Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Правапіс галосных у складаных словах

Поиск

Правапіс галосных о, э, а.

1. У складаных словах можа быць адзін асноўны і адзін або некалькі пабочных націскаў. Калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзей, скараход, салявар, бамбасховішча [9, с. 9–10].

Новае ў правапісе [8, с. 15]

 

Правілы-1959 Правілы-2008
§18. Захоўваюць у першай частцы о таксама словы на: фота- (фотакартка, фотакопія, фотаздымакі г.д., але: фатаграфія і вытворныя ад яго); мота-(мотапоезд, моталодка, мотаспорт, мотагонкі і т.д., але: матавоз, матацыкл і вытвор­ныя ад іх); што- (штодзённа, штотыднёва, штомесяц). § 20. Заўвага 1.Лічэбнікі сто і дзевяноста ў якасці першай часткі складаных слоў захоў­ваюць сваё напісанне, напрыклад: стодзённы, стотысяч­ны, дзевяностатысячны, дзевяностагадовы; але: стагоддзе. 1. Літара о захоўваецца ў склада­ных словах, першай часткай якіх з'яўляюцца с лова-, што-, фота-, мота-: словоформа, словатворчасць; штодзённы, штомесяц, штогод; фотаздымак, фотакопія, фотаплёнка, фотокамера, фотавыстаўка, Але: фатаграфія і вытворныя ад яго: мотагонкі, мотакрос, мотаспорт, Але: матавоз, ма­тацыкл і вытворныя ад іх. Згодна з новымі правіламі, у склада­ных словах лічэбнік сто заўсёды мае форму ста: станож­ка, стаметроўка, стагалосы.

 

2. Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: аснòвапалажэнне, бавòўнапрадзільны, вòдаразмеркавальнік, вòстракамбінацыйны, вòгнетрывалы, вагòнарамонтны, высòкаідэйны.

У першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: азòнастойкі, азòтнакіслы, збòжжасховішча, мангòлазнаўства, мòвазнаўства, мòвазнаўчы, матòразборка, слòватворчасць і інш.

Ва ўсіх іншых выпадках напісанне падобных слоў вызначаецца па слоўніку.

3. Літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): марозаўстойлівы, торфаўборачны.

4. Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова.

Напрыклад: шэсцьсот семсот восемсот, шасцісот сямісот васьмісот, шасцістам сямістам васьмістам, шэсцьсот семсот восемсот, шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі, (аб) шасцістах сямістах васьмістах.

5. Гук [э] ў першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, рэдказубы, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.

6. У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасцісоты, пяцідзёнка, сямікласнік, васьмігадовы, дзевяціградусны, саракагоддзе, двухсотметровы.

7. Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор [9, с. 10–11].

Правапіс е, ё, я ў складаных словах.

1. У першай частцы складанага слова літара е захоўваецца незалежна ад таго, на якім складзе націск у другой частцы: сенакасілка, серпадзюб, землетрасенне, светапогляд, свежавымыты, свежамарожаны [9, с. 12].

Новае ў правапісе [8, с. 17]

 

Правілы-1959 Правілы-2008
§16. Складаныя словы з націскам на першым складзе другой часткі пішуцца як простыя, напрыклад: агняцвет, вадаспад, ледарэз, санцапёк, краязнаўчы, жыццярадасны, агнястрэльны, верблюдаводства, земляробства, зернясховішча, палітэхнікум, паліклініка, кантрамарка. 1. У першай частцы складанага слова літара е захоўваецца незалежна ад таго, на якім скла­дзе націск у другой частцы: сенакос, сенакасілка, сенажаць, серпадзюб, верхнеазёрскі, свежамарожаны. Калі першай часткай склада­ных слоў з’яўляецца аснова велік-/вялік-, напісанне літар е або я залежыць ад таго, які склад у другой частцы націскны: калі першы — пішацца е, калі другі — пішацца я: велікадушны, велікарускі, велікамучанік, велікасвецкі; Вялікабрытанія, вялікадзяржаўны, вялікагаловы.

 

2. У першай частцы складанага слова літара ё захоўваецца пры націску не на першым складзе другой часткі і замяняецца на е, калі націск на першым складзе другой часткі: лёгкаатлетычны, лёдадрабілка, мёдаварэнне; ледарэз, легкадумна.

3. У складаных словах злучальныя галосныя о, ё пішуцца толькі пад націскам, галосная а — у любым ненаціскным складзе: Вадохрышча, куродым, часопіс, геліёграф, марозаўстойлівы, прыборабудаўнічы.

4. Злучальная галосная е ў складаных словах пераходзіць у я, калі націск на першым складзе у другой частцы складанага слова: баяздольны, зернясховішча, земляроб, жыццярадасны, крывятворны; але: боепрыпасы, жыццеапісанне, землекарыстанне, зернебабовы.

Злучальная галосная е ў складаных словах захоўваецца, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): зернеўборачны, вогнеўстойлівы.

Складанаскарочаныя словы пры напісанні звычайна разглядаюцца як простыя словы з адным націскам: зямфонд, лясгас [9, с. 13].

6.2 Правапіс складаных назоўнікаў і прыметнікаў

Складаныя назоўнікі

1. Пішуцца разам:

- складаныя назоўнікі з дзвюх і больш асноў, якія спалучаюцца пры дапамозе злучальных галосных о (а), е (я): конезавод, льнозавод, далягляд, землетрасенне, птушкагадоўля, чалавекалюбства, бульбакапалка, медыкапсіхолаг;

- складаныя назоўнікі, у якіх першай часткай з’яўляецца дзеяслоўная форма загаднага ладу на - і (-ы): вярцішыйка, сарвігалава, вярнідуб, прайдзісвет, пакацігарошак; Але: перакаці-поле, вей-вецер;

- складаныя назоўнікі ад’ектыўнага тыпу скланення, калі яны з’яўляюцца навуковымі тэрмінамі: галаваногія, бруханогія;

- складаныя ўласныя назвы паселішчаў з пачатковай часткай нова- (нава-), стара-, верхне- (верхня-), ніжне- (ніжня-), сярэдне- (сярэдня-) і інш.: Новалукомль, Наваполацк, Навасады, Навагрудак, Старакожаўка, Верхнядзвінск, Ніжнявартаўск, Сярэдняборск, Краснаполле, Крутагор’е, Светлагорск.

2. Пішуцца праз злучок складаныя назоўнікі:

- у якіх скланяюцца ўсе словы: папараць-кветка, вагон-рэстаран, лётчык-касманаўт, член-карэспандэнт;

- у якіх скланяецца толькі апошняе слова: жар-птушка, сон-трава, стоп-сігнал, вакуум-насос, дызель-матор, генерал-маёр, прэм’ер-міністр, норд-ост;

- з аднаслоўным прыдаткам: лён-даўгунец, заяц-русак, нявеста-красуня, дзед-мароз, горад-герой. Пры адваротным парадку назоўніка і аднаслоўнага прыдатка злучок не пішацца: красуня дзяўчына;

- са значэннем цэласнай адзінкі вымярэння: кілават-гадзіна, тона-кіламетр-гадзіна, самалёта-вылет, чалавека-дзень; Але: працадзень;

- якія называюць прадстаўнікоў палітычных і іншых грамадскіх рухаў: ліберал-дэмакрат, нацыянал-патрыёт, сацыял-дэмакрат;

- з пачатковымі часткамі арт-, віцэ-, вэб-, контр-, лейб-, максі-, міні-, обер-, унтэр-, штаб- (штабс-), экс-, прэс-, блок -: арт-галерэя, віцэ-прэм’ер, вэб-старонка, лейб-гвардыя, контр-адмірал, Але: контрігра, контратака (контр- у значэнні «супраць»); максі-прэс, міні-матч, обер-майстар, унтэр-афіцэр, штаб-ротмістр, штабс-капітан, экс-чэмпіён, экс-прэм’ер, прэс-сакратар, блок-сігнал; Але: блокпост.

3. Пішуцца праз злучок:

- субстантываваныя спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі раслін: брат-і-сястра;

- састаўныя прозвішчы, імёны і назвы геаграфічных аб’ектаў: Бялыніцкі-Біруля, Жан-Жак Русо, Бурат-Манголія, Эльзас-Латарынгія, Аўстра-Венгрыя;

- уласныя геаграфічныя назвы, якія з’яўляюцца спалучэннем назоўніка з назоўнікам у месным склоне і прыназоўнікам на, а таксама падобнымі іншамоўнымі спалучэннямі слоў з дэ, сюр: Растоў-на-Доне, Франкфурт-на-Майне, Па-дэ-Кале;

- іншамоўныя ўласныя імёны з канцавымі часткамі - хан, -шах, -паша, -бей, -бай, -задэ, -аглы, -кызы, -бек і інш.: Ахмат-шах, Асман-паша, Ізмаіл-бей, Курман-бай, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Зейнал-кызы, Асман-бек;

- іншамоўныя ўласныя назвы асоб і геаграфічных аб’ектаў з пачатковымі часткамі Ван-, Мак-, Нью-, Сан-, Санкт-, Сен-, Сент -: Ван-Дэйк, Мак-Магон, Мак-Кінлі, Нью-Кастл, Сан-Себасцьян, Сан-Марына, Санкт-Пецярбург, Сен-Санс, Сент-Экзюперы;

- уласныя назвы паселішчаў з пачатковай часткай Усць-, Верх-, Соль -: Усць-Каменагорск, Верх-Ірмень, Соль-Ілецк.

4. Калі ў назве, якая складаецца з двух і больш назоўнікаў, першы абазначае родавае паняцце, а другі з’яўляецца ўласным імем, яны пішуцца асобна: рака Днепр, горад Мінск, вулкан Везувій, маёр Кравец, дзед Янка.

5. Артыклі і часціцы (да, дэ, ла, ле, ля і інш.), а таксама словы дэр, дон, фон, ван у іншамоўных уласных назвах пішуцца асобна: Леанарда да Вінчы, Шарль дэ Кастэр, Анарэ дэ Бальзак, ла Валета, ла Мот, ле Шапелье, ля Крэзо, Ван дэр Мейлен, фон дэр Гольц, дон Хуан, Людвіг ван Бетховен.

6. Асобна пішуцца словы ў геаграфічных уласных назвах, якія з’яўляюцца спалучэннем поўнага прыметніка ці парадкавага лічэбніка з назоўнікам: Стары Свержань, Белы Груд, Вялікія Радванічы, Астрашыцкі Гарадок, Восьмая лінія (вуліца), Першы чыгуначны (завулак) [9, с. 54–56].

 

Складаныя прыметнікі

1. Пішуцца разам прыметнікі:

- якія суадносяцца са складанымі назоўнікамі, што пішуцца разам: чарназёмны (чарназём), водаправодны (водаправод), мастацтвазнаўчы (мастацтвазнаўства), радыёфізічны (радыёфізіка), жалезабетонны (жалезабетон), хваляводны (хвалявод);

- якія суадносяцца са словазлучэннямі з падпарадкавальнай сувяззю: каменнавугальны (каменны вугаль), народнапаэтычны (народная паэтыка), агульнаадукацыйны (агульная адукацыя);

- якія суадносяцца са словазлучэннямі дзеясловаў з назоўнікамі: дрэваапрацоўчы (апрацоўваць дрэва), масларобны (рабіць масла), мукамольны (малоць муку);

- якія суадносяцца са словазлучэннямі назоўнікаў з лічэбнікамі і прыслоўямі адноснай меры колькасці, аб’ёму, прасторы і інш.: двухразовы (два разы), трохколавы, сямісотпяцідзесяцігадовы, саракаградусны, пяцідзесяціпрацэнтны, саракатонны, шматразовы, мнагалюдны, усемагутны;

- першай часткай якіх з’яўляюцца прыслоўі: моцнадзеючы (моцна дзейнічаць), лёгкапаранены (лёгка параніць), цяжкаўспрымальны (цяжка ўспрымаць), нізкарослы, высокаадукаваны, слабасалёны, добраўпарадкаваны, малапрыкметны; Але: дыяметральна процілеглы (супрацьлеглы), чыста беларускі, яскрава вызначаны, выключна дасканалы, асабліва адказны;

- складаныя прыметнікі з дзвюх і больш лексічных частак, якія служаць для абазначэння навуковых і тэхнічных паняццяў: старажытнаўсходнеславянскі, правабярэжназаходнебугскі, старабеларускамоўны, індаеўрапейскі.

2. Пішуцца праз злучок складаныя прыметнікі:

- утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца праз злучок: вакуум-насосны, генерал-губернатарскі, унтэр-афіцэрскі, ліберал-дэмакратычны, давыд-гарадоцкі;

- часткі якіх абазначаюць разнародныя назвы адпаведнай прыкметы: прыродна-гаспадарчы, жыллёва-будаўнічы, аграрна-сыравінны, лячэбна-працэдурны, таварна-грашовы, электронна-вылічальны, навукова-тэхнічны, грамадска-палітычны, сусветна-гістарычны, народна-вызваленчы;

- часткі якіх абазначаюць раўнапраўныя паняцці: рабоча-сялянскі, руска-беларускі;

- часткі якіх абазначаюць асаблівасці ці адценні разнароднай якасці: кісла-салодкі, жоўта-зялёны, горка-салёны і інш.;

- часткі якіх абазначаюць напрамкі свету ў іх спалучэнні: паўночна-заходні;

- якія ўваходзяць у склад геаграфічных назваў з пачатковай часткай Усходне-, Заходне-, Паўднёва-, Паўночна-, Цэнтральна- і інш.: Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Заходне-Сібірская раўніна, Цэнтральна-Азіяцкі рэгіён і інш.;

- пачатковай часткай якіх з’яўляюцца лічба або літара любога алфавіта: 1000-гадовы, 5-павярховы, Т-падобны.

3. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных уласных імёнаў са злучком, калі яны маюць прыстаўку, пішуцца разам: заісыккульскі, перадцяньшанскі.

4. Субстантываваныя прыметнікі з пачатковай часткай ваенна - пішуцца разам: ваеннапалонны, ваеннаабавязаны [9, с. 57–58].

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Акрэсліце асаблівасці напісання галосных о, э, а ў складаных словах.

2. Адзначце асаблівасці напісання е, ё, я ў складаных словах.

3. Пералічыце выпадкі, калі складаныя назоўнікі пішуцца праз злучок.

4. Назавіце выпадкі, калі складаныя прыметнікі пішуцца разам.

 

 

Тэма 7

Правапіс суфіксаў у беларускай мове

1.1 Правапіс галосных у некаторых суфіксах назоўнікаў

1. Суфікс -ец- (-ац-) пішацца ў назоўніках мужчынскага роду. Пры змяненні слова галосны выпадае: акраец, індыец, плывец, вясковец, незнаёмец, канькабежац.

2. Суфікс -іц- (-ыц-) пішацца ў назоўніках жаночага роду і беглага галоснага не мае: ваколіца, патыліца, спадарожніца, карміліца, розніца, кірыліца, кніжыца.

3. Памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ічк- (-ычк-) пішацца ў назоўніках жаночага роду, якія ўтварыліся ад слоў з фіналлю -іц- (-ыц-): лесвічка, крынічка, сунічка, завушнічка, запальнічка, палічка (ад паліца), сястрычка.

У астатніх выпадках пішацца памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ечк- (-ачк-): дзядзечка, лялечка, вушачка, Ванечка, Наташачка, Ганначка.

4. Суфікс -ак- (-ек-) пішацца не пад націскам у назоўніках, якія ва ўскосных склонах губляюць суфіксальнае а ці е: сшытак — сшытка, каласочак — каласочка, дожджычак — дожджычку.

5. Суфіксы -ік- (-ык-), -нік-, -чык- пішуцца нязменна ва ўсіх формах слоў: конік — коніка, хлопчык — хлопчыка, спадарожнік — спадарожніка, дарадчык — дарадчыка.

6. Суфікс -ень- (-ань-) ва ўскосных склонах у адных назоўніках захоўвае галосны, у другіх яго губляе: вусень — вусеня, прамень — праменя; Але: вучань — вучня, шчэбень — шчэбню. Часам дапускаюцца абедзве формы: кіпень — кіпеню і кіпню.

7. Суфіксы -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-) ужываюцца пры ўтварэнні назоўнікаў, якія называюць людзей паводле заняткаў.

Суфікс -чык- (-чыц-) пішацца:

- калі ўтваральная аснова заканчваецца на пярэднеязычныя д, т, з, с: аб’ездчык, дакладчык, ракетчык, пераплётчыца, лётчык, перапісчык, перапісчыца (а таксама ў адпаведных прыметніках: дарадчыцкі, перапісчыцкі і інш.);

- калі ў канцы ўтваральнай асновы адбываецца чаргаванне [г] — [ж]: перабягаць — перабежчык, перабежчыца, нябога — нябожчык, абцягваць — абцяжчыца.

Суфікс -шчык- (-шчыц-) пішацца:

- калі аснова заканчваецца на санорныя р, л, м, н, й: наборшчык, вугальшчык, атамшчык, згоншчык, мыйшчык (а таксама ў адпаведных прыметніках: наборшчыцкі і інш.);

- пасля спалучэнняў тых жа санорных з наступнымі т, г утваральнай асновы: аліменты — аліментшчык, аліментшчыца, цюбінг — цюбінгшчык;

- калі ўтваральная аснова заканчваецца на губныя зычныя б, п, м, ф і ўв): гардэробшчыца, падкопшчык, паромшчык, літаграфшчык, бунтаўшчык, нарыхтоўшчык, забудоўшчык.

8. З дапамогай суфіксаў -чын- і -шчын- утвараюцца дзве семантычна розныя групы назоўнікаў: назоўнікі са значэннем пэўнай грамадскай з’явы і назоўнікі са значэннем рэгіёна, абшару.

Суфікс -чын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на д — т, з — с, ж — ш, дж — ч: спадчына (спад-), азіятчына (азіят-), казаччына (казак-/казач-), Суражчына (сураж-), Добрушчына
(добруш-), Турэччына (турэц-/турэч-), Полаччына (Полацк: полат-/полац-/полач-), Случчына (Слуцк: слуц-/случ-).

Суфікс -шчын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на губныя б, п, м, ф, в або санорныя н, р, л, й, а таксама ўв або л): скупшчына (скуп-), здзельшчына (здзель-), партызаншчына (партызан-), мінуўшчына (мінул-/мінуў-), суб’ектыўшчына (суб’ектыв-/суб’ектыў-), літаратуршчына (літаратур-), ваеншчына (ваен-), кампанейшчына (кампаней-), татаршчына (татар-), Гомельшчына (гомель-), Магілёўшчына (магілёў-).

Суфікс -шчын- пішацца і тады, калі ўтваральная аснова заканчваецца на зычны з папярэднім санорным: інтэлігентшчына (інтэлігент-), эмігрантшчына (эмігрант-), Самаркандшчына (самарканд-).

9. Падвоенае нн пішацца на стыку ўтваральнай асновы і суфікса паміж галоснымі, калі ўтваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з гэтай жа літары: дзённік, маліннік, абранніца, падаконнік, коннік, конны, сасоннік [9, с. 35–36].

 

 

1.2 Правапіс суфіксаў прыметнікаў

1. У прыметніках і прыслоўях з ласкальным значэннем:

- пасля мяккіх зычных незалежна ад месца націску пішацца суфікс -еньк-: круценькі, маленькі, ціхенька, утульненькі, нізенькі, беленькі, хуценька;

- пасля цвёрдых зычных пад націскам пішацца суфікс -эньк-, а не пад націскам — -аньк-: даражэнькі, старэнькі, харошанькі, свежанькі, добранькі, гарачанькі.

2. Падвоенае нн пішацца ў суфіксальнай марфеме -энн- (-енн-) у прыметніках з павелічальным значэннем (страшэнны, здаравенны, таўсценны), у прыметніках з якасна-адносным значэннем (брытвенны, дарэформенны, абедзенны, вогненны).

3. Падвоенае нн пішацца на стыку ўтваральнай асновы і суфікса паміж галоснымі:

- калі ўтваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з гэтай жа літары: карцінны, гартанны, глыбінны, ваенны, вясенні, бяссонны, айчынны;

- калі аснова слова заканчваецца на нн, а суфікс пачынаецца зычным н: ванны (набор), манныя (крупы);

- у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на - мя: іменны, імянны, пайменны, племянны, страмянны, цемянны; Але: палымяны.

4. Суфіксы -ск- і - ств - пішуцца:

- калі ўтваральная аснова заканчваецца на с, то на пісьме спалучэнне сс перадаецца адной літарай: матроскі, рускі, беларускі, папуаскі, уэльскі, адэскі;

- калі ўтваральная аснова заканчваецца на д, з, то спалучэнне іх з суфіксальным с падаецца як дс, зс: горад — гарадскі, грамада — грамадства, француз — французскі, Каўказ — каўказскі;

- у словах, вытворных ад асноў славянскага паходжання на к, спалучэнне к з суфіксальным с на пісьме перадаецца як ц: лясніцтва, казацкі, крыжацкі, славацкі, гарадоцкі, беластоцкі, уладзівастоцкі;

- у словах, утвораных ад асноў на к неславянскага паходжання, на пісьме захоўваецца спалучэнне кс: нью-ёркскі, бангкокскі, цюркскі, таджыкскі, узбекскі;

- у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў на -ка, -кі, зычны к (калі перад ім ёсць іншы зычны) у канцы слова перад суфіксам -ск- знікае: крупскі (Крупкі), ямайскі (Ямайка), вяцкі (Вятка); Але: касабланкскі;

- калі ўтваральны назоўнік заканчваецца на літары - ск, то суфікс
- ск - зліваецца з імі: Пінск — пінскі, Глуск — глускі, Новасібірск — новасібірскі;

- калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на т, ц, ч, а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні тс, цс, чс на пісьме перадаюцца праз ц згодна з вымаўленнем: агенцтва, адвакацкі, выдавецтва, кравецкі, ткацкі, баранавіцкі, грэцкі (арэх), чытацкі, па-дзявоцку;

- калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на ж, ш, х (у тым ліку і пры чаргаванні [г] — [ж], [х] — [ш]), а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні жс, шс у агульных назвах перадаюцца толькі адным с: таварыш — таварыства, мног/множ — мноства, убог/убож — убоства, бог/бож — боскі, птах/пташ — птаства, княжыць — княства. У некаторых выпадках напісанне такіх слоў вызначаецца па слоўніку, чаргаванне [г] — [ж], [х] — [ш] адсутнічае: Буг — бугскі, Гаага — гаагскі, Катанга — катангскі, казах — казахскі, Цюрых — цюрыхскі, Карабах — карабахскі, фелах — фелахскі, шах — шахскі, ніўх — ніўхскі, Пецярбург — пецярбургскі;

- у прыметніках, утвораных ад уласных назваў і назваў народаў, спалучэнні жс, шс перадаюцца нязменна: Нясвіж — нясвіжскі, Парыж — парыжскі, латыш — латышскі, Волг/Волж — волжскі, чэх/чэш — чэшскі, Праг/Праж — пражскі [9, с. 37–39].

 

 

1.3 Правапіс суфіксаў дзеясловаў

 

1. Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам -ава- (-ява-): дэградаваць, арыентаваць, цытаваць, іранізаваць, кантактаваць, ліквідаваць, ваенізаваць, кантраляваць, рэканструяваць, дыскутаваць, фінішаваць.

2. Дзеяслоўны суфікс -ірава- (-ырава-) ужываецца:

- калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам -ава- (-ява-): буксіраваць — буксаваць, газіраваць — газаваць, камандзіраваць — камандаваць, фарміраваць — фармаваць, апаніраваць — апанаваць;

- калі дзеяслоў без -ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, курыраваць, лавіраваць, дэкарыраваць, сервіраваць, фантазіраваць, лакіраваць, штудзіраваць, мусіраваць, татуіраваць і інш.;

- калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: манціраваць, пасівіраваць, аксідзіраваць, зандзіраваць, сталіраваць, дэмпфіраваць, юзіраваць, юсціраваць, парафіраваць, дыфундзіраваць.

У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: дэмаскіраваць — дэмаскаваць, акупіраваць — акупаваць, курсіраваць — курсаваць, калькіраваць — калькаваць, базіраваць — базаваць.

3. Суфікс -ава- (-ява-) пішацца ў неазначальнай форме і формах прошлага часу тых дзеясловаў, якія ў першай асобе адзіночнага ліку губляюць гэты суфікс і заканчваюцца на -ую (-юю): галасую — галасаваць, галасаваў, галасавала, галасавалі, начую — начаваць, малюю — маляваць, даследую — даследаваць.

4. Суфікс -іва- (-ыва-) пішацца ў неазначальнай форме і асабовых формах цяперашняга часу дзеяслова, а таксама ў формах прошлага часу незакончанага трывання пасля збегу зычных, апошні з якіх л, р або н: падкрэсліваць, падкрэсліваю, падкрэсліваў, падкрэслівалі; падтрымліваць, адыгрываць, выветрываць, запэўніваць, адрозніваць.

5. Суфікс -ва- пішацца ў астатніх выпадках: выконваць, выконваю, выконваў, выконвалі; адказваць, вымешваць, заканчваць, загадваць, падстрэльваць, раздумваць, зацярушваць, дагульваць, размяркоўваць, забінтоўваць, распілоўваць.

У дзеясловах выйграваць і прайграваць пішацца суфікс -ава -.

6. Калі неазначальная форма дзеяслова закончанага трывання заканчваецца на -іць або -яць з папярэдняй галоснай, то ў незакончаным трыванні перад суфіксам -ва- пішацца й: супакоіць — супакойваць, напаіць — напойваць, склеіць — склейваць; засеяць — засейваць, абсмяяць — абсмейваць, настаяць — настойваць.

7. Суфікс -ен- пішацца ў дзеепрыметніках, утвораных ад дзеясловаў на -іць, -ці: адчынены, супакоены, накормлены, куплены, зроблены, пазнаёмлены, заклеены, спалены; звезены, прынесены, заведзены, спрадзены.

8. Пры чаргаванні ў аснове дзеяслова [с’] — [ш], [з’] — [ж], [ц’] — [ч], [дз’] — [дж] у дзеепрыметніках пішацца суфікс -ан-: насіць — ношаны, уразіць — уражаны, запрасіць — запрошаны, круціць — кручаны, апярэдзіць — апярэджаны.

9. Спалучэнне галоснай я дзеяслоўнай асновы з суфіксам дзеепрыметнікаў -н- пішацца ў тых дзеепрыметніках, якія ўтвораны ад дзеясловаў на -яць-: пасеяны, развеяны, змуляны, аблаяны, абстраляны, павыдумляны, абмяняны (ад абмяняць) [9 Закон, с. 29-39].

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Адзначце асаблівасці выкарыстання суфіксаў -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-) у беларускай мове.

2. Чым абумоўлены выбар утварэння назоўнікаў пры дапамозе суфіксаў -чын- і
-шчын-?

3. Пералічыце выпадкі падвоенага напісання нн у прыметніках.

4. Акрэсліце выпадкі напісання суфіксаў -ск- і -ств- у прыметніках.

5. Назавіце асаблівасці ўжывання дзеяслоўнага суфікса -ірава- (-ырава-).

6. Пералічыце ўмовы выбару суфіксаў пры ўтварэнні дзеяслоўных форм.

 

 

 

Тэма 8



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 2543; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.118.226.167 (0.013 с.)