Знакі прыпынку пры зваротках 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Знакі прыпынку пры зваротках



Зваротак — гэта слова або спалучэнне слоў, што служаць для абазначэння асоб ці прадметаў, якім адрасуецца паведамленне.

Коска пры зваротку:

1. Коскамі выдзяляюцца звароткі ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа разам са словамі, якія адносяцца да іх: Сонца, умыйся расою на світальнай зары (А. Бялевіч). Відаць, па сур’ёзных справах да нас, Надзя? (М. Лынькоў).

2. Калі зваротак раздзяляецца на часткі іншымі словамі, то кожная з іх выдзяляецца коскамі: Ой ты, мая рыбка, спі, залатая!

3. Калі паміж звароткамі - паўторамі ёсць займеннік ты або вы, то ён адносіцца да першага зваротка і коска ставіцца пасля займенніка: Лета ты, лета прыгожа - квяцістае, колькі ты ўносіш аздобы з сабой! (Я. Купала) [9, с. 103–104].

Гласарый

Параўнальнымі зваротамі называюцца словы і словазлучэнні, якія шляхам параўнання раскрываюць і ўдакладняюць змест усяго выказвання або пэўнага члена сказа.

Зваротак — гэта слова або спалучэнне слоў, што служаць для абазначэння асоб ці прадметаў, якім адрасуецца паведамленне.

 

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Якую сінтаксічную канструкцыю называюць параўнальным зваротам?

2. Што называецца звароткам? Якая яго роля ў сказе?

3. Адзначце выпадкі пастаноўкі коскі пры параўнальных зваротах.

4. Якімі знакамі прыпынку выдзяляюцца (аддзяляюцца) звароткі?

 

 

Тэма 5

Пунктуацыя пры пабочных і ўстаўных словах, словазлучэннях і сказах

1.1 Знакі прыпынку пры пабочных
сінтаксічных канструкцыях

Пабочнымі канструкцыямі называюцца словы, словазлучэнні і сказы, якія выражаюць розныя адценні адносінаў моўцы да зместу выказвання, да рэчаіснасці.

Коска пры пабочных канструкцыях:

1. Коскамі выдзяляюцца пабочныя словы і канструкцыі, якія стаяць у сярэдзіне або ў пачатку сказа: безумоўна, бясспрэчна, вядома, канечне, зразумела, напэўна, сапраўды, праўда, пэўна, відавочна, відаць, здаецца, здавалася, мабыць, магчыма, можа, мусіць, няйначай, бадай, знаць, нябось, часам, бывае, бывала, як вядома, як відаць, па ўсім відаць, можа быць, чаго добрага, таго і глядзі, само сабой разумеецца і інш.: І я, безумоўна, шчаслівы і рад, што добра зародзіць густая пшаніца (П. Глебка). Лабановіч, відавочна, быў задаволены, што не трэба доўга шукаць фурманкі (Я. Колас).

2. Не выдзяляюцца коскамі тыя словы, якія ўжываюцца ў ролі мадальнай часціцы або са значэннем прыслоўя і выражаюць сцвярджэнне, узмацненне: можа, няйначай, пэўна, напэўна, канечне, сапраўды, часам, бывае, бывала, бадай, бадай што, мо (усечаная форма слова можа) і інш., а таксама словы відаць, здавацца, якія ў сказе выступаюць выказнікам: Цяпер зіма напэўна ляжа (Я. Колас). Часамі Лабановічу здавалася, што вынікі дасягнуты нязначныя (Я. Колас).

3. Выдзяляюцца коскамі спалучэнні слоў і сказы, якія маюць значэнне эмацыянальнай ацэнкі фактаў рэчаіснасці, а таксама перадаюць пачуццёвую рэакцыю на тыя факты, пра якія гаворыцца ў сказе: на жаль, на вялікі жаль, на шчасце, як на тое шчасце, на маё здзіўленне, як на тое ліха, як на грэх, як на тую бяду, хвароба на іх і інш.: Як на грэх, лоў быў шчаслівы (Я. Колас). Хата была, на шчасце, ужо абжытая (П. Пестрак).

4. Коскамі выдзяляюцца словы, спалучэнні слоў і сказы, якія паказваюць на крыніцу паведамлення, на прыналежнасць выказанай думкі: па-мойму, па-твойму, па-ягонаму, па-вашаму, па-іхняму, маўляў, думаю, на мой погляд, з пункту гледжання (каго-небудзь), на думку (каго-небудзь), як вядома, як кажуць, як людзі кажуць, як той казаў і інш.: Гэта, па-мойму, і ёсць сапраўдная сувязь з жыццём (К. Чорны). Яшчэ, як той казаў, не ўсё скончана (Я. Брыль).

5. Коскамі выдзяляюцца словы, спалучэнні слоў і сказы, якія перадаюць адносіны да спосабу выражэння думкі, матывацыю спосабу выказвання ці выбару стылістычных сродкаў мовы: адным словам, словам, што называецца, скажам, як гаворыцца, як гэта гаворыцца, інакш кажучы, карацей кажучы, уласна кажучы, прасцей кажучы, шчыра кажучы, не пры вас кажучы, праўдзівей сказаць, папраўдзе сказаць, так сказаць, з дазволу сказаць, я сказаў бы і інш.: Шчыра кажучы, я толькі лічуся брыгадзірам (А. Асіпенка). Скажам, аб вадзе гамонкі не было спрадвек, бо хапала нам заўсёды і азёр, і рэк (А. Астрэйка).

6. Коскамі выдзяляюцца словы, спалучэнні слоў і сказы, што выражаюць адносіны гаворачай асобы да слухача: бачыш (бач), прызнацца, кажаш, кажаце, ведаеш, ведаеце, разумееш, разумееце, паверце, выбачайце, даруйце, даруйце мне, калі ласка, калі хочаце ведаць, ці дасце веры, зрабіце ласку і інш.: Напішы мне, калі ласка, пісямко дахаты! (Я. Колас). Але ж язык у цябе, даруй мне, як тая мянташка (М. Лынькоў).

7. Коскамі выдзяляюцца словы і спалучэнні слоў, якія служаць сродкамі сувязі асобных частак выказвання і ўказваюць на паслядоўнасць, абмежаванне, удакладненне, супастаўленне або аб’яднанне частак тэксту, на выражэнне выніку, заключэння і пад.: па-першае, па-другое, па-трэцяе і інш., першае, другое, трэцяе і інш., нарэшце, значыць, дарэчы, наогул, аднак, прынамсі, наадварот, з аднаго боку, з другога боку, у сваю чаргу, разам з тым, у прыватнасці, між іншым, між тым, да таго ж, такім чынам, галоўным чынам, па крайняй меры і інш.: Спазніліся, аднак, на вялікае спатканне, трэба было раней (В. Быкаў). Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён (Я. Брыль).

8. Калі слова нарэшце не выконвае функцыі пабочнага слова і выражае часавае значэнне, то яно коскамі не выдзяляецца: Тым часам поезд з кожнай хвілінай набліжаўся да вакзала і нарэшце спыніўся (Я. Колас).

Калі слова аднак у пачатку сказа ці другой часткі складаназлучанага сказа і пры аднародных членах ужываецца як супраціўны злучнік, яно коскай не аддзяляецца: Трэба было паспаць. Аднак чамусьці не спалася.

9. Спалучэнні слоў між тым, тым не менш, да таго ж, якія ўжываюцца ў пачатку сказа або другой часткі складанага сказа, выконваюць функцыю злучніка і коскай не аддзяляюцца: Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў (Я. Колас). На дварэ ноч. Між тым спаць не хочацца (І. Мележ).

10. Коскамі выдзяляюцца словы і спалучэнні слоў, якія не маюць уласна сінтаксічнага значэння і ўводзяцца ў сказ без якой-небудзь матывацыі: гэта, гэта самае, ну, вот, само сабой, знацца, значыцца, стала быць, так сказаць, брат ты мой, тудэма-сюдэма, каліна-маліна і інш.: Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! (Я. Купала). Проста, ну, сімпатызуюць адзін другому маладыя, хіба ж ім і не пагаварыць, хіба ж ім і не пасмяяцца (М. Лынькоў).

11. Коскамі выдзяляюцца пабочныя словы і спалучэнні слоў, якія ўваходзяць у склад іншых пабочных ці ўстаўных сказаў, адасобленых зваротаў, удакладняльных ці іншых выдзеленых знакамі прыпынку частак сказа: Немцы, як ты, мабыць, ведаеш, аднавілі завод у Гудове (Б. Сачанка). Не будку мае Жук —— палацы (хоць не свае, вядома, працы) (К. Крапіва). Мы зайшлі ў крайнюю хату, пабудаваную, напэўна, пасля вайны.

12. Калі пабочнае слова стаіць перад адасобленым зваротам, пабочным сказам або ўдакладняльнай канструкцыяй, то яно ўваходзіць у іх склад і коскай не аддзяляецца: Аднекуль, мабыць з печы, да іх кінулася жанчына (В. Быкаў).

13. Паміж пабочнымі словамі, спалучэннямі слоў і сказамі, якія ідуць адно за адным, ставіцца коска: Само сабой, канечне, паставілі мы і хату (Б. Сачанка).

14. Пабочныя словы, спалучэнні слоў і сказы аддзяляюцца коскамі ад папярэдніх злучнікаў, якія звязваюць члены сказа або часткі складанага сказа: Маёр спыніўся каля дзвярэй, заплюшчыў вочы і, здалося мне, пахіснуўся (І. Шамякін).

15. Злучнік а, калі ён складае адно цэлае з наступным пабочным кампанентам сказа, не аддзяляецца ад апошняга коскай: а можа, а магчыма, а значыцца, а між іншым, а па-другое:

— І штаб па кіраўніцтву партызанскім рухам будзе? — пытаў Багавік.

— Будзе. А можа, ён ужо і ёсць (В. Быкаў).

16. Не аддзяляецца коскай ад пабочных кампанентаў узмацняльная часціца і: І сапраўды, гэта не кепская думка! (Я. Колас).

17. Коска не ставіцца паміж пабочнымі словамі і часціцамі, якія да іх адносяцца і стаяць пасля іх: Можа б ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? (Я. Колас). Ну, напэўна ж ёсць прычына, калі кпіць з цябе яна? (Я. Колас).

18. Коскамі выдзяляюцца ўстаўныя словы, спалучэнні слоў і сказы, якія выконваюць удакладняльную функцыю (тлумачэнні, заўвагі, дадатковыя звесткі і інш.): Віхрасты хлапчук, яму было год шэсць, штосьці мармытаў праз сон і смяяўся (К. Чорны) [9, с. 97–103].

 

 

1.2 Знакі прыпынку пры ўстаўных канструкцыях

Устаўнымі канструкцыямі называюцца словы, словазлучэнні ці сказы, якія ўдакладняюць, дапаўняюць, пашыраюць, раскрываюць, тлумачаць сэнс усяго сказа ці яго асобных членаў; паказваюць на абставіны, якія абумоўліваюць або суправаджаюць асноўнае паведамленне; служаць мімаходнай заўвагай ці своеасаблівай рэмаркай да асноўнага паведамлення.

Традыцыйна лiчыцца, што такiя канструкцыi не ўключаюцца ў структуру сказа i фармальна-граматычна не звязваюцца з iм, а прымацоўваюцца пры дапамозе сэнсавай (суадноснай) сувязi i вылучаюцца са сказа iнтанацыйна: вымаўляюцца панiжаным тонам i паскораным тэмпам з выразнымi паўзамi на ix мяжы, што абазначаецца дужкамi або працяжнiкамi пры ix афармленнi на пiсьме.

Паводле структуры ўстаўныя канструкцыі падзяляюцца на:

а) устаўныя словы: Яблык aпicaў над Кастуськом дугу (пера­лёт!) i мякка ўпаў на пясок (Ф. Янкоўскi); Дэкаратыўныя посцiлкi ўпрыгожвалi ў хаце i скрыні (куфры) (Н. Камсюк);

б) устаўныя спалучэннi слоў: Памiж хаткай i абрывам, на вялiкай раз­легласцi ўсяго (кiламетраў паўтара), варушылiся чалавечыя постацi (К. Чорны);

в) устаўныя сказы: Прыснiлася, што сею жыта (Чамусьцi часта сны такiя сняцца) (М. Танк).

Устаўныя сказы выдзяляюцца:

коскамі, калі маюць неразвітую або маларазвітую будову, лагічна не выдзяляюцца, слаба звязаны з асноўным зместам сказа і суправаджаюцца непрацяглымі паўзамі на стыку з яго членамі: Першы раз, было й нязвычна, я пайшла гуляць у сад (А. Александровіч.). Вучні мясцовай школы, а іх тут было каля трыццаці чалавек, дапамагалі калгаснікам выбіраць булъбу («Чырвоная змена»);

працяжнікамі, калі маюць маларазвітую або развітую будову, лагічна выдзяляюцца, слабей звязаны з асноўным зместам сказа і суправаджаюцца працяглымі паўзамі на стыку з яго членамі: Над апусцелым полем — праз вокны відаць было — неба ўзняло некалькі малых і чырванаватых хмар (К. Чорны). Вацлаў Стралічка — так звалі палкоўніка — спачуваў партызанам (М. Лынькоў). Неўзабаве — на дварэ быў ужо вечар — пачалі сыходзіцца суседзі (І. Мележ);

коскамі з працяжнікамі, калі маюць развітую будову, выдзяляюцца лагічна, яшчэ слабей звязаны з асноўным зместам сказа і суправаджаюцца больш працяглымі паў­замі на стыку з яго членамі: Каля Нёмана,— а ён працякаў тут зусім недалёка,— чуліся галасы дзяцей (Я. Колас). Малая дзяўчынка Галя,— якая плакала,— згубіла сваю маці (І. Мележ);

дужкамі, калі маюць самую развітую будову, лагічна не выдзяляюцца, надзвычай слаба звязаны з асноўным зместам сказа, служаць у якасці заўваг, удакладненняў і пад. і суправаджаюцца асабліва працяглымі паўзамі на стыку з яго членамі: Бараноўскія (тры хлопцы як дубы) былі дома (А. Гурло). Узялі мы вуды, кацялок для юшкі, сачок (на ўсякі выпадак) і рушылі на рыбалку (А. Якімовіч). Мы, дзеці, сядзелі на нашым бярвенні (бацька збіраўся ставіць новую хату і таму навазіў ужо многа лесу) і рабілі сабе свістулькі з вярбовых пруткоў (Я. Сіпакоў) [3].

Гласарый

Пабочныя канструкцыі — словы, словазлучэнні і сказы, якія выражаюць розныя адценні адносінаў моўцы да зместу выказвання, да рэчаіснасці.

Устаўныя канструкцыі — словы, словазлучэнні ці сказы, якія ўдакладняюць, дапаўняюць, пашыраюць, раскрываюць, тлумачаць сэнс усяго сказа ці яго асобных членаў; паказваюць на абставіны, якія абумоўліваюць або суправаджаюць асноўнае паведамленне; служаць мімаходнай заўвагай ці своеасаблівай рэмаркай да асноўнага паведамлення.

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Якімі знакамі прыпынку выдзяляюцца пабочныя словы, спалучэнні слоў, сказы?

2. Што выражаюць устаўныя словы, словазлучэнні і сказы?

3. Якімі знакамі прыпынку выдзяляюцца ўстаўныя словы, спалучэнні слоў і сказы?

Тэма 6

Пунктуацыя ў складаназлучаных сказах

1.1 Знакі прыпынку ў складаназлучаных сказах

Складаназлучаныя сказы — сказы, прэдыкатыўныя часткі якіх з’яўляюцца сінтаксічна раўнапраўнымі, аб’ядноўваюцца злучальнымі злучнікамі і выражаюць розныя віды сінтаксічных адносін: Уздоўж дарогі чынна з краю слупы стаяць у два рады1, і, нібы гуслі-самаграі, звіняць іх струны-правады2 (Я. Колас).

Коска ў складаназлучаным сказе:

1. Коскай аддзяляюцца часткі складаназлучаных сказаў, якія аб’яднаны злучнікамі і, ды (у значэнні «і»), дый (ды і), або (альбо), ці: Ідуць ад кожнага перона на ўсход і захад цягнікі, і ад апошняга вагона далёка свецяць аганькі (С. Грахоўскі).

2. Перад злучнікамі і, ды (у значэнні «і»), або, ці коска не ставіцца:

- калі ў складаназлучаным сказе (звычайна ў пачатку) ёсць агульны член, які адносіцца да першай і да другой частак, або агульная часціца ці пабочнае слова: Дзе-нідзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелі вясновыя кветкі і зацвітаў бэз (В. Быкаў). Праз нейкі час вецер разагнаў хмары ў вышыні і дождж сціх (І. Мележ).

- калі часткі складаназлучанага сказа з’яўляюцца безасабовымі (аднароднымі па значэнні), няпэўна-асабовымі або намінатыўнымі сказамі, а таксама калі маюць форму пытальных, пабуджальных ці клічных сказаў: Цішыня і прастор (Э. Агняцвет). Колькі радасці і колькі захаплення!

- калі выказнік або яго звязка апушчаны ў другой частцы (бо яны ёсць у першай частцы): Сонца будзе свяціць і трава зеляніцца
(В. Каваль);

- калі дзейнік другой часткі выражаны азначальным займеннікам сам, якім узмацняецца дзейнік першай часткі: Крушынскі спыніў каня і сам стаў азірацца навокал (З. Бядуля).

3. Коскай аддзяляюцца часткі, якія аб’яднаны ў складаназлучаны сказ злучнікамі але, а, ды (у значэнні «але»), ж (жа), аж, аднак, затое, толькі і інш.: Наводдалек чуліся стрэлы, але тут было ўжо ціха (І. Мележ). І чужому навучайся, ды свайго не цурайся (Прыказка). На вуліцы скрыпка грае, мяне ж маці не пускае (Народнае).

4. Коскай аддзяляюцца часткі, якія аб’яднаны ў складаназлучаны сказ пры дапамозе паўторных злучнікаў і.... і, ні.... ні, то.... то, не то.... не то, або (альбо).... або (альбо), ці.... ці, ці то.... ці то: І хвалюецца пшаніца, і дрыжыць пяшчотна гай (П. Броўка). Ці то стогне бура, ці то віхор гуляе [9 Закон, с. 106-107].

Працяжнік у складаназлучаным сказе ставіцца, калі другая частка паказвае нечаканы вынік, рэзкае супрацьпастаўленне ў адносінах да першай або паміж часткамі выражаецца хуткая змена падзей: Узмах — і плёснулася недзе на сярэдзіне [ракі] блясна (І. Шамякін); Так, бывае, ліст за ліст чапляецца, чапляецца — і на зямлю ўжо сыплецца жоўтая замець (А. Дзятлаў).

Гласарый

Складаназлучаныя сказы — сказы, прэдыкатыўныя часткі якіх з’яўляюцца сінтаксічна раўнапраўнымі, аб’ядноўваюцца злучальнымі злучнікамі і выражаюць розныя віды сінтаксічных адносін.

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Якія сказы называюцца складаназлучанымі?

2. Якімі знакамі прыпынку раздзяляюцца часткі ў складаназлучаных сказах?

3. Калі паміж часткамі складаназлучанага сказа коска не ставіцца?

4. Калі ў складаназлучаным сказе ставіцца працяжнік?

 

 

Тэма 7

Пунктуацыя ў складаназалежных сказах

1.1 Знакі прыпынку ў складаназалежных сказах

Складаназалежныя сказы— гэта сказы, у якіх прэдыкатыўныя часткі (галоўная і даданая) звязаны падпарадкавальнай сувяззю і паміж імі выражаюцца розныя віды сінтаксічных адносін: Ёсць у жыцці шчаслівыя хвіліны азарэння, калі тыбываеш найбольш — з даступнага табе — чысты, разумны, натхнёны, відушчы1 (Я. Брыль).

Коска ў складаназалежным сказе.

1. Коска ставіцца:

- паміж галоўнай і даданай часткамі: Пасаджу каля вёсак сады маладыя, каб ты вечна цвіла і ў шчасці расла, дарагая мая Беларусь (П. Панчанка).

- паміж даданымі часткамі, якія адносяцца да адной і больш галоўных частак: Глянь туды, дзе машыны спяваюць, дзе палае ў горане сталь, дзе рабочыя песні складаюць пад сталёвы напеў малатка (П. Трус).

Калі даданая частка стаіць у сярэдзіне галоўнай, яна выдзяляецца коскамі з двух бакоў: Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка (Я. Колас).

2. Калі аднародныя даданыя часткі звязваюцца пры дапамозе адзіночных злучнікаў і, ды (у значэнні «і»), або, ці, то паміж імі коска не ставіцца: Я люблю часіну навальніцы, калі б’е пярун па ўсіх ладах і злуюцца ў хмарах бліскавіцы (П. Панчанка).

Перад супраціўнымі злучнікамі і перад злучнікам і, які паўтараецца паміж аднароднымі даданымі часткамі, коска ставіцца: Нарадзіўся я ў маі, як сады вакол цвілі, а ў наднёманскім гаі распявалі салаўі (А. Русак).

3. Коска не ставіцца перад злучнікамі і, ды (у значэнні «і»), або, ці, што звязваюць дзве галоўныя часткі, да якіх адносіцца агульная даданая частка: Калі наступае глыбокая восень, над зямлёй нізка сцелецца туман або імжыць дробны дождж (К. Чорны).

4. Калі даданая частка звязваецца з галоўнай пры дапамозе састаўных падпарадкавальных злучнікаў (перш чым, затым што, пасля таго як, для таго каб, па меры таго як, да таго часу пакуль, з прычыны таго што, нягледзячы на тое што, дзякуючы таму што, у сувязі з тым што і інш.), то коска ставіцца паміж даданай часткай і галоўнай, калі даданая пачынаецца такім злучнікам і стаіць перад галоўнай (злучнік не разрываецца): З той пары як пайшлі на аблаву, цягнецца іх паляванне да сённяшніх дзён (А. Куляшоў).

Калі даданая частка сказа стаіць пасля галоўнай, коска ставіцца або перад другой часткай састаўнога падпарадкавальнага злучніка, або перад гэтым злучнікам у поўным яго складзе ў залежнасці ад сэнсу: Я гэту мову ўзяў сабе таму, што зашмат у ёй было гаротных песень (М. Танк). Бабка была спагадлівая да чужога гора, таму што сама перажыла шмат пакут і нягод (Ю. Пшыркоў).

5. У залежнасці ад сэнсу коска можа ставіцца пасля першай часткі састаўнога падпарадкавальнага злучніка: Перад тым, як ісці ў поле, яна прыбірала ў хаце, мыла падлогу, лавы (Б. Сачанка).

6. Коска не ставіцца перад як, калі, што і інш., якія ўваходзяць у склад устойлівых выразаў тыпу як не трэба лепш, як ні ў чым не бывала, калі б то ні было, што б там ні было і інш.: Усё было вылічана і вымеркавана як не трэба лепш (К. Чорны).

7. Калі побач стаяць два падпарадкавальныя злучнікі (ці злучнік і злучальнае слова), а таксама злучальны і падпарадкавальны злучнікі (у сказах з рознымі відамі сувязі), то паміж імі ставіцца коска: Пот заліваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасці, хлопец не кідаў вёслаў (І. Шамякін).

8. Калі ў галоўнай частцы другому злучніку адпавядаюць словы то, дык (калі — то, калі — дык), то перад другім злучнікам коска не ставіцца: Ужо такі быў гэты чалавек, што калі закарціць у яго якое жаданне, дык ён даможацца свайго (В. Быкаў).

9. Калі перад падпарадкавальным злучнікам ці злучальным словам стаіць адмоўе не або злучальны злучнік (і, ці, або і інш.), які звязаны з даданай часткай, то яна не аддзяляецца коскай ад галоўнай часткі: Нам трэба ведаць не дзе ты быў, а што ты за дзень зрабіў. Ён спакойны і калі заўзята працуе, і калі адпачывае.

10. Даданая частка ў пазіцыі пасля галоўнай, выражаная толькі адным злучальным словам або спалучэннем слоў, коскай не аддзяляецца: Яны паехалі і не сказалі куды [9, с. 108–111].

11. Працяжнік можа ставіцца:

- калі даданая дапаўняльная частка знаходзіцца пасля галоўнай і выдзяляецца лагічна: Мы хочам — каб мір заўсёды быў на зямлі
(А. Звонак). Параўн.: Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,— як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной.... (А. Бакач).

Пры лагічным жа выдзяленні галоўнай часткі і асаб­ліва працяглай паўзе замест працяжніка ставіцца двукроп’е: Усё поглядам пытае маладога года: што нясе нам, чым спаткае новая прыгода? (Я. Колас). Абавязкова паведаміць не забудзься: калі ў Дуброве будзеце вы будаваць гідрастанцыю (М. Танк).

- калі даданая дзейнікавая частка стаіць перад га­лоўнай, у якой адсутнічае ўказальны займеннік, то пры ўзмоцненай інтанацыі і працяглай паўзе яна аддзяляецца працяжнікам: Хто з нядоляю рос — устань гартаваць сляды непакорных (У. Xадыка). Хто ў грыбы хадзіў — ведае іх смак (Я. Колас). Што было — ужо сплыло (Прыказка).

- у складаназалежных сказах з даданымі часткамі часу:

- калі галоўная і даданая часткі з’яўляюцца развітымі і маюць свае знакі прыпынку: А калі навальваўся вораг усёй сваёй масай і гатовы быў, здавалася, вось-вось расціснуць, скрышыць, сцерці ў пыл сваёй тэхнікай, артылерыяй, мінамётамі — тады партызаны прасочваліся, прасклізалі праз яго баявыя парадкі і тут жа, злучыўшыся, сабраўшыся, зноў білі ворага (М. Лынькоў);

- калі даданая частка суправаджаецца ўзмоцненай інтанацыяй і падкрэслена лагічна: Калі ўстане сонца — на рыштаванні ўзыдуць будаўнікі (Э. Самуйлёнак). Пакуль спакойна зоры ў нас гараць — палі ў калгасах зноў буду араць (П. Панчанка);

- калі даданая частка суправаджаецца дадатковым умоўным адценнем: Толькі выйшлі мы з сяброўкай на шырокую пляцоўку — як памалу ды патрошку нас прывабілі дарожкі.... (П. Глебка). Як толькі прыеду дамоў — бацька вядзе мяне адразу ў сад (Я. Брыль).

Калі параўнанне або супастаўленне ў складаназалежным сказе падкрэслена з асаблівай сілай, тады паміж даданай і галоўнай часткамі ставіцца працяжнік: Гваздзічка белая рассыпана вакол — нібы махрыстыя сняжынкі ляглі на тонкія націнкі (Я. Колас). Мільгануў некалькі разоў агеньчык — быццам нехта падаваў сігнал трывогі
(І. Шкуцько).

12. Ставіцца двукроп’е:

— калі адна з даданых частак выдзяляецца лагічна: Піліпчык баяўся, што дзядзька не дазволіць яму далёка адыходзіцца ад лагера: таму, нічога не гаворачы, ён пайшоў на востраў адзін (М. Лынькоў). Час ад часу мы спыняліся, каб прыслухацца: ці не шаркаюць па жвіры, усцяж рэек, падкаваныя боты патруля... (Я. Брыль) [3].

Гласарый

Складаназалежныя сказы — гэта сказы, у якіх прэдыкатыўныя часткі (галоўная і даданая) звязаны падпарадкавальнай сувяззю і паміж імі выражаюцца розныя віды сінтаксічных адносін.

 

 

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Якія сказы называюцца складаназалежнымі?

2. Якімі знакамі прыпынку раздзяляюцца часткі ў складаназалеж­ных сказах?

3. Калі паміж часткамі складаназалежнага сказа коска не ставіцца?

4. Калі паміж часткамі складаназалежнага сказа ставіцца коска?

Тэма 8

Пунктуацыя ў бяззлучнікавых складаных сказах

1.1 Знакі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах

Бяззлучнікавыя складаныя сказы сказы, арганізаваныя з сінтаксічна раўнапраўных або нераўнапраўных прэдыкатыўных частак, якія аб’яднаны бяззлучнікавай сувяззю: Пасля адлігі закруціў мароз1, ударыла ў сцены завіруха2, шыпшыннік за маім акном аброс празрыстым, лёгкім лябядзіным пухам3 (С. Грахоўскі); Няма народаў малых1 — бываюць малыя паэты2 (Р. Баравікова).

Калі ў бяззлучнікавым сказе паміж прэдыкатыўнымі часткамі выражаюцца адносіны адначасовасці або паслядоўнасці дзеяння, звычайна ставіцца коска: Яшчэ горача свяціла сонца, зусім па-летняму дрыжала сіняватая смуга над пыльнай дарогай, у кустах крушыны свісталі вясёлыя дразды (І. Навуменка).

Кропка з коскай ставіцца, калі прэдыкатыўныя часткі развітыя, маюць свае знакі прыпынку або не маюць цеснай сэнсавай сувязі: Адшумела лета каласамі, у паплавах зялёных адцвіло; журавы на поўдзень пад крыламі паняслі ліпнёвае цяпло (А. Кулакоўскі).

Двукроп’е ў бяззлучнікавым сказе ставіцца:

— калі другая частка паясняе, тлумачыць сэнс першай (можна ўставіць а іменна): Дае прырода зноў урокі нам: не верце цішыні, салодкім снам, бяда і радасць ходзяць побач вечна, людзей ратуе толькі чалавечнасць (П. Панчанка);

— калі ў другой частцы змяшчаецца прычына таго, пра што паведамляецца ў першай частцы (можна ўставіць словы бо, таму што): Дзень сягоння ў хаце шчаслівы: дарагія прыехалі госці (К. Буйло);

— калі паміж часткамі можна ўставіць словы і ўбачыў (бачу), што; і пачуў (чую), што; і адчуў (адчуваю), што: Аглянуўся: кусцікі згінулі ў процьме ночы (Ц. Гартны);

— калі другая частка змяшчае ў сабе прамое пытанне: Спрэчка пачалася нечакана: што смачней з усіх вядомых страў? (Панч.);

— калі першая частка з’яўляецца абагульняльнай да наступных: Усё навокал было знаёмае і звычайнае: даверліва шапацелі грушы, дрымотна чарнелі на могілках купы вербаў і акацый, шарэў ледзь відна туман на балоце (І. Мележ).

Працяжнікставіцца, калі:

— паміж прэдыкатыўнымі часткамі выражаецца хуткая змена падзей (можна ўставіць злучнік і): Раптам бліснула маланка — стала відна, як удзень (С. Грахоўскі);

— у другой частцы паказваецца вынік, вывад, заключэнне з таго, пра што гаворыцца ў першай частцы (можна ўставіць злучнікі так што, таму): Прыйшло лета — няма калі спаць (У. Дамашэвіч);

— паміж прэдыкатыўнымі часткамі выражаецца супастаўленне, якое падкрэсліваецца з асаблівай сілай (можна ўставіць злучнікі а, але): Каса не косіць — каса брые (Я. Колас). Калі супастаўленне афармляецца суадноснымі словамі то не — гэта, то не — то і пад., то прэдыкатыўныя часткі раздзяляюцца коскай з працяжнікам: То не першая пароша запарошыла загон, — гэта поле прыхарошыў кучаравы сіні лён (А. Бялевіч);

— змест другой часткі параўноўваецца са зместам першай (можна ўставіць злучнікі як, быццам, як быццам): Камбайны ідуць — караблі плывуць;

— у першай частцы паказваецца час ці ўмова дзеяння, якое адбываецца ці адбудзецца ў другой частцы (можна ўставіць злучнік калі — то): А пойдзе ў танец Галачка — пастой ды паглядзі (Я. Брыль);

— у сказе выражаюцца далучальныя адносіны, другая частка пачынаецца словамі гэта, то, так, такі, вось што і інш.: Андрэй быў у добрым гуморы — гэта адразу кідалася ў вочы (А. Зарыцкі) [9, с. 108].

Гласарый

Бяззлучнікавыя складаныя сказы — сказы, арганізаваныя з сінтаксічна раўнапраўных або нераўнапраўных прэдыкатыўных частак, якія аб’яднаны бяззлучнікавай сувяззю.

Пытанні для самападрыхтоўкі

 

1. Чым адрозніваюцца бяззлучнікавыя складаныя сказы ад простых сказаў з аднароднымі членамі?

2. Калі ставіцца двукроп’е ў бяззлучнікавым сказе?

3. Калі ставіцца працяжнік у бяззлучнікавым сказе?

4. У якіх выпадках паміж часткамі бяззлучнікавых сказаў ставіцца кропка з коскай?

Тэма 9

Пунктуацыя ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі. Пунктуацыя ў сказах з простай мовай



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 2786; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.142.53.68 (0.101 с.)