Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Сярэдневяковая беларуская культура

Поиск

Духоўна-культурнае станаўленне Беларусi звязана з непасрэдным далучэннем да ўсяго багацця агульначалавечай культуры. Перадумовай узнiкнення старажытнай беларускай культуры мож­на лiчыць шырокiя культурныя сувязі з Вiзантыяй i заходне­еўрапейскiмi краiнамi, якiя асаблiва ўмацавалiся пасля прыняцця хрысцiянства. Увядзенне епархiй i з’яўленне мана­стыроў у Х– ХI стст. на беларускiх землях былi ступенямi ў развiццi лiтаратуры i асветы. Менавiта на светапоглядным падмурку хрысцiянства ўзнiклi культура i фiласофская думка на раннесярэдневяковых беларускiх землях. Хрысцiянскi гуманiзм, паз­баўлены саслоўных абмежаванняў, абумовiў яго духоўную ўплы­вовасць. Кiрыла Тураўскi, Клiмент Смаляцiч i iншыя асветнiкi гэтай эпохi iмкнуц­ца да фiласофскага, рацыяналiс­тычнага асэнсавання рэчаiснасцi. Адметнасцю iх фiласофскiх вучэнняў з’яў­ляецца вера ў маг­чымасцi чалавечага розуму як надзейнага сродку пазнання свету. Маральны пафас хрысцiян­скага гуманiзму дастаткова хутка пранiкае ў старажытнабеларускую лiтаратуру i набывае адзнакi ўстойлiвай нацыянальнай традыцыi, вызначае яе ўзнёслы ўнутраны пафас.

 
 
Ефрасіння Полацкая

 

 

 


Ефрасіння Полацкая (каля 1104–1173). Беларуская святая, была адной з першых асветнiц. Прадслава (свецкае iмя) з’яўлялася дачкой малодшага сына Усяслава Чарадзея, Святасла­ва (у хрышчэннi Георгiя).

Ефрасіння Полацкая

Нарадзiлася яна, як мяркуюць, у 1104 г. У юнацтве стала манашкай, прыняўшы імя Ефрасiннi.Пачатак свайго манаскага жыцця Ефрасiння правяла ў келлi Полацкага Са­фiйскага сабора, дзе займалася перапiскай царкоўных кнiг. Па iнiцыятыве Ефрасiннi была пабудавана царква Спаса – унiкальны помнiк мураванага дойлiдства Беларусi.

Потым яна заснавала каля Полацка жаночы манастыр Св.Спаса, пры якiм адкрыла школу для навучання дзяцей грамаце. Ефра­сiння заснавала i мужчынскi Багародзiцкi манастыр. Гэтыя манастыры сталi асяродкамi асветы ў Полацкiм княстве, пры якiх працавалi вучэльнi, бiблiятэкi, iканапiсная i ювелiрная майстэрнi. Сама Ефрасiння складала i запiсвала малiтвы i дыдактычныя пропаведзi. Пад канец жыцця яна адправiлася ў паломнiцтва да гроба Гасподняга ў Iерусалiм. Там i памерла ў 1173 г.

У 1187 г. мошчы Ефрасiннi Полацкай былi перавезены ў Кiева-Пячэрскую лаўру, а ў пачатку ХХ ст. – у полацкую царкву Спаса.

Пасля смерцi Ефрасiннi невядомы аўтар склаў “Жыццё Ефрасiннi Полацкай”. Гэта адзiн з вельмi нямногiх помнiкаў лiтаратуры старажытнага Полацка, якi дайшоў да нас. Аўтар услаўляе настойлiвую i самаахвярную жанчыну, яе iмкненне да ведаў i духоўнай дасканаласцi. “Жыццё...” прасякнута пафасам сцвярджэння хрысцiянскiх светапоглядных уяўленняў i iмкнен­нем да праўдзiвасці. Актыўным суб’ектам сцвярджэння праў­дзiвасцi выступае ў творы Ефрасiння.

З iмем Ефрасiннi звязаны крыж, зроблены на яе замову ў 1161 г. полацкiм майстрам Лазарам Богшам, якi з поўным правам можна назваць шэдэўрам сваёй эпохi. Праўда, месцазнаходжанне яго пакуль невядома.

Духоўны ўплыў беларускай асветнiцы Ефрасiннi Полацкай адчуваўся на ўсiх землях старажытнай Русi. Яе iмя i справы, воб­раз падзвiжнiцы сталi шырока вядомыя ў ХVI ст., калi мiтрапалiт Макарый уключыў яе “Жыццё...” ў “Мiнеi-чэццi”. Найпадобнейшую Ефрасiнню Полацкую глыбока шануюць ва ўсiм хрыс­цiянскiм свеце.

Кірыла Тураўскі (каля 1130 – пасля 1190). Вядомы беларускi пiсьменнiк, прапаведнiк, царкоўны дзеяч.

Кірыла Тураўскі

Нарадзiўся i выхоўваўся ў г.Тураве. Сын заможных бацькоў. Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасцiг вышэйшыя тагачасныя навукi ад грэчаскiх настаўнiкаў. Добра валодаў народнай вобразнай i стараславянскай мовамi, глыбока ведаў вiзантыйскую культуру, асаблiва паэзiю i красамоўства. Рана стаў паслушнiкам аднаго з тураўскiх манастыроў. Каля 1123 г. пайшоў у Нiкольскi манастыр, быў iераманахам i настаяцелем гэтага манастыра. У 1159 г. прыняў епiскапства. Сваю пасаду разглядаў як нялёгкi абавязак хрысцiянiна i асветнiка.

На думку даследчыкаў, да лiтаратурнай спадчыны Кiрылы Ту­раўскага адносіцца больш за 70 твораў розных жанраў. Захавалiся 8 слоў-казанняў, 2 прытчы, 2 казаннi, 2 пасланнi да Васiля – iгу­мена Пячэрскага, 2 каноны i каля 30 спавядальных малiтваў. Яго творы набылi вялiкую папулярнасць на Русi. У iх ён тлумачыў сiмволiку бiблейскiх кнiг. Ён прапаведаваў евангельскую боскую ласку, радасць адчування духоўнага нараджэння ў Хрысце.

Для хрысцiянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўнiцкая i асветнiцкая творчасць Кiрылы Тураўскага была сапраўдным адкрыццём красы i мастацкай выяўленчай сiлы роднай мовы.

Творы Кiрылы Тураўскага набылi вялiкую папулярнасць на Русi i распаўсюджвалiся ў спiсах на працягу многiх стагоддзяў. Пазней яго малiтвы, казаннi, прытчы неаднойчы друкавалiся рознымi выдаўцамi. Фiласофскiя i маральна-этычныя погляды пiсьменнiка раскрываюцца ў яго творах у форме прытчаў, з выкарыстаннем мастацкiх вобразаў i сiмвалаў. Так, у спавядальных малiтвах, створаных К.Тураўскiм, яскрава адчуваецца шчырае лiрычнае самараскрыццё душы чалавека перад Богам. Праблема чалавека ў яго грамадскiм быццi сiмвалiчна раскрываецца ў некаторых прытчах. Шэраг твораў К.Тураўскага прысвечаны раскрыццю сацыяльна-этычнага сэнсу манаскага жыцця. Духоўная мiсiя манахаў, лiчыў К.Тураўскi, заключаецца ў тым, каб даць чалавеку i грамадству ўзоры быцця з Богам, жыцця ў чысцiнi i ў адпаведнасцi з Боскай праўдай.

У асобных творах красамоўнiцкага жанру выкрываецца недасканаласць дзяржаўнага ладу, зямной улады, якая служыць грахоў­най прыродзе чалавека, а не яго духоўнаму ўдасканаленню.

Клімент Смаляціч (?–пасля 1161) вядомы як пiсьменнiк i царкоўны дзеяч. Верагодна, што адукацыю атрымаў у Канстан­цiнопалi. Быў спачатку манахам Зарубскага манастыра непадалёку ад Кiева, сем гадоў з’яўляўся мiтрапалiтам Кiеўскiм i ўсяе Русi. Даследчыкi сведчаць, што Клiмент Смаляцiч дасканала ведаў антычную лiтаратуру. У Iпацьеўскiм летапiсе пра яго сказана, што ён “быў кнiжнiк i фiлосаф, якiх у рускай зямлi не бывала”. Гэтая характарыстыка, бясспрэчна, вельмi справядлiвая. Клiмент быў пладавiты пiсьменнiк, але да нашага часу захаваўся толькi адзiн яго твор – “Пасланне Фаме прэсвiтэру”. Гэтае “Пасланне...” раскрывае кругагляд i iнтарэсы вучонага, царкоўнага дзеяча. З паслання бачна, што К.Смаляцiч дазваляў iншаска­зальнае тлумачэнне Свяшчэннага Пiсання. Паводле меркаванняў Клiмента, важныя не толькi лiтаральнае, але i сiмвалiчнае разуменне бiблейскiх тэкстаў, iх творчая iнтэрпрэтацыя. Для распрацоўкi i выкладання сваiх думак ён шырока выкарыстоўваў працы Гамера, Платона i Арыстоцеля.

Значнае месца ў светапоглядзе К.Смаляцiча належыць iдэi антрапацэнтрычнасцi. Разглядаючы чалавека як вянец тварэння, як асноўны цэнтр Сусвету, створаны па ўзоры i падабенстве боскiм, Клiмент падкрэслiвае, што чалавеку належыць iмкнуцца да маральнага ўдасканалення, услаўляць Бога i дзякаваць яму. У “Пасланнi...” ён адзначае духоўна-маральную прыроду чалавека. К.Смаляцiч адстойвае маральную чысцiню думак i ўчынкаў, падтрымлiвае духоўнае памкненне да найвышэйшых каштоў­насцей быцця. Ён заклiкаў людзей сканцэнтраваць сваю дзейнасць на духоўным, вечным, адмовiцца ад матэрыяльных даброт, уключаючы царкоўную маёмасць.

Вышэйшы сэнс чалавечага iснавання К.Смаляцiч бачыць у разуменнi пабудовы свету, боскай арганiзацыi быцця. Зразу­меўшы гэта, чалавек становiцца, такiм чынам, на шлях пазнання Бога i сваiмi ўчынкамi можа далучыцца да Творцы цi, наадварот, аддалiцца ад яго.

Аўрамій Смаленскі

Аўрамій Смаленскі (сярэдзіна ХІІ ст. – 1224). Асветнiк, рэлiгiйны i грамадскi дзеяч. Нарадзiўся ў Смаленску. З дзяцiнства выхаваны ў духу строгай хрысцiянскай маралi i прывучаны да сiстэматычных кнiжных заняткаў. У сталым узросце ён вырашыў прысвяцiць сябе справе рэлiгiйнага служэння i асветы. Раздаў усю сваю маёмасць манастырам, цэрквам i бедным, а сам пайшоў у манастыр, размешчаны ў вако­лiцах Смаленска. Тут ён старанна вывучаў творы Iаана Златавуста, Яфрэма Сiрына, жыцii святых i займаўся зборам i перапiсваннем кнiг. Пасля 30 гадоў манаскага служэння ў 1198 г. ён прыняў сан прэсвiтэра i стаў шырока вядомы як прапаведнiк i настаўнiк не толькi манаскай брацii, але i свецкiх асоб. Да яго прыходзiлi за духоўнай парадай, настаўленнем.

Аўрамiй заклiкаў смалян няўхiльна прытрымлiвацца маральных прынцыпаў хрысцiянства, клапацiцца пра духоўнае ўдаска­наленне жыцця, увесь час памятаць пра Бога, малiцца дзень i ноч, каб не быць асуджаным на Судзе потым. Памёр ён прыкладна ў 1224 г., пражыў ў манастве 50 гадоў. Пасля смерцi, як i пры жыц­цi, Аўрамiя шанавалi смаляне як нястомнага прапаведнiка рэлi­гiйнага пакаяння i непазбежнасцi Страшнага Суда. За актыўнае прапаведаванне хрысцiянства i ўзорнае жыццё праваслаўная царква кананiзавала яго. “Жыцiе прападобнага Аўрамiя Смаленскага” распавядае пра падзвiжнiцкую дзейнасць асветнiка.

Кіпрыян (1330–1406). Па паходжаннi серб або балгарын. Некаторыя даследчыкi называюць яго ўраджэнцам Лiтвы. Займаў пасаду iераманаха пры Канстанцiнопальскiм патрыярху. З 1373 г. знаходзiўся ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у якасцi ўпаўнаважанага прадстаўнiка патрыярха. Быў прыхiльнiкам незалежнасцi Лiтоў­скай мiтраполii ад маскоўскага рэлiгiйнага цэнтра. Па прапанове вялiкага князя Альгерда заняў кафедру Лiтоўскага мiтрапалiта i ўзначальваў мiтраполiю да 1389 г. Iм было шмат зроблена па ўмацаваннi ролi Лiтоўскай мiтраполii ў рэлiгiйным жыццi ўсходнiх славян. Мiтрапалiт Кiпрыян як мага стрымлiваў экспансiю каталiцкай царквы, шмат увагi надаваў духоўнай асвеце насельнiцтва ВКЛ. Кiпрыянам зроблены многiя пераклады богаслужэбных кнiг на старабеларускую мову. У сваiх блiскучых прамовах i пасланнях мiтрапалiт заклiкаў народ ВКЛ да маральнага i рэлiгiйнага ўдасканалення, падкрэслiваў велiч i выратавальную сiлу хрысцiянскай веры.

Кіпрыян і Юстына

Даследчыкi лiчаць Кiпрыяна аўтарам “Ле­тапiсу аб пачатку зямлi рускай”. У гэтым творы ён паказаў гiсторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзiнства ўсiх славян. У летапiсе ёсць звесткi па гiсторыi ВКЛ. Адзначаецца ваенны талент Альгерда.

Кiпрыян напiсаў таксама “Жыццё св.мiт­ра­палiта Пятра”, “Зводную кормчую”, не­калькi пасланняў Сергiю Раданежскаму, шэраг грамат i малiтваў.

Грыгорый Цамблак

Цамблак Грыгорый (1364–1450). Па паходжаннi балгарын. У канцы ХIV ст. вёў прапаведнiцкую дзейнасць у манастырах Вiзантыi, Сербii, Малдавii. У 1406 г. пасялiўся ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Па прапанове вялiкага князя Вiтаўта ў 1415 г. быў абраны мiтрапалiтам на Наваградскiм саборы епiскапаў без згоды патрыярха.

Будучы мiтрапалiтам Лiтоўскiм i Кiеўскiм, Цамблак працягваў i развiваў традыцыi ўрачыс­тага красамоўства, закладзеныя К.Тураўскiм. Ён з’яўляўся аўтарам больш за 40 твораў. Яго про­паведзi, дыдактычна-панегiрычныя словы, паву­чаннi, жыцii напiсаны вобразнай мовай, насычаны метафарамi, параўнаннямi. У сваiх працах Г.Цамблак узнiмаў пытаннi шырокага грамадскага значэння, абараняў праваслаўную веру i культуру, услаўляў нацыянальна-культурных дзеячаў.

Пропаведзi i жыціi, складзеныя Г.Цамблакам, распаўсюджвалiся ў беларускiх манастырах, з’яўлялiся ўзорам для мясцовых кнiжнiкаў i духоўна ўзбагачалi чытачоў ВКЛ. Яго лiтаратур­ная спадчына станоўча паўплывала на развiццё беларускай лiтаратуры, а творы ўключалiся ў шматлiкiя рукапiсныя зборнiкi ХV−ХIХ стст.

Такiм чынам, старажытныя беларускiя землi мелi багатую лiтаратурную спадчыну. Лiтаратурная дзейнасць беларускiх мыслiцеляў высока ацэньвалася ў Старажытнай Русi. Багатая лiтаратура Полацкай, Тураўскай, Смаленскай i Навагарадскай земляў садзейнiчала станаўленню i развiццю беларускай мовы. Старажытныя беларускiя гарады мелi школы, у якiх грунтоўна вывучалiся грэчаская i лацiнская мовы, дзе можна было атрымаць шырокую адукацыю. Сапраўдныя лiтаратурна-асветнiцкiя школы iснавалi ў манастырах, якiя выхавалi славутых мыслiцеляў i асветнiкаў.

10.5. Мастацтва Беларусі ў Сярэднявеччы

Дойлідства. На тэрыторыi старажытных беларускiх княстваў у XI–XIV стст. назiраецца хуткi рост гарадоў, якiя становяцца эканамiчнымi, адмiнiстрацыйна-палiтычнымi i культурнымi цэнтрамi эпохi Сярэднявечча. Адна з характэрных рыс раннефеадальных гарадоў – развiццё фартыфiкацыйнага дойлiдства i манументальнай архiтэктуры. Паралельна з масавым грамадзянскiм будаўнiцтвам узводзяцца абарончыя i культавыя збудаваннi. Для iх у горадзе выбiралiся лепшыя месцы, i яны нярэдка станавiлiся планiровачным цэнтрам навакольнай забудовы. Паступова дрэва выцясняецца камена-цаглянымi матэрыяламi. Ужо ў ХI ст. у Полацку Сафiйскi сабор быў узведзены з плоскiх цаглiн (плiнфы) на вапнавым растворы. Да сярэдзiны ХII ст. склалiся полацкая i гродзенская школы дойлiдства.

Беларускiмi дойлiдамi гэтага часу ўзведзены унiкальныя помнiкi архiтэктуры: Спаса-Ефрасiннеўская царква ў Полацку, Барысаглебскi манастыр ў Бельчыцах, Барысаглебаская царква ў Навагрудку i iнш. Старажытнабеларуская школа дойлiдства значна паўплывала на развiццё архiтэктуры ў суседнiх з Беларуссю землях. Полацкiя, вiцебскiя дойлiды ўзводзiлi храмы ў Ноў­гарадзе, Смаленску i многiх гарадах беларускiх княстваў.

 

 

Сафійскі сабор пабудаваны ў Полацку пры князі Усяславе Брачыславiчу прыкладна памiж 1044–1066 гг. як праваслаўны 5-нефавы крыжова-купальны храм з трыма гранёнымi апсiдамi. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было шэсць прамавугольных плоскiх лапатак, якiя адпавядаюць унутранаму падзелу памяшкання 16 слупамi на нефы. Тры сярэднiя нефы заканчваюцца апсiдамi. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтральны купал. Сцены складзены з прыроднага каменя i плiнфы ў тэхнiцы паласатай муроўкi (муроўка са “схаваным радам”, што стварае двухколерную гаму паверхнi), характэрнай для полацкай школы дойлiдства. Полацкі храм прыметна адрознiваўся ад Сафii кiеўскай i Сафii наўгародскай. Дойлiды не паўтарылi тып пабудаваных у Кiеве i Ноўгарадзе храмаў, а стварылi храм, максiмальна ўлiчыўшы мясцовыя асаблiвасцi. Полацкая Сафiя адносiлася да рэдкага на Русi тыпу крыжова-кýпальных храмаў, у якiх усходняе рамена крыжа некалькi павялiчана. Храм атрымаўся цэнтрычным, таму што падкупальны квадрат быў размешчаны ў самым цэнтры пабудовы. Знадворку Сафiйскi сабор выглядаў як складанае шматкупальнае збудаванне з пiрамiдальнай кампазiцыяй завяршэнняў. Унутры храм быў размаляваны. Першапачатковы выгляд сабора не захаваўся. Храм шмат разоў перабудоўваўся. У канцы ХV – пачатку ХVI ст. ён быў перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу.

Сафiйскi сабор, г. Полацк

Гродзенская царква Барыса і Глеба (на Каложы) – помнiк мураванай ста­ражытнай рускай архiтэктуры, адзiны помнiк гродзенскай школы дойлiдства ХII ст. Пабудавана ў другой палове ХІІ ст. у Гродне на высокiм правым беразе Немана, побач з Замкавай гарой на тэрыторыi былога Каложскага пасада. Царква Барыса i Глеба ўяўляла шасцiслуповы трохапсiдны храм. Слупы круглыя (дыяметр каля 1 м) на прамавугольных цокалях. Круглыя слупы былi рэдкай з’явай у стара­жытна­рускiм дойлiдстве. На значнай вышынi, ля асновы скля­пенняў, слупы мелi звычайную крыжовую ў плане форму. Сцены складзены з плiнфы ў тэхнiцы роўнаслаёвай муроўкi. Для будаўнiцтва выкарыстана лакальная цэгла са скругленым вуглом, з паўкруг­лым шырокiм бокам, падобная да трапецыi. На тарцах некаторых цаглiн ёсць знакi. У верхняй частцы сцен i ў скляпеннi былi ўмурованы галаснiкi. Фасады ўпрыгожаны лапаткамi ступеньчатага профiлю, устаўкамi з гранiтных i гнейсавых камянёў розных адценняў са шлiфаванай верхняй паверхняй, розна­каляровымi палiванымi керамiчнымi плiтамi. У верхняй частцы сцен вузкiя аконныя праёмы з арачнымi перамычкамi. Падлога царквы была пакрыта палiванымi плiткамi. У алтарнай частцы меўся фрэскавы жывапiс, сцены асноўнага памяшкання, верагодна, не былi размаляваны. У царкве былi хары, якiя займалi не толькi заходнюю частку будынка, але ў выглядзе вузкiх галерэй знаходзіліся ўздоўж паўночнай i паўднёвай сцен да апсiд. Царква Барыса i Глеба на Каложы разбурылася ў 1853 г., калi падмыты ракой бераг абвалiўся. У вынiку рухнула паўднёвая сцяна i частка заходняй сцяны храма. Ад старажытнага храма захавалiся паўночная i частка заходняй сцяны, тры апсiды i два заходнiя падкупальныя слупы.

Спаса-Ефрасiннеўская царква адносiцца да полацкай школы дойлiдства. Пабудавана дойлiдам Iаанам па заказе Ефрасiннi Полацкай памiж 1152–1161 гг. як саборны храм Спаса-Ефрасiн­неўскага манастыра. Спаскi сабор узведзены з плiнфы ў тэхнiцы муроўкi “са схаваным радам” i знадворку быў атынкаваны вапнай. Пiлястры храма плоскiя двухступеньчатыя. Фасады сабора былi аздоблены дэкорам. Гэта мураваны трохнефавы шасцi­слуповы крыжова-кýпальны храм. У царкве мелiся малень­кiя келлi, адна з iх, паводле падання, прызначалася для Ефрасiннi Полацкай. Iнтэр’ер аздоблены фрэскамi ХII ст. – унiкальнымi творамi старажытнарускага манументальнага мастацтва.

Выявы святых пададзены ў класiчных прапорцыях: з прадаў­гаватымi тварамi, вялiкiмi вачыма, жывымi вуснамi. Каляровая гама чырвона-карычневая, сiне-блакiтная, зяленая вохра з адцен­нямi, контур выкананы чырвона-карычневай фарбай.

Старажытнымi фрэскамi таксама была размалявана вонкавая паўднёвая сцяна.

Царква Благавешчання ў Віцебску пабудавана на левым беразе Заходняй Дзвiны на месцы былога рамеснiцка-гандлёвага пасада Нiжняга замка ў сярэдзiне ХII ст. Гэты трохнефавы шасцiслуповы храм меў адну паўкруглую апсiду.

Адметнай асаблiвасцю храма была раўнамернасць яго чля­ненняў, сярэднi неф падзелены на чатыры квадратныя ячэйкi. Царква ўзведзена з плiнфы i каменя. Абчасаныя камянi былi па­кладзены спачатку ў адзiн, потым два рады, а затым iдуць два-тры рады плiнфы.

Будынак меў высокi цокаль. Асаблiвасцю планiроўкi з’яў­ляецца размяшчэнне галоўнага ўваходу адносна падоўжанай восi ў правы бок. Гэта звязана з тым, што ў левай частцы заходняй сцяны была зроблена лесвiца на хары. Бакавыя фасады былi па­дзелены лапаткамi на амаль роўныя часткi, пры гэтым унутраныя чляненнi не супадалi з вонкавымi.

Царква аказала значны ўплыў на полацкае дойлiдства ў ХII ст., асаблiва на планiровачную схему i выкарыстанне дадатковых невялiчкiх алтароў на харах. Царква была багата ўпрыгожана фрэскамi, вытрымкамi ў карычнева-чырвонай, ружова-жоўтай, зялёна-блакiтнай каляровых гамах.

Збераглiся i выява анёла, геаметрычны ўзор вакол праёмаў i ўздоўж сцен. Царква шмат перабудоўвалася. У 1962 г. была разбурана.

Вялiкi сабор Бельчыцкага манастыра адносiцца да збудаван­няў уласна полацкай архiтэкту­ры. Ён быў узведзены прыкладна ў 20–30-я гг. ХII ст. Сабор уяў­ляў шасцiслуповы храм з трыма апсiдамi. Перад парталамi на ўсiх трох фасадах былi амаль квадратныя ў плане прытворы, якiя надавалi будынку крыжовасць. Фасады таксама падзелены плос­кiмi лапаткамi ў адпаведна­сцi з унутранымi чляненнямi.

Царква Благавешчання, г. Віцебск

Сабор пабудаваны з плiнфы ў тэхнiцы муроўкi “са схаваным ра­дам”. Памеры храма даволi вялi­кiя: даўжыня – 22,5 м, шырыня – 16,5 м. Падлога сабора з вапны, у некаторых памяшканнях – з палi­ваных керамiчных плiтак. Унутры храм быў размаляваны.

У Вялiкiм саборы манастыра назiраецца тэндэнцыя да iстотнай перапрацоўкi крыжова-купальнай схемы ў бок утварэння кампазi­цыi з вежападобна ўзнятым барабанам купала.

Вежа ў Камянцы – помнiк абарончага дойлiдства. Пабудавана памiж 1276–1288 гг. паводле загаду валынскага князя Уладзiмiра Васiлькавiча як парубежны апорны пункт. Круглае ў плане мураванае збудаванне (вышыня каля 30 м, вонкавы дыяметр 13,5 м, таўшчыня сцен 2,5 м) перакрыта нервюрным скляпеннем з кранштэйнамi, над якiм узвышаецца баявая галерэя з 14 пра­мавугольнымi масiўнымi зубцамi са схаванымi адтулiнамi. Унутры вежа падзялялася драўлянымi памостамi на пяць ярусаў. Будынак складзены з цёмна-чырвонай i жоўтай брусчатай цэглы (26, 5х13, 5х8 см) з канаўкамi на адной з плоскасцей. Муроўка балтыйская. Сценка дэкарыравана атынкаванымi плоскiмi арач­нымi нiшамi, прарэзана байнiцамi (у 1–4-м ярусах – вузкiя шчы­лiнападобныя, у 5-м – стральчатыя). У тоўшчы сцяны на баявую галерэю вядуць (з пятага яруса) цагляныя ўсходы, асветленыя двума вузкiмi акенцамi. Мастацкая выразнасць пабудовы дасягаецца маналiтнасцю аб’ёму, лаканiчнасцю архiтэктурнага вырашэння, удалым размяшчэннем вежы на ўзгорку, якi быў абнесены валам з драўлянымi сценамi наверсе.

Лiдскi замак быў пабудаваны ў 20-я гг. ХIV ст. Ён адносiцца да мураваных замкаў, што па сваёй кампазiцыi наблiжалiся да рыцарскiх замкаў тыпу “кастэль”.

У адрозненне ад замкаў ХIII ст., якiя будавалiся пераважна з дрэва, муры гэтага замка складзены з валуноў на вапне i толькi завяршэнне сцен – з вялiкамернай цэглы. Замак меў два ўваходы, байнiцы i баявую галерэю з памостам для воiнаў. Збудаванне вырашана ў строгiх i лаканiчных архiтэктурных формах.

План яго нагадвае чатырохвугольнiк, галоўнай архiтэктурнай дэталлю якога з’яўлялася працяглая сцяна з вялiкiх камянёў i цэглы, упрыгожаная зверху аркатурным фрызам. У архiтэктурна-мастацкiх прыёмах адчуваецца ўплыў раманскай архiтэктуры i готыкi.

Лідскі замак

Замак у Гродна пабудаваны ў 1398 г., меў чатыры мурава­ныя вежы, якiя былi злучаны прасламi сцен. Вежы былi квадратнымi ў плане, таўшчы­ня сцен – каля 3 м. З усходняга боку памiж вежамi ўзвышаўся палац, якi пры неабходнасцi ператвараўся ў абарончае збудаванне. Каля замка мелася мураваная крэпасць – Нiжнi замак. У ХV ст. Верхнi i Нiжнi замкi злучалiся мостам, якi быў перакiнуты праз роў.

Жывапіс. Жывапiс Беларусi набыў самабытныя рысы ўжо на першых этапах гiсторыi нашай краiны. У ХII–ХIV стст. у бела­рускай мiнiяцюры i iканапiсе назiраюцца асаблiвасцi, звязаныя са старарускай традыцыяй, а таксама ўспрынятыя ад заходне­еўрапейскага мастацтва. Так, каноны ўжываюцца з некаторай свабодай, фiгуры набываюць пластычнасць, у аблiччы святых з’яўляецца жыццёвасць, вельмi багатай становiцца арнаментацыя. Беларускiя майстры запрашалiся ў гэты час для роспiсу шэрага замкаў i храмаў Польшчы, Лiтвы, Рускай дзяржавы.

У ХII ст. на Полаччыне iснавалi самабытныя школы жывапiсу. Цесныя сувязi полацкай княжацкай дынастыi з Вiзантыяй спрыялi пранiкненню мастацтва вiзантыйскага стылю. На мастацтва беларускiх зямель пэўнае ўздзеянне аказала таксама раманскае выяўленчае мастацтва. Фрэскi i мiнiяцюры, якiя дайшлi да нашых часоў, сведчаць, што полацкiя майстры творча пера­асэнсоўвалi i перапрацоўвалi сусветныя мастацкiя стылi. Асаблi­васцю помнiкаў мастацтва ХII–ХV стст. з’яўляецца спалучэнне мясцовых, вiзантыйскiх i раманскiх формаў.

Манументальны жывапiс вывучаемага перыяду прадстаўлены ў асноўным фрэскавымi роспiсамi храмаў. Да нашых часоў захавалiся нешматлiкiя фрэскi Сафiйскага сабора, Пятнiцкай i Барысаглебскай цэркваў, царквы Благавешчання ў Вiцебску. Дасле­­даваннi фрэсак Сафiйскага сабора ў Полацку сведчаць, што яны мелi багатую, разнастайную колеравую гаму.

Вялiкую цiкавасць уяўляюць роспiсы бельчыцкiх храмаў: Пятнiцкай i Барыса­глебскай цэркваў. У верхняй частцы сцен i на скляпеннях Пятнiцкай царквы былi раз-мешчаны кампазiцыi “Стрэчанне”, “Распяц­це” i “Аплакванне”. У выявах святых адчуваюцца эмацыянальная выразнасць i пластычнасць постацей, дынамiка жэстаў i ру­хаў. Жывапiс у асноўным вытрыманы ў характэрным для старажытнарускага сценапi­су каларыце – спалучэнне зялёнага, чырвонага i белага колераў.

Розныя манеры жывапiсу адчуваюцца ў фрэскавых роспiсах храмаў Ефрасiннеўскага манастыра.

Сiстэма роспiсаў у агульных рысах вiзантыйска-кiеўская. У кýпале знаходзiлася выява бласлаўляючага Спаса, на ветразях – выявы евангелiстаў. У версе апсiды змяшчалася выява мацi боскай Аранты. Другi ярус зверху быў заняты “Святым прычасцем”.

Фрэскi Спаскай царквы характарызуюцца псiхалагiчнай глыбi­нёй, эмацыянальнасцю, духоўнай актыўнасцю вобразаў. Роспiс сабора Спаса-Праабражэння Ефрасiннеўскага манастыра ўказвае на сувязь з вiзантыйска-кiеўскай мастацкай традыцыяй. Але ў iм адчуваецца i шэраг арыгiнальных рыс, якiя надаюць iм iнды­вiдуальнасць i своеасаблiвасць мясцовага характару.

Мастацкую каштоўнасць уяўляе роспiс царквы Барыса і Глеба ў Гродне. У адрозненне ад iншых храмаў яна мела фрэскавы роспiс толькi ў алтары. Рэстаўратары выявiлi кампазiцыю “Святая Тройца”, крыж карсунскай формы. Памiж алтарных арак зной­дзены выявы двух анёлаў, сонца i месяца.

Багата ўпрыгожаны фрэскамi былi Барысаглебская царква ў Навагрудку, Нiжняя царква ў Гродне, царква Благавешчання ў Вiцебску.

Такiм чынам, вывучэнне захаваўшыхся фрэсак сведчыць, што манументальны жывапiс эпохi Сярэднявечча па сваiх мастацкiх якасцях, тэхнiчных прыёмах быў на высокiм ўзроўнi.

Мiнiяцюры адносяцца да мастацкiх твораў малых памераў, якiя адрознiваюцца асаблiва тонкай манерай нанясення фарбаў. Вядома, што мастацкi ўзровень мiнiяцюры ў многiм залежыць ад стану пiсьменнасцi. З прыняццем хрысцiянства на Беларусi хутка пачала распаўсюджвацца рукапiсная кнiга. Пры многiх храмах стваралiся кансiсторыi, у якiх перапiсвалiся i аздаблялiся кнiгi. На стылiстыку старажытнабеларускай мiнiяцюры аказвалi ўплыў вiзантыйская i раманская мастацкiя традыцыi. Напрыклад, у вi­зан­тыйскiм стылi выкананы iнiцыялы Тураўскага евангелля ХI ст. Большасць iнiцыялаў мадэлiраваны ў тры колеры: чырвоны, сiнi, зялёны. Загалоўныя лiтары маляўнiчыя, вялiкiя. Iх колер карыч-невата-каштанавы, малюнак вытанчаны. Мастацкую цiка­васць уяўляе Аршанскае евангелле, створанае ў пачатку ХIII ст. У iм маецца шмат iнiцыялаў i змешчаны дзве мiнiяцюры з адлюстра-ваннем евангелiстаў Лукi i Мацфея. Фiгуры евангелiстаў паказаны ў руху i складаным ракурсе. Мастак стварыў яркiя славян­скiя вобразы, напоўненыя жыццёвай сакавiтасцю iндывi­дуальных партрэтных характарыстык. Творы прываблiваюць чыс­тымi зала­цiста-вохрыстымi, чырвонымi i цёмна-зяленымi фарба­мi. Да полацка-смаленскай школы адносяць вучоныя i Унiвер­сiтэцкае евангелле ХIII ст. Выява Iаана каларытам i характа­рыстыкай аблiчча пераклiкаецца з мiнiяцюрамi Аршанскага евангелля.

Па-майстэрску выкананы мiнiяцюры Служэбнiка Варлаама Ху­тынскага. Выявы Iаана Златавуста i Васiля Вялiкага выкананы з высокiм мастацкiм густам, характарызуюцца тонкiм фiлiг­ранным майстэрствам.

Аналiз мiнiяцюр, створаных на Беларусi ў гэты перыяд, сведчыць, што мастакi кнiгi ўмела спалучалi мастацкi вопыт Вiзантыi, Заходняй Еўропы i мясцовыя рысы. У канцы ХII –пачатку ХIII ст. сфармiравалiся асновы сваёй мастацкай школы.

Станковы жывапiс шырока прадстаўлены такiм яго вiдам, як iканапiс. Творы белару-скага станковага жывапiсу ХIV–XV стст., якiя дайшлi да нас, сведчаць, што ўплывы заходнееўра­пейскага мастацтва закранулi i яго. Але ў станковы жывапiс пранiкаюць таксама тэхнiчныя прыёмы i густы народнага бытавога мастацтва. Асаблiвасцю беларускага iканапiсу з’яўляецца шырокае ўжыванне ў яго дэкаратыўнай сiстэме пластычных сродкаў. Падкрэсленую дэкаратыўнасць надавалi разьба, лепка, накладныя элементы. Абразы i партрэты свецкiх асоб пiсалiся на сасновых, лiпавых або дубовых дошках тэмпернымi, радзей алейнымi фарбамi.

У гiстарычных дакументах i лiтаратуры ўпа­мiнаюцца некаторыя творы станковага жывапi­су, якiя iснавалi ў ХIV–XV стст. Так, у в.Азяты на Брэстчыне царкву ўпрыгожваў абраз Мiколы Цудатворца, упамiнаюцца старажытныя абразы, якiя захоўвалiся ў Богаяўленскай царкве ў Магiлёве.

Некалькi больш суровы па эмацыянальным ладзе абраз “Мацi Боская Смаленская” з Дубiн­ца. Ён графiчней за папярэднiя, мае вельмi жорсткую, падобную на арнамент размалёўку складак адзення i рэзкiя бялiльныя штрышкi на твары. Гэты абраз больш дэкаратыўны па колеры.

Апiсаныя творы даюць падставу меркаваць аб высокiм узроўнi развiцця мастацтва на беларускiх землях. Жывапiс ХII–ХV стст. быў шчыльна звязаны з вiзантыйскiм i заходнееўрапейскiмi традыцыямi i адлюстроўваў лад мыслення i пачуццяў, уласцiвых ранняму Сярэднявеччу.

Дробная пластыка. Пластычнае мастацтва беларускiх зямель было цесна звязана са старажытнарускай традыцыяй. Аб гэтым яскрава сведчаць творы дробнай пластыкi i палiхромнай драўля­най i каменнай скульптуры, якiя захавалiся да нашых дзён. Археолагамi знойдзена шмат твораў дробнай пластыкi з косцi, дрэва, каменя i бронзы. Археалагiчныя знаходкi сведчаць, што ў асабiстым ужытку вельмi былi распаўсюджаны лiтыя крыжы i абразкi, касцяныя шахматныя фiгуры i грабянi, пячаткi i рэльефныя фiгуркi.


Крыжы-энкалпiёны належаць да вялiкай групы вырабаў меднага лiцця. Лiтыя бронзавыя крыжы апрача культавай функцыi выконвалi ролю ўпрыгожванняў. Iх насiлi паверх адзення. Энкал­пiёны ўяўлялi чатырохканцовы роўнабаковы крыж з медальёнамi на канцах, у якiх змяшчалiся выявы розных святых. Заслугоўвае ўвагi крыж з в.Купяцiчы каля Пiнска. Гэты твор тыпалагiчна адпавядае мадэлi, якая з’яўляецца найбольш характэрнай для разглядаемага перыяду. На дзвюх створках энкалпiёна змешчаны распяцце з выявамi святых i Мацi Боскай з дзiцём, а ў медальёнах – бюсты пакутнiкаў.

У Мсцiславе знойдзены крыж-энкалпiён з выявай архангела Мiхаiла ў доўгiм адзеннi i з жэзлам у руках.

На крыжах ХIV–ХV стст. нярэдка сустракаюцца шмат­фiгур­ныя кампазiцыi на розныя евангельскiя тэмы. Узорам такiх энкал­пiёнаў з’яўляецца крыж, якi знойдзены ў Лукомлi. У сяродкрыжжы – фiгура Хрыста, у медальёнах на канцах – Мацi Боская i Iаан Хрысцiцель, зверху i знiзу архангелы Мiхаiл i Гаўрыiл. На другiм баку ў сяродкрыжжы – фiгура легендарнага Мiкiты, якi б’е д’ябла.

Аналагiчныя лiтыя энкалпiёны знойдзены ў многiх гарадах Беларусi: Брэсце, Гродне, Друцку, Магiлёве, Мiнску, Навагрудку, Полацку, Тураве.

Абразкi з’яўляюцца выдатнымi творамi дробнай пластыкi. Яны былi шырока распаўсюджаны ў асабiстым ужытку. Абразкi насiлi на грудзях замест абярэгаў, якiя павiнны былi ахоўваць чалавека ад няшчасцяў i хвароб.

Пры раскопцы Верхняга замка ў Полацку знойдзены абразок з выявай цара Канстанцiна i царыцы Алены, якiя трымаюць перад сабой крыж. Да ХII–ХIII стст. можна аднесцi унiкальны двух­баковы абразок, якi выяўлены на замчышчы ў Мiнску. На адным яго баку – паясная выява Мацi Боскай, на другiм – выява апостала Пятра. Фiгура апостала пададзена франтальна, iканаграфiчны тып не зусiм традыцыйны.

Сярод археалагiчных знаходак ёсць абразкi, зробленыя з косцi. Названыя творы пластыкi знойдзены ў Ваўкавыску, Тураве i iншых гарадах. Тураўскi двухрадковы рэльефны абразок мае прамавугольную форму з даволi шырокай рэльефнай рамкай. У верхнiм радзе – Спас Нерукатворны, у нiжнiм – Нiкан i Мiкола. Выявы дадзены ў плоскiм рэльефе, якi мякка пераходзiць да фону. Твары святых – шырокаскулыя, з пляскатымi насамi. Гэта сведчыць аб тым, што дробная пластыка была цесна звязана з рамяством, вызначалася адноснай незалежнасцю ад царкоўных канонаў.

Пячаткi належаць да асаблiвага вiду пластычнага мастацтва. Iх у перыяд ранняга Сярэднявечча мелi члены княжацкiх сем’яў, прадстаўнiкi духавенства. Яны адцiскалiся на свiнцовых кружках, якiя падвешвалiся на шнурку да дакумента.

Выклiкаюць цiкавасць пячаткi тураўскага князя Дзмiтрыя (ХI ст.), Ефрасiннi Полацкай, полацкага епiскапа Дыянiсiя (ХII ст.). Вядомы пячаткi, якiя знойдзены ў Ваўкавыску, Пiнску i iншых месцах.

З вялiкiм майстэрствам выканана пячатка кн.Дзмiтрыя. На адным баку – чатырохпялёсткавая разетка, на другiм – фiгура князя. На яго галаве карона, у правай руцэ – дзiда, у левай – шчыт.

Арыгiнальнасцю адрознiваецца пячатка Ефрасiннi Полацкай. Вакол яе выявы размяшчаецца надпiс. На адваротным баку пячаткi змешчана шматфiгурная кампазiцыя Праабражэння. Цэнтральнае месца ў ёй займае выява Хрыста.

Шахматныя фiгуркi – вельмi распаўсюджаныя творы пласты­кi, якiя дайшлi да сучаснiкаў. Яны блiзкiя памiж сабой па вы­кананнi i апрацоўцы, што з’яўляецца адметнасцю стылю ў мiнiяцюрнай скульптуры Старажытнай Беларусi. Фiгуры, якiя знойдзены на тэрыторыi нашай краiны, сведчаць, што яны выраблялiся майстрамi па ўзорах Сярэдняй Азii. Многiя фiгуркi абстрактныя, маюць форму пiрамiдак, конусаў i цылiндрыкаў. Праўда, выяўлены фiгуркi i “з тварыкамi”, якiя выразаны з косцi ў рэалiстычнай манеры. Гэта сапраўдныя мiнiяцюрныя скульптуры, зробленыя таленавiтымi мясцовымi разьбярамi.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Узнiкненне i рост старажытных гарадоў станоўча паўплывалi на развiццё беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Майстрамi вырабляюцца рэчы хатняга ўжытку, зброя, упрыгожаннi як з шырокадаступных, так i дарагiх матэрыялаў. Бранзалеты, пацеркi, падвескi, колты аздаблялiся геаметрычным i раслiнным арнаментам. У асяроддзi сялян i гараджан бытаваў геаметрычны арнамент, вырабы для феадалаў аздаблялiся больш дэкорам з раслiнных i жывёльных формаў. Прадметы дружынна-баярскай знацi характарызуюцца вытанчанасцю i дасканаласцю выканання.

Разнастайныя па форме i дэкоры вырабы з косцi, дрэва, шкла. Значную мастацкую каштоўнасць маюць дайшоўшыя да нас прадметы з металу. У дэкоры металiчных вырабаў шырока пада­дзены стылiзаваныя выявы розных жывёл i птушак. Да лiку высокамастацкiх твораў адносяцца многiя керамiчныя вырабы. Значнай дасканаласцi дасягнула ткацка-вышывальнае мастацтва.

 


Крыжападобная падвеска з гарадзіш­ча Мышкоўцы. Браслаўскі раён Гліняны посуд сярэдзіны ІІ тыс. да н.э. Гэтыя каралі з марскіх ракавінак аздаблялі шыю прыгажуні 20 тыс. гадоў таму Аздоба з медзі і шкла. ХІ–-ХІІ стст.

Касцярэзнае мастацтва набыло шырокае развiццё на тэры­торыi Старажытнай Беларусi. Сведчаннем мастацкай апрацоўкi косцi з’яўляюцца дайшоўшыя да нас ад старажытных часоў грабянi, ручкi нажоў, вухачысткi, накладкi для калчанаў i iншыя прадметы. Разнастайныя па форме i дэкоры грабянi аздаблялiся “вочкавым” арнаментам, якi размяшчаўся ў адзiн цi некалькi радоў на плоскай паверхнi вырабу. Дасканала выкананы ўзор на касцяной ручцы нажа ХI–ХII стст. з Лукомля. Шырокiя верхнiя гранi ўпрыгожаны крыжыкамi з двайных лiнiй, а па вузкiх iдзе ланцужок кольцаў з кропачкамi ў цэнтры. Кружок з кропкай пасярэдзiне сiмвалiзаваў сонца, агонь i святло.

Яркiм узорам дэкору ў выглядзе паяскоў i пляцёнкi з’яўляюцца вухачыстка (ХII ст.), касцяныя пласцiны для калчана, знойдзеныя ў Мсцiславе. Пляцёнка мела выгляд паласы з дзвюх стужак, што нагадвала раменнае пляценне. Тонкiм узорам з перапляцення стужак, выпуклых кропак, паяскоў i ўставак з каляровага шкла аздоблена ручка лыжкi (ХIII ст.).

На касцяных вырабах, знойдзеных у Ваўкавыску, Лукомлi, вы-разаны выявы розных пачвар, жывёл i птушак. Тэраталагiчны (“звярыны”) стыль быў вельмi пашыраны ў ХII–ХIII стст. у дэкоры прадметаў, прызначаных для феадалаў. Такi дэкор сведчыць аб высокiм узроўнi касцярэзнага мастацтва ранняга Сярэднявечча.

Па ўзроўнi майстэрства апрацоўкi косцi можна паставiць побач з ювелiрным мастацтвам.

Ювелірнае мастацтва. Метал з самых старажытных часоў служыў матэрыялам для ювелiраў. З яго выраблялi мастацкiя ўпрыгожаннi, каштоўныя бытавыя рэчы, зброю i iншыя прадметы з золата і серабра. У разглядаемы перыяд займалiся мастацкай апрацоўкай i некаштоўных металаў (бронзы, медзi, жалеза, сталi).

Залаты пацір ХІІ ст.

М



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-10; просмотров: 1082; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 13.59.36.4 (0.016 с.)