Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Эканамічнае развіццё БССР у перыяд нэпа.

Поиск

Сельская гаспадарка ў перыяд нэпа

Дзякуючы мерапрыемствам нэпа ў сельскай гаспадарцы аграрная вытворчасць на 1925/26 гг. у агульным дасягнула даваеннага ўзроўню. Пераважала развіццё жывёлагадоўлі з малочным і свінагадоўчым ухілам. Значныя плошчы займалі пасевы тэхнічных культур. Некалькі палепшылася матэрыяльнае становішча сялянства.

Увядзенне нэпа супала па часе з рэалізацыяй дэкрэта аб зямлі. Аднак пры пераразмеркаванні нацыяналізаваных зямель толькі 23% было перададзена сялянам, астатняе перайшло ў дзяржаўны і лясны зямельны фонд, было перададзена саўгасам і сельскагаспадарчым кааператывам. У выніку сярэдняя забяспечанасць аднаго двара зямлёй заставалася амаль на ранейшым узроўні: да 1917 г. на адзін двор прыходзілася 8,35 дзесяціны зямлі, у 1924 г. – 8,41 дзесяціны.

Малазямелле сялянства павялічвалася ў выніку спынення ранейшай эміграцыі (забарона выезду за мяжу) і перасялення ў горад (крызіс у прамысловасці), натуральнага росту насельніцтва і пасямейных раздзелаў. Землезабяспечанасць сярэдняй беларускай сялянскай гаспадаркі была ніжэй сярэдняй па СССР на 1/3. Большасць гаспадарак мелі паўнатуральны характар і не валодалі сродкамі для ўкаранення новых спосабаў вядзення гаспадаркі, мелі нізкую пакупніцкую здольнасць. У параўнанні з даваенным часам таварнасць сельскай гаспадаркі знізілася ўдвая.

У перыяд нэпа дзяржаўныя ўлады рабілі стаўку на развіццё сялянскай гаспадарчай ініцыятывы ў справе развіцця сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчая палітыка ў БССР у 1925-1928 гг. абазначаецца тэрмінам “ прышчэпаўшчына ”. Д.Ф.Прышчэпаў, народны камісар земляробства БССР, быў прыхільнікам стварэння хутароў і невялікіх пасёлкаў. У выніку правядзення землеўпарадкавання на 1928 гг. каля 25% сялян перайшлі на хутары і водрубы.

У перыяд нэпа адбываецца пашырэнне сельскагаспадарчай кааперацыі, якая развівалася галоўным чынам у крэдытнай сферы, забеспячэнні і збыце прадукцыі вытворчасці. Да кастрычніка 1927 г. ступень кааперавання дасягнула 37% сялянскіх гаспадарак. Стварэнне вытворчых калектыўных гаспадарак ішло павольнымі тэмпамі, нягледзячы на дзяржаўную падтрымку. Калектыўныя гаспадаркі ў гэты час мелі тры асноўныя формы:

- камуны (адбывалася поўнае абагульненне маёмасці);

- арцелі (адбывалася абагульненне зямлі, працоўнай жывёлы, сельскагаспадарчага інвентару і гаспадарчых пабудоў, пры захаванні ў асабістым карыстанні прысядзібных надзелаў, дробных прылад працы, хатняй жывёлы);

- таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі (абагульнялася толькі зямля).

Прамысловасць і гандаль.

У ходзе правядзення нэпа паступова ішло аднаўленне прамысловасці. Да 1927 г. валавая прадукцыя буйной прамысловасці перавысіла ўзровень 1913 г. Была адноўлена палова буйных прадпрыемстваў, што дзейнічалі да Першай сусветнай вайны, колькасць рабочых дасягнула 94% ад даваеннага ўзроўню. Амаль усе прадпрыемствы буйной прамысловасці з’яўляліся дзяржаўнымі. Згодна з прынцыпамі нэпа, да канца 1922 г. дзяржаўная прамысловасць Беларусі была пераведзена на дзяржразлік. Да верасня 1924 г. было арганізавана 9 трэстаў у БССР. Праводзілася электрыфікацыя гаспадаркі. У 1925-1926 гг. у Беларусі дзейнічала 40 электрастанцый.

Адбывалася аднаўленне дробнай і саматужна-рамесніцкай прамысловасці. У 1927 г. дзейнічала 85,7% ад даваеннай колькасці прадпрыемстваў дадзеных тыпаў. На 1926 г. на іх было занята 73% рабочых, выраблялася 58% валавай прадукцыі усёй прамысловасці. Большую частку дробнай вытворчасці складаў недзяржаўны сектар (прыватныя прыдпрыемствы і арэнда). Адбывалася развіццё прамысловай кааперацыі. Дзейнасць прыватных прадпрыемстваў абмяжоўвалася і рэгулявалася дзяржавай. Іх патрэбы ў абсталяванні, матэрыялах, атрыманні крэдытаў у апошнія гады існавання нэпа задавальняліся ў апошнюю чаргу, да таго ж, прыватныя прадпрыемствы выплочвалі вялікія падаткі. Таму ўдзельная вага прыватнай прамысловасці паступова зніжалася.

Асноўнымі галінамі прамысловасці БССР заставаліся харчовая, дрэваапрацоўчая, папяровая, металаапрацоўчая, гарбарная, шкляная.

У выніку прамысловага росту некалькі палепшылася матэрыяльнае становішча рабочага класа. Аднак у цэлым яно заставалася цяжкім. Даволі высокім быў узровень беспрацоўя.

Такім чынам, нягледзячы на аднаўленне эканомікі ў перыяд нэпа, у цэлым яна па-ранейшаму мела аграрны характар. Удзельная вага сельскай гаспадаркі ў вытворчасці БССР склала 71,6%, прамысловасці – 22,3%. Каля 89% насельніцтва жыло ў вёсцы. Узровень сельскай гаспадаркі заставаўся нізкім: у выніку малазямелля сялянства гаспадарка мела паўнатуральны характар, вяляася пераважна пры дапамозе прымітыўнай тэхнікі. У прамысловасці пераважала дробная і рамесна-саматужная вытворчасць, якая базіравалася на мясцовай сыравіне. Усё гэта востра ставіла пытанне пра эканамічную мадэрнізацыю краіны.

 

18.3. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1920-я гг.

У 1920-я гг. ва ўсходняй Беларусі, як і ў цэлым у Савецкай дзяржаве адбываецца станаўленне аўтарытарнага палітычнага рэжыму. Яго спецыфікай выступае ўстанаўленне пануючага статусу бальшавіцкай партыі (РКП(б), з 1925 г. – ВКП(б) (Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), якая ўзяла пад кантроль усё палітычнае жыццё і фактычна ліквідавала ўсялякую легальную палітычную апазіцыю. Разам з тым дапускалася магчымасць праяўлення адноснай свабоды ў іншых сферах грамадскага жыцця: навуцы, культуры і г.д. Устанаўленне манаполіі бальшавіцкай партыі на ўладу не выключала адкрытай палітычнай барацьбы ўнутры самой партыі за ўладу ў гэты перыяд. Асаблівай вастрыні яна дасягнула пасля смерці У. Леніна ў студзені 1924 г.

30 снежня 1922 г. на X Усерасійскім з’ездзе Саветаў (ён жа І Усесаюзны з’езд Саветаў) былі ўхвалены Дэкларацыя і Дагавор пра стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Новая дзяржава стваралася як федэрацыя чатырох савецкіх рэспублік: Расійскай Федэрацыі, Украіны, Закаўказскай Федэрацыі і БССР. Потым да іх на працягу 1920-1930-х гг. далучыліся іншыя саюзныя рэспублікі (у 1940 г. іх налічвалася 16). Да кампетэнцыі саюзнага ўрада адносіліся пытанні знешняй палітыкі, фінансаў, узброеных сіл, шляхоў зносін, сувязі, а таксама выпрацоўка агульных правілаў палітычнага і эканамічнага жыцця (агульнае планаванне народнай гаспадаркі і кіраўніцтва ёю, зацвярджэнне агульнасаюзнага бюджэту, функцыянаванне агульнай крэдытнай і грашовай сістэмы і г.д.). Вырашэнне астатніх пытанняў заставалася за ўрадамі рэспублік. Асноўныя палажэнні Дагавора былі зацверджаны першай Канстытуцыяй СССР 1924 г. Фактычная аўтаномія асобных рэспублік ад самага пачатку была абмежаванай. Уся рэальная ўлада была сканцэнтравана ў руках партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва ў Маскве.

Падзел Беларусі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй пасля 1921 г. абумовіў актыўнае выкарыстанне бальшавіцкімі ўладамі ў сваіх палітычных інтарэсах беларускага нацыянальнага пытання. Рабіліся намаганні паказаць, што нацыянальныя патрэбы ў Савецкай дзяржаве задаволены ў большай ступені, чым у Польшчы. Вынікам гэтага стала ўзбуйненне БССР за кошт ўсходнебеларускіх зямель. У сакавіку 1924 года да БССР было далучана 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай (былой Магілёўскай) і Смаленскай губерняў. У снежні 1926 г. да БССР адышлі Гомельскі і Рэчыцкі паветы. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася больш чым у два разы. У 1924-1927 гг. была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, паводле якой тэрыторыя БССР была падзелена на 10 акруг, якія ў сваю чаргу падзяляліся на 10 раёнаў. У межах кампактнага пражывання нацыянальных меншасцяў ствараліся нацыянальныя Саветы (яўрэйскія, польскія, рускія, латышскія, нямецкія, украінскія).

5-12 красавіка 1927 года на чарговым VIII з’ездзе Саветаў БССР была прынята новая Канстытуцыя БССР. Яна юрыдычна замацавала факт уваходжання БССР у склад СССР і вызначыла правы БССР у складзе СССР: самастойна прымаць канстытуцыю, уносіць у яе змены, ствараць вышэйшыя органы ўлады і кіравання, вызначаць адміністрацыйны падзел. Былі дэклараваны грамадзянскія і палітычныя правы грамадзян, аднак указваліся іх абмежаванні у адносінах “эксплуататарскіх элементаў” (тых, хто выкарыстоўваў наёмную працу) (апошнія, пазбаўляліся права ўдзелу ў выбарах, займання дзяржаўных пасад, абмяжоўвалася іх права паступлення ў ВНУ і г.д.). Праца абвяшчалася абавязкам усіх грамадзян. Вышэйшым органам улады з’яўляўся Ўсебеларускі з’езд Саветаў. Паміж з’ездамі вышэйшую заканадаўчую ўладу ажыццяўляў ЦВК Саветаў, а выканаўчую – сфарміраваны ім СНК БССР. Дзяржаўнымі мовамі былі зацверджаны беларуская, руская, польская і яўрэйская. Мовай міжнацыянальных зносін вызначалася беларуская.

Рэальная палітычная ўлада ў БССР належала кіраўніцтву Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, якая фактычна кантралявала дзейнасць усіх дзяржаўных органаў улады. Рэзка павялічвалася колькасць членаў КП(б)Б: за 1922-1929 гг. яна ўзрасла з 5 да 33 тыс. чалавек. Маскоўскае кіраўніцтва ўважліва сачыла за сітуацыяй у кампартыях рэспублік. Рэгулярна ў нацыянальныя рэгіёны СССР дасылаліся партыйныя работнікі з цэнтра.

Саветы ў гэты перыяд канчаткова пераўтварыліся ў фармальныя органы ўлады; іх дзейнасць практычна цалкам кантралявалася партыйнымі органамі. Разам з тым у перыяд нэпа рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у вырашэнні пытанняў мясцовага гаспадарчага і культурнага жыцця, падатковай палітыкі. Прафсаюзы і іншыя грамадскія арганізацыі таксама пераўтвараліся ў дадатак дзяржаўна-адміністрацыйнага апарату.

У першай палове 1920-х гг. бальшавікам, дзякуючы поспехам нэпа, удалося задушыць антыўрадавыя ўзброеныя выступленні. У 1922 г. у БССР было адменена ваеннае становішча. Бальшавіцкія ўлады шляхам палітыкі лавіравання і рэпрэсій дамагліся ліквідацыі легальнай палітычнай апазіцыі. У 1921 г. пад націскам улад “самаліквідаваўся” Бунд, у 1923 г. – БСДП, у 1924 г. – БПСР.

Такім чынам, у 1920-я гг. адбывалася далейшае развіццё беларускай дзяржаўнасці ў форме БССР, якая ў дадзены перыяд істотна пашырыла сваю тэрыторыю і атрымала замацаваны прававым шляхам аўтаномны статус у складзе СССР. У гэты перыяд фарміруецца аўтарытарны аднапартыйны палітычны рэжым.

18.4. Палітыка беларусізацыі і развіццё культуры ў 1920-я гг.

Выкарыстанне бальшавіцкімі ўладамі беларускага нацыянальнага пытання працягвалася і пасля ўзбуйнення БССР і адлюстравалася ў палітыцы беларусізацыі, пра якую афіцыйна было абвешчана ў ліпені 1924 г.

Палітыка беларусізацыі мела вызначаныя накірункі:

- перавод справаводства на беларускую мову (пры гэтым наладжвалася абавязковае вывучэнне дзяржаўнымі служачымі беларускай мовы);

- перавод адукацыйных устаноў на беларускую мову;

- вылучэнне на кіруючыя пасады ў дзяржаўных і мясцовых органах улады мясцовых ураджэнцаў (палітыка “ карэнізацыі ”);

- падтрымка развіцця беларускай культуры і ўсебаковага навуковага вывучэння Беларусі, яе гісторыі, эканомікі і г.д.

Палітыка беларусізацыі мела значныя вынікі:

- беларуская мова заняла пануючае месца ў дзяржаўным справаводстве, часткова нават уводзілася ў часцях Чырвонай арміі на тэрыторыі БССР;

- замацаванне беларускай мовы ў сістэме агульнаадукацыйнай школы (да 1928 г. каля 80% школ было пераведзена на беларускую мову навучання);

- павелічэнне долі асоб беларускай нацыянальнасці ў сістэме дзяржаўнага апарату (на 1927 г. сярод кіраўнікоў акруговага і раённага маштабу яна складала 48%);

- хуткае развіццё краязнаўства, беларускай мастацкай літаратуры, тэатру, іншых форм беларускамоўнай культуры.

У выніку беларусізацыі ўзрасла нацыянальная свядомасць беларускага насельніцтва, што істотна паскорыла працэс фарміравання беларускай нацыі.

Беларусізацыя мела пазітыўныя вынікі для палітычнай стабілізацыі. Гэта выклікала змены ў адносінах да Савецкай дзяржавы з боку прадстаўнікоў беларускага нацынальнага руху як у самой Беларусі, так і ў эміграцыі. У іх асяроддзі пачынае набываць папулярнасць ідэя падтрымкі беларускай дзяржаўнасці ў савецкай форме. На ІІ канферэнцыі Рады БНР у Берліне ў 1925 г. яе лідэры на чале з А. Цвікевічам абвясцілі аб самароспуску Рады БНР і прызнанні БССР адзінай формай беларускай дзяржаўнасці. Многія беларускія эмігранты заявілі пра сваю лаяльнасць да бальшавіцкай улады, вярнуліся ў БССР і прымалі актыўны ўдзел у яе навуковым і культурным жыцці (В. Ластоўскі, А. Цвікевіч, А. Смоліч і інш.).

Правядзенне палітыкі беларусізацыі разглядалася як стратэгічная лінія, галоўным чынам, з боку беларускай часткі партыйнага кіраўніцтва БССР. Большасць партыйна-дзяржаўных кіраўнікоў разглядалі яе як часовы тактычны крок, накіраваны на павышэнне прэстыжу бальшавіцкай улады сярод насельніцтва і нейтралізацыю палітычных праціўнікаў.

У 1920-я гг. у БССР была створана новая адукацыйная сістэма. У яе ўваходзілі наступныя ўзроўні:

- пачатковая адукацыя (чатырохгадовыя школы);

- сярэдняя адукацыя (сямігадовыя школы);

- прафесійна-тэхнічная (прафесійна-тэхнічныя школы) і сярэдняя спецыяльная (тэхнікумы) адукацыя;

- вышэйшая адукацыя (універсітэты і інстытуты).

З 1927 г. было ўведзена ўсеагульнае пачатковае навучанне. У 1928/29 навучальным годзе ў БССР налічваліся 5723 пачатковыя і сярэднія школы, у якіх праходзіла навучанне 79% ад усёй колькасці дзяцей. Паралельна праводзіліся мерапрыемствы па ліквідацыі непісьменнасці для дарослых. У выніку ў другой палове 1920-х гг. ужо больш паловы жыхароў БССР з’яўляліся пісьменнымі.

Для задавальнення патрэб у спецыялістах у розных галінах гаспадаркі і невытворчай сферы пашыралася сетка тэхнікумаў (педагагічных, сельскагаспадарчых, індустрыяльна-тэхнічных, эканамічных і г.д.). У 1928/29 навучальным годзе іх было 32 з 5,5 тыс. навучэнцаў.

У 1920-я гг. у Беларусі адраджаецца сістэма вышэйшай адукацыі. У 1921 г. у Мінску быў адчынены Беларускі дзяржаўны універсітэт. Потым з’явіліся Беларускі дзяржаўны інстытут сельскай і лясной гаспадаркі (1922), Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках (1925), Віцебскі ветэрынарны інстытут (1924). У сярэдзіне 1920-х гг. ва ўсіх ВНУ БССР навучалася звыш 4 тыс. студэнтаў.

Цэнтрам навуковага жыцця ў БССР становіцца Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт,), заснаваны ў 1922 г. Работа інстытута арганізоўвалася па секцыях. У 1926 г. дзейнічала 5 секцый: лінгвістычная, літаратурна-мастацкая, гісторыка-археалагічная, прыродазнаўчая, сацыяльна-эканамічная. Першым кіраўніком Інбелкульта быў С.М.Некрашэвіч, з 1924 г. – У.М.Ігнатоўскі (ён жа першы старшыня Акадэміі навук). На аснове Інбелкульта ў 1929 г. фарміруецца Акадэмія навук БССР. Навукова-даследчая работа праводзілася таксама ў межах вышэйшых навучальных устаноў. У 1920-я гг. у БССР фарміруюцца новыя доследныя станцыі ў галіне сельскай і лясной гаспадаркі.

У 1920-я гг. адбываецца арганізацыя культурна-асветніцкіх устаноў, якімі ў гарадах становяцца клубы, а ў сельскай мясцовасці – хаты-чытальні. Пры іх ажыццяўляліся папулярызацыя навуковых і тэхнічных ведаў сярод насельніцтва, чытанне газет і кніг, праводзіліся палітычная і антырэлігійная прапаганда. Павялічвалася колькасць бібіліятэк. У 1922 г. адчынілася Дзяржаўная бібліятэка БССР. У 1921 г. створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР, якое мела свае аддзяленні ва ўсіх значных гарадах рэспублікі. Гэта дазволіла значна павялічыць выданне літаратуры. Павялічылася колькасць перыядычных выданняў: у 1925 г. у БССР выдавалася 20 газет і 15 часопісаў.

У той жа час культурна-асветніцкая праца суправаджалася дыскрымінацыйнай палітыкай у адносінах да ўсіх рэлігійных канфесій. Культавыя рэлігійныя збудаванні зачыняліся і руйнаваліся; ажыццяўляліся рэпрэсіі ў адносінах да служыцеляў рэлігійнага культу.

Палітыка беларусізацыі садзейнічала развіццю беларускай мастацкай літаратуры і тэатру. Фарміруюцца беларускія літаратурныя аб’яднанні: “ Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя ”. Былі створаны беларускія дзяржаўныя тэатры ў Мінску і Віцебску. Пад уплывам рэвалюцыйных падзей і беларусізацыі ў значнай ступені развіваліся жывапіс і музычнае мастацтва.

Разам з тым бальшавіцкія ўлады імкнуліся ў пэўнай ступені абмежаваць дзейнасць навукоўцаў і мастакоў і ўстанавіць ідэалагічны кантроль у сферы навукі і мастацтва. Аднак да канца 1920-х гг. ён не меў татальнага характару і дапускаў пэўную інтэлектуальную свабоду.

Такім чынам, на працягу 1920-х гг. у БССР актыўна праводзілася палітыка беларусізацыі, якая хутка прынесла адчувальныя вынікі і садзейнічала паскарэнню працэсаў фарміравання беларускай нацыі. У гэты перыяд адбывалася хуткае развіццё адукацыі, навукі, культуры ва ўмовах адноснай інтэлектуальнай свабоды.

 

Асноўныя паняцці:

Новая эканамічная палітыка (нэп), трэсты, сіндыкаты, “прышчэпаўшчына”, кааперацыя, камуна, сельскагаспадарчая арцель, таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі, электрыфікацыя, аўтарытарызм, Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Канстытуцыя СССР 1924 г., узбуйненне БССР, адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа 1924-1927 гг., Канстытуцыя БССР 1927 г, беларусізацыя, “карэнізацыя”, ІІ канферэнцыя Рады БНР, тэхнікумы, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інбелкульт, Акадэмія навук БССР, Дзяржаўная бібліятэка БССР, Дзяржаўнае выдавецтва БССР.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Ахарактарызуйце асноўныя перадумовы ўвядзення новай эканамічнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі?

2. Якія асноўныя мерапрыемствы прадугледжвала новая эканамічная палітыка?

3. У чым заключалася адрозненне харчовага падатку, уведзенага падчас нэпа, ад харчразвёрсткі?

4. Падумайце, чаму бальшавіцкія ўлады, якія ў перыяд “ваеннага камунізму”, вялі барацьбу супраць прыватнай уласнасці ў розных сферах эканомікі, падчас нэпа дазволілі дзейнасць прыватнага сектару ў эканоміцы?

5. Што такое трэсты і сіндыкаты? Чым сістэма кіравання дзяржаўнай прамысловасцю ў перыяд нэпа адрознівалася ад “ваенна-камуністычнай” сістэмы?

6. Падумайце, як мерапрыемствы нэпа маглі паўпываць на адносіны розных сацыяльных груп насельніцтва да бальшавіцкай улады? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

7. Калі сельская гаспадарка БССР дасягнула даваеннага ўзроўню? Якія галіны аграрнай вытворчасці БССР найбольш развіваліся ў 1920-я гг.?

8. Якія формы землекарыстання існавалі ў сельскай гаспадарцы БССР у 1920-я гг. Якія з іх былі пераважаючымі?

9. Што такое “прышчэпаўшчына”? Чым можна патлумачыць падтрымку дзяржаўнымі ўладамі БССР у 1920-я гг. хутарскіх гаспадарак?

10. Якія формы сельскагаспадарчай кааперацыі развіваліся ў БССР у перыяд нэпа?

11. Якім чынам адбывалася аднаўленне прамысловасці БССР у 1920-я гг.? Як паўплывалі на аднаўленчыя працэсы мерапрыемствы нэпа?

12. Дайце характарыстыку развіцця прыватнага сектара ў прамысловасці і гандлі БССР ва ўмовах нэпа?

13. Ахарактарызуйце асноўныя праблемы, якія мелі месца ў эканоміцы БССР у 1920-я гг.? Як можна вызначыць узровень яе развіцця ў кантэксце станаўлення індустрыяльнага грамадства?

14. Растлумачце, што такое аўтарытарны рэжым? Ці можна вылучыць адзнакі падобнага рэжыму ў БССР у 1920-я гг.? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

15. Калі быў створаны СССР? Якім чынам Дагавор пра стварэнне СССР размяжоўваў кампетэнцыю саюзнай і рэспубліканскіх улад?

16. Калі адбывалася ўзбуйненне БССР? Якія тэрыторыі былі далучаны да беларускай савецкай дзяржавы ў гэты час?

17. Якімі фактарамі было выклікана ўзбуйненне БССР? Які ўплыў гэта мела на адносіны да БССР прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху?

18. Калі была прынята другая Канстытуцыя БССР? Якія яна ўтрымлівала асноўныя палажэнні?

19. Якую ролю ў палітычным жыцці БССР у 1920-я гг. мела бальшавіцкая партыя? Чым быў абумоўлены т.зв. самароспуск апазіцыйных да яе палітычных партый?

20. Што такое беларусізацыя? Якія яна мела асноўныя накірункі?

21. Растлумачце сутнасць палітыкі “карэнізацыі”? Ці можна бачыць у дадзенай палітыцы дыскрымінацыю нацыянальных меншасцяў у БССР?

22. Якія вынікі мела палітыка беларусізацыі ў БССР у 1920-я гг.? Ці можна яе лічыць эфектыўнай?

23. Растлумачце, якое значэнне мела палітыка беларусізацыі для развіцця працэсу фарміравання беларускай нацыі?

24. Ахарактарызуйце сістэму адукацыі, якая ўзнікла ў БССР у 1920-я гг.

25. Падумайце, чаму ў адрозненне ад царызму, які варожа ставіўся да развіцця адукацыі, бальшавіцкая ўлада ўсяляк гэтаму садзейнічала?

26. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё навукі ў БССР у 1920-я гг.?

27. Дайце характарыстыку развіцця культурна-асветніцкай дзейнасці ў БССР у 1920-я гг.

28. У якой ступені ў культурным жыцці БССР 1920-х гг. захоўвалася інтэлектуальная свабода? Якія меліся элементы ідэалагічнага кантролю?

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Новая эканамічная палітыка ў БССР: заканадаўчая база, этапы, вынікі.

2. Развіццё кааперацыі ў БССР у перыяд нэпа.

3. Фінансава-крэдытная сістэма ў БССР у перыяд нэпа.

4. Землеўпарадкаванне ў БССР у 1920-я гг.

5. Узбуйненне БССР: перадумовы, этапы, вынікі.

6. Устанаўленне манаполіі КП(б)Б на ўладу ў першай палове 1920-х гг.

7. Беларусізацыя ў сістэме дзяржаўнага справаводства: ход, вынікі.

8. Барацьба з непісьменнасцю ў БССР як элемент культурна-адукацыйнай палітыкі Савецкай улады.

 

 

Тэма 19: БССР у 1930-я гг.

1. Індустрыялізацыя ў БССР у 1930-я гг.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 534; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 52.15.190.187 (0.01 с.)