Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Развіццё сельскай гаспадаркі і феадальных адносін.

Поиск

Асноўнымі заняткамі насельніцтва ў 14 – 16 стст. застаюцца земляробства, жывёлагадоўля і хатняе рамяство. Асноўная сельскагаспадарчая культура – жыта. Таксама вырошчваліся ячмень, пшаніца, авёс, лён, проса, каноплі, гародніна. Асноўныя прылады земляробчай працы – драўляная двурогая саха, плуг, барана. Асноўная цяглая жывёла – коні (на ўсходзе), валы (на захадзе). Пераважныя віды агратэхнікі – трохполле і двухполле. У паўднёвых і лясістых раёнах працягвала месцамі існаваць падсечна-агнявое земляробства.

Вярхоўным уласнікам усіх зямель ВКЛ намінальна лічыўся вялікі князь.

Паводле спосабу ўладання землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя.

Дзяржаўныя землі падзяляліся на дзве катэгорыі:

воласці (ворныя землі былі ў асабістым карыстанні сялян, астатнія выкарыстоўваліся калектыўна);

гаспадарскія двары (належалі непасрэдна князю, кіраваліся яго адміністрацыяй і забяспечвалі княжацкі двор і казну ўсім неабходным).

Шляхі пашырэння прыватнага землекарыстання:

- падараванні з боку вялікага князя або буйных феадалаў сваім васалам ці царкве;

- купля-продаж;

- залога (застава) з наступным адчужэннем.

Удзельная вага прыватнага землекарыстання павялічваецца з 30% у 14 ст. да 65% у 16 ст.

Формы прыватнага феадальнага землеўладання:

1) на пэўны час;

2) пажыццёва або на працягу некалькіх пакаленняў;

3) на вечнасць.

Прыватнае землеўладанне пераважае на захадзе ВКЛ; дзяржаўнае – на ўсходзе.

На працягу 14-16 стст. умацоўвалася прывілеяванае становішча феадальнага землекарыстання. Агульнадзяржаўныя прывілеі 1387, 1413, 1434, 1447 гг., Статуты ВКЛ гарантавалі недатыкальнасць прыватных маёнткаў, вызваленне ад натуральных і грашовых падаткаў, мытных збораў. Утвараюцца вялікія латыфундыі буйных феадалаў (Радзівілы, Гаштольды, Кішкі, Глябовічы, Валовічы, Друцкія, Астрожскія і г.д.).

Асноўнай адзінкай сялянскай гаспадаркі і адначасова адзінкай падаткаабкладання з’яўляўся сялянскі двор – дым. З некалькіх дымоў утваралася сельская грамада (абшчына). Яна арганізоўвала размеркаванне ворыва і сенакосаў паміж дымамі, выплату падаткаў і выкананне павіннасцяў. Грамадзе належалі выганы, сенажаці, рыбныя ловы, лясныя ўваходы. На агульных сходах грамады выбіраліся старцы, дзесяцкія, соцкія, якія арганізоўвалі ўнутранае размеркаванне зямлі, расклад павіннасцяў пры захаванні кругавой парукі, копны (абшчынны) суд. Сялянская гаспадарка мела амаль выключна натуральны характар.

Паступова к 16 ст. феадалы прысвойвалі сабе права распараджэння абшчыннымі землямі, а потым і ўсімі землямі сялян, выконвалі іншыя функцыі грамады (суд, раскладка павіннасцей, выбар старцаў і г.д.). За карыстанне зямельнымі надзеламі сялян абавязвалі выконваць шматлікія павіннасці, якія змяняліся па меры развіцця феадальных адносін.

Да асноўных відаў сялянскіх павіннасцей належылі:

- Даніна (натуральны аброк) – асноўны да 16 ст. від павіннасцяў на карысць дзяржавы або феадала. Мела дзве формы:

– “ дзякло ” – даніна жытам, пшаніцай, аўсом, сенам;

– “ мезлева ” – даніна мясам, яйкамі, прадуктамі бортніцтва і палявання.

- Паншчына – адпрацоўкі ў гаспадарскіх і панскіх дварах з дапамогай уласных прылад працы і працоўнай жывёлы (распаўсюдзілася з 15-16 стст.).

- Чынш – грашовы аброк (распаўсюдзіўся з 15-16 стст.).

- Дадатковыя павіннасці: будаўніцтва і рамонт замкаў, дарог, мастоў, удзел у зборах грошай на ваенныя патрэбы і г.д.

Паводле юрыдычных прынцыпаў сялянскае насельніцтва падзялялася на наступныя катэгорыі:

- людзі пахожыя – сяляне, якія з’яўляліся асабіста свабоднымі і выконвалі павіннасці на карысць уладальніка зямлі; мелі права змены месца жыхарства;

- людзі непахожыя – сяляне, якія выконвалі павіннасці на карысць землеўладальніка і былі асабіста залежнымі ад яго; без дазволу яны не мелі права змяняць месца жыхарства;

- закупы, радовічы – сяляне, якія знаходзіліся ў часовай поўнай залежнасці ад уладальніка за атрыманую пазыку або паводле заключанага дагавору;

- халопы, чэлядзь нявольная – рабы, якія лічыліся асабістай уласнасцю ўладальніка.

Паводле спецыфікі выконваемых павіннасцяў сяляне падзяляліся на наступныя групы:

- даннікі – сяляне, што выплочвалі ўладальніку даніну прадукцыяй асабістай гаспадаркі – збожжам, медам, футрам і інш.;

- асадныя сяляне або чыншавікі – сяляне, якія выплочвалі грашовы падатак на карысць уладальніка;

- людзі цяглыя – сяляне, якія выконвалі на карысць землеўладальніка паншчыну;

- сяляне-слугі – прывілеяваная частка сялянства: конюхі, сельскія рамеснікі і прамыславікі, ваенна-служылыя сяляне (баяры панцырныя, путныя, слугі-баяры), сельскі адміністрацыйны апарат (соцкія, старцы і г.д.);

- агароднікі – збяднелыя сяляне ці былыя хатнія рабы, якім уладальнік даваў невялікі кавалак зямлі за адпрацоўкі;

- людзі лёзныя, кутнікі, халупнікі – беззямельныя сяляне, якія жылі за кошт часовых заробкаў.

У цэлым да 16 ст. у агульнай масе сялянства пераважалі асабіста свабодныя “людзі пахожыя”. Землі, якія знаходзіліся ў непасрэдным карыстанні дзяржавы або феадалаў пры двары, былі невялікімі; для іх апрацоўкі выкарыстоўвалася пераважна праца халопаў, закупаў, радовічаў. Пераважная частка зямлі знаходзілася ў карыстанні сялянскіх абшчын, якія выплочвалі ўладальніку даніну.

Такім чынам, да сярэдзіны 16 ст. сельская гаспадарка ВКЛ мела пераважна натуральны характар. У яе межах адбывалася паступовае развіццё феадальных адносін.

 

4.2. Аграрная рэформа 1557 г. Станаўленне фальваркавай сістэмы.

У 15 – 16 стст. у краінах Заходняй Еўропы адбываюцца істотныя грамадскія пераўтварэнні: “Вялікія геаграфічныя адкрыцці”, стварэнне каланіяльных імперый, станаўленне мануфактурнай вытворчасці, значны рост гарадоў і пашырэнне гандлю, якія сведчылі пра фарміраванне і развіццё капіталістычных адносін. У Заходняй Еўропе ў сувязі з развіццём прамысловасці і ростам гарадоў рэзка павялічваецца попыт на прадукты харчавання і сельскагаспадарчую сыравіну. З другога боку, назіраецца значны рост цэн у выніку падзення кошту высакародных металаў. Так, пасля адкрыцця Амерыкі ў 1492 г. адтуль за 60 год было вывезена 180 тон золата і 17000 тон срэбра. У выніку кошт высакародных металаў у Еўропе за 1500 – 1600 г. зменшыўся больш чым у 8 разоў. Адбылася так званая “ рэвалюцыя коштаў ”, характэрнымі рысамі якой сталі рост цэн на харчаванне і сельскагаспадарчую сыравіну, танныя срэбра і золата. Гэта была вельмі выгадна для вытворцаў і гандляроў збожжам.

Еўрапейскі кантынент ў эканамічным жыцці выразна падзяліўся па “ лініі ракі Эльбы ”. На захад ад яе развіваюцца капіталізм, банкі, мануфактурная вытворчасць, урбанізацыя; а на ўсход – адбываюцца развіццё таварнай сельскай гаспадаркі і “другое выданне прыгоннага права” (пазбаўленне сялян асабістай свабоды і прымацаванне да зямлі).

У сувязі з імкненнем дзяржавы і феадалаў да павелічэння даходаў шляхам продажу збожжа ранейшая феадальная сістэма, заснаваная на даніне і натуральнай гаспадарцы, у 16 ст. замяняецца фальваркавай. Фальварак – арыентаваная на продаж прадукцыі шматгаліновая таварная гаспадарка, у якой вядучае месца належала вытворчасці збожжа. З фарміраваннем фальваркаў значна пашырыліся ворыўныя землі, якія знаходзіліся ў карыстанні феадалаў, у асноўным за кошт сялянскіх надзелаў. Павялічылася доля паншчыны ў сялянскіх павіннасцях.

Ва ўмовах пашырэння сувязяў са знешнім рынкам для росту дзяржаўных даходаў вялікі князь Жыгімонт ІІ Аўгуст у 1557 г. пачынае правядзенне рэформы ў дзяржаўных маёнтках, якая атрымала назву “ валочная памера ”. Падчас рэформы ўся зямля ў маёнтку дзялілася на ўніфікаваныя надзелы – валокі памерам каля 23 га. Кавалкі зямлі былі падзелены паводле якасці глебы на “вельмі кепскую”, “кепскую”, “сярэднюю” і “добрую”. Лепшыя валокі адводзіліся пад вялікакняжацкія фальваркі. Астатнія валокі раздаваліся ў якасці надзелаў сялянам у падворнае землекарыстанне. Для сялянскіх дымоў валока з’яўлялася адзінкай падаткаабкладання і нясення павіннасцей. Суадносіны велічыні фальваркавых і сялянскіх ворыўных земляў у дзяржаўным маёнтку вызначаліся 1:7. Акрамя падворнага надзела, сялянам адводзіліся землі агульнага карыстання: сенажаці, выганы, дубровы і г.д. За абшчынамі было захавана права "ўваходу" і "ўступу" ў пушчы, балоты і азёры маёнтка. Тут сяляне маглі нарыхтоўваць дровы, будаўнічы матэрыял, пасвіць жывёлу, лавіць рыбу.

Сялянскія двары ў залежнасці ад колькасці ворыва ў той ці іншай мясцовасці, магчымасцяў апрацоўкі (колькасці рабочых рук, цяглавай жывёлы, прылад працы) атрымлівалі валоку ці яе частку (палову, чвэрць), з якой выконвалі дакладна ўстаноўленыя павіннасці.

Валочныя надзелы падзяляліся на цяглыя (паншчынныя), асадныя (чыншавыя), вольныя (для сялян-слуг, што вызваляліся ад спецыфічных павіннасцей сялян іншых катэгорый). Цяглыя валокі пераважалі на захадзе дзяржавы; чыншавыя – на ўсходзе. Цяглыя сяляне абавязваліся адпрацоўваць паншчыну два дні на тыдзень з валокі, асадныя сяляне павінны былі плаціць чынш, сума якога залежала ад якасці зямлі. Акрамя таго усе сяляне выконвалі розныя дадатковыя павіннасці і выплочвалі нерэгулярныя падаткі на вайсковыя патрэбы. Сялянскія надзелы падзяляліся на тры часткі. Гэта забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, што спрыяла росту ўраджайнасці.

Да канца 16 ст. рэформа ў дзяржаўных уладаннях была ў асноўным завершана. Яна прывяла да істотнага павелічэння прыбыткаў маёнткаў. Сацыяльнымі наступствамі рэформы сталі:

- на захадзе і ў цэнтры ВКЛ была разбурана сялянская абшчына;

- сялянскія гаспадаркі страцілі правы на зямельныя ўчасткі, якія традыцыйна лічыліся іх спадчынным валоданнем;

- асноўнымі формамі сялянскіх павіннасцяў сталі на захадзе паншчына, на ўсходзе –чынш;

- адбываецца паступовае абмежаванне грамадзянскіх свабод большасці сялянства.

Прынцыпы рэфармавання былі пераняты прыватнымі землеўладальнікамі, якія пры стварэнні фальваркаў таксама ажыццяўлялі валочную памеру. Гэтаму спрыяла тое, што з 1609 г. у Рэчы Паспалітай былі адменены ўсе падаткі з продажу тавараў, якія належалі шляхце.

Адначасова са станаўленнем фальваркавай гаспадаркі адбываецца працэс юрыдычнага запрыгоньвання сялянства. У яго межах можна вылучыць некалькі этапаў:

1) Прывілей 1447 г. Казіміра Ягайлавіча, згодна з якім замацоўвалася права вотчыннага суду над сялянамі і было забаронена шляхце прымаць беглых і пераманьваць да сябе чужых сялян.

2) Статут ВКЛ 1529 г., які абмежаваў права распараджэння сялян зямлёй без дазволу ўладальніка, а таксама ўстанаўліваў правіла, паводле якога “пахожы” селянін, які пражыў на зямл аднаго ўладальніка звыш 10 гадоў, пераходзіў у катэгорыю “непахожых”.

3) Устава на валокі 1557 г. (пазбаўленне спадчыннага валодання сялянамі зямлі, фактычнае прымацаванне сялян да зямлі).

4) Статут ВКЛ 1566 г., паводле якога быў уведзены 10-гадовы тэрмін пошуку сялян–уцекачоў і абмежавана “пахожасць” адным пакаленнем (ужо сыны перайшоўшага ў другі маёнтак вольнага селяніна станавіліся прыгоннымі).

5) Статут ВКЛ 1588 г., згодна з якім уводзіўся 20-гадовы тэрмін пошуку сялян–уцекачоў і абвешчана аб адмене “пахожасці”.

Такім чынам, да канца 16 ст. большая частка сялянства страціла асабістую свабоду і трапіла ў залежнасць ад землеўладальнікаў, без дазволу якіх яны не маглі перасяліцца на іншае месца, выбраць іншы від заняткаў; фактычна пазбаўляліся грамадзянскіх правоў. Паступова розныя юрыдычныя катэгорыі сялянства (акрамя сялян-слуг) зліваюцца ў адзіную групу прыгоннага сялянства.

4.3. Развіццё гарадоў, рамяства і гандлю. Магдэбургскае права.

У 14 – першай палове 16 стст. ва ўмовах развіцця феадальных адносін ішоў інтэнсіўны працэс аддзялення рамяства і гандлю ад сельскай гаспадаркі. Гэта суправаджалася ростам гарадоў і мястэчак (невялікіх гандлёва-рамесных паселішчаў). Калі ў 14 ст. у ВКЛ налічвалася 83 гарады, то да канца 16 ст. каля 530. Насельніцтва гарадоў і мястэчак у асноўным займалася рамяством і гандлем. Жыхары мястэчак і невялікіх гарадоў побач з гэтым былі яшчэ цесна звязаны з апрацоўкай зямлі і сельскагаспадарчымі промысламі.

Асноўныя крыніцы папаўнення гарадскога насельніцтва:

- перасяленне сялян (асабліва да сярэдзіны 16 ст.);

- іміграцыя іншаэтнічнага насельніцтва (яўрэяў, татар, караімаў, немцаў, цыган і г.д.).

У той жа час працэс росту гарадскога насельніцтва стрымлівалі войны і запрыгонванне сялян.

Буйнейшымі гарадамі ВКЛ былі ў 16 ст. Полацк (12 тыс. жыхароў), Вільня, Берасце, Гародня, Віцебск, Менск, Новагародак, Слуцк.

Паводле прававога становішча гарады і мястэчкі падзяляліся на вялікакняжацкія і прыватныя. Прыватнымі былі пераважна дробныя гарады і мястэчкі. З пачатку 16 ст. у многіх вялікакняжацкіх гарадах Беларусі пачалі вылучацца асобныя адміністрацыйныя кварталы, якія знаходзіліся пад уладай прыватных асоб – юрыдыкі. Мяшчане (гарадское насельніцтва) неслі павіннасці на карысць уладальніка – дзяржавы або феадала: плацілі грашовыя подаці, выконвалі будаўнічыя і гаспадарчыя работы, пастаўлялі падводы (фурманкі) і г.д. Жыхары юрыдык не выплочвалі гарадскія падаткі і не падлягалі гарадскому суду.

У разлядаемую эпоху адной з галоўных палітычных мэт мяшчан была барацьба за права на самакіраванне гарадоў. Гэтым яны забяспечвалі сваю незалежнасць ад судовых і эканамічных злоўжыванняў дзяржаўных чыноўнікаў і феадалаў. У выніку ў канцы 14 – 16 стст. большасць вялікакняжацкіх гарадоў атрымалі права на самакіраванне – магдэбургскае права. У немалой ступені гэта было абумоўлена імкненнем вялікіх князёў заручыцца палітычнай падтрымкай гарадоў.

Прывілеі на самакіраванне, якія ўтрымлівалі ранейшыя правы горада і афармлялі іх згодна з еўрапейскімі юрыдычнымі нормамі падпісваў вялікі князь. Правы, што прадастаўляліся гарадам, былі розныя. Агульным было тое, што мяшчане вызваляліся з-пад адміністрацыйнай і судовай улады ваявод і стараст; замест феадальных павіннасцяў уводзіўся адзіны дзяржаўны грашовы падатак для горада; у горадзе ствараліся органы самакіравання.

Першым горадам ВКЛ які атрымаў магдэбурскае права была Вільня (1387). Затым яго атрымалі Берасце (1390), Гародня (1391), Слуцк (1441), Полацк (1498), Менск (1499), Віцебск (1597). Да канца 16 ст. самакіраванне атрымалі ўсе больш-менш значныя гарады ВКЛ.

У гарадах, якія атрымалі магдэбургскае права, склаліся наступныя органы гарадскога кіравання:

- Войт – кіраўнік гарадской адміністрацыі і суда. Яго прызначаў вялікі князь з Панамі Радай з ліку шляхты ці знатных гараджан; часам права выбараў войта выкуплялі самі гараджане. Функцыі войта: падтрыманне парадку ў горадзе; вызначэнне правілаў гандлю; збор падаткаў; ажыццяўленне суду. Дапамагаў войту яго намеснік – ленвойт.

- Магістрат – орган гарадскога самакіравання, які складаўся з рады і лавы. Рада вызначала агульны напрамак развіцця гарадской гаспадаркі, займалася добраўпарадкаваннем, абарончымі збудаваннямі, зборам падаткаў, кантралявала гарадскія расходы, ажыццяўляла суд па маёмасных і грамадзянскіх справах. У склад рады ўваходзілі выбраныя мяшчанамі горада радцы на чале з адным або некалькімі бурмістрамі. Бурмістры выбіралася мяшчанамі ці прызначалася войтам. Лава (складалася з войта, ленвойта, лаўнікаў – асоб, выбраных з мяшчан або прызначаных войтам ці радай) займалася разглядам крымінальных і некаторых грамадзянскіх спраў мяшчан.

На першым этапе распаўсюджання самакіравання значную ролю меў агульны сход мяшчан (сойм, веча, капа). На ім слухалі справаздачы бурмістраў, складалі скаргі, вызначалі памеры збору сродкаў на гарадскія патрэбы, маглі змясціць некаторых службовых асоб.

Асноўным відам заняткаў мяшчан з’яўлялася рамяство. Найбольшае распаўсюджанне мелі наступныя рамёствы:

апрацоўка металаў (кавальства, вытворчасць зброі, слясарства, ювелірная справа і інш.);

апрацоўка дрэва (вырабляліся асноўныя часткі плугоў, сох, лапаты, вёслы, граблі, а таксама посуд і іншы інвентар, будаваліся жыллё, гаспадарчыя памяшканні, павозкі, караблі);

ганчарства (вытворчасць посуду, цэглы, чарапіцы, кафлі);

апрацоўка скур (гарбарная, рымарная, кушнерская вытворчасць);

ткацтва (шавецтва, кравецтва).

Асноўнай стала работа не на заказ, а на продаж. 3’яўляецца асоба скупшчыка, што арганізуе рэгулярны гандаль.

Асноўнай формай грамадскай арганізацыі ў сярэднявечным грамадстве была карпаратыўныя саюзы. З 16 ст. рамеснікі аб’ядноўваюцца ў цэхі (брацтвы). Цэхі аб’ядноўвалі рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцяў аднаго веравызнання і абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку сельскіх і іншагародніх рамеснікаў. У 16 ст у гарадах Беларусі налічвалася каля 100 цэхавых спецыяльнасцяў (срэбнікі, кавалі і г.д.), у 18 ст. – ужо 200. У склад цэха ўваходзіла каля 60-100 чалавек. Сярод членаў цэхаў вылучаліся:

- Майстры – самастойныя гаспадары, якія мелі ва ўласнасці прылады працы і майстэрні, дасканала валодалі прафесіяй. З іх ліку на год выбіраўся кіраўнік цэха – стараста (цэхмістр).

- Чаляднікі – падручныя майстроў, якіы прайшлі курс навучання, але не мелі сваіх прылад працы і не атрымалі статусу майстра; пры пэўных умовах (выкананне ўзорнай работы, тэрмін працы і г.д.) чаляднік мог перайсці ў катэгорыю майстра.

- Хлопцы – вучні майстроў.

Дзейнасць цэха рэгламентавалася пісьмовым статутам. У ім распісваўся парадак навучання, найму вучняў і чаляднікаў, пераход з разраду вучняў у чаляднікі і далей у майстры, адносіны ўнутры цэха, адносіны цэха да рамеснікаў, якія не ўступілі ў цэх, сувязі цэха з гарадскім самакіраваннем. Толькі ўдзельнікі цэхаў маглі прадаваць сваю прадукцыю ў гарадах; рамеснікі, якія не ўваходзілі ў цэх, называліся партачамі, у выпадку іх выкрыцця ўладамі і братчыкамі, яны страчвалі тавар і плацілі вялікія штрафы.

Пад уплывам агульнага росту эканомікі адбываецца развіццё гандлю. Наладжваецца пастаянны гандаль у гарадах і мястэчках у лавах і крамах. Кожны тыдзень у мястэчках і гарадах праходзілі таргі (пераважалі аптовыя і дробнааптовыя аперацыі); у буйных гарадах кожны год праводзіліся кірмашы. Узмацняюцца гандлёвыя сувязі розных рэгіёнаў краіны. Гэта стымулявала будаўніцтва дарог- гасцінцаў. Самая вялікая звязвала Берасце, Менск з Оршай і Смаленскам.

Ідзе працэс аб’яднання купцоў у брацтвы ці гільдыі. Яны атрымлівалі дзяржаўныя прывілеі на вядзенне гандлю. Аформілася спецыялізацыя ў сферы гандлю. Міжнародны гандаль ажыццяўлялі “ госці ”; аперацыямі па перапродажу сярэдніх партый тавараў, якія збіраліся па сельскай мясцовасці займаліся “ перасолы ”, а дробным разносным гандлем – “ шкоты ” (назва паходзіць ад шатланцаў-наёмнікаў, якія аселі ў ВКЛ).

У сістэме знешняга гандлю на экспарт праз Познань, Крулявец і Рыгу вывозіліся тавары лясных промыслаў, збожжа, мёд, лён, радзей – рамесніцкія вырабы; імпарт складалі металы, металічныя паўфабрыкаты і вырабы, сукно, каштоўнае ўзбраенне, прадметы раскошы, віно, селядцы, соль.

Такім чынам, у сярэднявечных гарадах ВКЛ у 14 -16 стст. адбываліся працэсы, характэрныя для большасці краін рэгіёну: хуткае развіццё рамяства і гандлю, стварэнне сістэмы гарадскога самакіравання, фарміраванне грамадскіх карпарацый.

4.4. Саслоўная структура грамадства.

Усё насельніцтва ВКЛ можна падзяліць на некалькі саслоўяў (станаў):

- шляхта;

- духавенства;

- мяшчанства;

- сялянства;

- іншаканфесійныя станы (яўрэі, татары).

На працягу 14-16 стст. межы паміж саслоўямі становяца ўсё больш жорсткімі.

Найбольш прывілеяваным саслоўем з’яўлялася шляхта. Яе прывілеі:

- выключнае права валодання зямлёй;

- вызваленне ад абавязковых падаткаў;

- выключнае права займаць дзяржаўныя пасады і ўдзельнічаць у палітычным жыцці.

Да сярэдзіны 16 ст. гэтае саслоўе ў прававых адносінах не было аднародным. Найбольшым уплывам карысталіся магнаты (князі і паны), якія паходзілі з былых удзельных князёў і некаторых уплывовых баяр. Яны займалі галоўныя дзяржаўныя пасады ў дзяржаве, валодалі вялікімі зямельнымі маёнткамі. З сярэдзіны 16 ст. адбываецца працэс павышэння палітычнага значэння сярэдняй і дробнай шляхты (нашчадкі былых баяр і дваран), сведчаннем чаго з’яўляюцца рэформы 1560-х гг.

Духавенства не ўяўляла з сябе адзінай саслоўнай групы. На тэрыторыі ВКЛ дзейнічала каталіцкае, праваслаўнае, з сярэдзіны 16 ст. пратэстанцкае духавенства. Прававы статус іх быў розны. Прывілеяванае становішча займала каталіцкае духавенства; каталіцкія біскупы займалі вышэйшыя месцы ў складзе Паноў Рады. Праваслаўнае духавенства мела вызначаны прававы статус, пацверджаны вялікакняскімі прывілеямі. Асобныя групы духавенства атрымлівалі спецыяльныя прывілеі, а таксама зямельныя падараванні ад вялікіх князёў або магнатаў.

Мяшчанства (гарадское насельніцтва) таксама не валодала агульнымі правамі ў межах ВКЛ. Прававое становішча мяшчан залежала ад таго, у якім горадзе яны пражывалі. Значнымі правамі карысталіся жыхары Вільні, Полацка, Берасця, Менска і іншых буйных дзяржаўных гарадоў з правам на самакіраванне і даравальнымі ільготнымі граматамі. Меншымі правамі валодалі жыхары мястэчак і гарадоў, што не мелі права на самакіраванне. Жыхары прыватнаўласніцкіх гарадоў з’яўляліся феадальна залежным насельніцтвам. Мяшчанства падзялялася на некалькі сацыяльных груп:

- патрыцыят (заможныя купцы і цэхмайстры);

- рамеснікі і дробныя гандляры;

- гарадскі плебс (чаляднікі, вучні, “чорныя людзі” – вольнаёмныя рабочыя і жабракі).

Сялянства як саслоўе не было аднародным. Сярод сялян вылучаюцца:

- асабіста свабодныя сяляне, што выконвалі ваенную службу (баяры путныя, баяры панцырныя, баяры слугі) або займаліся пэўнымі рамёствамі і промысламі (асочнікі, баброўнікі, бортнікі, рыбаловы, стральцы, бондары, ганчары, кавалі, цесляры); паводле статусу былі найбольш набліжаны да дробнай шляхты або мяшчанства;

- шматлікія катэгорыі феадальна залежнага сялянства (гл. 4.1); прававое становішча гэтых катэгорый характарызавалі поўная палітычная бяспраўнасць, абмежаваная грамадзянская праваздольнасць, павышаная крымінальная адказнасць.

У асобныя саслоўі ўключаліся групы нехрысціянскага насельніцтва – яўрэі, караімы, татары. Яны валодалі спецыяльнымі правамі, вызначанымі асобымі прывілеямі вялікіх князёў, мелі ўласную аўтаномію: свае органы самакіравання, суды. У адносінах да дзяржавы плацілі павышаныя падаткі (яўрэі) або неслі ваенную службу (татары). У асноўным былі ізаляваны ад хрысціянскага насельніцтва. Яўрэі, якія пражывалі ў розных гарадах, валодалі рознымі правамі.

Такім чынам, на працягу 14 – 16 стст. у ВКЛ сфарміравалася саслоўная сістэма, характэрная для феадальнага сярэднявечнага грамадства. Прывілеяванае становішча ў межах дадзенай сістэмы займала шляхта.

 

Асноўныя паняцці:

Воласць, гаспадарскі двор, паншчына, чынш, людзі пахожыя, людзі непахожыя, даннікі, асадныя сяляне, людзі цяглыя, агароднікі, людзі лёзныя, “рэвалюцыя коштаў”, “лінія Эльбы”, валочная памера, фальварак, падворнае землекарыстанне, прыгоннае сялянства, мястэчка, магдэбурскае права, юрыдыка, войт, магістрат, рада, лава, бурмістр, цэх, майстры, чаляднікі, гільдыя, шляхта, духавенства, мяшчанства, сялянства.

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Ахарактарызуйце асаблівасці пазямельных адносін у ВКЛ у 14–16 стст.

2. Якімі шляхамі адбывалася пашырэнне феадальнага землеўладання ў ВКЛ у 14 – 16 стст.? Растлумачце прычыны росту прыватнага феадальнага землеўладання ў гэты перыяд.

3. Якія змены адбываліся ў становішчы сялянскай грамады на працягу 14 – 16 стст.?

4. Якія Вам вядомыя катэгорыі сялянства паводле юрыдычнага становішча?

5. Якія асноўныя віды феадальнай рэнты Вы ведаеце?

6. З чым было звязана фарміраванне “лініі Эльбы”? Якім чынам развіццё капіталізму ў Заходняй Еўропе ў 16 ст. паўплывала на эвалюцыю сельскай гаспадаркі ВКЛ?

7. Што такое фальварак? У чым яго адрозненне ад гаспадарскага двара?

8. Укажыце асноўныя палажэнні аграрнай рэформы 1557 г. Якія прычыны яе абумовілі?

9. Вызначце асноўныя вынікі правядзення валочнай памеры ў дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх маёнтках ВКЛ.

10. Назавіце асноўныя этапы запрыгоньвання сялян у ВКЛ.

11. Якія прычыны выклікалі рост гарадоў у ВКЛ у 14 – 16 стст.? Якія можна вызначыць асноўныя шляхі павелічэння гарадскога насельніцтва?

12. Якія адрозненні існавалі ў прававым статусе гарадоў ВКЛ у 14 – 16 стст.?

13. Што такое магдэбурскае права? Калі гэтае права атрымалі асноўныя гарады ВКЛ?

14. Што такое юрыдыкі? У чым палягала адрозненне юрыдычнага становішча гараджан, якія пражывалі ў юрыдыках і на самакіруемых тэрыторыях гарадоў?

15. Вызначце структуру кіравання ў гарадах, якія валодалі магдэбургскім правам.

16. Якія асноўныя віды рамяства атрымалі пашырэнне ў гарадах ВКЛ у 14 – 16 стст.?

17. Што такое цэхі? Дайце агульную характарыстыку дзейнасці цэхаў у гарадах ВКЛ.

18. Якія асноўныя віды гандлю атрымалі развіццё ў ВКЛ у 14 – 16 стст.? Што такое гільдыі?

19. Якія асноўныя саслоўі склаліся ў структуры грамадства ВКЛ у 14 – 16 стст.?

20. У чым выяўлялася прывілеяванае становішча шляхты ў ВКЛ?

21. Якія асноўныя сацыяльныя слаі можна вылучыць у межах мяшчанства ВКЛ?

22. У чым адлюстроўваецца спецыфіка прававога становішча нехрысціянскіх груп насельніцтва ў ВКЛ (яўрэі, татары)?

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Эвалюцыя сялянскай грамады ў ВКЛ у 14 – 16 стст.

2. Сяляне – слугі ў ВКЛ.

3. Магдэбургскае права ў Полацку: фарміраванне, інстытуты самакіравання і іх эвалюцыя.

4. Купецкія гільдыі ў ВКЛ у 14 – 16 стст.

5. Фарміраванне шляхецкага саслоўя ў ВКЛ у святле заканадаўчых актаў 14 – 16 стст.

6. Утварэнне яўрэйскай абшчыны ў ВКЛ у 14 – 16 стст.

7. Татары ў ВКЛ: сацыяльна-эканамічнае і палітыка-прававое становішча.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 794; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.118.19.89 (0.011 с.)