Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Бібліяграфічны спіс і патрабаванні да яго афармлення

Поиск

Бібліяграфічны апарат працы прадстаўлены бібліяграфічным спісам і бібліяграфічнымі спасылкамі, якія афармляюцца ў адпаведнасці з ДАСТ.

Бібліяграфічны спісзвычайна будуецца ў алфавітным парадку (замежныя крыніцы размяшчаюцца па алфавіце пасля крыніц на мове навуковай працы).

Схема бібліяграфічнага апісання [6, с. 61]:

1. Загаловак (прозвішча, ініцыялы аўтараў; звесткі, якія раскрываюць тэматыку загалоўка, від, жанр, прызначэнне…).

2. Звесткі аб адказнасці (інфармацыя аб складальніках, рэдактарах, перакладчыках і інш.).

3. Звесткі аб выданні (паўторнасць выдання, яго перапрацоўка і інш.).

4. Месца і час выдання (горад, выдавецтва, год выдання).

5. Аб’ём (звесткі аб колькасці старонак).

Складаючы бібліяграфічнае апісанне, неабходна ведаць умоўныя раздзяляльныя знакі, паслядоўнасць іх размяшчэння:

1) загаловак (асноўны);

2): другі загаловак;

3) / звесткі аб аўтары (аўтары, складальнікі, рэдактары);

4) // назва дакумента, зборніка, часопіса, газеты, у якім змешчана састаўная частка;

5). — месца выдання;

6): — выдавецтва (кніга);

7), — год выдання (кніга);

8). — год выдання (часопіс);

9). — нумар (часопіс);

10). — колькасць старонак (у кнізе: — 159 с.; на якіх змешчана састаўная частка: — С. 17—21).

Прыклад бібліяграфічнага апісання некаторых крыніц падаецца ў табліцы 1 (больш падрабязна гл. Библиографическое описание. Библиографическая ссылка [Текст]: метод. указания / сост. Е. Г. Хо-
хол. — Барановичи: РИО БарГУ, 2008. — 64 с.)

 

 

Табліца 1 — Прыклады бібліяграфічнага апісання некаторых крыніц

 

Характарыстыка крыніцы Прыклад афармлення
Адзін, два або тры аўтары Котаў, А. Л. Гісторыя Беларусі і сусветная цывілізацыя / А. Л. Котаў. — 2-е выд. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2003. — 168 с.
Чикатуева, Л. А. Маркетинг: учеб. пособие / Л. А.Чикатуева, Н. В. Третья-кова; под ред. В. П. Федько. — Ростов н/Д: Феникс, 2004. — 413 с.
Дайнеко, А. Е. Экономика Беларуси в системе всемирной торговой организации / А. Е. Дайнеко, Г. В. Забавский, М. В. Василевская; под ред. А. Е. Дайнеко. — Минск: Ин-т аграр. экономики, 2004. — 323 с.
Чатыры і больш аўтараў Культурология: учеб. пособие для вузов / С. В. Лапина [и др.]; под общ. ред. С. В. Лапиной. — 2-е изд. — Минск: ТетраСистемс, 2004. — 495 с.
Комментарий к Трудовому кодексу Республики Беларусь / И. С. Андреев [и др.]; под общ. ред. Г. А. Василевича. — Минск: Амалфея, 2000. — 1071 с.
Калектыў аўтараў Сборник нормативно-технических материалов по энергосбережению / Ком. по энергоэффективности при Совете Министров Респ. Беларусь; сост. А. В. Филиппович. — Минск: Лоранж-2, 2004. — 393 с.
Шматтомнае выданне Гісторыя Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Экаперспектыва, 2000—2005. — 6 т.
Багдановіч М. Поўны збор твораў: у 3 т. / М. Багдановіч. — 2-е выд. — Мн.: Бел. навука, 2001. — 3 т.
Асобны том ў шматтомным выданні Гісторыя Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Экаперспектыва, 2000—2005. — Т. 3: Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII—XVIII стcт.) / Ю. Бохан [і інш.]. — 2004. — 343 с.
Матэрыялы канферэнцый Правовая система Республики Беларусь: состояние, проблемы, перспективы развития: материалы V межвуз. крнф. студентов, магистрантов и аспирантов, Гродно, 21 апр. 2005 г. / Гродн. гос. ун-т; редкол.: О. Н. Толочко (отв. ред.) [и др.]. — Гродно: [б.н.], 2005. — 239 с.
Вучэбна-метадычныя матэрыялы Философия и методология науки: учеб.-метод. комплекс для магистратуры / А. И. Зеленков [и др.]; под ред. А. И. Зеленкова. — Мн.: Изд-во БГУ, 2004. — 108 с.
Электронныя рэсурсы Регистр СНГ-2005: промышленность, полиграфия, торговля, ремонт, тарнспорт, строительство, сельское хозяйство [Электронный ресурс]. — Электрон. текстовые дан. и прогр. (14 Мб). — Минск: Из-во И. Н.Комлева, 2005. — 1 электрон. опт диск (CD-ROM).
Ресурсы удаленного доступа Национальный интернет-портал Республики Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2005. — Режим доступа: http://www.pravo.by. — Дата доступа: 25.01.2006.
Частка кнігі Михнюк, Т. Ф. Правовые и организационные вопросы охраны труда / Т. Ф. Михнюк // Безопасность жизнедеятельности: учеб. пособие / Т. Ф. Мих-нюк. — 2-е изд., испр. и доп. — Минск, 2004. — С. 90—101.
Артыкул з часопіса Болбас, В. С. Этыка-педагагічныя погляды Андрэя Волана / В. С. Болбас, І.С. Сычова // Адукацыя і выхаванне. — 2005. — № 12. — С. 66—69.
Артыкул з газеты Дубовик, В. Молодые леса зелены / В. Дубовик // Рэсп. — 2005. — 19 крас. — С. 8.
Артыкулы з энцыклапедыі, слоўніка Дарашэвіч, Э. К. Храптовіч І. І. / Э. К.. Дарашэвіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі (Х—ХІХ стагоддзі): энцыкл. давед. / склад. Г. А. Маслыка; гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: [б. в.], 1995. — С. 326—328.

 

Цытаты і спасылкі, іх афармленне

 

Адна з асноўных рыс навуковага тэксту ў сучасным свеце — наяўнасць у ім, акрамя аўтарскай, іншых думак. Пацвярджэнне сваіх вывадаў спасылкай на аўтарытэтныя крыніцы абумоўлівае мэтазгоднасць звароту да магчымых форм і правіл уключэння ва ўласны навуковы тэкст «чужой мовы».

У якасці асноўных форм вылучаюцца цытаванне (прамое і ўскоснае), спасылкі без увядзення тэксту цытуемай крыніцы. Аднак важна разумець, што ўключэнне цытат у навуковы тэкст павінна быць мэтазгодным, асэнсаваным. Асноўная мэта цытавання — пацвярджэнне і абазначэнне сваёй даследчай пазіцыі, свайго месца ў навуковым даследаванні. Такі падыход стымулюе да самастойнасці ў тэарэтычнай даследчай дзейнасці, а таксама фарміруе ўяўленні пра навуковы этыкет, пра правілы ўжывання чужога навуковага слова.

Вельмі часта цытата дапамагае пацвердзіць правільнасць уласнага пункту гледжання, робіць рэферат, даклад, курсавое даследаванне і іншае больш значным і важкім. Цытата павінна адлюстроўваць закончаную думку аўтара, і ў ёй не дапускаюцца ніякія скажэнні ў словах і сказах, прынятых у тэксце.

Цытата — даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту ці літаральна перададзеныя чые-небудзь словы: выкарыстоўваюцца для пацвярджэння або тлумачэння аўтарскай думкі.

Невершаваная цытата заўсёды бярэцца ў двукоссе; калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова, напрыклад: Ф. Скарына пісаў: «Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў». «Трэба, каб са слоў і дзеянняў чалавека было відаць, які ён», — гаварыў М. Горкі.

Цытата, уключаная ў тэкст як частка сказа, пачынаецца з малой літары (у адным сказе можа быць некалькі цытат), напрыклад: Я. Колас падкрэсліваў, што «добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш...».

У цытатах захоўваюцца тыя ж знакі прыпынку, што і ў крыніцы, якая цытуецца. Калі сказ цытуецца часткова, то замест прапушчанага тэксту перад пачаткам цытуемага сказа ці ў сярэдзіне яго, ці ў канцы ставіцца шматкроп’е, напрыклад: В. Бялінскі падкрэсліваў цесную ўзаемасувязь, якая існуе паміж думкамі і словам: «...слова, — пісаў ён, — покрыва, адзенне, форма, адлюстравання думкі, а думка ёсць сэнс, розум, значэнне слова».

Цытата абавязкова суправаджаецца спасылкай на аўтара, якога цытуюць.

Спасылкі афармляюцца паводле ўстаноўленага ДАСТ, напрыклад: [4, с. 234] 4 нумар крыніцы, з якой узята цытата; с. 234 дакладная старонка, на якой знаходзіцца цытата.

 

 

Гласарый

Бібліяграфічны спіс — гэта апісанне выкарыстаных крыніц, пабудаванае ў алфавітным парадку.

Цытата — даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту ці літаральна перададзеныя чые-небудзь словы: выкарыстоўваюцца для пацвярджэння або тлумачэння аўтарскай думкі.

 

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Якія патрабаванні прад'яўляюцца да мовы пісьмовага выкладу матэрыялу ў навуковым тэксце?

2. Якая інфармацыя падаецца ў бібліяграфічным апісанні навуковай крыніцы?

3. Што такое цытата?

4. Якія правілы афармлення цытат ведаеце?

5. Якія правілы афармлення выкарыстанай літаратуры ведаеце?

Трэнінг уменняў

Заданне 1 *. Падбярыце самастойна навуковы тэкст. Зрабіце яго поўны стылістычны аналіз.

 

Парадак стылістычнага аналізу навуковага тэксту:

1. Стыль (навуковы).

2. Сфера выкарыстання (навука/вытворчасць/адукацыя).

3. Форма зносін (пісьмовая/вусная маналагічная).

4. Мэта (паведамленне інфармацыі).

5. Характар узаемаадносін (афіцыйны).

6. Падстыль (уласна навуковы, навучальны, навукова-папулярны).

7. Жанр.

8. Лексічныя асаблівасці.

9. Марфалагічныя асаблівасці.

10. Сінтаксічныя асаблівасці.

11. Сродкі выразнасці.

Заданне 2 *. Перакладзіце на беларускую мову. Растлумачце правілы афармлення цытат.

 

1. «Все, чем человек со своим разумом отличается от животного, — говорит В. Годвин, — является результатом жизни в обществе».
2. В. Белинский писал: «Разум дан человеку для того, чтобы он разумно жил, а не для того только, чтобы он видел, что он неразумно живет». 3. Ф. Бэкон отмечал, что «книги — корабли мысли, странствующие по волнам времени и бережно несущие свой драгоценный груз от поколения к поколению». 4. «Труд облагораживает человек», — писал В. Белинский. 5. «Человеку свойственно ошибаться, — отмечал Цицерон, — а глупцу — настаивать на своей ошибке».

Заданне 3 *. Запішыце наступныя выказванні-цытаты рознымі спосабамі (як часткі сказаў, як цэлыя сказы; з указаннем і без указання аўтара і інш.). Растлумачце спосабы афармлення цытат.

 

Добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш... (Я. Колас).

Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар (Я. Колас).

Не ржавее і не падаецца пазалоце толькі адно пачуццё — Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў (І. Шамякін).

Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба ведаць сваю (Ф. Багушэвіч).

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў (Ф. Скарына).

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! (Ф. Багу-шэвіч).

Бедны той, хто, апрача грошай, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы (Цётка).

 

Заданне 4 *. Запішыце скарочана наступныя словы і спалучэнні слоў.

 

Метр, стагоддзе, руская мова, рубель, складаназалежны сказ, гектар, тона, гістарычна-філасофскае аддзяленне, стагоддзі, квадратны метр, пабочнае слова, устарэлае слова, пераноснае значэнне, спецыяльны тэрмін, доктар гістарычных навук, акадэмік Карскі, напрыклад, сельсавет, стараславянскі, гэта значыць, бухгалтэрыя, каменны вугаль, так званы, загадчык, зборнік, том, старонка, завод, таварыства, сельскагаспадарчы, паўвостраў, Волга-Данскі канал, насенны фонд, дэцыметр.

 

 

Заданне 5 *. Суаднясіце ўмоўныя скарачэнні і словы, словазлучэнні, якія яны абазначаюць.

 

ДР, а. в., а. п., дадат. а. п., дадат. пат., далеж. пат., замен. пат., заяўл., інв., КА, лтд, пат., ПУ, прыяр., ТЗ, тэрмін дз. пат.

Словы для даведак: дадатковае аўтарскае пасведчанне, дзяржаўная рэгістрацыя, апісанне вынаходніцтва, аўтарскае пасведчанне, дадатковы патэнт, залежнае аўтарскае пасведчанне, залежны патэнт, таварны знак, тэрмін дзеяння патэнта, прыярытэт, патэнт, лімітэд, кампанія, інвентарны, заяўлена, заменены патэнт, прамысловы ўзор.

 

 

Заданне 6. Дайце вызначэнні тэрмінаў, аформіце іх як цытаты.

 

◊ Дагавор пазыкі, долевы інструмент, дысконт (улік) вэксаля, забеспячэнне выканання абавязацельстваў, крэдыт, крэдыторская запазычанасць.

(Літаратура: Шаўлюкоў, А. П. Бухгалтарская справаздачнасць: вучэб.-практ. дапаможнік / А. П. Шаўлюкоў. — Мн.: Соврем. шк.,
2008. — 608 с.)

 

▲ Права, прававы прэцэдэнт, праваўтварэнне, кадыфікацыя, праватворчасць, нарматворчасць, заканатворчасць, крыніца права, часовыя нормы права, дзяржаўная ўлада, сутнасць дзяржавы.

(Літаратура: Сільчанка, М.У. Агульная тэорыя права: вучэб.-метад. комплекс / М.У.Сільчанка. — Гродна: ГрДУ, 2008. — 712 с.)

 

■ Механічная сістэма, свабодны матэрыяльны аб’ект, рэакцыі сувязей, шарнір, бэлька, зменлівая механічная сістэма, трыяда, базісная падсістэма, нерухомая апора, кансоль, складанае цела.

(Літаратура: Русан, С.І. Структура плоскіх статычна вызначальных механічных сістэм [Тэкст]: вучэб.-метад. дапам. / С. І. Русан. — Баранавічы: РВА БарДУ, 2007. — 70 [1] с.)

 

Тэма 6

Афіцыйна-справавы стыль

6.1 Афіцыйна-справавы стыль.
Асноўныя рысы афіцыйна-справавога стылю

Афіцыйна-справавы стыль мовы — гэта стыль, які абслугоўвае канцылярскую, юрыдычную, адміністрацыйную сферы дзейнасці людзей, рэалізуецца пераважна ў маналагічнай пісьмовай форме (пастановы, загады, рэзалюцыі, указы, інструкцыі, кодэксы, дзелавыя пісьмы, аб’явы, характарыстыкі, даверанасці, распіскі, аўтабіяграфіі, ноты, камюніке, статуты, распараджэні, мемарандумы, пагадненні, канвенцыі, пратаколы, разнастайныя акты і інш.). Пісьмовы характар і дакументальнае ўвасабленне афіцыйна-справавых тэкстаў абумоўліваюць нязменнасць выпрацаваных і замацаваных у практыцы лексічных фармуліровак, застылы характар іх сінтаксічнага афармлення, якія іграюць канструктыўную ролю менавіта ў межах гэтай разнавіднасці мовы, а для іншых стыляў не абавязковыя.

Выкарыстанне афіцыйна-дзелавога стылю мае на мэце два асноўныя прызначэнні — інфармацыйнае і пабуджальнае, г. зн. у адпаведных дакументах падаюццца не толькі звесткі, але і патрэбы, заклікі, пабуджэнні да іх выканання тымі, каму яны скіраваны. Для дакументаў афіцыйна-справавога стылю характэрны аб’ектыўнасць, афіцыяльнасць, канкрэтнасць, дакладнасць, лагічнасць, адназначнасць верабальных фармуліровак, высокая ступень стандартызацыі, сцісласць, лаканічнасць, эканомнасць, таму часта афармляюцца на адпаведных бланках ці па ўстаноўленай форме, а таксама адсутнасць вобразнасці і эмацыянальнасці.

Асноўныя ўласцівасці афіцыйна-справавога стылю — гэта інфармацыйная насычанасць, лагічнасць і лаканічнасць выкладу, яснасць, адсутнасць двухсэнсоўнасці мовы выкладу, пераканаўчасць [6, с. 71].

Доказнасць праяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармуліровак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту.

Дакумент адпавядае свайму прызначэнню, калі ён дакладны. Дакладанасць заканадаўчага тэксту, якая не дапускае іншага вытлумачэння, забяспечваецца перш за ўсё ўжываннем спецыяльных тэрмінаў, а таксама адназначных і нявобразных слоў.

Шырокая інфарматыўнасць і ў той жа час лаканічнасць падмацоўваецца наяўнасцю дадатковых неабходных звестак, якія ідуць як дадатак да афіцыйнага пісьма.

Стандартызацыя справавой мовы (перш за ўсё мовы масавай тыпавой дакументацыі) — адна з найбольш прыметных рыс афіцыйна-справавога стылю. Працэс стандартызацыі развіваецца ў асноўным у двух накірунках: а) у шырокім выкарыстанні гатовых ужо ўстойлівых формул, трафарэтаў, штампаў (напрыклад, сінтаксічных мадэляў з адыменнымі прыназоўнікамі ў мэтах, у сувязі, у адпаведнасці... і г. д., што заканамерна паскарае і палягчае працэс складання тыпавых тэкстаў справавых папер); б) у частай паўтаральнасці адных і тых жа слоў, форм зваротаў, канструкцый, у імкненні да аднатыпнасці спосабаў выражэння думкі ў аднатыпных сітуацыях, у адмове ад выкарыстання вобразных сродкаў мовы.

Так, афіцыйна-справавы стыль вызначаецца вялікай колькасцю стандартных сродкаў — канцылярскіх штампаў, устойлівых зваротаў, якія паўтараюцца пры апісанні аднолькавых сітуацый, абазначэнні пашыраных паняццяў: прыцягнуць да адказнасці, перадаць у адпаведныя інстанцыі, узяць пад кантроль, за справаздачны перыяд, ставіць у віну. Вядома, для тэкстаў розных жанраў набор стандартаў неаднолькавы. Карыстанне ўстойлівымі выразамі спрашчае зносіны ў прававой і адміністрацыйнай сферы. Але калі штампы, канцылярызмы без патрэбы ўводзяцца ў гутарку ці ў мову газет, то гэта зніжае культуру вуснай і пісьмовай мовы.

 

 

6.2 Паняцце «дакумент» і «службовы дакумент».
Лексіка-граматычныя асаблівасці мовы справавых папер
і службовых дакументаў

 

Асноўнымі відамі тэкстаў, у якіх рэалізуецца афіцыйна-справавы стыль, выступаюць дакументы. У штодзённым жыццi i працы чалавек наладжвае афіцыйныя, службовыя адносіны з іншымі людзьмі, з арганізацыямі, установамі. Гэтыя адносіны рэгулююцца прававымі нормамі, замацаванымі ў законах, указах, пастановах, дагаворах і іншых дакументах.

Дакументамі (ад лац. documentum — доказ, сведчанне) называюцца адпаведным чынам складзеныя, падпісаныя і засведчаныя справавыя паперы, якiмi афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян.

Дакумент можа быць атрыманы пры выкарыстанні пiсьма, малюнка, графiкi, фатаграфii, гуказапiсу. Таму ён вызначаецца ДАСТ як «матэрыяльны аб’ект з інфармацыяй, замацаванай створаным чалавекам спосабам для яе перадачы ў часе і прасторы».

Службовы (афіцыйны) дакумент — гэта дакумент, які створаны арганізацыяй, прадпрыемствам, установай ці службовай асобай і аформлены ва ўстаноўленым парадку. Пад службовай асобай трэба разумець асобу, якая ажыццяўляе функцыю прадстаўніка ўлады ці займае пасаду, звязаную з выкананнем арганізацыйна-распарадчых ці адміністрацыйных абавязкаў.

Дакумент валодае некаторымі функцыямі:

- інфармацыйнай (у дакуменце фіксуюцца факты, падзеі, з’явы практычнай і мысленчай дзейнасці чалавека);

- арганізацыйнай (з дапамогай дакумента забяспечваецца ўздзеянне на групы людзей для арганізацыі і каардынацыі іх дзейнасці);

- камунікатыўнай (знешнія сувязі ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў забяспечваюцца з дапамогай дакументаў);

- юрыдычнай (змест дакумента выкарыстоўваецца ў якасці доказу пры разглядзе спрэчных пытанняў бакамі адносін, не кажучы ўжо аб органах следства, суда і пракуратуры. Шэраг дакументаў з самага пачатку надзелены юрыдычнай функцыяй: дагаварная дакументацыя, натарыяльна завераныя дакументы, прававыя акты органаў дзяржаўнага кіравання і г. д.);

- выхаваўчай (ён дысцыплінуе выканаўцу, патрабуе павышэння ўзроўню адукацыі);

- эстэтычнай (добра падрыхтаваны дакумент выхоўвае эстэтычны густ кадраў, павышае прэстыж арганізацыі).

Усе дакументы, якія выкрыстоўваюцца на прадпрыемствах ці ўстановах, класіфікуюцца па розных прыметах: паводле зместу (простыя і складаныя, у залежнасці ад таго, адно ці некалькі пытанняў ахоплівае іх змест), паходжання (афіцыйныя, або службовыя, і асабістыя), паводле тэрміновасці (тэрміновыя і нетэрміновыя), відах дзейнасці (арганізацыйна-распарадчыя, фінансава-разліковыя, забеспячэнска-збытавы), па месцы складання (унутраныя, знешнія), па форме (індывідуальныя, тыпавыя, трафарэтныя), па тэрмінах захоўвання, па стадыям стварэння і інш.

Арганізацыйна-распарадчыя дакументы (АРД) — дакументы, якія прымяняюцца пры афармленні арганізацыйнай, распарадчай, выканаўчай і кантрольнай функцыі кіравання. Гэта від пісьмовага дакумента, у якім фіксуюць рашэнні адміністрацыйных і арганізацыйных пытанняў, а таксама пытанняў кіравання, узаемадзеяння, забеспячэння і рэгулявання дзейнасці органаў улады, устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый, іх падраздзяленняў і службовых асоб.

У сістэме АРД выдзяляюць наступныя групы дакументаў:

1) адміністрацыйна-арганiзацыйныя (статуты, пала-жэннi, службовыя iнструкцыi, правілы ўнутранага распарадку і інш.);

2) распарадчыя (пастановы, распара­джэннi, рашэннi, загады i iнш.);

3) iнфармацыйна-даведачныя (даведкi, дакладныя i тлумачальныя запіскі, акты, лiсты, тэлеграмы i тэлефанаграмы).

У асобную групу ўваходзяць дакументы па асабістым складзе (загады па асабістым складзе, заявы, аўтабіяграфіі, працоўныя кантракты, асабістыя справы, асабістыя карткі, працоўныя кніжкі).

Для мовы дакументаў характэрна паслядоўнасць, дакладнасць выкладання фактаў, аб’ектыўнасць ацэнак. Таму ў сістэме моўных сродкаў справавых папер і службовых дакументаў назіраюцца наступныя асаблівасці:

Лексічныя асаблівасці:

- словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні;

- шырока выкарыстоўваюцца абстрактная, тэрміналагічная і спецыяльная лексіка, словы і словазлучэнні, якія маюць афарбоўку афіцыйна-справога стылю: дэфект, грузападымальнасць, вышэйназваны, ніжэйпадпісаныя, невыкананне, забяспечваць раўнапраўе, месцазнаходжанне, прыняць да ведама, у адпаведнасці з, прыняць рашэнне, у адказ на запыт, у адпаведнасці з пастановай, зыходзячы з меркаванняў, на падставе закона і г. д.;

- адсутнічаюць жаргонныя, прастамоўныя словы, дыялектызмы, словы з эмацыянальна-экспрэсіўнай, ацэначнай афарбоўкай;

- ужываюцца маўленчыя штампы-словазлучэнні, якія часта паўтараюцца ў многіх афіцыйна-справавых тэкстах і маюць устойлівы характар (правы і свабоды, мець права, займаць пасаду, мець значэнне і інш.);

- выкарыстанне абрэвіятур, складанаскарочаных найменняў дзяржаўных органаў, устаноў, арганізацый, таварыстваў, партый, абумоўленае імкненнем да сцісласці: Мінфін, АДСС (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства), Мінздраў, ЖЭС, студсавет, прафкам і г. д.

- шырока ўжываюцца канцылярызмы (устойлівыя звароты, якія паўтараюцца пры апісанні аднолькавых сітуацый, абазначэнні пашыраных паняццяў) і стандартныя выразы-штампы: палічылі мэтазгодным, справаздачны перыяд, прымаючы пад увагу, прыцягнуць да адказнасці, ставіць у віну, вынеслі прысуд, парадак дня, захаванне і інш.

Марфалагічныя асаблівасці:

- шырокае ўжыванне інфінітываў (упаўнаважыць дэлегацыю, забяспечыць пастаянны кантроль, зацвердзіць палажэнне, прыняць прапанову), які часта выкарыстоўваюцца са словамі неабходна, абавязаны, мае права і інш.: Фінансаванне названага прадпрыемства неабходна здзейсніць за кошт сродкаў...;

- выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі: выкананне, планаванне, прагназаванне, правапарушэнне, падзел, шырока выкарыстоўваюццаі аддзеяслоўныя назоўнікі з прыстаўкай не- (ня-): непрызнанне, недаатрыманне, недавыкананне, нявыплата, недапрацоўка і інш.;

- шырока выкарыстоўваюцца назоўнікі са зборным значэннем: ды-рэкцыя, адміністрацыя, кіраўніцтва, калегія, вучоны савет, камісія і інш.;

- выкарыстанне назоўнікаў назваў асоб па іх спецыальнасці, а таксама назваў дакументаў: сведка, адвакат, рахункавод, інструктар, слухач, грамадзянін, пакупнік, наведвальнік, падаткаплацельшчык, мытнік, аўтар, заяўнік, адказчык, загад, заява, пратакол, рэзалюцыя, паведамленне, даведка і інш.;

- часта выкарыстоўваюцца дзеясловы цяперашняга часу ў значэнні дзеяння, якое неабходна выконваць: Суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ўчынілі эканамічныя правапарушэнні, нясуць (= павінны несці) адказнасць на падставе актаў заканадаўства...;

- замест дзеясловаў часта ўжываюцца сінанімічныя спалучэнні назоўніка і дзеяслова: дапамагчы — аказаць дапамогу, праверыць— правесці праверку, адрамантаваць — зрабіць рамонт, прыбрацца — зрабіць уборку, падтрымаць — аказаць падтрымку;

- пашырана функцыянаванне колькасна-іменных спалучэняў: шэсць супрацоўнікаў, 10 кліентаў (нашага банка) і інш.;

- напісанне кольнасных лічэбнікаў арабскімі лічбамі: Было забракавана 25 машын. Парадкавыя лічэбнікі даюцца з абавязковым склонавым канчаткам: Выраб 3-га гатунка. Лічэбнік у табліцах, анкетах звычайна ставіцца пасля назоўніка: Колькасць штатных адзінак — 10;

- пашырана ўжыванне дзеепрыметнікаў незалежнага стану на -уч- (-юч-), -ач- (-яч-) і залежнага на -ем-, -ім-: бягучы, апякаемы;

- пашырана выкарыстанне складаных адыменных прыназоўнікаў у адносінах, у мэтах, па дасягненні і г. д..

Сінтаксічныя асаблівасці:

- тэндэнцыя да ўжывання складаных сказаў у сувязі з тым, што патрабуецца асаблівая лагічнасць, паслядоўнасць, дакладнасць развіцця думкі;

- наяўнасць канструкцый са складанымі злучнікамі, адыменнымі прыназоўнікамі: у выніку таго што, дзякуючы таму што, нягледзячы на тое што, з мэтай, па лініі, шляхам, дзякуючы, згодна з, у святле;

- характэрна ўжыванне стандартных складаных сінтаксічных канструкцый, клішэ. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца надрукаваныя бланкі і пэўныя формы, якія даюцца ў спецыяльных даведніках;

- выкарыстанне радоў аднародных членаў;

- наяўнасць функцыянальна абумоўленых лексічных паўтораў, якія дапамагаюць пазбегнуць няправільных тлумачэнняў.

Кожны дакумент з’яўляецца носьбітам інфармацыі, утрымлівае комплекс інфармацыйных элементаў. Інфармацыйны элемент дакумента, які характарызуе сам дакумент, яго мэтавае прызначэнне ці месца, якое займаецца ім у прасторы і ў часе, называецца рэквізітам.

Для справавых дакументаў рэкамендуецца наступны набор рэквізітаў (па СТБ 6.38-2004):

1) Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь;

2) эмблема арганізацыі або таварны знак;

3) код арганізацый па класіфікатары прадпрыемстваў і арганізацый (КПА);

4) код дакументаў па класіфікатары кіраўніцкай дакументацыі (ККД);

5) назва вышэйстаячай арганізацыі (пры наяўнасці вышэйстаячай арганізацыі ўказваецца яе поўная назва);

6) назва арганізацыі (абазначае аўтара дакумента, пад якім разумеюць фізічную або юрыдычную асобу, якая стварыла дакумент);

7) назва структурнага падраздзялення;

8) паштовы адрас адрасанта (афармляецца ў адпаведнасці з Правіламі аказання паслуг паштовай сувязі, напрыклад: вул. Якуба Коласа, 15, 211400, г. Полацк, Віцебская вобл.);

9) камунікацыйныя і камерцыйныя дадзеныя (уключаюць: тэлеграфны адрас, нумар тэлефона, тэлефакса з указаннем кода аўтаматычнай міжгароднае тэлефоннай сувязі (групы лічбаў у нумары тэлефона дэфісам не раздзяляюцца); камерцыйныя дадзеныя: нумар разліковага рахунка, назва банка і інш.);

10) назва віда дакумента (друкуюцца вялікімі літарамі ад нулявога палажэння табулятара (ЗАГАД, АКТ, ДАВЕДКА);

11) дата (выкарыстоўваецца 10 знакаў: 8 лічбаў і 2 размежавальныя кропкі: 01.04.2008; можна афармляць і так: 15 сакавіка 2008 г.);

12) рэгістрацыйны індэкс;

13) спасылка на рэгістрацыйны індэкс і дату ўваходнага дакумента;

14) месца складання або выдання;

15) грыф абмежавання доступу;

16) адрасат;

17) грыф зацвярджэння;

18) рэзалюцыя (афармляецца рукапісным спосабам пасля разгляду дакумента, якая ўключае пісьмовае ўказанне кіраўніком выканаўцы, характар і тэрмін выканання);

19) загаловак тэксту (не больш, чым на двух радках; павінен адпавядаць асноўнаму пытанню, якое закранаецца ў дакуменце; пішацца з нулявога палажэння табулятара з вялікай літары з прыназоўнікам пра: Пра пастаўку нафты па кантракту № 55-02/672);

20) адзнака аб кантролі;

21) тэкст;

22) адзнака аб наяўнасці дадаткаў;

23) подпіс (складаецца з назвы пасады асобы, якая падпісала дакумент, асабістага подпісу і яе расшыфроўкі (ініцыялы і прозвішча). Ініцыялы друкуюць перад прозвішчам, прабелы паміж ініцыяламі і прозвішчам не робяць);

24) грыф дадатка;

25) грыф узгаднення;

26) візы (подпіс, які пацвярджае факт азнаямлення адказнай асобы з дакументам);

27) пячатка (ставіцца на дакументах, якія патрабуюць асаблівага засведчання іх сапраўднасці. Водціск пячаткі патрэбна ставіць такім чынам, каб ён захопліваў частку назвы пасады асобы, якая падпісвае дакумент);

28) адзнака аб выкананні;

29) адзнака аб завярэнні копіі;

30) адзнака аб выкананні дакумента і накіраванні яго ў справу;

31) адзнака аб паступленні (рэгістрацыйны штамп уваходзячага дакумента);

32) адзнака аб пераносе дадзеных на машынны носьбіт.

Для афармлення дакумента якога-небудзь вызначанага віду патрабуюцца не ўсе пералічаныя рэквізіты, а толькі некаторыя. Стандартам вызначана колькасць і паслядоўнасць размяшчэння рэквізітаў у дакументах пэўных відаў.

Фармулярам дакумента называецца набор рэквізітаў у дакуменце, размешчаных у вызначанай стандартам паслядоўнасці. Розныя віды дакументаў маюць розны набор рэквізітаў, які абумоўліваецца прызначэннем дакумента.

Такім чынам, можна гаварыць пра фармуляр акта, фармуляр пратакола, фармуляр загаду і інш.

Фармуляр, характэрны для пэўнага віду дакументаў, называецца тыпавым фармулярам.

У працэсе работы кожнай арганізацыі ці прадпрыемства ствараецца вялікая колькасць арганізацыйна-распарадчай дакументацыі як па асноўных пытаннях, так і па пытаннях асабістага характару. Службовыя дакументы, як правіла, складаюцца на бланку, які адпавядае стандарту і мае пэўны парадак размяшчэння рэквізітаў.

Бланк афіцыйнага дакумента— гэта стандартны ліст паперы з узноўленымі на ім пастаяннымі (сталымі) рэквізітамі і месцам, якое адведзена для пераменных рэквізітаў.

Бланкі бываюць двух відаў: агульныя і бланкі для лістоў.

Бланкі для лістоў выкарыстоўваюцца выключна для афармлення лістоў незалежна ад іх віду (пісьмы-запыты, пісьмы-адказы, гаранційныя і суправаджальныя лісты і інш.)

На агульных бланках афармляюцца распарадчыя дакументы прадпрыемстваў (загады, распараджэнні, пастановы і інш.), а таксама арганізацыйныя дакументы (палажэнні, інструкцыі і інш.) і інфармацыйна-даведачныя дакументы (акты, пратаколы, даведкі і інш.)

Усе бланкі распрацоўваюцца на аснове вуглавога ці падоўжанага варыянтаў размяшчэння рэквізітаў. Пры вуглавым варыянце рэквізіты бланка размяшчаюцца ў верхнім левым вугле. Пры падоўжаным варыянце рэквізіты размяшчаюцца пасярэдзіне ліста ў верхняй яго частцы без абмежавання памераў па гарызанталі, але з захаваннем устаноўленых палёў.

Бланкі для пісьма ва ўсіх арганізацыях РБ афармляюцца на дзвюх мовах з выкарыстаннем падоўжанага варыянта размяшчэння рэквізітаў бланка.

Таксама дапускаецца размяшчаць рэквізіты бланка цэнтрыраваным ці флагавым спосабам. Пры флагавым спосабе кожны радок бланкавых запісаў пачынаецца ад левай граніцы плошчы. Пры цэнтрыраваным спосабе пачатак і канец кожнага радка бланкавых запісаў раўна аддалены ад межаў плошчы. Такім чынам, яны цэнтруюцца, у выніку чаго аказваюцца роўнааддаленымі ад умоўнай вертыкальнай восі, якая падзяляе бланкавыя запісы на дзве роўныя часткі.

 

Гласарый

Бланк афіцыйнага дакумента — гэта стандартны ліст паперы з узноўленымі на ім пастаяннымі (сталымі) рэквізітамі і месцам, якое адведзена для пераменных рэквізітаў.

Дакумент (ад лац. documentum — доказ, сведчанне) — гэта адпаведным чынам складзеныя, падпісаныя і засведчаныя справавыя паперы, якiмi афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян.

Рэквізіт — інфармацыйны элемент дакумента, які характарызуе сам дакумент, яго мэтавае прызначэнне ці месца, якое займаецца ім у прасторы і ў часе.

Службовы (афіцыйны) дакумент — гэта дакумент, які створаны арганізацыяй, прадпрыемствам, установай ці службовай асобай і аформлены ва ўстаноўленым парадку.

Фармуляр дакумента — набор рэквізітаў у дакуменце, размешчаных у вызначанай стандартам паслядоўнасці.

 

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Пералічыце асноўныя функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі афіцыйна-справавога стылю.

2. У чым заключаецца адрозненне паміж дакументам і службовым дакументам. Пералічыце асноўныя функцыі дакументаў.

3. У чым асаблівасці сістэмы моўных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў афіцыйна-справавых дакументах?

4. Ахарактарызуйце марфалагічныя асаблівасці мовы афіцыйных папер.

5. Што такое рэквізіт дакумента, фармуляр дакумента, бланк дакумента?

Трэнінг уменняў

Заданне 1 *. Падбярыце прыметнікі або дзеепрыметнікі, з якімі звычайна спалучаюцца прыведзеныя словы (у іх тэрміналагічным значэнні).

 

Узор: пратакол — афіцыйны, складзены…

Закон, аб’ява, подпіс, пастанова, справаздача, праграма, распіска, рэзалюцыя, рэкамендацыя, даведка, тэзісы, характарыстыка, распіска, рэзюмэ, аўтабіяграфія, акт.

 

 

Заданне 2 *. Размяркуйце словы і выразы па наступных групах: а) стылістычна нейтральныя; б) з яркай прыметай афіцыйна-справавога стылю; в) не ўласцівыя афіцыйна-справавому стылю.

 

Баланс, прыняць да ведама, прагноз, дзівосны, сакратарка, воблачкі, працоўны дагавор, вышэйпададзены, дысбаланс, прыватызацыйны чэк, прэйскурант, рынак, рэклама, справаздачны перыяд, від дыяграмы, субсідыя, такса, балансазнаўства, фазавы аналіз, актывізацыя пазнавальнай дзейнасці, бухгалтарскае дапушчэнне, сонейка, з языка зляцела, электрычка, бухгалтарская справаздачнасць, пачатак урока, сумленне, верагоднасць фінансавай справаздачнасці, падборачка, вястун, падборачка, інфармацыйная асіметрыя, інфармацыя, падвядзенне вынікаў, прыняць рашэнне, істотнасць фінансавай справаздачнасці, малоць языком, карвалол, матывацыйны кампанент урока, ажыццяўляць, кансалідаваная справаздачнасць.

 

 

Заданне 3 *. Зрабіце аналіз тэкстаў і адзначце ў іх характэрныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю.

1. Мы, народы аб’яднаных нацый, поўныя рашучасці

пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, якія двойчы ў нашым жыцці прынеслі чалавецтву невыразнае гора, і зноў сцвердзіць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы, у раўнапраўе мужчын і жанчын і ў роўнасць правоў вялікіх і млых нацый, і

стварыць умовы, пры якіх могуць захоўвацца справядлівасць і павага да абавязацельстваў, якія вынікаюць з дагавораў і іншых крыніц мжнароднага права, і

садзейнічаць сацыяльнаму прагрэсу і паляпшэнню ўмоў жыцця пры большай свабодзе,

і ў гэтых мэтах

праяўляць цярпімасць і жыць разам, у міры адзін з адным, як добрыя суседзі, і

аб’яднаць нашы намаганні для падтрымання міжнарднага міру і бяспекі, і

забяспечыць прыняццем прынцыпаў і ўстанаўленнем метадаў, каб узброеныя сілы ўжываліся не інакш, як у агульных інтарэсах, і

выкарыстоўваць міжнародны аппарат для садзейнічання эканамічнаму і сацыяльнаму прагрэсу ўсіх народаў

рышылі аб’яднаць нашы намаганні для дасягнення нашых мэтаў (З уводнай часткі (прэамбулы) Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый).

2. Артыкул 1. Зацвердзіць Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.

Артыкул 2. Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сферах і выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы.

Артыкул 3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь да 1 верасня 2010 года:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасці з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона (З Закона «Аб правілах беларусках арфаграфіі і пунктуацыі»).

 

 

Заданне 4 *. Вызначце, да якога стылю належыць прапанаваны ўрывак. Назавіце характэрныя для дадзенага стылю лексічныя адзінкі.

 

Артыкул 3. Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай

Грамадзянам Беларускай ССР гарантуеца права карыстацца іх нацыянальнай мовай. Ім гарантуецца таксама права звяртацца ў дзяржаўныя, партыйныя органы, прадпрыемствы, установы і грамадскія арганізацыі на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове.

Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай мове. Адказ грамадзяніну даецца на беларускай мове або, па яго жаданню, у перакладзе на русскую мову.

Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на дзяржаўнай мове, мове міжнацыянальных зносін або рабочай м



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-07; просмотров: 1276; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.128.168.219 (0.015 с.)