Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Трасянка як лінгвістычная з'ява

Поиск

У сітуацыі двухмоўяў на тэрыторыі Беларусі ўзнікла і функцыянуе такая лінгвістычная з’ява, як трасянка, прамежкавая форма змешанага маўлення, своеасаблівы моўны гібрыд.

Назва ўяўляе тэрміналагічную метафару, створаную ў выніку пераносу зыходнага слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі. Трасянка – гэта сумесь сена з саломай для кармлення жывёлы, якая па якасці моцна саступала сену. Калі ў гаспадра не хапае добрага сена, ён дадае салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку. Сэнс «недабраякасная сумесь» і быў перанесены ў моўную сферу.

Што такое трасянка з лінгвістычнага пункту погляду? Гэта моўны прадукт, які ўзнік шляхам механічнага змешвання ў розных прапорцыях элементаў рускай і беларускай моў. Гэта сродак камунікацыі гарадскога насельніцтва Беларусі, русіфікаваны варыянт беларускай мовы. Ад літаратурнай мовы трасянку адрознівае поўная адсутнасць норм: беларуска-рускае маўленне не падпарадкоўваецца строгім правілам і ўяўляе сабой механічнае змяшэнне розных моўных элементаў. Акрамя таго, трасянка характарызуецца малой прадказальнасцю. З’яўленне тых ці іншых слоў у вялікай ступені залежыць ад канкрэтных умоў камунікацыі. Большасць лінгвістаў лічыць, што ў аснове трасянкі ляжыць руская лексіка і беларуская фанетыка, г. зн. рускія словы вымаўляюцца па законах беларускага маўлення. Параўн.: трас. гавару – рус. говорю – бел. кажу; трас. – заработаў – рус. заработал – бел. зарабіў. Сітуацыя двухмоўяў патрабуе пэўных намаганняў пры засваенні норм рускай і беларускай літаратурнай моў. Значна лягчэй з пункту гледжання неадукаванага чалавека выкарыстоўваць своеасаблівы моўны «гібрыд». Часцей за ўсё трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы людзьмі, якія былі выхаваны ў вясковым асяроддзі і апынуліся ў горадзе ў сувязі з перасяленнем, павышэннем грамадскага статуса і інш.

З’яўленне трасянкі абумоўліваецца некаторымі прычынамі. Яна ўзнікае найперш з неабходнасці падтрымання камунікацыі ва ўмовах абмежаваных кантактаў паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам, з аднаго боку, і рускамоўным адміністрацыйным чыноўніцтвам, што мае больш высокі грамадскі статус, з другога. Небывалая міграцыя вяскоўцаў у горад таксама пашырае сферу выкарыстання трасянкі, паколькі яна ўжо стала ўспрымацца як неабходны элемент гарадской моўнай сітуацыі. Аднак ва ўспрыманні саміх носьбітаў трасянка ацэньваецца як «некультурная мова», бо напамінае пра іх вясковае паходжанне. У працэсе маўлення індывіда цяжка прадказаць, якія рысы беларускай і рускай моў будуць змешвацца, аднак найбольш устойлівымі застаюцца фанетычныя асаблівасці. Як з'ява выключна індывідуальная трасянка ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы т.зв. прамым метадам, г.зн. у працэсе моўных зносін з носьбітамі, а не ў працэсе паступовага навучання. Дрэннаму валоданню другаснай моўнай сістэмай спадарожнічае пагарда і нянавісць да роднай мовы, яе лічаць асноўнай прычынай такога стану. У выніку разбураецца і валоданне першаснай сістэмай, таму становіцца складаным і маўленне па-беларуску.

Такім чынам, трасянка – гэта паўмова, яна анарматыўная, узнікае і функцыянуе стыхійна, рэалізуецца выключна ў вусным маўленні, пераважае ў гарадскіх сітуацыях камунікацыі.

 

4. Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі

У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. Рэспубліка Беларусь становіцца незалежнай, суверэннай дзяржавай. Была створана пэўная заканадаўчая база, якая юрыдычна замацавла курс на адраджэнне нацыянальнай мовы. Былі прыняты законы «Аб мовах у Беларускай ССР», «Аб культуры», «Аб адукацыі», разгорнута сетка беларускіх нацыянальных школ. Была распрацавана дзяржаўная праграма, якая сведчыла пра тое, што пачынаецца новы этап адраджэння беларускага слова, новы этап у развіцці і ўзбагачэнні беларускай мовы і беларускай культуры ў цэлым. У новых праграмах значная роля адводзілася вывучэнню беларускай мовы. Рыхтуюцца новыя падручнікі, а праз некалькі год гэты курс становіцца абавязковым для вывучэння ў ВНУ. Такі ўздым нацыянальнага адраджэння запаволіўся пасля рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года. У «Закон аб мовах» і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь былі ўнесены праўкі, па якіх у якасці дзяржаўнай разам з беларускай названа і руская мова. Беларуская мова значна страціла свой нацыянальны прэстыж. Яна зноў стала выкарыстоўвацца пераважна ў сферах мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, гуманітарнай навукі, адукацыі.

Сёння, гаворачы пра стан і перспектывы развіцця беларускай мовы, даследчыкі ўказваюць на сімвалічнае значэнне мовы, адзначаючы, што камунікатыўная роля ёй амаль не ўласціва. Н.Б.Мячкоўская зазначае, што «ў беларускай мове яе этнічная функцыя (быць нацыянальным сімвалам, кансалідаваць народ і адрозніваць яго ад іншых этнасаў) першынствуе над асноўнай (камунікатыўнай)». Яна выконвае важную сімвалічную функцыю, калі чалавек ведае, што ён беларус, што яго продкі жылі ў Беларусі, ён сам у пэўнай ступені валодае беларускай мовай, але ў рэальным жыцці можа ёю не карыстацца.

Гаворачы пра будучае беларускай мовы, неабходна разгледзець фактары, якія будуць уздзейнічаць на моўную сітуацыю.

Лінгвістычныя фактары:

1) генетычная блізкасць беларускай і рускай моў – дастатковая для добрага ўзаемаразумення паміж носьбітамі;

2) дыялекты беларускай мовы плаўна пераходзяць у дыялекты рускай, утвараючы дыялектны кантынуум;

Сацыялінгвістычныя фактары:

3) беларуская і руская мова традыцыйна лічацца асобнымі мовамі, нягледзячы на тое, што генетычна вельмі блізкія;

4) наяўнасць у беларускай мове кадыфікаванай нормы;

5) наяўнасць у беларускай мове традыцыйных дыялектаў;

6) малое распаўсюджанне агульнаразмоўнай формы;

7) даўняя і глыбокая русіфікацыя прыводзіць да таго, што людзей, якія карыстаюцца рускай мовай, больш;

8) руская мова для асноўнай масы насельніцтва больш прэстыжная;

9) наяўнасць істотных адрозненняў у выкарыстанні моў паміж буйнымі гарадамі, дробнымі гарадамі і вёскамі прыводзіць да замацавання за беларускай мовай статуса «мова вёскі».

10) Наяўнасць масавага двухмоўя і блізкасці моў прыводзіць да значнай інтэрферэнцыі і нават да ўтварэння змешаных формаў маўлення;

Экстралінгвістычныя фактары:

11) блізкасць беларускай культуры да рускай;

12) беларусы, нягледзячы на блізкасць з рускім народам, лічаць сябе асобным этнасам;

13) сімвалічнае значэнне беларускай мовы большае, чым камунікатыўнае;

14) цесныя сувязі з Расіяй (эканамічныя і палітычныя);

15) адсутнасць бесперапыннай пісьмовай традыцыі (нормы беларускай мовы пачалі складвацца ў XX ст.);

16) парадаксальная моўная палітыка дзяржавы ў адносінах да беларускай мовы: з аднаго боку, выцясненне яе са сфер ужывання, з другога боку – падтрымка (фінансаванне адукацыі, культуры);

17) наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў;

18) неканкурэнтаздольнасць беларускіх СМІ і літаратуры.

З пералічаных фактараў толькі 3, 4, 5, 12 маюць станоўчае значэнне для лёсу беларускай мовы. Таму на сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная, наша мова ўключана ЮНЕСКА ў спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Рэальна беларуская мова як сродак камунікацыі жыве ў вёсках у выглядзе гаворак і ў колах творчай інтэлігенцыі, якая імкнецца зберагчы нацыянальны скарб для нашчадкаў.

 

Праверачны тэст

 

1. На тэрыторыі Беларусі назіраецца двухмоўе

1) беларуска-англійскае; 3) беларуска-іспанскае;

2) беларуска-рускае; 4) беларуска-літоўскае;

3) беларуска-польскае; 5) беларуска-руска-польскае.

 

Устанавіце адпаведнасць паміж відамі інтэрферэнцыі і іх сэнсавай характарыстыкай

А. Марфалагічная. 1. Выклікаецца адрозненнямі ў будове

Б. Сінтаксічная. словазлучэнняў, простых і складаных сказаў.

В. Фанетычная. 2. Звязана з наяўнасцю спецыфічных

Г. Лексічная. фанетычных рыс у кожнай мове.

3. Звязана з разыходжаннямі ў граматычным

афармленні рускіх і беларускіх лексем.

4. Выклікаецца наяўнасцю разыходжанняў ва

ўласналексемным і семантычных аспектах

моў.

5. Выклікаецца несупадзеннем

словаўтваральных фармантаў

аднакаранёвых беларускіх і рускіх слоў.

 

Трасянка – гэта

1) змешванне нормаў рускай і беларускай моў;

2) папераменнае выкарыстанне розных моў;

3) механічнае змешванне ў розных прапорцыях элементаў рускай і беларускай моў;

4) ужыванне элементаў іншай мовы;

5) праблема пераключэння з аднаго моўнага кода на іншы.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-14; просмотров: 840; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.92.213 (0.011 с.)