Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: АрхеологияБиология Генетика География Информатика История Логика Маркетинг Математика Менеджмент Механика Педагогика Религия Социология Технологии Физика Философия Финансы Химия Экология ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Перыядызацыя культуры Старажытнага РымаСодержание книги
Поиск на нашем сайте
і агульная характарыстыка гісторыка-культурных перыядаў Культура Старажытнага Рыма існавала каля дванаццаці стагоддзяў – прыблізна з VIII ст. да н.э. да 476 г. н.э., да заваявання варварамі Заходняй Рымскай імперыі і яе сталіцы – г. Рыма. У гісторыі старажытнарымскай культуры прынята выдзяляць чатыры асноўныя перыяды: старажытнейшы (1-е тыс. да н.э.); этрускі, або царскі (прыкладна 1000–509 гг. да н.э.); культуры Рымскай рэспублікі (509–27 гг. да н.э.); культуры Рымскай імперыі (27 г. да н.э. – 476 г. н.э.). Вышэйпералічаная гісторыка-культуралагічная перыядызацыя культуры старажытнарымскай цывілізацыі супадае з агульнагістарычнай. Археалагічныя раскопкі сведчаць: ужо ў першым тысячагоддзі плямёны этрускаў стварылі даволі высокаразвітую унікальную культуру, якая папярэднічала ўласна рымскай і аказала на яе прыметны ўплыў. Этрускі – гэта група плямён, якія ў першым тысячагоддзі да н.э. насялялі паўночны захад Апенінскага паўвострава. Пасяленні этрускаў вельмі падобны на грэчаскія гарады-дзяржавы. Каменныя сцены і будынкі, выразная планіроўка вуліц, якія перасякаліся пад прамым вуглом, – характэрныя рысы іх гарадоў. Этрускі ўмелі будаваць ахоўныя сцены і дарогі, сістэмы каналізацыі, асушаць забалочаныя тэрыторыі, ствараць сістэмы штучнага арашэння. Яны славіліся высокай тэхнікай апрацоўкі металаў. Знойдзена мноства вырабаў з бронзы – разнастайных статуэтак, люстэркаў, якія вызначаюцца высокімі вартасцямі. Этрускі стварылі арыгінальную чорную з бліскучай паверхняй і рэльефнымі выявамі кераміку, якая імітавала металічныя вырабы. Духоўная культура этрускаў сведчыць аб іх значнай мастацкай здольнасці. Мастацтва іх самабытнае, яму ўласціва імкненне да рэалізму, якое выяўляецца ў роспісах пахавальных урнаў, у тэракотавых надмагільных статуях. Надмагільныя выявы арыстакратыі пазбаўлены ідэалізацыі. Этрускі аказалі моцны ўплыў на фарміраванне і развіццё ўласна рымскай культуры. Рымляне перанялі ў іх правілы і рытуал заснавання горада, усе сімвалы ўлады, інстытут “ліктараў” – служыцеляў, што суправаджалі вышэйшых магістраў, асобных жрацоў і неслі за імі фасцыі – звязкі пруцікаў, якія сімвалізавалі ўладу высокіх выбарных чыноўнікаў. Рымляне выкарыстоўвалі іншыя культурныя з’явы і феномены этрускага паходжання: эмблемы патрыцыянскай годнасці; звычай святкавання “трыумфу”, майстэрства гадання па ўнутранасцях ахвярных жывёл. Пад уплывам этрускаў склаўся і лацінскі алфавіт. Рымляне ў цэлым успрынялі этрускую пісьменнасць, лацінскія лічбы.
Этрускі, або “царскі”, перыяд у гісторыі культуры Старажытнага Рыма змяніўся рэспубліканскім. Ён пачаўся з выгнання цара Тарквінія Гордага і ўстанаўлення рэспублікі. Склалася сістэма кіравання дзяржавай поліснага тыпу, заснаваная на выбарнасці магістраў, а таксама на дзейнасці сената і народнага сходу. Умоўна гэтую эпоху прынята дзяліць на ранні перыяд (VI–III стст. да н.э.) і позні перыяд (III–I стст. да н.э.). Дасягненні культуры старажытнарымскай цывілізацыі ў гэты час уражваюць сучаснікаў і сёння. Перш за ўсё ў галінах навукі і тэхнікі. Найбольшых поспехаў дасягнулі прыкладныя навукі: агракультура, гандлёвая арыфметыка, будаўнічая справа, гідратэхніка, астраномія, ваенная справа. Да III ст. да н.э. адносіцца ўзнікненне ў Рыме літаратуры, у I ст. з’яўляюцца філасофскія творы. У сярэдзіне I ст. да н.э. у Рыме ўзводзяцца першыя манументальныя мармуровыя пабудовы. Помнікі рымскай архітэктуры нават у разбурэнні здзіўляюць сваёй веліччу. Параўнальна рана (II ст. да н.э.) у Рыме з’яўляюцца скульптурныя выявы. Прыблізна з 300 г. да н.э. узнікае жывапіс. Багатая і своеасаблівая культура і культурнае жыццё старажытнарымскай цывілізацыі ў эпоху Рымскай імперыі. У гэты час ва ўладзе горада-дзяржавы Рыма былі практычна ўся Італія і Міжземнамор’е. Аформілася класічная форма рабаўладальніцтва, адбываліся шматлікія знешнія і ўнутраныя войны. Цэнтрамі навуковай дзейнасці Рымскай імперыі становяцца Рым, Александрыя, Афіны, Пергам, Радос, Карфаген і Масілія. Значных поспехаў дасягнулі геаграфія, медыцына, матэматыка, філасофія. Асноўнымі жанрамі рымскага мастацтва становяцца архітэктура, скульптура і жывапіс. У літаратуры зараджаецца новы жанр – раман. У разглядаемы перыяд складваецца рымскае заканадаўства. Такім чынам, у антычную эпоху паралельна з грэчаскай цывілізацыяй існавала велічная культура Старажытнага Рыма, якая мае агульныя рысы са старажытнагрэчаскай культурай. Але нягледзячы на шэраг падабенстваў, старажытнарымская культура мае свае адметнасці. Непадабенства духоўных асноў старажытнарымскай і старажытнагрэчаскай культур адзначалі Г.В.Ф.Гегель, П.П.Гнедзіч, В.Дзюрант, Б.Харэнберг і іншыя даследчыкі Антычнасці. Рымская культура ў параўнанні з грэчаскай мела менш узвышаны і паэтычны, не такі фантазійны, адпаведна, больш прыземлены, рацыянальны характар. Яна вызначалася відавочным прагматызмам, утылітарным характарам, накіраваным найперш на дасягненне практычнай карысці, выгоды, і прыметным геданізмам – імкненнем да атрымання фізічнага задавальнення, пачуццёвай асалоды. Рэлігія. Старажытнарымская рэлігія, па меркаванні В.Дзюранта, амаль увесь перыяд свайго існавання характарызавалася класічным чыстым тапаграфічным політэізмам. Усе багі рымлян падзяляліся на дзве асноўныя групы: духі дома і багі і багіні дзяржаўнай рэлігіі, якім пакланяліся ў час публічных цырымоній. Рымская рэлігія ў ранні перыяд не была антрапаморфнай, таму ў Рыме доўгі час не існавала выяў багоў. Яны з’явіліся пазней пад уплывам этрускай і грэчаскай рэлігій. Рымская рэлігія не перашкаджала засваенню чужых багоў.
Агульная колькасць рымскіх божастваў магла дасягаць некалькіх тысяч. Сярод хатніх божастваў былі вядомы пенаты, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Гэтае слова выкарыстоўваецца таксама ў сэнсе “дом”, “радзіма”. Геніі спачатку былі заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, а пазней – духамі – ахоўнікамі людзей. Свайго генія маглі мець асобныя сем’і, абшчыны, гарады і нават народы. Дзень нараджэння рымскага грамадзяніна адзначаўся як свята ў гонар яго генія. Паводле павер’яў, у мужчын існавалі два геніі – добры і злы, а ў жанчын ахоўніцай лічылася Юнона. Лары – гэта божаствы-ахоўнікі сямей і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Іх выявы стаялі ў кожным доме каля ачага. Яны павінны былі сцерагчы дом, адпужваць незнаёмцаў, дапамагаць гаспадарам. Ларамі называлі таксама родапачынальнікаў, прабацькоў. Маны з’яўляліся духамі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяры – віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак, а ў старажытныя часы нават мелі месца чалавечыя ахвярапрынашэнні. У старжытных рымлян існавалі таксама божаствы асобных сітуацый, падзей, станаў. Акрамя дробязнай дэталізацыі функцый багоў, старжытнарымская рэлігія адрознівалася абстрактнасцю і бязлікасцю. Абагаўляліся нават абстрактныя паняцці. Напрыклад, узводзіліся храмы Перамозе, Надзеі, Шчасцю, Лёсу, Славе, Згодзе, Юстыцыі, Міру і інш. Звычайна адносіны рымлян з багамі будаваліся на аснове “фармальнага дагавору”. Гэта азначала, што калі людзі дакладна, штодзённа выконвалі ўсе рэлігійныя абрады, рытуалы, то багі, як меркавалася, зробяць усё, што ў іх просяць. Паводле старажытнейшых міфалагічных вераванняў, спачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увес свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыцца Янус, які навучыў людзей земляробству, караблебудаўніцтву, ахоўваў мараходцаў. Янус быў вельмі ўплывовым і папулярным богам, таму ў Рыме ў яго гонар пабудавалі мноства храмаў. У царскі перыяд складваецца агульнадзяржаўная рэлігія, ствараецца афіцыйны каляндар рэлігійных свят. Галоўнымі багамі становяцца Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Меркурый, Нептун, Апалон і інш. Юпітэр – вярхоўны бог-цар, бог неба, грому і маланкі, “бацька багоў”. Ён сумяшчаў функцыі мноства мясцо-вых божастваў – быў заступнікам земляробства, вінаградарства, ахоўнікам меж, абаронцам свабоды, а таксама лічыўся богам вайны і перамогі. Роля культа Юпітэра ўзрасла пасля адкрыцця Капіталійскага храма трох багоў – Юпітэра, Юноны і Мінервы. Юнона – багіня месяца, заступніца жанчын і мацярынства, ахоўніца шлюбу, замужніх жанчын і парадзіх, жонка і сястра вярхоўнага бога Юпітэра. У яе гонар рымскія жанчыны адзначалі сямейнае свята – так званыя “матраналіі”. Ад імя Юноны паходзіць назва першага летняга месяца “июнь” (чэрвень). Мінерва – багіня мудрасці, “ваярка”, ахоўніца горада Рыма, заступніца рамёстваў, мастацтва, творчых людзей. Ёй прысвячаліся некалькі храмаў у Рыме. Марс – бог вайны, сын Юпітэра і Юноны. Яго лічылі бацькам двух заснавальнікаў Рыма – братоў-блізнят Ромула і Рэма. Іменем Марса названы першы месяц вясны – “март” (сакавік). Дзіяна – багіня палявання, расліннасці і месяца, “родадапаможніца”. Яе выявы ўстанаўліваліся на перакрыжаваннях дарог. Венера – багіня кахання, прыгажосці, любоўнай страсці. Першапачаткова яна лічылася багіняй садоў і пладоў, а таксама прамаці легендарнага бацькі ўсіх рымлян – Энея. У яе гонар будаваліся храмы. Цэцэра – багіня земляробства, ураджаю, а таксама падземнага свету, мацярынства і шлюбу. Меркурый – бог гандлю і абаронца падарожнікаў, вястун багоў. У яго гонар у Рыме быў пабудаваны вялікі храм, а таксама названа найбліжэйшая да сонца планета. Нептун – бог мораў. Існаваў храм Нептуна ў Рыме на Марсавым полі. Веста – багіня-ахоўніца свяшчэннага ачага горада, абшчыны ці асобнага дома. У Рыме існаваў храм Весты. Яго жрацы – “весталкі” – выбіраліся з ліку дзяўчынак 6–10 гадоў знатных родаў і павінны былі служыць у храме 30 гадоў, прычым увесь гэты час захоўваць цнатлівасць. Галоўным абавязкам весталак было падтрыманне свяшчэннага агню як сімвала дзяржаўнай устойлівасці і надзейнасці. Вулкан – бог кавалёў і рамеснікаў, а таксама ачышчальнага і разбуральнага агню, ахоўнік ад пажараў. Вакх – бог вінаградарства і вінаробства. Ад яго імя паходзяць словы “вакханалія”, “вакханка”. Вакханаліямі называліся містэрыяльна-оргіястычныя святкаванні ў Рыме ў гонар Вакха-Дыёніса, якія паступова пераўтварыліся ў начныя оргіі з удзелам мужчын (хаця спачатку на гэтыя святкаванні дапускаліся толькі жанчыны). Апалон – бог сонца, музыкі, заступнік лекараў і прадказальнікаў. Рымскі імператар Аўгуст абвясціў Апалона сваім патронам, устанавіў у яго гонар так званыя “векавыя гульні”, якія праводзіліся адзін раз у 100 гадоў і ўключалі начныя ахвярапрынашэнні, урачыстыя шэсці ў цырку. Эскулап – бог лячэння. Яго дачка і адначасова ўнучка Апалона – Гігіея – была багіняй здароўя. У гонар Эскулапа будаваліся храмы. Лічылася, што ў яго храме можна ў сне атрымаць выздараўленне або даведацца спосабы лячэння. Сатурн – уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацыум. У яго гонар праводзілася адно з самых любімых свят старажытных рымлян – так званыя “сатурналіі”, падчас якіх людзі наладжвалі шыкоўныя піры, пераапраналіся, выкарыстоўвалі маскі, уручалі падарункі, весяліліся, спявалі, танцавалі. Сатурналіі сталі правобразам сярэдневяковых еўрапейскіх карнавалаў. Акрамя вышэйназваных, у рымлян было яшчэ мноства іншых, менш значных багоў. Паступова даволі папулярнымі ў Рыме сталі багі іншаземнага, найперш усходняга паходжання. Сярод найбольш вядомых і паважаных былі персідскі бог Мітра, егіпецкая багіня ўрадлівасці, мацярынства, жыцця і здароўя Ісіда, малаазійская багіня Кібела і інш. Грамадзяне Рыма былі абавязаны пакланяцца багам. Рымляне не пачыналі ні адной важнай справы не даведаўшыся, як аднясуцца да гэтага багі. Абрадавы бок рымскай рэлігіі распрацоўваўся вельмі дэталёва, што прывяло да шырокага развіцця жрэцтва. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх мог прызначаць вярхоўны жрэц – “пантыфік”. У першыя стагоддзі нашай эры ў Рыме распаўсюджваюцца ўсходнія культы і божаствы. Набірае сілу і ўплыў хрысціянства, якое зарадзілася на перыферыі Рымскай імперыі, у Палесціне. Спачатку першыя хрысціяне, якімі пераважна былі яўрэі, падвяргаліся моцным ганенням з боку мясцовых язычнікаў, аднак у IV ст. хрысціянства становіцца дзяржаўнай рэлігіяй імперыі. Затым пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага мастацтва, былі забаронены Алімпійскія гульні. Перыяд з 150 да 450 г. адзначаны рашучым пераўтварэннем хрысціянства з разрозненага руху ў арганізаваную рэлігію, якая ў эпоху Сярэднявечча распаўсюдзілася на ўсю Еўропу. З цягам часу хрысціянства стала самай масавай рэлігіяй у свеце. Філасофія Старажытнага Рыма. Старажытнарымская філасофія фарміравалася і развівалася пад прыметным уплывам старажытнагрэчаскай філасофіі. Ужо ў I ст. да н.э. шырока вядома было імя Лукрэцыя Кара, аўтара знакамітай філасофскай паэмы “Аб прыродзе рэчаў”. Вялікі ўплыў на рымлян аказалі філасофскія погляды Сенекі, Марка Аўрэлія, Эпікета. Яны належалі да стаіцызму і разглядалі філасофію як вучэнне аб дасягненні маральнага ідэалу, унутранай духоўнай свабоды і шчасця. Дзеля гэтага неабходна змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад людскіх спакусаў. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу, які імкнецца да праўды і дабра. Стаіцызм аказаў прыметны ўплыў на станаўленне ранняга хрысціянства. У Рымскай імперыі існавалі разнастайныя філасофскія школы, кірункі, сярод якіх асноўнымі былі стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Эпікурэізм быў шырока распаўсюджаны ў эпоху імператарскага Рыма і прадстаўлены імёнамі Лукрэцыя, Гарацыя і Цыцэрона. Прыхільнікі эпікурэізму імкнуліся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развівалі ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўлялі чалавечы розум. Яны лічылі вышэйшай мэтай жыцця чалавека дасягненне асалоды, якая заключаецца найперш у адсутнасці пакут, заклікалі людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад яго задавальненне.
Прадстаўнікамі неаплатанізму былі Плоцін, Прокл і інш. Адметнай рысай гэтага вучэння быў своеасаблівы сінтэз ідэй Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсходняй містыкі. У аснове неаплатанізму знаходзілася перакананне ў тым, што існуе вышэйшае бажаство (так званае “Адзінае”), якое з’яўляецца бязмежным і ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце ёсць вынікам эманацыі (“выцякання”) гэтага непазнавальнага “Адзінага”. Паводле неаплатанізму, дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і ў рэшце рэшт зліцца з “Адзіным” у своеасаблівым містычным экстазе. У II–III стст. н.э. пачала фарміравацца хрысціянская філасофія. Яна выступала ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. Патрыстыка – гэта вучэнне айцоў царквы, якія развівалі і абаранялі ідэі і дагматы хрысціянскага веравучэння. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: некаторыя яе адмаўлялі як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога; другія ж, наадварот, лічылі філасофію адным са шляхоў пазнання Бога. Адным са стваральнікаў уласна хрысціянскай філасофіі лічыцца святы Аўрэлій Аўгусцін (354–430 гг.), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства. Мастацтва Старажытнага Рыма Архітэктура. У галіне выяўленчага мастацтва рымляне былі практычнымі. Першапачаткова яны запазычылі асноўныя прыёмы жывапісу, архітэктуры і скульптуры ў этрускаў, а затым у грэкаў. Да II ст. да н.э. у Рыме і іншых гарадах Італіі пераважала драўляная архітэктура. У раннюю эпоху па этрускім узорам былі ўзведзены храм Юпітэра на Капітоліі, свяцілішча Сатурна, храм Згоды і інш. Найчасцей рымляне будавалі не столькі культавыя будынкі, колькі адміністрацыйныя, судовыя, гандлёвыя ўстановы, стадыёны, цыркі, тэатры, бібліятэкі, грамадскія лазні, акведукі і інш. Паступова драўлянае дойлідства пачынае саступаць каменным пабудовам, быў вынайдзены бетон. Для рымскай архітэктуры былі ўласцівы манументальнасць, грандыёзнасць, маштабнасць (звычайна большая ў параўнанні з грэчаскімі помнікамі), велічнасць, пышнасць будынкаў, мноства ўпрыгажэнняў, імкненне да сіметрычнасці пабудоў. Адным з галоўных яе прызначэнняў лічылася праслаўленне велічы імперыі і ўлады імператара. Рымляне найчасцей прымянялі тры грэчаскія архітэктурныя ордэры – дарычны, іянічны і асабліва карынфскі, якому яны надавалі перавагу як найбольш дэкаратыўнаму і відовішчнаму. Рымскія архітэктары шырока прымянялі аркі, купалы, зводы, калоны, пілястры. Узніклі новыя тыпы пабудоў, напрыклад базілікі, амфітэатры, тэрмы, трыумфальныя аркі. Першая базіліка была пабудавана ў 184 г. да н.э. па ініцыятыве вядомага грамадскага дзеяча Марка Порцыя Катона Старэйшага. Яна ўяўляла прамавугольны будынак, раздзелены знутры шэрагамі калон і слупоў. Тут праводзіліся гандлёвыя аперацыі, вяршыўся суд, ладзіліся палітычныя сходы, хаваліся ад дажджу і спёкі. З пачатку II ст. да н.э. рымляне ўпрыгожваюць горад аркамі ў гонар найбольш значных ваенных перамог. У I ст. да н.э. у Рыме пачалі разбіваць грамадскія сады, каля якіх будаваліся тэрмы. Яны ўяўлялі комплекс пабудоў, у якія ўваходзілі грамадская лазня, бібліятэка, месцы для гульняў, сяброўскіх сустрэч і адпачынку, гімнастычныя залы. Наведванне тэрмаў уваходзіла ў штодзённы побыт рымлян. Арачныя і скляпеністыя канструкцыі выкарыстоўваліся таксама пры будаўніцтве амфітэатраў. Імі называліся спецыяльныя эліпсападобныя пабудовы, дзе арганізоўваліся гладыятарскія бойкі, цкаванне звяроў і іншыя масавыя відовішчы. Асаблівую ролю ў жыцці рымлян адыгрывалі форумы. Форум – гэта плошча, якая была галоўным цэнтрам палітычнага, рэлігійнага, адміністрацыйнага і гандлёвага жыцця горада ў Старажытным Рыме. На ім знаходзіліся храмы галоўных багоў, базілікі і інш. Першы “Форум Раманум” быў узведзены ў VI ст. да н.э. Пазней вакол першага форума ўзніклі яшчэ пяць форумаў – імператараў Цэзара, Аўгуста, Веспасіяна, Нервы, Траяна. У тэарэтычную распрацоўку пытанняў архітэктуры значны ўклад унёс рымскі архітэктар і інжынер I ст. да н.э. Вітрувій. У яго трактаце “Дзесяць кніг аб архітэктуры” былі абагульнены вопыт грэчаскага і рымскага дойлідства і распрацавана канцэпцыя горада з цэнтральным форумам. Вітрувій упершыню абгрунтаваў патрабаванне “трываласці, прыгажосці і карысці” пабудоў. Ва ўсім старажытным свеце архітэктура не мае сабе роўнай па вышыні інжынернага майстэрства, своеасаблівасці тыпаў збудаванняў, багацці кампазіцыйных формаў, маштабаў будаўніцтва. Рымляне далі пачатак новай эпосе сусветнага дойлідства, у якой асноўнае месца належала грамадскім будынкам, разлічаным на велізарную колькасць людзей. Скульптура. Скульптурныя выявы ў Рыме з’явіліся параўнальна рана. Пліній Старэйшы паведамляе аб скульптуры ў II ст. да н.э. і ранейшай, уключаючы ганаровыя статуі ў грамадскіх месцах. Сярод скульптурных твораў рымляне найвышэйшага ўзроўню дасягнулі ў галіне “гістарычнага рэльефа” (гістарычныя сюжэты на арках і калонах) і рэалістычнага партрэта. Барэльефы на гістарычныя тэмы з’яўляюцца спецыфічным рымскім скульптурным жанрам, які не меў папярэднікаў у старажытнагрэчаскім мастацтве. Самы ранні з дайшоўшых рымскіх гістарычных рэльефаў – з помніка Элімея Паўла, пастаўленага ў Дэльфах у гонар яго перамогі над македонскім царом Персеем у 168 г. да н.э. У супрацьлегласць грэчаскім аголеным выявам рымляне ствараюць закрытую статую. Прыклад таму найбольш ранні – рымска-этруская статуя II ст.да н.э. “Прамоўца”, дзе паказаны высакародны рымлянін, апрануты ў тогу, з паднятай рукой.
Другім спецыфічным рымскім жанрам быў партрэт, які развіўся са старажытных вайсковых масак, звязаных з пахавальным культам. Па сваіх прынцыпах рымскі партрэт можа быць нават супрацьпастаўлены грэчаскай скульптуры. Апошнія ідэалізуюць чалавека, рымскі партрэт дае яго рэалістычную выяву. У рымскіх скульптурных творах былі відавочнымі спробы перадаць канкрэтны вобраз і выявіць індывідуальнасць чалавека. Пластычны рэалізм рымскіх майстроў дасягнуў росквіту ў I ст. да н.э. У гэты час з’явіліся такія шэдэўры, як мармуровыя партрэты Пампея і Цэзара.
Далейшага развіцця партрэт дасягнуў у часы праўлення імператара Актавіяна Аўгуста (27 г. да н.э. – 14 г. н.э.). Ад гэтага перыяду захавалася мноства партрэтных статуй, бюстаў, рэльефных выяў, якія з выключным рэалізмам перадаюць рысы імператараў, іх жонак, паэтаў, філосафаў і інш. Да цяперашняга часу захавалася прыблізна 250 выяў Аўгуста. Вядома скульптурная выява імператара Веспасіяна. Многія рымскія статуі рабіліся з мармуру і былі копіямі адпаведных грэчаскіх арыгіналаў.Такія копіі карысталіся вялікім попытам сярод заможных рымскіх грамадзян. Жывапіс. Пра старажытнарымскі жывапіс дакладнай інфармацыі вельмі мала, таму што жывапісных твораў рымлян амаль не захавалася, бо з цягам часу знік першасны матэрыял, на якім выконваліся гэтыя работы. Але, як адзначае вядомы амерыканскі вучоны В.Дзюрант, ужо этрускі жывапіс “гаварыў” сваім уласным голасам і быў адзіным у сваім родзе. Выяўленчае мастацтва этрускаў самабытнае, хаця ў ім можна знайсці сляды малаазіяцкіх, а пазней грэчаскіх уплываў. Жывапісу ўласціва імкненне да рэалізму, асабліва гэта характэрна для роспісаў грабніц этрускай знаці. На іх намаляваны сцэны з гаспадарчага жыцця: работа на кухні; кладоўка, поўная прадуктаў харчавання. Этрускія мастакі не клапоцяцца аб перадачы дэталяў, але надаюць шмат увагі перадачы істотных рыс намаляванага.
Для этрускага жывапісу характэрны элементы так званых “бесперапынных выяў”, калі сюжэт адной выявы служыць працягам другой. Гэты пачатак асаблівага “паслядоўна-апавядальнага” стылю ў жывапісе пазней быў развіты рымскімі мастакамі. У этрускім жывапісе прынята выдзяляць два перыяды: архаічны (VI–IV стст. да н.э.) і так званы свабодны, калі найбольш моцным быў уплыў грэчаскага мастацтва. Роспісы архаічнага перыяду ўяўляюць сцэны бесклапотнай паўсядзённасці нешматлікага пануючага слоя: фрагменты палявання, гульні, пірушкі. Толькі ў IV ст. да н.э. тэматыка змянілася, і ў жывапісе пераважаюць змрочныя матывы, фантастычныя прывіды, малюнкі катавання і пакут. Для этрускага жывапісу ўласцівы свой асаблівы стыль – “стыль метоп”: спалучэнне ў роспісах чыста геаметрычных матываў з фігурамі птушак і рыб. Менавіта дзякуючы этрускаму ўплыву рымскі партрэт у жывапісе пазней дасягнуў высокай мастацкай дасканаласці. Аб характары старажытнарымскага жывапісу мы можам меркаваць па фрэскавым роспісе канца III ст. да н.э., які знойдзены ў адным пахаванні на Эсквілінскім узгорку. Тагачаснаму жывапісу ўласцівы той жа рэалізм і “паслядоўна-апавядальны стыль”.
У II−I стст. да н.э. нараджаецца першы рымскі стыль жывапісу − так званы “пампейскі”. Ён ўзнік як наследаванне станковаму жывапісу, з жадання стварыць уражанне размешчаных на сценах карцін. Сцены пакояў падзяляліся намаляванымі на іх архітэктурнымі элементамі, часцей за ўсё калонамі, а асобныя месцы запаўняліся прыгожымі арнаментамі. Для рымскага жывапісу імператарскага перыяду характэрны так званы “чацвёрты пампейскі” стыль з умоўнымі і фантастычнымі выявамі, з намаляванымі і ляпнымі архітэктурнымі дэталямі, спалучэннем яркіх тонаў. Асноўны сюжэт насценных карцін і арнаментаў складалі вада і зеляніна. Улюблёным сюжэтам таго часу былі таксама эпізоды з грэчаскай міфалогіі. Абагульненасцю і экспрэсіўнасцю адметны і тагачасныя партрэты. Высокага майстэрства дасягнулі аўтары знакамітых “фаюмскіх партрэтаў”, што былі знойдзены на тэрыторыі Егіпта. Гэтыя партрэты намаляваны фарбамі з воску на дошках або на асобным палатне. У іх адчуваўся абвостраны інтарэс да чалавечай індывідуальнасці, багатага ўнутранага свету чалавека. Вядомы таксама розныя роспісы, фрэскі і мазаікі, якімі рымляне ўпрыгожвалі сцены, падлогі і дахі палацаў імператараў, грамадскіх будынкаў. Асабліва добра захаваліся жывапісныя творы, мазаікі, фрэскі, рэшткі храмаў, тэрмаў, тэатра ў г. Пампеі. Літаратура. Рымская літаратура ўзнікае ў другой палове III ст. да н.э. як літаратура пераймальная. Вядомы англійскі даследчык культуры А.Тойнбі адзначаў, што “ўся лацінская літаратура, уключаючы нават такія шэдэўры, як паэмы Вергілія, з’яўляецца варыянтам грэчаскіх арыгіналаў, якія пераведзены на латынь”. Пачаткам рымскай літаратуры можна лічыць 240 г. да н.э., калі Марк Лівій Андронік пераклаў на лацінскую мову “Адысею” і некалькі грэчаскіх трагедый. Паступова ў Рыме пачала складвацца лірычная паэзія, якая развілася з народных песень. Заснавальнікам рымскай паэзіі лічыцца Вергілій Публій Варон − аўтар зборніка пастухоўскіх песень “Буколікі”, дыдактычнай паэмы “Георгікі”, няскончанай эпічнай паэмы “Энеіда”. Ужо пры жыцці ён стаў сапраўдным класікам старажытнарымскай літаратуры. Гарацый Квінт Флак з’яўляўся аўтарам лірычных, сатырычных вершаў, філасофскіх паэм, вершаваных зборнікаў “Оды”, “Сатыры”, трактата “Навука паэзіі”. Авідзій Публій Назон праславіўся найперш сваёй любоўнай лірыкай, а таксама буйнымі паэмамі “Фасты”. Яго пяру належаць папулярныя “Любоўныя элегіі”, а таксама вясёлая і іранічная паэма “Навука кахання”. Найвышэйшага росквіту лірычная паэзія дасягнула ў творчасці Гая Валерыя Катула. Яго літаратурная спадчына складаецца са 116 вершаў, у якіх ён пісаў і пра радасць кахання, і здраду каханай жанчыны, і пра смутак аб загінуўшым браце, і выказваў уласныя перажыванні ад вастрыні палітычнай барацьбы, у якой сам актыўна ўдзельнічаў. Да ліку найбольш таленавітых пісьменнікаў-празаікаў можна аднесці Апулея Луцыя (каля 125−180 гг.). Ён з’яўляўся аўтарам славутага аванцюрна-прыгодніцкага рамана ў 11-ці кнігах “Метамарфозы” (“Залаты асёл”). Літаратурнае жыццё канцэнтравалася вакол Гая Цыльнія Мецэната, які збіраў і падтрымліваў матэрыяльна таленавітых паэтаў і празаікаў. У іх ліку былі Вергілій Марон, Гарацэлій Флакх, Секет Праперцый, Публій Авідзій і інш. З найбольш вядомых літаратараў гэтага часу неабходна адзначыць Марка Тулія Цыцэрона (106−43 гг. да н.э.) − палітычнага дзеяча, аўтара і пісьменніка, аднаго са стваральнікаў класічнай лацінскай мовы, славутага майстра аратарскай прозы. З яго творчай спадчыны захаваліся 58 судовых і палітычных прамоў, 19 трактатаў па рыторыцы, філасофіі, палітыцы і больш за 800 пісьмаў. Багатую літаратурную спадчыну пасля сябе пакінулі Марк Валерый Марцыял (каля 40−104 гг.) і Дэцым Юлій Ювенал. Апошняга вельмі паважалі ў старажытнасці і ў Новы час. Шмат якія выразы паэта сталі афарызмамі (“У здаровым целе − здаровы дух”, “Хлеба і відовішчаў” і інш.) У параўнанні з грэчаскай рымская літаратура была не такой маштабнай, эстэтычнай, праўдзівай. Матывы і сюжэты рымскай літаратуры найчасцей былі звязаны з практычным жыццём старажытных рымлян. Для яе была ўласціва асаблівая ўвага да ўнутранага свету асобы, да эмацыянальнага стану, псіхалагічных перажыванняў чалавека. Падагульняючы гісторыю культуры старажытнарымскай цывілізацыі, нельга не сказаць пра рымскае права. Яно складвалася на працягу некалькіх стагоддзяў. Першы звод рымскіх законаў, складзены ў 450 г. да н.э., быў вядомы пад назвай “12 табліц”. Гэтыя законы былі запісаны на табліцах са слановай косці і выстаўлены напаказ, каб кожны мог азнаёміцца з імі. Законы “12 табліц” рэгламентавалі правы ўласнасці, наследавання, грамадскія паводзіны, сямейныя адносіны, грашовыя аперацыі, адказнасць за злачынствы. Пазней, у перыяд Рэспублікі, з мэтай удасканалення традыцыйнага рымскага права сталі выдаваць эдыкты. Займаючы пасаду, суддзі выдавалі асобы дакумент − “эдыкт”, які ўтрымліваў уласнае тлумачэнне коднага закона і быў заснаваны на эдыкце папярэдняга суддзі. Росквіт рымскай юрыспрудэнцыі адносіцца да I−III стст. н.э. Знакамітымі юрыстамі гэтага часу Гаем, Папіянам, Паўлам, Уільпінам, Мадэсцінам і іншымі была распрацавана дэталёвая сістэма прававых нормаў, якія рэгулявалі маёмасныя адносіны. Імі была створана таксама гнуткая сістэма дамоў, якая ахоплівала разнастайныя гаспадарчыя адносіны, устаноўлены нормы забеспячэння абавязкаў, вельмі дасканалыя юрыдычныя нормы аб спадчыне. Найбольшай папулярнасцю карысталіся “Інстытуцыі”, створаныя Гаем. Рымскія юрысты падзялялі права на прыватнае, якое тычылася пэўных асоб, і публічнае, якое адносілася да інтарэсаў Рымскай дзяржавы. У перыяд Рэспублікі рымскія законы прымаліся сенатам і народным сходам, яны сталі больш дэмакратычнымі. Законы ў розных правінцыях Старажытнага Рыма адрозніваліся паміж сабой, паколькі даводзілася ўлічваць мясцовыя традыцыі, звычаі, абрады. У эпоху Імперыі большасць законаў выдаваў непасрэдна імператар. Усе іншыя законы, нават прынятыя сенатам, павінны былі зацвярджацца імператарам. Рымляне ўсяляк узвышалі каштоўнасць закона і павагу да яго. Рымскае права было найбольш дасканалым і распрацаваным у тагачасным цывілізаваным свеце. Яно аказала прыметны ўплыў на развіццё прававой сістэмы розных народаў свету. Культура быту Старажытныя рымляне ў гарадах жылі ў вялікіх шматпавярховых дамах, якія называліся інсуламі. Інсулы складаліся з прасторных шматпакаёвых кватэр. Сям’я займала асобную кватэру − цэнакуле. Найчасцей у інсулах адсутнічалі водаправоды, ванныя пакоі, туалеты, таму людзі вымушаны былі карыстацца грамадскімі ўборнымі, хадзіць у тэрмы. Найбольш забяспечаныя людзі маглі дазволіць сабе жыць ва ўласным доме − домусе. Некаторыя домусы мелі два паверхі і звычайна складаліся з прыёмнай для гасцей (атрый), сталовай (трыкліній), кухні, кабінета (таблін), асобных пакояў. Домус звычайна быў акружаны садам з агароджай − так званая перыстыль. У кожным домусе быў спецыяльны ахвярнік для багоў-ахоўнікаў дома − ларарый, які знаходзіўся ў садзе або ў атрыі. У апісанні Рыма, складзеным у 350 г. да н.э., указаны 1790 домусаў і 46 602 інсулы. Безумоўна, астатнія жыхары горада месціліся ў бедных, цесных каморках. Бедныя рымляне займалі верхнія, як правіла, драўляныя паверхі. Для абазначэння вясковага дома рымляне выкарыстоўвалі слова віла. Іх уладальнікамі былі багатыя гараджане, якія лічылі вёску месцам прыемнага адпачынку і крыніцай дадатковых даходаў. Асноўныя работы на вілах выконвалі рабы, а кіраваў імі спецыяльна прызначаны аканом. Унутраныя пакоі асобных віл былі ўпрыгожаны каляровымі карцінамі, мазаікай на сценах і падлогах. У садах вакол віл нярэдка знаходзіліся фантаны і статуі багоў, людзей і жывёл. Большасць віл былі цэнтрамі сельскай гаспадаркі. На чале кожнай сям’і быў бацька, так званы патэр фаміліас. У склад сям’і звычайна ўваходзілі не толькі муж, жонка і іх дзеці, але жонкі, дзеці сыноў бацькі, а таксама рабы. Патэр фаміліас карыстаўся вялікай павагай і пашанай. Ён меў права распараджацца жыццём кожнага члена сям’і, клапаціўся аб іх дабрабыце, кіраваў рэлігійным жыццём усёй сям’і. Пасля смерці патэр фаміліаса кожны з яго сыноў мог стаць главой новай сям’і. Падобная група сямей, звязаная агульным паходжаннем, утварала клан, які меў назву род.
Жонку і маці ў рымскіх сем’ях называлі матрона, ёй дазвалялася ўдзельнічаць у званых абедах, свабодна прымаць у якасці гасцей не толькі жанчын, але і мужчын. Вобраз жыцця старажытных рымлянак залежаў ад іх маёмаснага стану. Жанчыны з багатых сем’яў ніколі не займаліся ручной працай, у той час як бедныя жанчыны павінны былі самі выконваць шматлікія абавязкі па хатняй гаспадарцы. У цэлым жанчыны ў Старажытным Рыме маглі займацца земляробствам, промысламі і рамёствамі, гандлярствам, а зрэдку працаваць урачамі, настаўнікамі. Мужоў і жонак для сваіх дзяцей звычайна выбіралі бацькі, вельмі часта шлюбы адбываліся па разліку, якія мелі на мэце палітычныя, эканамічныя або спецыяльныя выгоды. Шлюб у Старажытным Рыме быў строга эндагамны, гэта значыць, што адзін мужчына мог мець толькі адну жонку. Для заключэння шлюбу патрабавалася згода бацькоў, а ў больш позні час – саміх маладых. Выдавалі замуж рымскіх дзяўчат вельмі рана – нярэдка да 13–14 гадоў. Традыцыйным было заключэнне шлюбнага дагавору. Падчас вяселля лічылася неабходным дакладна прытрымлівацца пэўных звычаяў, абрадаў, напрыклад, маліцца багам і прыносіць ім ахвяры на хатнім алтары, арганізоўваць вясельны пір. Асноўным адзеннем грамадзян і адначасова своеасаблівым сімвалам іх грамадзянскай годнасці была тога. Яна выраблялася з шарсцяной тканіны, не мела засцёжак ці шпілек, а складкі і драпіроўкі былі зроблены настолькі тонка, што тканіна трымалася на целе сама па сабе. Колер тогі быў пераважна белы, рэдка – чырвоны, карычневы. Асобы, якія займалі больш-менш высокія пасады, насілі тогі ці тунікі белага колеру з пурпурнымі палосамі. Рымлянін, які ўчыніў злачынства, найперш пазбаўляўся права насіць тогу. Хатнім адзеннем старажытных рымлян была туніка. Жанчыны дзеля захавання ўласнай прыгажосці ўкрашалі сябе разнастайнымі каралямі, выкарыстоўвалі касметычныя сродкі, духмя-ныя рэчывы, мазі, бінтавалі спецыяльнай тканінай грудзі і бёдры. У старажытны перыяд бацькі самі займаліся адукацыяй сваіх дзяцей. Затым (прыблізна з ІІ ст. да н.э.) пачала складвацца рымская сістэма адукацыі. У яе ўваходзілі пачатковая школа (у якой вучылі пісьму і лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, веданню асноўных законаў), сярэдняя школа (граматыкаў) і вышэйшая школа (рытараў). У пачатковай школе, у якой вучыліся дзеці з 6 да 11 гадоў, настаўнікамі нярэдка былі адукаваныя рабы-грэкі, захопленыя ў палон рымскай арміяй. Вучні вучыліся пісаць спецыяльнымі палачкамі на гліняных чарапках або на драўляных дошчачках, пакрытых воскам. У сярэдняй школе вывучаліся такія прадметы, як гісторыя, філасофія, геаграфія, геаметрыя, музыка і астраномія. Адным з найбольш важных прадметаў лічылася грэчаская мова, паколькі большасць лепшых кніг па розных галінах ведаў былі напісаны менавіта грэкамі. Своеасаблівым працягам сярэдняй адукацыі лічыліся заняткі з настаўнікам красамоўства – так званым рытарам. Лічылася, што кожны падлетак, які марыў стаць палітычным дзеячам ці юрыстам, павінен умець прыгожа выступаць перад публікай. Падобная вучоба пачыналася звычайна ў 13–14 гадоў і магла працягвацца даволі доўга, часам многія гады. Дзеці найбольш бедных рымлян, а таксама дзяўчаты не маглі атрымаць нават пачатковую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. Багатыя рымляне маглі на свае сродкі ўтрымліваць асобага раба – педагога, які меў абавязкі праводзіць дзяцей у школу і назіраць там за іх вучобай, паводзінамі. Грамадскія забавы і відовішчы ў Старажытным Рыме насілі назву лудзі (гульні). Рымляне вельмі любілі разнастайныя масавыя відовішчы і гульні. Сярод найбольш папулярных відовішчаў былі гонкі на калясніцах, гладыятарскія баі і зводжванне звяроў. Такія гонкі, у якіх прымалі ўдзел некалькі камандаў і дзесяткі калясніц, праходзілі на спецыяльнай арэне пад назвай цырк (ці іпадром). Першапачаткова гладыятарскія баі таксама адбываліся ў цырках, але пазней для іх правядзення пачалі ўзводзіць асобныя каменныя пабудовы – амфітэатры. Гладыятарамі найчасцей станавіліся ваеннапалонныя, злачынцы, рабы, а зрэдку і вольнанаёмныя воіны. Асобныя гладыятарскі
|
||||||||||||
Последнее изменение этой страницы: 2016-08-10; просмотров: 594; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.15.195.84 (0.018 с.) |