Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Паняцце арфаграмы, арфаграфічнага правіла

Поиск

Арфаграма (грэч. orthos — правільны, прамы, gramma — запіс, літара) — гэта такое напісанне слова, якое выбіраецца з рада магчымых пры адным і тым жа вымаўленні і адпавядае існуючаму правілу ці традыцыі.

Напрыклад, напісанні расчоска, рашчозка, разчозка, ражчоска будуць вымаўляцца заўсёды аднолькава — [рашчоска], але нарматыўным з пункту погляду арфаграфіі будзе лічыцца толькі першае сло­ва расчоска, паколькі менавіта ў ім рэалізаваны наступныя правілы: 1) аканне (не пад націскам у беларускай мове пішацца літара а); 2) правапіс прыставак на з- (с-); 3) напісанне зычных у слабай пазіцыі, якое правяраецца моцнай іх пазіцыяй (расчасаць).

Усе арфаграмы беларускай мовы можна падзяліць на два тыпы: арфаграмы, звязаныя з абазначэннем фанемнага саставу слова, і арфаграмы, не звязаныя з абазначэннем фанем.

Да арфаграм, звязаных з абазначэннем фанемна­га саставу слова, адносяцца:

1) літары ў слове ў адпаведнасці з фанемамі ў моц­най пазіцыі (моцная пазіцыя для галосных — націскное становішча): бэлъка, маянэз, бэжавы — белы, сетка — сэрвіс, спартсмен — бармэн. Напісанне літар у падобных словах неабходна запамінаць і правяраць толькі па слоўніку: шынель, панэль, сэт, турнэпс, баранеса і іншыя;

2) літары ў слове ў адпаведнасці з фанемай у слабай пазіцыі, якую можна паставіць у моцную пазіцыю (для звонкіх гукаў слабая
пазіцыя — гэта пазіцыя на канцы слова, перад глухім зычным): пірог — мох — мог, загадка, падказка (пірага, моху, магу, загадаць, падказаць). Каб праверыць арфаграму слабай пазіцыі, неабходна вызначыць, у якую марфему ўваходзіць фанема, якая абазначаецца арфаграмай, а затым знайсці моцную пазіцыю для гэтай фанемы ў той жа марфеме;

3) літары ў слове ў адпаведнасці з фанемай у сла­бай пазіцыі, якія нельга паставіць у моцную пазіцыю. Да такіх арфаграм адносяцца, напрыклад, літары з, с у прыстаўках: узмор’е, раскапацъ, спыніць, збегчы. Фанема <з> у прыстаўках указаных слоў абазначаецца па тым гуку, якім яна прадстаўлена ў слове. Пе­рад літарамі, якія абазначаюць глухія гукі, пішацца літара с, перад звонкімі — літара з. А фанемы <б>, <д> у адпаведных прыстаўках заўсёды прадстаўлены літарамі б, д незалежна ад наступных гукаў: аб’ехаць, адказаць, адрэзаць, падцянуцца;

4) наяўнасць або адсутнасць літары: каменьчык — вагончык, кантраст — кантрасны, праезд — праязны, ралля — беларускі, ножычак — ножычка.

Да арфаграм, не звязаных з абазначэннем фанем, адносяцца:

1) напісанне слова разам, асобна, праз злучок: Давыд-Гарадок — давыд-гарадоцкі, па-першае — па першаму (слову), наверх — на верх (дома);

2) напісанне слова з вялікай ці малой літары: бацькаўшчына — Бацькаўшчына, танк — Танк (псеўданім), шарык — Шарык (мянушка сабакі);

3) напісанне слоў-абрэвіятур вялікімі ці малымі літарамі: БДУ, БТ, ЛіМ, МАЗ, БелТА, СНД, ДАБМ («Дыялекталагічны атлас беларускай мовы»); нэп, вну, загс;

4) перанос часткі слова з аднаго радка на другі: вя-сна і вяс-на, па-дышоў, пад-казаў. Нельга: вясн-а, п-адышоў;

5) графічныя скарачэнні: мн. л. — множны лік (нельга: мно. лі.);
кг — кілаграм (нельга: кіл.); с.-г. — сельскагаспадарчы (нельга: сель.-гаспа.); в/ч — войсковая часцъ (нельга: во/ча).

Арфаграфічная памылка — гэта замена арфа­грамы іншым знакам пры захаванні аднолькавага вымаўлення слова. Так, калі студэнт у слове дзядзька замест дз напіша ц («дзяцька») — гэта значыць, ён не ведае правіла перадачы на пісьме звонкіх гукаў перад глухімі. Гэта арфаграфічная памылка, бо вымаўленне слова не змяняецца. Калі ж студэнт напіша «дзідзька», то ў гэтым выпадку ён дапусціць не арфаграфічную, а маўленчую памылку, паколькі такое напісанне не будзе адпавядаць нарматыўнаму вымаўленню. Такім чынам, арфаграфічныя памылкі ўзнікаюць пры заме­не арфаграмы забароненым правіламі арфаграфіі спосабам перадачы таго ж вымаўлення.

Каб пазбегнуць арфаграфічных памылак, неабходна ведаць тыпы і віды арфаграм і тое, як праверыць арфаграму.

Арфаграфічнае правіла — гэта палажэнне, якое прапануе нарматыўнае напісанне слова ў адпаведнасці з канкрэтным арфаграфічным прынцыпам. Адхіленне ад прынцыпу лічыцца выключэннем з правіла. Напрыклад, напісанне літар е, я ў словах вясна, зямля, сям’я, веснавы, земляны, сем’янін адпавядае арфаграфічнаму правілу перадачы на пісьме «якання» (у першым складзе перад націскам пішам - я, ва ўсіх астатніх складах адносна націску — літару е). Напісанне гэтых жа літар у словах легенда, перон, завязь, роўнядзь, цягавіты — выключэнні з правіла.

Арфаграфічнае правіла грунтуецца на пэўных прынцыпах беларускай арфаграфіі [6, с. 12–14].

1.3 Асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфіі

Арфаграфічны прынцып (лац. рrіпсірuт — аснова, пачатак) — пэўная заканамернасць, звязаная з нацыянальнай спецыфікай мовы, на аснове якой грунтуюцца і аб’ядноўваюцца ў групы канкрэтныя правілы напісання. Іншымі словамі — гэта кіруючая ідэя ў выбары літар там, дзе гук можа быць абазначаны варыятыўна. У сучаснай беларускай арфаграфіі пераважная большасць усіх правілаў аб’ядноўваюцца ў групы на аснове фанетычнага, марфалагічнага (фанематычнага), традыцыйнага, дыферэнцыйнага прынцыпаў. Два з іх (фанетычны і фанематычны) з’яўляюцца вядучымі. Гэта значыць, што большасць беларускіх правілаў заснаваныя менавіта на гэтых прынцыпах.

Фанетычным прынцыпам прынята называць такі прынцып напісання слоў, паводле якога гукі перадаюцца на пісьме адпаведна літаратурнаму вымаўленню (вымаўляем [дэзынф’экцыйа], [фарватар], [баранав’іцк’і], пішам дэзынфекцыя, фарватар, баранавіцкі). Пры дапамозе гэтага прынцыпу адлюстроўваюцца пазіцыйныя чаргаванні гукаў, г. зн. гукі слабых пазіцый абазначаюцца літарамі на аснове прамой адпаведнасці: гук → адпаведная яму літара. Па гэтай прычыне фанетычныя напісанні падобныя ў некаторай ступені на транскрыпцыю, толькі яны менш дакладныя. Графічнае адзінства марфемы пры гэтым захоўваецца не заўсёды. Параўнайце: зям­ля — земляны, клён — кляновік [6, с. 18].

На фанетычным прынцыпе грунтуюцца наступныя правілы:

1. Аканне. Правапіс на месцы гукаў [о], [э] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных ва ўсіх ненаціскных складах літары а: мова — маўленне, бор — бары, сэрца — сардэчны.

2. Яканне. Правапіс я на месцы е, ё ў першым складзе перад націскам: весела — вясёлы, вяселле, зелень — зялёны, снег — сняжок.

3. Правапіс ы, і, й пасля прыставак (разыграць, зайсці, дэзынфармацыя, субынспектар, заінтрыгаваць).

4. Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах (археалагічны, маянэз, геніяльны, акіян, Нью-Ёрк).

5. Правапіс галосных у складаных словах (мнагазначны, чорнавалосы, вогнетрывалы, кінапанарама, паліклініка, полісемія, паўмесяца, поўдзень, шасцігодка).

6. Правапіс прыстаўных галосных і зычных (імгла, заржаць, гэтулькі, восень).

7. Правапіс ў (у нескладовага): паўза, клоўн, акварыум.

8. Правапіс прыставак з-, без-(бяз-), раз-(роз-), уз-, цераз- (перад глухімі зычнымі пішацца с): бясспрэчны, бязмежны, звесці, ссыпаць, расказаць. Прыстаўка з- перадаецца літарай с перад галоснымі [а], [у], [ы]: сагітаваць, сурочыць, сыграць, сыскаць; але: зыначыць.

9. Абазначэнне на пісьме цвёрдых зычных [д], [т] літарамі дз, ц перад е, ё, і, ю, я і мяккімі [в’], [м’] у корані слова: людзі, дзеці, дзверы, цвёрды, Дзмітравіч, Дзяніс, Дзвіна, Ціхан, Цюмень, Мацвей, Мацвеенка.

10. Правапіс падоўжаных зычных: падоўжанае вымаўленне зычных [дз’], [з’], [л’], [н’], [ц’], [с’], [ж], [ч], [ш] паміж галоснымі на пісьме перадаецца падваеннем адпаведных літар (падоўжанае вымаўленне [дз’] абазначаецца на пісьме спалучэннем ддз): разводдзе, суддзя, збожжа, вяселле, карэнне, калоссе, жыццё, зацішша, сучча, палоззе.

11. Правапіс спалучэнняў зн, нц, рц, рн, сн, сл на месцы этымалагічных [здн], [лнц], [рдц], [рдн ], [стн], [стл]: прыязны, сонца, сэрца, міласэрны, абласны, радасны, шчаслівы.

12. Напісанне літары т на месцы спалучэння [дт] на канцы іншамоўных слоў: Шміт, Кранштат, Гумбальт.

13. Напісанне падвойнага ч на месцы суфіксальнага [цк] перад -ін- і (-ын-) у геаграфічных назвах: Полаччына (параўн.: Полацк, полацкі), Случчына (Слуцк, слуцкі), Беласточчына, Турэччына, Нямеччына, але: Брэстчына, Навагрудчына.

14. Напісанне адной літары с і з у словах расада, расаднік, расол, расольнік, ростань, разява, разявіць.

15. Перадача на пісьме асіміляцыі свісцячых да шыпячых у словах пяшчота, рошчына, шчасце, ушчуваць, нішчымны, нішчымніца і вытворных ад іх.

16. Напісанні літары с на месцы гістарычных спалучэнняў жс, шс, хс, гс у некаторых словах таварыскі, адэскі, прыгоства, купецкі, мастацкі і інш. [12, с. 157–163].

Марфалагічны (фанематычны) прынцып заключаецца ў тым, што знакамі алфавіта абазначаюцца фанемы, якія складаюць даную марфему, незалежна ад таго, у якіх гуках выражаюцца гэтыя фанемы, г. зн. кожная фанема ў любой пазіцыі адлюстроўваецца на пісьме адным і тым жа знакам, які адпавядае фанеме ў моцнай пазіцыі [6, с. 18].

На марфалагічным прынцыпе грунтуюцца наступныя правілы:

1. Правапіс звонкіх і глухіх зычных: снег, след, год, казка, барацьба, малацьбіт, просьба.

2. Правапіс цвёрдых і мяккіх зычных: збор, мосцік, снег.

3. Правапіс свісцячых і шыпячых зычных: зжаць, расчасаць, счарсцвець.

4. Правапіс выбухных д, т у спалучэнні з афрыкатамі ч, ц: лётчык, пераплётчык, у лодцы, у вопратцы.

5. Правапіс ж, з, с перад суфіксам -чык у назоўніках, якія абазначаюць назву асобы па роду дзейнасці, прафесіі і пад.: грузчык, даносчык, берабежчык.

6. Правапіс зычных на стыку марфем: у геаграфічных назвах
(і вытворных ад іх словах) на канцы зычныя асновы з, ж, ш, г, х і каранёвага д перад суфіксальным [с] захоўваюцца ў прыметніках: каўказскі, волжскі, нясвіжскі, латышскі, выбаргскі, казахскі, заводскі, параходства.

7. Напісанне е ў прыназоўніку без і часціцы не: без клопату, без радасці, не быў, не бачыў.

8. Напісанне суфіксаў -язь, -ядзь: дробязь, боязь, роўнядзь
[12, с. 163–166].

9. Напісанне спалучэнняў сч, сшч вымаўляюцца адпаведна як [шч]: расчуліць, расшчодрыцца, расчапіць (кручкі), расшчапіць (палена).

10.Нязменны правапіс б, д на канцы прыставак і прыназоўнікаў аб, ад, над, пад: абсмяяць, адкупіцца, надпіс, падсохнуць, аб песні, над школай, пад сонцам і інш.

Традыцыйнае напісанне — гэта такое напісанне, пры якім выбар літары для абазначэння фанемы ажыццяўляецца не на аснове праверкі моцнай пазіцыяй, а на аснове этымалогіі і традыцыі
[6, с. 18–19].

Да традыцыйнага напісання ў сучаснай белару­скай мове належаць выключэнні з асноўных правілаў. Напрыклад, паводле існуючай традыцыі, у пачатку ўласных назваў заўсёды пішацца літара у (складовае): да Урала, ва Уруччы, на Украіне, да Уладзіміра.

Па традыцыі пішуцца:

1. Словы заяц, пояс, памяць, тысяча, месяц.

2. З вялікай літары новы вершаваны радок.

3. З вялікай літары назвы міжнародных арганізацый: Сусветны Савет Міру, Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Дыферэнцыйны прынцып служыць для адрознення аднолькавых паводле гучання слоў або іх форм, г.зн. арфаграфічна адрозніваць тое, што не адрозніваецца фанематычна. Літары пры гэтым асацыіруюцца не з гукамі, а непасрэдна з сэнсам (параўнайце: стол — столь, кон — конь);ужыванне вялікіх літар у імёнах (параўнайце: Колас — колас);ужыванне галосных у канчатках назоўнікаў творнага склону ў аманімічных прозвішчах і геаграфічных назвах (параўнайце: Пушкіным — Пушкінам, Барысавам — Барысавым); ужыванне канчаткаў прыметнікаў вінавальнага і роднага склону (параўнайце: чорнага хлопца — чорны стол)[6, с. 19].

Такім чынам, правілы перадачы гукаў (фанем) літарамі ў складзе слоў і марфем у сучаснай беларускай арфаграфіі пабудаваны ў асноўным на фанетычным і марфалагічным прынцыпах.

Раздзел арфаграфіі — гэта сукупнасць правілаў, заснаваных на пэўных прынцыпах.

У беларускай арфаграфіі вылучаюцца пяць адносна самастойных раздзелаў. Назавём гэтыя раздзелы і ўкажам асноўныя прынцыпы.

 

№ п/п Раздзелы арфаграфіі Асноўныя прынцыпы
1. Сукупнасць правілаў перадачы на пісьме галосных, зычных гукаў, мяккага знака і апострафа ў саставе слова і асобных марфем. Фанетычны(адзін з вядучых пры перада­чы на пісьме галосных гукаў), марфалагічны(вядучы пры пера­дачы на пісьме зыч­ных гукаў), традыцыйны(пры напісанні слоў неславянскага паходжання).
2. Сукупнасць правілаў злітнага, паўзлітнага (праз дэфіс, або злучок) і раздзельнага напісання слоў і іх частак. Лексіка-марфалагічны.Сутнасць яго ў тым, што словы пішуцца асобна, часткі слоў — разам.
3. Сукупнасць правілаў ужывання вялікай літары. Дзейнічаюць лексічныі сінтаксічны прынцыпы:вылучаюцца прапіснымі літарамі ўласныя імёны і некаторыя іншыя тыпы слоў, а таксама пачатковыя словы самастойных сказаў.
4. Сукупнасць правілаў пераносу частак слоў з аднаго радка на другі. Складова-марфемны: часткова ўлічваецца складовая структура.
5. Правілы графічнага скарачэння слоў. Літарна-гукавы: апора на большую інфарматыўнасць зычных гукаў.

 

Цэнтральным раздзелам беларускай арфаграфіі з’яўляецца першы раздзел, які ўключае правілы пе­радачы на пісьме галосных, зычных гукаў, мяккага знака і апострафа ў саставе слова і асобных марфем.

Асобны раздзел беларускай арфаграфіі складае перадача на пісьме неславянскіх імёнаў і прозвішчаў, а таксама геаграфічных назваў. Выдзяленне такога раздзела абумоўлена тым, што ў запазычаных словах могуць вымаўляцца такія гукі, якіх няма ў белару­скай мове, напрыклад, білабіяльны гук [w], што ёсць у англійскай, французскай, іспанскай і іншых мовах. У беларускай мове ён можа перадавацца рознымі спосабамі: літарай у (складовае) — уайт, уік-энд, літарай в — ват, трамвай, Аёва, Ашава [6, с. 20–21].



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-08; просмотров: 3311; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.139.104.140 (0.007 с.)