Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Спосабы выкладу навуковай інфармацыі

Поиск

Тыпалогію тэкстаў у навуковай літаратуры звычайна прадстаўляюць у наступным выглядзе: 1) функцыянальна-камунікатыўны тып тэксту (навуковы, публіцыстычны, размоўны і г.д.); 2) камунікатыўны тып тэксту (інфармавальны, выяўленчы, лагічны); 3) функцыянальна-сэнсавы тып тэксту (апісанне, апавяданне, разважанне); 4) прагматычны тып тэксту (наратыўны – паведамленне, камунікатыўны – стасункі); 5) лінгвакраіназнаўчы тып тэксту (прагматычны, праекцыйны); 6) структурны тып тэксту (з ланцужковай сувяззю, з паралельнай сувяззю і інш.) [16, 46]. Мы спынімся на разглядзе функцыянальна-сэнсавага тыпу тэксту.

Мастацкім тэкстам тыпу апавядання, апісання, разважання ўдзялялася і ўдзяляецца шмат увагі (М.М.Шанскі, Л.М.Лосева, Г.Я.Салганік, І.Я.Лепешаў, М.Я.Цікоцкі, А.М.Юрэвіч, Г.М.Малажай і інш.). Як пазначае С.Г.Ільенка, «функцыянальна-сэнсавы тып маўлення трактуецца ў гэтым выпадку як фрагмент тэксту, аб’яднаны адзінай задумай і звязаны з вырашэннем адной з трох задач: ці 1) статычна (у адных прасторавых і часавых межах) апісаць фрагмент рэчаіснасці, ці 2) дынамічна апісаць фрагмент рэчаіснасці на працягу пэўнага часу з магчымым перамяшчэннем у прасторы, ці 3) апісаць прычынна-выніковыя сувязі фактаў навакольнага свету» [4, 69].

Функцыянальна-сэнсавымі тыпамі навуковых тэкстаў займаліся нямногія даследчыкі, у прыватнасці, М.М.Кожына, Е.С.Траянская, В.А.Нячаева і інш. Як пазначае М.М.Кожына, «навуковая мова, з аднаго боку, і мастацкая, з другога, адлюстроўваюць асаблівасці розных тыпаў мыслення: адпаведна – строга паняційна-лагічнага і вобразна-паэтычнага» [6, с.6]. Таму, натуральна, спосабы выкладу інфармацыі ў навуковым тэксце будуць мець сваю спецыфіку.

Апавяданне, на думку М.М.Кожынай, у навуковых тэкстах займае нязначнае месца (за выключэннем гістарычных і геаграфічных тэкстаў). Паколькі апавяданне – гэта тып тэксту, у якім дынамічна апісваецца фрагмент рэчаіснасці на працягу пэўнага часу з магчымым перамяшчэннем у прасторы, яго можна сустрэць у паведамленнях пра ход выканання сваіх уласных эксперыментаў, у звестках гістарычнага характару, ва ўспамінах пра факты асабістай біяграфіі ці з жыцця іншых даследчыкаў (своеасаблівыя адступленні ад уласна навуковых праблем тэксту), у расказе аб цікавых ці незвычайных працэсах, з’явах, сітуацыях у гісторыі развіцця навукі, у мімаходных заўвагах, устаўках-агаворках і інш. Такім тэкстам уласцівы пераважны зварот да дзеясловаў прошлага часу. Напрыклад: Жангаловіч Іван Данілавіч (20.02.1892–29.07.1981). Нарадзіўся ў г. Гродне. Скончыў Петраградскі універсітэт. Заслужаны дзеяч навукі РСФСР. Выкладаў у Ваенна-марской акадэміі імя К.Я.Варашылава, працаваў дырэктарам Істытута тэарэтычнай астраноміі АН СССР. Удзельнічаў у экспедыцыях па вывучэнні Курскай магнітнай анамаліі, па даследаванні Паўночнага Ледавітага акіяна, у высокашыротных экспедыцыях у раёны Арктыкі і інш. Распрацаваў спосаб вызначэння масы Зямлі па назіраннях штучных спадарожнікаў Зямлі. Яго імем названа малая планета (Астраномія, 11 кл.).

Апісанне – гэта разнавіднасць апавядання [6, с.94], якая ўяўляе сабой рознабаковую і сістэматычную характарыстыку аб’екта маўлення (прадметы, асаблівасці, састаў і пад.) у статычным (у адных прасторавых і часавых межах) аспекце. Апісанне выкарыстоўваюць пры характарыстыцы як пераліку істотных асаблівасцей, прымет ці ўласцівасцей якога-небудзь прадмета або даследуемых аб’ектаў. Апісанню ўласціва значная перавага дзеясловаў цяперашняга часу, гэты спосаб выкладу інфармацыі часцей сустракаецца ў тэкстах школьных падручнікаў. Напрыклад: Ад усіх іншых жывёл птушкі адрозніваюцца многімі асаблівасцямі будовы і біялогіі, звязанымі з палётам. Цела птушкі складаецца з параўнальна невялікай галавы, доўгай рухомай шыі, яйцападобнага тулава, хваста і канечнасцей. У час палёту птушка выцягвае галаву, прыціскае да цела або выцягвае назад ногі, і ўсё цела прымае абцякальную форму.

Ва ўсіх птушак ёсць дзюба, пры дапамозе якой птушкі здабываюць корм, будуюць гнёзды, абараняюцца ад ворагаў. Зубоў у птушак няма. Гэта аблягчае масу цела, што мае вялікае значэнне пры палёце.

Для хады ў птушак прыстасаваны заднія канечнасці. Адметная асаблівасць шкілета ног – наяўнасць цэўкі. У птушак звычайна чатыры пальцы: тры накіраваны ўперад, адзін – назад... (Біялогія, 8-ы клас).

Пад разважаннем разумеюць тып тэксту, у якім разгляд пэўных пытанняў, праблем грунтуецца на лагічнасці, аргументаванасці. Лінгвісты прапаноўваюць адрозніваць тры семантычныя разнавіднасці разважання: разважанне-доказ, разважанне-роздум, разважанне-тлумачэнне.

Разважанне-доказ будуецца па схеме: тэзіс у выглядзе сцвярджэння і яго абгрунтаванні, якія даюцца без адлюстравання працэсу мыслення ў пошуках доказу. Звычайна адрозніваюць прамы доказ і ўскосны. Прыклад прамога доказу:

Тэарэма. Процілеглыя грані паралелепіпеда ляжаць у паралельных плоскасцях.

Доказ. Дакажам, напрыклад, што грані АА1В1В і DD1C1C паралелепіпеда ABCDA1B1C1D1 ляжаць у паралельных плоскасцях. Паколькі ABCD – паралелаграм, то AB ║CD. Чатырохвугольнік AA1D1D – паралелаграм, значыць, AA1 ║DD1. Такім чынам, дзве прамыя АВ і АА1 плоскасці, у якой ляжыць грань АА1В1В, адпаведна паралельныя дзвюм прамым DC і DD1 плоскасці, у якой ляжыць грань DD1C1C, значыць, па прыкмеце паралельнасці, гэтыя плоскасці паралельныя.

Тэарэма даказана. (Геаметрыя, 10-ы кл.).

Пры ўскосным доказе дапускаецца супрацьлеглы тэзіс і даказваецца яго немагчымасць, што пацвярджае правільнасць прапанаванага тэзіса.

Разважанне-роздум будуецца па наступнай схеме: прапануецца прадмет роздуму, у адпаведнасці з гэтым прадметам роздуму актуалізуюцца ўсе веды, затым аўтар спрабуе ўстанавіць прычынна-выніковыя адносіны (з’ява – заканамернасць), у сувязі з імі прапануе гіпотэзу (ці некалькі), правярае яе, робіць вывад. Напрыклад: Як вы ўжо ведаеце, Галілео Галілей эксперыментальна даказаў, што ўсе целы падаюць на Зямлю з адным і тым жа паскарэннем, якое называецца паскарэннем свабоднага падзення. Чаму ж гэта паскарэнне аднолькавае для ўсіх цел? Якія прычыны выклікаюць рух Месяца вакол Зямлі практычна па кругавой арбіце? Чаму планеты Сонечнай сістэмы, у тым ліку наша Зямля, рухаюцца вакол Сонца?

Ньютан быў першым вучоным, які спачатку выказаў гіпотэзу, якая растлумачвае гэтыя з’явы, а потым строга яе даказаў. Ён выказаў меркаванне, што паміж любымі целамі існуюць сілы прыцягнення і, напрыклад, падзенне каменя і рух Месяца па сваёй арбіце вызначаюцца сілай прыцяжэння Зямлі. Каб устанавіць закон, якому падпарадкоўваюцца сілы прыцягнення, Ньютан параўнаў траекторыі і паскарэнні гэтых цел.

Камень, кінуты гарызантальна, калі не ўлічваць супраціўленне паветра, як вы ведаеце з кінематыкі, рухаецца да Зямлі з паскарэннем свабоднага падзення па траекторыі, якая ўяўляе сабой парабалу. Калі ж павялічваць пачатковую скорасць і вышыню кідання, то далёкасць палёту цела таксама ўзрастае і з-за крывізны паверхні Зямлі пры пэўнай пачатковай скорасці камень наогул можа не дасягнуць Зямлі і пачне рухацца вакол яе падобна да Месяца. З гэтага мысленнага эксперымента Ньютан зрабіў вывад, што рух каменя і рух Месяца абумоўлены адной і той жа прычынай – прыцяжэннем Зямлі... (Фізіка, 9 кл.).

У аснове разважання-тлумачэння ляжыць схема дэдуктыўнага разважання: для кожнага аб’екта сапраўдна, што калі ён мае ўласцівасць S, то ён мае ўласцівасць P. Дадзены аб’ект мае ўласцівасць S. Значыць аб’ект мае ўласцівасць P. Напрыклад: Два простыя лікі называюцца простымі лікамі-блізнятамі (P), калі іх розніца роўная 2 (S). Розніца простых лікаў 3 і 5 складае 2 (S), значыць, 3 і 5 – простыя лікі-блізняты (P).

Спосаб выкладу разважанне сустракаецца пры доказе пэўных навуковых палажэнняў, праверцы гіпотэз, тлумачэннях, палеміцы з іншымі аўтарамі і г.д. Выбар разнавіднасці разважання залежыць ад жанру, тэмы, стылю і ўстаноўкі аўтара. Для тэкстаў тыпу разважання характэрна выкарыстанне разнастайных часавых форм дзеясловаў, але з перавагай цяперашняга часу.

Доля розных спосабаў выкладу ў тэкстах мяняецца ў залежнасці ад прадмета навукі, яе метаду і накіраванасці зместу. У эксперыментальных навуках (якія шырока выкарыстоўваюць эксперымент, – фізіка, хімія і інш.) часцей выкарыстоўваецца апавяданне. У логіка-тэарэтычных навуках (матэматыка, філасофія і інш.) часцей выкарыстоўваецца разважанне (доказ). У навуках апісальнага характару (біялогія, астраномія і інш.) пераважае апісанне.

Як заўважае М.М.Кожына, спосабы выкладу інфармацыі не ахопліваюць усёй разнастайнасці метадаў ці спосабаў паведамлення ў навуковай літаратуры. Яна прапануе выдзеліць спосаб выкладу абагульненне-фармулёўка і разглядаць гэты спосаб не толькі як кампазіцыйную частку тэксту, а як спецыфічны спосаб выкладу для навукі [6, с.206]. Абагульненне-фармулёўка заўважаецца пры выкладзе вывадаў, рознага роду абагульненняў, фармулёўцы законаў, вызначэнні паняццяў і катэгорый навукі і пад. Напрыклад, абагульненне па тэме «Закон сусветнага прыцягнення»: 1. Сілы гравітацыйнага ўзаемадзеяння (прыцягнення) універсальныя, дзейнічаюць паміж любымі целамі і прапарцыянальныя здабытку мас узаемадзейных цел.

2. Сілы прыцягнення залежаць ад адлегласці: для матэрыяльных пунктаў яны адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці паміж імі, для аднародных шароў адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці паміж іх цэнтрамі.

3. Гравітацыйныя і інертныя масы цела роўныя (Фізіка, 9 кл.).

Для сучаснай навуковай літаратуры не ўласціва такая з’ява, каб цалкам увесь тэкст навуковай работы выкладаўся якім-небудзь адным спосабам (апісанне, апавяданне ці разважанне). Як правіла, спосабы выкладу пераплятаюцца: аўтар ад апавядання пераходзіць да разважання ці апісання, доказу, абагульнення і інш. В.А.Нячаева звяртае ўвагу, што варта размяжоўваць «кантамінаваны функцыянальна-сэнсавы тып» і спалучэнне розных функцыянальна-сэнсавых тыпаў у адным мікратэксце. Кантамінаванасць праяўляецца ў напластаванні сэнсавых адценняў, уласцівых розным тыпам тэкстаў. «Кантамінаванае маўленне не з’яўляецца тэматычным спалучэннем розных тыпаў маўлення, што вядзе да ўтварэння новай (трэцяй) моўнай адзінкі, г.зн. кантамінаванага тыпу маўлення» [11, с.202]. Напрыклад: Адной з самых цікавых зорак Персея з’яўляецца α Персея. Старажытныя арабы звалі яе Рас Аль-Гуль, або Галава д’ябла. Цяпер яна вядомая пад назвай Альголь. Сама зорка ўвесь час змяняе свой бляск, нібы падміргвае. Магчыма таму старажытныя астраномы далі зорцы такую д’ябальскую назву. Упершыню зоркай зацікавіўся ў канцы 60-х гг. XVIII ст. італьянскі астраном і матэматык Мантанары. Але яго даследаванні згубіліся. Толькі ў 80-я гг. XVIII ст. пераменнасць Алголя адкрыў глуханямы англійскі юнак Джон Гудрайк. Амаль праз сто гадоў астраномы здолелі растлумачыць пераменнасць зоркі: гэта зацьменна-пераменная зорка, нават сістэма з дзвюх зорак, якія кружацца вакол агульнага цэнтра масы. Адна, халаднейшая, засланяе сабой гарачэйшую. Тады мы назіраем памяншэнне бляску. Калі, наадварот, яна заходзіць за больш гарачую, мы бачым, што зорка становіцца ярчэйшай. Вось так яна нам і падміргвае (К.Цыркун). Кантамінаванасць у гэтым тэксце фармальна выражаецца праз выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу, прыметнікаў у розных формах ступеней параўнання, што ўласціва апісанню. Аднак сам тэкст застаецца пры гэтым апавяданнем.

 

Праверачны тэст

1. Апісанню ўласцівы

1) статычнасць;

2) перадача пастаянных ці часовых уласцівасцей;

3) паслядоўнасць дзеяння, руху;

4) лагічнасць, аргументаванасць;

5) дынамізм.

Устанавіце адпаведнасць

А. Звязнасць тэксту выяўляецца

Б. Цэласнасць тэксту дасягаецца

 

1. Супадзеннем колькасці абзацаў і звышфразавых адзінстваў (ССЦ).

2. Тэматычным і мадальным адзінствам (паўторнай намінацыяй ключавых слоў, шляхам выбару аўтарам пэўных маўленчых сродкаў).

3. Праз знешнія структурныя паказальнікі (сказы, празаічныя строфы), выкарыстанне пабочных канструкцый, займеннікаў, лексічных паўтораў.

Абзац і ЗФА

1) часам супадаюць;

2) у адно ЗФА уваходзяць абавязкова 2 абзацы;

3) у адно ЗФА могуць уваходзіць 2 і больш абзацаў;

4) абзац можа змяшчаць некалькі рознатэматычных ЗФА;

5) абзац павінен змяшчаць не больш 3-х рознатэматычных ЗФА.

6)



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-14; просмотров: 515; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.156.17 (0.013 с.)