Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Лекцыя 6. Асаблівасці навуковага стылю мовы

Поиск

Мэта лекцыі – раскрыць характэрныя асаблівасці навуковага стылю і сферы яго функцыянавання, вызначыць месца навуковага стылю сярод іншых стыляў мовы.

Задачы:

– ахарактарызаваць асаблівасці функцыянальных стыляў;

– прааналізаваць функцыянальна-камунікатыўныя характарыстыкі навуковага стылю (аб’ектыўнасць, лагічнасць, яснасць, дакладнасць, доказнасць);

– акрэсліць сістэму моўных сродкаў навуковага стылю;

– выявіць марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю.

Пытанні

1. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў.

2. Навуковы стыль, яго функцыянальна‑камунікатыўныя характарыстыкі.

3. Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю.

4. Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю.

5. Сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю.

 

Праблемныя пытанні

1. Чаму нельга лічыць, што навуковаму стылю з яго «холаднасцю», акадэмізмам не ўласціва экспрэсія?

2. У чым павінна выражацца сапраўднае валоданне стылем навуковага выкладу?

3. Ці заўсёды агульнаўжывальныя словы стылістычна нейтральныя ў навуковых тэкстах? Чаму?

4. Якія правілы маўленчага этыкету можна сфармуляваць адносна ўжывання займеннікаў у навуковых тэкстах?

5. Ці можна згадзіцца з думкай, што клічныя і пытальныя сказы амаль не ўласцівы навуковаму выкладу? Якую спецыфічную стылістычную функцыю выконваюць клічныя, пытальныя і пабуджальныя сказы ў навуковым тэксце?

6. Чаму ў навуковым маўленні з усіх тыпаў складаных сказаў пераважае складаназалежны сказ? Якая асаблівасць яго выкарыстання ў матэматычных тэкстах?

7. Чым тлумачыцца функцыя «актывізатара ўвагі» абзаца ў навуковых тэкстах?

 

Рэкамендаваная літаратура

1. Бахтина, Л.Н. Обучение реферированию научного текста / Л.Н. Бахтина, И.П. Кузьмич, Н.М.Лариохина. – М., 1988.

2. Вештарт, Г.Ф. Лексічныя асаблівасці мовы навуковых тэкстаў / Г.Ф.Вештарт // Беларуская лінгвістыка. – Мінск, 1989. – Вып.36.

3. Виноградов, В.В. Итоги обсуждения вопросов стилистики // Вопросы языкознания. – 1955. – №1.

4. Галкина-Федорук, Е.М. Об экспрессивности и эмоцмональности в языке // Сборник статей по языкознанию. Профессору Московского университета академику В.В.Виноградову в день его 60-летия. – М., 1958.

5. Каўрус, А.А. Культура слова. – Мінск, 1963.

6. Каўрус, А.А. Навуковы стыль // Беларуская мова. Энцыклапедыя. – Мінск, 1994.

7. Кожина, Н.М. О речевой системности научного стиля сравнительно с некоторыми другими. – Пермь, 1972.

8. Ляшчынская, В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка. – Мінск, 2001.

9. Маршэўская, В.В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка ў сінтаксічным і стылістычным аспектах. – Гродна, 2002.

10. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск, 1995.

11.

1. Функцыянальныя стылі як грамадска абумоўленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў

Слова «стыль» (ад лац. stilus) паходзіць ад назвы вострай палачкі, якая ўжывалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме для пісьма на дошчачках, залітых воскам. Сёння слова «стыль» мае іншыя значэнні: 1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы (гатычны стыль). 2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога-небудзь пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку, сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў (стыль Коласа). 3. Метад, характар якой-небудзь работы, дзейнасці (стыль «брас»). 4. Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, дзякаваць (модны стыль адзення).

У стылістыцы беларускай мовы пад стылем прынята разумець грамадска ўсвядомленую і функцыянальна абумоўленую ўнутраную сукупнасць прыёмаў ужывання, адбору і спалучэння сродкаў маўленчых зносін у сферы той ці іншай агульнанароднай, агульнанацыянальнай мовы, суадносную з іншымі такімі ж спосабамі выражэння, якія служаць для іншых мэт, выконваюць іншыя функцыі ў маўленчай грамадскай практыцы дадзенага народа. Стылі, знаходзячыся ў цесным узаемадзеянні, могуць часткова змешвацца і пранікаць адзін у другі. У індывідуальным ужыванні межы стыляў могуць яшчэ больш рэзка змяшчацца, і адзін стыль можа для дасягнення той ці іншай мэты ўжывацца ў функцыі другога [3].

Традыцыйна выдзяляюцца пяць стыляў: гутарковы (размоўны), мастацкі, публіцыстычны, афіцыйна-справавы, навуковы. Кожны з іх характарызуецца пэўнай сферай ужывання, стылявымі рысамі, моўнымі сродкамі і інш.

Гутарковы стыль функцыянуе пераважна ў вусным маўленні, асноўная яго задача – абмен думкамі, інфармацыяй у сямейных і сяброўскіх зносінах. Гутарковы стыль вызначаецца сваёй непасрэднасцю, нязмушанасцю, эмацыянальнасцю, адсутнасцю строгай лагічнасці ў выказваннях. Для яго характэрны прастамоўныя словы, фразеалагізмы, няпоўныя і непадзельныя сказы, розныя невербальныя сродкі: жэсты, міміка і інш.

Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў грамадскім жыцці краіны, у палітыцы. Гэта стыль газет, часопісаў, радыё, тэлебачання. Асноўнай задачай публіцыстычнага стылю з’яўляецца інфармацыйнае ўздзеянне на людзей, тлумачэнне грамадска-палітычных пытанняў. Публіцыстычны стыль характарызуецца страснасцю, палымянасцю, даходлівасцю, натуральнасцю. З моўных сродкаў яму характэрны пабуджальныя, клічныя сказы, паўторы, разгорнутыя звароты, ацэначная лексіка, рытарычныя пытанні.

Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў афіцыйных зносінах, дыпламатычнай сферы. Яго задача – рэгуляваць, рэгламентаваць афіцыйныя зносіны. Яму ўласцівы стандартызацыя, адсутнасць эмацыянальнасці. З моўных сродкаў пераважаюць канцылярскія моўныя штампы, спецыяльная лексіка.

Навуковы стыль абслугоўвае сферу навукі, тэхнікі і навучання; гэта стыль навуковых прац, манаграфій, дысертацый, падручнікаў і пад. Навуковы выклад вызначаецца аб’ектыўнасцю, паколькі абапіраецца часцей за ўсё на агульнапрызнаныя аб’ектыўныя ісціны, лагічнай паслядоўнасцю разважанняў, яснасцю выказвання, доказнасцю, слушнасцю прыкладаў-ілюстрацый, дакладнасцю ў вызначэнні паняццяў, інфармацыйнай насычанасцю.

Мастацкі стыль абслугоўвае духоўную сферу жыцця грамадства. Праз апавяданні, аповесці, раманы, п’есы, вершы, казкі, быліны і інш. ён аказвае эстэтычнае ўздзеянне на духоўны свет чалавека. Для яго характэрна мастацкая вобразнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць. У ім выкарыстоўваюцца разнастайныя стылістычныя фігуры, мастацкія эпітэты, параўнанні і інш. Мастацкі стыль вызначаецца сваёй унікальнасцю, ён можа выкарыстоўваць моўныя сродкі ўсіх іншых стыляў.

2. Навуковы стыль, яго функцыянальна‑камунікатыўныя характарыстыкі

У межах навуковага стылю даследчыкамі выдзяляецца некалькі падстыляў: уласна навуковы, навукова-папулярны, навукова-вучэбны, навукова-тэхнічны і навукова-палемічны. «Паміж імі... няма прынцыповай розніцы, ёсць толькі некаторыя адрозненні ў будове маўлення, у адборы лексічных і граматычных сродкаў, у выкарыстанні сімвалаў і іншых нямоўных элементаў» [10, с. 57].

Уласна навуковаму падстылю (у адрозненне ад іншых падстыляў) уласцівы акадэмізм, сухасць. Напрыклад, словы тыпу дадатны, адмоўны ў працах з галін дакладных навук пазбаўляюцца свайго ацэначнага значэння. Параўн.: дадатны лік, дадатная велічыня, дадатная тэмпература ‘большы чым нуль’; дадатны зарад які мае адносіны да віду электрычнасці, часціцамі якога зяўляюцца пратоны, пазітроны і інш.; адмоўны лік ‘меншы за нуль, адмоўны электрычны зарад суадносны з тым відам электрычнасці, матэрыяльныя часціцы якога называюцца электронамі’; і параўн.: – дадатны бок які мае патрэбныя ўласцівасці, якасці, заслугоўвае адабрэння’; дадатная ацэнка ‘якая выражае адабрэнне; станоўчая; адмоўны персанаж ‘ дрэнны сваімі якасцямі, уласцівасцямі; варты асуджэння, ганьбы’; адмоўны водгук ‘неадабральны, асуджальны’ (ТСБМ). Параўн. таксама станоўчае сальда бюджэту (калі ўрад хоча знізіць узровень нацыянальнага даходу, ён можа збіраць больш падаткаў, чым тое патрэбна на дзяржаўныя выдаткі).

Вобразнае ўжыванне слоў – з’ява менш пашыраная (у параўнанні з мастацкім стылем) у навуковым маўленні, хоць вобразнасць часам прысутнічае пры стварэнні тэрмінаў, напрыклад: кошык валютны, уцёкі капіталаў, банкаўскі рай, фірма-партызан, чараўнік мяча, мёртвы мяч і інш.

Навуковы стыль характарызуецца своеасаблівай, толькі яму ўласцівай, экспрэсіўнасцю. Перш за ўсё, як зазначае Г.Ф.Вештарт, экспрэсіўнасць навуковага маўлення ў яго доказнасці, і гэтым яна адрозніваецца ад экспрэсіўнасці ў іншых стылях [2] (у мастацкім тэксце, напрыклад, экспрэсіўнасць – гэта перш за ўсё выражэнне якіх-небудзь пачуццяў, перажыванняў і пад.).

У навукова-вучэбным падстылі даволі часта сустракаецца зва‑

рот да чытача ў форме дзеясловаў будучага часу абвеснага ладу

Тыпу разгледзім (прапорцыю), выкарыстаем (уласцівасць), сфар‑

мулюем (правіла), успомнім (закон) і інш. Аўтарскае «мы», або

«мы сціпласці» ці «мы сумеснасці», нясе ў сабе пэўную экспрэсіўнасць, прыцягвае чытача да сумеснага разважання над пэўным пытаннем; такім зваро‑

там да чытача падкрэсліваецца адзінства гаворачага або пішучага з

іншымі асобамі, агульнасць інтарэсаў аўтара і аўдыторыі, да якой ён

звяртаецца. «... На першы погляд здаецца, што мова вучонага бясстрасная, спакойная, пазбаўленая афектыўнасці. Але... настолькі дзейсная, што міжволі паддаешся сіле пераканання вучонага» [4, с. 108].

Характар навуковага выкладу мяняецца ў працах навукова-папулярных і навукова-палемічных падстыляў. Як слушна заўважае А.А.Каўрус, «ступень эмацыянальнасці і экспрэсіўнасці навуковай мовы залежыць ад аўтарскай індывідуальнасці, а таксама ад галіны навукі і жанру. У працах грамадска-палітычнага цыкла яна самая высокая, у фізіка-матэматычных – самая нізкая» [6, с. з71].

 

2. Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю

Аснову ўсіх стыляў мовы (як мастацкага, публіцыстычнага, так і навуковага і інш.) складаюць стылістычна нейтральныя агульналітаратурныя словы (міжстылявая лексіка) тыпу гаварыць, пісаць, дождж, плошча, вялікі, малы і інш.

Даволі шырока ў навуковым выкладзе ўжываюцца словы агульнанавуковага выкарыстання (тыпу аналіз, гіпотэза, даследаванне, мадэль, праблема, праграма, працэс, элемент, апрацоўка, аперацыя і інш.). Выяўленне значэння такіх слоў залежыць ад зместу і метадалогіі той навукі, у якой яны прымяняюцца. Параўн., напрыклад, значэнні слова аперацыя. Аперацыя (ад лац. operatio – дзеянне) – 1) ‘закончанае дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты (напр., аперацыя ваенная)’; ‘асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы (напр., аперацыя вытворчая)’; 2) ‘асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-небудзь фінансавай, крэдытнай, прамысловай, гандлёвай, страхавой або іншых задач, напрыклад, банкаўская аперацыя, паштовая аперацыя’; 3) ‘у вылічальнай тэхніцы выкананне лічбавай вылічальнай машынай якога-небудзь дзеяння з зыходнымі велічынямі, напрыклад, арыфметычная аперацыя’ (БелЭн).

Імкненне дасягнуць гранічнай яснасці, дакладнасці навуковага выкладу абумоўлівае выкарыстанне ўласна тэрмінаў і номенаў, якія складаюць самую спецыфічную групу лексікі навуковых тэкстаў.

Тэрмін – гэта слова або тэрміналагічнае словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную лексіку пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне.

Гэта цікава! Паводле падання, лац. Termin – імя рымскага бога, ахоўніка межаў, памежных слупоў, межавых знакаў; рымскі цар Нума Пампілій пабудаваў у Рыме храм Тэрміна і ў гонар бога ўвёў свята – тэрміналіі. Да межавага знака прыходзілі жыхары бліжэйшых вёсак, упрыгожвалі, прыносілі ахвяры і весяліліся. Вось адкуль слова тэрмін абазначала «памежны знак, пагранічны камень», пазней – «канец, мяжа», яшчэ пазней – «тэрмін, перыяд», і, нарэшце, яго сталі выкарыстоўваць у сучасным значэнні.

У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць уласных назваў канкрэтных аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, прадметаў серыйнай вытворчасці. Параўнаем: апазнанне, ЛТП-147, ходка; брокер, «Атлант», кліка; форвард, «Целяханы-190», фізрук.

Вузкаспецыяльныя тэрміны ўласцівы ўласна навуковаму падстылю; у тэкстах навукова-папулярнага характару (якія разлічаны на шырокае кола чытачоў) яны звычайна не выкарыстоўваюцца, а калі і ўжываюцца, то з абавязковым тлумачэннем. Напрыклад: юсціраваць, варант, падсед. Напрыклад: Сярэдняя велічыня падседа (перамяшчэнне вагі тазасцёгнавага сустава ад азначанага становішча да пачатку разгінання) складае 18 см, вывядзенне з раўнавагі – 13 см, вышыня развароту ад дывана (найменшая адлегласць восі плечавага сустава ад дывана перад разваротам) – 55 см. Многія вузкаспецыяльныя тэрміны не фіксуюцца ў агульнамоўных слоўніках. Менавіта наяўнасць вузкаспецыяльных тэрмінаў выводзіць мову навукі за межы літаратурнай мовы.

Тэндэнцыя да міжнароднай стандартызацыі навукі абумоўлівае той факт, што значны працэнт агульнанавуковай і тэрмінaлагічнай лексікі складаюць інтэрнацыянальныя тэрміны (пераважна лацінскага ці грэчаскага паходжання) або тэрміны са звязанымі кампанентамі лацінскага ці грэчаскага паходжання (напрыклад: апеляцыя, дэвальвацыя, дэпартацыя, камерцыя, камбінацыя, акліматызацыя і інш.).

Выдзяляюць у навуковых тэкстах такі адметны пласт, як тэрміны-сімвалы, формульныя абазначэнні, скарачэнні, абрэвіятуры, графікі, схемы, малюнкі і пад. Напрыклад: КПК – крымінальна-працэсуальны кодэкс, Х-неэфектыўнасць, К (так абазначаецца ў эканоміцы мультыплікатар, першай літарай прозвішча Рычарда Кана), НАК – Нацыянальны Алімпійскі Камітэт іінш.

Часам у навуковых тэкстах выкарыстоўваюцца фразеалагізмы. У такіх выпадках яны выконваюць намінатыўную функцыю (у мастацкіх і нават публіцыстычных тэкстах фразеалагізмы выкарыстоўваюцца, каб надаць мове вобразнасць, выразнасць). Параўн.: рукі – хоць рэпу сей вельмі брудныя’ і краевугольны камень ‘аснова, сутнасць, найважнейшая частка чаго-н.; залаты дождж ‘вялікія грашовыя сумы, прыбыткі’; залаты фонд (чаго, чый) ‘самае лепшае, самае каштоўнае, самае значнае’, майстар дывана ‘барэц, які дасягнуў найвышэйшага выніку’, другое дыханне ‘новыя сілы, прыліў энергіі, бадзёрасці (пасля стомы, апатыі, няўдачы і пад.)’ і інш.

Як адзначаюць мовазнаўцы, «строгай мяжы паміж тэрміналагічным, навуковым і агульнаўжывальным пластамі лексікі няма. Яна можа мяняцца не толькі з рухам лексікі ў часе, але і залежаць ад галіны навукі, метадалагічнага падыходу» [2].



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-14; просмотров: 662; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.219.44.171 (0.008 с.)