Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: АрхеологияБиология Генетика География Информатика История Логика Маркетинг Математика Менеджмент Механика Педагогика Религия Социология Технологии Физика Философия Финансы Химия Экология ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Слова як адзінка лексічнай сістэмы. Адназначныя і мнагазначныя словыСодержание книги
Поиск на нашем сайте
Усе словы беларускай мовы ўтвараюць яе лексічны склад – лексіку (ад грэч. lexis – слова). Тэрмінам «лексіка» называюць таксама сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці пісьменніка (лексіка Я. Коласа, У. Караткевіча і інш.), у пэўнай мясцовай гаворцы (дыялектная лексіка), у якой-небудзь сферы дзейнасці (прафесійная лекіка) і г. д. Менавіта ў лексіцы адлюстраваны змены, якія адбываюцца ў палітычным і культурным жыцці грамадства, здабыткі ў галіне навукі, тэхнікі і вытворчасці. Вывучэнне лексікі роднай мовы ўзбагачае слоўнікавы запас чалавека, павышае культуру яго вуснай і пісьмовай мовы, пашырае веды пра навакольную рэчаіснасць. Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексічны склад мовы, называецца лексікалогіяй (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і logos – вучэнне, навука). У задачу лексікалогіі ўваходзіць таксама вывучэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятленне сувязі значэння слова з паняццем, выдзяленне розных тыпаў значэння слова. Лексікалогія даследуе шляхі развіцця і папаўнення слоўнікавага складу, вызначае сферы ўжывання слоў. Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая асноўная адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і служыць сродкам моўных зносін. Слова мае шэраг асаблівасцей: аднаўляльнасць,устойлівасць, ізаляванасць. Ужываючы ў сваім маўленні словы, мы не ўтвараем іх кожны раз, а выкарыстоўваем як гатовыя, вядомыя нам адзінкі мовы, г. зн. аднаўляем. Устойлівасць слова выражаецца ўстойлівасцю яго гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Паколькі слова з’яўляецца назвай пэўнага аб’екта рэчаіснасці і носьбітам цэласнага значэння, яно можа быць вычленена з кантэксту. У гэтым праяўляецца яго ізаляванасць. Слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў. Граматычнае значэнне ўласціва цэламу класу слоў. Яно выражаецца канчаткам або канчаткам і прыназоўнікам адначасова, націскам, праяўляецца ў граматычных катэгорыях роду, ліку, склону, трывання, часу, ладу і інш. Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны, рэальны змест слова. Большую частку лексікі беларускай мовы складаюць паўназначныя словы (самастойныя часціны мовы), якія выконваюць намінатыўную функцыю, г. зн. называюць пэўныя з’явы аб’ектыўнай рэчаіснасці: прадметы, дзеянні, прыметы. Службовыя словы і выклічнікі не выконваюць намінатыўнай функцыі і маюць толькі граматычнае значэнне. У залежнасці ад таго, можна ці не вызначыць характэрную рысу, спецыфічную прымету, якая была пакладзена ў аснову назвы, выдзяляюць матываваныя і нематываваныя назвы. Для нематываваных назваў нельга вызначыць, на аснове якіх рыс, прымет яны ўзніклі, нельга растлумачыць іх з дапамогай іншых слоў. Нематываванымі звычайна бываюць словы з невытворнай асновай: стэп, луг, нос, год і пад. Аднак трэба памятаць, што калі перад вамі слова мнагазначнае, то ў ім матывацыя мае зусім іншы характар і не залежыць ад марфемнага складу слова. Так, у слове ‘дуб’ першае значэнне (‘буйное лісцевае дрэва з моцнай драўнінай’) нематываванае, а іншыя значэнні (‘драўніна гэтага дрэва’, ‘высокі моцны чалавек’) павінны кваліфікавацца як матываваныя (матывуюцца першым, зыходным значэннем). Словы з вытворнай асновай – матываваныя. Можна лёгка вызначыць, на аснове якой прыметы яны ўзніклі, і матывуюцца, тлумачацца яны з дапамогай іншых слоў: буслянка – ад слова бусел, падбярозавік – ад бяроза, дзялянка – ад дзяліць і інш. Выкарыстанне назвы з тым значэннем, якое за ёю замацавалася ў працэсе развіцця мовы, – галоўнае правіла словаўжывання. Ніколі нельга карыстацца словам, калі сэнс яго дакладна невядомы. Трэба высветліць значэнне слова ў тлумачальным слоўніку і толькі тады ўжываць яго вусна або на пісьме. Адрозніваюць два асноўныя тыпы лексічных значэнняў слова: прамое і пераноснае.Прамое значэнне – гэта першаснае, зыходнае значэнне слова, якое непасрэдна паказвае на прадмет, дзеянне, якасць і замацавалася за ім як асноўнае. Так, у сказе На гэтых прасторах рос густы і незвычайна высокі чарот (Колас) усе словы ўжываюцца ў прамым значэнні. Пераносным называецца такое значэнне, якое развіваецца ў выніку пераносу назвы з аднаго прадмета, дзеяння, з’явы, працэсу на іншыя, чым-небудзь падобныя. Такое значэнне слова набывае пры свядомым вобразным яго ўжыванні, напрыклад: усміхацца – 1) выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь паспявае адказваць (Васілевіч);2) перан. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак...(Панчанка).У мове твораў мастацкай літаратуры ўжыванне слоў з пераносным значэннем – яркі сродак стварэння вобразнасці і маляўнічасці апавядання. Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі ці монасемантычнымі (ад грэч. monos – адзін і semantikos – той, што абазначае), напрыклад: івалга, дудар, грубка, гуслі, учора і інш. Адназначныя словы заўсёды маюць толькі прамыя значэнні. Здольнасць слова ўжывацца з некалькімі значэннямі называецца мнагазначнасцю, або полісеміяй (ад грэч. рolysemos – мнагазначны). Першапачаткова ўсе словы ўжываюцца як адназначныя. Мнагазначнасць развіваецца пазней, паколькі моўных сродкаў недастаткова для таго, каб кожная з’ява рэчаіснасці атрымала асобнае слова-назву (у мове дзейнічае закон эканоміі). І тады па аналогіі, асацыяцыі, падабенству адбываецца перанос назвы аднаго прадмета, з’явы, прыкметы і г. д. на другі. Некаторыя даўнія па часе ўзнікнення словы маюць вельмі многа значэнняў (напр., слова ‘біць’ – 18 значэнняў, слова ‘ісці’ – 28 і інш.). Аднак не варта думаць, што мнагазначных слоў больш, чым адназначных. Як слушна заўважае прафесар І. Я. Лепешаў, «у любой мове мнагазначных слоў не больш, а куды менш, чым адназначных. Так, у 1-м томе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» з 16354 слоў на долю мнагазначных прыпадае толькі 3908 слоў, у 2-м томе з 19269 слоў толькі 4222 мнагазначныя словы. Прыкладна такія колькасныя паказчыкі мнагазначнасці і адназначнасці выяўляюцца і ў іншых мовах (напрыклад, рускай і французскай): толькі чацвёртая частка слоў – мнагазначныя. Вылучаюцца наступныя спосабы пераносу значэнняў: на аснове метафары, метаніміі і сінекдахі. Метафарычныя (ад грэч. metaphora – перанясенне) значэнні ўзнікаюць у слове ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета ці з’явы на другі прадмет ці з’яву на аснове падабенства формы (напр., слова ‘конь’: жывёла; шахматная фігура; гімнастычны снарад), колеру (белыя палотны і белыя ночы), функцыі (слова ‘дворнік’: 1) работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома і 2) прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу). Часам слова набывае мнагазначнасць паводле дзвюх якіх-небудзь прымет. Так, слова ‘крыло’: крыло птушкі і крыло самалёта (падабенства і па форме, і па функцыі); слова ‘іголка’: 1) прыстасаванне для шыцця, 2) тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння (патэфонная іголка, іголка ў медыцынскім шпрыцы для ін’екцый, іголка насоса і інш.), 3) ліст хвойных дрэў і кустоў, 4) тонкі востры крышталь чаго-небудзь (іголкі інею), 5) тонкая калючка на целе некаторых жывёл (падобныя па форме і сваёй уласцівасцю калоцца) і г. д. Усе прыведзеныя вышэй прыклады – прыклады агульнамоўных метафар. Існуюць і т. зв. сцёртыя (або мёртвыя, акамянелыя) метафары са страчанай вобразнасцю: ідзе дождж, сонца садзіцца, прыйшла вясна, корань слова і мн. інш. Пры частым ужыванні пераноснае значэнне становіцца прывычным, семантычная двухпланавасць яго сціскаецца. Самымі ж вобразнымі сярод метафар з’яўляюцца паэтычныя (параўн.: гарыць вогнішча і гараць гронкі рабіны і інш.). Як бачым, метафара – гэта словазлучэнне, якое мае семантыку прыхаванага параўнання. Метанімічныя (ад грэч. metonymia – перайменаванне) значэнні ўзнікаюць у словах на аснове пераносу назваў адных прадметаў ці з’яў на другія, калі асацыяцыі, аналогіі ўзнікаюць па сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці. Сумежнасць можа быць такой: 1) матэрыял і вырабы з яго (ваза са шкла – шкло зараз не ў модзе); 2) ёмістасць і рэчыва, якое ўтрымліваецца ў гэтай ёмістасці (купіць міску – з’есці міску баршчу, тут ‘пасудзіна’ і ‘колькасць стравы’); 3) працэс і вынік гэтага працэсу (праводзіць дыктант – раздаць дыктанты ); 4) памяшканне, установа, прадпрыемства і людзі, якія ў ім знаходзяцца, працуюць (напр., светлая аўдыторыя – аўдыторыя слухала ўважліва, новы завод – заводы бастуюць); 5) выкарыстанне прозвішчаў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў і г. д. для абазначэння іх твораў (творы Багдановіча – перачытваю Багдановіча); 6) прадмет, уласцівасць і той, хто валодае гэтай уласцівасцю (ён меў прыгожы тэнар – выступае тэнар). Звычайна метанімія менш заўважаецца, чым метафара, бо такія вытворныя значэнні перайшлі ў сталыя назвы прадметаў. Сінекдаха (ад грэч. synecdoche – суаднесенасць) – замена назвы цэлага назвай асобнай яго часткі або наадварот. Нярэдка сінекдаха разглядаецца як від метаніміі. Выдзяляюцца дзве разнавіднасці сінекдахі: 1) называнне замест цэлага часткі, якая ў пэўнай сітуацыі мае сэнс цэлага: У сям’і з’явіўся лішні рот. Ён у іх за галаву; 2) ужыванне аднаго ліку замест другога: У маі 1945 года немец быў канчаткова разгромлены. Ем вішню і пад. У выяўленні і канкрэтызацыі значэнняў мнагазначнага слова галоўную ролю адыгрывае кантэкст. Звычайна пад кантэкстам падразумяваецца славеснае, моўнае акружэнне. Разам з тым у паняцце «кантэкст» уключаюцца і пазамоўныя фактары, у прыватнасці, сітуацыя, у якой адбываецца маўленне.
2. Амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы ў лексічным складзе беларускай мовы Амонімы. З’яву аманіміі можна праілюстраваць адной з загадак Кандрата Крапівы: Я касой траву кашу ў зялёным лузе, а другую я нашу пастаянна ў пузе. Трэцюю, я вам скажу, носіць мая дочка, на чацвёртай я ляжу – грэюся ў пясочку. Тут лёгка адгадваецца аманімічная група з чатырох ‘кос’ са значэннямі: ‘прылада для кашэння’, ‘селязёнка’, ‘доўгія заплеценыя валасы’, ‘доўгая вузкая мель, якая ідзе ад берага’. Амонімы (ад грэч. homos – аднолькавы, onyma – імя) – словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць зусім розныя, не звязаныя паміж сабой значэнні. Напр.: тур (‘першабытны дзікі бык’ і ‘перыяд, этап гульні, спаборніцтва’), гасцінец (‘шырокая, бойкая дарога, шлях’ і ‘рэч, ласунак, які госць падносіць як падарунак’), лама (‘будыйскі манах-свяшчэннік у Тыбеце’ і ‘ўючная паўднёваамерыканская жывёліна сямейства вярблюдаў’), бот (‘абутак з высокімі халявамі’ і ‘невялікае вёсельнае, паруснае або маторнае судна’) і мн. інш. Амонімы складаюць значны пласт лексікі (іх каля 4000). Шляхі ўзнікнення амонімаў: 1. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку гукавога супадзення этымалагічна розных беларускіх (уласнабеларускіх або агульнаславянскіх) слоў. Напр.: абора ‘вяровачка для лапцей’ і абора ‘вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік’; ласка ‘выражэнне пяшчоты’ і ласка ‘невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых’; слаць ‘адпраўляць, пасылаць’ і слаць ‘рассцілаць, засцілаць’ і інш. 2. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення спрадвечна беларускіх і запазычаных слоў. Напр.: бел. байка ‘кароткі літаратурны твор’ і галанд. байка ‘мяккая баваўняная тканіна’; бел. бор ‘стары сасновы лес’, лац. бор ‘хімічны элемент’, нямец. бор ‘свярло для лячэння зубоў’; бел. лава ‘прадмет сялянскай мэблі’, іт. лава ‘вулканічная маса’, польс. лава ‘баявы парадак конніцы’ і інш. 3. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення запазычаных слоў з розных моў. Напр.: грэч. грыф ‘драпежная птушка’, нямец. грыф ‘дэталь струннага музычнага інструмента’, франц. грыф ‘штэмпельны адбітак чыйго-небудзь подпісу’ і пад. 4. Амонімы, запазычаныя з якой-небудзь адной мовы. Напр.: фр. міна ‘выбуховы снарад’ і ‘выраз твару’; англ. танк ‘баявая бронемашына на гусенічным хаду’ і ‘спецыяльны бак для захоўвання і транспарціроўкі вадкасцей’ і інш. Ад лексічных амонімаў (прыклады прыведзены вышэй) трэба адрозніваць наступныя групы слоў, сумежныя з амонімамі: 1) амафоны – словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму (напр.: род і рот, код і кот, грыб і грып, казка і каска і пад.). Да амафонаў павінны быць аднесены і такія апазіцыі слоў, як вера ‘ўпэўненасць у чым-небудзь’ і Вера ‘ўласнае імя’, раман ‘жанр літаратурнага твора’ і Раман ‘уласнае імя’ і г. д.; 2) амаформы – словы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх граматычных формах. Такое супадзенне можа адбывацца ў межах як адной, так і розных часцін мовы: соты (васкавыя ячэйкі) і соты (парадкавы лічэбнік); румяны (касметычная фарба) і румяны (ярка-чырвоны, ружовы); люты (злы, крыважэрны) і люты (другі месяц каляндарнага года) і інш.; амографы – словы, якія аднолькава пішуцца, але ў вымаўленні адрозніваюцца пастаноўкай націску (напр.: а́тлас – атла́с, вя́ла – вяла́, ка́паць – капа́ць, ка́ра – кара́, па́ра – пара́ і інш.). Яркія прыклады амографаў знаходзім у «Каламбурах» Ніла Гілевіча: Барсукі ў глыб нары́, баючыся ка́ры, Нацягалі шмат кары́ і зрабілі на́ры. Там жа: Што ні хвіля, ні гадз́іна – лезе з скуры га́дзіна. Увесь век яму гадзі́ла, А ён кажа: га́дзіла! Амонімы трэба адрозніваць ад мнагазначных слоў. Калі мнагазначнае слова, нягледзячы на рознасць сваіх значэнняў, захоўвае іх адзінства, то амонімы такой сэнсавай сувязі не маюць, значэнні іх зусім розныя. У тлумачальных слоўніках кожны амонім падаецца асобным слоўнікавым артыкулам і пазначаецца надрадковай арабскай лічбай: бабка¹, бабка², бабка³... і г. д., а ўсе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным артыкуле. Сінонімы (ад грэч. synonymos – аднайменны) – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне (напр.: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г. д.). Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне. Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне. У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя. 1. Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: маланка – бліскавіца, іслам – мусульманства, ацэнка – адзнака, арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш. 2. Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя семы ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Семантычнымі сінонімамі будуць такія словы, як акцёр – артыст, ісці – крочыць, касынка – хусцінка, малады – юны, чырвоны – кумачовы – пунсовы і інш. Адрозненне ў семантыцы сінонімаў гэтай групы праяўляецца ў несупадзенні спалучальнасці кожнага члена сінанімічнага рада з другімі словамі. Параўн.: ісці/крочыць па вуліцы, але: асцярожна ісці па балоце (не крочыць). 3. Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае); ілгаць – брахаць – плесці; украсці – сцягнуць – сперці – сцібрыць, гультай – абібок – лянівец – лайдак – лежабока – труцень – гультаіна – завала і інш. Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. euphemia – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напр., замест спазняецца гавораць затрымліваецца, пад мухай замест п’яны, папрасілі замест выгналі, поўны замест тоўсты і інш. Сваімі каранямі эўфемізмы адыходзяць у далёкае мінулае. Іх узнікненне цесна звязана з лексічным табу – забаронай у першабытных народаў ужываць словы, што служылі назвамі багоў і духаў, смерці, хвароб, некаторых жывёл, сонца, агню і пад. Антонімы (ад грэч. anti – супраць і onyma – імя) – словы адной часціны мовы, якія маюць палярна супрацьлеглыя значэнні: верх – ніз, белы – чорны, вясёлы – сумны, звонка – глуха, увайсці – выйсці, усход – захад, экспарт – імпарт, вясна – восень і інш. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў. Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш .); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш .); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш .); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякасны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш .) і г. д. Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш. Акрамя агульнамоўных антонімаў, важную ролю для выражэння кантрастаў адыгрываюць кантэкставыя антонімы (антонімы маўлення) – словы, якія ў звычайнай моўнай сітуацыі не выражаюць супрацьлеглых значэнняў, але набываюць іх у індывідуальных аўтарскіх кантэкстах. Напр.: Прайсці нялёгка год за годам, Бо шлях – то шоўк, а то асцё... Хто ж меру ведае заўсёды, Шчаслівы той на ўсё жыццё (П. Броўка); Вось так хлопец, вось так ён, Слухай яго, голь! На славах магутны слон, А на дзеле – моль (Я. Купала); Я да цябе звяртаю слова: Ты паглядзі на тых між нас, Каму дзяржавы нашай мова – Кусок руды, а не алмаз (Н. Гілевіч) і інш. Семантычныя асаблівасці антонімаў шырока выкарыстоўваюцца для стылістычных мэт у мастацкіх творах, публіцыстычнай літаратуры, розных жанрах вуснай народнай творчасці і г. д. Паронімы (ад грэч. para – побач, блізка і onyma – імя) – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ‘станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ‘рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’; карыслівы ‘прагны да нажывы, карысталюбівы’ і карысны ‘які прыносіць карысць’; адрасат ‘той, каму адрасавана паштовае адпраўленне’ і адрасант ‘той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік’; абагуліць ‘зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім’ і абагульніць ‘знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад’; дыпламат ‘службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі’ і дыпламант ‘удзельнік конкурсу, агляду і пад., узнагароджаны дыпломам’ і інш. Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.). У адрозненне ад амонімаў, лексічнае значэнне паронімаў не столькі вынікае з моўнага кантэксту, колькі, наадварот, служыць удакладненнем сэнсу выказвання. Ад сінонімаў у сэнсавых адносінах паронімы адрозніваюцца тым, што ў іх значэннях заўсёды ёсць прыметы, якія робяць паронімы семантычна самастойнымі, рознымі, узаеманезамяняльнымі словамі. Сінонімы як тоесныя ці вельмі блізкія па значэнні словы звычайна могуць замяняцца адзін другім. Паронімы ў адным кантэксце ўжываюцца вельмі рэдка. Для сінонімаў, наадварот, характэрна сумежнае размяшчэнне ў тэксце, калі аўтарам ставіцца задача дасягнуць большай паўнаты і выразнасці апісання. З’явы полісеміі, аманіміі, сінаніміі, антаніміі, параніміі назіраюцца не толькі ў агульнамоўнай лексіцы, але і ў тэрміналогіі.
3. Асаблівасці лексіка-семантычных працэсаў у тэрміналогіі Пытанне аб месцы тэрміналагічнай лексікі ў структуры сучаснай літаратурнай мовы ў лінгвістычнай літаратуры не атрымала адназначнага вырашэння. Адны моваведы (у прыватнасці А.М.Талікіна) разглядаюць тэрміналогію як сістэму штучна створаных знакаў і прытрымліваюцца пункту погляду, што тэрміны ствараюцца і функцыянуюць у штучна створаных умовах, таму не могуць разглядацца побач са звычайнымі словамі [19]. Іншыя даследчыкі (В.М.Прохарава, А.В.Супяранская, Н.В.Падольская, Н.В.Васільева) прапануюць разглядаць тэрміналогію ў якасці аўтаномнага раздзела лексікі, адхіляючы канцэпцыю тэрміналогіі як сістэмы штучна створаных знакаў [15]. Найбольш слушным з’яўляецца меркаванне тых лінгвістаў, якія разглядаюць тэрміналогію як самастойную «функцыянальную падсістэму агульналітаратурнай мовы», якая «стаіць у адным радзе з такімі паняццямі, як прастамоўныя словы і мова мастацкай літаратуры» [4]. Як зазначае В.П.Даніленка, мова навукі ў адносінах да агульналітаратурнай мовы больш вузкае паняцце, паколькі мове навукі не ўласцівы ўсе функцыі агульналітаратурнай мовы, а з другога боку, мова навукі – больш шырокае паняцце ў параўнанні з агульналітаратурнай мовай, бо мова навукі ўключае ў сябе спецыяльную тэрміналогію, якой называюцца навуковыя паняцці, што стаяць за межамі звычайнай, непрафесійнай сферы зносін [4]. Мнагазначнасць і аманімія Да гэтага часу адкрытым застаецца пытанне – ці валодае тэрмін уласцівасцю пазакантэкставасці, ці адназначнасці (прынцып незалежнасці тэрміна ад кантэксту ўпершыню ў мовазнаўстве быў прапанаваны Д.С.Лотэ). Большасць лінгвістаў (В.П.Даніленка, Н.З.Кацялова, Б.Н.Галавін, Т.А.Чаботнікава, В.С.Ахманава, І.С.Квітко і інш.), якія прызнаюць тэрміналогію часткай агульналітаратурнай мовы, лічаць, што мнагазначнасць з’яўляецца прыналежнасцю многіх паўназначных слоў беларускай мовы і пад полісеміяй у тэрміналогіі звычайна разумеюць «суаднесенасць аднаго тэрміна больш чым з адным паняццем у межах аднаго або некалькіх прылягаючых адно да аднаго тэрміналагічных палёў» [5, с. 45] і разглядаюць яе як «расслаенне значэнняў у залежнасці ад ужывання слова ў розных галінах ведаў» [6, с. 124] і розных сістэмах. Іншымі словамі, тэрміны набываюць новыя значэнні ў працэсе пастаяннага ўзаемадзеяння з агульнаўжывальнымі словамі (міжсістэмнаямнагазначнасць), а таксама ў працэсе ўзаемадзеяння ў межах пэўнай тэрмінасістэмы (унутрыгаліноваямнагазначнасць) і розных тэрмінасістэм (міжнавуковаямнагазначнасць). У спецыяльнай лексіцы асабліва пашырана міжнавуковая мнагазначнасць. Напрыклад, гіра – пудовая гіра (метрал.), практыкаванні з гірамі і штангай (спорт), гіра насценнага гадзінніка (механ.); лідэр –лідэры парламенцкіх фракцый (паліт.), лідэр першага забегу (спорт), лідэр кільватэрнай калоны (ваен.); ін’екцыя – ін’екцыя пеніцыліну (медыц.), ін’екцыя сродкаў (эканом.); сесія – дэпутацкая сесія (паліт.), студэнцкая сесія (адукац.); спадчына – спадчына ад бацькоў (юрыд.), культурная спадчына А.Міцкевіча (лінгв.); экспедыцыя – экспедыцыя на адпраўку грузу (юрыд.), палярная экспедыцыя (геаграф.), карная экспедыцыя (ваен.); спад – спад тэмпу бегу (спорт), спад гары (геаграф.); барометр – паказчык стану рынку (эканом.), паказчык ціску (геаграф.); база – эканамічная база (эканом.), ваенна-марская база (ваен.)і інш. Унутрыгаліновая мнагазначнасць – з’ява больш рэдкая, аднак істотная для многіх тэрмінасістэм. Напрыклад, дубль – 1) рэзервовая каманда, 2) выйгрыш першынства і Кубка ў адным сезоне адной камандай. Некалькі значэнняў маюць тэрміны патэнт, здзелка, вартасць, рахунак, экс-дывідэнд, ліквіднасць, квота, трэст, валюта і інш. (эканом.), напрыклад: валюта – 1) грашовая адзінка краіны, 2) тып грашовай сістэмы, 3) грошы замежных краін, якімі карыстаюцца ў міжнародных разліках; дыплом, дэкрэт, ордэр, экспедытар, судовы разбор, судовыя спрэчкі, хадайніцтва, даведка, паручыцельства і інш. (юрыд.), напрыклад: паручыцельства – 1) у грамадзянскім праве – спосаб забеспячэння выканання абавязкаў, 2) у крымінальным праве – адна з мер стрымання. Некаторыя тэрміны развіваюць міжсістэмную і міжнавуковую або міжнавуковую і унутрыгаліновую мнагазначнасць адначасова. Напрыклад: удар – 1) моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым-н. у час руху (пад ударам ветру) // пра гром, выбух і інш. моцныя гукі (удар грому), 2) імклівы напад, атака (флангавы ўдар), 3) нечаканае гора, бяда, непрыемнасць (удар лёсу), 4) раптоўнае кровазліццё ў мозг (апаплексічны ўдар). Параўнаем таксама: кручаны ўдар – удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч; свабодны ўдар – у футболе ўдар, у час якога праціўнік не мае права нападаць, сонечны ўдар, цеплавы ўдар – у медыцыне. Сярод лінгвістаў няма адназначнага вырашэння пытання, чым лічыць – амонімамі ці мнагазначнымі словамі – словы агульналітаратурнай мовы, якія ў пераносным значэнні функцыянуюць у якасці тэрмінаў. Многімі даследчыкамі яны разглядаюцца як міжсістэмныя амонімы. «Полісемія – факт аднаго поля, хаця ўнутры свайго поля тэрмін і імкнецца да адназначнасці. Тэрміны, якія аднолькава гучаць у розных палях, – амонімы» [17, с. 44]. Як адзначае Л.М.Мінакова, «слова з’яўляецца мнагазначным да таго часу, пакуль паміж яго семемамі захоўваецца сэнсавая сувязь, пакуль этымалагічны, граматычны аналізы дазваляюць устанавіць іх семантычны інварыянт... У адрозненне ад семантычных варыянтаў, якія выступаюць як роднасныя, цесна звязаныя паміж сабой лексемы, амонімы выступаюць як адзінкі, якія маюць абсалютна розныязначэнні і адна з другой не выводзяцца» [13, с. 116]. Напрыклад, храп – хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць і храп – прыбор для ўзяцця проб грунта; заступ – рыдлёўка, лапата і заступ – пры скачках ў даўжыню, калі наступаюць на лінію, ад якой пачынаецца замер даўжыні скачка (таксама заступ у варотную пляцоўку, заступ за сярэднюю лінію). У тэрміналогіі часцей сустракаецца міжнавуковаяаманімія, напрыклад, вал – значны па працягласці і вышыні земляны насып, створаны для абарончых і гаспадарчых мэт (у старажытнасці будаваўся для абароны месца, мясцовасці ад непрыяцеля) і вал – агульны аб’ём прадукцыі, вырабленай за які-небудзь пэўны тэрмін, які выражаецца шляхам абазначэння яе кошту ў цэлым; корт – тоўстая, звычайна цёмнага колеру баваўняная тканіна атласнага перапляцення для рабочага і спартыўнага адзення і корт – пляцоўка для гульні ў тэніс; космас – сусвет (Сонечная сістэма, зоркі, міжзорнае асяроддзе, галактыкі, міжгалактычнае асяроддзе) і космас – расліна з галінастымі сцябламі, з кветкамі ў суквеццях-кошыках на доўгіх кветаносах; мультыплікатар – каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (памяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу і мультыплікатар – фотакамера з некалькімі аб’ектывамі, якая дае адначасова многа здымкаў з аднаго і таго ж прадмета, а таксама прылада для размножвання копій. У лінгвістычнай літаратуры існуе думка, што ўнутрыгаліновая аманімія – з’ява даволі рэдкая, і што «ў асноўным яна прадстаўлена аддзеяслоўнымі назоўнікамі, у якіх разам са значэннем дзеяння развілося значэнне прылады дзеяння» [12, с. 49]. Аднак, як відаць з наступных прыкладаў з біялогіі, унутрыгаліновая аманімія разнастайная: конік – птушка і конік – рыба; сякач – кабан і дарослы самец ластаногіх і сякач – насякомае; гладыш – грыб-дуплянка, млечнік і гладыш – расліна (гладыш прускі, шыракалісны) і гладыш – клоп (жоўты, звычайны); лось – грыб і лось – жывёла; цвыркун – насякомае і цвыркун – птушка; аўсянка – рыба сямейства карпавых і аўсянка – род пеўчых птушак атрада вераб’іных і інш. Звяртаюць на сябе ўвагу і міжмоўныя амонімы (пры перакладзе на беларускую мову яны маюць зусім іншае значэнне), напрыклад, у рускай мове: язык (белорусский, польский, французский) ‘сукупнасць агульнапрынятых гукавых і лексікаграфічных сродкаў для выказвання думак і наладжвання сувязі паміж людзьмі’ – мова (беларуская, польская, французская). У беларускай мове слова язык ужываецца са значэннем ‘рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці’; пол (паркетный, земляной) ‘насціл у памяшканні, па якім ходзяць’ – падлога (паркетная, земляная). Слова пол у беларускай мове ўжываецца са значэннем ‘сукупнасць прыкмет, па якіх у раслін можна адрозніваць мужчынскія і жаночыя калівы’, а таксама са значэннем ‘палаткі, нары’. Тэрміны могуць уступаць у складаныя полісемантычна-аманімічныя адносіны: адзін і той жа мнагазначны тэрмін выступае як амонім да сугучнага, таксама мнагазначнага, тэрміна, напрыклад: грыф – 1) у антычнай міфалогіі – крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва, 2) вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай; грыф – 1) доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны, 2) стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі; грыф – 1) штэмпель з узорам чыйго-небудзь афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля, 2) надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. У гэтым прыкладзе назіраецца міжнавуковая мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія; грот – 1) шырока адкрытая пячора з невысокай зводчатай столяй, 2) пашырэнне пячоры пасля вузкага праходу, 3) ніша ў канцы ледніка, адкуль выцякаюць талыя воды і грот – ніжні парус на грот-мачце. У гэтым прыкладзе назіраецца ўнутрыгаліновая мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія. Часам межы паміж мнагазначным і аманімічным словам бываюць умоўнымі, аманімія з цяжкасцю паддаецца дакладнай класіфікацыі. У лексікаграфічных працах не заўсёды паслядоўна вытрымліваецца падача мнагазначнага слова (у адным слоўнікавым артыкуле пад рознымі нумарамі) і слоў-амонімаў (у розных слоўнікавых артыкулах). Як заўважае Л.М.Мінакова, «устанаўленне меж паміж полісеміяй і аманіміяй... залежыць не столькі ад моўнай рэальнасці, колькі ад аргументацыі вучоных-лінгвістаў» [13, с. 116].
|
||||
Последнее изменение этой страницы: 2016-08-14; просмотров: 1111; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.143.237.54 (0.015 с.) |