Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Жыццё ваенных у беларускіх фразеалагізмах

Поиск

У сучаснай беларускай літаратурнай мове існуе шмат фразеалагізмаў, звязаных з маўленнем ваенных. Адны з іх запазычаны з рускай мовы: адпраўляць у штаб Духоніна (каго), баявое хрышчэнне, біць у набат, на ўзводзе. Іншыя з’яўляюцца паўкалькамі ці калькамі: з французскай мовы – браць на абардаж (каго, што), паліць свае караблі; з нямецкай мовы – складваць зброю і інш. Аднак большасць фразеалагізмаў, якія ўзніклі ў маўленні ваенных, па паходжанні агульныя для ўсходнеславянскіх моў (рускай, беларускай, украінскай): разведка боем, цяжкая артылерыя, выклікаць агонь на сябе, выбываць са строю, не з палахлівага дзесятка, у абозе, здаваць пазіцыі і інш. «Дакладную характарыстыку ў генетычным плане... выразы, магчыма, атрымаюць толькі з шырокім вывучэннем славянскай фразеалогіі ў гістарычным плане, калі будуць складзены гістарычныя слоўнікі фразеалагізмаў славянскіх моў. На сённяшнім жа этапе развіцця гістарычнай фразеалогіі і фразеаграфіі выкарыстанне тэрмінаў тыпу «агульны для ўсходнеславянскіх моў» больш правамернае, чым неаргументаваная кваліфікацыя пэўнага выразу як «уласна беларускага» ці «ўласна рускага» і г.д.» [3, с.6–7].

Некаторыя фразеалагізмы ўтвораны ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічных словазлучэнняў, якія ў маўленні ваенных ужываліся ў сваім прамым значэнні: браць на мушку (каго, што) (‘засяроджваць увагу на кім-, чым-н., сачыць за кім-, чым-н.’); браць на ўзбраенне (што) (‘дзейсна выкарыстоўваць, прымяняць у сваёй практыцы, дзейнасці’); дымавая заслона (‘маскіроўка, наўмыснае адцягванне ўвагі ад чаго-н.’); камандаваць парадам (‘распараджацца, верхаводзіць, быць завадатарам, аказваць уплыў на ход чаго-н.’); міна запаволенага дзеяння (‘тое, што пагражае небяспечнымі наступствамі’); падводзіць міну (пад каго, пад што) (‘цішком рабіць вялікую непрыемнасць каму-н.’); пачуццё локця (‘узаемная падтрымка’) і інш. Апошні выраз (пачуццё локця) з’яўляецца паўкалькай з рускай мовы. Ён сведчыць пра стэрэатып рускага салдата: яго ўменне падтрымліваць сінхроннасць руху і раўненне ў страі. Спецыфіка войн на тэрыторыі Расіі заключалася ў іх маштабнасці, у правядзенні асноўных баёў на раўніннай мясцовасці, дзе звычайна задзейнічана вялікая маса людзей і дзе ўменне трымаць строй, адчуваць локаць свайго суседа ў страі, аказваць калектыўны адпор ворагу цаніліся намнога больш, чым гераізм індывіда.

У выніку метафарызацыі свабодных словазлучэнняў склаліся наступныя выразы: браць на абардаж (каго, што) (‘рашуча дзейнічаць у адносінах да каго-, чаго-н.’). Слова абардаж абазначае ‘счэпліванне свайго судна з варожым для рукапашнай схваткі’; станавіцца ў строй (‘рабіцца дзеючым, працаздольным ці баяздольным’). Слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’; ціхай сапай (‘цішком, потайкам і паступова рабіць што-н.’). Усім вядома слова сапёр. У рускую мову яно прыйшло з французскай і мае значэнне ‘той, хто займаецца сапай’. А што такое сапа? Як пазначае Э.А.Вартаньян, у Італіі цаппа – жалязняк, рыдлёўка для земляных работ. Запазычанае з італьянскай мовы ў французскую, гэтае слова спачатку гучала як сап і мела значэнне ‘земляныя, акопныя і падкопныя работы’, а потым перайшло ў слова сапёр. Тэрмін сапа пранік і ў маўленне ваенных, дзе ціхая сапа азначала ‘работы, якія вядуцца з асаблівай асцярожнасцю, без шуму, у поўным сакрэце’. Калі ж гэты выраз шырока распаўсюдзіўся ў агульнаўжывальнай мове, ён набыў значэнне ‘цішком, употай і паступова рабіць што-н.’[2, с.268].

На аснове суадносных дзеяслоўных фразеалагізмаў (аддаць чэсць (каму), выбываць (выходзіць) са строю, ламаць (паламаць) коп’і (з-за каго, за што)) утвораны выразы адданне чэсці (‘вітанне каго-н. па-ваеннаму, з прыкладаннем рукі да галаўнога ўбору’), выхад са строю (чаго) (‘псаванне, паломка чаго-н.’), коп’і ломяцца (з-за каго, з-за чаго) (‘адбываюцца гарачыя спрэчкі, рашучая барацьба’) і пад.

Многія фразеалагізмы звязаны з даўнімі рэаліямі, гістарычнымі падзеямі і асобамі. Напрыклад, фразеалагізм біць у набат (‘настойліва звяртаць усеагульную ўвагу на што-н. небяспечнае, заклікаць на барацьбу з ім’). У маскоўска-рускіх войсках набатам называлі вялікі медны барабан, гук якога з’яўляўся сігналам трывогі. Пазней гэтым словам сталі называць і трывожнае гучанне спецыяльнага звона – набата. Гук гэтага звона, мерны, моцны, далёка разносіўся па акрузе, і людзі ведалі, што ім пагражае нейкая небяспека.

Пра старажытнасць расказвае і фразеалагізм ламаць (паламаць) коп’і (з-за каго, за што) (‘горача спрачацца, даказваць, змагаючыся за што-н., адстойваючы чые-н. інтарэсы’). Тады кап’ё (доўгая драўляная палка з металічным наканечнікам) было зброяй першай сутычкі. Уступаючы ў бой, воіны стараліся выбіць праціўніка з сядла, пры гэтым нярэдка ламалі коп’і.

Ва ўсіх славянскіх мовах, а таксама ў французскай, нямецкай і іншых з той жа вобразнасцю і граматычнай структурай, пры адпаведных лексічных эквівалентах, жыве фразеалагізм спаліць за сабой масты (‘рашуча парваць з мінулым, не мець магчымасці вярнуцца да яго’). Гісторыя войнаў і паходаў ведае нямала выпадкаў, калі, наступаючы і пераправіўшыся на другі бок ракі, палкаводцы спальвалі за сабой масты, каб паказаць салдатам, што назад дарогі адрэзаны і што наперадзе толькі рашучая і пераможная барацьба або смерць. Захавалася паданне, што менавіта так зрабіў Дзмітрый Данскі. Ноччу 8 верасня 1380 г. ён разбурыў пасля сябе ўсе пераправы праз Дон, каб воіны ведалі, што назад дарогі няма. Гэта надало мужнасці воінам, і на Куліковым полі яны канчаткова разбілі мангола-татарскую арду. Цяжкае іга перастала існаваць.

Пра падзеі больш блізкія да нас сведчыць выраз адпраўляць у штаб Духоніна (каго) (‘расстрэльваць’). Гэты выраз быў асабліва хадавым у гады грамадзянскай вайны і пасля. Генерал Духонін узначальваў у 1917 г. Вярхоўнае Галоўнакамандаванне рускай арміі і 20 лістапада 1917 г. на магілёўскім вакзале стаў адной з першых ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Выраз склаўся ў сувязі з гэтай падзеяй [3, с.34].

Як пазначае І.Я.Лепешаў, «свядомае і асэнсаванае засваенне, а затым і ўжыванне шмат якіх фразеалагізмаў можа быць паспяховым толькі пры ўмове, калі носьбіт мовы ведае вытокі, гісторыю ўзнікнення гэтых выразаў, мае хоць бы элементарнае ўяўленне пра жыццё пэўных фразеалагізмаў у часе і прасторы» [3, с.3]. (В.Маршэўская)

Літаратура

1. Вартаньян Э.А. Из жизни слов. – М.: Детгиз, 1963. – 319 с.

2. Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. – Мн.: БелЭн, 2004. – 448 с.

 

Устарэлыя словы ў эканамічнай лексіцы

На пэўным этапе свайго развіцця любая мова імкнецца да таго, каб тая сукупнасць моўных сродкаў, якая склалася і нарматыўна замацавалася, як мага паўней і дакладней адлюстроўвала сістэму разнастайных прадметаў, з’яў, дзеянняў, паняццяў, прымет і г.д.

Змены ў жыцці грамадства (палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя, культурныя) адлюстроўваюцца ў мове, перш за ўсё ў яго слоўнікавым складзе. Змены ў лексічнай сістэме мовы абумоўлены тым, што з’яўленне новага ў жыцці прыводзіць да з’яўлення новых слоў, у выніку чаго адбываецца папаўненне слоўнікавага запасу. Але ў мове назіраецца і адваротны працэс – знікненне некаторых слоў, што таксама з’яўляецца адлюстраваннем змен ў жыцці грамадства. Улічваючы гэта, «у лексічным складзе мовы вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія рэдка ўжываюцца і застаюцца ў пасіўным запасе» [3, с. 436].

З’ява існавання актыўнай і пасіўнай часткі ў слоўнікавым складзе можа назірацца не толькі сярод агульнаўжывальных слоў, але і сярод спецыяльнай лексікі, да якой большасць даследчыкаў адносяць тэрміны, прафесіяналізмы, наменклатуру [1, с. 111; 4, с. 167]. Спецыяльная лексіка, з’яўляючыся спецыфічнай і параўнальна самастойнай часткай у сістэме лексікі літаратурнай мовы, у той жа час непарыўна звязана з ёй і падпарадкоўваецца тым законам, нормам і працэсам, якія адбываюцца ў мове.

Спынімся на некаторых асаблівасцях існавання і функцыянавання пасіўнай часткі сярод эканамічных намінацый.

Пасіўная частка ўключае ў сябе словы, якія выйшлі ці выходзяць з ужытку і з’яўляюцца малавядомымі ці невядомымі носьбітам сучаснай беларускай мовы. Існаванне пасіўнай часткі лексікі абумоўлена дзвюма прычынамі: па-першае, у рэчаіснасці перастаюць існаваць прадметы, з’явы, паняцці – і па гэтай прычыне знікаюць адпаведныя назвы, па-другое, у працэсе развіця лексічнай сістэмы на змену адным назвам прыходзяць другія.

У адпаведнасці з гэтым устрэлыя словы сярод эканамічнай лексікі, як і сярод агульнаўжывальных слоў, падзяляюцца на гістрызмы і архаізмы.

Гістарызмы, пад якімі мы разумеем словы, што «выйшлі з актыўнага ўжытку і перайшлі ў пасіўны запас у сувязі са знікненнем тых рэалій, якія яны абазначалі»[3, с. 438] у эканамічнай лексіцы сустракаюцца не часта. Значэнне большасці такіх адзінак на сёння не ўсведамляецца дастаткова поўна без спецыяльных даведнікаў. Такія словы не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове. Аналізуючы «Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі» (Менск, 1928), мы выявілі наступныя адзінкі, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца гітарызмамі: ліхвяр ‘ той, хто бярэ высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы ’, гербавы збор ‘ асобы дзяржыўны збор пры афармленні дакументаў па грамадска-прававых справах ’, скарбнік ‘у дарэвалюцыйнай Расіі – кіраўнік казначэйства’, сельскагаспадарчая камуна ‘у першыя гады Савецкай улады – адна з форм калектыўнай сельскай гаспадаркі з поўным абагульненнем сродкаў выворчасці, спажывання і бытавога абслугоўвання’, чырвонец ‘ грашовы крэдытны білет вартасцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947г. ’, а таксама словы бушаль, тэрміновыя купоны, базная кніга, гарцавы збор, заборная кніжка, картэль, чырвоны процант, ападаткавальны ліст, ордарная кніга, ясак і інш.

Архаізмы, якія ўяўляюць сабой «назвы прадметаў і з’яў, што існуюць і ў наш час, але ў працэсе развіцця мовы былі названы іншымі словамі – сінонімамі» [2, с. 576], больш пашыраны ў эканамічнай лекіцы. У залежнасці ад таго, поўнасцю ці часткова адрозніваюцца яны ад сучасных назваў, вылучаюцца наступныя іх тыпы.

Уласналексічныя архаізмы – словы, якія сваім фанетыка-марфалагічным саставам поўнасцю адрозніваюцца ад сучасных назваў: літацыя – аўкцыён, угода – здзелка, установец – заснавальнік, агуловы прыбытак – валавы прыбытак, павер – крэдыт, дысконт – улік, застава – заклад, гуртавік – аптавік, мыта – пошліна, посул – прапанова, злічва – вынік, падрахунак, застаўны ліст – закладны ліст, каморны – кладаўшчык, манко – недаважванне, гуртавы гандаль – аптовы гандаль, перавознае мыта – транзітная пошліна і інш.

Лексіка-фанетычныя архаізмы адрозніваюцца ад сучасных назваў асобнымі гукамі: амортызацыйны капітал – амартызацыйны капітал, балянс – баланс, дэномінацыя – дэнамінацыя, гіпотэка – іпатэка, процант – працэнт, рэквізыты – рэквізіты, цэртыфікат – сертыфікат, даклярацыя – дэкларацыя, рэялізацыя – рэалізацыя, сортымэнт – асартымент, субсыдыя – субсідыя, фузыя – фузія, экспэдытар – экспедытар і інш.

Лексіка-словаўтваральныя архаізмы адрозніваюцца ад сучасных назваў словаўтваральнымі элементамі – суфіксамі ці прыстаўкамі: акцыйнае таварыства – акцыянернае таварыства, бракар – бракароб, грузаатрымовец – грузаатрымальнік, дастаўнік – дастаўшчык, банкавы крэдыт – банкаўскі крэдыт, пазычковец – пазычальнік, імпортар – імпарцёр, корэспандавальны рахунак – карэспандэнцкі рахунак, попіс – вопіс, выплатнік – плацельшчык, рэзервенны капітал – рэзервовы капітал і інш.

Што да лексіка-семантычных архаізмаў, у якіх страчваецца адно ці два значэнні мнагазначнага слова, то сярод эканамічнай лексікі гэты тып архаізмаў менш распаўсюджаны. Напрыклад, у семантыцы мнагазначнага слова пенсія ўстарэлым будзе значэнне ‘заработная плата’, а значэнне ‘перыядычнае грашовае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і г. д’ з’яўляецца сучасным, агульнаўжывальным. У слове сіндыкат выйшла з ужытку значэнне ‘ў СССР на пачатку нэпу – аб’яднанне трэстаў пэўнай галіны прамысловасці, якое вяло планавую закупку і збыт прадукцыі’. З іншай семантыкай слова функыянуе і на сённяшні дзень. Устарэлымі з’яўляюцца значэнні ‘пакупнік’ у слове купец і ‘іншаземны купец’ у слове госць.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што спецыяльная лексіка мае свае спецыфічныя асаблівасці, яна ўсё ж такі застаецца элементам лексічнай сістэмы і падпарадкоўваецца яе законам. Пацвярджэнне гэтаму – наяўнасць устарэлых назваў (гістарызмаў і архаізмаў) як на агульнамоўным узроўні, так і сярод тэрмінаў, прафесіяналізмаў, наменклатур. (А.Садоўская)

Літаратура

1. Антанюк Л.А., Плотнікаў Б.А. Беларуская мова: спецыяльная лексіка: Курс лекцый. – Мінск: Акадэмія кіравання пры Прзідэнце Рэспублікі Беларусь, 2003. – 240 с.

2. Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А.Я.Міхневіча; Рэдкал.: Б.І.Сачанка (гал. рэд.) і інш. – Мінск: БелЭн, 1994. – 655 с.

3. Лекікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / Пад рэд. А.Я.Баханькова. – Мінск: Навука і тэхніка. 1994. – 463 с.

4. Ляшчынская В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка: Вучэб. дапамож. для студэнтаў ВНУ. – Мінск: УП «ІВЦ Мінфіна», 2003. – 243 с.

 

З’ява сінаніміі ў спартыўнай тэрміналогіі

Спартыўная лексіка, якая шырока ўвайшла ў наша жыццё і штодзённа выкарыстоўваецца ва ўсіх сродках масавай інфармацыі (радыё, тэлебачанне, газеты, часопісы) можа служыць аб’ектам даследавання такой моўнай з’явы, як сінанімія тэрмінаў. Прычым тэрміны-сінонімы ў адрозненне ад агульнамоўных сінонімаў «не характарызуюць розныя ўласцівасці паняцця» [1, с. 176].

Пры аналізе спартыўных сінанімічных лексем можна заўважыць, што для абазначэння аднаго і таго ж паняцця (з’явы, асобы) найчасцей у якасці сінонімаў выступаюць уласны тэрмін (слова, словазлучэнне) і запазычаны (пераважна з англійскай мовы). Як слушна заўважае В. А. Ляшчынская, «наяўнасць сінонімаў і варыянтаў сярод тэрмінаў тлумачыцца стыхійнасцю моўных кантактаў, паколькі больш за ўсё розных тыпаў тэрмінаў для абазначэння аднаго і таго ж паняцця звязана з узаемадзеяннем слоў уласных і запазычаных» [1, с.178]. Напрыклад: перадача – пас; нападаючы – форвард; паўсярэдні нападаючы – інсайд; паўабаронца – хаўбек; грубае парушэнне – фол; ручны мяч – гандбол; становішча па-за гульнёй – афсайд; пераможца – чэмпіён, лідэр; суддзя – арбітр (з лац.) – рэферы (з англ.); перыяд (у гульні) – тайм (у футболе, хакеі), раунд (у боксе), сэт (у тэнісе); варатар – галкіпер і пад.

Неабходна мець на ўвазе, што пры выкарыстанні сінанімічных тэрмінаў, асабліва ў адным кантэксце, могуць узнікаць цяжкасці ў разуменні пэўнай інфармацыі. Так, у газеце «Звязда» (ад 15 мая 2007 г.) у артыкуле «Аптымальная зборная» чытаем: «У «зорную» дружыну таксама ўвайшлі расійскі нападаючы Яўген Малкін, канадскі форвард Рык Нэш. У тых, хто не ведае іншамоўнага тэрміна форвард, можа скласціся ўражанне, што дадзеныя тэрміны абазначаюць не адно, а розныя паняцці. Для параўнання разгледзім такі прыклад: «Узровень беларускіх суддзяў аказаўся найслабейшым за апошнія чатыры гады. Абслугоўвалі матчы і замежныя арбітры з Расіі і Фінляндыі» («Звязда», 27 красавіка 2007 г.). Тут сінонімы арбітр – суддзя адразу ўспрымаюцца як адно паняцце, паколькі з’яўляюцца шырокавядомымі.

Значна радзей сустракаюцца ўласнабеларускія тэрміны-сінонімы: паражэнне – пройгрыш, праціўнік – сапернік, балельшчык – прыхільнік, ігра – гульня, ігрок – гулец (разм.), варатар – брамнік і некаторыя іншыя. На сінонімах ігрок – гулец і варатар – брамнік спынімся больш падрабязна. Нягледзячы на тое, што ў ТСБМ слова гулец падаецца з паметай ‘размоўнае’, яно апошнім часам усё часцей ужываецца беларускамоўнымі спартыўнымі каментатарамі, у прыватнасці, падчас футбольных і хакейных матчаў, як і словы гульня, згуляць замест адпаведных ігрок, ігра, сыграць. Што да сінонімаў варатар – брамнік, то слова брамнік у дадзеным значэнні зафіксавана ў «Русско-белорусском словаре спортивной терминологии» (1993 г.). Відавочна, што ўтварэнне падобных спартыўных тэрмінаў на ўласным лексічным матэрыяле ў пачатку 90-х гадоў ХХ ст. – гэта адлюстраванне спробы сістэматызацыі і ўнармавання тэрміналогіі ў перыяд беларусізацыі. Аднак на сённяшні дзень у беларускай спартыўнай лексіцы слова брамнік выкарыстоўваецца вельмі рэдка.

Зафіксаваны прыклад і варыянтаў-тэрмінаў: дваяборства – двухбор’е (‘спартыўнае спаборніцтва, якое складаецца з двух відаў практыкаванняў’).

У якасці сінонімаў да спартыўных тэрмінаў ужываюцца і словы ваеннай лексікі. Асабліва ярка гэта праяўляецца ў гульнявых відах спорту, баявых адзінаборствах. Напружанасць барацьбы, высокая ступень эмацыянальнасці, азарт – усё, чым суправаджаюцца спартыўныя відовішчы, знаходзіць свой адбітак і ў ваенных тэрмінах: паражэнне – разгром, спартсмен – баец, паядынак – бой, атака – штурм, абстрэл (варот), нападаючы – бамбардзір і пад. Але калі ў ваеннай тэрмінасістэме дадзеныя тэрміналагічныя адзінкі з’яўляюцца стылістычна нейтральнымі, то ў спартыўнай набываюць стылістычную афарбоўку, метафарызуюцца. На думку А. А. Елістратава, «выкарыстанне ваеннай лексікі ў спартыўнай мове з’яўляецца заканамерным і, хутчэй за ўсё, непазбежным, па-першае, па прычыне гістарычнай узаемасувязі вайны і спорту, па-другое, па прычыне падобнага характару правіл многіх спартыўных гульняў і баявых дзеянняў, па-трэцяе, па прычыне імкнення да экспрэсіі ў апісанні спартыўных відовішчаў. Працэс метафарызацыі ваеннай лексікі ў спорце з’яўляецца прадуктыўным, паколькі можа ўносіць новыя моўныя адзінкі» [2, с. 69]. Прыведзеныя вышэй прыклады пранікнення ваенных тэрмінаў у спартыўную лексіку дазваляюць гаварыць аб адноснай адкрытасці той ці іншай тэрмінасістэмы, аб узаемаабмене паміж тэрмінасістэмамі.

Паколькі спорт у жыцці цывілізаванага грамадства, па сутнасці, з’ява інтэрнацыянальная, то поўнасцю пазбегнуць сінаніміі ў дадзенай тэрмінасістэме практычна немагчыма. І разам з тым неабходна імкнуцца да больш актыўнага стварэння і ўжывання беларускамоўных лексем-тэрмінаў. (А. Асіпчук)

Літаратура

  1. Ляшчынская, В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка. – Мінск: РІВШ БДУ, 2001. – 254 с.
  2. Елистратов, А. А. Военная лексика в языке спорта // Русская речь. – 2005. – № 2. – С. 64 – 69.
  3. Павловец, Д. Д. Русско-белорусский словарь спортивной терминологии. – 3. Гомель, 1993. – 73 с.

ЗМЕСТ

ПРАДМОВА...............................................................

ЛЕКЦЫЙНАЯ ЧАСТКА..........................................

Лекцыя 1. Мова і соцыум....................................

Лекцыя 2. Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы...

Лекцыя 3. Білінгвізм і моўная інтэрферэнцыі.........

Лекцыя 4. Лексікалогія і лексікаграфія. Асаблівасці лексіка-семантычных працэсаў у тэрміналогіі...

Лекцыя 5. Асаблівасці словаўтварэння беларускай навуковай тэрміналогіі..

Лекцыя 6. Сістэма стыляў беларускай мовы. Асаблівасці навуковага стылю мовы

Лекцыя 7. Тэкст і яго арганізацыя..................................................................

Лекцыя 8. Жанры навуковага маўлення....................................

Лекцыя 9. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю. Групы афіцыйна-справавых дакументаў...............

Лекцыя 10. Культура маўлення.............................................

ПРАКТЫЧНАЯ ЧАСТКА....................................................

Заданні да лекцыі 1............................................................

Заданні да лекцыі 2...............................................................

Заданні да лекцыі 3..............................................................

Заданні да лекцыі 4..............................................................

Заданні да лекцыі 5..............................................................

Заданні да лекцыі 6..............................................................

Заданні да лекцыі 7..............................................................

Заданні да лекцыі 8..............................................................

Заданні да лекцыі 9..............................................................

Заданні да лекцыі 10...........................................................

ЗАДАННІ ДЛЯ ІНДЫВІДУАЛЬНАЙ І САМАСТОЙНАЙ РАБОТЫ СТУДЭНТАЎ..

СПІС УМОЎНЫХ СКАРАЧЭННЯЎ...............................................

Гэта цікава!...............................................................................

 

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-14; просмотров: 358; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.226.226.158 (0.011 с.)