Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Ф. Аляхновіч – крытык і гісторык беларускага тэатра.

Поиск

 

Ф. Аляхновіч нарадзіўся 9 сакавіка 1883 г. у Вільні ў сям'і нашчадкаў дробнай беларускай шляхты. Вучыўся спачатку дома, затым у гімназіі, а пасля ў хіміка-тэхнічнай школе. Аднак тэхніка і навука не прывабліваюць да сябе юнака, які марыць стаць служкай мельпамены. У 1907 г. Аляхновіч заканчвае Варшаўскую тэатральную школу. З адною з тэатральных труп вандраваў па польскай правінцыі і толькі ў 1910 г. апынуўся зноў на радзіме. Пачынаецца журналісцкая кар'ера Аляхновіча: спачатку ён працуе рэпарцёрам у віленскіх газетах, а потым выдае гумарыстычны часопіс на польскай мове «Перкунас». Тады і адбываецца збліжэнне пісьменніка з многімі дзеячамі беларускага руху, і ён распачынае сваю дзейнасць на ніве беларушчыны. За адзін з артыкулаў у «Перкунасе» Аляхновіч быў прыцягнуты да судовай адказнасці ў «зневажанні сіл нябесных» і ў «імкненні скінуць існуючую ўладу». Атрымаўшы позву ў суд, Ф. Аляхновіч туды не з'яўляецца, а ўцякае ў Галіччыну, дзе ў Львове і Кракаве пад псеўданімам Юрый Монвід, якім будзе пазней падпісваць свае творы, іграе ў розных польскіх трупах. Разлічваючы на абвешчаную ў сувязі з трохсотгоддзем дома Раманавых амністыю, вяртаецца ў 1913 г. на радзіму, але пазбегнуць судовай адказнасці не ўдаецца. У астрозе Аляхновіч і пачынае пісаць свой першы сцэнічны твор – камедыю «На Антокалі», спачатку па-польску, а пасля турмы, у 1915 г., перарабляе яе і перакладае на беларускую мову. Віленскі перыяд дзейнасці 1916–1918 гг. быў для Ф. Аляхновіча вельмі плённым. Ужо як рэжысёр ён набірае артыстаў-аматараў у драматычны гурток і 15 кастрычніка 1916 г. ставіць першы, пасля доўгага ваеннага перапынку, спектакль на беларускай мове. З гэтага часу спектаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць як аб тэатры Ф. Аляхновіча. Нямецкі акупацыйны рэжым стрымліваў творчы патэнцыял Ф. Аляхновіча. Свае надзеі на будучыню драматург і рэжысёр звязвае з Мінскам, дзе ў гэты час ужо працаваў Беларускі дзяржаўны тэатр, рэарганізаваны з закладзенага ў маі 1917 г. Таварыства беларускай драмы і камедыі. Туды, праз лінію фронту, і накіроўваецца ў чэрвені 1918 г. Ф. Аляхновіч. Яго з'яўленне ў складзе Беларускага дзяржаўнага тэатра значна ажывіла сцэнічную дзейнасць гэтага калектыву. Крыху пазней Ф. Аляхновіч стварае свой уласны тэатральны калектыў, які карыстаецца значным поспехам у мінскіх гледачоў. Вярнуўшыся ў пачатку 1921 г. на пастаяннае жыхарства ў Вільню, Ф. Аляхновіч актыўна ўключаецца ў грамадска-культурнае жыццё: спрабуе стварыць раз'язны тэатр, падвізаецца на журналісцкай ніве, стварае першую на Беларусі навуковую манаграфію аб шляхах развіцця нацыянальнага тэатра. І, вядома, піша п'есы. Да віленскіх беларусаў даходзілі весткі аб шырокай нацыянальнай рабоце, якая праводзілася ва Усходняй, савецкай Беларусі. Драматург пачынае марыць аб Мінску, аб сапраўдным скарыстанні сваіх творчых магчымасцей. У сярэдзіне лістапада 1926 г. Ф. Аляхновіч выехаў у сталіцу Беларусі. Артыстычнае асяроддзе горача вітала драматурга, бо добра памятала аб ягоных заслугах. У хуткім часе Ф. Аляхновіча прызначаюць на пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Праз тыдзень пасля прыняцця савецкага грамадзянства Ф. Аляхновіч апынуўся ў ізалятары мінскай турмы. Яму інкрымінавалі звычайныя для ДПУ тых гадоў грахі – шпіянаж на карысць буржуазнай Польшчы. Аляхновіч атрымаў 10 гадоў катаргі і быў адпраўлены на Салаўкі. Праз 7 гадоў улады Масквы пагадзіліся з Варшавай абмяняць яго на арыштаванага ў Польшчы Б. Тарашкевіча – лідэра камуністаў Заходняй Беларусі. У Вільні Ф. Аляхновіч зноў стварае трупу, але яна праіснавала нядоўга. Асноўны час прысвячае ўспамінам аб прабыванні на Салаўках, розныя фрагменты якіх друкуе ў польскай прэсе, парыжскім «Адраджэнні», харбінскім «Новым шляху». Так нараджалася кніга Аляхновіча, выдадзеная ў 1935–1939 гг. на сямі мовах, у тым ліку і па-беларуску, пад назвай «У кіпцюрох ГПУ». Пісьменнік практычна першым распавёў свету аб самым раннім савецкім (яшчэ ленінскім) канцэнтрацыйным лагеры, прыўзняў заслону над рэальнасцю сталінскага рэжыму: масавы тэрор, арышты невінаватых, панаванне цэнзуры, расчараванне інтэлігенцыі ў савецкім ладзе жыцця. Ф. Аляхновіч зноў робіць намаганні арганізаваць беларускі тэатр, але пачынаецца вайна і перакрэслівае ўсе яго намеры. Акупацыя бальшавікамі Літвы прымусіла Аляхновіча хавацца ад рэпрэсій. З пачаткам вайны адкрываецца самы неадназначны момант у біяграфіі Ф. Аляхновіча – яго супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Ф. Аляхновіч становіцца рэдактарам прафашысцкай газеты «Беларускі голас». Аднак трэба адзначыць і такі факт: на яе старонках нельга знайсці ніводнага палітычнага артыкула, які б належаў пяру пісьменніка. Яго публіцыстычныя творы распавядаюць аб культурным жыцці беларусаў: гарадскім тэатры ў Мінску, які ставіў і п'есы Ф. Аляхновіча, канцэртах М. Забэйды-Суміцкага, дзейнасці Віленскага навуковага таварыства і г. д. 3 сакавіка 1944 г. Ф. Аляхновіч быў застрэлены ў Вільні ва ўласнай кватэры (напэўна, падасланым агентам НКУС; ёсць таксама версія аб забойстве пісьменніка за антыпольскія выступленні ў друку прадстаўнікамі падпольна-партызанскай польскай Арміі Краёвай; паводле трэцяй, найменш верагоднай версіі, Ф. Аляхновіча застрэлілі самі фашысты, з якімі ён хоць і супрацоўнічаў, аднак у цэлым, асабліва пасля іх зверстваў у дачыненні да беларускага насельніцтва на другім этапе вайны, стаў адносіцца надзвычай холадна).

З розных праблем культуры і мастацтва, якімі займаўся Ф. Аляхновіч, галоўнае месца належыць тэатру, драматургіі. Па гэтых пытаннях ён часта выступаў у беларускім друку, публікаваў таксама матэрыялы ва ўкраінскіх выданнях. Найбольш значныя з іх наступныя:

– Беларускі тэатр // Гоман. 1918. 22 лют.

– Тэатр // Грамадзянін. 1919. 18 сак.

– Купала Я. Раскіданае гняздо (рэц. на кн.) // Беларускае жыццё. 1919. 5 чэрв.

– Думкі аб беларускім тэатры // Беларускае жыццё. 1919. 29 чэрв.

– Першае Таварыства Беларускай Драмы і Камедыі // Рунь. 1920. № 2.

– Тэатр на вёсцы: Адбітак з “Руні”. Мн., 1920.

– Беларускі тэатр (1910–1920 гг.) // Беларускае жыццё. 1920. 18 сак.

– Яшчэ аб беларускім тэатры // Вольны сцяг. 1923. 26 жн.

З цягам часу ў Ф. Аляхновіча ўзнікла патрэба абагульніць уласныя навуковыя і крытычныя “штудыі” і падаць іх у адзінай цэласнай працы, што і прывяло да стварэння манаграфічнага нарыса “Беларускі тэатр” (1924) – практычна першага на Беларусі навуковага даследавання шляхоў развіцця нацыянальнага сцэнічнага мастацтва ад фальклорных вытокаў да 1920 г.

Адкрывае нарыс “Беларускі тэатр” прадмова, у якой Ф. Аляхновіч тлумачыць накірунак сваёй працы, прыводзіць асноўныя крыніцы, на якія ён арыентаваўся пры напісанні нарыса, а таксама просіць прабачэння за яго магчымую непаўнату і такім чынам заклікае іншых знаўцаў беларускага тэатра дапоўніць у будучым гэтую яго працу.

Першы раздзел нарыса прысвечаны разгляду і аналізу фальклорных вытокаў і крыніц нацыянальнага беларускага сцэнічнага мастацтва. Гаворка вядзецца пра народныя святы і абрады (Купалле, Каляды), узгадваюцца скамарохі з іх прадстаўленнямі, прыводзяцца ўрыўкі са сцэнак скамарохаў.

Значная частка матэрыялу другога раздзела прысвечана разгляду інтэрмедый школьнага тэатра. У якасці пацверджанняў думак даследчыка прыводзяцца шматлікія ўрыўкі-цытаты з інтэрмедый. Даволі грунтоўна аналізуецца ў гэтым раздзеле “Камедыя” К. Марашэўскага.

Трэці раздзел пачынаецца з разбору твораў беларускай батлейкі. Апісваюцца структурныя кампаненты батлеечных прадстаўленняў (іх тэксты, якія складаліся з трох неаднародных частак), батлейкавая “гаспадарка” (скрыні, лялькі і інш.), прыводзяцца ўрыўкі з тэкстаў.

У чацвёртым раздзеле нарыса вядзецца гаворка пра драматургію і тэатр ХІХ ст. У цэнтры – фігура В. Дуніна-Марцінкевіча: згадваюцца яго п’есы, крыху расказваецца аб іх сцэнічнай гісторыі і г. д. Прыводзяцца ў гэтым раздзеле і звесткі аб драматургічных творах іншых аўтараў ХІХ ст., а таксама аб пастаноўках на Беларусі як сваіх уласных беларускіх, так і ўкраінскіх п’ес самадзейнымі аматарскімі гурткамі на рубяжы ХІХ–ХХ стст.

Змест двух апошніх раздзелаў працы Ф. Аляхновіча складае расповед аб беларускім сцэнічным мастацтве першых двух дзесяцігоддзяў ХХ ст. У цэнтры ўвагі даследчыка дзейнасць І. Буйніцкага, пастаноўкі “Моднага шляхцюка” К. Каганца, “Паўлінкі” і “Раскіданага гнязда” Я. Купалы, “Залётаў” В. Дуніна-Марцінкевіча, твораў самога Ф. Аляхновіча. Высока ацэньваецца дзейнасць У. Галубка і яго тэатра, а таксама Першага таварыства беларускай драмы і камедыі начале У. Фальскім і Ф. Ждановічам. Згадваюцца складаныя варункі развіцця беларускага тэатра падчас нямецкай і польскай акупацый.

Наогул праца Ф. Аляхновіча, якая стала першай у галіне асэнсавання шляхоў развіцця беларускага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва і драматургіі, адыграла вельмі важную ролю ў станаўленні і далейшым умацаванні айчыннага тэатразнаўства, а таксама айчыннай тэатральна-драматургічнай крытыкі.

 

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-12; просмотров: 498; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.147.73.117 (0.007 с.)