Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Знакі прыпынку паміж дзейнікам і выказнікам

Поиск

Працяжнік ставіцца паміж дзейнікам і выказнікам:

- калі абодва галоўныя члены сказа выражаны назоўнікам у назоўным склоне і пры выказніку адсутнічае дзеяслоў-звязка: Мінск — сталіца, гордасць наша, слава ўсёй краіны (Я. Купала). Прастора і
час — усеагульныя формы каардынацыі з’яў і падзей
;

- калі абодва галоўныя члены ці адзін з іх выражаны неазначальнай формай дзеяслова: Вучыцца ў народа — задача кожнага пісьменніка
(К. Чорны). Хату зрабіць — не скрынку збіць (Прыказка);

- калі перад выказнікам ёсць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць, гэта ёсць: Кожны чалавек — гэта цэлы свет (К. Чорны). Ігнараваць мову — гэта значыць ігнараваць народ, нацыю (П. Пестрак);

- калі дзейнік і выказнік выражаны лічэбнікамі або адзін з іх выражаны назоўнікам у назоўным склоне, а другі — лічэбнікам ці колькасна-іменным спалучэннем: Пяць і тры — восем. Плошча басейна Нёмана — 98,2 тыс. км²;

- калі выказнікам выступае ўсечаная форма дзеяслова, выклічнік або гукапераймальнае слова: Уладзік зараз — шмыг у дзверы (Я. Колас). А куля — дзык! А другая ў руку (П. Броўка).

Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам звычайна не ставіцца, калі:

- дзейнік выражаны асабовым займеннікам: Я ўжо студэнт;

- пры выказніку ўжыты параўнальныя словы як, як быццам, нібы, што: Сінія вочкі што васілёчкі (П. Броўка);

- паміж дзейнікам і выказнікам стаіць недапасаваны член сказа або часціца ці злучнік, пабочнае слова: Косцік, відаць, добры хлопец
(М. Паслядовіч);

- перад выказнікам стаіць адмоўе не: Воўк не пастух, а свіння не агародніца (Прыказка);

- іменны выказнік стаіць перад дзейнікам: Адвечнае дрэва дуб
(І. Шамякін).

Пытанні для самападрыхтоўкі

 

1. Якую ролю выконвае пунктуацыя пры афармленні пісьмовай мовы?

2. Якія прынцыпы ляжаць у аснове пунктуацыі?

3. На якія тыпы падзяляюцца знакі прыпынку паводле іх функцыі ў сказе?

4. Калі ставіцца на пісьме кропка?

5. Калі ўжываецца пытальнік?

6. Калі ставіцца шматкроп’е?

 

Тэма 2

Пунктуацыя пры аднародных членах сказа

Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа

 

Аднародныя члены сказа гэта такія члены сказа, якія выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю, адносяцца да аднаго члена сказа і характарызуюцца інтанацыяй аднароднасці: Зноў над роднай зямлёй вее водарам хмельным, вясновым. (Б. Сачанка).

Коска паміж аднароднымі членамі сказа:

1. Коскай раздзяляюцца аднародныя члены сказа, якія не звязаны паміж сабой злучнікамі: Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы (Я. Купала).

Не з’яўляюцца аднароднымі членамі і не аддзяляюцца адзін ад аднаго коскай два дзеясловы ў аднолькавай форме, якія стаяць побач, утвараючы ў сэнсавых адносінах адно цэлае тыпу: Пайду вазьму. Пайсці даведацца. Вазьмі аднясі.

2. Раздзяляюцца коскамі два або некалькі прыметнікаў-азначэнняў, якія адносяцца да аднаго і таго слова ў сказе і характарызуюць прадмет з аднаго боку, г.зн. называюць падобныя прыкметы аднаго прадмета: Мяккія, ласкавыя гукі стройным сугалоссем паліліся па пакоі (Я. Колас).

Раздзяляюцца коскамі азначэнні, якія абазначаюць адметныя адзнакі розных прадметаў: Навучэнцы гімназій маюць магчымасць вывучаць нямецкую, французскую, іспанскую, англійскую літаратуры.

Не раздзяляюцца коскамі неаднародныя прыметнікі-азначэнні: Над далёкімі лясамі звісала тонкая блакітная смуг а (Я. Колас).

3. Коскай аддзяляюцца аднародныя члены сказа, якія звязваюцца паміж сабой злучнікамі а, але, ды (у значэнні «але»), аднак, хоць, толькі і інш.: Паўлюк толькі зірнуў, але нічога не сказаў (Я. Колас). Дождж быў моцны, ды кароткі.

4. Коскай аддзяляюцца аднародныя члены сказа, якія звязваюцца пры дапамозе парных злучнікаў як... так і; не толькі... але (а) і; калі не... то (дык); хоць... але (а); хоць і не... затое (аднак); не то што... але і і інш.: Пажар заўважылі як з баракаў, так і з пасёлка (П. Пестрак).

5. Коскай аддзяляюцца адзін ад аднаго аднародныя члены сказа, якія звязваюцца пры дапамозе паўторных злучнікаў і... і, ды … ды, то... то, ні... ні, не то... не то, ці... ці, ці то... ці то, або (альбо)... або (альбо) і інш.: Я рад і сонцу, і вясне, і дожджыку (Я. Пушча). Ні далеч, ні час не заслоняць мне родных бароў (Я. Колас).

6. Калі паўторныя злучнікі і... і, ні... ні, то... то звязваюць словы як аднародныя часткі ўстойлівых (фразеалагічных) выразаў, то ў іх перад гэтымі злучнікамі коска не ставіцца: і днём і ноччу, і смех і грэх, і вашым і нашым, і ў хвост і ў грыву; ні бэ ні мэ, ні грозьбай ні просьбай, ні спору ні ўмалоту, ні дому ні лому; то скокам то бокам, то сюды то туды, то ўзад то ўперад, то тое то сёе і інш.

7. Не аддзяляюцца коскай два аднародныя члены сказа, якія звязваюцца паўторнымі злучнікамі, калі яны паводле сэнсу і інтанацыі ўтвараюць адзінства: Вітаю цябе я і соллю і хлебам! (Я. Купала). І дзень і два яны ў дарозе (Я. Колас).

8. Коскай раздзяляюцца ўсе аднародныя члены сказа, калі папярэднія з іх звязаны паміж сабой без злучнікаў, а наступныя — пры дапамозе паўторнага злучніка і: Дзень іграе на жалейцы, на трубе, і на ражку, і на сінім трыснягу (М. Танк).

9. Калі паўторны злучнік і стаіць пасля першага аднароднага члена, перад злучнікам таксама ставіцца коска: У песнях жа родны край, родныя словы жылі, і жывуць, і жыць будуць (Я. Купала).

10. Коскай аддзяляюцца аднатыпныя пары аднародных членаў сказа, звязаных паміж сабой злучнікам і. (У сярэдзіне пар коска не ставіцца.): Сосны і вязы, дубы і асіны вакол возера вартай пасталі (Я. Купала).

11. Калі злучнік і звязвае больш як дзве пары аднародных членаў сказа, то перад ім ставіцца коска. (У сярэдзіне пар, звязаных паміж сабой злучнікам і, коска не ставіцца.): Лясы ў нашай краіне можна сустрэць вялікія і малыя, і густыя і рэдкія, і хвойныя і змешаныя.

12. Калі злучнік і звязвае неаднатыпныя пары аднародных членаў сказа, паміж імі коска не ставіцца: Удзень і ўночы над палямі і лясамі чуліся выбухі снарадаў і аўтаматная страляніна (І. Мележ)
[9, с. 77–81].

 

 

Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа з абагульняльнымі словамі

 

Пры аднародных членах сказа могуць ужывацца абагульняльныя словы — яны маюць больш шырокае значэнне і суадносяцца з аднароднымі членамі як родавае і відавое паняцці. Яны выконваюць у сказе тую ж сінтаксічную ролю, што і члены аднароднага рада, выражаюцца найчасцей займеннікамі ўсё (гэта ўсё), усе, кожны, ніхто, нішто, а таксама назоўнікамі, прыслоўямі, дзеясловамі, спалучэннямі слоў: Ад снегу і ветру трасецца ўсё на свеце: вёска, ферма, платы і белы лог ля ракі (І. Пташнікаў).

Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі сказа, то пасля яго ставіцца двукроп’е: Усё рыхтуецца да сну: само сонца, і далёкі лес, і жыта за завулкам-пагонам, і луг, і рэчка, і людзі, і вецер (М. Лупсякоў). Калі ж яно стаіць пасля аднародных членаў сказа — перад ім ставіцца працяжнік: Сінява вады, свежы вецер, своеасаблівыя пахі рыбы і перапрэлых водарасцяў — усё было прыгожае, незвычайнае (П. Гамолка).

Калі сказ не канчаецца аднароднымі членамі, то пасля абагульняльнага слова перад аднароднымі членамі ставіцца двукроп’е, а пасля аднародных членаў — працяжнік: Жывое асяроддзе: жывёлы, птушкі, расліны — акружаюць нас навокал (В. Вольскі).

Калі пасля абагульняльнага слова стаяць словы напрыклад, а іменна, то перад імі ставіцца коска, пасля іх — двукроп’е: На ўроках мовы праводзяцца розныя віды работ, напрыклад: дыктанты, сачыненні, ізлажэнні (ТСБМ).

Калі пасля аднародных членаў перад абагульняльным словам стаіць пабочная канструкцыя (адным словам, карацей кажучы і інш.), то перад ёй ставіцца працяжнік, а пасля яе — коска: Начны лес, ціхі, ледзь улоўны гул маразявых сосен, цішыня лясных нетраў — адным словам, усё аддавалася зямлі (П. Галавач) [17].

Гласарый

 

Аднародныя члены сказа — гэта такія члены сказа, якія выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю, адносяцца да аднаго члена сказа і характарызуюцца інтанацыяй аднароднасці.

 

 

Пытанні для самападрыхтоўкі

 

1. Калі азначэнні аднародныя? Якія знакі прыпынку ставяцца пры аднародных (дапасаваных і недапасаваных) азначэннях?

2. У якіх выпадках азначэнні неаднародныя?

3. У якім выпадку аднолькавыя члены сказа хоць і адносяцца да агульнага для іх слова, аднароднымі не з'яўляюцца?

4. Якая роля абагульняльных слоў пры аднародных членах?

5. Якія знакі прыпынку ўжываюцца пры аднародных членах з абагульняльнымі словамі?

Тэма 3

Пунктуацыя пры адасобленых членах сказа



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 1492; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.199.240 (0.01 с.)