Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Нямецкая народная кніга і беларуская казка

Поиск

Народная кніга была сярод вышэйшых літаратурных дасягненняў Адраджэння, якое так і засталося ў заходнееўрапейскай літаратуры прыкметаю свайго часу, а на Беларусі мае пэўныя тыпалагічныя паралелі з жанрам ананімнай паэмы. Назва “народная кніга” ўведзена па аналогіі з назвай “народная песня”. Звычайна яна распаўсюджвалася ў народным асяроддзі, у якім і ўзнікла. Таму народная кніга ананімная – ў яе шмат аўтараў, якія працавалі над зместам кнігі, удакладняючы і пашыраючы яе, перадаючы з аднаго пакалення ў другое. Народная кніга прысвечана адной выдатнай асобе (Тылю Уленшпігелю, доктару Фаўсту) або групе людзей, адметных выразнымі якасцямі (шыльдбюргеры – дурні – у нямецкай літаратуры, або веліканы – у французскай народнай кнізе пра Гарганцюа). Гэтыя творы мелі займальны характар, і першай іх задачай было пасмяшыць людзей, пазабавіць іх. Павучальны элемент у такой кнізе зведзены да мінімума (акрамя кнігі пра доктара Фаўста, дзе апавядаецца пра разумнага героя і даецца павучальная гісторыя яго жыцця і смерці).

Шырокае распаўсюджванне народных кніг у ХVІ ст. было абумоўлена, з аднаго боку, цікавасцю чытачоў да кніг забаўляльнага, прыгодніцкага або казачнага зместу (гэты інтарэс задавальнялі ў свае часы рыцарскія раманы, а затым махлярскія раманы), узмацненнем свецкага пачатку ў літаратуры. З другога – развіццё паліграфіі, друкавання дазволіла выдаваць кнігі пэўнай колькасцю экзэмпляраў, так што тая ці іншая з надрукаваных кніг магла захавацца да наступных стагоддзяў, а не знікнуць, як, безумоўна, знік не адзін народны твор. Да таго ж народныя кнігі, якія выдаваліся ў тагачасных друкарнях, мелі прыгожы выгляд, ілюстраваліся каляровымі малюнкамі – гэткая своеасаблівая рэнесансная “масавая літаратура”. У сваю чаргу папулярнасць народных кніг садзейнічала пэўнай адукацыі народных мас: у іх змяшчаліся звесткі пазнавальнага, экзатычнага характару, апавядалася пра жыццё людзей розных краін. Пашырэнне твораў спрыяла таксама станаўленню асобных літаратурных жанраў (перш за ўсё рамана), дзякуючы добра распрацаванай інтрызе, шырокаму паказу жыцця герояў, адлюстраванню побыту.

Напрыканцы ХVІ ст. з’явілася народная кніга, створаная ў рэчышчы нямецкай рэнесанснай літаратуры і ў традыцыях “літаратуры пра дурняў”,– “Шыльдбюргеры” (1598 г., у першым выданні 1597 г. мела назву “Кніга аб лалах”, Эльзас). У народнай кнізе пра саксонскі горад Шыльду і яго жыхароў спалучыліся традыцыі жанраў гарадской літаратуры – шванкаў і анекдотаў пра “дурныя” паселішчы (жыхары вёсак Мундзінгена ў Швабіі, пра якіх пісаў Генрых Бебель, вядомы сваімі “дурыкамі”, такімі ж з’яўляюцца і знакамітыя на рускіх землях пашэхонцы, у балгар – габраўцы і інш.).

“Шыльдбюргеры” ў шэрагу кніг “літаратуры пра дурняў” адметны тым, што сюжэт звязаны з гісторыяй ператварэння людзей разумных у дурных; гэта метамарфоза адбываецца з цэлым горадам. У творы паказаны шлях татальнага “здурнення” жыхароў Шыльды, ананімны аўтар раскрывае і прычыну раптоўнага ператварэння разумных гараджан у дурных шыльдбюргераў: нежаданне быць уцягнутымі ў справы свету. Раней менавіта з прычыны свайго вялікага розуму яны праславіліся на ўвесь свет і былі надзвычай запатрабаванымі. Нагадаем, што па прычыне сваёй выключнай адукаванасці, высокіх разумовых здольнасцей не мог знайсці сабе месца ў свеце герой навелы М.Сервантэса “Ліцэнцыят Відрыера”. Затое ён стаў знакамітым, як толькі страціў розум, ператварыўся ў блазна. “Ах, сталіца, ты можаш прывеціць нахабных пралазаў і адрынуць людзей годных і сціплых, ты корміш да адвалу бессаромных прайдзісветаў і морыш голадам разумных і сарамлівых»,– падкрэслівае М.Сервантэс.

Шыльдбюргерамі была пастаўлена і хутка вырашана праблема, якая ўздымалася не толькі ў часы Адраджэння, – праблема роўнасці: “ды і нейкая роўнасць між намі будзе. Бо гэта разумных дзеляць на вялікіх і малых. А дурных – не. Бо ці поўны дурань ці паўдурак – адно і тое ж”. Таму лепшы паратунак і адзінае вырашэнне складаных праблем – “усе разам і кожны паасобку ў дурні падацца”.

У кнізе распавядаецца пра заняткі шыльдбюргераў. Вось яны будуюць ратушу, таму што “для паўнаты дурноты ім толькі ратушы не стае. Бо што такое дурнота без памяшкання?”. Таму ратуша была пабудавана адпаведна іх уяўленням: без вокнаў. Святло ў вокны заносілі ў мяшках, а калі нарэшце зразумелі, у чым справа, кожны з жыхароў зрабіў сабе ў ратушы вакно. Печку для ратушы пабудавалі на гарадской плошчы, а цяпло з яе вырашылі рыбацкаю сеткаю лавіць і ў ратушу дастаўляць.

У “Шыльдбюргерах” няма сатыры на сацыяльнае становішча ў краіне, на імператарскую ўладу, на грамадскі лад і тагачасныя норавы. Аўтар смяецца без абурэння і злосці – смяецца і з дурных учынкаў персанажаў, і з іх спробаў займацца “сур’ёзнымі” справамі. Сугучна з тагачаснымі гуманістамі аўтар сцвярджае думку пра вялікасць, неабдымнасць свету і тут жа дадае тое, што пераводзіць гэты велічны вобраз на гулліва-насмешлівы ўзровень, карнавалізуе яго: “А ў тыя часы свет быў вялікі і разлеглы – ніхто-ніхто не ведаў, дзе ён канчаецца. Але які ні быў бы свет вялікі, а разумных людзей было мала – не тое, што сёння: каго не сустрэнь, дык кожны скажа, што ён разумны, і нават патрабуе, каб усе яго разумнымі лічылі”. Кампазіцыя кнігі разамкнутая: пасля набыцця Ахоўнай граматы адбываецца яшчэ шэраг прыгод з гараджанамі Шыльды.

Ва “Уступным слове” да выдадзенай па-беларуску кнігі яе перакладчык А.Клышка звяртаецца да чытача-падлетка з глыбока прадуманымі словамі: “Ад розуму да дурноты – адзін крок, а ад дурноты да розуму – дужа далёка. Глупству нельга ўступаць нават напаказ, нават часова.

Гэтыя гісторыі вучаць цябе шанаваць розум, паказваючы, да чаго даходзяць людзі, калі яны адвучваюцца самастойна думаць, калі паддаюцца хоць бы якой агульнай дурноце, прывыкаюць да яе, а свой дабрабыт і спакой ставяць вышэй за ўсё і асабліва за мудрасць”.

У беларускіх народных казках вобраз дурня шматбаковы: гэта і дурань-блазан, за ўчынкамі якога прыхаваны цвярозы розум, з дапамогай гэтых учынкаў ён раскрывае ўсеагульную дурноту, што пануе ў свеце, або выйграе тое, што недасягальна для звычайнага чалавека. Гэта і дурань “ад прыроды”, дзе дурнота адпавядае не толькі глупству, страце розуму, але і няўменню самастойна, цвяроза думаць і прымаць адказныя рашэнні. Беларуская казка “Дурныя людзі”, запісаная ў ХІХ ст., аднаўляе іншы кірунак увасаблення дурноты ў літаратуры. Па сваіх матывах яна блізкая нямецкай народнай кнізе “Шыльдбюргеры”, праўда, тут дзейнічаюць некалькі герояў адной сям’і і людзі навакольнага свету (гаспадары адной хаты, дзед з бабай, мужыкі ды панічы) – усе прадстаўнікі розных саслоўяў, як і ў Шыльдзе.

Зяць, якому абрыдла дурнота жонкі і яе бацькоў, пайшоў па свеце і ўбачыў вакол тую ж самую дурноту. Адзін з эпізодаў гэтага падарожжа нагадвае пра падзеі ў саксонскім горадзе:

“Бачыць – мужык пабудаваў новую хату і ўсё нешта ў хату кашом носіць.

– Дзень добры, – кажа салдат, – што ты гэта робіш?

– А вось пабудаваў хату ды цёмна ў ёй, дык я хачу сонца ў хату напусціць!

– Калі дасі мне грошай,– кажа салдат, – дык я табе зараз поўную хату сонца напушчу!

– Добра, дам!

Узяў салдат тапор, прасёк вокны, і стала ў хаце светла. Даў салдату мужык тры рублі, ён падзякаваў і пайшоў далей”.

Ёсць у нямецкай кнізе глава “Як шыльдбюргеры карову накармілі”: убачылі жыхары, “што на старым муры ладная траўка адскочыла, забалела іх сялянская натура, што такі добры корм нізавошта марнуецца”. Розныя прапановы выказваліся, як гэтую траву выкарыстаць: і касою скасіць, і стрэламі з лука збіць. А гарадскі галава прапанаваў уверх на мур карову зацягнуць: “яна ўсю траву і саскубе! І не трэба ні касіць, ні сушыць, ні вазіць – вядома, якая з сенам марока!”.

У беларускай казцы “Дурныя людзі” знаходзім той жа самы эпізод: “Ідзе зяць-салдат далей. Зайшоў ён у адну хатку, бачыць – дзед з бабай стаяць на даху і вала за рогі цягнуць туды.

– Што вы гэта робіце?

– А ці ты не бачыш? На даху трава вырасла, дык мы хочам сюды вала ўсцягнуць, каб ён гэту траву паеў!

Тады салдат кажа:

– Калі дасьце мне палуднаваць, дык я вас навучу, як траву дастаць!

– Добра, дадзім, толькі навучы!

Узяў салдат серп, траву на даху пажаў і валу скінуў. Накармілі дзед з бабай салдата, пад’еў ён і пайшоў”.

Галоўныя героі нямецкай народнай кнігі – гараджане Шыльды, у беларускай казцы – дурныя людзі, якіх шмат на свеце. Але разам з тым у апошняй сустракаем вобраз, які можа быць названы станоўчым. Гэта – салдат-зяць. Менавіта ён, каму абрыдла людская дурнота, пайшоў вандраваць па свеце. Але ўсюды шмат дурняў. Разумны, працавіты салдат мае з гэтага прыбытак і шчаслівы вяртаецца дадому.

Навела і авантурна-навелістычныя казкі беларусаў

Вядомы з рыцарскіх раманаў сюжэт пра Трыстана і Ізольду увайшоў у зборнік кароткіх, займальных гісторый, які захаваўся пад назвай “Навеліна” (ХІІІ ст.). І ў гэтай прыгодзе, і ва ўсім зборніку чытач упершыню сустрэўся з новым жанрам, які пакуль што знаходзіўся ў самым пачатку станаўлення. Ён быў пераходнай формай ад пашыранага ў гарадскім фальклоры анекдота і таго літаратурнага жанра, што ў класічным выглядзе народзіцца праз паўстагоддзе – у “Дэкамероне” Д.Бакача.

Назва навела паходзіць ад італьянскага “novella”, што значыць “навіна”. У цэнтры навелы – яе асноўнае мастацкае зерне, “крышталь”; сэрцавінай жанра з'яўляецца навіна, або падзея, прыгода, прыклад, вакол якога пабудаваны сюжэт і дзякуючы якому ў ёй адбываецца нечаканы паварот. Такой “навіной” можа быць не толькі дзеянне, але і трапнае слова, паведамленне або адказ героя. Літаратурны жанр навелы ўзнік на традыцыях розных жанраў: анекдота, фабліо, фацэцыі, “прыклада”, жыція, прытчы, усходніх навел, народных казак, паданняў, дзе камічнасць, недарэчнасць або наўмысная складанасць сітуацыі вымагала ад героя хітрамудрасці, дасціпнасці, трапнасці паводзін або адмысловага адказу (“вострага слова”).

Другой важнай асаблівасцю новага жанру стала сцісласць яго зместу. Навела – гэта невялікае па памеру эпічнае апавяданне. Але розныя жанры, якія сталі асновай для развіцця навелы, прыўнеслі ў яе спецыфічныя элементы. Анекдот змог насыціць навелу аванцюрным, прыгодніцкім зместам. Фабліо дадаў у яе структуру вобразы гарадскога жыцця, штодзённага сямейнага побыту. Вядомыя ў жанры жыція выключныя, амаль невырашальныя сітуацыі, дзе магчыма ўмяшальніцтва вышэйшых сіл або сіл “провидения”, ператвараюцца ў навеле ў падзеі, якія вырашаюцца, дзякуючы выкрыццю злачынства або шчасліваму выпадку (“падарунку лёсу”). Перайшоўшы ў літаратуру, “прыклад” набыў навелістычны сюжэт, апавяданне аказалася звязаным з павучаннем. Алегарызм і павучальнасць прытчы становяцца новымі адценнямі ў жанры навелы.

Навела, як відавочна, узнікла на традыцыях старых літаратурных форм, але развіваючыся ў новым гісторыка-культурным кантэксце, у творчасці заходнееўрапейскіх пісьменнікаў, адасобілася ад старых жанраў, явіўшы новую структуру арганізацыі апавядання, т. зв. жанравы канон. У адрозненне ад прытчы навела пераносіць дзеянне ў рэальныя час і прастору, у ёй героі набываюць сваё імя, пэўнае сацыяльнае становішча. У адрозненне ад фабліо навела “дакументальная”, час і месца дзеяння няхай і выдуманыя, але зноў-такі рэальныя. У адрозненне ад жыція навела мае свецкі характар. У адрозненне ад “прыклада” навеле ўласцівы акрэслены дынамічны сюжэт, а не статычнае апісанне, яна набывае сваю гістарычную дакладнасць.

Першапачынальнікам жанра і стваральнікам навелы Адраджэння называюць Дж. Бакача, італьянскага пісьменніка Трэчэнта. Яго раман “Дэкамерон” з’яўляецца адначасова і прыкладам складанай празаічнай структуры, і ўзорам навелы Адраджэння.

Такім чынам, у гісторыі ўзнікнення жанра навелы выключная роля належыць кантактным сувязям.

Разам з тым параўнальны аналіз навел і беларускіх навелістычных казак дазваляе меркаваць пра наяўнасць тыпалагічных сыходжанняў

Беларускі кантэкст жанра хоць зусім нешматлікі, але ўсё ж яго можна лічыць разнастайным. Навела ў Беларусі – прыклады арыгінальнай навелістычнай літаратуры, узоры перакладной навелы, а таксама тыя, якія маюць тыпалагічныя і кантактныя сувязі з творамі агульнаеўрапейскай навелістыкі. Зразумела, што і ў навелы можна вылучыць асноўныя этапы эвалюцыі як пэўнай структуры: ад зараджэння на этапе трансфармацыі папярэдніх жанраў – да замацавання ўстойлівай жанравай структуры, канона навелы – з далейшым развіццём і этапамі трансфармацыі ў творчасці прадстаўнікоў сусветнай навелістыкі.

Авантурна-навелістычныя казкі ў беларускім фальклоры дапамагаюць аднавіць як працэс архетыпізацыі сюжэта, так і варыянт белетрызацыі старажытнай з’явы: з крыніц народнай творчасці вырастае асобны літаратурны жанр, а мастацкі твор у сваю чаргу актуалізуецца ў новым гісторыка-культурным асяроддзі. Наяўнасць тыпалагічных паралеляў паміж беларускімі казкамі і літаратурнымі сюжэтамі, распрацаванымі ў заходнееўрапейскіх літаратурах, дазваляе сцвярджаць думку пра “адкрытасць” мастацтва слова не толькі да агульначалавечых праблем, але і пра “адкрытую сістэму” літаратурнага працэсу, у межах якой з'яўляюцца, а затым адраджаюцца наноў, набываюць “новае жыццё” творы старадаўняга мінулага.

Беларускія народныя казкі авантурна-навелістычнага кірунку пабудаваны на авантурна-прыгодніцкім, дасціпным, часам махлярскім сюжэце. У іх аснову пакладзена і хітрамудрасць героя, які сваімі паводзінамі або трапнымі размовамі “правучвае” або “павучае” хціўцу, зайздросніка, багацея. Героі многіх казак маюць агульнае ў сваім паходжанні з міфалагічнымі трыксцерамі. Часцей гэта мужык, які выкрывае папоў (“За што мужык папу бараду абгаліў”, “Мужык, пан і ксёндз”), паноў (“Асцярожны пасланец”, або пад іншай назвай – “Сцізорык зламаўся”, “Мужык і пан”), другога мужыка (“Разышлося, як заечае сала”), перамагае самога чорта. Беларуская казка навелістычнага характару ўводзіць у дзеянне не толькі чорта, але і святых на чале з Богам. Праўда, Бог тут дзейнічае не менш дасціпна і нечакана, як і сам чалавек (“Несцерка”), што выяўляе відавочна гуманістычны, рэнесансны характар гэтых казак.

Значная частка казак авантурна-навелістычнага зместу пабудавана, як сказана вышэй, вакол “трапнага (вострага) слова”. Вядомы цэлы шэраг твораў, дзе сюжэт зводзіцца да ўмовы: калі ты мяне (цара, папа, пана) падманеш, так што я скажу: “Хлусіш!”, дык перамога будзе за табою, простым чалавекам (мужыком, салдатам), і ты атрымаеш нейкую ўзнагароду.

У казцы “Папова зайздрасць не пайшла ў карысць” мужык напрыдумваў столькі неверагоднага, што не вытрымаў поп, залямантаваў.

“Поп добра лгаць умеў, а мужык яшчэ лепей, так раз кажа поп мужыку:

– Я добра лгу і ты добра лжэш, закладземся на пару валоў, каторы каторага пералжэ, той таго валоў забярэ”.

Ды на махлярствы мужыка поп урэшце не вытрымаў і адказаў:

“ – Лжэш, – кажа, – дурню!

– Аддай, ойча, маіх валоў!”

Пашыраючы ўяўленне пра сувязь навелы і беларускіх казак навелістычнага зместу, звернемся да артыкула Л.Барага “Вандроўныя сюжэты”: Значная колькасць вандроўных сюжэтаў (як адносна ўстойлівых фабульных элементаў, “што складаюць падзейную аснову структуры вуснага ці літаратурнага твора, якія пераходзяць з адной эпохі ці дзяржавы ў другую”) “перайшла ў бел.казкі і балады і атрымала своеасаблівы нац.каларыт, напоўнілася новым зместам. Так, у аснове сюжэта вядомай казкі “Аб тым, як ксяндзы вылячылісь” (зб.А.Сержпутоўскага “Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў”) ляжыць гісторыя, што ідзе ад напісанай на фалькл.матэрыяле 2-й навелы 10-га дня “Дэкамерона” Бакача пра разбойніка, які марыў голадам тлустага абата і тым самым вылечыў яго ад хваробы. Пазней гэты сюжэт быў перапрацаваны ў ням.майстарзінгерскай песні Г.Сакса “Абат на водах” і ў фацэцыі польск.зб. “Польскія фацэцыі” (17 ст.) пра тлустага ксяндза, якогаі вылечыў пан, калі трымаў ксяндза пад замком і не даваў яму есці. Творчае пераасэнсаванне гэтага сюжэта сустракаецца ва ўкр.казцы “Ксёндз на курацыі”, у рус.казцы “Пра вылячэнне тлустага манаха” (“Смаленскі этнаграфічны зборнік” У.Дабравольскага” (Бараг Л.Р. Вандроўныя сюжэты // ЭЛіМБел, т.1, с.571).

Пра вандроўныя сюжэты будзе сказана ніжэй. Разам з тым ставіць у залежнасць з’яўленне сюжэта аднаго твора ад падобнага яму, акрэсленага ў другім творы, у дадзеным выпадку наўрад ці апраўдана. Хутчэй за ўсё падабенства сюжэтаў у названых творах (ці ў асобных з іх) абумоўлена не кантактным характарам сувязей, а тыпалагічным сыходжаннем сюжэтных ліній.Аналізуючы беларускую казку ў параўнанні з іншанацыянальнымі творамі, можна выявіць не столькі кантактныя, але хутчэй за ўсё менавіта тыпалагічныя сыходжанні паміж беларускай і іншанацыянальнымі літаратурамі. Калі разглядаць жанр беларускай казкі ў супастаўленні з іншымі жанрамі (фальклорным – напалову фалкьлорным – уласна літаратурным), можна акрэсліць этапы фарміравання, крышталізацыі канона ўласна літаратурнага жанра ў межах сусветнай літаратуры як цэласнага ўтварэння.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-06-23; просмотров: 735; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.149.234.50 (0.012 с.)