Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Асаблівасці вуснай формы прафесійных узаемаадносін

Поиск

 

3.1 Тэхніка і выразнасць маўлення
(голас і маўленчае дыханне, дыкцыя, інтанацыя і інш.)

 

Важны крытэрый ацэнкі зместу выступлення — выразнасць і тэхніка маўлення дакладчыка.

Складаемыя тэхнікі маўлення паказаны ў табліцы 2.

Табліца 2 — Крытэрыі ацэнкі маўлення прамоўцы

 

Складаемыя тэхнікі маўлення Крытэрый
станоўчы адмоўны
Дыкцыя Выразнае вымаўленне гукаў і слоў Дэфекты маўлення, «глытанне» гукаў і складоў і інш.
Тэмп 1) Нармальны: 120 слоў у мінуту; 2) уменне замаруджваць ці паскараць тэмп пры неабходнасці 1) Тэмп вельмі хуткі ці вельмі марудны; 2) аднолькавы тэмп на працягу ўсяго выступлення
Інтанацыя Меладычная разнастайнасць маўлення; неабходныя лагічныя акцэнты і паўзы Меладычная аднастайнасць; непрадбачаныя зацягнутыя паўзы
Голас 1) Уменне павышаць ці паніжаць тон; 2) дастаткова ўпэўнены голас; 3) прыемны голас 1) Манатонны голас; 2) ціхі, няўпэўнены голас; 3) непрыемны голас («крыклівы», «хрыплы» і г. д.)

 

Дыкцыя ( ад лац. dictio — «вымаўленне») — гэта вымаўленне гукаў. Існуе цэлы шэраг спецыяльных практыкаванняў, якія фарміруюць выразную дыкцыю: вымаўленне ў розным тэмпе хуткагаворак, спецыяльная тэхніка дыхання.

Па тым, як чалавек гаворыць — увасабляе ў жывым слове думкі і пачуцці, — можна вызначыць узровень яго культуры і педагагічнага майстэрства. Вусная мова настаўніка павінна адрознівацца ад бытавой, вызначацца спецыяльнай выразнасцю, адпавядаць нормам літаратурнай мовы.

Мова чалавека можа быць правільная — выразная, чыстая, зразумелая, а таксама няправільная, г. зн. такая, якая мае пэўныя недахопы. Моўныя недахопы даволі разнастайныя. Яны залежаць ад стану цэнтральнай нервовай сістэмы, ад будовы языка, губ, паднябення, сківіц, насаглоткі і падзяляюцца на арганічныя, што звязаны з фізіялагічнымі парушэннямі моўных органаў, і неарганічныя, якія ўзнікаюць з-за механічнага пераймання чужых недахопаў або нядбайнага выхавання вуснай мовы.

Тэмп (ад лац. tempus — «час») — гэта хуткасць маўлення, той час, за які вымаўляецца тэкст. Нармальны тэмп маўлення — 120 слоў у мінуту. Гэта значыць, што адна старонка камп’ютарнага тэксту, надрукаванага праз 1,5 інтэрвала, павіна чытацца за 2—2,5 мінуты.

Важна мяняць тэмп маўлення: калі патрабуецца нешта падкрэсліць, выдзеліць, зрабіць акцэнт, тэмп неабходна замарудзіць; калі паведамленне вымаўляецца з пад’ёмам, унутраным пафасам, тэмп можна паскорыць.

Інтанацыя (ад лац. intonare — «гучна вымаўляць») — важны сэнсаваадрознівальны сродак маўлення.

З дапамогай інтанацыі выражаюцца асноўныя камунікатыўныя значэнні: сцвярджэнне, пытанне, пабуджэнне.

Прамоўца павінен валодаць інтанацыяй: рабіць лагічныя акцэнты, павышаць і паніжаць тон, надаваць маўленню меладычную разнастайансць, а таксама рабіць неабходныя паўзы. Інтанацыя цесна звязана з індывідуальнымі галасавымі характарыстыкамі.

Голас— гэта індывідуальная характарыстыка чалавека. Голас мае акустычныя характарыстыкі, прамоўца павінен валодаць сваім голасам:

1) гаварыць дастаткова гучна для таго, каб яго было добра чуваць;

2) мяняць сілу гука («гучна» — «ціха») для стварэння асаблівага сцэнічнага эфекту маўлення;

3) голас павінен быць прыемным (не крыклівым, не сіплым, без кашлю і інш.).

Распрацоўка моўнага голасу з’яўляецца адзіным псіхафізіялагічным працэсам, які складаецца з трэніроўкі дыхання, выпраўлення недахопаў дыкцыі і развіцця голасу для авалодання мастацтвам жывога вуснага слова. Перш чым займацца трэніроўкай голасу, неабходна пазнаёміцца з працэсам гукаўтварэння, з будовай моўнага апарату, з якасцямі і ўласцівасцямі моўнага голасу.

Тэмбр — афарбоўка голасу, якую яму надаюць абертоны. Неаднолькавае гучанне мовы ў розных людзей залежыць ад многіх асаблівасцей: ад вышыні, на якой гаворыць чалавек, ад мелодыкі мовы, яе тэмпу, багацця інтанацый і індывідуальных якасцей артыкуляцыі, ад дынамічных адрозненняў.

Сіла гукуў значнай ступені залежыць ад актыўнасці работы органаў моўнага апарату. Чым з большым напорам выдыхаецца паветра праз галасавую шчыліну, тым большую сілу набывае гук.

Палётнасць(пасыл) гуку — здольнаспь голасу распаўсюджвацца на пэўную адлегласць. Правільны пасыл гуку забяспечвае добрую чутнасць нават пры невялікай сіле голасу. Кожнаму, хто выступае публічна, неабходна навучыцца інтуітыўна вымяраць адлегласць, на якой знаходзіцца субяседнік або слухач, і ў залежнасці ад гэтага рэгуляваць актыўнасць пасылу.

Дыяпазон — аб’ём голасу, які вызначаецца інтэрвалам паміж даступнымі яму самым нізкім і самым высокім гукамі. Звычайна дыяпазон моўнага голасу складае адну-паўтары актавы. Асноўная нагрузка выпадае на сярэднія ноты моўнага голасу, якімі чалавек часцей карыстаецца ў размове, пры чытанні ўголас.

Голас, тон, уся сукупнасць падобных сродкаў павінны сведчыць пра праўдзівасць думак і пачуццяў прамоўцы. Вось чаму трэба пастаянна трэніраваць свой голас, часцей чытаць уголас тое, што напісана, і выконваць правілы, якія раяць дасведчаныя аратары:

- прыстасоўвайце голас да тых абставін, дзе адбудуцца ўзаемаадносіны;

- часцей рабіць паўзы: на пачатку прамовы — каб сабрацца з думкамі і настроіць аўдыторыю на слуханне; у сярэдзіне прамовы і ў працэсе яе вымаўлення — для абмежавання частак выкладу думкі, для арганізацыі слухачоў і засяроджвання іх увагі;

- павышайце голас, калі пытаецеся, і паніжайце яго тады, калі хочаце кагосьці пераканаць або адказа на пытанне [4, с.79—81].

3.2 Узаемадзеянне вербальных
і невербальных сродкаў маўленчай дзейнасці

 

Працэс узаемаадносін не вычэрпваецца вусным паведамленнем, важную ролю пры гэтым адыгрываюць невербальныя сродкі інфармавання.

Усмешка павінна не толькі адпавядаць сітуацыі, але і вызначаць яе. Нават малазначнай усмешкі дастаткова, каб змякчыць непрыемную сітуацыю або зняць нярвовасць партнёра. Але яна павінна быць не пастаяннай маскай, а адпавядаць сітуацыі і прыроднаму настрою.

Важнае значэнне для ўстанаўлення кантакту і ўтрымання ўвагі аўдыторыі разам з усмешкай мае зрокавы кантакт. Варта глядзець слухачам непасрэдна ў вочы, бо гэта выклікае давер, і выкарыстоўваць клішэ тыпу Вы зразумелі...; Вы пазначылі, што...;Як Вы ведаеце...

Погляд — гэта важны кампанент размовы. Уменне «вытрымаць погляд» — адзнака моцнай, рашучай асобы. Сустракаючыся, людзі глядзяць адзін аднаму ў вочы, што з’яўляецца «выпрабаваннем на давер». Шчырасць у гэтым поглядзе азначае добразычлівае стаўленне, але калі партнёр затрымае яго на вачах суразмоўцы, то робіць гэта з мэтай прыніжэння чалавека. Калі ж суразмоўца затрымае погляд, суправаджаючы яго кіўком галавы, гэта азначае згоду і давер, а калі адводзіць вочы ў паўзе — ён не ўсё яшчэ сказаў і просіць не перабіваць.

Сімвалічнай пры размове з’яўляецца таксама пастава, якая залежыць ад тыпу гутаркі — інтымная, асабістая, сацыяльная ці афіцыйная. Адлегласць паміж суразмоўцамі служыць таксама рэгулятарам і вызначае сацыяльны статус, пол. У славян, напрыклад, адлегласць падчас дзелавой гутаркі меншая, чым у амерыканцаў, англічан ці аўстралійцаў, дзе сацыяльная дыстанцыя набліжаецца да асабістай.

У. I. Даль характарызуе паставу як стройнасць, велічнасць, прыстойнасць і прыгажосць усіх рухаў цела. Добрая пастава характарызуецца наступнымі прыметамі:

1) пазваночнік трохі прагнуты ў паяснічнай частцы цела, плечы распраўлены, шыя прамая, рукі свабодна апушчаны;

2) ногі самкнуты ці трохі расстаўлены, калені прамыя, ступні злёгку развернуты ў бакі.

Важнымі кампанентамі дзелавой гутаркі з’яўляюцца жэсты, якія выражаюць эмоцыі. Аднак частата жэстыкуляцый залежыць ад культуры чалавека. Дасведчаныя лектары раяць:

- жэсты павінны быць міжавольнымі і выкарыстоўвацца толькі пры неабходнасці;

- жэстыкуляцыя павінна быць рознай;

- жэсты павінны адпавядаць свайму прызначэнню і не адставаць ад слова.

Такім чынам, каб не было непаразуменняў падчас узаемаадносін, патрэбна спалучаць невербальныя і вербальныя сродкі.

Ва ўсім павінна быць адчуванне меры, якое ў кожны канкрэтны момант падказвае, што можна, а чаго не варта гаварыць ці рабіць. Гутарка ідзе пра тактоўнасць, г. зн. ўменне знайсці правільную лінію паводзін з кожным чалавекам незалежна ад яе душэўнага стану.

Міміка і жэсты — гэта, як правіла, інтуітыўна выражаная думка. Вось чаму важным з’яўляецца пранікненне ў тэму, што і становіцца падставай для пэўных жэстаў, мімікі, паўз і інтанацыі.

Выразныя фізічныя дзеянні рук, ног, галавы, тулава ўтвараюць жэсты, якія з’яўляюцца дадатковым інфармацыйным сродкам у працэсе камунікацыі. Назіраючы ў жыцці за людзьмі (дарослымі ці дзецьмі), лёгка пераканацца ў тым, што ўсе яны ў час гутаркі карыстаюцца жэстамі і мімікай— выразнымі рухамі мышцаў твару, як адной з форм праяўлення пачуццяў. Жэсты і міміка ажыўляюць вусную мову, робяць яе больш выразнай і зразумелай.

 

3.3 Падрыхтоўка да публічнага выступлення

 

Характэрнай асаблівасцю публічных выступленняў з’яўляецца тое, што яны аб’ядноўваюць рысы пісьмовай і вуснай формы маўлення. З аднаго боку, гэта папярэдне падрыхтаваная навуковая або дзелавая папера, з другога — прызначаны для вуснага паведамлення тэкст.

Як дакумент, паведамленне ўтрымлівае значны аб’ём інфармацыі для абазначанай аўдыторыі, паднімае новыя праблемы, што патрабуюць вырашэння і маюць характар вострай публічнай або навуковай злабадзённасці. У той жа час, як жанр публічнага выступлення, паведамленне будуецца на эмацыянальным перакананні, шырокім выкарыстанні ўсіх тэхнічных сродкаў вуснай формы маўлення (жэсты, міміка, паўзы, інтанацыя), непасрэдным кантаце і ўстанаўленні зносін з людзьмі.

Дакладчык павінен аб’яднаць у адно цэлае тры найважнейшыя складаемыя публічнага выступлення: падрыхтоўка тэксту, папярэдняя работа над агучваннем тэксту, выступленне перад аўдыторыяй.

На першым этапе патрэбна вызначыць тэму, мэту, прадмет і задачы выступлення нават у тым выпадку, калі іх вызначылі самі арганізатары. Зыходзячы з гэтага, пачынаецца адбор навейшай інфармацыі, фактаў, прыкладаў з розных крыніц: тэарэтычных і перыядычных выданняў (прафесійных часопісаў, манаграфій, слоўнікаў, кніг, газет і інш.), а таксама размовы з людзьмі. Гэта дазваляе вызначыць уласнае бачанне праблемы, яе прыхільнікаў і апанентаў і сфармуляваць асноўныя пункты плана выступлення.

Пры напісанні першага варыянту не варта спыняцца на дэталях і да беззаганнасці адточваць кожны сказ. Галоўнае — скласці аснову выступлення і не адступаць ад мэты і плана, які б аб’яднаў уступ, асноўную частку і вывады дакладнай сістэмаю выкладу матэрыялу.

Пачатак павінен дакладна і пераканаўча адлюстроўваць прычыну і мэту выступлення, раскрываць сутнасць канкрэтнага пытання, змяшчаць доказы. Першапачатковая задача дакладчыка на гэтым эта-
пе — прыцягнуць і ўтрымаць увагу аўдыторыі, таму паведамленне павінна быць кароткім і адпавядаць сутнасці пытання. Ва ўступе варта інтанацыйна выдзяляць важныя моманты і выражаць свае адносіны да прадмета выступлення.

У асноўнай частцы выкладаецца сутнасць праблемы, прыводзяцца доказы, тлумачэнні, меркаванні. Пры гэтым неабходна падбіраць пераканаўчыя факты, цытаты, але ілюстрацыйны матэрыял не павінен падмяняць змест паведамлення.

У заключнай частцы тэксту неабходна падвесці вынікі, якія павінны адпавядаць выступленню і не выпадаць з агульнага стылю выкладу.

На другім этапе работа з тэкстам зводзіцца да «прымервання» вусных узаемаадносін з канкрэтнай аўдыторыяй. Па-першае, варта некалькі разоў прачытаць тэкст уголас перад уяўнай публікай і перад сваімі блізкімі калегамі, якія ўспрымуць тэкст па-сяброўску, але крытычна. Не будзе лішнім праслухаць сваё выступленне ў запісе. Пры гэтым ва ўсіх сітуацыях трэба рабіць запісы заўваг і крытычных ацэнак, што дазваляе паступова «адшліфаваць» тэкст, «ужыцца» ў вобраз аж да асэнсавання ролі жэстаў, мімікі, паўз, інтанацыі, дадатковай інфармацыі, практычных і жыццёвых сітуацый і інш.

Лагічным завяршэннем другога этапу з’яўляецца падрыхтоўка тэксту паведамлення і вуснага яго варыянту, прызначанага для агучвання аўдыторыі. Ён будзе адрознівацца ад поўнага тэксту тым, што тут будуць зафіксаваны толькі найважнейшыя крокі прамоўцы ў вусным выказванні. Тэзісы і запісы трэба падрыхтаваць такім чынам, каб пры неабходнасці іх можна было хутка выкарыстаць. Найбольш важныя факты і цытаты неабходна фіксаваць.

Прамоўца павінен не чытаць тэкст у прысутнасці аўдыторыі, а размаўляць з аўдыторыяй. Для чаго ў тэксце варта рабіць папраўкі на вусную форму маўлення, а гэта:

- доўгія і складаныя сказы замяняць на кароткія, простыя (або падзяліць іх);

- увесці ўстаўныя канструкцыі тыпу можна сказаць, як кажуць; звароты, заклікі, якія актывізуюць увагу слухачоў (калегі, таварышы, Як вы ведаеце... і інш.);

- не абцяжарваць тэкст незразумелай тэрміналогіяй, выдзеліць інфармацыю, прызначаную для абавязковага агучвання;

- акцэнтаваць час ад часу ўвагу слухачоў на асноўным прадмеце размовы;

- для наладжвання кантакту з аўдыторыяй перабудаваць тэкст такім чынам, каб у ім былі пытанні, якія фармуляваць можа і сам прамоўца: Што адрознівае дадзеную праблему ад папярэдняй? Сапраўды тое, што...; Ці правільна гэта? Не, няправільна; Як Вы думаеце...; Чаго не хапае ў прапанаванай аўтарам канцэпцыі? і інш.

Трэці этап пачынаецца з агучвання тэксту перад аўдыторыяй. Ён з’яўляецца абагульненнем усёй папярэдняй работы, ад якой залежыць публічны поспех прамоўцы, азначае пачатак новага асэнсавання праблемы, звязанага з пастаяннай рэакцыяй слухачоў, а таксама з яе пастаяннай рэакцыяй і ўдасканаленнем выказанай пазіцыі. Вось чаму выступленне — не маналог, а напружаны і складаны дыялог. Прамоўца кожны раз больш дасканала прагназуе сітуацыю, што прымушае слухачоў (і гледачоў!) поўнасцю даверыцца логіцы яго выступлення і засяродзіць увагу толькі на прапанаваным матэрыяле, прыкладах і фактах.

Гласарый

Дыкцыя (ад лац. dictio — «вымаўленне») — гэта вымаўленне гукаў.

Дыяпазон — аб’ём голасу, які вызначаецца інтэрвалам паміж даступнымі яму самым нізкім і самым высокім гукамі.

Інтанацыя (ад лац. intonare — «гучна вымаўляць») — важны сэнсаваадрознівальны сродак маўлення.

Палётнасць (пасыл) гуку — здольнаспь голасу распаўсюджвацца на пэўную адлегласць.

Тэмбр — афарбоўка голасу, якую яму надаюць абертоны.

Тэмп (ад лац. tempus — «час») — гэта хуткасць маўлення, той час, за які вымаўляецца тэкст.

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Ахарактарызуйце месца невербальных сродкаў маўлення ў мове службовай асобы.

2. Пералічыце асноўныя патрабаванні да маналагічнага выступлення. Ад чаго залежыць поспех аратара?

3. Раскрыйце паняцце маўленчага службовага этыкету. Якія існуюць асаблівасці дзелавых або службовых зносін?

4. Што такое ветлівасць? Хто павінен быць больш ветлівым: начальнік або падначалены?

5. Назавіце асноўныя правілы культуры кіравання з характарыстыкаю невербальных сродкаў дзелавога маўлення.

6. Ахарактарызуйце мову і этыкет выступлення, гутаркі.

Трэнінг уменняў

 

Заданне 1 *. Дапоўніце табліцу, выкарыстоўваючы выразы для даведак.

 

Культура кіравання
Стварэнне дружнага калектыву Добразычлівыя і паважныя ўзаемаадносіны Выкананне знешняй культуры паводзін Патрабаванні тэхнічнай эстэтыкі

 

Выразы для даведак: увага да форм звяртання ў розных сітуацыях (Ты, Вы, Пятровіч, Галачка); кароткае азнаямленне падначаленага з сутнасцю размовы перад выклікам да сябе; культура маўлення; недапушчэнне праяўлення якой-небудзь непавагі да падначаленага; вызначэнне ролі і месца кожнага супрацоўніка ў калектыве; уменне даражыць сваім і чужым часам; форма, інтэр’ер кабінета, абсталяванне і прадметы павінны адпавядаць стылю і культуры кіравання, этыцы службовага моўнага этыкету; культура рабочага месца; асабістая культура; крытычная самаацэнка і пабудова на гэтай аснове правільных узаемаадносін з калектывам.

 

 

Заданне 2 *. Перакладзіце на беларускую мову, растлумачце асаблівасці кіравання ў сферы прафесійных зносін.

 

В полной мере, предупреждать о (об), обратиться по (адресу), по указанию, речь по вопросу, по закону, по многим причинам, по требованию, по ошибке, вызывать по служебному вопросу, по его желанию, исследования по экономике, согласно приказу, по всем правилам, несмотря на, благодарить кого?, подражать кому?, снабжать чем?

 

 

Заданне 3 *. Запішыце этыкетныя формы вітання. Якія з іх можна выкарыстаць падчас сустрэчы з чалавекам старэйшага ўзросту?

 

 

Заданне 4 *. Змадэліруйце сітуацыю і складзіце дыялог, у якім выказваецца незадаволенасць учынкам калегі, з магчымымі адказамі на выказаныя заўвагі.

 

 

Заданне 5 *. Адрэдагуйце тэлефонную размову.

 

- Ало. Гэта хто?

- Пятроў. А хто Вам патрэбен?

- Іван Пятровіч. Я не ведаю, як яго прозвішча.

- А хто гэта тэлефануе?

- Якая розніца? Я хацеў бы пагутарыць з Іванам Пятровічам.

- Зараз ён не мае часу з Вамі гаварыць.

 

 

Заданне 6 *. Змадэліруйце сітуацыю віншавання з днём нараджэння Вашага калегі. Выкарыстайце трафарэтныя этыкетныя канструкцыі.

 

 

Заданне 7 *. Ваш калега паведамляе пра сітуацыю, якая, на вашу думку, апісана няправільна. Запішыце этыкетныя формы для выражэння сумнення ў праўдзівасці паведамлення.

 

 

Заданне 8 *. Змадэліруйце пачатковую фразу наступных сітуацый: а) прыёму наведвальнікаў; б) запрашэння падначаленых на дзелавую нараду; в) запрашэння высокапастаўленых асоб ці членаў дэлегацыі на паседжанне.

 

Выразы для даведак: запрашаю Вас...; дазвольце запрасіць Вас...; маю гонар запрасіць Вас...; ласкава прашу...; прашу, сядайце, будзьце ласкавы, калі ласка; праходзьце (заходзьце), будзьце ласкавы.

Заданне 9. Перакладзіце тэкст на беларускую мову і падрыхтуйцеся да яго пераказу.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-07; просмотров: 1720; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.16.212.203 (0.01 с.)