Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Лекцыя 2. Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы

Поиск

Мэта лекцыі – паказаць працэс станаўлення беларускай мовы,асаблівасці яе развіцця на розных гістарычных этапах.

 

Задачы лекцыі:

- ахарактарызаваць асноўныя перыяды фарміравання беларускай мовы;

- прааналізаваць прычыны заняпаду беларускай мовы на пэўных гістарычных этапах (у тым ліку і на сучасным);

- адзначыць ролю выдатных асветнікаў у працэсе адраджэння, унармавання і захавання беларускай мовы;

- садзейнічаць фарміраванню ў студэнтаў пачуцця каштоўнасці роднай мовы.

 

Пытанні

1. Беларуская мова ў сям’і індаеўрапейскіх моў. Вытокі беларускай мовы.

2. Роля беларускай мовы ў ВКЛ.

3. Прычыны заняпаду беларускай мовы ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

4.Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы. Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст.

5. Русіфікатарскі характар нацыянальна-моўнай палітыкі дзяржавы на працягу 30-80 гадоў ХХ ст.

6. Асаблівасці развіцця беларускай літаратурнай мовы ў 90-я гады ХХ ст. Стан беларускай мовы на сучасным этапе.

Праблемныя пытанні

1.Чаму перыяд існавання ВКЛ даследчыкі называюць «залатым векам» у гісторыі развіцця беларускай мовы?

2. Ці з’яўляецца сёння беларуская літаратурная мова сродкам зносін нацыі? Якія фактары могуць паўплываць на адраджэнне беларускай мовы ў розных сферах жыцця?

Рэкамендаваная літаратура

1. Гіруцкая, Л.А. Беларуская мова (прафесійная лексіка). – Мінск, 2005.

2. Лепешаў, І.Я., Якалцэвіч, М.А. Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі. – Гродна, 2001.

3. Ляшчынская, В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка. – Мінск, 2003.

4. Плотнікаў, Б.А. Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў. – Мінск, 1999.

5. Сямешка, Л.І. Беларуская мова. – Мінск, 1999.

6. Шакун, Л. М. Карані роднай мовы. – Мінск, 2001.

7.

Пры вывучэнні складанага пытання пра паходжанне беларускай мовы (як і рускай, украінскай) трэба мець на ўвазе, што ўзнікненне беларускай мовы нельга датаваць пэўным годам ці нават дзесяцігоддзем (Ф. Янкоўскі). Станаўленне беларускай мовы цесна звязана з гістарычнымі і сацыяльна-палітычнымі фактарамі, якія абумоўліваюць яе росквіт або заняпад.

1. Беларуская мова ў сям’і індаеўрапейскіх моў. Вытокі беларускай мовы

У свеце, паводле звестак вучоных, налічваецца ад 2,5 да 6000 жывых і мёртвых моў. На аснове падабенства роднасныя мовы аб’ядноўваюцца ў моўныя сем’і (іхкаля 20): індаеўрапейская, цюркская, угра-фінская, кітайска-цібецкая, мангольская, семіта-хаміцкая і інш. У сваю чаргу, моўныя сем’і могуць распадацца на моўныя групы і падгрупы. Аднак ёсць мовы (напр., японская, якая абслугоўвае звыш 110 млн. чалавек, карэйская), якія існуюць ізалявана, не ўваходзяць у склад сем’яў ці груп.

Беларуская мова належыць да індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай групы, усходнеславянскай падгрупы.

Індаеўрапейскія мовы самая вялікая ў свецемоўная сям’я. У наш час амаль кожны другі жыхар планеты гаворыць на мове індаеўрапейскага паходжання. Сама назва паказвае на вельмі далёкую, але ўсё ж роднасць моў народаў Еўропы і Азіі. Індаеўрапейская сям’я моў падзяляецца на 12 (у дапаможніках Л.І. Сямешкі, Л.А. Гіруцкай і некаторых іншых аўтараў называецца лічба 16) груп: індыйская, германская (англійская, нямецкая, галандская, шведская, дацкая, нарвежская, ісландская і г. д.), раманская (іспанская, італьянская, французская, румынская, малдаўская, партугальская, мёртвая лацінская мова і г. д.), славянская, балтыйская (літоўская, латышская і мёртвая пруская мова), кельцкая (ірландская, шатландская і г. д.), іранская (персідская, афганская, таджыкская і г. д.), грэчаская, армянская, албанская, хецкая, тахарска я.

Славянская група распадаецца на тры падгрупы: усходнюю (беларуская мова, руская, украінская), заходнюю (польская, чэшская, славацкаая, сербалужыцкая, мёртвая палабская), паўднёвую (балгарская, македонская, сербскахарвацкая, славенская, мёртвая стараславянская). Увогуле, славянскія мовы – пятая паводле распаўсюджанасці група моў на Зямлі (пасля кітайскай, індыйскай, германскай і раманскай).

Славянскія мовы выдзеліліся з індаеўрапейскай мовы (мовы-асновы, прамовы, мовы-маці) недзе на мяжы ІІІ і ІІ тысячагоддзяў да н. э. Ад тых старажытных часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся вялікі пласт слоў. У беларускай мове індаеўрапейскімі паводле паходжання з’яўляюцца словы Бог, вера, дух, дзіва, неба, маці, брат, снег, воўк, вуж, лён, лічэбнікі два, тры, дзесяць, сто, займеннікі ты, вы, сам і інш.

ІІІ тысячагоддзе да н. э. – І тысячагоддзе н. э. – агульны перыяд у гісторыі славян – агульнаславянскі (скончыўся гэты перыяд прыкладна ў сярэдзіне І тысячагоддзя н. э.). І, адпаведна, мову славян гэтага часу называюць агульнаславянскай, або праславянскай. Яна складалася з блізкароднасных племянных дыялектаў. Даследчыкі вылучаюць тры асноўныя дыялекты, якія ўмоўна называюць усходнім, заходнім, паўднёвым. Ёсць гіпотэза і аб існаванні агульнай балта-славянскай мове-продку, што тлумачыцца асабліва блізкімі адносінамі ў старажытнасці славян і балтаў (шматлікія прозвішчы, назвы населеных пунктаў, вадаёмаў на Беларусі маюць балцкія карані: Нёман, Нача, Ашмяны, Смаргонь, Кемелішкі, Гервяты, Геранёны і многія іншыя). Існуе версія і славяна-фінскага паходжання беларускай народнасці. Якое месца займала мова продкаў беларусаў у праславянскім свеце? На думку рускага вучонага А. Шахматава, беларускага даследчыка П. Бузука і некаторых іншых, хутчэй за ўсё прабеларусы займалі прамежкавае становішча паміж продкамі рускіх, украінцаў і заходнімі славянамі. Пра гэта сведчаць агульныя для беларускай і заходнеславянскіх моў працэсы (дзеканне, цеканне, страта мяккага [p]).

Паступова славяне пашыралі тэрыторыю свайго рассялення (ад Віслы і Одэра да Дона і Волгі, ад Карпат да Балтыкі), і за час вандровак па Еўропе сувязі паміж імі паслабляліся. Дарэчы, агульная колькасць славян у свеце каля 290 млн. чалавек (для параўнання: кітайцаў каля 1 247 млн. на 1999 г.). Яны аб’яднаны паміж сабой не толькі агульнасцю паходжання, многімі культурнымі традыцыямі, але і незвычайнай блізкасцю моў (такая блізкасць праяўляецца ў падабенстве каля дзвюх тысяч слоў, а таксама ў фанетыцы, граматыцы). Параўн.: галава (бел.), голова (рус.), голова (укр.), glowa (польс.), hlava (чэшс.), глава (балг.) і пад.

У УІ-УІІ ст. н. э. завяршылася рассяленне славян і ўтварыліся тры групы славянскіх плямён (усходнія, заходнія і паўднёвыя славяне). Пазней на іх аснове пачнуць складвацца асобныя народнасці.

У ІХ ст. усходнія славяне ўтварылі феадальную дзяржаву Кіеўская Русь, а ў канцы Х ст. на нашыя землі прыйшло хрысціянства, разам з ім і пісьменнасць на стараславянскай (царкоўнаславянскай) мове – першай літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян (успомнім асветнікаў Кірылу і Мяфодзія). На гэты час яшчэ не было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі рукапісныя. (Буйныя цэнтры старажытнай пісьменнасці на Беларусі: Полацк, Тураў, Пінск, Смаленск, Слуцк, Мазыр). Царкоўнаславянскай мовай карысталіся не толькі пры перапісванні свяшчэнных тэкстаў, але і для стварэння арыгінальных твораў рэлігійнага зместу (казанні, павучанні, словы, малітвы епіскапа Кірылы Тураўскага; словы-прамовы царкоўнага дзеяча, філосафа палескага Златавуста; пісьмовая спадчына пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага). Асаблівай увагі заслугоўвае культурна-асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай (заснавала жаночы і мужчынскі манастыры і царкву ў Полацку, скрыпторыі – майстэрні, у якіх перапісваліся свяшчэнныя кнігі; па яе загаду майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. быў створаны надзвычайнай прыгажосці крыж, надпіс на якім зроблены таксама на царкоўнаславянскай мове). Старажытныя беларускія пісьменнікі-асветнікі былі людзьмі высокай культуры, якія ведалі не толькі Біблію, але і антычную літаратуру – Гамера, Платона, Арыстоцеля.

Дзяржаўнай жамовай Кіеўскай Русі з’яўлялася старажытнаўсходнеславянская, ці старажытнаруская мова, утвораная шляхамсінтэзу стараславянскай мовы і жывой гутарковай мовы ўсходніх славян. Нагадаем, што тэрмін «старажытнаруская» звязваецца не з сучаснай рускай мовай (велікарускай), а адносіцца ў роўнай ступені да ўсіх трох усходнеславянскіх моў. На старажытнаўсходнеславянскай мове напісаны такія творы, як «Слова пра паход Ігаравы», «Аповесць мінулых гадоў», «Руская праўда», «Слова мітрапаліта Іларыёна», «Астрамірава Евангелле», творы Уладзіміра Манамаха, а таксамашматлікія гандлёвыя дагаворы, граматы, грашовыя разлікі, надпісы на прадметах матэрыяльнай культуры (пра гэта сведчаць археалагічныя раскопкі). Ужо ў гэты час у літаратурна-пісьмовай мове ўсходніх славян вылучаецца як мінімум тры стылі: справавы, царкоўна-кніжны і свецка-літаратурны (найбольшая колькасць стараславянскіх элементаў назіраецца ў творах рэлігійнага зместу, менш – у мастацкіх, яшчэ менш – у справавых тэкстах, апошнія з якіх адлюстроўваюць спецыфічныя рысы сучаснай беларускай мовы).Дарэчы, аўтарства «Слова пра паход Ігаравы» (ХІІ ст.), на думку рускага даследчыка Б. Зотава, хутчэй за ўсё належыць Кірыле Тураўскаму (вельмі блізкая да «Слова..» манера выкладання думак, пачуццяў з дапамогай мовы, уласцівыя яму выяўленчыя і вобразныя сродкі).

Такім чынам, да ХІІІ ст. існавала адносна адзіная пісьмовая мова ўсходніх славян, аднак гаварылі продкі рускіх, беларусаў і ўкраінцаў па-рознаму. Кожная мова развівалася сваім шляхам!

2. Роля беларускай мовы ў ВКЛ

У ХІІІ ст. пасля распаду Кіеўскай Русі (а гэтаму паспрыялі міжусобныя войны феадалаў) пачалі складвацца асобныя народнасці – беларуская, руская і ўкраінская. Беларуская народнасць утварылася з трох плямён: крывічы, радзімічы, дрыгавічы. (Тэрмін «Белая Русь» упершыню сустракаецца ў канцы XIV ст. у адносінах толькі да Полацкай зямлі. У далейшым ён пашырыўся на ўсю Беларусь).

Асноўную ролю ў фарміраванні беларускай мовы (даследчыкі называюць яе старабеларускай) адыгралі мясцовыя гаворкі(паўночна-ўсходні і паўднёва - заходні дыялекты). Як асобная самастойная мова яна сфарміравалася ў перыяд, калі нашы землі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў ВКЛ на працягу ХІУ – ХУІ стст. старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў якасці афіцыйнай дзяржаўнай. У пісьмовых дакументах таго часу наша зямля часта называецца Літвой, беларусы – літоўцамі або ліцвінамі ў знак таго, што яны былі жыхарамі ВКЛ, а мова – літоўскай, рускай, простай (продкі ж сучасных літоўцаў называліся жамойтамі і аўкштайтамі).

На беларускай мове былі створаны летапісы, арыгінальныя і перакладныя мастацкія творы, вучэбная, публіцыстычная, юрыдычная літаратура; вялася дыпламатычная перапіска (1392 – 1393 гг. хан Арды Тахтамыш піша ліст польскаму каралю Ягайла на старабеларускай мове)! Важна і тое, што на славянскім усходзе распачалося кнігадрукаванне (6 жніўня 1517 г. у Празе Ф. Скарына надрукаваў на царкоўнаславянскай мове Псалтыр). Спыніцца на асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны (гуманіст, першадрукар, перакладчык, пісьменнік, рэдактар, мастак). Менавіта ён узняў беларускую мову і беларускую культуру на еўрапейскі ўзровень (праз два стагоддзі тое самае паспрабуе зрабіць для рускага народа М. В. Ламаносаў). Гэты перыяд знакаміты такімі вядомымі асветнікамі, людзьмі энцыклапедычнай адукаванасці, як Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі, Андрэй Рымша, Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі і інш.

Назавём жанры і найбольш вядомыя помнікі літаратуры таго часу.

1.Справавая літаратура, да якой адносіліся гандлёвыя дагаворы, дарчыя граматы, судовыя і пасольскія кнігі, пастановы сейма, справаздачы, каралеўскія наказы, пісьмовыя правы на валоданне зямлёй і інш. Прыклады дадзенага жанру: «Дагавор Полацка з Рыгай»(1330 г.), «Дарчая грамата» Вітаўта літоўскім канонікам (1399), «Судзебнік» караля Казіміра Ягелончыка (1468 г.), «Кніга судовых спраў» (1516 г.) і інш. Помнікі справавой пісьменнасці, як рукапісныя, так і друкаваныя, сабраны ў 600 тамоў Літоўскай метрыкі, дакументы якой даюць уяўленне пра розныя бакі палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў і з’яўляюцца крыніцай вывучэння беларускай мовы. Найбольш слынным дакументам гэтага перыяду, безумоўна, лічыцца Статут Вялікага Княства Літоўскага ( тры рэдакцыі: 1529 г., 1566 г., 1588 г.), які стаў узорам, асновай для ўпарадкавання права нават у многіх суседніх дзяржавах: Прусіі, Польшчы, Расіі! Доўгі час заставаўся адзіным зборамзаконаў у Еўропе, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы. Не выклікае сумненняў, што «Статут» быў распрацаваны і падрыхтаваны на высокім тэарэтычным і прафесійным узроўні кваліфікаванымі прававедамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі (рэдакцыя 1588 г. падрыхтавана пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А. Б. Валовіча і падканцлера Л.І. Сапегі). «Статут» – сведчанне дзяржаўнасці беларускага і літоўскага народаў, іх высокай прававой культуры. Некаторыя сучасныя гісторыкі многія гады даказвалі, што да кастрычніка 1917 года беларусы аб дзяржаўнасці толькі марылі... Публікацыя «Статута Вялікага Княства Літоўскага» (Мн., 1989 г.), прымеркаваная да 400-годдзя першай публікацыі (1588 г.), – важкі аргумент у сённяшніх спрэчках аб дзяржаве і беларускай мове.

Справавыя дакументы даволі паслядоўна адлюстроўвалі асаблівасці народнай гаворкі, яе багатую лексіку, фанетычныя і граматычныя з’явы. Слоўнік старабеларускай мовы папаўняўся грамадска-палітычнай, юрыдычнайтэрміналогіяй (увогуле перыяд ВКЛ адметны фарміраваннем розных тэрмінасістэм: гандлёвай, ваеннай, навуковай і г. д.): аброк, права, мыто (пошліна), послух (сведка), рубель, чалядзін, дзяржава, прыгонныя людзі, помста, забойца, кошт і г. д.

2. Летапісы (захавалася каля 20 збораў) ХУ – ХУІІ стст. Сярод іх знаходзяцца Супрасльскі збор, Увараўскі збор, Віленскі зборнік, дзе апісваюцца жыційныя, ваенныя, княжацкія справы на тэрыторыі нашай краіны. Найбольш знакамітымі з’яўляюцца «Чэцці-Мінеі», напісаныя паповічам Бярозкам з Новагародка, які распавядае пра забойства Святаполкам Барыса і Глеба, а таксама Баркалабаўскі летапіс (апісваюцца падзеі ў наваколлі Быхава).

3. Перакладная жыційная літаратура (ХУ – ХУІ стст.). Пераклады з грэчаскай, сербскай і некаторых іншых моў: «Александрыя» (апісваюцца паходы і подзвігі Аляксандра Македонскага), «Гісторыя Траянскай вайны» (аб заваяванні грэкамі Троі); «Аповесць аб Трыстане», «Гісторыя аб Атыле», «Аповесць пра Баву».

4. Мастацкая і палемічная літаратура: «Метры» Сімяона Полацкага на старабеларускай мове, эпіграмы Андрэя Рымшы, палемічныя прамовы Мялешкі супраць польскага засілля, а таксама вершы невядомых аўтараў.

5. Лінгвістычная літаратура: «Грамматіка Словенска», «Лексіс» (тлумачыцца 1061 стараславянскае слова) Лаўрэнція Зізанія, «Грамматіка» Мялеція Сматрыцкага, якую пазней М. В. Ламаносаў назаве «вратами учёности». Дадзеная праца прысвечана апісанню стараславянскай мовы, але, як і ў Л.Зізанія, метамовай (мовай, з дапамогай якой апісваецца іншая мова, у прыватнасці, царкоўнаславянская) паслужыла старабеларуская, дзе адзначаюцца рысы жывой беларускай гаворкі: зацвярдзелы р, аканне, замена яць на е, беларускія лексемы але,друк, праца і інш.

6. Рэлігійная літаратура. Францыск Скарына (23 кнігі Бібліі, «Малая падарожная кніжыца», «Апостал»), Сымон Будны на старабеларускай мове ў 1562 г. выдае «Катэхізіс»; Васіль Цяпінскі выдаў у сваім перакладзе на старабеларускую мову «Евангелле». Да гэтага ж часу належаць 30 зборнікаў кітабаў (рукапісныя рэлігійныя кнігі татар, якія з ХІУ ст. да сённяшніх дзён жывуць на Беларусі). Лінгвістычная каштоўнасць дадзеных тэкстаў у тым, што арабскімі літарамі паслядоўна і выразна перадаюцца многія фанетычныя асаблівасці беларускай мовы, якія нерэгулярна, эпізадычна фіксаваліся ў старабеларускіх помніках, напісаных кірыліцай. Да такіх асаблівасцей належаць аканне, яканне, перадача г фрыкатыўнага, афрыкатаў дж, дз, мяккага с і інш. У тэкстах гэтых помнікаў назіраецца паступовы пераход ад марфалагічнага да фанетычнага прынцыпу напісання слоў. Акрамя ўласных лексем, у дадзеных помніках ёсць і беларуская фразеалогія (галаву звесіць, сэрца баліць, чыніць паклон і інш.).

У старабеларускіх рукапісных і друкаваных кнігах даволі разнастайна пададзены жывыя моўныя з’явы, уласцівыя беларускім гаворкам і не характэрныя ў цэлым для рускай і ўкраінскай моў. Да пералічаных ужо фанетычных адметнасцей неабходна дабавіць падаўжэнне зычных (зелле, жыццё і інш .), зацвярдзенне р, ж, ш, ч (прамо, божэ, иншыхъ, чыи і г.д.), прыстаўныя гукі в, г (восень, гусеница і інш.), пераход в, у, л у ў, перададзенае праз в (вжо, прышовъ і пад.), чаргаванне складоў ро, ло з ры, лы ў становішчы паміж зычнымі (кровъ – крыви, глотка – глытати і пад.). З марфалагічных рысаў: скланенне назоўнікаў тыпу боль, жаль, тень, насыпъ і г. д. на ўзор мужчынскага роду, ужыванне канчаткаў – у(-ю) у назоўніках р. скл. адз. л. м. р.(народу, броду і пад .). У слоўнікавым складзе беларускай мовы, акрамя спрадвечнабеларускай лексікі, сустракаюцца шматлікія запазычанні з розных моў: польскай (скарга, еднасць, ліст, ксёндз і інш.), чэшскай (брама, гарцаваць і інш.), літоўскай (пуня, клуня, жвір і інш.), нямецкай (варта, штурм, фурман і інш.), французскай (пашпарт, сяржант і інш.), італьянскай (пошта, палац, кампанія і інш.), лацінскай (правінцыя, камісія, працэс, копія і інш.), грэчаскай (біблія, манах і інш.), цюркскіх (атаман, тавар, торба і інш.) і г. д.

Старабеларуская мова на працягу некалькіх стагоддзяў абслугоўвала розныя сферы грамадскага жыцця ў ВКЛ. Яна аказала ўплыў на іншыя мовы, у прыватнасці, на літаратурную мову рускай народнасці! Менавіта гэты перыяд (14 – 16 стст.) лічыцца росквітам у гісторыі беларускай культуры, мовы, таму вучоныя і назвалі яго «залатым векам».

Аднак далейшы ход развіцця беларускай мовы быў надзвычай неспрыяльным.

3. Прычыны заняпаду беларускай мовы ў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі

У 2-ой палове ХУІ ст. пасля аб’яднання Літвы з Польшчай на аснове Люблінскай уніі (1569 г.) беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Пры падтрымцы каталіцкага Рыма Рэч Паспалітая пачынае праводзіць палітыку апалячвання і акаталічвання беларусаў. Спачатку афіцыйна выкарыстоўваліся і польская, і беларуская мовы, але з цягам часу паступова ў якасці дзяржаўнай уводзіцца польская мова. У 1696 г. Варшаўскі сейм прыняў пастанову аб забароне беларускай мовы ў дзяржаўных і судовых установах. У канцы ХУІІ ст. беларуская літаратурна-пісьмовая мова прыходзіць у поўны заняпад. Па сутнасці, працягвае развівацца толькі народная гутарковая мова (дыялекты), якая сустракаецца ў шматлікіх помніках фальклору (казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, вершаваныя творы, жарты і г. д.), а таксама ў якасці ўставак у польскамоўныя драматычныя творы для характарыстыкі беларускіх персанажаў. Менавіта з гэтага часу ў галовы тутэйшага насельніцтва ўбівалася негатыўнае, зневажальнае стаўленне да ўсяго беларускага, у першую чаргу да беларускай мовы, якую сталі называць «мовай хамскай, мужыцкай, паганскай». Польская мова лічылася мовай вышэйшага гатунку, панскай, шляхетнай. На вялікі жаль, многія прадстаўнікі беларускай шляхты за пэўныя прывілеі выракаліся не толькі роднай мовы, але і свайго беларускага паходжання, больш таго – сваёй веры!

У канцы ХУІІІ ст. у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1795 г.) беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1840 г. царскі ўрад (Мікалай І) забараняе ўжываць саму назву «Беларусь» (існавала назва «Северо - Западный край»). Афіцыйная перапіска і мастацкая літаратура на беларускай мове былі забаронены. У літаратурнай беларускай мове гэтага часу амаль не было грамадска-палітычнай і навуковай тэрміналогіі, не было строгай сістэмы граматычных, лексічных і арфаэпічных нормаў (гэтым тлумачыцца адсутнасць у беларускай літаратуры такога напрамку, як класіцызм, дзе творы павінны пісацца на добра апрацаванай мове, высокім стылем).

Сваёй роднай мовай беларускі народ карыстаўся толькі ў бытавой сферы. Польскія і рускія вучоныя не прызнавалі беларускую мову самастойнай, разглядалі яе як польскі або рускі дыялект; вялі спрэчкі наконт таго, кім з’яўляюцца тутэйшыя жыхары: рускімі ці палякамі.

У 1867 г. царскі ўрад забараніў друкаванне кніг на беларускай мове. Гэта забарона праіснавала да рэвалюцыі 1905 года. За ўсё ХІХ ст., па падліках даследчыкаў, выйшла не больш за 75 кніг. Пасля паўстання 1863 г. на працягу 30 гадоў на Беларусі не было надрукавана ніводнай кнігі на беларускай мове. А тыя, што выходзілі ў свет, друкаваліся за межамі Расійскай імперыі. Сярод нешматлікіх твораў, якія з’явіліся ў ХІХ ст., найбольш значнымі лічацца ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе»(аўтарства прыпісваецца В. Равінскаму) і «Энеіда навыварат».

 

4. Утварэнне новай беларускай літаратурнай мовы. Працэс беларусізацыі ў 20-я гады ХХ ст.

Як ні дзіўна, але менавіта ў час поўнага нацыянальнага заняпаду ў асяроддзі навукоўцаў-беларусістаў з’яўляецца ідэя беларускага нацыянальнага Адраджэння. Узнавіць беларускую культуру праз адраджэнне беларускай мовы – такую мэту ставілі перад сабой асветнікі ХІХ ст. (ля вытокаў гэтага прагрэсіўнага працэсу стаялі Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, К. Каліноўскі, У. Сыракомля, Ядвігін Ш., А. Гурыновіч ііншыя прагрэсіўныя пісьменнікі). Нягледзячы на царскую забарону аб друкаванні кніг, у канцы ХІХ ст. за мяжой выходзяць творы Францішка Багушэвіча ( зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі»), з’яўляюцца вершы Я Лучыны. У 1906 г. выдаюцца газеты «Наша Доля», пасля – «Наша Ніва». У «Нашай Ніве» друкавалі свае творы класікі беларускай літаратуры: Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, С. Палуян і інш. Іх творчасць і стала пачаткам новай беларускай літаратурнай мовы. Нагадаем,што фарміравалася яна не на кніжных традыцыях, як многія іншыя літаратурныя мовы, а цалкам «вырастала» з народных гаворак, затым апрацоўвалася, удасканальвалася майстрамі беларускага слова. (Аднак сам працэс развіцця сучаснай літаратурнай мовы расцягнуўся больш чым на стагоддзе. Па сутнасці, яшчэ ў пачатку ХХ ст. беларуская мова была неўнармаванай, развівалася ў асноўным у жанры мастацкай літаратуры).

У 1918 г. была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) і беларуская мова ўпершыню пасля часоў ВКЛ набыла статус дзяржаўнай, г. зн. на ёй працавалі ўрад і іншыя грамадскія ўстановы. Распачаўся працэс беларусізацыі. Да беларускага пісьмовага слова далучыліся мільёны людзей. Толькі за перыяд з 1920 па 1926 гг. пачалі сваю творчую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў, сярод іх А. Александровіч, А. Бабарэка, Я. Пушча, М. Чарот, А. Дудар.К. Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва і інш. (Вялікі парадокс 60-70 гадоў у тым, што ў той час, як у нас скарачалася колькасць чытачоў беларускай літаратуры, яна выйшла на сусветную арэну. Гэта быў плён нацыянальна-культурнай палітыкі 20-х гадоў). Упершыню былі створаны на беларускай мове падручнікі для школ па ўсіх прадметах, слоўнікі (у прыватнасці, слоўнікі вайсковай тэрміналогіі, прававой, батанічнай; дыялектныя слоўнікі, перакладныя і інш.). У канцы 20-х гадоў амаль уся літаратура (каля 90 %), якая выпускалася ў рэспубліцы, была беларускамоўнай (!), звыш 80 % школ мелі беларускую мову навучання. Беларуская мова стала мовай справаводства, навукі. У 1918г. Браніслаў Тарашкевіч падрыхтаваў «Беларускую граматыку для школ», якая дала пачатак станаўленню новай беларускай арфаграфіі. У «Граматыцы» ўпершыню былі прыведзены ў сістэму правілы напісання спрадвечна беларускіх слоў і асобна вызначаны нормы напісання слоў іншамоўнага паходжання. «Граматыка» Тарашкевіча на працягу 20-х гадоў ХХ ст. заставалася адзіным стабільным вучэбным дапаможнікам, на аснове якога ствараліся падручнікі і даследаванні па беларускай мове. (Дарэчы, беларуская дыяспара і сёння карыстаецца дадзенай арфаграфіяй, якая атрымала неафіцыйную назву «тарашкевіца»).

 

5. Русіфікатарскі характар нацыянальна-моўнай палітыкі дзяржавы на працягу 30-80 гадоў ХХ ст.

Аднак ужо ў 30-я гады пасля ўсталявання таталітарнага сталінскага рэжыму працэс беларусізацыі быў гвалтоўна спынены. Пачалася кампанія па выкрыцці т. зв. «нацыянал-дэмакратаў» (нацдэмаў), да якіх адносілі амаль усіх, хто так ці інакш быў звязаны з беларускай культурай, навукай. У выніку рэпрэсій загінулі тысячы (!) грамадскіх дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, работнікаў асветы (толькі за адзін дзень у Мінску было расстраляна восем літаратараў: А. Дудар, М. Зарэцкі, П. Галавач, А. Вольны, В. Каваль, В.Сташэўскі, В. Маракоў, І.Харык; збіраліся матэрыялы для арышту Я.Купалы і Я.Коласа). Знішчалася беларуская творчая інтэлігенцыя. Вось як пра гэта гаворыць у сваёй публіцыстычнай кнізе «Толькі мы самі» Ніл Гілевіч: «У 1930 г. было рэпрэсіравана 35 літаратараў, у 1933 – 27, у 1935 – 50, у 1937 – 43. У выніку да 1939 г. з усяго Саюза пісьменнікаў Беларусі засталося ў жывых каля 15 душ!.. Кожныя дзевяць з дзесяці беларускіх літаратараў былі рэпрэсіраваныя, расстраляныя або сасланыя на лютую пагібель на край свету... А яшчэ мастакі, артысты, вучоныя ды проста настаўнікі, аграномы, інжынеры – толькі за тое, што карысталіся беларускай мовай. Многія тысячы таленавітых людзей (інтэлектуальны хрыбет народа) загінулі ў лагерах».

У 1938 г. выходзіць пастанова ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей».

У 2-ой палове ХХ ст. беларуская літаратурная мова існавала ва ўмовах канкурэнцыі з рускай мовай (у савецкі перыяд было прынята гаварыць аб гарманічным развіцці беларуска-рускага двухмоўя, аб росквіце нацыянальных моў у сацыялістычным грамадстве).

Нацыянальна-моўная палітыка дзяржавы мела русіфікатарскі характар. На працягу 50-80 гадоў сфера выкарыстання беларускай мовы хутка звужалася: скарачаліся тыражы беларускамоўных выданняў, беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання (усё гэта назіраем і сёння). Руская мова, па сутнасці, са сродку міжнацыянальных зносін ператварылася ў дзяржаўную мову нашай рэспублікі.

Разам з інтэнсіўнай урбанізацыяй Беларусі, з пашырэннем рускамоўных каналаў інфармацыі русіфікатарская палітыка прывяла да страты ў значнай часткі насельніцтва пачуцця каштоўнасці беларускай мовы, да дэфармацыі нацыянальнай свядомасці! Назіраліся такія абсурдныя з’явы, калі, скажам, бацькі (прычым нават не ваеннаслужачыя) маглі вызваліць дзіця ад вывучэння беларускай мовы па стане здароўя (не ад замежнай, а ад роднай мовы!).

6. Асаблівасці развіцця беларускай літаратурнай мовы ў 90-я гады ХХ ст. Стан беларускай мовы на сучасным этапе

У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. узніклі новыя фактары, якія паўплывалі на моўную сітуацыю. Пачаўся працэс дэмакратызацыі грамадства, распачалося будаўніцтва суверэннай дзяржавы. У 1990 годзе беларуская мова набыла статус дзяржаўнай у адпаведнасці з Законам «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», які прадугледжваў яе аднаўленне найперш у сферы адукацыі і афіцыйна-справавога ўжытку. Актыўна распачалося выдавецтва тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі, вытворчасці, сельскай гаспадаркі і г. д. Значна паспрыялі павышэнню ролі беларускай мовы ў грамадстве інтэлігенцыя, установы культуры, адукацыі.

Аднак ужо 14 мая 1995 года адбыўся агульнарэспубліканскі рэферэндум, па выніках якога быў прыняты закон аб набыцці рускай мовай аднолькавага статусу дзяржаўнасці з беларускай. На паперы замацавана двухмоўе, а ў рэальнасці беларуская мова не з’яўляецца сродкам зносін нацыі, не выкарыстоўваецца ў розных сферах жыцця. Рэферэндум паказаў, на якім узроўні культурнага развіцця знаходзіцца наша грамадства! Ва ўсіх славянскіх краінах у якасці адзіных дзяржаўных моў юрыдычна зацверджаны мовы тытульных нацый. Выключэнне складае Беларусь. (Паразважаць пра сучасны стан беларускай мовы, прычыны яе незапатрабаванасці; прывесці вытрымкі з артыкула Н. Гілевіча «Яшчэ раз: за што змагаемся?»). Нельга лічыць сябе адукаваным чалавекам, не валодаючы роднай мовай! На сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная. Наша мова ўключана ЮНЕСКА (спецыялізаваная ўстанова ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры) у спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Некаторыя даследчыкі прагназуюць менавіта такі, ірландскі, шлях развіцця беларускай мовы (юрыдычна абедзве мовы маюць раўнапраўны статус, а фактычна адбываецца скарачэнне функцый роднай мовы аж да змярцвення).

Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, беларуская літаратурная мова набыла неабходную культуру, на ёй выдаюцца энцыклапедыі, слоўнікі, граматыкі, манаграфіі, на ёй існуе багатая і самабытная мастацкая літаратура (дастаткова сказаць, што ў 80-я гг. ХХ ст. творы Васіля Быкава былі самымі перакладальнымі ў свеце на замежныя мовы). Аднак гэтага, безумоўна, недастаткова. Як слушна заўважыў Б. Плотнікаў, «аніводная цывілізацыя не можа дапусціць страты ўжо зафіксаванага ў літаратуры, на пісьме інтэлектуальнага і духоўнага багацця, якое разышлося па ўсім свеце і вывучаецца не толькі беларусамі. Пры глыбокім і арганічным укараненні роднай мовы ў жыццё беларусаў не толькі павялічыцца колькасць прыхільнікаў беларускай мовы, але і істотна ўзвысіцца іх чалавечая годнасць у нацыянальным абліччы».

Праверачны тэст

Беларуская мова належыць да

1) індаеўрапейскай моўнай сям’і, балтыйскай групы,

усходнеславянскай падгрупы;

2) кітайска-цібецкай моўнай сям’і, славянскай групы,

усходнеславянскай падгрупы;

3) індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай групы,

усходнеславянскай падгрупы;

4) індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай групы,

заходнеславянскай падгрупы;

5) індаеўрапейскай моўнай сям’і.

Устанавіце адпаведнасць

А. «Малая падарожная кніжыца».

Б. «Беларуская граматыка для школ».

В. Зборнік «Дудка беларуская».

Г. «Грамматіка».

 

1. Ф. Багушэвіч.

2. М. Сматрыцкі.

3. М. Гусоўскі.

4. Ф. Скарына.

5. Б. Тарашкевіч.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-14; просмотров: 330; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.78.117 (0.017 с.)