Заглавная страница Избранные статьи Случайная статья Познавательные статьи Новые добавления Обратная связь FAQ Написать работу КАТЕГОРИИ: АрхеологияБиология Генетика География Информатика История Логика Маркетинг Математика Менеджмент Механика Педагогика Религия Социология Технологии Физика Философия Финансы Химия Экология ТОП 10 на сайте Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрацииТехника нижней прямой подачи мяча. Франко-прусская война (причины и последствия) Организация работы процедурного кабинета Смысловое и механическое запоминание, их место и роль в усвоении знаний Коммуникативные барьеры и пути их преодоления Обработка изделий медицинского назначения многократного применения Образцы текста публицистического стиля Четыре типа изменения баланса Задачи с ответами для Всероссийской олимпиады по праву Мы поможем в написании ваших работ! ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?
Влияние общества на человека
Приготовление дезинфицирующих растворов различной концентрации Практические работы по географии для 6 класса Организация работы процедурного кабинета Изменения в неживой природе осенью Уборка процедурного кабинета Сольфеджио. Все правила по сольфеджио Балочные системы. Определение реакций опор и моментов защемления |
Тэма 9: Рэлігія і культура ВКЛ 17 – 18 стст.Содержание книги
Похожие статьи вашей тематики
Поиск на нашем сайте
Рэлігійныя адносіны. Этнічныя працэсы. Адукацыя і навука. Культура. Рэлігійныя адносіны. 17 – першая палова 18 стст. адзначаюцца ў рэлігійным жыцці ВКЛ істотным ростам палітычнага, эканамічнага і ідэалагічнага ўплыву рымска-каталіцкай царквы. Гэтаму садзейнічала Контррэфармацыя – рух, які ахапіў усе каталіцкія краіны Еўропы і быў накіраваны на ўзмацненне ролі і значэння каталіцкай царквы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а таксама на барацьбу з варожымі адносна царквы вучэннямі, асабліва пратэстанцкімі. Галоўнай сілай у ажыццяўленні Контррэфармацыі становіцца створаны ў сярэдзіне 16 ст. манаскі ордэн езуітаў. На тэрыторыі ВКЛ езуіты з’яўляюцца ў 1569 г. А ўжо на пачатку 1770-х гг. тут дзейнічала каля 90 езуіцкіх устаноў. Пашыралася дзейнасць і іншых каталіцкіх манаскіх ордэнаў (дамініканцы, францысканцы, кармеліты, бенедэктынцы, піяры, бернардзінцы, аўгусцінцы). Асноўныя накірункі Контррэфармацыі: - актыўная прапаганда сярод насельніцтва, асабліва шляхты, на карысць каталіцызму; - актыўная палітычная і эканамічная падтрымка каталіцкай царквы з боку дзяржавы; - арганізацыя сеткі каталіцкіх, найперш езуіцкіх, навучальных устаноў; - арганізацыя пры каталіцкіх манаскіх ордэнах дабрачыннай і культурнай дзейнасці (бясплатныя шпіталі, тэатры і г.д.); - гвалтоўныя дзеянні часткі духавенства і езуітаў у адносінах да іншаверцаў (пагромы, падпалы культавых будынкаў і г.д.). Так, па ініцыятыве езуітаў адбыліся антыпратэстанцкія пагромы ў Вільні ў 1581, 1591, 1611, 1639, 1682 гг. Ва ўмовах Контррэфармацыі каталіцкая царква ўзмацніла намаганні, накіраваныя на падпарадкаванне праваслаўнай царквы. Вышэйшае праваслаўнае духавенства ў канцы 16 ст. прыхільна ставілася да ідэі аб’яднання з каталіцкай царквой, паколькі спадзявалася такім чынам вызваліцца з-пад апекі свецкіх апякуноў. Ідэя царкоўнай уніі знайшла падтрымку з боку дзяржаўнай улады падчас каралявання Жыгімонта Вазы. 6-9 кастрычніка 1596 г. на царкоўным саборы ў Берасці большасць праваслаўных епіскапаў Рэчы Паспалітай на чале з мітрапалітам Міхаілам Рагозам прыняла рашэнне пра далучэнне да каталіцкай царквы. Умовы Берасцейскай царкоўнай уніі: - праваслаўная царква Рэчы Паспалітай прызнавала ўладу рымскага папы і выходзіла з-пад падпарадкавання Канстанцінопальскага патрыярхату; - праваслаўная царква прызнавала каталіцкае веравучэнне; - захоўваліся ранейшыя абрады, традыцыі, мова набажэнстваў праваслаўнай царквы. Аднак у той жа час большасць сярэдняга і дробнага праваслаўнага духавенства і некаторыя епіскапы, а таксама шырокія колы праваслаўнай шляхты і мяшчан выступілі супраць уніі. У кастрычніку 1596 г. яны правялі ў Берасці альтэрнатыўны сабор, які абвясціў адлучэнне ад царквы епіскапаў-уніятаў і пацвердзіў падпарадкаванне Канстанцінопальскаму патрыярху. Такім чынам, адбыўся раскол царквы на уніяцкую і праваслаўную. Дзяржаўная ўлада актыўна падтрымлівала уніяцкую царкву. Афіцыйна ўсе правы і прывілеі, якія належалі праваслаўнай царкве, пераходзілі да ўніяцкай. На падставе гэтага дзяржаўныя (гарадскія) праваслаўныя цэрквы перадаваліся уніятам, а калі ў горадзе не было прыняўшых унію святароў, храмы зачыняліся. Здараліся выпадкі прымусовага навяртання праваслаўных да уніі. Праваслаўная царква была пазбаўлена фактычна сталага юрыдычнага статусу і не мела легітымнай іерархіі. Дадзеная сітуацыя стала асновай праваслаўна-уніяцкага рэлігійнага канфлікту. Праваслаўныя спрабавалі давесці незаконнасць уніі; паміж праваслаўнымі і уніятамі ішлі пастаянныя спрэчкі за царкоўную маёмасць. Праваслаўная шляхта разам з пратэстанцкай актыўна выступала на соймах і сойміках з патрабаваннямі гарантый юрыдычных правоў для праваслаўнай царквы. Найбольшую актыўнасць у канфлікце мелі праваслаўныя і уніяцкія брацтвы, якія складаліся пераважна з ліку мяшчан. Брацтвы наладжвалі свае канфесійныя друкарні, школы, выдавалі палемічную літаратуру. Асабліва абвастрыўся праваслаўна-уняцкі канфлікт пасля таго, як у 1620 г. іерусалімскім патрыярхам Феафанам была пасвечана новая праваслаўная іерахія. Дадзены акт фактычна абвяшчаў пазбаўленне уніяцкіх епіскапаў іх пасад. Дзяржаўныя ўлады не прызналі дадзенага пасвячэння і пачалі пераследаванні прыхільнікаў новай іерахіі. Канфлікт у некаторых месцах набыў узброеныя формы. Найбольш вядомым актам насілля стала забойства ў Віцебску ў 1623 г. полацкага уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. Паступова рэлігійны канфлікт сталі выкарыстоўваць як ўнутраныя палітычныя сілы (казакі), так і знешнія (Маскоўская дзяржава), абвяшчаючы сябе абаронцамі праваслаўя у Рэчы Паспалітай. Для суцішэння рэлігійнага канфлікту кароль Уладыслаў Ваза ў 1632 г. абвясціў пра аднаўленне правоў праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай у складзе трох епархій на чале з кіеўскім мітрапалітам. Тэрыторыя ВКЛ уваходзіла ў склад Магілёўскай епархіі. Дзяржава афіцыйна прызнала правы і прывілеі праваслаўнай царквы. У 1632-1635 гг. быў прыняты шэраг дакументаў, паводле якіх адбываўся падзел храмаў і маёмасці паміж праваслаўнымі і уніятамі (толькі ў Полацку і Віцебску забаранялася дзейнасць праваслаўных храмаў). Аднак канфлікт паміж праваслаўнымі і ўніятамі працягваўся; у 1630-1640-я гг. яго галоўнай формай сталі маёмасныя спрэчкі ў судах. Гэты канфлікт адыгрываў значную ролю падчас казацкай вайны 1648-1653 гг. і вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гг. Уніяцкая царква ў Рэчы Паспалітай захавала ранейшую структуру праваслаўнай царквы. У выніку уніі зменшыўся ўплыў свецкіх асоб. На ўзор каталіцкіх быў створаны уніяцкі манаскі ордэн базыльян, які адыгрываў вядучую ролю ў прапагандзе уніяцтва, а таксама ў развіцці уніяцкай адукацыі і літаратуры. Тым не менш да другой паловы 17 ст. уніяцтва мела значна меншую колькасць вернікаў у параўнанні з праваслаўем. У 1647 г. у Рэчы Паспалітай налічвалася каля 4 тыс. уніяцкіх абшчын, у той час як праваслаўных – каля 13,5 тыс. Аднак дыскрымінацыя і змяншэнне аўтарытэту праваслаўнай царквы пасля “вялікага патопу”, актыўная падтрымка з боку дзяржавы прывялі да імклівага пашырэння уніяцтва ў канцы 17 – 18 стст. У канцы 18 ст. у ВКЛ уніятамі былі звыш 2/3 насельніцтва (у тым ліку сярод сялянства – каля 80%). У той жа час у гэты перыяд назіралася паступовае набліжэнне культу уніяцкай царквы да рымска-каталіцкай. Дадзеная тэндэнцыя знайшла была афіцыйна замацавана рашэннямі Замойскага сабору 1720 г. Уплыў праваслаўнай царквы ў канцы 17 – 18 стст. істотна зменшыўся. У канцы 18 ст. праваслаўныя складалі каля 6,5% насельніцтва ВКЛ. З 1686 г. праваслаўная царква Рэчы Паспалітай перайшла ў падпарадкаванне Маскоўскага патрыярхату. Выкарыстоўваючы гэта, Маскоўская (Расійская) дзяржава часта ўмешвалася ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай на падставе абароны правоў праваслаўнай меншасці. У выніку Контррэфармацыі пераважная большасць пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ да канца 17 ст. пераходзіць у каталіцызм. У шляхецкай свядомасці з гэтага часу замацоўваецца ўсведамленне тоеснасці паміж шляхецтвам і каталіцызмам. Шырокая падтрымка контррэфармацыйнага руху з сярэдзіны 17 ст. не толькі з боку дзяржавы, але і большай часткі шляхты прыводзіць да абмежавання рэлігійнай талеранцыі ў Рэчы Паспалітай. Гэта адлюстроўвалі наступныя заканадаўчыя акты і з’явы: - выгнанне ў 1658-1662 гг. з тэрыторыі Рэчы Паспалітай антытрынітарыяў; - забарона пераходу з каталіцызму ў іншыя веравызнанні паводле соймавай канстытуцыі 1668 г.; - забарона замацоўваць дзяржаўнай пячаткай дакументы, якія б прадугледжвалі карысць для асоб некаталіцкага веравызнання; - забарона для некаталіцкай шляхты займаць дзяржаўныя пасады і выбірацца ў сойм паводле соймавых пастаноў 1717 і 1733 гг. Пад уплывам Контррэфармацыі мела месца дыскрымінацыя правоў мяшчан праваслаўнага і пратэстанцкага веравызнання ў гарадах. Аднак у той жа час юрыдычная правамоцнасць акту Варшаўскай канфедэрацыі захоўвалася да канца існавання Рэчы Паспалітай. Захоўваліся правы і прывілеі іншаэтнічных этнаканфесійных груп. Дадзеныя з’явы сведчылі аб ўздзеянні традыцыі талеранцыі ў ВКЛ. Такім чынам, у рэлігійным жыцці ВКЛ у 17 – 18 стст. найбольш істотнымі з’явамі сталі развіццё контррэфармацыйнага руху, стварэнне і паступовае пашырэнне ўплыву уніяцкай царквы, змяншэнне ўплыву праваслаўнай і пратэстанцкіх канфесій, прававое абмежаванне рэлігійнай талеранцыі.
Этнічныя працэсы. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы ў ВКЛ у 17 – 18 стст. запаволілі складванне беларускай народнасці. Моцным ударам па беларускай народнасці і культуры сталі войны 16 – 18 стст. Асабліва моцны ўдар быў нанесены гарадам. Гарадское насельніцтва ў 17 – першай палове 18 стст. значна скарацілася. Паколькі менавіта гарады з’яўляюцца цэнтрамі фарміравання народнай (нацыянальнай) самасвядомасці, то іх заняпад садзейнічаў запавольванню працэсаў нацыяўтварэння і захаванню сярэднявечных форм самасвядомасці (рэгіянальная, карпаратыўная, канфесійная). У 17 – 18 стст. канчаткова завяршаецца працэс фарміравання карпаратыўнай саслоўнай супольнасці – палітычнага шляхецкага народа Рэчы Паспалітай. У аснове яе самасвядомасці знаходзіліся ідэалогія сарматызму і польская мова як сродак унутранай камунікацыі. Пад сарматызмам разумеецца ідэалогія, якая абгрунтоўвае асаблівы статус шляхты як пануючага саслоўя ў грамадскай сістэме краіны. У падмурку знаходзіўся міф пра паходжанне шляхты Рэчы Паспалітай ад старажытных сарматаў – плямёнаў, якія жылі ў 1–4 стст. на тэрыторыі сучаснай Украіны. Дадзены міф падкрэсліваў, з аднаго боку, адасобленасць шляхты ад іншага насельніцтва, з другога – роўнасць і аднароднасць шляхецкага стану Рэчы Паспалітай. У межах сарматызму сцвярджаліся наступныя прынцыпы: – адданасць каталіцызму (падкрэсліваліся заслугі шляхты Рэчы Паспалітай у барацьбе з “нявернымі” (туркамі, татарамі), “схізматыкамі” (маскавітамі), “ератыкамі” (шведамі); – кансерватызм у эканамічных і грамадска-палітычных адносінах; сцвярджэнне нязменнасці дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай і непарушнасці “шляхецкіх вольнасцяў”; – патрыярхальнасць (сцвярджэнне ідэалу патрыярхальных адносін паміж шляхтай і сялянамі, а таксама ў шляхецкай сям’і). Ідэалогія сарматызму праводзіла думку пра ідэальны лад Рэчы Паспалітай і ўзорнае палітычнае жыццё краіны; Рэч Паспалітая разглядалася як падмурак хрысціянства, апора каталіцызму ва Усходняй Еўропе. Абвяшчэнне шляхтай сваёй адасобленасці ад астатняга насельніцтва і паступовае адмаўленне яе ад выкарыстання старабеларускай мовы на карысць польскай садзейнічалі дэзінтэграцыі беларускай народнасці. Разрабаваныя падчас войнаў гарады і мястэчкі перастаюць засяляцца сялянамі, якія патрапілі ў прыгонную залежнасць, і засяляюцца яўрэйскім насельніцтвам. Такім чынам, беларускай культура кансервуецца толькі ў вёсцы, на ніжэйшай ступені сацыяльных структур. За беларускай мовай і яе носьбітамі замацаваўся статус “простай” і “мужыцкай”. Паступова старабеларуская мова пачынае замяняцца польскай у дзяржаўным справаводстве. Згодна з пастановай сойму 1696 г. яна страціла статус дзяржаўнай у ВКЛ. Хаця, нельга казаць аб поўнай паланізацыі вышэйшых слаёў грамадства. Аб веданні беларускай мовы ў шэрагах шляхты ВКЛ нават у канцы 18 ст. сведчыць, напрыклад, абвешчаны ў 1785 г. тост караля Рэчы Паспалітай С. Панятоўскага на піры у А. Радзівіла Пане-каханку: “Пане, кажы віна даці, каб гора не знаці!” Такім чынам, этнічныя працэсы на землях ВКЛ у 17 – 18 стст. характарызаваліся паступовай дэзінтэграцыяй беларускай народнасці, кансервацыяй старых форм грамадскай самасвядомасці, канчатковым фарміраваннем палітычнага шляхецкага народу і яго культурнай паланізацыяй.
Адукацыя і навука. У выніку Контррэфармацыі на тэрыторыі ВКЛ ствараецца сетка каталіцкіх сярэдніх навучальных устаноў – калегіумаў, найперш езуіцкіх. Калегіумы давалі класічную гуманітарную адукацыю. Навучанне было бясплатным, прымаліся юнакі любых саслоўяў і веравызнанняў. Усе дысцыпліны выкладаліся на лацінскай мове. Цэнтрам езуіцкай адукацыі становіцца вышэйшая навучальная ўстанова – Віленская акадэмія (з 1579 г.). Яна стала буйнейшым культурным цэнтрам у краіне. Адукацыя ў межах акадэміі мела двухузроўневы характар. Тэрмін 4-гадовага навучання прадугледжваў сярэднюю адукацыю. Дадатковы 2-4-гадовы курс даваў вышэйшую адукацыю. У склад акадэміі першапачаткова ўваходзілі два факультэты: філасофскі і тэалагічны. На першым выкладаліся ўсе гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі таго часу: фізіка, метафізіка, матэматыка, логіка, рыторыка, паэтыка, геаграфія, старажытныя і сучасныя еўрапейскія мовы; на другім – тэалогія, кананічнае права, казуістыка. У 1644 г. пачаў дзейнічаць юрыдычны факультэт. У 1753 г. пры акадэміі была заснавана абсерваторыя. Выпускнікі акадэміі атрымлівалі тытул магістра. У 17-18 стст. Віленская акадэмія з’яўлялася цэнтрам навуковага жыцця ў ВКЛ. Тут ажыццяўляліся даследаванні ў сферы матэматыкі, фізікі, астраноміі, сацыяльна-гуманітарных навук. На ўзор езуіцкіх калегіумаў ствараюцца школы іншых каталіцкіх ордэнаў (дамініканцы, францысканцы, піяры) і уніяцкага ордэну базыльян. Да сярэдзіны 18 ст. каталіцкія адукацыйныя ўстановы дзейнічалі фактычна ва ўсіх буйных гарадах ВКЛ. У праваслаўных брацкіх школах з пачатку 17 ст. паступова пачынае ўводзіцца адукацыйная методыка, выпрацаваная езуітамі (выкладанне, аднак, ажыццяўляецца на царкоўнаславянскай мове). Цэнтрам праваслаўнай адукацыі ў Рэчы Паспалітай становіцца Кіева-Магілянская акадэмія, створаная ў 1632 г.; навучальны працэс у яе межах быў арганізаваны на ўзор Віленскай акадэміі. У 1740-1760-я гг. ажыццяўляецца рэформа піярскіх калегіумаў. У межах навучальнага працэсу пашыраюцца курсы матэматыкі, прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, замежных моў. Замест лаціны выкладанне пераводзіцца на польскую мову. Піярскія школы дзейнічалі ў Вільні, Віцебску, Лужках, Лідзе, Глыбокім і інш. У піярскіх школах выкладанне вялося на польскай мове, а таксама вялікая ўвага ў іх надавалася прыродазнаўчым навукам. У 1773 г. паводле рашэння рымскага папы быў скасаваны ордэн езуітаў. У Рэчы Паспалітай уся маёмасць ордэна перадавалася створанай у тым жа годзе Адукацыйнай Камісіі, якая ўяўляла з сябе агульнадзяржаўнае ведамства па справах адукацыі. Былыя езуіцкія калегіумы пераўтвараліся ў падначаленыя дзяржаве свецкія акруговыя і падакруговыя школы. У ВКЛ была створана спецыяльная навучальная акруга, кіраўніцтва якой ажыццяўляла Галоўная школа ВКЛ (былая Віленская езуіцкая акадэмія). У межах акругі намаганнямі Адукацыйнай камісіі на базе былых езуіцкіх калегіумаў былі заснаваны 5 акруговых і 25 падакруговых школ. Створаныя школы знаходзіліся на дзяржаўным утрыманні. Навучальныя праграмы набылі свецкі характар, у іх структуры павялічвалася роля прыродазнаўчых і сацыяльных навук. Віленская акадэмія ў 1781 г. атрымала назву Галоўная школа ВКЛ; навучанне ў ёй таксама атрымлівае свецкі характар. Школа падзялялася на маральны і фізічны факультэты. На першым выкладаліся старажытныя мовы, гісторыя, тэалогія, рыторыка і г.д.; на другім – матэматыка, астраномія, механіка, фізіка, хімія, медыцына. У Гародні ў 1775 г. па ініцыятыве французкага навукоўца Ж. Жалібера былі створаны медыцынская школа і гарадскія аптэкі, а брытанец Г.Форстэр адкрывае тут батанічны сад. У 1781 г. батанічны сад і медыцынская школа былі пераведзены ў Галоўную школу ВКЛ. На развіццё навукі ў другой палове 18 ст. значны ўплыў мелі ідэі Асветніцтва. Асветніцтва – агульнаеўрапейскі сацыяльны і культурны рух 18 ст., накіраваны на перабудову ўсіх сфер грамадскага жыцця на аснове прынцыпаў розуму. Характэрнай рысай асветніцкай ідэалогіі з’яўлялася вера ў тое, што шляхам распаўсюджання ведаў можна дасягнуць усеагульнага дабрабыту і грамадскай справядлівасці. Найбольш значнымі накірункамі развіцця навукі ў ВКЛ у 17 – 18 стст. з’яўляліся: - логіка і матэматыка (М. Сміглецкі, К. Нарбут і інш.); - фізіка і астраномія (А. Каяловіч, М. Пачобут-Адляніцкі і інш.); - гісторыя (А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч і інш.); - сацыяльна-гуманітарныя навукі (А. Алізароўскі, І. Храптовіч, Г. Страйноўскі). На пачатку 18 ст. у Амстэрдаме Іван Капіевіч выдаў 20 кніг па арыфметыцы, гісторыі, марской справе і інш. Там жа Казімір Семяновіч выдаў падручнік па балістыцы, феерверках і ракетабудавані (першае апісанне шматступенчатых ракет) “Вялікае мастацтва артылерыі”, які быў лепшым у Еўропе на працягу двух стагоддзяў. Такім чынам, у 17 – 18 стст. на тэрыторыі ВКЛ ствараецца сетка адукацыйных устаноў, якая ўключае ў сябе ўстанову вышэйшай адукацыі. На базе Віленскай акадэміі адбываецца правядзенне навуковых даследаванняў. З апошняй чвэрці 18 ст. у ВКЛ арганізуецца свецкая сістэма адукацыі. Разам з тым адукацыя і навука ў ВКЛ у гэты перыяд мелі элітарны характар; абсалютная большасць насельніцтва заставалася немісьменнай.
Культура. У культурным жыцці 17 – першай палове 18 стст. у ВКЛ назіраўся ўплыў Контррэфармацыі. У другой палове 18 ст. вядучым фактарам развіцця культуры становяцца ідэі Асветніцтва. Літаратура У 17 ст. ва ўмовах Контррэфармацыі і рэлігійнай барацьбы дасягае росквіту рэлігійная палемічная літаратура. Найбольш вядомымі яе прадстаўнікамі з’яўляюцца Мацей Бембус, Іпацій Пацей, Язэп Руцкі (з боку рыма-католікаў і уніятаў), Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Сільвестр Косаў (з боку праваслаўных). Жорсткім рэпрэсіям падвяргалася літаратура, у якой змяшчалася вальнадумства ў сферы рэлігіі. За антырэлігійныя выпады, выкладзеныя ў “Трактаце аб не існаванні Бога”, у Варшаве у 1689 г. быў спалены Казімір Лышчынскі. Працягвае развівацца грамадска-палітычная літаратура, якая ў гэты час, аднак пераважна выступае ў выглядзе рэлігійнай палемікі або палітычнай сатыры (“Ліст да Абуховіча”, 1654). У другой палове 18 ст. распаўсюджваецца ананімная літаратура, у якой змяшчаліся праекты рэфармавання розных бакоў грамадскага ладу ВКЛ, у тым ліку адмены прыгоннага права (“Аб польскіх прыгонных”, 1788 і г.д.). У 17 – 18 стст. далейшае развіццё атрымліваюць мемуарная літаратура, асабістая карэспандэнцыя, лакальныя хронікі (“Баркулабаўская хроніка”, “Хроніка горада Магілёва”). У 17 ст. вядучым стылем літаратуры ў ВКЛ становіцца барока. Да стылю барока належаць паэтычныя творы Сімяона Полацкага (зборнікі “Сад шматколерны”(1678), “Рыфмалагіён”(1680). Тэатр Адным з першых відаў тэатру ў ВКЛ стала батлейка – народны лялечны тэатр, вядомы яшчэ з 16 ст. У 17 ст. з развіццём школьнай адукацыі і драматургіі асобую ролю набывае школьны тэатр. У ім ставіліся п’есы рэлігійнага і гістарычнага зместу, а таксама інтэрмедыі – кароценькія п’ескі на беларускай ці польскай мове. Першыя прыватныя прыгонныя тэатры былі адкрытыя: Радзівіламі ў 1740-я г. у Нясвіжы і Слуцку, у Слоніме і Гародні – Агінскімі, Шклове – графам Зорычам. Асноўнымі формамі тэатральных пастановак былі п’есы і ідыліі, якія знаходзіліся пад уплывам маралізму, характэрнага для эпохі Асветніцтва. Сюжэт гэтых твораў быў просты: ён распавядаў аб лёсе сялян ці шляхты, якія парушылі нейкія правілы і былі за гэта пакараныя. Найбольш вядомым аўтарам 18 ст. з’яўляецца Францішка Уршуля Радзівіл, якая напісала 16 п’ес і оперных лібрэта (“Гульня фартуны”,”Ідылія” і інш.). Мовай твораў была польская і французкая, але для таго, каб паказаць шчырага і дасціпнага селяніна, выкарыстоўваліся беларуская мова і фальклор. У 1787 г. у школьным Забельскім тэатры на Полаччыне была пастаўлена першая беларускамоўная п’еса – “Камедыя”, аўтарам якой быў мясцовы настаўнік К. Марашэўскі. Архітэктура ВКЛ у разглядаемы перыяд шырока выкарыстоўвала стыль барока. Яно было пашырана ў двух накірунках: 1) двухвежавая пабудова храмаў (Полацкая Сафія, Беразвецкі кляштар (архітэктар – Я.К. Глаўбіц), ратуша ў Віцебску) з павышанай пластычнасцю фасадаў і вежаў, якая атрымала назву віленскага барока; 2) ракако, што ўяўляла з сябе больш багатую на аздабленне мадыфікацыю барока (Гарадзенскі і Нясвіжскі фарны касцёл). Для абарончых мэтаў пачынаюць выкарыстоўвацца бастыённыя сістэмы (Ляхавічы, Быхаў). Замкі перабудоўваюцца ў палацы, побач з якімі разбіваюцца паркі у французкім, італьянскім і англійскім стылях. На грошы магнатаў будуюцца мястэчкі з рэгулярнай планіроўкай: Радзівіламі разбудоўваецца Нясвіж, Агінскімі – Слонім, Сапегамі – Ружаны, Храптовічамі – Шчорсы і Бешанковічы, С. Панятоўскім – Гародня і Воўчын, А. Тызенгаўзам – Паставы і г.д. Пад уплывам еўрапейскай моды барока паступова перараджаўся ў класіцызм, для якога характэрныя спробы аднавіць антычныя архітэктурныя ўзоры (каланады, портыкі, ордэры) на новым узроўні развіцця тэхналогій. Найбольш яркім прыкладам такой архітэктуры з’яўляецца палац Сапегаў у Ружанах. Выяўленчае мастацтва. У 17 ст. у выяўленчым мастацтве з’яўляецца такі накірунак як свецкі партрэт. Пачаткам яго лічыцца сармацкі партрэт. Прадстаўнікоў магнацкіх фамілій малявалі з максімальна магчымай адпаведнасцю да арыгінала, змяшчалі побач з імі прыкметы іх статусу (гетманам – булаву, пісцам – пяро, канцлерам – пячатку і гд.) і легенду, на якой быў герб і пералічваліся пасады, якія займаў гэты чалавек. На лаканічным шэрым ці чорным фоне мужчыны звычайна маляваліся ў парадным узбраенні, а жанчыны ў святочнай вопратцы, прычым аўтары ўжо спрабавалі паказаць іх прыгажосць і пачуцці (напрыклад партрэты Барбары Радзівіл і Соф’і Алелькі-Радзівіл). На сродкі магнатэрыі ствараюцца родавыя партрэтныя галерэі (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы) і прыватныя зборы мастацтва (Нясвіж, Вільня). У 18 ст. асноўным накірункам выяўленчага мастацтва становіцца ман’ерызм, для якога характэрныя псіхалагічнасць і пышнасць малюнка. Сармацкі партрэт пераўтвараецца ў парадны (для рэпрэзентатыўных функцый ў родавых галерэях) і трумны (выстаўляўся падчас пахавання шляхціца і ўяўляў з сябе дакладнае адлюстраванне яго аблічча на цёмным фоне). У канцы 18 ст. адбываецца пераход да класіцызму, для якога характэрныя антычныя сюжэты і вопраткі нават для паказу сучасных падзеяў і герояў (Ф. Смуглевіч, Я. Рустэм). Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Пышная барочная і класічная архітэктура багата аздаблялася высокамастацкай ляпнінай, аб’емнай разьбой і рэалістычный скульптурай, а таксама фрэскамі (Нясвіжскі палац). Працягваюць развівацца мясцовыя школы іканапісу ў Полацку, Менску і Гародні. З-за вымушанай міграцыі беларускіх майстроў і разрабавання гарадоў падчас “патопу” помнікі нашай культуры раскіданыя па музеях свету. Магілёўскія дойліды сталі аднымі з пачынальнікаў украінскага барока. Аб’ёмная разьба з пазалотай, багатай расліннымі і жывёльнымі матывамі (т.зв. “беларуская рэзь”) упрыгожвае храмы ў Маскве. У 18 ст. узнікае свецкае музычнае мастацтва. Пры тэатрах існавалі аркестры і капэлы. М. Радзівіл стварыў оперу “Агатка”, якая з поспехам некалькі дзесяцігоддзяў ставілася на сцэнах Еўропы. Р. Агінскі стаў аўтарам артыкула аб арфе ў першым выданні французкай энцыклапедыі, а яго сын М.К. Агінскі – паланэзу “Развітанне з Радзімай”. Такім чынам, развіццё мастацкай культуры ВКЛ у 17 – 18 стст. адбывалася пад моцным уплывам стыляў барока і класіцызму, а з канца 18 ст. таксама ідэй Асветніцтва.
Асноўныя паняцці: Контррэфармацыя, езуіты, Берасцейская царкоўная унія, уніяцкая царква, базыльяне, сарматызм, калегіумы, Віленская езуіцкая акадэмія, брацкія школы, піяры, Адукацыйная камісія, Галоўная школа ВКЛ, Асветніцтва, інтэрмедыі, віленскае барока, ракако, класіцызм, сармацкі партрэт, ман’ерызм. Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Што такое Контррэфармацыя? Які ўплыў яна аказала на змены ў рэлігійным жыцці ВКЛ у 17 – першай палове 18 стст.? 2. Які манаскі ордэн з’яўляўся галоўнай сілай у ажыццяўленні Контррэфармацыі? 3. Вызначце асноўныя накірункі Контррэфармацыі ў ВКЛ. 4. Калі была заключана Берасцейская царкоўная унія? Якія яна прадугледжвала ўмовы? 5. Вызначце прычыны і характар праваслаўна-уніяцкага рэлігійнага канфлікту ў Рэчы Паспалітай у першай палове 17 ст. 6. Калі ўлады Рэчы Паспалітай ажыццявілі аднаўленне правоў праваслаўнай царквы? Чым гэта было выклікана? Ці прывяла дадзеная падзея да спынення праваслаўна-уніяцкага канфлікту? 7. Чым абумоўлены рост уплыву ўніяцкай царквы і змяншэнне ўплыву праваслаўнай царквы ў ВКЛ у другой палове 17 – 18 стст.? 8. Якія факты сведчылі пра звужэнне рэлігійнай талеранцыі ў ВКЛ у 17 – 18 стст.? 9. Якія сацыяльныя фактары абумовілі запавольванне фарміравання беларускай народнасці ў 17 – 18 стст.? 10. Чым вызначалася самасвядомасць палітычнага шляхецкага народа? Якія можна вылучыць асноўныя рысы ідэалогіі сарматызму? 11. Чым было абумоўлена зніжэнне статусу старабеларускай мовы ў грамадскім жыцці ВКЛ у 17 – 18 стст.? 12. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё адукацыі ў ВКЛ у канцы 16 – першай палове 18 стст.? Які каталіцкі ордэн здолеў стварыць найбольшую колькасць навучальных устаноў? 13. Які характар мела адукацыя ў Віленскай акадэміі? Якія яна мела факультэты? 14. Якую ролю мела рэформа піярскіх калегіумаў у развіцці адукацыі ў ВКЛ? 15. Якую дзейнасць ажыццяўляла Адукацыйная камісія? Якімі былі вынікі гэтай дзейнасці? 16. Якія змены адбыліся ў дзейнасці Віленскай акадэміі пасля пераўтварэння яе ў Галоўную школу ВКЛ? 17.У чым заключаецца сутнасць ідэй Асветніцтва? 18.Вызначце асноўныя накірункі навуковых даследаванняў у ВКЛ у 17 – 18 стст? 19.Назавіце асноўныя характэрныя рысы развіцця літаратуры ВКЛ у 17 – 18 стст. 20.Якіх дзеячоў літаратуры ВКЛ разглядаемай эпохі Вы ведаеце? 21.Якія дзейнічалі асноўныя віды тэатру ў ВКЛ у 17 – 18 стст.? 22.Якія асноўныя прыкметы віленскага барока? 23.Што характэрна для архітэктуры і выяўленчага мастацтва класіцызму? 24.Назавіце асноўных архітэктараў і мастакоў разгладаемай эпохі.
Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Праваслаўна-уніяцкі рэлігійны канфлікт у Вільні 1606 – 1610 гг. 2. Дзейнасць ордэна базыльян у ВКЛ. 3. Пратэстанцкія абшчыны ў ВКЛ у 17 – 18 стст. 4. Сарматызм у грамадска-палітычнай думцы і мастацкай літаратуры ВКЛ 16 – 18 стст. 5. Полацкі езуіцкі калегіум: гісторыя ўзнікнення і развіцця. 6. Піярскія калегіумы ў ВКЛ у 18 ст. 7. Станаўленне прыродазнаўчых навук у межах Віленскай акадэміі 17 – 18 стст.
|
||||
Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 700; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы! infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 52.14.176.111 (0.011 с.) |