Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: АрхеологияБиология Генетика География Информатика История Логика Маркетинг Математика Менеджмент Механика Педагогика Религия Социология Технологии Физика Философия Финансы Химия Экология ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Навуковая і літаратурна-крытычная дзейнасць А. Станкевіча.Содержание книги
Поиск на нашем сайте
Гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, выдавец, грамадска-палітычны дзеяч, асветнік, беларускі каталіцкі святар, кандыдат кананічнага права Адам Вінцэнтавіч Станкевіч нарадзіўся 24.12.1891(6.1.1892) у в. Арляняты Ашмянскага пав. Віленскай губ. (цяпер Смаргонскі р-н Гродэенскай вобл.) у сялянскай сям'і. Пачатковую навуку атрымаў у Барунах, Гальшанах і Ашмянах (1902—09). У 1914 г. скончыў Духоўную семінарыю ў Вільні і быў пасвечаны ў ксяндзы; першую імшу адправіў на новы 1915 год у парафіяльным касцёле ў Крэве Ашмянскага пав. Пасля сканчэння ў Петраградзе рымска-каталіцкай Духоўнай Акадэміі (1918) вярнуўся ў Вільню, але доўга там не затрымаўся, бо польскія духоўныя ўлады хацелі ізаляваць яго ад беларусаў і адраджэнцкай працы сярод іх. А. Станкевіч быў досыць вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю. Ужо ў семінарыі ён стварыў беларускі гурток і бібліятэку, хадзіў па вёсках дзеля пашырэння нацыянальнай самасвядомасці сярод сялян. У Пецярбургу стаў членам беларускага гуртка, а ў 1916—18 быў яго старшынёй. Там жа супрацоўнічаў з беларускімі часопісамі «Светач» і «Дзянніца». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі актыўна ўключыўся ў дзейнасць Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, злучнасць якой утварылася ў маі 1917 у Пецярбургу. Удзельнічаў у з'ездзе беларускага каталіцкага духавенства (24—25.5.1917) у Мінску, дзе выступіў з рэфератам аб беларускім руху і яго дачыненні да касцёла ў Беларусі. У 1917, калі адпраўляў імшу ў Дзісенскім касцёле, А. Станкевіч адзін з першых беларускіх ксяндзоў пачаў ужываць родную мову ў богаслужэнні. У 1917—18 часта выступаў перад сялянамі Браслаўшчыны і Дзісеншчыны, абуджаў іх да свядомага ўдзелу ў палітычным і культурным жыцці свайго краю, за што польскія духоўныя ўлады выслалі яго ў Драгічын. Там ён прабыў да жніўня 1919. Змена біскупскай улады дазволіла А. Станкевічу вярнуцца з ссылкі ў Вільню, і ён адразу ўключыўся ў беларускі грамадскі рух, стаў у цэнтры культурна-асветніцкай, палітычнай, літаратурнай і дабрачыннай працы. З 1919 г. выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 быў абраны паслом у Польскі Сейм, таму цалкам аддаўся палітычнай дзейнасці, выступаў як абаронца свайго народа з прамовамі на пасяджэннях сейма і мітынгах. Быў адным з намеснікаў старшыні Беларускага сеймавага клуба Б. Тарашкевіча, а пасля расколу клуба (1925) разам з іншымі пасламі стварыў сваю фракцыю — Беларускі сялянскі саюз. Пасольская дзейнасць А. Станкевіча працягвалася да 1928. Царкоўныя ўлады забаранілі ксяндзам належаць да палітычных партый. і фармальна А. Станкевіч адышоў ад прамога ўдзелу ў палітыцы, але заўсёды заставаўся духоўным апекуном і кансультантам беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, Беларускага сялянскага саюза і іншых нацыянальных незалежніцкіх груп, якія ўзнікалі ў канцы 20-х і 30-я гады ў Заходняй Беларусі. З 1928 г. А. Станкевіч узнавіў выкладчыцкую дзейнасць у Віленскай беларускай гімназіі, аднак у 1933 быў звольнены адтуль польскімі ўладамі. Да 1935 выкладаў у польскай Гандлёвай школе імя С. Сташыца ў Вільні. Дабрачынная і грамадская праца А. Станкевіча ніколі не перапынялася: ён апекаваўся дзіцячымі прытулкамі, узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны, у 1924 быў старшынёй Таварыства Беларускай школы (ТБШ), у 1926 — старшынёй і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Плённай і шырокай была яго рэдактарска-выдавецкая дзейнасць. З 1927 г. на працягу 11 гадоў ён рэдагаваў і выдаваў штомесячны рэлігійны часопіс для католікаў-беларусаў «Хрысціянская думка», каля 20 гадоў супрацоўнічаў з «Крыніцай», штотыднёвай беларускай газетай, і іншымі беларускімі выданнямі («Калоссе», «Шлях моладзі», «Сялянская ніва»). У 1926 г. А. Станкевіч стаў адным з заснавальнікаў у Вільні беларускай друкарні імя Ф. Скарыны (былі выдадзены дзесяткі кніг рэлігійнага і свецкага характару, творы беларускай літаратуры). З прадмовамі А. Станкевіча і пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі В. Адважнага, Я. Быліны, А. Зязюлі, Ф. Багушэвіча, Я. Коласа («Новая Зямля»), К. Сваяка і іншых беларускіх пісьменнікаў. У 1928 г. А. Станкевіч і іншыя дзеячы заснавалі «Беларускае каталіцкае выдавецтва», якое выдала «Гісторыю святую Старога і Новага Закону», кнігі для набажэнства. Дэмакратычныя погляды і культурна-арганізацыйная праца А. Станкевіча сярод беларусаў, асабліва яго дзейнасць па беларусізацыі касцёла, змаганне за тое, каб весці набажэнства для беларусаў па-беларуску, выклікалі незадаволенасць духоўных і палітычных улад. У 1938 г. А. Станкевіч быў высланы з Вільні і з Віленскага ваяводства на 5 гадоў. Ссылку адбываў у Слоніме. Восенню 1939, пасля заняцця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі, вярнуўся ў Вільню, імкнуўся зноў наладзіць беларускую культурна-асветніцкую працу. Пры яго ўдзеле ўзноўлена Беларуская дзяржаўная прагімназія (ён стаў яе дырэктарам) і беларуская пачатковая школа. Калі ў канцы кастрычніка 1939 г. Вільня была перададзена Літве, А. Станкевіч стаў старшынёй Беларускага цэнтра ў Літве. Там было адноўлена выданне беларускай газеты «Крыніца», у касцёле св. Міхала А. Станкевіч адпраўляў набажэнствы. У 1940 г. беларуская культурная грамадскасць шырока і ўрачыста адзначыла 25-я ўгодкі святарскай дзейнасці А. Станкевіча. Нумар «Крыніцы» за 12 студзеня поўнасцю прысвечаны гэтай падзеі. Нямецкую акупацыю А. Станкевіч перажыў у Вільні, трымаючыся здаля ад акупацыйных улад. У снежні 1944 г. ён арыштаваны сталінскімі органамі бяспекі, у красавіку 1949 — у другі раз, асуджаны 31.8.1949 на 25 гадоў пазбаўлення волі, вывезены ў Тайшэт Іркуцкай вобл. Там, у лагеры, загінуў (пахаваны 10.12.1949, Тайшэт Іркуцкай вобл., на могілках Аэярлага каля в. Шаўчэнкі Тайшэцкага р-на, магіла № 3—43],. Праз некалькі гадоў на дабрачынныя складкі віленскіх беларусаў ксяндзу Адаму Станкевічу і яго маці Антаніне на могільніку каля Крэва быў пастаўлены помнік. Літаратурная спадчына А. Станкевіча — гэта працы па гісторыі беларускай культуры і літаратуры (артыкулы, эсэ, брашуры, кнігі). Першыя яго карэспандэнцыі з'явіліся ў 1913 г. у «Нашай ніве». Найболып плённым і творчым быў віленскі перыяд дзейнасці. Кніга А. Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі (1525—1925)» адкрыла шэраг літаратурных партрэтаў дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. У ёй А. Станкевіч даводзіў, што асноўная ідэя Скарыны была не проста ў пашырэнні граматы, а ў магчымасці ўспрыняць на мясцовым (старабеларускім) грунце «сем свабодных навук», распаўсюджаных у заходнееўрапейскіх школах. Пісьменнік акцэнтаваў увагу на гуманістычнай накіраванасці і дэмакратычным характары дзейнасці Ф. Скарыны. Адметнымі літаратурнымі працамі А. Станкевіча былі таксама нарысы «Францішак Багушэвіч: яго жыццё і творчасць. У 30-я ўгодкі смерці (1900—1930)», «Казімір Сваяк: нарыс аб ягонай ідэалогіі», «Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця і працы», «Магнушэўскі — Паўлюк Багрым — Баброўскі: (Да вытокаў беларускага Адраджэння)», «Кастусь Каліноўскі, «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнай Беларусі», крытычныя нарысы пра творчасць В. Адважнага, А. Зязюлі, М. Танка, М. Машары, шматлікія іншыя працы гісторыка-культурнага (свецкага і ралігійнага) зместу. Грунтоўнымі абагульнена-аналітычнымі працамі па гісторыі хрысціянства і хрысціянска-дэмакратычнага руху на Беларусі сталі манаграфіі «Хрысціянства і беларускі народ» (1940) і «Беларускі хрысціянскі рух» (1939). Навукова-публіцыстычны стыль прац А. Станкевіча, яго выключная дасведчанасць, эрудыцыя, засяроджанасць на патрыятычных праблемах гісторыі беларускага адраджэнцкага руху, прапаведаванне дэмакратычных і гуманістычных поглядаў (вартасць асобнага чалавека-грамадзяніна, абарона і ўмацаванне беларускай нацыянальнай індывідуальнасці) — гэтыя і іншыя рысы творчасці А. Станкевіча зрабілі яго папулярным і паважаным сярод беларусаў. Вядомы пераклады А. Станкевіча з лацінскай («Лекцыі і Евангеллі на нядзелі і святы») і літоўскай (творы П. Цвіркі) моў. Апошняя грунтоўная праца, якую пачаў А. Станкевіч у кастрычніку 1944,—«Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)». Паводле яго задумы, яна павінна была складацца з пяці частак па храналагічным прынцыпе перыядызацыі, у тым ліку сучасны аўтару перыяд. Згодна матэрыялам, што захоўваюцца ў рукапісным аддзеле ЦНБ АН Беларусі (ф. 4, воп. 1, адз. зах. № 125), за 2 месяцы А. Станкевіч паспеў закончыць толькі 2 часткі кнігі, давесці апісанне падзей да 13 ст. Арышт і раптоўная адпраўка ў Сібір у 1944 г. назаўсёды адарвалі «вялікага філантропа», як называлі яго ў віленскім беларускім асяроддзі, А. Станкевіча ад працы над кнігай і наогул ад усякай літаратурнай і грамадскай працы. Асабісты архіў А. Станкевіча захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Беларусі (ф. 4). Лекцыя № 4 Беларускае літаратуразнаўства і крытыка ў 1940-я – першай палове 1950-х гг. Пытанні 1. Агульная характарыстыка развіцця літаратуразнаўства і крытыкі ў 1940-я – першай палове 1950-х гг. 2. Літаратурна-крытычная дзейнасць К. Крапівы. 3. Літаратурна-крытычная дзейнасць Р. Бярозкіна.
Літаратура Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны даведнік: У 6 т. Т. 1--6. Мн., 1992--1995. Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии.— М., 1972. Мушынскі М. Крытыка і літаратуразнаўства // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т.— Мн., 2000.— Т. 3. Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 40-я – першая палова 60-х гадоў.— Мн., 1985. Уводзіны ў літаратуразнаўства. Хрэстаматыя / Пад рэд. М.А. Лазарука.— 2-е выд., дапр. і дап.— Мн., 1991. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1984–1988.— Т. 1– 5.
1. Агульная характарыстыка развіцця літаратуразнаўства і крытыкі ў 1940-я – першай палове 1950-х гг.
Як ужо адзначалася вышэй, стан беларускага літаратуразнаўства к другой палове 1930-х гг. вельмі моцна пагоршыўся. І толькі напрыканцы 30-х – пачатку 40-х гадоў, як зазначыў М. Мушынскі, з’явіліся прыкметныя сімптомы таго, што крытыка і навуковая думка пры спрыяльных умовах з цягам часу могуць адрадзіцца. Пацвярджаючы свае высновы, даследчык называе з’яўленне ў тагачасным друку артыкулаў Я. Коласа пра Т. Шаўчэнку, К. Чорнага — пра Я. Купалу, М. Гогаля, П. Труса. Заслугоўваюць, на думку вядучага беларускага тэкстолага і гісторыка літаратуразнаўства і крытыкі, быць адзначанымі і артыкулы М. Ларчанкі, у якіх рабілася смелая для свайго часу спроба перагледзець вульгарызатарскія ацэнкі паэм Я. Коласа «Новая зямля», «Сымон-музыка» і спадчыны М. Багдановіча. У самым канцы 1930-х – пачатку 1940-х гг. прайшлі цікавыя літаратурныя дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (пач. 1941), выдадзены зборнік выяўленых у архівах тэкстаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя (1940), пачаў друкавацца «Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры» М. Дабрыніна (асобнай кнігай ён убачыў свет толькі ў 1952 г.). У 1941 г. быў падрыхтаваны да выдання падручнік для педагагічных і настаўніцкіх інстытутаў «Беларуская літаратура», выдаць які, на жаль, перашкодзіла вайна. Гаварыць аб развіцці беларускага літаратуразнаўства (менавіта, так бы мовіць, «чыстага» літаратуразнаўства, а не ў повязі з крытыкай, хоць, дарэчы іх разарваць часам даволі цяжка) у часы Айчыннай вайны не прыходзіцца па зразумелых прычынах. Літаральна адразу ж пасля заканчэння вайны беларускія вучоныя-літаратуразнаўцы прыступілі да актыўнай распрацоўкі пытанняў развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. У перыёдыцы з’яўляюцца артыкулы, прысвечаныя Я. Купалу (аўтары — М. Ларчанка, С. Майхровіч, Ю. Пшыркоў, М. Лынькоў), Я. Коласу (У. Агіевіч, Ю. Пшыркоў), М. Багдановічу (Н. Перкін, С. Майхровіч, В. Барысенка), К. Каганцу (Р. Шкраба, Л. Фіглоўская), З. Бядулю (М. Смолкін), А. Гаруну (М. Ларчанка). Іх адметнасць — у спробе па-новаму, без спрашчэння, схематызму, вульгарызатарства паглядзець на творчую спадчыну класікаў. Нельга не сказаць і пра смелую для таго часу спробу ўвесці ў літаратурны ўжытак паасобныя забароненыя пісьменніцкія імёны і каштоўныя даследчыя працы рэпрэсаваных аўтараў. Маецца на ўвазе артыкул М. Ларчанкі пра А. Гаруна і ацэнкі, запазычаныя ім з «Гісторыі беларускае літаратуры» М. Гарэцкага». У шэрагу артыкулаў тагачаснага старшыні Праўлення СП БССР, кіраўніка Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР, вядомага беларускага празаіка М. Лынькова («Літаратура народа», «Адвечная песня») праглядаліся падыходы да выпрацоўкі новай канцэпцыі гісторыка-літаратурнага працэсу і своеасаблівыя заклікі да распачынання працы над новай «Гісторыяй беларускай літаратуры». Пэўны і даволі ўдалы разбег, які ўзяло беларускае літаратуразнаўства адразу ж у першыя пасляваенныя гады, быў перапынены ідэалагічнымі кампаніямі (барацьба з «касмапалітызмам» і «буржуазным нацыяналізмам»). Да ўсяго яшчэ ўладарыла «тэорыя бескафліктнасці». Па гэтай прычыне намаганні беларускіх літаратуразнаўцаў пачалі скіроўвацца не на стварэнне буйных праблемных прац і абагульняючых гісторыка-літаратурных даследаванняў, а на напісанне крытыка-біяграфічных нарысаў па творчасці асобных пісьменнікаў, а таксама на падрыхтоўку вучэбна-метадычнай літаратуры, праграм, хрэстаматый і дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школ. Так, у 1949 г. з'явіліся кнігі «Янка Купала» Я. Мазалькова, у 1951 г. — «Якуб Колас» Ю. Пшыркова, «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» М. Барсток, «Аркадзь Куляшоў» Н. Перкіна, «Эдуард Самуйлёнак» В. Вольскага. У наступным годзе пабачылі свет нарысы «Творчасць Петруся Броўкі» Н. Перкіна, «Пятро Глебка» М. Барсток, «Янка Лучына» С. Майхровіча, «Якуб Колас» (на рускай мове) Я. Мазалькова, зборнік матэрыялаў, прысвечаных Я. Купалу, зборнік артыкулаў У. Карпава «Па шляху сталасці», а таксама грунтоўная праца «Беларуская літаратура. Старажытны перыяд» М. Дабрыніна. 1953 год адзначаны з'яўленнем кніг «Проза Якуба Коласа (дакастрычніцкі перыяд)» А. Семяновіча, «Драматургія Кандрата Крапівы. Нарысы аб станоўчым героі» Я. Усікава, «Янка Купала. Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гадоў» В. Івашына. У 1954 г. выйшлі з друку зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» У. Агіевіча і шэраг прац Ф. I. Куляшова, прысвечаных творчасці М. А. Някрасава, А. П. Чэхава. Прыгаданыя і некаторыя іншыя кнігі, зборнікі сталі ўдалым пачаткам больш актыўнага вывучэння гісторыі літаратуры. Каштоўна тое, што творчасць пісьменнікаў XIX — пачатку XX ст. разглядалася ў сувязі з нацыянальна-вызваленчым рухам на Беларусі, са зменамі, якія адбываліся ў глыбінях народнага жыцця. Вялікае значэнне для беларускай навуковай думкі і паспяховай выпрацоўкі літаратуразнаўчай метадалогіі меў зварот даследчыкаў да катэгорыі народнасці, народных вытокаў мастацтва. Менавіта ў святле гэтых паняццяў аналізаваў Ю. Пшыркоў творчасць Я. Коласа, М. Ларчанка — Ф. Багушэвіча, Я. Мазалькоў — Я. Купалы. Але ўсталяванне новых літаратуразнаўчых падыходаў ішло з вялікімі цяжкасцямі. Вульгарныя сацыёлагі не хацелі здаваць ранейшых пазіцый. Гэта бачна з выступленняў С. Васілёнка («Фальсіфікатары і невукі». — «Литературная газета», 4 октября 1947 г.), Л. Бэндэ («Невуцтва і абарона нацыяналізму» — Літ. і мастацтва, 31 студзеня 1948 г.), В. Гальперына («Аб рэштках буржуазнага нацыяналізму ў беларускім літаратуразнаўстве» — Літ. і мастацтва, 12 мая 1948 г.). Тут вядомыя беларускія даследчыкі беспадстаўна абвінавачваліся ў наўмысным скажэнні гісторыі літаратуры, у рэабілітацыі пісьменнікаў, якія нібыта прапагандавалі рэакцыйныя погляды — тэорыю «адзінай плыні» ў нацыянальнай літаратуры, месіянскую ролю інтэлігенцыі і г. д. Беларускія вучоныя (В. Барысенка, Н. Перкін, Ю. Пшыркоў і ішп.) рашуча абверглі вульгарызатараў, паказалі метадалагічную заганнасць іх пазіцыі, што станоўча паўплывала на далейшае развіццё беларускага літаратуразнаўства. Своеасаблівым падагульненнем дзейнасці даследчыкаў на працягу ўсяго пасляваеннага дзесяцігоддзя сталі «Нарыс беларускай савецкай літаратуры» (1954, на рус. мовс) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), падрыхтаваныя Інстытутам літаратуры АН БССР. У гэтых працах выразна адбіліся і моцныя, і слабыя бакі тагачаснага літаратуразнаўства. На аснове аналізу канкрэтнага матэрыялу тут дадзена перыядызацыя літаратурнага працэсу, ахарактарызавана творчасць шэрагу пісьменнікаў, вызначана іх месца ў літаратуры. У структурным плане «Нарыс...» і «Нарысы...» прадугледжвалі агульную характарыстыку адпаведных перыядаў развіцця літаратуры і паасобныя манаграфічныя характарыстыкі, прысвечаныя найбольш буйным мастакам слова. Інакш кажучы, гэтыя даследаванні паводле сваёй будовы набліжаліся да тыпу «Гісторыя літаратуры». Фактычна сваім з'яўленнем яны і рыхтавалі глебу для больш глыбокіх, абагульняючых прац. Былі ў дадзеных кнігах і істотныя недахопы. Так «Нарыс...» быў вельмі бедны на канкрэтны гісторыка-літаратурны матэрыял. Імёны многіх пісьменнікаў 20—30-х гг., а таксама і іх творы па незалежных ад даследчыкаў прычынах нават не прыгадваліся, не кажучы пра іх аналіз і ацэнку. Зусім відавочна, што такі падыход звузіў і спрасціў агульнае ўяўленне пра шляхі развіцця беларускай літаратуры савецкага перыяду. Не адпавядалі сапраўднасці і ацэнкі многіх літаратурных з'яў. У першую чаргу гэта датычылася літаратурных аб'яднанняў «Узвышша», «Полымя», БелПП, сутнасці тагачасных дыскусій, спрэчак, увогуле літаратурна-творчага жыцця. У характарыстыках і ацэнках панаваў вульгарна-сацыялагічны погляд, тэндэнцыйны падыход. «Нарыс...» нёс у сваім змесце і сур'ёзныя тэарэтыка-метадалагічныя хібы і пралікі. Яны праявіліся ў тым, што аб'ектыўныя заканамернасці літаратурнага развіцця даследчыкі не выводзілі з канкрэтнага матэрыялу на падставе яго ўсебаковага вывучэння і аналізу, а толькі дэкларавалі. Па сутнасці, мела месца паўтарэнне таго, што было дасягнута ў публікацыях пачатку 50-х г. Новага зруху ў гэтым плане аўтары «Нарыса...» не зрабілі. Ды нават і шэраг цікавых назіранняў і вывадаў, зробленых папярэднікамі, напрыклад у асэнсаванні катэгорыі народнасці, не быў выкарыстаны і ўзбагачаны. Навуковы ўзровень «Нарыса...» зніжала недастатковая ўвага да мастацкай формы, да моўна-стылявых, структурных, жанравых асаблівасцяў твора. Усё гэта было зака-намерным вынікам шматгадовага ўздзеяння на даследчую думку заганных вульгарызатарскіх канцэпцый, якія ігнаравалі эстэтычную прыроду мастацтва і спецыфіку літаратуры як форму вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Многія істотныя недахопы, якія ўласцівы «Нарысу...», былі пераадолены ў «Нарысах...», выдадзеных як вучэбны дапаможнік для студэнтаў ВНУ рэспублікі. У кнігу ўведзены раздзелы па гісторыі старажытнай літаратуры і літаратуры XIX — пачатку XX ст., што адразу змяніла агульнае ўяўленне пра мастацкую, духоўную спадчыну беларускага народа і шляхі, якія прайшло нацыянальнае прыгожае пісьменства ў сваім развіцці. З'явіліся і асобныя манаграфічныя характарыстыкі пісьменнікаў савецкай пары (Э. Самуйлёнак, П. Трус, некаторыя іншыя). Пэўным чынам адрозніваўся і падыход да разгляду літаратурных з'яў, іх аналіз, погляд на літаратурны працэс, на творчасць асобных пісьменнікаў. Знікалі ранейшыя спрошчаныя фармулёўкі, схаластычныя сцвярджэнні і вывады вульгарна-сацыялагічнага характару. Але гэта быў толькі пачатак сур'ёзнай працы па грунтоўнаму перагляду спадчыны вульгарызатараў і дагматыкаў ад навукі. Разам з тым у «Нарысах...» засталося нямала супярэчлівых характарыстык, аўтары якіх імкнуліся даць сваю трактоўку той ці іншай з'явы, але гіпноз ранейшых ідэалагічных установак і ўяўленняў стрымліваў іх. «Нарысам...» як гісторыка-літаратурнай абагульняльнай працы яшчэ не ставала якаснай навізны і сапраўднай аб'ектыўнасці. На пераадоленне ўласцівых «Нарысам...» недахопаў і выпрацоўку цэласнай канцэпцыі гісторыі нацыяпальнай літаратуры і былі скіраваны галоўныя намаганні беларускіх даследчыкаў другой паловы 1950-х – першай паловы 1960-х гг.
|
||||
Последнее изменение этой страницы: 2016-08-12; просмотров: 348; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.188.218.134 (0.016 с.) |