя зычныя [п, б, м]вымаўляюцца толькі цвёрда, а ў рускай мове — толькі мякка (параўнайце: голуб і голубь, насып і насыпь, сем і семь і інш.). Для беларускай літаратурнай мовы характэрны больш запаволены тэмп маўлення і больш выразнае вымаўленне націскных і ненаціскных галосных, чым у рускай мове, і многа іншых асаблівасцяў, засведчаных у спецыяльных працах.

Акцэнталагічныя нормы заснаваны на правільнай пастаноўцы націску ў слове, які служыць адначасова і фанетычнай прыметай слова ва ўсіх мовах свету. Няправільная пастаноўка націску сведчыць пра недастатковую або нават нізкую культуру маўлення чалавека (параўнайце: няправільнае вымаўленне слоў: кілóметр, магáзін, дакýмент, адзíнаццаць і іншых замест правільных норм вымаўлення кіламéтр, магазíн, дакумéнт, адзінáццаць і інш.). Складанасць акцэнталагічных норм беларускай мовы, гэтаксама як і ў рускай, заключаецца ў тым, што ў адрозненне ад некаторых іншых моў, дзе націск замацаваны за пэўным складам (напрыклад, у чэшскай мове — на першым складзе, у польскай — на перадапошнім, у франнцузскай — на апошнім), націск з’яўляецца рухомым і можа служыць як для адрознення граматычных форм аднаго слова (параўнайце: гýбы — губы, у першым выпадку назоўны склон множнага ліку слова губа, у другім — родны склон адзіночнага ліку прыведзенага слова), так і лексічных значэнняў слоў (параўнайце: бýйны «неспакойны, дзёрзкі» і буйны «выдатны, значны» і інш.). Тым не менш, літаратурныя нормы беларускай мовы для некаторых слоў дапускаюць варыянтны націск (жыхар і жыхáр, лáскавы і ласкáвы, надáлей і надалéй і інш). Фактычна ўсе слоўнікі беларускай мовы прыводзяць лексемы з неабходнымі акцэнтнымі прыкметамі, якія трэба лічыць нарматыўнымі, правільнымі [3, с. 73—77].

 

 

2.2 Правільнасць маўлення і моўныя нормы:
марфалагічныя, сінтаксічныя

 

Граматычныя нормы (марфалагічныя і сінтаксічныя) вызначаюць ужыванне формаў слоў (лесу, снегу, ветру, але: вучня, аленя, сшытка) і асаблівасці спалучэння слоў у словазлучэннях (двух чалавек, але: дзвюх жанчын; даруйце мне, хадзіла ў суніцы, а не даруйце мяне, хадзіла за суніцамі).

Марфалагічныя нормы— гістарычна прынятыя ў моўнай супольнасці варыянты граматычных норм слова і мадэлі ўтварэння новых слоў.

Марфалагічныя нормы беларускай мовы, згодна з якімі ўтвараюцца розныя формы зыходнага слова, з’яўляюцца больш стабільнымі, чым акцэнталагічныя, але таксама могуць парушацца недасведчанымі асобамі, людзьмі з нізкай моўнай культурай, а таксама пад уплывам рускай мовы ці дыялектаў беларускай мовы нават адукаванымі носьбітамі мовы. Так, для беларускай літаратурнай мовы ў родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду назоўнікаў вызначаюцца правілы вымаўлення (напісання) ці канчатак - а, ці канчатак - у (у прыватнасці канчатак - а характэрны для канкрэтных назоўнікаў тыпу стал а, дуб а, алоўк а і інш., а таксама назваў жывых істот, найменняў устаноў, прамежкаў часу, адзінак вымярэння і інш., а канчатак - у для абстрактных назоўнікаў тыпу розум у, характар у, ідэал у і інш., а таксама для найменняў рэчываў, месца, памеру, навуковых тэорый і інш.

Сінтаксічныя нормы — гэта нормы, якія рэгулююць правільнае спалучэнне лексем у словазлучэнні, у сказы і вынікаюць як з граматычных асаблівасцяў асобных беларускіх слоў, так і з характэрных беларускай мове мадэляў словазлучэнняў і сказаў. Напрыклад, у беларускай мове дзеяслоў дзякаваць спалучаецца з субстантывамі ў давальным склоне (дзякаваць сябру, дзякаваць дзяўчыне і інш.), у той час як рускі адпаведнік благодарить — з назоўнікамі ў вінавальным склоне. Безасабовыя пасіўныя канструкцыі характэрны ў беларускай літаратурнай мове для неадушаўлёных назоўнікаў (параўнайце: Ветрам зваліла альху і да т.п.), але не характэрны для адушаўлёных прадметаў (параўнайце: няправільна Лесніком зваліла альху і інш.).

Нормы літаратурнай мовы грунтуюцца на заканамернасцях развіцця роднай мовы. Яны забяспечваюць яе адзінства і строга ахоўваюцца грамадствам. Нормы напісання (арфаграфічныя) узаконьваюцца ўрада-вымі пастановамі. Нормы літаратурнай мовы адзіныя і абавязковыя для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай. Адзінства іх робіць літара-турную мову даступнай і зразумелай для ўсяго народа [3, с. 74—76].

 

 

Гласарый

Арфаграфічныя нормы — выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання слова ці яго часткі, што адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі.

Арфаэпічныя нормы — захаванне патрабаванняў літаратурнага вымаўлення носьбітамі беларускай літаратурнай мовы.

Лексічныя нормы — правільны выбар слова і яго ўжыванне ў агульнавядомым значэнні і ў агульнапрынятых спалучэннях.

Марфалагічныя нормы — гістарычна прынятыя ў моўнай супольнасці варыянты граматычных норм слова і мадэлі ўтварэння новых слоў.

Сінтаксічныя нормы — гэта нормы, якія рэгулююць правільнае спалучэнне лексем у словазлучэнні, сказы і вынікаюць як з граматычных асаблівасцяў асобных беларускіх слоў, так і з характэрных беларускай мове мадэляў словазлучэнняў і сказаў.

 

 

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Што такое літаратурная норма? Назавіце нормы беларускай літаратурнай мовы.

2. Якія лексічныя нормы беларускай літаратурнай мовы ведаеце?

3. Якія арфаэпічныя нормы беларускай літара



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-07; просмотров: 1062; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.119.118.151 (0.017 с.)