Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Навуковая і літаратурна-крытычная дзейнасць М. Багдановіча.

Поиск

 

Асабліва вялікі ўклад у беларускую крытыку і навуковую думку ўнёс М. Багдановіч. Ён па праву лічыцца адным з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага літаратуразнаўства. У аснову прац М. Багдановіча пакладзены тэарэтыка-метадалагічныя прынцыпы культурна-гістарычнай школы, якая займала вядучае становішча ў рускай акадэмічнай навуцы канца XIX — пачатку XX ст. Яе галоўныя пастулаты — вывучэнне літаратуры ў сувязі з грамадска-палітычнымі ўмовамі жыцця і духоўным развіццём, даследаванне нацыянальнай асаблівасці кожнай літаратуры, сталая ўвага не толькі да вяршынных мастацкіх з'яў, але і да твораў менш значных, увогуле да ўсяго масіву моўнай творчасці, у тым ліку да старажытнай пісьменнасці, фальклору, этнаграфіі, дакументалістыкі і мемуарных жанраў як надзейнай крыніцы вывучэння побыту, нораваў, звычаяў і псіхалогіі, маральнага стану народа. Прадстаўнікі школы ўнеслі метадалогію ў літаратуразнаўства і тым самым садзейнічалі яго фарміраванню як навуковай дысцыпліны. На першы план імі ставіліся пошукі заканамернасцей літаратурнага развіцця, выпрацоўка сістэмнага ўяўлення пра літаратуру.

Асноўныя гісторыка-літаратурныя працы М. Багдановіча – гэта «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця» (1911) і фрагмент «Нарыса гісторыі беларускай пісьменнасці» пад назваю «За сто лет» (1911). У першай М. Багдановіч паспрабваў даць карціну развіцця беларускага прыгожага пісьменства ад часоў Кіеўскай Русі і да пачатку дзейнасці Ф. Скарыны. М. Багдановічу ўдалося стварыць даволі поўны і выразны малюнак беларускай старажытнай літаратуры — устанавіць пэўныя перыяды яе развіцця (XIII—XIV стст. і XV ст.), ахарактарызаваўшы кожны перыяд у найбольш тыповых рысах і асаблівасцях, вытлумачыць прычыны пераходу літаратуры на іншы ўзровень. У другой працы (толькі распачатай) працы М. Багдановіч засяроджвае ўвагу на варунках і асаблівасцях развіцця беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя.

Да названых, так бы мовіць, асноўных гісторыка-літаратурных прац М. Багдановіча прымыкаюць два арыгінальныя і сапраўды навуковыя (па свайму зместу і даследчыцкіх падыходах) артыкулы “Краса і сіла” і “Памяти Т.Г. Шевченко”, у якіх беларускі паэт ці не ўпершыню ў еўрапейскім і сусветным літаратуразнаўстве вельмі глыбока прааналізаваў паэзію ўкраінскага кабзара, вызначыў яе адметнасці, спецыфіку, мастацкія вартасці твораў.

Ёсць у М. Багдановіча і іншыя гісторыка-літаратурныя працы, прысвечаныя разгляду творчасці (у асноўным кароткаму, бегламу, але пры гэтым вельмі трапнаму) рускіх, украінскіх і замежных пісьменнікаў (К. Рылееў, А. Чэхаў, В. Брусаў, І. Франко, В. Самійленко, Р. Тагор і інш.).

З літаратурна-крытычных прац вылучаюцца дзве: “Глыбы і слаі” (1911) і “За тры гады” (1913). У першай асэнсоўваецца развіццё беларускай літаратуры, яе здабыткі ў 1910 годзе. У другой адпаведна аналізуецца рух беларускага прыгожага пісьменства ў перыяд з 1910 па 1912 гг.

М. Багдановіча можна лічыць і тэарэтыкам літаратуры. На гэта ўказвае яго тэарэтычны нарыс “Санет”, дзе вядзецца расповед аб спецыфіцы санета як цвёрдай вершаванай формы.

 

 

6. Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць В. Ластоўскага.

 

Заўвага: біяграфію В. Ластоўскага студэнты павінны ўжо ведаць з гісторыка-літаратурнага курса. Нагадаем толькі, што В. Ластоўскі прыехаў у другой палове 1920-х гг. у Савецкую Беларусь з Заходняй Беларусі. Працаваў у Акадэміі навук. Быў арыштаваны ў 1930 г. і высланы з Беларусі. У 1937 (ці 1938) быў паўторна арыштаваны і расстраляны.

Асноўныя літаратуразнаўчыя і літаратурна-крытычныя працы В. Ластоўскага.

-- Пятрок з Крошына (1911): расповед аб бунце ў Крошыне і аб тым, як (якім чынам) забралі сшыткі з беларускімі вершамі ў Паўлюка Багрыма, а затым аддалі юнака ў салдаты.

-- Людвік Кандратовіч (1912): падаецца сціслая біяграфія паэта, затым указваецца на беларускі характар, дух яго польскамоўнай творчасці, а ў канцы прыводзяцца звесткі аб наяўнасці ў яго досыць значнай колькасці беларускамоўных вершаў.

-- Сплачвайце доўг (1913).

-- Памажыце! (1913): заклік да чытачоў “Н. н.” прысылаць звесткі аб беларускіх пісьменніках, а таксама іх творы. Затым ідзе пералік аўтараў (з указаннем часу і месца іх пражывання, што змяшчалі аб іх у “Н. н.”, а таксама таго, што неабходна, чаго не хапае для набыцця больш-менш поўнага ўяўлення аб гэтых аўтарах. Іх там за 2 дзесяткі.

-- Па сваім шляху (1914): у прынцыпе, тут выпрацавана праграма развіцця беларускай літаратуры, якая не павінна перапяваць (на новы лад) створанае суседзямі, а ісці па сваім шляху: “Наша літаратура дагэтуль прадстаўляе ў мініяцюры свойскай масці адбіццё ідэалогіі гэтых вялікіх (расійскай і польскай – В.Я.) літаратур, і гэта брыдкі яе грэх. Мы павінны адкінуць благі ўплыў бульварнай і неўрастэнічнай суседскай літаратуры. Мы, народ малады і здаровы, павінны тварыць сваю асобную, дужую маладой сілай літаратуру будучыні” (285).

-- “Васількі” (1914): гэта рэцэнзія на кнігу Ядвігіна Ш. Спачатку даецца сціслая творчая біяграфія пісьменніка (ад 1890-х гг. – часу перакладу “Сігнала”), затым крытык спрабуе акрэсліць асаблівасці творчай індывідуальнасці Ядвігіна Ш., вызначыць самае асноўнае ў ёй. У канцы рэцэнзіі Ластоўскі зазначае, Ядвігін Ш.-празаік павінен расці і даць беларускай літаратуры новыя мастацкія рэчы, прычым не толькі малой празаічнай формы.

-- М. Гарэцкі. Рунь (1914): “Ён малюе трагедыю і боль душы Маладой Беларусі не паверхнасна, а заглядае ўглыб, пад карэнне” (292). “Рунь” М. Гарэцкага, гэта вялікі ўклад у беларускую літаратуру, як па глыбіні і багаццю думак, так і красе мовы, каторую аўтар умее гэтак прыкрасіць магілёўскімі правінцыялізмамі і падборам слоў для выражэння сваёй думкі” (294).

-- Тарас Гушча. Родныя з’явы (1914). Звяртаецца ўвага на тое, што ў творах Гушчы (Я. Коласа), па-першае, шмат жыццёвай і псіхалагічнай праўды, па-другое, адбіты практычна ўвесь спектр беларускага сялянскага жыцця. Завяршаецца рэцэнзія на аптымістычнай ноце: “А Тарас Гушча не сказаў яшчэ свайго апошняга слова: яго талент з кожным годам набірае большага гапружання і большай развітасці ў вясёлкавых пералівах гумару і зіхацення чыстых слёз, каторымі перасыпае гумар. Трэба спадзявацца, што імя Т. Гушчы з часам будзе вядома далёка па-за межамі нашымі, бо ў творчасці Гушчы апрача фактычнай смешнай стараны скрыта глыбіня думкі, падобна як гэта бачым у ўкраінскага пісьменніка Стэфаніка, да каторага месцамі аўтар набліжаецца, -- ды ў расейскага пісьменніка Чэхава. Але Т. Г. не патурае ім, а творыць сваё, творыць новую цэннасць, выснаванаму з характару душы беларускай”.

-- у часопісе «Гоман» за 1917 год друкаваліся пачатковыя раздзелы працы «Выпісы з беларускай літаратуры», якая ў тым жа годзе выйшла ў Вільні асобным выданнем (т. 1, 2).

– Да шукання крыніц народнай творчасці (1923). Фалькларыстычны артукул. На аснове прыкладаў са сваёй малой радзімы Ластоўскі аналізуе шэраг фальклорных з’яў, абрадаў і інш.

– Крыўскі варыянт быліны аб Іллі Мурамцы (1924). Фалькларыстычны артыкул.

-- 1926 г. у Коўне ўбачыла свет “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, у якой быў зроблены агляд звыш 1000 беларускіх рукапісных кніг, грамат, старадрукаў, пачынаючы з Х і заканчваючы ХІХ ст.

 

МІхась Мушынскі аб В. Ластоўскім

Аб узроўні літаратурнай крытыкі, ступені яе ўздзеяння на літаратурны працэс, на маральна-творчую атмасферу ў пісьменніцкім асяроддзі можна гаварыць у тым выпадку, калі ў крытыцы сфарміраваліся пэўныя творчыя індывідуальнасці. Адной з такіх індывідуальнасцей побач з А. Луцкевічам быў В. Ластоўскі, да бясспрэчных здабыткаў якога трэба залічыць яго артыкулы «Памяці Сяргея Палуяна», «Эліза Ажэшка» (1910), «Людвіг Кандратовіч» (1912), «Леся Украінка» (1913), рэцэнзіі на зборнікі «Васількі» Ядвігіна Ш., «Рунь» М. Гарэцкага, «Родныя з'явы» Т. Гушчы (1914).

Унутраная логіка развіцця беларускай крытычнай думкі — і гэта своечасова адчуў В. Ластоўскі — вяла да непазбежнага з'яўлення так званай прагнастычнай крытыкі, здольнай зазірнуць у заўтрашні дзень нацыянальнай літаратуры. Гэта сімптаматычны, вельмі паказальны факт, бо прадбачанне будучыні патрабуе глыбокага аналізу шматстайных грамадска-палітычных і ўласна літаратурных з'яў у іх узаемасувязі і ўзаемадзеянні, а прадказанне тады эфектыўнае, калі пабудавана на тонкім адчуванні спецыфікі мастацтва. Выказацца наконт кірунку развіцця беларускай літаратуры на вопыце пошукаў Коласа-празаіка і паспрабаваў В. Ластоўскі ў сваім водгуку на зборнік «Родныя з'явы». Рэцэнзент уключыў творы беларускага пісьменніка ў шырокі агульналітаратурны кантэкст, прыгадаўшы вядомыя імёны В. Стэфаніка, А. Чэхава [...] Крытык зусім слушна вытлумачвае генезіс наватарства Коласа — творцы новых эстэтычных каштоўнасцей — глыбінёй спасціжэння ім духоўных асноў народнага жыцця, глыбінёй пранікнення ў нацыянальны характар, у псіхалогію беларуса. Болей таго! Паводле меркаванняў В. Ластоўскага, жыццесцвярджальны характар творчасці Я. Коласа, уласцівы яму гістарычны аптымізм якраз і даюць падставы спадзявацца на шчаслівы лёс Беларусі: «А колькі сонца, жыцця! Сапраўды багата душа беларускага народа, калі можна выдаць з сябе такія таленты... Вяліка будучыня народа, каторы ў досвітках свайго адраджэння кідае такія перлы».

Прагностыка аўтара водгуку не была аддягненай, яна грунтавалася на канкрэтным аналізе вобразнай сістэмы апавяданняў. Ідэйна-змястоўную і стылявую адметнасць Коласа-празаіка В. Ластоўскі бачыў у згарманізаванасці малюнка, створанага пісьменнікам, у майстэрстве, з якім вытлумачваюцца паводзіны чалавека, ягоныя ўчынкі, душэўныя перажыванні, абумоўленыя сацыяльна-бытавымі абставінамі: «А колькі праўдзівай праўды псіхалаіічнай у творах Т. Гушчы і як ён умее схапіць яе».

 

Як адно з наглядных пацвярджэнняў інтэнсіўнасці пошуку ў галіне беларускай крытыкі можна расцэньваць з'яўленне жанравай формы палемічнага артыкула. Неабходнасць і эфектыўнасць такой формы наглядна выявіла дыскусія 1913 г. на старонках «Нашай Нівы», прысвечаная абмеркаванню шляхоў развіцця нацыянальнага слоўнага мастацтва. Кола спрэчных пытанняў было сфармулявана ў выступленні «Сплачывайце доўг» Юрыя Верашчакі (В. Ластоўскага) і «Чаму плача песня наша? (Адказ Юрку Верашчаку)». «Адказ...» падпісаны псеўданімам «адзін з парнаснікаў». Лічыцца, што гэта — псеўданім Янкі Купалы. Але такое меркаванне не бясспрэчнае. Мала таго! Не выключана магчымасць, што і «Адказ...» належыць пяру Ю. Верашчакі або напісаны па заданні апошняга, каб у завостранай форме ўзбуйніць балявыя кропкі развіцця нацыянальнай літаратуры, прыцягнуць да іх асаблівую ўвагу ўдзельнікаў дыскусіі. А дыскутаваць было пра што.

Ю. Верашчака гняўліва дакараў беларускіх пісьменнікаў за тое, што іхнія творы прасякнугы матывамі смутку, тугі, жалю, расчаравання, бясконцымі нараканнямі на гаротны лёс, нешчаслівую долю. У той жа час, кажа ён, хараства і прыгажосці роднага краю, светлых момантаў жыцця селяніна песняры не бачаць і не спяшаюцца абудзіць актыўны пачатак у характары беларуса, каб дапамагчы яму ў пошуках шляхоў да светлай будучыні. «Апроч драздоў, ануч, гною і пракляцця ў маёй душы ёсць шмат красы, перад маімі вачмі скрозь краса, жыццё, сонца, песні і бязмернае багацце відоў. Я хачу мець усё гэта ператворанае ў спектры калектыўнай нашай душы — у словах нашых паэтаў-прарокаў» (Наша Ніва. 1913. № 26-27. 5 ліп.) Крытык лічыў, што пры аднабаковым поглядзе на рэчаіснасць істотна звужаецца функцыя літаратуры, яе грамадска-пераўтваральная роля, недаацэньваюцца і творча-патэнцыяльныя магчымасці народа.

У «Адказе Юрку Верашчаку» «сумна-плачлівая» танальнасць беларускай песні вытлумачваецца гістарычнымі варункамі, грамадска-палітычнымі абставінамі — несправядлівым сацыяльным ладам, нацыянальным прыгнётам, нешматлікасцю свядомай інтэлігенцыі, якая працяглы час вымушана была духоўна абслугоўваць іншыя народы, адракаючыся ад свайго, узбагачаць «чужыя культуры». «Адзін з парнаснікаў» часткова пагадзіўся з суровымі закідамі апанента, але адначасова выказаў упэўненасць у тым, што беларускі народ прачнецца да новага жыцця, а яго пазты «будуць пяяць аб вялікім багацці і красе сваёй бацькаўшчыны» (Там жа. № 30. 26 ліп.)

Удзельнікі дыскусіі, як бачым, істотна разышліся ў поглядах: ці мастацтва заклікана адлюстроўваць галоўным чынам негатыўныя з'явы рэчаіснасці (сацыяльныя канфлікты, гаротную долю селяніна і г. д.), ці яго мэты, функцыі болей шырокія, разнастайныя — адбіваць увесь спектр жыцця, у тым ліку і ідэальны пачатак, духоўную субстанцыю? Фактычна гаворка тут ішла пра філасофскую канцэпцыю мастацтва, яго сутнасць, прызначэнне, пра канцэпцыю нацыянальна-самабытнай літаратуры. Зварот да падобнай праблемы быў яшчэ адным пацвярджэннем плённасці шляхоў, якімі рухалася белаіруская крытычная, навуковая думка.

Нельга не заўважыць, што пазіцыя кожнага з удзельнікаў дыскусіі мела і моцныя, і слабыя бакі. У сваіх сцвярджэннях Ю. Верашчака быў шмат у чым несправядлівы, неаб'ектыўны, бо на той час беларускае слоўнае мастацтва з дастатковай выразнасцю выявіла высокі эстэтычны ўзровень і жанравую разнастайнасць (зборнік Я. Купалы «Гусляр», яго паэмы «Курган», «Бандароўна», «Сон на кургане», камедыя «Паўлінка»; сацыяльна-псіхалагічныя апавяданні Я. Коласа, пачатковыя раздзелы «Новай зямлі»; выдатныя ўзоры пейзажнай, інтымнай, філасофскай лірыкі М. Багдановіча, Я. Купалы і Я. Коласа, А. Гаруна, 3. Бядулі, К. Буйло і інш.). I таму не зусім зразумела, зыходзячы з якіх меркаванняў апанент Ю. Верашчакі так лёгка пагадзіўся з папрокамі наконт празмернага песімізму і аднастайнасці беларускай паэзіі, прыняў іх за справядлівыя. На поўным сур'ёзе аспрэчваць падобныя закіды можна было пяць-сем гадоў таму, але не ў 1913 годзе!

Што датычыць В. Ластоўскага, дык пэўная тэндэнцыйнасць, прадузятасць некаторых яго ацэнак тлумачыцца хутчэй за ўсё імкненнем узбуйніць маштаб дыскусіі з мэтаю паглядзець на беларускае слоўнае мастацтва ў далёкай перепектыве. I каб засцерагчы літаратуру ад небяспечнай вузкасці, палітычнай заангажаванасці, ён і пайшоў на свядомае перабольшванне хібоў сучаснай яму паэзіі, на завастрэнне думкі. Логіка палемічнай барацьбы такое дазваляла. Тым болей, што ў стратэгічным плане, у канцэптуальнай трактоўцы сутнасці мастацтва Ластоўскі-тэарэтык меў рацыю. Невыпадкова ж яго погляды на паэзію як з'яву духоўнага парадку актыўна падтрымалі «пясняр чыстае красы» М. Багдановіч, аўтар артыкула «Не хлебам адзіным» 3. Бядуля, М. Гарэцкі ў артыкулах «Наш тэатр», «Развагі і думкі».

У святле прыведзеных фактаў дапушчэнне, паводле якога аўтарам «Адказу Юрку Верашчаку» з'ўляецца сам В. Ластоўскі або яго ідэйны аднадумца з рэдакцыі «Нашай Нівы», не выглядае як штосьці нелагічнае, надуманае. Верагоднасць дапушчэння вялікая. Бо падобнага роду захады мелі месца ў гісторыі літаратуры, свядомыя падробкі, містыфікацыі цалкам апраўданы. Яны не скіраваны на прыніжэнне асобы магчымых апанентаў. Мэтаю іх была калектыўная выпрацоўка доўгатэрміновай праграмы развіцця нацыянальнай культуры. Нашаніўскія дзеячы верылі ў стваральную сілу навукова-крытычнай думкі.

I сам В. Ластоўскі ў далейшым актыўна абараняў тэзіс пра неабходнасць «сплачвання доўгу» беларускімі пісьменнікамі, ідэю запазычанасці літаратуры перад Бацькаўшчынай, перад неапетай яе красой і прыгажосцю. Гэта бачна з нашаніўскіх артыкулаў крытыка «Ці ёсць расійская і польская культура», «Ці-ткі мы сапраўды цямней ад усіх?», «Перш за ўсё самі», «Голас сумленнасці», «Па сваім шляху». Тут В. Ластоўскі паглыбляе ўласную канцэпцыю, адначасова прызнаючы і пэўны суб'ектывізм, палемічную завостранасць ранейшых меркаванняў. Так, у артыкуле «Ці-ткі мы сапраўды цямней ад ўсіх?» аўтар уступае ў палеміку з тымі, хто ўзяў сабе за моду «бесперастанку жаліцца на нашу цемнату». Крытык лічыць, што гэтыя жальбы небяспечныя, бо ў іх гатовы паверыць «беларусы-селяне», а паверыўшы, могуць страціць жаданне змагацца за лепшую долю. «...Інтэлігенцыі нашай няма што тыкаць селяніна цемнатой, калі яна сама не надта што святлейшая» (Наша Ніва. 1913. № 22. 31 мая.). А ў артыкуле «Па сваім шляху» В. Ластоўскі ўжо гаворыць пра вялікія поспехі і дасягненні айчыннай літаратуры, чаго раней не заўважаў: «I мы, беларусы, уняслі ўжо нашу цэннасць у агульналюдскую скарбніцу і мы ўжо не бясплоднае дрэва, каторае павінна быць высечана і спалена: мы ўжо далі плады» (Там жа. 1914. № 9. 27 лют.).

Паказальна і тое, што за дапамогай крытык звярнуўся да М. Багдановіча, прыгадаўшы канцэптуальнае выказванне апошняга ў артыкуле «За тры гады» (1913): «Не трэба цяпер, канечна, ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця, душу радуючай красы. Не трэба, бо і ў саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас звярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, не знойдзецца ў іх» (Калядная пісанка. 1913.). Аднак В. Ластоўскі ўстрымаўся ад таго, каб працытаваць важкую ў тэарэтыка-метадалагічным плане выснову М. Багдановіча наконт узроўню тагачаснай беларускай пісьменнасці: «I ясным робіцца праз гэта, што не толькі нашаму народу, але і ўсясветнай кулыуры нясе яна свой дар». Адсутнасць гэтага выказвання невыпадковая: прызнаючы за навейшай беларускай паэзіяй і прозай значныя дасягненні («у апошнія гады нашы пісьменнікі ўнеслі не мала цэннага...»), В. Ластоўскі лічыў, што «ўсё ж такі пакуль наша літаратура не мае ўсясветнага значэння» (Наша Ніва. 1914. № 9. 27 лют.).

Як бачым, распрацоўваючы канцэпцыю нацыянальна-самабытнай літаратуры, В. Ластоўскі ставіў перад беларускімі пісьменнікамі глабальную задачу — шляхам актыўнай творчай працы, смелымі наватарскімі пошукамі далучаць нацыянальную пісьменнасць да «ўсясветнай культуры». Каб дасягнуць такога ўзроўню, недастаткова «хвалюючых дум», «далікатных ды чулых перажыванняў», «цікавых літаратурных форм», патрэбны новыя мастацкія ідэі, такія, каб чытачы іншых літаратур знайшлі ў беларускіх творах адказы на свае ўласныя жыццёвыя і аксіялагічныя пытанні. «На нашых «навінах» павінна быць багатая ўрода, мы павінны знайсці ў сабе і даць свету новыя думы, сказаць новае слова» (Там жа.).

 

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-12; просмотров: 1438; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.17.175.191 (0.013 с.)