Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

У.4. Перыядызацыя гісторыі Беларусі.

Поиск

Падзел усяго гістарычнага працэсу на пэўныя кавалкі часу згодна з вызначанымі крытэрыямі называецца перыядызацыяй. Вылучаюцца некалькі асноўных падходаў да перыядызацыі: палітычная, фармацыйная, універсальная.

Палітычная перыядызацыя вылучае перыяды згодна з існаваўшымі на тэрыторыі Беларусі дзяржавамі (В. Ластоўскі, У. Ігнатоўскі, І. Лойка):

Полацкае княства (9-13 стст.);

Вялікае княства Літоўскае (сярэдзіна 13 ст. – 1569 г.);

Рэч Паспалітая (1569 – 1795 гг.);

Расійская імперыя (1795 – 1917 гг.);

Савецкая дзяржаўнасць (1917 – 1991 гг.);

незалежная Рэспубліка Беларусь (з 1991 г.).

Фармацыйная перыядызацыя была пануючай у савецкай гістарычнай навуцы; згодна з ёй вылучаюцца перыяды гісторыі Беларусі ў адпаведнасці з панаваннем той ці іншай фармацыі:

першабытнае грамадства (да 9 ст.);

феадальнае грамадства (9 ст. – 1861 г.);

капіталістычнае грамадства (1861 – 1917 гг.);

сацыялістычнае грамадства (з 1917 г.).

Універсальная перыядызацыя падзяляе гістарычны працэс ва ўсім свеце на наступныя кавалкі:

першабытнае грамадства (3.5 млн. гадоў назад – 5ст. н.э.);

Сярэднія вякі (5 – 15 стст.);

Новы час (16 ст. – 1918 г.);

Найноўшы час (1918 г. (канец Першай сусветнай вайны) – да сённяшняга дня).

Першабытнае грамадства; характарыстыка:

- панаванне абшчыннага тыпу грамадскага ўладкавання;

- выкарыстанне прымітыўных тэхналогій ў гаспадарцы;

- панаванне традыцый ў сацыяльным жыцці.

Сярэднія вякі; характарыстыка:

- фарміраванне класавага грамадства і ўзнікненне дзяржаўнасці;

- развіццё феадальнай сістэмы, карпаратыўнасць сацыяльнага жыцця;

- перавага сельскай гаспадаркі ў эканоміцы;

- панаванне рэлігіі і традыцый у духоўнай сферы жыцця грамадства.

Новы час; характарыстыка:

- цэнтралізацыя і фарміраванне нацыянальных дзяржаў;

- індустрыялізацыя, хуткае развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу;

- генезіс і зацвярджэнне капіталістычных адносін;

- урбанізацыя;

- фарміраванне свецкіх культурных каштоўнасцяў.

Навейшы час; характарыстыка:

- глабалізацыя;

- навукова-тэхнічная рэвалюцыя;

- фарміраванне постіндустрыяльнага, інфармацыйнага грамадства.

 

Асноўныя паняцці:

гісторыя, аб’ект, прадмет, функцыі, метадалогія, прынцыпы, метады, гістарызм, аб’ектыўнасць, сістэмнасць, гісторыка-генетычны метад, гісторыка-параўнальны метад, гісторыка-тыпалагічны метад, гісторыка-сістэмны метад, крыніцы гістарычнай навукі, лінейныя і нелінейныя падыходы, фармацыя, цывілізацыя, аграрнае грамадства, індустрыяльнае грамадства, постіндустрыяльнае грамадства, перыядызацыя, першабытнае грамадства, Сярэднія вякі, Новы час, Навейшы час.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Назавіце прадмет і аб’ект гістарычнай навукі.

2. У чым заключаюцца асноўныя адрозненні гісторыі ад прыродазнаўчых і іншых сацыяльна-гуманітарных навук?

3. Якія функцыі выконвае гісторыя як навука?

4. Што такое метадалогія навукі?

5. Што з сябе ўяўляюць прынцыпы і метады навукі?

6. Назавіце асноўныя прынцыпы гістарычнай навукі і вызначце іх сутнасць.

7. Вызначце асноўныя метады гістарычнай навукі і дайце іх характарыстыку.

8. Якія Вам вядомыя асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі? Укажыце адрозненні паміж імі.

9. Чым характарызуецца фармацыйны падыход да вывучэння гісторыі? Вызначце моцныя і слабыя бакі дадзенага падыходу.

10. Вызначце спецыфіку тэхналагічнага дэтэрмінізму пры вывучэнні гісторыі. Дайце параўнальную характарыстыку аграрнага, індустрыяльнага і постіндустрыяльнага грамадства.

11. У чым спецыфіка цывілізацыйнага падыходу? У чым палягае яго карэннае адрозненне ад лінейных падыходаў?

12. Што такое цывілізацыя і якія іх тыпы Вы ведаеце?

13. Якія Вам вядомыя перыядызацыі гісторыі Беларусі?

14. Вызначце асноўныя рысы гістарычных стадый паводле ўніверсальнай перыядызацыі.

15. Паразважайце, якая з вызначаных перыядызацый гісторыі Беларусі падаецца Вам набольш абгрунтаванай.

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Гісторыя ў сістэме сацыяльна-гуманітарных навук.

2. Фарміраванне і развіццё прынцыпу гістарызму ў гістарычнай навуцы.

3. Канцэпцыя “трох хваляў” у развіцці гісторыі Э. Тофлера.

4. Цывілізацыйная канцэпцыя А. Тойнбі.

5. Фарміраванне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі.

 

 

Модуль 1. Цывілізацыйная спадчына Старажытнага свету,

сярэдніх вякоў і Беларусь.

Тэма 1: Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.

Каменны век на тэрыторыі Беларусі.

Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.

Жалезны век на тэрыторыі Беларусі.

Першабытны лад і рэлігія на тэрыторыі Беларусі.

У ходзе антрапагенэзу (фарміравання чалавека сучаснага тыпу) на аснове археалагічных знаходак навукоўцы вылучаюць наступныя этапы:

Аўстралапітэк (4-3 млн. гадоў назад);

Архантрап (2-0,5 млн. гадоў назад);

Неандэрталец (500-50 тыс. гадоў назад);

Краманьёнец (чалавек сучаснага тыпу) (ад 40 тыс. гадоў назад).

У гісторыі першабытнага грамадства ў залежнасці ад выкарыстання таго ці іншага матэрыялу для вырабу прылад працы вылучаюць тры асноўныя перыяды:

1) каменны век;

2) бронзавы век;

3) жалезны век.

У розных рэгіёнах свету храналагічныя межы гэтых перыядаў адрозніваліся.

На тэрыторыі Беларусі з’яўленне першых людзей датуецца перыядам 100 – 40 тыс. гг. да н.э.

 

Каменны век на тэрыторыі Беларусі.

Паводле выкарыстання асноўнага матэрыялу, з якога людзі рабілі прылады працы, археолагі першым перыядам у гісторыі чалавецтва называюць каменны век (храналагічныя межы на тэрыторыі Беларусі: 100-40 – 2 тыс. да н.э.). У сваю чаргу каменны век падзяляюць на тры перыяды:

палеаліт (ранні каменны век; 100-40 – 10 тыс. да н.э.);

мезаліт (сярэдні каменны век; 10 – 5 тыс. да н.э.);

неаліт (позні каменны век; 5 – 3 тыс. да н.э.).

Палеаліт (100-40 – 10 тыс. да н.э.).

У гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі перыядычна наступае і адыходзіць ледавік, пануе арктычны клімат. Прыблізна 100-40 тыс. гг. да н.э. на тэрыторыю Беларусі прыходзяць першыя людзі. Гэта былі неандэртальцы. Паводле сваіх фізіялагічных параметраў яны ўяўлялі з сябе людзей з сучасным памерам і будовай мозгу, але былі больш нізкарослыя, мускулістыя, з вялікімі надброўнымі дугамі і слабавыражанай сківіцай. Аб пранікненні неандэртальцаў на тэрыторыю Беларусі сведчаць археалагічныя знаходкі каля вёсак Свяцілавічы, Абідавічы, Бердыж. Яны карысталіся грубаабабітымі прыладамі працы – востраканечнікамі, рубіламі, нажамі і іншымі, навучыліся паляваць на маманта, здабываць агонь, будаваць прымітыўнае жытло са скур жывёл. Наступленне новага ледавіку спыніла пражыванне неандэртальцаў на тэрыторыі Беларусі.

Прыблізна 40 – 30 тыс. гг. да н.э. адбываецца адліга і на поўдзень тэрыторыі Беларусі прыходзяць краманьёнцы, якія ствараюць стаянкі каля в. Юравічы (26 тыс. гг. да н.э.) і Бердыжа (23 тыс. гг. да н.э.). У гэты перыяд людзі жылі на невялікіх стаянках па 20-30 чалавек у шалашах і паўзямлянках, якія пакрывалі скурамі і насціламі з дрэва. Іх асноўнымі прыладмі працы былі скрэблы, праколкі, рубілы, наканечнікі дзідаў і г.д. Асноўныя матэрыялы, з якіх яны вырабляліся – косткі жывёл, дрэва, камяні і крэмень. Выкарыстоўваўся агонь.

Галоўнымі відамі заняткаў насельніцтва з’яўляліся загоннае паляванне на буйных жывёл і збіральніцтва. Паляванне ажыццяўлялася калектыўна на мамантаў, паўночных аленяў, шарсцістых насарогаў, тураў, якіх заганялі ў ямы-пасткі і забівалі камянямі і грубаапрацаванымі сякерамі, коп’ямі.

У перыяд палеаліту складваецца першы тып сацыяльнай арганізацыі людзей – родавая абшчына. Род (аб’яднанне людзей аднаго паходжання, што пражываюць на вызначанай тэрыторыі) меў агульныя прыкметы:

- адзінства паходжання;

- агульная (калектыўная) ўласнасць на сродкі і вынікі працы.

Радство ў межах абшчыны вылічвалася, як правіла, па жаночай лініі (матрыярхат). Гэта пацвярджаецца наскальным роспісам і “неалітычнымі Венерамі” (лічацца скульптуркамі жаночых багінь-абярэгаў).

Прыкладна 18 – 10 тыс. гг. да н.э. на тэрыторыі Беларусі адбылося новае абледзяненне, якое прывяло да адыходу людзей.

Мезаліт (10 – 5 тыс. да н.э.)

На пачатку гэтага перыяду ледавік канчаткова адыйшоў і на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася рачная і азёрная сетка, выраслі лясы, склаўся сучасны раслінны і жывёльны свет. Тэрыторыя была цалкам заселена, увайшла ў айкумену – паверхню Зямлі, дзе жыве чалавек.

Вядома каля 120 стаянак гэтага перыяду, на якіх пражывала каля 4,5-6 тыс. чалавек. Амаль усе яны знаходзіліся на берагах рэк, каля радовішчаў крэменю. Мезалітычныя стаянкі былі невялікія па памерах, складаліся з шалашоў і зямлянак. Асноўнымі заняткамі насельніцтва з’яўляліся паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Да ліку асноўных вынаходніцтваў дадзенага перыяду належаць:

- лук і стрэлы (дзякуючы ім паляванне набывае індывідуальны характар);

- касцяныя кручкі і гарпуны, драўляныя чоўны (дзякуючы ім узнікае рыбалоўства);

- выраб састаўных прылад працы;

- прыручэнне сабакі.

Асноўнымі відамі матэрыялу для вырабу прылад працы заставаліся крэмень, косткі і дрэва.

У сацыяльнай арганізацыі грамадства ўмацоўваецца родавая абшчына.

Неаліт (5 – 3 тыс. да н.э.).

Да гэтага перыяду вядомыя каля 500 стаянак на тэрыторыі Беларусі, насельніцтва якіх налічвала каля 27-36 тыс. чалавек. Асноўнымі заняткамі насельніцтва застаюцца паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. У той жа час удасканальваюцца прылады працы за кошт новых тэхналогій апрацоўкі крэменю: шліфаванне, свідраванне, паліраванне. Гэта дазволіла ствараць больш якасныя прылады працы; асабліва палепшыліся магчымасці выкарыстання сякер, якія з гэтага часу не прывязваліся да дрэўка, а насаджваліся на яго. Павялічваюцца памеры здабычы крэменю, ствараюцца шматлікія шахты для здабычы крэменю. Пад в. Краснаселле Ваўкавыскага раёну археолагі знайшлі больш 1000 шахтаў па здабычы крэменю, якія заглыбляліся ў крэйду на 5-8 метраў.

Узнікаюць новыя віды дзейнасці – ткацтва і ганчарства. У выніку ўзнікаюць адзенне з тканіны, гліняны ляпны посуд з вострым дном і г.д. У рыбалоўстве на змену выкарыстання гарпуна прыйшлі вуда, кручок і рыбалоўныя сеткі. Асноўныя тыпы жытла ў перыяд неаліту – паўзямлянкі і наземныя жытлы слупавой канструкцыі. З’яўляюцца першыя формы міжрэгіянальнага абмену.

Перыяд неаліту ў сусветным маштабе характарызуецца такой з’явай як неалітычная рэвалюцыя – працэс пераходу ад прысвойваючай гаспадаркі (паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва) да вытворчай. Першымі формамі вытворчай гаспадаркі з’явіліся земляробства і жывёлагадоўля. На паўднёва-заходняй тэрыторыі сучаснай Беларусі з 4 тыс. да н.э. пачынаецца станаўленне матычнага земляробства (сеялі ячмень, лён) і жывёлагадоўлі (прыручаны буйная рагатая жывёла, свінні). На астатняй тэрыторыі да канца неаліту пераважае прысвойваючая гаспадарка.

У сацыяльнай арганізацыі грамадства назіраецца росквіт родавай абшчыны. Павелічэнне прадуктаў харчавання ў выніку ўдасканалення прылад працы прыводзіць да пераходу ад ураўняльнага размеркавання ў межах роду да размеркавання згодна звычаю. Гэта азначала, што лепшы паляўнічы ці рыбалоў мог пакінуць сабе большую і лепшую частку здабычы. Разрастанне родаў прыводзіць да іх падзелу і ўзнікнення плямёнаў – аб’яднанняў некалькіх родаў, якія маюць агульнае паходжанне. Плямёны адрозніваюцца пэўнай агульнасцю матэрыяльнай і духоўнай культуры. Плямёны або аб’яднанні плямён эпохі неаліту атаясамліваюцца з пэўнымі археалагічнымі культурамі. Адрозненні археалагічных культур атаясамліваюцца перш за ўсё з формай і арнаментам глінянай керамікі, якія мелі сваю спецыфіку ў розных плямёнаў. Большасць даследчыкаў лічыць, што з 3 тыс. да н.э. на поўначы і на ўсходзе тэрыторыі Беларусі пераважаюць фіна-угорскія плямёны.

Такім чынам, на працягу каменнага веку на тэрыторыі Беларусі адбываецца фарміраванне чалавечага грамадства, замацоўваюцца асноўныя формы яго прысвойваючай гаспадаркі (паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства) і сацыяльнай арганізацыі (родавая абшчына).



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 923; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 13.59.67.189 (0.007 с.)