Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Тэарэтыка-Літаратурная думка

Поиск

ў ХІХ — ПАЧАТКУ хх стст.

Агульная характарыстыка развіцця

Тэарэтыка-літаратурнай думкі

ў ХІХ — пачатку ХХ стст.

Асноўнай прыкметай і асаблівасцю развіцця тэарэтыка-літа­ра­тур­­най дум­­кі ў ХІХ — пачатку ХХ стст. з’яўляецца фарміраванне ў літара­ту­ра­знаў­­стве ўлас­ных на­­­вуко­вых метадаў і школ. Наогул, у да­дзены пе­рыяд лі­тара­ту­ра­­знаўства практычна поўнасцю вы­чля­ня­ецца з эстэ­­тыкі і ста­но­віц­ца са­мас­той­­най галіной навуковых ведаў.

Сярод метадаў і накірункаў (даволі часта побач з тэр­мі­на­мі «ме­тад» і «на­­кірунак» ужываецца паняцце «школа»; у прынцыпе ўсе гэтыя тры сло­вы-тэр­міны з’яўляюцца сінонімамі), што ўзніклі і афор­­­міліся ў лі­та­ра­турнай на­ву­цы ў ХІХ — пачатку ХХ стст. і са­мым не­пасрэдным чы­нам паўплывалі на раз­віццё тэарэтыка-лі­та­ра­тур­най га­лі­ны ў агульнай сіс­тэме літара­ту­ра­знаў­чых ведаў, най­больш значнымі і рас­паў­сю­джа­ны­мі з’яўляюцца міфалагічны, бія­­гра­фічны, культурна-гіста­рычны, па­раў­наль­на-гістарычны, псіха­ла­гіч­ны, фармальны і сацыялагічны.

Спецыфіка літаратуразнаўчага пазнання ў тым, што яно ў пра­цэ­се свай­­го гістарычнага развіцця не поўнасцю адкідвае на­пра­ца­ва­нае па­пя­рэд­­нікамі, а бя­рэ лепшае з усяго гэтага. Таму лі­та­ра­ту­ра­знаў­чыя ме­тады, на­кірункі і шко­лы ХІХ — па­чатку ХХ стст. не знік­нуць бясследна, як толь­кі вы­чар­паюць свае на­ву­ковыя патэн­цыі, а пяройдуць многімі сваімі мо­мантамі і гра­ня­мі, леп­шы­мі і пра­ве­ранымі прыёмамі даследа­вання ў нас­тупную літа­ра­тур­ную на­вуку. Толь­кі што адзна­чанае датычыцца прак­тычна ўсіх лі­та­ра­ту­ра­знаў­­чых метадаў, накі­рункаў і школ ХІХ — па­чатку ХХ стст. Прынцып пе­ра­ем­насці ў выніку ад­бору і сінтэзу ўсяго леп­шага, што на­пра­ца­вана па­пярэд­ні­камі,— адзін з асноваўтваральных прын­цыпаў лі­та­ратурнай на­вукі, важ­ней­шая ўмова для яе да­лейшага пас­пяховага раз­віцця.

Літаратура

Введение в литературоведение. Хрестоматия / Под ред. П.А. Николаева.— 2-е изд., испр. и доп.— М., 1987.

Волков И.Ф. Теория литературы.— М., 1995.

Зарубежная литература ХІХ века: Реализм: Хрестоматия историко-литера­турных ма­­те­­ри­а­лов.— М., 1990.

История эстетической мысли: В 6 т.— М., 1986–1987.— Т. 3–4.

Нефёдов Н.Т. История зарубежной критики и литературове­дения.— М., 1988.

Николаев П.А., Курилов А.С., Гришунин А.Л. История рус­ского литера­туро­веде­ния.— М., 1980.

Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.— М., 2000.

Поспелов Г.Н. Теория литературы.— М., 1978.

Уводзіны ў літаратуразнаўства: Хрэстаматыя / Уклад. М.І. Мішчанчук, М.Ф. Шаў­лоў­ская; уступ. арт. М.А. Лазарука.— 2-е выд., дапрац. і дап.— Мн., 1991.

Хрестоматия по теории литературы / Составитель Л.Н. Осьмакова.— М., 1982.

Міфалагічная школа

 

Адным з першых навуковых метадаў у літаратуразнаўстве стаў мі­фа­­ла­гіч­ны (міфалагічная школа).

Пад міфалагічнай школай падразумяваюць накірунак у літара­ту­­ра­знаў­­стве і фалькларыстыцы ХІХ ст., які ўзнік у эпоху раман­тыз­му. Фі­ла­соф­­скай асно­вай гэтай школы стала эстэтыка Ф. Шэ­лін­га і братоў А.В. і Ф. Шле­­ге­ляў. Асаб­ліва многа на этапе ста­наў­лен­ня міфалагічнай школы зра­біў Ф. Шле­­гель, кніга якога «Філасофія мас­тацтва» атрымала да­волі шы­рокі гра­мад­­скі рэза­нанс. Канчаткова мі­фала­гічную школу тэарэтычна афор­­мі­лі бра­ты Я. і В. Грым у пра­цы «Нямецкая міфалогія» (1835).

Для міфалагічнай школы з’яўляецца характэрным уяўленне аб мі­­фах як аб «неабходнай умове і першасным матэ­рыяле для ўсякага мас­­тац­­­тва» (Ф. Шэ­­лінг), як аб «ядры, цэнтры паэзіі» (Ф. Шлегель). Згод­на з тэо­­рыяй бра­тоў Грым, з міфа ў пра­цэсе эвалюцыі ўзніклі казка, эпічная пес­ня, ле­ген­да і ін­­шыя жанры літаратуры. Прак­тыкуючы метад па­раў­наль­нага выву­чэн­ня (што, дарэчы, па тых ча­сах было істотнай на­ва­цы­яй), браты Грым тлумачылі мно­­­гія падобныя з’явы ў літаратуры і фальк­ло­ры роз­ных народаў наяўнасцю агуль­­най старажытнай міфалогіі. На дум­ку прадстаўнікоў міфалагічнай шко­лы, самым важным для лі­та­ра­ту­ра­знаўцаў з’яўляецца адшукванне ў сусвет­най літаратуры «праміфа», «пер­шаміфа», да якога, як да першаснай біяла­гіч­най клеткі, зводзіцца ўся твор­часць.

Міфалагічная метадалогія атрымала шы­ро­кае распаўсюджанне ў лі­та­­ра­ту­­разнаўстве. У За­ходняй Еўропе яе прадстаўлялі А. Кун, В. Шварц (Гер­­ма­нія), М. Мюлер (Анг­лія), М. Брэаль (Францыя), А. дэ Губернаціс (Іта­лія). Ра­сій­скімі міфо­ла­га­мі з’яўляюцца такія вя­до­мыя вучоныя, як Ф. Бус­лаеў і А. Афа­насьеў (най­больш значная праца апошняга «Паэ­тыч­ныя погляды сла­вян на пры­роду», 1865–1869). Акрамя іх мі­фа­ла­гіч­ны па­дыход да твораў лі­та­ратуры распра­цоў­валі ў Расіі А. Мілер, А. Кат­ля­рэў­скі, І. Худзякоў, І. Пры­­жоў, П. Рыб­ні­каў. Ідэі міфалагічнай школы ў роз­ныя перыя­ды на­ву­ковай дзей­насці па­дзя­ля­лі і прымянялі ў сваіх да­сле­­да­ван­нях такія буй­нешыя рускія ву­чоныя дру­гой паловы ХІХ — па­чат­ку ХХ стст., як А. Па­тэбня і А. Весялоўскі.

Метадалогія і шэраг тэарэтычных вывадаў міфалагічнай шко­лы бы­лі з ця­гам часу адхілены наступнымі літаратуразнаўчымі шко­ла­мі і накі­рун­камі. Ра­зам з тым міфалагічная школа адыграла важ­ную ролю ў раз­віц­ці навукі, а ме­навіта: пашырыла ўяўленні аб мі­фа­логіі ў выніку зва­ро­ту не толькі да мі­фаў еўрапейскага паходжання, але і да міфаў ста­ра­жыт­­ных індыйцаў, іран­цаў, іншых усходніх народаў; садзейнічала актыў­на­му збо­ру міфалогіі і фальк­лору розных народаў; паставіла шэраг важных тэа­­рэ­тыч­ных пы­танняў (у тым ліку і пытанне народнасці мастацтва); за­кла­­ла асновы па­раўнальнага вы­вучэння міфалогіі, фальклору і лі­та­ра­­туры.

Хоць і з надзвычай моцным крытычным адштурхоўваннем ад ме­­та­да­­ло­гіі міфолагаў, але ж усё-такі ў цэлым на глебе дадзенага на­ву­­ко­ва­га на­кірунку ўзнік­ла ў другой палове ХІХ ст. у літара­тура­знаў­стве, фальк­ла­рыс­ты­цы і этна­графіі антрапалагічная школа, якую прад­стаў­ля­лі Э. Тайлар, Э. Лэнг, Дж. Фрэй­зер і некат. інш. ву­чо­ныя, пераважна англі­чане.

Традыцыі і здабыткі міфалагічнай школы пэўным чынам раз­ві­ла і ўзба­­га­ціла ў ХХ ст. г. зв. рытуальна-міфалагічная крытыка. Гэ­та адзін з на­­кі­рун­каў у замежным літара­туразнаўстве, які прад­стаў­ляюць у За­ход­няй Еўропе пе­­раважна вучоныя-выкладчыкі з Кем­б­рыджа Дж. Уэстан, Э. Чэм­берс, Дж. Харысан, Ф. Корн­фард, М. Бодкін, Г. Мэрэй. На паў­ноч­на­амерыканскім кан­тыненце самымі знач­­­нымі «неаміфолагамі» лічацца У. Трой («Міф, метад і бу­дучае», 1946) і Н. Фрай («Міф і лі­­та­ра­ту­ра», 1961).

Тэарэтычныя палажэнні міфалагічнай школы аказалі значны ўплыў на дзей­насць такіх вядомых збіральнікаў беларускага фальк­ло­ру, як П. Бяс­­­со­наў, Р. Зямкевіч, П. Шэйн і некат. інш.

Літаратура

Академические школы в русском литературоведении.— М., 1975.

Вейман Р. История литературы и мифология / Пер. с нем.— М., 1975.

Гусев Е.В. Мифологическая школа // Литературный эн­циклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевни­кова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Зарубежная эстетика и теория литературы ХIХ – ХХ вв. Трак­таты, статьи, эссе / Сост., общ. ред. Г.К. Косикова.— М., 1987.

Козлов А.С. Мифологическое направление в литерату­рове­дении США.— М., 1984.

Кравцов Н. Анропологическая школа // Словарь литературоведческих терминов / Ре­дак­торы-состави­тели Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.— М., 1974.

Нефёдов Н.Т. История зарубежной критики и литерату­рове­дения.— М., 1988.

Николаев П.А., Курилов А.С., Гришунин А.Л. История рус­ского ли­тературоведе­ния.— М., 1980.

Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.— М., 2000.

Петрухин В.Я. Антропологическая школа // Литературный эн­циклопедический сло­варь / Под общ. ред. В.М. Кожевни­кова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Рагойша В. Метад літаратуразнаўчы // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Да­па­можнік.— Мн., 2001.

Салавей Л.М. Міфалагічная школа // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Бе­ларусі: У 5 т.— Мн., 1986.— Т. 3.

Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Школы и направления в литературоведении. Ме­тод в ли­­­тературоведении // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературовед­чес­кий сло­варь-спра­воч­ник для ученика и учителя.— Мозырь, 2003.

Хрестоматия по теории литературы / Составитель Л.Н. Осьмакова.— М., 1982.

Біяграфічны метад

 

Біяграфічны метад — гэта спосаб вывучэння літаратуры, пры якім бія­­гра­фія і асоба пісьменніка разглядаюцца ў якасці вызначаль­ных мо­ман­­таў мас­тацкай творчасці (у шырокім разуменні, г. зн. не толь­кі кан­чат­ковых вы­ні­каў, «прадуктаў», але і самога працэса, твор­чага акта).

Упершыню найбольш поўна прымяніў біяграфічную мета­да­ло­гію ў лі­­та­ратуразнаўстве француз­скі вучоны Шарль Сент-Бёў (1804–1869) — аў­тар сла­вутага пяцітомніка «Літаратурныя парт­рэ­ты» (1836–1839). Заў­ва­жым, што Сент-Бёў адным з першых звярнуў увагу на адрозненні па­між літаратурна-кры­­тычным і ўласна навуковым літарату­ра­знаўчым ана­лі­зам. У сва­іх дасле­да­ван­нях ву­чоны імкнуўся па­ка­заць асаблівасці твор­час­ці пісь­менніка праз яго бія­гра­фію. У нарысе «П’ер Карнэль» (1829) Сент-Бёў так фар­му­люе ідэю свайго ме­таду: «У галіне крытыкі і гісторыі лі­­та­ра­туры ня­ма, відаць, больш зай­маль­на­га, больш прыемнага і разам з тым больш па­вучальнага чы­тан­ня, як добра на­пісаная біяграфія вялікіх лю­­дзей <...>, ста­ранна скла­дзеныя, часам нават кры­ху шматслоўныя апа­вя­­дан­ні аб асо­бе і тво­рах пісьменніка, мэта якіх — пра­нікнуць у яго ду­шу, асво­іцца з ім, паказаць яго з самых розных бакоў» [2]. Ра­зам з тым не­аб­­ход­на ад­зна­чыць, што хоць у Сент-Бёва ў па­ды­хо­дзе да лі­та­ра­турных з’яў і ме­ла месца біяграфічная дамінанта, вучоны ўсё-такі не за­мы­каў­ся поў­­­насцю ў вуз­кіх межах спавядаемага ім метаду.

У «чыстым» выглядзе біяграфічны метад праіснаваў нядоўга. Свое­­­асаб­­лі­вае прымяненне ён знайшоў у метадалогіі буйнейшых за­ход­­не­еў­ра­пейскіх лі­таратуразнаўцаў ХІХ ст. І. Тэна і Г. Брандэса. І. Тэн лі­чыў Сент-Бёва сваім нас­таўнікам і адным з тых, хто пад­рых­та­ваў куль­турна-гіс­тарычны метад. Г. Бран­дэс стварыў шэраг ары­гі­наль­ных лі­та­ра­турных парт­рэтаў-біяграфій пісь­меннікаў (У. Шэкс­пі­ра, І.В. Гётэ, Валь­тэ­ра, Г. Іб­сана і некат. інш.), вы­ка­рыс­тоў­ваючы мно­гае з метадалогіі Сент-Бёва.

У пачатку ХХ ст. некаторыя вучоныя (Р. дэ Гурмон з Францыі, Ю. Ай­­хен­вальд з Расіі і інш.) паспрабавалі адрадзіць біяграфічны ме­тад. Ад­нак гэ­тыя спробы былі амаль што беспаспяховымі.

У беларускім літаратуразнаўстве 1920–1930-х гг. біяграфічная ме­та­да­­ло­гія не мела знач­­на­га пашырэння. Выпадкі яе прымянення (на­прык­лад, «Но­вая бе­ла­руская паэма» М. Байкова, «Аповесць «У па­лескай глу­шы» М. Пія­ту­хо­віча, «Трыц­цаць год» Я. Бран­штэй­на) характарызуюцца за­­ка­на­мер­ным перабольш­ван­нем ролі біяграфіі аўтараў у іх мастацкіх тва­­рэн­нях.

Сучаснае літаратуразнаўства таксама выкарыстоўвае бія­гра­фіч­ныя мо­­ман­ты пры разглядзе мастацкіх твораў, аднак яны пры гэ­тым не вы­сту­паюць у яка­сці прэвалюючых і дамінуючых у агульнай сіс­тэме на­ву­ко­вага аналізу.

Літаратура

Академические школы в русском литературоведении.— М., 1975.

Атрашкевіч В.І. Біяграфічны метад // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Бе­ла­русі: У 5 т.— Мн., 1984.— Т. 1.

Биографический метод // Литературный энциклопеди­ческий словарь / Под общ. ред. В.М. Ко­жевникова, П.А. Ни­колаева.— М., 1987.

Богданов В. Биографический метод в литературоведении // Словарь литературо­­вед­­чес­­ких терминов / Редакторы-состави­тели Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.— М., 1974.

Зарубежная эстетика и теория литературы ХIХ–ХХ вв. Трак­таты, статьи, эссе / Сост., общ. ред. Г.К. Косикова.— М., 1987.

Нефёдов Н.Т. История зарубежной критики и литерату­рове­дения.— М., 1988.

Николаев П.А., Курилов А.С., Гришунин А.Л. История рус­ского ли­тературоведе­ния.— М., 1980.

Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.— М., 2000.

Рагойша В. Метад літаратуразнаўчы // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Да­­па­можнік.— Мн., 2001.

Сент-Бёв Ш. Литературные портреты. Критические очерки.— М., 1970.

Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Школы и направления в литературоведении. Ме­тод в ли­тера­ту­ро­ведении // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературовед­чес­кий сло­варь-справочник для ученика и учителя.— Мозырь, 2003.

Хрестоматия по теории литературы / Составитель Л.Н. Осьмакова.— М., 1982.

Культурна-гістарычная школа

 

Дадзены накірунак у літаратуразнаўстве, які заснаваў вядомы фран­­цуз­­скі філосаф, эстэтык, тэарэтык літаратуры і мастацтва Іпа­літ Тэн (1828–1893), склаў­ся к сярэдзіне ХІХ ст. У аснову ідэй культурна-гіс­та­рыч­най школы быў па­­кладзены філасофскі пазітывізм. Стымулявалі ўзнік­ненне гэтай школы і пос­пехі прыродазнаўчых навук. У яе рамках рас­працоўваліся метады да­сле­да­вання літаратуры з улікам агуль­на­куль­тур­нага развіцця пэўнага рэгіёна, пры­чынна-выніковых узаемасувязей мас­тацкай творчасці з часавымі (гіс­та­рыч­нымі, эпахальнымі), геа­гра­фіч­ны­мі, сацыяльна-эканамічнымі, палі­тыч­ны­мі, псіхалагічнымі і інш. фак­та­­рамі. Некаторыя з прадстаўнікоў куль­тур­на-гістарычнай школы (на­прык­­­­лад, французскі вучоны Ф. Брунэцьер) спра­ба­валі нават, аба­пі­ра­­ю­чы­­ся на пазітывісцкую філасофію часу, праводзіць ана­логію па­між мас­тац­кім творам і біялагічным арганізмам.

Прынцыповая рыса і важная навуковая заваёва культурна-гіс­та­­рыч­най шко­лы — гэта яе гістарызм, свядома ўзведзены ў ранг ме­та­ду. Прад­стаў­нікі куль­турна-гістарычнай школы лічылі асноўнымі прын­­цыпамі да­следавання ма­тэрыяльнай і духоўнай культуры «нейт­­раль­насць», «аб’ек­тывізм» і «бес­пар­тыйнасць», а асноўнай за­да­чай на­ву­кі — не столь­кі тлумачэнне фактаў, коль­кі збіранне і на­за­пашванне іх. Ву­чонымі гэ­тай школы (а найбольш буй­ныя сярод іх у Заходняй Еўропе — гэта фран­цуз Г. Лан­сон, немцы Г. Гетнер і В. Шэ­рэр, датчанін Г. Брандэс) упер­шыню была зроблена спро­ба гістарычна вы­­тлумачыць на аснове прын­цыпаў пазітывізму з’явы грамадскага жыц­ця, лі­таратуры і мас­тац­тва, а таксама сфар­му­ляваць задачы новай ме­тадалогіі вы­ву­чэння літа­ра­ту­ры.

У Ра­­сіі самымі значнымі прадстаўнікамі культурна-гістарычнай шко­­­лы ста­­лі А. Пыпін, М. Ціханраваў, А. Шахаў, П. Коган, А. Кір­піч­ні­каў. З куль­тур­на-гістарычных даследаванняў пачаў таксама працу буй­ней­­шы рус­кі лі­та­ра­туразнаўца ХІХ ст. Аляксандр Весялоўскі (1838–1906), пра дзей­насць яко­га будзе сказана крыху ніжэй, пры раз­гля­дзе па­раў­нальна-гіс­тарычнага ме­та­ду.

Да заслуг культурна-гістарычнай школы адносяцца: па-пер­шае, уклад у рас­працоўку гісторыка-генетычнай метадалогіі; па-дру­гое, спро­ба стварэння гіс­торый нацыянальных літаратур; па-трэ­цяе, падрыхтоўка прын­­цы­паў па­раў­нальна-гістарычнага лі­та­ра­ту­ра­знаў­ства і псіха­ла­гіч­най шко­лы; па-чац­вёр­тае, назапашванне вя­ліз­на­га гісторыка-куль­тур­на­га ма­тэ­рыялу, вопыту тэк­сталагічнага ана­лі­зу твораў і навуковага кры­ні­ца­знаў­ства. Наогул жа (і гэ­та, відаць, са­мае галоўнае), прадстаўнікі куль­тур­на-гістарычнай школы ўслед за міфолагамі ўнеслі метадалогію ў гіс­то­­рыю літаратуры і тым са­мым раз­вілі і пад­мацавалі навуковы характар гэ­­тай галіны лі­та­ра­ту­ра­знаўства.

Самым галоўным недахопам метадалогіі культурна-гістарычнай шко­лы з’яўляўся надзвычай спрошчаны погляд на ролю літаратуры ў жыц­ці асоб­на­га індывіда і грамадства ў цэлым: вучоныя гэтай школы лі­чы­лі прыгожае пісь­менства найперш ілюстратарам да гісторыі і са­цыя­ло­гіі; галоўная ж фун­к­цыя яго, мастацка-эстэтычная, адыходзіла на задні план.

У пачатку ХХ ст. культурна-гістарычная школа распалася, ад­нак яе ме­­та­далагічныя ўстаноўкі працягвалі аказваць (і нават сёння часткова аказ­­ваюць) сур’ёзны ўплыў на мно­гіх буйных вучоных-лі­та­ра­ту­ра­знаў­цаў усяго свету.

Ідэі культурна-гістарычнай школы істотна паўплывалі на лі­та­ра­­тур­на-мас­тацкую крытыку і публіцыстыку Беларусі канца ХІХ — па­­чат­ку ХХ стст. (лі­таратурна-крытычныя матэрыялы на старонках га­зет «Мин­ский листок», «Се­веро-Западный край», «Голос провин­ции», «Мин­ский курьер» і інш.), на кан­цэпцыю нацыянальнай лі­та­ра­туры ў га­зе­тах «На­ша ніва» і «Гоман», на та­га­часную беларускую фальк­­ла­рыс­ты­ку і этна­гра­фію (А. Багдановіч, У. Даб­ра­вольскі, М. Доў­нар-Запольскі). Мно­гае ад культурна-гіста­рычнай школы ўзя­­лі М. Багдановіч і М. Га­рэц­кі. Па­сля­доўнікам культурна-гіста­рыч­най шко­лы з’яўляўся таксама пра­фесар І. За­моцін.

На заканчэнне размовы аб культурна-гістарычнай школе заўважым, што ў процівагу яе метадалогіі ў ня­мец­кім лі­та­ратуразнаўстве рубяжа ХІХ–ХХ стст. склалася духоўна-гістарычная шко­­ла, заснавальнікам якой стаў Вільгельм Дыль­тэй. Прадстаўнікі гэтай шко­­лы (Р. Унгер, Ф. Гун­дальф і інш.) сцвяр­джа­лі, што культурна-духоўныя з’явы (а лі­та­ра­тура — у шэрагу іх) маюць сваю спе­­цыфіку і аўтаномнасць. І да­­дзе­ную спецыфіку нельга вызначыць, пры­мя­ня­­ючы прыродазнаўчыя ме­та­ды даследавання. Спасцігнуць сутнасць ду­хоў­на­­га, у тым ліку і паэ­тыч­на­га, маг­­чыма, лічылі прадстаўнікі духоўна-гіс­та­рыч­­най школы, аба­пі­ра­ю­чыся не на «лабараторныя» дадзеныя, не на ме­та­да­ло­­гію пры­ро­да­знаў­чых навук, а на інтуіцыю.

Літаратура

Академические школы в русском литературоведении.— М., 1975.

Зарубежная эстетика и теория литературы ХIХ–ХХ вв. Трак­таты, статьи, эссе / Сост., общ. ред. Г.К. Косикова.— М., 1987.

Конан У.М. Культурна-гістарычная школа // Энцыклапе­дыя літаратуры і мастац­тва Бе­­ла­русі: У 5 т.— Мн., 1986.— Т. 3.

Конан У. Іван Замоцін: на сумежжы двух культур // Замоцін І.Творы.— Мн., 1991.

Косиков Г.К. Культурно-историческая школа // Литератур­ный энциклопедический сло­­варь / Под общ. ред. В.М. Ко­жевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Крупчанов Л.М. Культурно-историческая школа в русском ли­терату­роведении.— М., 1983.

Нефёдов Н.Т. История зарубежной критики и литерату­рове­дения.— М., 1988.

Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.— М., 2000.

Потявин В. Культурно-историческая школа // Словарь литературоведческих тер­ми­нов / Редак­торы-состави­тели Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.— М., 1974.

Рагойша В. Метад літаратуразнаўчы // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Да­­па­можнік.— Мн., 2001.

Русская наука о литературе конца ХІХ – начала ХХ века.— М., 1982.

Старостин Б.А. Духовно-историческая школа // Литера­турный энциклопедиче­ский сло­­варь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Школы и направления в литературоведении. Ме­тод в лите­ратуроведении // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературовед­чес­кий сло­варь-справоч­ник для ученика и учителя.— Мозырь, 2003.

Хрестоматия по теории литературы / Составитель Л.Н. Осьмакова.— М., 1982.

2.5. Параўнальна-гістарычны метад

 

Параўнальна-гістарычны метад — гэта навукова-мета­да­ла­гіч­ная кан­­цэп­цыя, з дапамогай якой шляхам параўнання выяўляецца агуль­­нае і асаб­лівае ў лі­таратурных з’явах, дасягаецца пазнанне не­ад­нолькавых гіс­та­­рычных эта­паў развіцця адной і той жа з’явы ці двух роз­ных су­іс­ну­ю­чых з’яў. Побач з тэр­мінам-словазлучэннем «па­раў­нальна-гіс­та­рыч­ны ме­тад» часта пры­мя­ня­ец­ца тэрмін «кам­па­­ратывізм» (ад лац. com­pa­ra­ti­vus —параўнальны), які можа вы­­ка­рыс­тоўвацца і як сіна­ні­міч­ны (у пе­ра­важ­най большасці выпадкаў), і як указ­ваючы «на па­чат­ко­вы этап у раз­віц­ці параўнальнага лі­та­ра­ту­разнаўства, ка­лі пераважала эмпі­рычнае су­пас­таўленне асобных лі­­таратурных фактаў па-за на­цыя­нальна-гіс­та­рыч­ным кантэкстам, сіс­тэмай светапогляду і стылю пісь­­менніка» [3].

Параўнальна-гістарычная метадалогія — адна з раз­на­від­на­сцей на­ву­­ко­вай тыпалогіі, прычым у самых што ні на ёсць яе вы­со­кіх і плённых фор­мах.

Параўнальна-гістарычны метад у літаратуразнаўстве і кры­ты­цы ўзні­­кае і па­чынае даволі хуткімі тэмпамі развівацца ў другой па­ло­ве XIX ст., амаль ад­на­часова з культурна-гістарычнай школай. Першай сур’ёз­най спробай вы­ка­рыс­тання параўнальна-гіс­та­рыч­нага метаду з’яў­ля­­ецца праца шатландскага дас­ледчыка Джо­на Дэн­лопа «Гісто­рыя мас­тац­кай прозы», у якой вучоны на ас­­нове шэ­ра­гу супастаўленняў ана­лі­зуе фальк­лорную аповесць аб сямі муд­ра­­цах. У сярэдзіне XIX ст. у шмат­том­най працы француза Фі­ла­рэ­та Ша­ля «Да­­с­ледаванні па па­раў­наль­на­му літаратуразнаўству» (1847–1864) упер­шы­­ню з’яўляецца сам тэрмін «па­раў­наль­нае лі­та­­ра­­ту­­ра­знаў­ства». Сапраўдным жа маніфестам па­раў­наль­на-гістарычнага літара­ту­­ра­знаў­ства стала прадмова Тэа­дора Бянфея (1809–1881) да ня­мец­ка­га пе­ра­кладу знакамітага зборніка ін­дый­скіх баек і прыт­чаў «Пан­ча­тантра» (1859), у якой вучоны пра­па­на­ваў тэо­рыю за­па­зычання і міг­ра­цыі ма­ты­ваў і сюжэтаў сярод народаў на аснове гіс­та­рычна да­ка­за­ных куль­турных зносін. Згодна з Бянфеем, у вы­ні­ку шмат­­лікіх кантактаў прад­­стаўнікоў усходніх народаў з еў­ра­пей­ца­мі праз вуз­лавыя пункты Ві­зан­­тыі, Італіі і Іспаніі адбывалася пе­ра­­мя­шчэн­не сю­жэ­таў індыйскіх ка­зак і апа­вя­данняў з літаратуры ў на­род, з на­род­на­га ася­роддзя ў транс­фар­маваным вы­глядзе зноў у лі­таратуру. Тэорыя ня­мец­кага ву­чонага атрыма­ла наз­ву «ўсходняй» альбо «ін­дый­скай», бо ў ёй вель­мі вя­лікае значэнне на­­да­валася індыйскай літаратуры.

Канчаткова прынцыпы параўнальна-гістарычнага літаратура­знаў­­ства афор­міліся ў працы англійскага філолага Хатчысана Поз­не­та «Па­раў­­нальнае лі­таратуразнаўства» (1886). Гэтая кніга ат­ры­ма­ла самы шы­ро­­­кі розгалас у роз­ных краінах і садзейнічала інтэн­сіў­на­му развіццю па­раў­нальна-гіс­та­рыч­на­га метаду ў літаратурнай на­ву­цы.

Немалыя заслугі ў развіцці і прапагандзе параўнальна-гіста­рыч­­на­га ме­­та­ду належаць рускім вучоным. Першымі папулярызатарамі ідэй кам­па­ра­ты­віс­тыкі ў Расіі вы­сту­­пі­лі В. Стасаў і Ф. Буслаеў. Іх эстафету пад­ха­піў А. Ве­ся­­лоўскі, які стаў ад­ным з самых вядомых і прызнаных у све­це вучоных, што ары­­ен­та­ва­лі­ся на прынцыпы параўнальна-гіста­рыч­на­га ме­таду. Пры­­­чым Ве­ся­­лоў­скі не быў, так бы мовіць, «сто­пра­цэн­т­ным» (ці «чыс­­­тым») кампа­ра­ты­віс­­там. Аддаючы параўнальна-гіс­та­рыч­най ме­­та­да­логіі перавагу, ён у сваёй на­­вуковай дзейнасці сінтэзаваў эле­мен­­ты роз­ных тагачасных вучэнняў: куль­тур­на-гістарычнай, мі­фа­ла­гіч­най, псі­ха­лагічнай, біяграфічнай школ. За­сво­іў­шы асноўныя па­лажэнні куль­тур­на-гістарычнай школы, Ве­ся­лоў­скі не па­дзя­ляў за­хапленні Тэна ме­тадамі пры­родазнаўчых навук. Успры­маючы най­больш рацыя­наль­ныя па­ла­жэн­ні тэорый Я. Грыма і Т. Бян­фея, рус­кі вучоны не зрабіў са­ма­мэтай вы­вучэнне «уплываў, па­ве­ваў і скры­жоўванняў», а выка­рыс­таў іх як сро­дак спасціжэння «свайго» і «чу­­жога» ў паэтычнай творчасці на­ро­даў. Са­мая вядомая праца Ве­ся­­лоў­скага — «Гістарычная паэтыка» (1870–1906), якая ў прынцыпе з’яў­ля­ецца своеасаблівым пада­гуль­нен­нем зроб­ленага ву­чоным на пра­­ця­гу дзесяцігоддзяў, падвядзеннем вы­ні­каў усёй яго лі­та­ра­­ту­ра­знаў­чай дзей­насці.

Папулярызатарам ідэй кампаратывістыкі ў Расіі стаў таксама ма­­лод­шы брат славутага вучонага Аляксей Весялоўскі (1843–1918). Най­­больш знач­ная пра­ца Весялоўскага-малодшага — манаграфія «Заходні ўплыў у но­вай рус­кай лі­та­ра­ту­ры» (1883), якая вытрымала ў свой час аж пяць вы­дан­­няў.

Ся­род іншых рускіх вучоных ХІХ ст., якія займаліся рас­пра­цоў­кай па­­раў­­нальна-гістарычнай метадалогіі, неабходна назваць А. Кат­­ля­рэў­ска­­га, А. Кір­пічнікава, Н. Дашкевіча, Н. Старажэнку.

У сваім развіцці параўнальна-гістарычны метад прайшоў шэ­раг эта­паў. Ка­лі кампаратывісты ХІХ ст. займаліся, як правіла, да­сле­­да­ван­нем ста­ражыт­ных і сярэдневяковых літаратур, то іх калегі ў ХХ ст. па­ча­лі звяр­тацца так­са­ма і да вывучэння твораў сучаснага ім прыгожага пісь­мен­­ства. На сённяшні дзень кампаратывістыка з’яў­ляецца адной з са­мых уплы­вовых літара­тура­знаў­чых школ у све­­це. Дзякуючы на­ма­ган­ням та­кіх вядомых вучоных, як Ф. Баль­­дан­спаржэ, П. Азар, П. ван Цігем і не­кат. інш., з 1921 г. у Францыі па­чаў выходзіць спецыяльны кам­па­ра­ты­віс­цкі часопіс «Revue de lit­te­rature com­pa­ree», а пры ім — серыя спе­цы­яль­­ных манаграфій. Пас­ля 2-й сусветнай вай­ны навуковыя цэнтры па­раў­нальна-гіс­та­рыч­на­га літаратуразнаўства з’явіліся так­сама ў ЗША, ФРГ, Канадзе, Аўст­ра­ліі і іншых краінах. Аднак самай буй­ной і агуль­на­пры­­знанай у све­це з’яўляецца ўсё-такі французская кам­па­ра­ты­вісц­кая шко­­ла. Як адно з пацверджанняў гэтаму — выданне ў 1996 г. у пера­кла­дзе на бе­­ларускую мову кнігі французскіх вучоных П. Брунэля, К. Пішуа і А.М. Русо «Што такое параўнальнае літаратуразнаўства?». У 1955 г. за­­сна­ва­на Міжнародная асацыяцыя параўнальнага літа­рату­ра­знаўства (AILC) з цэн­т­рам у Парыжы (друкаваны орган — ча­со­піс «Neoheli­con», Бу­­дапешт). Пад эгідай AILC збіраюцца між­на­род­ныя кампаратывісцкія канг­­рэсы, пасля па­ся­джэнняў якіх выдаюцца спе­цыяльныя зборнікі-спра­­ваздачы (працы «In­ter­national compara­ti­ve Literature assotiation. Pro­ce­edings of the Congress»).

Савецкае літаратуразнаўства, гістарычныя традыцыі якога ў га­ліне па­­раў­нальнага вывучэння прыгожага пісьменства былі даволі моц­нымі, так ці інакш выкарыстоўвала дадзеную метадалогію, ад­нак на працягу не­­калькіх дзе­сяцігоддзяў амаль што не прызнавала (вя­дома, з-за ідэа­ла­гіч­­ных прычын) за­межную кампаратывістыку. І толь­­кі з сярэдзіны 1960-х гг. у гэ­тых ад­но­сі­нах наступіла пэўнае «па­цяпленне»: такія буйныя савецкія ву­чо­ныя, як М. Кон­рад, В. Жыр­мунскі, І. Неўпакоева, М. Аляксееў, І. Ані­сі­маў, Р. Са­ма­рын і інш., пачалі ўдзельнічаць у міжнародных на­ра­дах і канг­рэсах кам­па­ра­ты­вістаў, друкаваць на радзіме своеасаблівыя на­рысы-спра­­ваз­да­чы аб іх ра­бо­це, прапагандаваць лепшае з арсенала за­меж­най кам­­па­ратывістыкі. Самай знач­най працай савецкіх вучоных на асно­ве плён­­нага выкарыстання да­сяг­нен­няў як айчыннага, так і замеж­на­га па­раў­нальна-гістарычнага літара­ту­ра­знаў­ства стала васьмітомная «Гіс­­­то­рыя сусветнай літаратуры» (1981–1994), у якой прасочана раз­­віццё су­свет­­нага прыгожага пісьменства ад самых ранніх яго вы­то­каў і да па­чат­ку ХХ ст.

У беларускім літаратуразнаўстве параўнальна-гістарычны ме­тад бя­рэ свой пачатак у працах М. Багдановіча. У 20–30-я гг. дадзеную ме­та­да­ло­гію пры­­мянялі І. Замоцін, М. Ларчанка, Ю. Пшыркоў. У пасляваенны час, і асаб­лі­­ва з канца 1950-х гг., да па­раў­наль­на-гіс­тарычнага вывучэння лі­таратуры па­­чынаюць звяртацца прак­тыч­на ўсе буйныя беларускія ву­чо­ныя. У выніку плён­нага выкарыстання на­ву­­ковай тыпалогіі нашыя лі­та­ратуразнаўцы больш аб’ек­­тыўна ра­забраліся ў асаблівасцях развіцця ай­чын­нага мас­тац­тва слова, удак­ладнілі яго перыядызацыю, па­ка­залі асаб­лівасці вы­яў­лення ў беларускай лі­таратуры еў­рапейскіх і су­светных мас­тацкіх ме­тадаў, стыляў, накірункаў і плы­ней, рас­­крылі ўзаемасувязі на­­цыя­нальнага прыгожага пісьменства з адпа­вед­­нымі з’ява­мі ў куль­ту­ры ін­шых народаў.

 

Літаратура

Адамовіч Г.Я. Параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства // Энцык­лапедыя літа­ра­ту­ры і мас­тац­тва Бе­ларусі: У 5 т.— Мн., 1987.— Т. 4.

Андреев А.Н. Методология литературоведения.— Мн., 2000.

Брунэль П., Пішуа К., Русо А.М. Што такое параўнальнае літаратуразнаўства? / Пер. з франц.— Мн., 1996.

Веселовский А.Н. Историческая поэтика.— М., 1989.

Взаимодействие и взаимовлияние национальных лите­ратур.— М., 1961.

Взаимосвязи и взаимодействия национальных литератур: Мате­риалы дискус­сии.— М., 1961.

Горский И.К. Александр Веселовский и современ­ность.— М., 1975.

Дима А. Принципы сравнительного литературоведения.— М., 1977.

Дюришин Д. Теория сравнительного изучения литературы / Пер. со славац.— М., 1979.

Жирмунский В.М. Сравнительное литературоведение: Восток и За­пад.— Л., 1979.

Жирмунский В.М. Сравнительно-историческое литера­туроведение // Литератур­ный эн­ци­­к­­­­ло­педический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Кабржыцкая Т.В., Рагойша В.П. Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літара­турныя ўзае­­­­ма­сувязі пачатку ХХ стагоддзя.— Мн., 1976.

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць.— Мн., 1975.

Калачева С. Компаративизм // Словарь литературовед­ческих терминов / Редак­торы-составители Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.— М., 1974.

Компаративизм // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Ко­жев­­никова, П.А. Нико­лаева.— М., 1987.

Конрад Н.И. Запад и Восток: Статьи.— М., 1972.

Кравцов Н.И. Проблемы сравнительного изучения сла­вянских лите­ратур.— М., 1973.

Мельнікава А.М. Параўнальна-тыпалагічнае вывучэнне літаратуры: ад школы да вну // Со­вре­мен­ное образование: преемственность и непрерывность образовательной системы «школа – вуз»: Материалы международной научно-методической конференции (25—26 ноября 2004 г.): В 2 ч.— Гомель: УО «ГГУ им. Ф. Скорины», 2004.— Ч. 2.

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20–30-я гг.— Мн., 1975.

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 40-я – першая палова 60-х га­доў.— Мн., 1985.

Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей: У 4 кн.— Мн., 1993–1995.— Кн. 1–4.

Неупокоева И.Г. Проблемы взаимодействия совре­менных литера­тур.— М., 1963.

Неупокоева И.Г. История всемирной литературы. Про­блемы сис­темного и срав­ни­тель­­­ного анализа.— М., 1976.

Нефёдов Н.Т. История зарубежной критики и литерату­рове­дения.— М., 1988.

Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.— М., 2000.

Рагойша В. Кантакты.— Мн., 1982.

Рагойша В. Метад літаратуразнаўчы // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Да­­па­можнік.— Мн., 2001.

Русская наука о литературе конца ХІХ – начала ХХ века.— М., 1982.

Садружнасць літаратур.— Мн., 1968.

Сравнительное изучение славянских литератур.— М., 1973.

Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Школы и направления в литературоведении. Ме­тод в ли­тературоведении // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературовед­чес­кий сло­варь-справочник для ученика и учителя.— Мозырь, 2003.

Типология и взаимосвязи средневековых литератур Востока и За­пада.— М., 1974.

Уэллек Р., Уоррен О. Теория литературы / Пер. с англ.— М., 1978.

Хрестоматия по теории литературы / Составитель Л.Н. Осьмакова.— М., 1982.

Шамякіна Т.І. Параўнальна-гістарычны метад // Энцык­лапедыя літаратуры і мас­тац­тва Бе­ларусі: У 5 т.— Мн., 1987.— Т. 4.

Псіхалагічная школа

 

Псіхалагічная школа ў літаратуразнаўстве склалася ў апошняй трэ­­­ці ХІХ ст., адлюстраваўшы агульны паварот сацыялогіі, фі­ла­со­фіі і эстэ­ты­кі да псі­халагізму. У ёй атрымалі далейшае развіццё не­ка­торыя ідэі куль­тур­на-гіс­та­рычнай і біяграфічнай школ. Пра­іс­на­ва­ла псіхалагіч­ная шко­ла да 20-х гг. ХХ ст., сас­тупіўшы месца псіха­ана­літычнаму і інтуі­тывісц­ка­му накірункам у лі­та­ратурнай навуцы і кры­тыцы. Псіхалагічная школа бы­ла генетычна звя­за­на з культурна-гіс­та­­рыч­­най. Пэўная абмежаванасць куль­турна-гістарычнай шко­лы пры­­­му­сі­ла вучоных шукаць новыя шляхі ў лі­таратуразнаўстве. Імк­нен­­не ўліч­ваць пры літаратуразнаўчым аналізе не толькі ўплыў «ася­­роддзя» і ін­­шых знешніх фактараў, але і творчую інды­відуальнасць мастака, асаб­лі­ва­сці яго псі­хіч­на­га складу, знаходзіла рэ­аль­ную падтрымку ў сувязі са знач­ны­мі по­с­пехамі фізіялогіі і псі­ха­ло­гіі ў другой палове ХІХ ст.

Асноўным прадметам вывучэння ў прадстаўнікоў псі­ха­ла­гіч­най шко­­лы з’яўляўся ўнутраны бок мастацкай твор­часці — матывы ду­шы аў­та­ра, што спры­яюць нараджэнню новага твора, а таксама пра­цэсы, што адбываюцца ў свя­домасці чытача ў час знаёмства з тво­рам.

Псіхалагічная школа працягвала ідэі культурна-гістарычнай шко­­лы ў пла­­не сувязей літаратуры з матэрыяльным і духоўным раз­віц­цём гра­мад­ства. Прад­стаўнікі псіхалагічнай школы на пер­шае мес­ца ў мас­тац­кай творчасці ста­вілі індывідуальны аўтарскі па­ча­так. Мастацкі твор яны трак­­тавалі з пэў­ным суб’ектывісцкім ухілам, а ме­навіта як адлюстра­ван­не пераважна ўнут­ра­на­га свету пісь­мен­ні­ка, яго інды­відуальных псіха­ла­гіч­ных уласцівасцей, уза­ем­най пра­цы ро­зуму і сэр­ца. Творчы працэс, па­вод­ле канцэпцыі псі­ха­ла­гіч­най шко­лы,— акт са­мавыяўлення мастака, вы­звалення яго ад мараль­на­га ця­жа­ру, ад не­пат­рэбных думак і пачуццяў; сак­рэты творчасці сха­ва­ны ў та­ям­ні­цах аўтарскага «я», ва ўсім скла­да­ным інтэлектуальна-ду­шэўным комплексе твор­­цы. Грамадская абу­моў­ле­насць мас­тац­кай творчасці была для прад­стаў­ні­коў псіхалагічнай шко­лы дру­га­рад­ным фактарам. Яны лічылі, што жыццё ўплы­вае на мастака ў за­­леж­насці ад канкрэтных носьбітаў гэ­тага ўплыву.

Родапачынальнікамі псіхалагічнай школы звычайна на­зы­ваюць В. Вун­д­­­та і А. Патэбню — сучаснікаў, якія ў розных краінах са­мастойна і амаль што ад­начасова распрацавалі важнейшыя кан­цэп­цыі гэтай ме­та­да­логіі.

Нямецкі філосаф, псіхолаг і фалькларыст Вільгельм Вундт (1832–1920) са­браў велізарны матэ­ры­ял па гісторыі мовы, мі­фаў і звычаяў, якія аба­­гуль­ніў у деся­ці­том­най «Псіхалогіі народаў» (1900–1920). Вундт і яго вуч­ні, адна­дум­цы, паслядоўнікі (В. Вец, Й. Фоль­кельт, Э. Эльстэр, С. Жы­­рардэн, Э. Бер­т­рам і інш.) схіляліся ў асноўным да псі­хафі­зія­ла­гіч­на­га вытлумачэння з’яў лі­таратуры і мас­тацтва. Яны таксама пе­ра­больш­ва­лі ролю біяграфічных фак­та­раў у эстэ­тычнай дзейнасці ча­ла­века. Ра­зам з тым дадзенымі вучонымі грун­­­тоўна, на ўзроўні на­ву­кова-па­зі­тыў­на­га пазнання вывучалася псі­халогія твор­часці, у выніку чаго яны прый­шлі да даволі слушнай высновы аб пэўным уплы­ве на творчы працэс ін­ту­іцыі і падсвядомасці. Як вядома, крыху пазней гэ­та ўзвёў у абсалют З. Фрэйд.

Даволі моцна выявілася псіхалагічная школа і ў рускім літара­ту­­ра­знаў­­стве. Тут яе прадстаўлялі А. Патэбня і яго вучні Дз. Аў­ся­ніка-Ку­лі­коў­скі, А. Па­поў, А. Горнфельд, В. Харцыеў, Б. Лезін, А. Ве­­тухоў, Т. Рай­­­наў, М. Гры­гор’еў і інш. Амаль усе яны гру­па­ва­лі­ся вакол не­пе­ры­я­­дычнага хар­каў­скага часопіса «Во­просы теории и пси­хологии твор­чест­ва», які вы­хо­дзіў з 1899 па 1923 гг.

Аляксандр Патэбня (1835–1891), родапачынальнік рускай псі­ха­­ла­гіч­­най шко­лы, не зай­маў­ся канкрэтным псіхалагічным да­сле­да­ван­нем у да­чыненні да літа­ра­ту­ры і мас­тацтва, а выпрацоўваў яго ме­тадалогію. За­слу­га А. Па­тэб­ні ў тым, што вучоны звярнуў увагу на праблему ўспры­ман­ня і тлу­мачэння мас­­тацкага твора, даўшы ёй сваю ўласную трак­тоўку.

Асабліва цікавымі для сучаснай літаратурнай навукі з’яў­ля­юц­ца дум­­кі і вы­сновы аднаго з самых буйных прадстаўнікоў рускай псі­хала­гіч­­най школы ака­дэміка Дзмітрыя Аўсяніка-Кулі­коў­скага (1853–1920). Як і А. Патэбня, Дз. Аўсяніка-Кулікоўскі быў пра­фе­са­рам Харкаўскага уні­версітэта, літара­ту­ра­знаўцам і лінгвістам. Асаб­лі­васць метадалогіі Дз. Аўсяніка-Кулікоўскага ў тым, што вучоны спа­­лучаў псіхалагічны ме­тад з сацыялагічным. Ён вы­дзя­ляў два ты­пы твор­часці: назіральны, які пра­дугледжвае рознабаковае, даволі да­к­лад­нае і праўдападобнае мас­тац­кае адлюстраванне, і экспе­ры­мен­тальны, ад­­­люст­раванне ў якім ад­на­стай­нае і больш умоўнае. Ак­ра­мя таго, твор­часць, па­водле Дз. Аўсяніка-Ку­лікоўскаага, можа быць «аб’ек­тыўнай» (яна ства­рае ха­рактары, да­лё­кія ад асобы аў­та­ра) і «суб’ектыўнай» (ха­рактары, створаныя ёю, унут­ра­на вельмі бліз­кія ці нават тоесныя аў­та­ру). Дз. Аўсяніка-Кулікоўскі рас­чля­няў лі­таратуру на вобразную, да якой адносіў эпас і драму, і ўласна лі­­рыч­­ную. Заўважым таксама, што лі­рыку ён



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 661; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.144.37.178 (0.021 с.)