Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Правапіс вялікай і малой літар

Поиск

5.1 Вялікая і малая літары ў асабовых назвах

1. З вялікай літары пішуцца:

- імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, а таксама дадатковыя азначэнні пры гэтых назвах: Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, Казімір Чацвёрты Ягелончык, Іаан Багаслоў, Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі; Віктор Гюго, Джэк Лондан, Вольфганг Амадэй Моцарт; Дон Кіхот, Дон Жуан, Нестар Летапісец;

- кожнае імя ў састаўных імёнах і прозвішчах, калі яны пішуцца асобна або праз злучок: Эрых Марыя Рэмарк, Іаган Себасцьян Бах, Ханс Крысціян Андэрсен, Жак Іў Кусто, Марыя-Луіза-Жазэфіна; Вікенцій Дунін-Марцінкевіч;

- прозвішчы, а таксама імёны ў множным ліку, калі яны выступаюць як назва роду, групы асоб ці ўжываюцца ў значэнні агульнай назвы: Міцкевічы, браты Гарэцкія, маёнтак Тышкевічаў, род Радзівілаў; Гагарыны, Заслонавы;

- часткі састаўных асабовых імёнаў кітайцаў, карэйцаў, в’етнамцаў, бірманцаў, інданезійцаў, тайландцаў, цэйлонцаў, японцаў: Ань Лушань, Ван Янмінь(Кітай); Ан Чхан Хо, Пак Ін Но (Карэя); Нгуен Фук Ань, Нгуен Чай (В’етнам); Пі Маў Нін, Такін Кода Хмайн (Бірма);

- пачатковыя часткі Ібн, Бен, Шах-, Мак-, Сан-, Сант-, Сен-, Сент, Тэр- у іншамоўных асабовых імёнах, якія пішуцца асобна, разам або далучаюцца да іх праз злучок, а таксама пачатковыя О’, Д’, якія пішуцца праз апостраф: Ібн Сіна, Шах-Джахак, Мак-Доўэл, Сан-Мартын, Сант-Эліё, Сен-Жуст, Сент-Эцьен, Тэр-Петрасян, О’Генры, Д’Артаньян;

- клічкі жывёл, птушак і іншых істот: конь Варанок, карова Красуля;

- прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад асабовых імён і клічак жывёл, мянушак пры дапамозе суфіксаў -ов-, -оў (-ав-, -аў), -ёв-, -ёў
(-ев-, -еў), -ын-, -ін-: Кузьмоў сусед, Скарынавы выданні, Багдановічаў верш;

- адносныя прыметнікі, утвораныя ад імён і прозвішчаў, псеўданімаў, калі такія прыметнікі ўваходзяць у склад састаўных уласных назваў: Купалаўская прэмія (прэмія імя Янкі Купалы), Коласаўская стыпендыя (стыпендыя імя Якуба Коласа), Гарэцкія чытанні (чытанні, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму), Варфаламееўская ноч (гістарычная падзея ў Парыжы ў ноч святога Варфаламея), Маркаўскія рады (тэрміналагічная назва ў матэматыцы).

2. З малой літары пішуцца:

- агульныя назвы людзей, прадметаў, рэчываў і хімічных элементаў, адзінак вымярэння, якія ўтварыліся на аснове асабовых і геаграфічных назваў: донжуан (быў донжуанам), донкіхот (такі донкіхот); джоўль, ом;

- асабовыя назвы (прозвішчы, імёны і інш.) у форме множнага ліку, калі іх ужыванне выяўляе пагардлівыя, зневажальныя адносіны: гарлахвацкія, заблоцкія, кручковы, пісулькіны, тулягі;

- назвы чалавека, утвораныя ад асабовых імёнаў, якія ўказваюць на яго прыналежнасць або прыхільнасць да каго-, чаго-небудзь: гегельянец, купалавец, магаметанін, махновец, талстовец;

- прыметнікі, утвораныя ад асабовых назваў, якія ўжываюцца ў складзе ўстойлівых спалучэнняў з назоўнікамі (фразеалагізмаў) або ў складзе састаўных агульных назваў са значэннем адпаведнай адноснай прыкметы: эзопаўская (эзопава) мова, ахілесава пята, гегелеўская дыялектыка, купалаўскі верш, напалеонаўскія планы, рэнтгенаўскі здымак, сідарава каза;

- часткі ван, да, дзі, дзю, дон (донна), дэ, дэр, ла, ле, фон, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах: Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы; але ў асабовых назвах літаратурных герояў (Дон Кіхот, Дон Хуан), а таксама ў некаторых выпадках у прозвішчах і імёнах пішуцца з вялікай літары: Ван Гог, Эль Грэка;

- часткі ага, ад, ал, ас, ар, аш, бей, бек, задэ, аглы, уль, зуль, кызы, аль, паша, хан, шах, эд, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах, якія падаюцца звычайна пасля назвы або перад ёй і пішуцца праз злучок: Ібрагім-ага, Амар аш-Шарыф, Ібрагім-бей, Амад-задэ, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Мамед-аглы, Сейф уль-Іслам, Зульфія-кызы, Амад эд-Дзін, Седах зуль-Факар, Сулейман-паша, Махамед эль-Куні і інш. [9, с. 42–44].

 

 

5.2 Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў

1. З вялікай літары пішуцца:

- найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Алах, Яхве, Шыва, Вішну; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Бог Дух Святы, Святы Дух, Прасвятая Тройца, Божая (Боская) Маці;

- прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць;

- асабовыя імёны (і ўсе словы ў састаўных асабовых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.): Ісус Хрыстос, Буда; Іаан Хрысціцель;

- імёны легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў: Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Фурыя, Дажбог, Пярун, Цмок, але як агульныя назвы: пярун — удар грому, іуда (юда) — здраднік, цмок — змей, фурыя — злосная істота;

- уласныя назвы ўяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў: Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Буцэфал, але як агульныя назвы: дзед-мароз — ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга — агідная старая, буцэфал — стары конь;

- агульныя назвы істот, а таксама з’яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.): Мядзведзь, Воўк, Ліса (Ліска), Заяц (Зайка), Асёл, Каза-дзераза, Коцік-варкоцік, Сарока-белабока, Бусел-клекатун, Карась-лежабок, Сонца, Праўда, Крыўда і інш.

2. З малой літары пішуцца:

- слова бог (гасподзь) ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа збаў;

- слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асабовай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог — бог неба;

- агульныя назвы ўяўных істот: архангел, анёл, херувім, фея, муза, дамавік, лясун, русалка, гном, троль, здань, хохлік і інш. [9, с. 44–45].

 

 

5.3 Вялікая і малая літары ў геаграфічных
і астранамічных назвах

1. З вялікай літары пішуцца:

- уласныя назвы прыродных геаграфічных аб’ектаў: кантынентаў, гор, рэк, азёраў, лясоў, балот і інш.: Еўразія, Фудзіяма, Акіянія, Адрыятыка, Задняпроўе;

- уласныя назвы краін, іх аб’яднанняў і частак, паселішчаў і іх частак, урочышчаў: Беларусь, Кітай; Бенілюкс, Антанта; Запарожжа, Сібір; Міншчына, Лепельшчына, Случчына, Навагрудчына; Цэнтр; Усход, Вяснянка, Зялёны Луг;

- уласныя назвы астранамічных аб’ектаў: Андрамеда; Стажары, Валапас; Сонца, Вега; Зямля, Юпітэр; Месяц, Фобас;

- назвы напрамкаў свету ў пераносным значэнні назваў адпаведнай групы краін або тэрыторыі: Захад (краіны заходняй часткі Еўропы разам з ЗША), Усход (азіяцкія краіны), народы Поўначы;

- пачатковая службовая частка ў іншамоўных уласных геаграфічных назвах, якая пішацца з імі праз злучок: Дан-Лэры (горад), Дэ-Кастры (горад), Ла-Пампа (правінцыя), Ла-Манш (праліў), Лос-Анджэлес (горад);

- іншамоўныя родавыя агульныя назвы ў складаных уласных геаграфічных назвах: Рыа-Грандэ (рыа — рака), Лоб-Нор (нор — возера), Ісык-Куль (куль — возера), Пуэрта-Рыка (пуэрта — порт);

- часткі складаных уласных геаграфічных назваў, што пішуцца праз злучок (назоўнікі, прыметнікі): Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Мінск-Мазавецкі;

- першае слова ў састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах: Ціхі акіян, Паўночны полюс, Белае возера, Асіповіцкае вадасховішча;

- усе часткі складанага прыметніка ў састаўных уласных назвах, калі такія часткі пішуцца праз злучок: Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Мінска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскі канал, Паўночна-Заходні край;

- усе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб’яднанняў: Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае;

- усе знамянальныя словы ў вобразных састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах, калі гэтыя ўласныя назвы ўжываюцца без агульнай родавай назвы: Стары Свет (краіны Еўропы і Азіі), Блізкі Усход, Чорная Афрыка, Крайняя Поўнач, Зямля Каралевы Мод, Дзікі Захад (у ЗША); у назоўным і родным склонах у спалучэнні з агульнай родавай назвай: туманнасць Конская Галава, бухта Залаты Рог, астравы Паўночная Зямля.

2. З малой літары пішуцца:

- агульныя родавыя назвы геаграфічных, астранамічных і іншых падобных аб’ектаў у складзе ўласных назваў: Афрыканскі кантынент, Атлантычны акіян, Уральскія горы, гара Казбек, рака Вілія, Князь-возера, Сапун-гара;

- службовыя часткі ў складзе састаўных уласных геаграфічных найменняў: Франкфурт-на-Майне, Рыа-дэ-Жанэйра, Па-дэ-Кале, Булонь-сэр-Мэр, Сьера-дэ-лас-Мінас, Дар-эс-Салам, Салам-і-Гомес
[9, с. 45–47].

 

 

5.4 Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый

1. З вялікай літары пішуцца:

- усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь; Але: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

- першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (Мінэканомікі), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і інш.;

- простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурны мемарыяльны музей Якуба Коласа, Таварыства Чырвонага Крыжа, Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН);

- слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў; Але: сельсавет;

- словы Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; Але: Зімовы палац, дом адпачынку.

2. З малой літары пішуцца найменні аддзелаў і іншых падраздзяленняў навуковых і адукацыйных устаноў, іх органаў кіравання, а таксама словы тыпу калегія, вучоны савет, навукова-метадычны савет, савет па абароне дысертацый, факультэт, аддзяленне, сектар, група: вучоны савет факультэта журналістыкі; Але: Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Аддзяленне аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі [9, с.47–48].

 

5.5 Вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў,
ветлівых зваротах і спецыяльных абазначэннях

З вялікай літары пішуцца:

- словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Каралева Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Імператар Японіі, Папа Рымскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, Далай-Лама. У неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары: візіт прэзідэнта, выступленне старшыні, прыём у караля, загад імператара; Але: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

- словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь і іншых краін (акрамя слова кавалер): Герой Беларусі, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэна Ганаровага Легіёна;

- у розных афіцыйных пасланнях, лістах займеннік Вы як форма ветлівага звароту да адной асобы;

- у высокім стылістычным ужыванні такія агульныя назвы, як Радзіма, Айчына, Бацькаўшчына, Чалавек, Маці, Настаўнік, Майстар;

- словы ў назвах бакоў у пагадненнях, кантрактах і іншых дагаворах: Высокія Дагаворныя Бакі, Аўтар і Выдавецтва, Заказчык і Выканаўца [9, с. 49].

 

 

5.6 Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод, прэмій, грамат, прызоў

З вялікай літары пішуцца:

- усе словы ў назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій: Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы, Курган Бессмяротнасці, Востраў Слёз, Помнік Перамогі;

- усе словы ў поўных назвах ордэнаў і медалёў (акрамя слоў медаль, ордэн і ступень): медаль «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза, медаль «Залатая Зорка» Героя Сацыялістычнай Працы, ордэн Айчыны І (ІІ, ІІІ) ступені, ордэн Маці, ордэн Пашаны, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Ганаровага Легіёна (Францыя), Георгіеўскі Крыж; Але: ордэн Дружбы народаў;

- першае слова ў назвах дзяржаўных сімвалаў, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, прызоў і інш.: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжнародная прэмія Міру, Нобелеўская прэмія, Кубак свету, Кубак федэрацыі, Каралеўскі кубак [9, с. 49–50].

 

 

5.7 Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў

1. З вялікай літары пішуцца:

- аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных і міжнародных дакументаў, пагадненняў, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іх зводаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб узнагароджанні мнагадзетных маці ордэнам Маці», Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Літоўская метрыка; Але: распараджэнне (пратакол даручэнняў) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь;

- аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў мастацтва і іншых адзінкавых і ўнікальных прадметаў, твораў, іх зводаў: Дзявятая сімфонія Бетховена, Венера Мілоская, Янтарны пакой, Алмазны фонд, Біблія, Стары Запавет, Каран, Талмуд.

2. З малой літары пішуцца агульныя назвы стыляў у мастацтве і архітэктуры: барока, ракако, готыка, ампір, мадэрн
[9, с. 50–51].

 

 

5.8 Вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў

1. З вялікай літары пішуцца:

- аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох: Варфаламееўская ноч, Адраджэнне, Рэфармацыя, Крыжовыя паходы, Лядовае пабоішча, Крычаўскае паўстанне, Супраціўленне, Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна;

- аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных святаў: Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Новы год, Дзень жанчын, Свята працы, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, Нараджэнне Хрыстова, Дзень памяці, Дзень беларускай навукі, Дзень ведаў, Ушэсце Гасподняе, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікая субота, Таццянін дзень, Радаўніца, Вялікдзень, Каляды, Купалле, Дабравешчанне, Рамадан.

2. З малой літары пішуцца назвы родаў і відаў знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, асобных гадоў, дзён і інш.: імперыялістычная вайна, лютаўская рэвалюцыя, паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, кайназойская эра, неаліт, эпоха феадалізму, капіталістычная фармацыя, перыяд аднаўлення, залаты век, высакосны год, дзень адчыненых дзвярэй, санітарны дзень, месячнік дарожнай бяспекі [9, с. 51].

 

Параўнай і запомні новыя напісанні! [6, с. 95–97]

Напісанні паводле Напісанні паводле
Правіл-1959 Правіл-2008
алах Алах
багародзіца Багародзіца, Матка Боская
благавешчанне Дабравесце, Звеставанне, Благавешчанне
бог Бог
богачалавек Богачалавек
бог дух святы Бог Дух Святы
божы дар [талент] Божы дар [талент]
брахма Брахма
вадохрышча Вадохрышча
вербная нядзёля Вербная нядзеля
вербная субота Вербная субота
вёрбніца Вербніца
Вялікдзень вялікі пост вялікая субота гроб гасподні дабравешчанне дзяды каляды каран крыж гасподні купалле курбан-байрам масленіца пакровы папа рымскі пасха прасвятая троіца прачыстая ўладычыца нябесная царыца псалтыр радаўніца рамадан рамазан руская праваслаўная царква святы дух сёмуха талмуд троіца чысты чацвер уваскрэсенне уладыка нябесны Вялікдзень Вялікі пост Вялікая субота Гроб Гасподні Дабравешчанне Дзяды Каляды Каран Крыж Гасподні Купалле Курбан-Байрам Масленіца Пакровы Папа Рымскі Пасха Прасвятая Троіца Прачыстая Уладычыца Нябесная Царыца Псалтыр Радаўніца Рамадан Рамазан Руская Праваслаўная Царква Святы Дух Сёмуха Талмуд Троіца Чысты чацвер Уваскрэсенне Уладыка Нябесны
ушэсце гасподняе успенне панны Марыі (зельная)   царыца нябесная Ушэсце Гасподняе Успенне Панны Марыі (Зельная) — дзень, у які касцёл асвячае зёлкі Царыца Нябесная

 

Параўнай і запомні новыя напісанні! [6, с. 97]

Напісанні паводле Правіл-1959 Напісанні паводле Правіл-2008
першая сусветная вайна другая сусветная вайна Першая сусветная вайна Другая сусветная вайна

 

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Назавіце асаблівасці напісання вялікай і малой літары ў асабовых назвах.

2. Пералічыце выпадкі напісання вялікай літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў.

3. Пералічыце выпадкі напісання малой літары ў геаграфічных і астранамічных назвах.

4. Акрэсліце асаблівасці напісання вялікай і малой літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.

5. Адзначце выпадкі напісання вялікай і малой літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротах і спецыяльных абазначэннях.

 

 

Тэма 6

Правапіс складаных слоў



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 7152; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.218.123.194 (0.011 с.)