Ідэалогія “заходнерусізму” і беларуская нацыянальная ідэя 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Ідэалогія “заходнерусізму” і беларуская нацыянальная ідэя



Супрацьстаяла стварэнню беларускай нацыі і афіцыйная ідэалогія “заходнерусізму”. Распрацаваная ў сярэдзіне XIX стагоддзя праваслаўнымі дзеячамі І.Сямашкай і М.Каяловічам яна сцвярджала, што беларусы, як і ўкраінцы і вялікарусы – частка адзінай рускай нацыі. У межах “заходнерусізму” аформілася дзве 2 плыні – кансерватыўная, прыхільнікі якой імкнуліся як мага хутчэй гэтыя адрозненні ліквідавац і ліберальная – прыхільнікі якой імкнуліся як мага паўней гэтыя адрозненні вывучыць і гэтым узбагаціць вялікарускую культуру. Але абодвы бакі адмаўлялі беларусам у праве лічыцца самастойнай нацыяй. "Заходне-русізм" на самым пачатку свайго фарміравання як ідэалагічнай плыні меў пэўную ліберальна-дэмакрат афарбоўку, што было звязана са спробай з боку рускамоўнага культурнага асяродку даказаць непольскасць беларусаў і тым самым аб'ектыўна садзейнічаць актывізацыі вырашэння пытання аб іх этнічным самавызначэнні. Наогул прадстаўнікі ліберальнай плыні "заходне-русізму" унеслі значны ўклад у вывучэнне гісторыі і культуры Беларусі, развіццё яе статыстыкі, вывучэнне гаспадарчага жыцця; уносілі прапановы па рэарганізацыі с/г, прамысловасці, сістэмы падаткаабкладання. Нярэдка яны свядома імкнуліся сваёй дзейнасцю палепшыць дабрабыт насельніцтва, супрацьстаяць пашырэнню папулярных у той час сярод моладзі сацыялістычных ідэй. Сярод іх сустракаюцца імёны вядомых даследчыкаў Я.Карскага, М.Нікіфароўскага, А.Багдановіча і інш. Выхадцам з Беларусі быў вядомы расійскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў ліберальнага руху ў Расіі, прафесар права У.Спасовіч. На працягу свайго жыцця ён не парываў сувязі з грамадскім жыццем Беларусі і Польшчы.


6. Беларуская нацыянальная ідэя ў другой палове ХІХ ст.

На працягу ХІХ ст. шырыўся на Беларусі патрыятычна-вызваленчы рух шляхецкай інтэлігенцыі, скіраваны супраць царызму. Гэты рух, поліэтнічны па сваім складзе, на пачатку быў зацікаўлены найперш у адраджэнні Рэчы Паспалітай. Паступова, па меры мацавання свядомасці розных этнічных сіл, фармуюцца і незалежніцкія іх ідэалы, што красамоўна выявіла паўстанне 1863 г. Але нацыянальныя інтарэсы і прынцыпы выспявалі і выходзілі ў жыццё не толькі і нават не столькі ў паўстанцкіх акцыях ці шырэй у палітычнай дзейнасці грамадства. Рознабаковая культурная творчасць яшчэ ў першай палове стагоддзя была той прасторай жыцця, якая найлепш высвятляла імкненне чалавека да этнічнай ідэнтыфікацыі, усведамленне ім сваёй тоеснасці з народам і радзімай, высокую цану каштоўнасцяў радзімы. Творчае самавыяўленне і самасцвярджэнне набывае цяпер у краі такі ўстойлівы прадмет, як свая этнічная супольнасць, якой была патрэбна найперш кансалідацыя, яднанне самых розных родавых пачаткаў. Культура настойліва звяртае ўвагу грамадства на іх пазнанне і развіццё. А мастацкая культура Беларусі не пазбягае нават дыдактычных сродкаў уздзеяння на сучасніка, каб актывізаваць яго нацыянальную энергію, захапіць задачай гуртавання этнасу. У вельмі неспрыяльных гістарычных умовах — пад уладай Расійскай імперыі, якая не прызнавала права беларусаў на нацыянальную самарэалізацыю і жорстка праследавала любыя яе праявы — культурнае жыццё заставалася тым надзейным асяродкам, у якім хоць і эпізадычна, у нелегальнай часцей ці паўлегальнай форме, усё ж настойліва прарывалася ў свет беларуская ідэя.

У першай палове ХІХ ст. яна выказвалася як „ліцьвінская” ідэя, звязаная з традыцыяй гераічнай мінуўшчыны Вялікага княства Літоўскага, увасобленая ў рамантычным кульце „Літвы” і высокім маральным патэнцыяле „слаўных ліцьвінаў”, што заставаліся патрыётамі Рэчы Паспалітай. Пазней незалежніцкая ідэя гэтага краю канкрэтызуецца і звязваецца непасрэдна з беларускім этнасам як самастойным і самакаштоўным. Упершыню беларуская нацыянальная ідэя абгрунтавана на старонках брашуры Данілы Баравіка „Пісьмы аб Беларусі” (1882) і пецярбургскага народніцкага часопіса „Гомон” (1884). Гэта было ўжо поўнае падвядзенне вынікаў.

ХІХ ст. — эпоха вострай ідэалагічнай барацьбы за Беларусь паміж рускімі і польскімі шавіністычнымі коламі, якая праходзіла праз рэлігійнае, мастацкае, навуковае школьнае жыццё. У яе арбіту ўцягваліся розныя арганізацыі і рухі, мясцовыя патрыятычныя сілы, якія маюць сваю працяглую рэтраспектыву, сваю гісторыю. Такая гісторыя складвалася ў рэчышчы дзейнасці Уніяцкай царквы (XVII-XVIII стст.), што аб’ядноўвала найбольш здаровыя, адданыя родным караням слаі шляхты і сялянства, якія спадзяваліся этнічна кансалідавацца пад дахам свайго храма. Унія станавілася ў Рэчы Паспалітай (асабліва з 1696 года, калі беларуская мова ў афіцыйным ужытку зменена польскай) адзіным асяродкам беларускай этнічнай самачыннасці. У Грэка-Каталіцкай царкве замацоўваецца беларуская мова як мова пропаведзяў (з 1636 г.) і мова літургіі. Гэты фактар быў адным з самых істотных, што паспрыялі размаху развіцця уніяцтва ў Беларусі пазней, у XVIII ст. і прычыніліся да фармавання свядомай краёвай інтэлігенцыі. Яна шукала сваю адметнасць сярод народаў-суседзяў. І хоць не была яшчэ ў поўным сэнсе стваральніцай нацыянальнай ідэі, але была яе прадвесніцай і пачынальніцай. Гэтая шляхецкая інтэлігенцыя ішла ў паўстанне 1794 года і стварала для паўстанцаў песні-гімны на беларускай мове. У прыватнасці, увайшла ў літаратуру „Песня беларускіх жаўнераў” (1794 г.). Гісторыкі даволі зладжана сцвярджаюць, што паўстанне мела адназначны характар — было скіравана толькі на адраджэнне Рэчы Паспалітай і не выявіла нейкіх рэгіянальных сепаратысцкіх імкненняў. Аднак беларуская мова паўстанцкіх песень — вельмі важны паказчык таго, што нараджалася ў гэтым асяроддзі менавіта беларуская свядомасць. „Песня” — не фальклорны твор. Відавочная яе літаратурна-кніжная структура, і гэта сведчыць, што ўзнік твор пад дахам шляхецкай сядзібы. Характэрна, што ў „Песні беларускіх жаўнераў” выказана глыбокая любоў да бацькаўшчыны, гнеў супраць яе крыўдзіцеля — царызму, кліч да змагання з ім. Адлюстраваны, такім чынам, не дробныя, побытавага ўзроўню клопаты, а кардынальныя пытанні быцця беларускага народу. Ці ж не дзейнічае тут беларуская звышзадача аўтара? Пэўна, што так.

Літаратура пазнейшых часоў, першай паловы ХІХ ст. была пераважна на польскай мове. Але беларускае паэтычнае слова хоць і з падполля, хоць і ў рукапісах, прарывалася да чытача (Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, Ф. Савіч, В. Дунін-Марцінкевіч, Адэля з Устроні, шматлікія аўтары ананімных твораў), станавілася голасам нацыянальнага пераканання. Што да польскамоўных пісьменнікаў, то іх ідэйныя і эстэтычныя погляды не адрозніваліся, па сутнасці, ад поглядаў аўтараў беларускіх вершаў. Развівалася адзіная літаратура краю, тым больш, што ўсе амаль пісалі на дзвюх мовах. Яна, літаратура, найлепш выказвала патрыятычна-асветніцкую тэзу наконт маральнай кансалідацыі розных саслоўяў пад знакам свайго этнасу. „Злюбімся!” — гучыць у фінале паэмы А. Міцкевіча „Пан Тадэвуш” палымяны заклік да сучаснікаў. Гэты маральны імператыў праходзіць праз усю літаратуру Беларусі ХІХ ст. як яе ідэйная дамінанта. З ёю звязаны такі істотны нацыятворчы матыў культурнага руху, як праварочванне шляхецкай інтэлігенцыі тварам да сялянства, да беларускага народнага духу з усімі яго праявамі. Дзеля гэтага літаратура ўсяляк паэтызавала вясковы побыт, раскрывала хараство маральнага свету сялянскай жанчыны, народных рытуалаў і песень (В. Дунін-Марцінкевіч, У. Сыракомля, А. Плуг), малявала глыбокія і прывабныя народныя характары (Я. Баршчэўскі, Ю. Крашэўскі, Э. Ажэшка). Таго ж кірунку былі творчыя інтарэсы беларускіх кампазітараў („Хатні спеўнік”, „Галька” С. Манюшкі).

Асабліва дзейснай у рэчышчы нацыянальнага самапазнання была народазнаўчая праца на роднай ніве. Магутны штуршок даў Віленскі універсітэт, яго педагогі, асабліва М. Баброўскі, І. Даніловіч, таксама таварыства філаматаў. Асветніцкія праграмы філаматаў уключалі шырокае вывучэнне „Літвы”, яе гісторыі, побыту, мовы, народнай творчасці, г.зн., яе духоўных асноваў, якія цэментуюць нацыю. Праўда, філаматы, хоць і ўспрымалі „Літву” як самастойны край, але бачылі яе будучыню ў складзе адроджанай Рэчы Паспалітай. Усё ж іх гарачы краёвы патрыятызм працаваў, урэшце, на незалежніцкую, беларускую ідэю. Падрыхтоўвалі, а пазней і мацавалі гэтую ідэю шматлікія беларусазнаўцы ХІХ ст. ад братоў Тышкевічаў, А. Кіркора, І. Грыгаровіча, М. Без-Карніловіча, П. Шпілеўскага да М. Доўнар-Запольскага і Я. Карскага. Апошнія стварылі навуковы фундамент беларусазнаўства, давёўшы сваімі працамі, што беларусы — самастойная нацыя, якая мае права на саматойны лёс.

Характэрна, што ўсе амаль пісьменнікі ХІХ ст. (усе лічылі сябе ліцьвінамі) працавалі як народазнаўцы па-за сваёй мастацкай творчасцю, пісалі этнаграфічныя, гістарычныя, краязнаўча-мемуарныя нарысы і даследаванні, што было важным сродкам этнічнай самаідэнтыфікацыі. Шмат у гэтай галіне зрабілі Я. Чачот, У. Сыракомля, В. Каратынскі, Ю. Крашэўскі, Ч. Янкоўскі, Э. Ажэшка, В. Касцялкоўская. Гістарычную спадчыну краю глыбока асэнсоўвалі мастакі Я. Дамель, Я. Сухадольскі, В. Дмахоўскі, К. Альхімовіч. Гераічныя і драматычныя ўрокі пройдзенага ў іх творах вучылі цаніць сваё, фармавалі думку пра беларускі шлях.

Праз ўсё стагоддзе бесперапынна пульсавала ў свядомасці тутэйшай інтэлігенцыі гарачае імкненне ўзняць свой народ да актыўнай нацыянальна-гістарычнай дзейнасці, зрабіць яго суб’ектам гэтай дзейнасці. Трывожыла этнічная невызначанасць, шукалася дарога да глыбінь народнага духу і роднага слова.

У гістарычнай навуцы Беларусі склалася меркаванне, што нацыя тытульнага этнасу фармавалася ў ХІХ ст. — пач. ХХ ст. Толькі, калі справа даходзіць да канкрэтных аргументаў, называецца паўстанне 1863 г. як сведчанне таго, што беларуская нацыя выявіла сябе, што беларуская ідэя паказала сваю запатрабаванасць. Але ж паўстанне падагульняла зробленае пакаленнямі і зробленае, па сутнасці, на нацыянальным узроўні. Маем на ўвазе, зноў жа, літаратурную і шырэй, культурна-мастацкую творчасць на родным загоне, у якой беларуская ідэя выбухала ўсё мацней на працягу стагоддзя. Адзін толькі Я. Чачот з яго лёсавызначальнай гістарычнай задумай стварыць беларускую літаратуру і распрацаваць для яе літаратурную мову бачыцца постаццю бясспрэчна нацыянальнага статусу. А калі яшчэ дадаць яго старанне адрадзіць беларускую гістарычную памяць, яго вялікую працу над тлумачальным слоўнікам беларускай мовы, яго шырокую беларусазнаўчую дзейнасць... Побач з Я. Чачотам — яго сучаснік, выдатны беларускі педагог І. Кулакоўскі. 1834 годам датуецца яго „Зпіска...”, адрасаваная міністру народнай асветы, у ягой аўтар трактуе свой народ як этнічна самастойны і самабытны і патрабуе пераглядзець школьныя праграмы краю з улікам уключэння ў іх беларускай гісторыі, роднай мовы і літаратуры. Гэты мужны ўчынак педагога-патрыёта, збіральніка і даследчыка беларускай даўніны зноў жа павінен ацэньвацца па высокім рахунку нацыянальнай ідэалогіі. Праўда, І. Кулакоўскі ў сваёй паэтычнай творчасці карыстаўся польскай мовай. Але тут не трэба шукаць супярэчнасці ў яго пазіцыі, як і ў іншых яго сучаснікаў, што былі энтузіястамі краёвага адраджэння. Польская мова ў іх ужытку была дэманстрацыяй незалежнасці, непадпарадкавання імперскім інстытутам улады. І ў гэтым сэнсе была справай гонару мясцовай інтэлігенцыі. Таму вялікі паэт А. Міцкевіч, які апяваў родную „Літву” і пісаў краёвай „пальшчынай”, узгадоўваў ідэю незалежніцкую, з якой прарастала беларуская ідэя.

Беларуская ідэя, набываючы ўсё новыя акцэнты — этнаграфічныя, эстэтычныя, гістарычныя, выкрышталізоўвалася ў другой палове ХІХ ст. у паўстанцкай пазіцыі і публіцыстычнай творчасці К. Каліноўскага, стала тэарэтычным пастулатам беларускіх нарадавольцаў і зрабілася цэнтрам адраджэнскай праграмы Ф. Багушэвіча. Выдатны беларускі паэт, аддаючы ў рукі чытачоў-землякоў свае кнігі, пісаныя па-беларуску, заклікаў іх з’яднацца вакол роднага слова. У канцы ўжо ХІХ ст. Ф. Багушэвіч сцвердзіў, што яно, беларускае слова, ёсць найперш інструмент арганізацыі беларускай нацыянальнай супольнасці. Паказальна, што ў адным са сваіх твораў Ф. Багушэвіч згадаў Я. Чачота, якога трэба помніць. Ад яго, па сутнасці, працягваў у свой час нацыятворчую справу. Пэўна ж, лічыў, што не толькі сучаснікі яго, Багушэвіча (К. Каліноўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі, А. Ельскі, К. Альхімовіч), а ўся сістэма мастацкага жыцця, культурна-асветнага руху Беларусі ХІХ ст. выношвала і выводзіла ў свет беларускую ідэю.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-21; просмотров: 1123; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.221.239.148 (0.01 с.)