Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

К. Лейка – пачынальнік нацыянальнай драматургіі для дзяцей. Казачны сюжэт п’есы “снатворны мак” (1912).

Поиск

Кандрат Лейка (1860-1921) нарадзіўся 17.09.1860 года ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Збочна Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Бацька часта хварэў, гаспадарка ляжала на маці. Змалку Кандрату давялося працаваць пастушком, хадзіць босаму па халоднай расе за статкам. У выніку захварэў рэўматызмам, усё жыццё балелі ногі. Вучыўся ў народным вучылішчы непадалёк ад роднай вёскі Збочна. Пасля заканчэння вучылішча як лепшага вучня накіравалі ў настаўніцкую семінарыю вучыцца за казённы кошт. Настаўнічаў у Косаве (Івацэвіцкі раён), з 1884 г. – на Украіне.

У 1917 годзе здароўе К. Лейкі значна пагоршылася. У пачатку 1918 ён быў спаралізаваны. Давялося пераехаць да брата Івана на Валынь у мястэчка Здалбунаў. Цяжка перажываў разлуку з адзіным сынам Віталем (нар. у 1916, маці памерла адразу пасля родаў), якога забралі сваякі на Палтаўшчыну і з якім яго неўзабаве падзялілі межы (мяст. Здалбунаў апынулася ў Польшчы). К. Лейка стварыў для сына рукапісны “Альбом”, дзе выказваў пяшчотныя бацькоўскія пачуцці, прасіў не губляць сувязь з радзімай.

Як паэт выдаў арніталагічны цыкл вершаў: “Сарока”, “Бусел”, “Журавель”, “Птушкі”, “Гарабей” (“Верабей”) і інш.

П’еса “Снатворны мак” К. Лейкі – арганічная з’ява тагачаснага адраджэнскага кантэксту ў нацыянальнай літаратуры. У ёй аўтар звяртаецца да фальклорных матэрыялаў і казачнага сюжэту. Канфлікт твора нескладаны, як і патрабуюць законы кнігі для дзяцей малога веку. Ідылічны 12 пачатак – апісваецца вясенняе жыццё кветак у садзе – парушаюць персанажы з нядобрымі намерамі: Асва, Пчала, Мурашка, Матыль, Скакунец (страказа) і два хлопчыкі хочуць абрабаваць добрага Мака. Але падарунак Дзеда-Лесавіка – “дзівадзейны парашок” – дапамог Маку не страціць пільнасць, і злачынцы былі зачараваны вечным сном. Па традыцыі чарадзейных казак зло пераможана. І ўсё ж без заключных акордаў (рабаўнікі былі не толькі вернуты да жыцця, але і велікадушна запрошаны на чарговае свята) не атрымалася б твора з гучным гуманістычным лейтматывам. Як адзначае С. Лаўшук, “перамога фізічная дапаўняецца маральным верхавенствам, што не магло не ўзмацніць выхаваўчага ўздзеяння твора”. У дадзеным выпадку мы маем справу якраз з такім вырашэннем канфлікту, які ўяўляе эстэтычную каштоўнасць, маючы агульназначымы жыццёвы змест, і “эфект катарсісу ў такім канфлікце дасягаецца не за кошт перамогі над праціўнікам і рэалізацыі практыч- най жыццёвай задачы, а ў выніку фарміравання вышэйшых адносін да жыцця, адкрыцця яго сэнсу і каштоўнасці”. Майстэрства К. Лейкі выявілася і ў стварэнні вобразаў. Персана- жы атрымаліся жывымі і каларытнымі, хоць аўтар свядома спрошчана, эканомна падышоў да выяўлення іх характараў, якія рэпрэзенту- юцца чытачу ўжо сфарміраванымі. Такі падыход дазваляе дзецям без хістанняў вызначыцца з сімпатыямі і антыпатыямі, а гэта фарміруе сацыяльна адэкватную аксіялогію рэцыпіента. Героі надзелены чалавечымі рысамі, што дае магчымасць лепей спасцігнуць як іх унутраны свет, так і сам канфлікт. Нягледзячы на некаторыя недахопы (А. Семяновіч указвае на элементы маралізатарства, недастатковасць займальнасці і жывасці дыялогаў), п’еса “Снатворны мак” стала ўзорнай у беларускай дзіцячай літаратуры.

14. Зварот М. Багдановіча да фальклорных матываў. Ідэйны змест казкі “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык” (1915).

Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў нацыянальнай мастацкай літаратуры, паэт, празаік, гісторык літаратуры і літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык.

Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 г. (паводле новага стылю) у Мінску ў сям’і служачых.

Да фальклорных стылізацый належаць паэмы “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык” (1914 г.) пра няўдалую жаніцьбу камара і “Максім і Магдалена” (1915 г.), яе тэма – трагічнае каханне вясковага хлопца да дачкі ваяводы, які жорстка распраўляецца з юнаком, і той гіне як герой. У іх выразна гучаць фальклорныя матывы.

Пад уражаннем ад знаёмства з фальклорам розных народаў Максім Багдановіч стварыў на беларускай мове шэраг песень, стылізаваных пад народную творчасць сербаў, рускіх, украінцаў, скандынаваў, іспанцаў, японцаў, персаў.

 


Блізка рэчкі Самацечкі камары таўкуцца,

I «таўкачыкі» спяваюць i y скокі тнуцца:

«Гэй, гоп, таўкачыкі,

Гэй, гоп, асінавы,

Ды работы Максімавы…»

A Максім ляжыць на траўцы, сонна пазірае,

Камарок за камарочкам да яго шыбае,

I пясняр з усіх найлепшых ўжо звініць ля вуха,

Як камарыка няўмысне загубіла муха.

 

І

Захісталася сасонка баравая,

Затужыла дзяўчынанька маладая,

Жартаўлівая пяюшка-сакатушка,

A па імені — мушка-зелянушка:

«Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі,

Што мяне i не сваталі ніколі?

A пасагу прабагатага я маю:

Куст шыпшыны ад краю i да краю,

Шчэлка ў яблыні — пры ветры каб хавацца,

Лісць альховы — на ночку пакрывацца,

Ды да краю поўны мёдам кацялішча

3 жалудзёвай вялізнай скарлупішчы.

Калі гэты мёд у місачку кладзецца,

Ажно сліна ў роце набярэцца».

Як пачуў тыя жаласці камарык –

Паскрабаў i насочак ён i тварык:

«А чаму бы мне ды з ёй не пажаніцца?

Пэўна, пойдзе, каб болей не журыцца.

Хоць насаценькі я, шэры, хударлявы,

Дык у скоках затое жа рухавы…»

I схапіўся камарочак прыбірацца,

Каб ля мушкі-пяюшкі увіхацца.

 

ІІ

Прыляцела мушка дахаты, —

Аж у яе камарык насаты.

Сватоўя-хрушчы уссядаюць,

3 бацькам-маткай штось размаўляюць:

«Мы — стральцы, шукаем куніцу,

He куніцу, але дзявіцу».

Гаманілі болей гадзіны

Ды гавораць так да дзяўчыны:

«Ці да смаку госць наш багаты?»

«Запытайце ў мамы i таты».

Тут гарэлкай усё змацавалі,

A пасля i заручын даждалі.

Браў жаніх ад мушкі-дзяўчыны

Дарагі ручнік з павучыны,

Што яна на траўцы сцяліла

I на ясным сонцы бяліла.

У нядзелю будзе вяселле.

Захадзіў камар, як з пахмелля, —

I пяе, i скача паціху,

Ды як сыпне ураз «шырсцяніху»:

«Шырсцяніха, шырсцяніха мая.

Пакахала камара-гультая.

A камар не зважае на яе,

Толькі лётае ды песні пяе».

 

ІІІ

Загудзела, расшумелася дубрава:

Аб вяселлі у дубраве стала слава.

Як вянок на муху свацейкі надзелі,

Ўсе навокала аж вочы праглядзелі.

A калі бацькам журылася дзяўчына,

Аж заплакала жаноцкая радзіна:

«Ускланяюся татачцы i матачцы,

Калі ўжо апрыкрыла ім ў хатачцы.

І чаму ж вы мяне гадавалі

Ды ў чужую сямейку аддалі?»

Ў каравайніцы вулітак запрасілі,

I яны дзяжу на продзіў замясілі.

Авадзень быў камаровым старшым дружкай

Й рассыпаўся дробным макам перад мушкай.

Матылі — баяры, пчолачкі — баяркі -

Спрытны, шпаркі, асабліва як да чаркі.

A найстарэйшая баярачка-чмяліха

Так спявала, аж баяр пабрала ліха:

 

«Ой, багаты баяры, багаты,

Ды забыліся ўзяць грашаняты.

Хоць не шмат грашанят яны маюць,

Дык затое свой гонар трымаюць:

Хто капейку дае — грыўняй ліча яе,

A хто грыўню паклаў — што рубля дараваў».

A як сыпнулі-урэзалі музыкі,

Дык узняўся разам гоман там вялікі.

Чмель пузаты на басолі гучна грае,

A на йскрыпцы ёмка пчолка падсякае.

I знайшоўся мушанёнак нейкі малы,

Што званіў-такі не кепска у цымбалы.

Лоўка конікі у скоках выціналі,

У гару стрыбалі, звонка падпявалі:

«Камары скакаць

Выракаюцца:

Ногі лоўгія -

Паламаюцца».

Гэтак скачуць — хто патроху, хто памногу.

Нейкі конік адтаптаў чмялісе ногу.

Госці спорна п’юць-ядуць ды размаўляюць.

A музыкі граюць, дыхту заўдаваюць

Ўмела муха на вяселле запрашаці,

Ды над тое лепей ўмела частаваці,

Усяго стаяла досыць для гасціны:

Нават мёд быў i чмяліны i пчаліны.

Хрушч вялізны так гарэлкі насмактаўся,

Што зваліўся ды ў куточку высыпаўся.

Восы ў шатах чорных з жоўтымі стракамі

Проста елі мушку злоснымі вачамі.

A яна ля мужа скромненька сядзела

I зялёненькай спаднічкай зіхацела.

Мураўёўна нізка звесіла галоўку,

Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку.

Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна:

Ў кроплі дожджыка танула мураўёўна.

Ўсё сцямнела, кроплі шпарка застукалі,

У дупло, дзе мушка жыла, пападалі.

Пахаваліся ўсе госці у куточкі:

Так спынілася вяселле сярод ночкі.

A назаўтра ўсе, як толькі ўсталі зрання,

Дык пайшлі да камара на баляванне.

I былі яшчэ нарэшце перазовы,

Каб не стала аб радзіне кепскай мовы.

 

IV

Абляцелі кветачкі

He ў пару.

Невясёла шэраму

Камару.

Як пачаў ён параю

3 мушкан жыць

Давялося беднаму

Патужыць.

He умее мушачка

Працаваць,

Толькі ўмее з хлопцамі

Жартаваць;

Ані выткаць кросенкі,

Ані шыць,

Ані стравы хораша

Наварыць.

Паштурхаў камарычак

Галаву:

«Як я з гэтай жонкаю

Пражыву?

Дзе я вочы, брацікі,

Меў свае,

Як сабе за жоначку

Браў яе?»

Паляцеў ён плакацца

У лясок,

Сеў на дуб зялёненькі

Пад лісток.

Пахіліў галовачку,

Уздыхнуў,

Песню сумна, жудасна

Зацягнуў:

«Выйду ў поле ды разважу тое гора,

Гэй, гаротнае, маркотнае!

Ты шырока, маё полейка,

Ад кусточка да кусточка разлягаешся,

Ты глыбока, сэрца, краешся.

Дзе цяпер я смерць сваю спаткаю:

Ці у моры, ці у рэчцы, ці ў ставочку,

Што капытам пры дарозе быў прабіты

I да краю буйным дожджыкам наліты?»

 

V

«Што за шум у бары учыніўся?»

«А камарык там з дуба зваліўся.»

Грымнуў ён на зямлю з высакосці

I пабіў-паламаў сабе косці.

Цеслі дошкі з дубоў пілавалі,

Габлявалі, труну змайстравалі,

Ўсю чырвонай кітайкай аббілі,

Йстужкай чорнай з краёў адтачылі.

Гэй, кладуць камара ў дамавіну,

Сазываюць сяброў i радзіну.

Камары над труной затрубілі

Светлячкі лепей зорак свяцілі.

«Вы паціху, музыкі, зайграйце,

Маё сэрца украй не ўражайце!»

Горка мушка-ўдава галасіла,

Скорай смерці у бога прасіла:

«Мой мужочак, a мой камарочак,

Ты падай мне з труны галасочак.

Ах, ніхто над табой не заплача,

Толькі хмарачка дробнымі дажджамі,

Толькі мушачка горкімі слязамі».

Палажылі дамоўку на мары,

Паняслі праз лугі ды папары.

Ля дарогі магілу капалі

I y ёй камара пахавалі,

У сырую зямельку зарылі,

Зверху насып вялікі зрабілі.

Людзі добрыя шляхам мінаюць,

Шапкі нізка здымаюць, пытаюць:

«He іначай вяльможны вандроўнік, —

Генерал. ці маёр, ці палкоўнік?»

«He, ляжыць тут камар-камарочак,

У каторага з локаць насочак».


Паэзія Максіма Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Яна ўплывае на развіццё беларускай паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім, пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэтычнага слова. Некаторыя вершы сталі народнымі песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі.

 

15. Выхад у свет казак Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Дубоўкі, Станіслава Шушкевіча.

Пісьменнікі павінны былі шукаць, выяўляць, адлюстроўваць у літаратуры толькі выключна станоўчых герояў; тым больш гэта прадпісвалася дзіцячай літаратуры. У та­кой сітуацыі найбольш выйгрышным у параўнанні з іншымі празаічнымі i паэтычнымі жанрамі быў жанр казкі.

Якуб Колас. Эстэтычнае і пазнавальна- выхаваучаен значэнне казкі “ Рак-вусач”.Казка «Рак-вусач» змяшчае багаты пазнавальны матэрыял: дзеці знаёмяцца з рознымі відамі рыб нашых беларускіх рэк (сом, язь, лешч, плотка, карась, ялец і інш.). Праз маналог жыта юны чытач даведваецца, з якімі вялікімі цяжкасцямі здабываецца хлеб. Зерне, кінутае восенню ў «халодны дол пусценькі», мерзне ў полі, на якім ткуць «маразы кужаль белы». Летам жнеі сажнуць жыта, затым яго абмалоцяць, высушаць зярняты і змелюць. Але жыта пазнае і радасць: вясна дае яму жыццё, лета апранае яго ў жоўты шоўк, чалавек вырабляе з яго беленькай мукі «хлябок новы». Лёс жыта ў казцы асацыіруецца з нялёгкай, але слаўнай доляй хлебароба. Казка выхоўвае павагу да чалавека працы, рукамі якога здабываецца наш хлеб надзённы. Твор выхоўвае пачуццё калектывізму: як асабістае гора ўспрынялі сум рака і прыйшлі яму на дапамогу многія прадстаўнікі беларускай фауны і флоры, бо «справіцца з бядою можна грамадою».Казка «Рак-вусач», якая сведчыць пра высокі ўзровень майстэрства яе аўтара, абуджае паэтычныя пачуцці дзяцей. Чаргаванне парнай жаночай і мужчынскай рыфмы стварае рытмічную разнастайнасць, наяўнасць дыялогаў дае магчымасць шырока выкарыстоўваць народную гутарковую мову, алітэрацыі дапамагаюць стварыць адпаведную паэтычную карціну (напрыклад, расказ чарота: «Ша-ша! Шу-Шу! Упартасць я скрышу... Зражу! Шу-шу! Сшу-шу! Ша-ша! І-ша»). Для развіцця ў дзяцей паэтычнага бачання і мыслення ўводзяцца загадкі («Ні смяецца, ні гукае, жыве ў бухце пад ракітай, на ім світа, ды не сшыта, хоць кравец, ды не Мікіта, ідзе ў лазню камінарам, а выходзіць — пыша жарам»), сталыя эпітэты («колас буйненькі», «званар-камар»), параўнанні («сітнякі стаяць, бы свечкі»), метафары («ткуць марозы кужаль белы»).Казка “Рак-вусач” вылучаецца дзіўным багаццем ідэйнай задумы. Паэт не толькі пашырае сферу жыццёвага вопыту свайго чытача, ён прывівае яму любоў да жыцця, выхоўвае цікавасць да навакольнай рэчаіснасці. Прадстаўлены ў творы раслінны і жывёльны свет – гэта свет беларускай прыроды, роднай і блізкай дзецям. Казка спрыяе развіццю пачуцця гумару, тым самым выхоўваючы стойкасць і мужнасць душы дзіцяці, гартуючы яго да жыццёвай барацьбы. У ёй асуджаюцца нэндзы, сцвярджаецца жыццярадаснасць, працавітасць, светлая вера ў будучыню.

У казцы «Скарб» Саўка, галоўны герой твора, наслухаўшыся дзедавых казак аб багатых скарбах, адпраўляецца ix шукаць у купальскую ноч. У лесе адбываецца сустрэча хлопчыка з хохлікам, які паказвае свае падземныя скарбы i знаеміць яго са сваей шматлікай сямейкай, кожны з якой заняты важнай працай. Пабываўшы пад зямлёй на вячэры ў xoxлiкaў, Саўка не паспеў азірнуцца, як апынуўся на cваім ложку ў дзедавай хаце. Але самае галоўнае, што зразумеў хлопчык, а ў гэтым i заключаецца ідэйны змест твора, што «матка-зямля мае шмат багацця. Яна шчодрая да тых, хто любіць працаваць. Без мазалёў і поту ніякіх скарбаў не зпойдзеш».

Зм. Бядулі «Качачка-Цацачка». З. Бядуля. Ідэя сілы і непераможносць калектыру у вершаванай казцы “мурашка палашка”.Адчуваецца прывязанасць казкі «Мурашка Палашка» да палітычнай абстаноўкі ў савецкай краіне ў канцы 30-х гг. XX ст. Гepoi ў вершаванай паэме падзелены згодна з казачнай традыцыяй не толькі на станоўчых i адмоўных адпаведна ўласцівасцям ix характару (працавітасць мурашкі, жорсткасць ваўка, хітрасць ліса), але i паводле сацыяльнага статуса. Дабро ў казцы - гэта усё, што звязана з вобразам Палашкі, бо адзінокая мурашка «век-вечна голодной, холодной была». Зло ўвасоблена ў вобразе мядзведзя не толькі таму, што ён дужы i самаўпэўнены, а ў першую чаргу таму, што ён — гвалтаўнік-прыгнятальнік: «А на кухні яго // Працавалi быкі. // Мёд i niвa варыла // Матуля пчала. // Яму чухалі пяткі // Уначы барсукі, // А вавёрка пры iм // Пакаёўкай была». Адпаведна адмоўнымі персанажамі з'яўляюцца ліс i воўк таму, што яны прыслужваюць прыгнятальніку працоўных.Казка «Мурашка Палашка» акрамя тэмы калектыўнай працы, неабходнасці абароны свайго дому, сваей Бацькаўшчыны i асуджэння аматараў лёгкай нажывы ў вобразе паляўнічага, што прыйшоў за скурай не iм забітага мядзведзя, закранае i праблему гераічнага подзвігу. Палашка загінула ў барацьбе: «Паляўнічы рассёк ёй // 3 размаху спіну», аднак жа яна абяссмерціла сябе cваімi добрымі справамі. Умела карыстаецца аўтар казкі паэтычнымі сродкамі, сярод якіх вылучаюцца кароткія сказы інверсійнай будовы, вялікая колькасць сталых эпітэтаў і параўнанняў, шырокае гукаперайманне, сінтаксічныя паўторы і канструкцыі з аднолькавым дзеяслоўным кампанентам. Усе гэта садзейнічае гнуткасці і легкасці гучання паэтычнага слова.

Станіслаў ШУШКЕВІЧ (19.02.1908 – 1.01.1991) – беларускі пісьменнік, заслужаны работнік культуры Беларусі. Для дзяцей напісаў кнігі”Звярыны баль”, “Лясная калыханка”, “Сарочы церамок”, “Колькі кіпцікаў у кошкі”, “Дванаццаць пасланцоў”, “Барадаты камар”, “Ліса з магнітафонам” і іншыя.

Уладзiмiр Дубоука «Як чалавек гарох пiльнавау»

 

 


Рак-вусач

Начало формы

Конец формы

I

Ну, пачнем мы казку так:

Жыў ды быў на свеце рак

З доўгімі вусішчамі,

З чорнымі вачышчамі,

Зыркімі, лупатымі,

З лапамі разгатымі,

Шырачэзны ў шыі,

Клешні — во якія!

А як вусам павядзе —

Страшна зробіцца ў вадзе!

Рыбкі хвосцікам мяльнуць

Ды галоўкамі кіўнуць.

I барзджэй наўцекача

Ад рачышчы-вусача.

А ён шыішчай трэп-трэп!

Жабка ў бераг — і ні шэп!

Страшны рак быў, грозны рак,

Як ушчэміць — будзе знак.

I баяліся яго,

Як няведама каго.

Пад карэннямі ракіты

Жыў той рак, вусач сярдзіты.

I ёсць загадка такая:

Ні смяецца, ні гукае,

Жыве ў бухце пад ракітай,

На ім світа,

Ды не сшыта,

Хоць кравец, ды не Мікіта,

Ідзе ў лазню камінарам,

А выходзіць — пыша жарам.

II

Ну ж і слаўна каля рэчкі!

I чаго на ёй няма!

Сітнякі стаяць, бы свечкі,

Тут маліна і парэчкі —

Розных ягад проста цьма;

Тут і лозы, і ракіты,

I чарот, і асака, —

Ну, як тыя аксаміты,

Вабяць вока рыбака.

А тых птушак і не злічыш:

Качкі, кнігаўкі, драчы,

I сам бусел-паляўнічы

Вас у госці тут закліча,

Жабу ў дзюбе несучы.

Тут жыве званар-камар,

Як балотны гаспадар,

Даўганосы, даўганогі,

Голас тонкі, а сам строгі.

У траве між чаратоў —

Колькі розных матылёў,

Бабак сініх і чырвоных:

Іх сукеначкі ў фальбонах,

Іх убор — іду ў заклад —

Закасуе ўсіх дзяўчат.

Весела на рэчцы

I траве, і кветцы,

I крылатым пташкам,

Мошкам і мурашкам,

I крыклівым дзеткам,

Асабліва леткам:

У рачулцы купаюцца,

У лясочку качаюцца.

III

Ой, бяда, бяда!

Мутная вада —

Спахмурнела рэчка:

Засмуціўся рак,

Стаў ён, небарак,

Ціхі, як авечка.

Не варушыць вусам,

Лёг на дно ён брусам

I ляжыць дзён тры;

Растапырыў клешні

I не есць яешні,

Жабінай ікры.

Не вылазіць з норкі.

— Лёс мой, — кажа, — горкі

Цяжка ў свеце жыць!

Вось падплыў акуньчык:

— Вылезь, рак-гарунчык,

Годзе табе ныць.

Не смуціся дужа,

Развяселься, дружа,

Пашкадуй ты нас!

Зойдзешся ад голаду,

Прападзеш ты змоладу

Ды ў вясновы час.

А як свеціць сонейка,

Грэе рэчкі лонейка,

Песціць лес і гай,

Грэе так гарачанька.

Развяселься, рачанька,

Нас не пакідай!

Ты сядзіш нахмураны,

Злосны і абураны

I не бачыш дня.

Апусціў рак вочы,

Нават і не хоча

Слухаць акуня.

Плотка падплывае,

З ракам размаўляе:

— Адпусціся, мілы!

Чым цябе ўлагодзіць?

Што табе абходзіць,

Поўніць сумам жылы?

I нам, рыбам, трудна,

Жыць часамі нудна,

Проста ох-ох-ох!

Гоняць нас усюды,

Ловяць нас на вуды

Надзяць на гарох,

Ловяць невадамі,

Душаць венцярамі,

Брэднем, тапчаком.

Ох, жыццё — не свята,

Горачка багата,

Але ж мы жывём.

Адпусціся, рача!

Нават рэчка плача

Над сваім сынком...

Рак маўчыць зацята,

Вусам не пакратаў...

IV

Грозны сом дае наказ:

— Склікаць сход у той жа час

I на ім абмеркаваць,

Як нам лепей рады даць,

Як усцешыць чорнага

Рака непакорнага?

Сом наказ канчае так:

— Будзь ты старастам, шчупак!

Каб хутчэй ва ўсе канцы

Рассылаліся ганцы!

Тут шчупак мяльнуў хвастом,

Плотак спудзіў пад кустом,

А маруднага ліна

Выгнаў з саменькага дна.

Усім холаду задаў

I нарэшце загадаў:

— Гэй вы, плоткі-верхаводкі!

Паслужыце справе, цёткі!

Заклікайце рыбу ўсю:

Накажыце карасю,

Няхай вылезе з гразі,

Хай плывуць сюды язі,

Мянтузы, яршы, кялбы

I акунь, той гад рабы.

Ды сказаць яму прытым

Словам старасты маім,

Каб, спаткаўшыся са мною,

Да мяне стаў галавою!

Плоткі старасце — паклон,

I ўсе рынулі ў разгон.

V

У глыбознай бухце

Між карчоў дубовых

Пачыналі рыбы

Важныя размовы.

Сом адкрыў нараду,

Выступіў з дакладам,

А язь сакратарыў,

Сеўшы з сомам радам.

— Шаноўныя сябры,

Ляшчы і асятры,

Ліны і мянтузы,

Паслы ад драбязы

I іншыя асобы!

У нашай рэчцы — гора:

Смуткуе рак і ўчора

Ад гэтакай жалобы

Прыйшоў да заключэння:

Жыццё — адно мучэнне,

I згінуць хоча ў цвеце,

Бо, кажа ён, дзівак:

Найбольш няшчасны — рак

Ва ўсім вакольным свеце.

I толькі з той пары

Ён вылезе з нары

I смутак свой пакіне,

Калі хто давядзе,

Што ёсць яшчэ ў вадзе

Ці проста абы-дзе

Пакутнік яшчэ большы,

Чый лёс за рачы горшы, —

Іначай рак загіне.

I вось цяпер, браткі,

Аблазьце ўсе куткі,

Знайдзіце кандыдата

I дайце мне адказ.

Я запэўняю вас,

Пакутнікаў такіх,

Сапраўдных і цяжкіх,

Налічыцца багата.

Зашумелі рыбы:

— Назавем без хібы!

Імі гаць гаці,

Лёгка іх знайсці.

— Цішэй, сябры, увага! —

Азваўся сакратар. —

Тут ёсць такая пляга,

Што кіне ўсіх у жар:

Калі хто сапраўды

Сябе няшчасным лічыць болей,

Чым наш пакутнік-рак,

Тады

Ён добрай воляй,

Без вагання

Аддасца раку на сняданне.

Так, такі

Іначай рак не дасць нам веры.

Сказаў ды зноў сеў за паперы.

Вось сказаў, дык сказануў!

Як сякерай секануў!

Прыкусілі языкі

I мянькі, і акунькі,

А маруда той, лінок,

Віль хвастом — ды пад кусток!

Хвілін не меней пяць

«Пакутнікі» маўчаць.

— На свеце жыць не так ужо і горка, —

Сказала краснапёрка. —

Плывеш сабе туды-сюды

Без гора, без бяды;

Пад кусцік зазірнеш,

Ну, часам і ўздыхнеш,

Ды больш ужо з прывычкі,

Чым з клопату якога, —

Ці так кажу, сястрычкі?

— А так! Жывецца нам — нічога!

Хапае ўсім вадзічкі,

I плаваем па волі,

I жыру ёсць даволі.

А гэта нараканне

I ракава жалоба —

Пустое выдумлянне

Ці панская хвароба.

— Гум! — тады прамовіў сом,

Што жы мы раку паднясём?

Хай, выходзіць, гіне рак?

Ці ў няшчасных стаўся брак?

— Дайце слоўка мне сказаць!

Ялец стаў хвастом віляць. —

Я скажу вам праўду ўсю:

Жыць найгорай карасю.

I ўсе грымнулі:

— Так, так!

Ён — няшчаснейшы бядак!

Ён жыве ў балоце,

У такой брудоце!

Ён непаваротны,

Ён такі гаротны, —

Збоку глянуць — жах бярэ,

Як ён з гора не памрэ!

— А дзе карась?

— Зашыўся ў гразь,

I сход яму не мілы,

Прыйсці не мае сілы!

I кажа сом: «Заклікаць гаруна!

Шчупак, пазавіхайся!»

— У момант я спалю, як з перуна!

А ты, карась, трымайся!

VI

Прывялі карася пад канвоем,

Абступілі яго шчыльным роем.

Плотачка як глянула,

Ледзь на дно не канула:

Такі ж ён няшчасненькі,

Кругленькі, блішчасценькі.

Лін паплыў пад лозы

Выцерці там слёзы.

Нават сом крануўся,

Хвост яго сагнуўся,

Вусы задрыжалі

Ад такога жалю.

Пытае сом лагодна,

Быццам бацька родны:

— Ну, як жывеш, карась?

— А так сабе, нядрэнна:

Качаюся, як князь,

Прысмакі ем штодзенна.

Здзівілася тут грамада:

— Вось выпаліў, дык выпаліў, брыда!

— Цікава, — кажа сом, — цікава!

Здзівіў ты нас, карась, яй-права!..

Ну, а скажы: ты смуцішся ці не?

— Чаго смуціцца мне?

Не ведаю такога пачуцця —

Цярпець я не магу ні смутку, ні ныцця!

I часу не хачу на глупства траціць:

За гэта мне ніхто нічога не заплаціць.

Здзівіўся сом:

— Не хочаш траціць часу?

На што ж ты траціш час?

— А вось які мой сказ:

Люблю паэзію, жыцця майго акрасу,

I з ёю я не ведаю згрызот:

Паэзіяй я смутак адганяю,

Зашыюся ў чарот

I вершы там складаю.

Здзівіўся сом, ускінуў вочы язь

I кажа карасю:

— Паэце наш, карась!

Гаворыш складна ты,

Паслухаць нават люба,

Мы слухалі, разявіўшы раты,

Хоць ты адказваў досыць груба.

Аднак хачу цябе спытаць:

Што будзеш ты спяваць,

Як часам кульганеш

Ды на патэльню пападзеш?

— Папаўся, брат-карась!

Паэзія тут — лясь!

— Не згодзен з вамі, грамадзяне!

Калі той час настане

I лягу я ў скавараду,

Дык вусам там не павяду:

Люблю я песціцца ў смятане!

Сом смяецца:

— Няхай ты згары!

Дзівакі, як відаць, песняры,

Мабыць, розум у іх слабаваты.

Падавайся, карась, ты дахаты.

Пачакай! Ці не чуў ты, нябога,

Хто ж гаруе, пакутуе многа?

— Пра пакуты чарот мне шумеў,

Але слухаць я часу не меў.

VII

Паслалі дэлегацыю:

— Плывіце вы ў чарот!

Пра гора хай раскажа нам, —

Паслухаць хоча сход.

Прыгожых пара плотачак,

Акуньчык і кялбок

Чароту пакланіліся

I кажуць:

— Галубок!

Паслалі нас, чароцейка,

Ад рыб'яй грамады

Прасіць цябе і кланяцца,

Каб вызваліў з бяды

Пакутніка няшчаснага,

Што ўздымаў паміраць —

На сонейка на яснае

Не хоча пазіраць!

Скажы яму па-шчырасці,

Як цяжка табе жыць,

Што раку сорам скардзіцца,

Смуціцца і тужыць.

Дык будзь жа ласкаў, міленькі,

Паслухай, паслужы:

I мудрасць сваю ты яму

I гора пакажы.

— Ша-ша! шу-шу!

Упартасць я скрышу

Рачыную, зацятую:

Нягодамі багатую

Я долю раскажу —

Зражу! Шу-шу!

Сшу-шу! Ша-ша! І-ша!

VIII

Рак сядзіць у нары,

Высунуўшы клешні,

I не есць ні ікры,

Ні тае яешні.

Ну, чакай жа, брат рак:

Вунь ідзе чароцік!

Рыба валіць пад гак,

Расчыніўшы роцік.

Плёх стаіць на вадзе,

Няма месца нідзе.

Стаў чарот у позу

Супраць вербалозу:

— Ша-ша! шуш-шу!

Увагі, рача, я прашу...

Рача, рача! Ёсць на свеце

Многа нешчаслівых;

Вылезь з норкі, рача-квеце:

Смутак твой — не дзіва.

Я — гаротнік, якіх мала,

Ты паслухай толькі:

Я на грунце нетрывалым

Распускаю голькі.

Распускаю іх вясною:

Вее халадэча,

Выюць ветры нада мною,

Ломяць мае плечы.

Я адзін, няма заслоны,

Не затуляць лозы,

А мой лісцік, мой зялёны,

Смокча тля, стракозы.

Я б хацеў стаць як калода, —

Быць магутным люба.

Не судзіла ж мне прырода

Стаць мацней ад дуба.

Рача, рача! Ой, кароткі

Век мой чараціны!

Як жыву я ў час паводкі —

Не відно чупрыны.

Прыйдзе восень, пажаўцею,

Быццам бы з жаўтачкі.

Вось увага, дабрадзею,

Долі той, лайдачкі!

I на лёдзе на падсцілку

Палажу я косці.

А хто прыйдзе на магілку,

Што на тым пагосце?

Рача, рача! Ёсць на свеце

Многа нешчаслівых...

Вылезь з норкі, рача-квеце, —

Смутак твой — не дзіва.

I заплакаў тут

Наш чароцік горды.

Рак-вусач — ані шэп!

Быццам камень, цвёрды!

IX

Вось бяда, дык бяда!

Што ты скажаш, грамада?

Справіцца з бядою

Можна грамадою.

Трэба рукі прылажыць,

Каб наш рак застаўся жыць.

Каб не траціць лішніх слоў,

Зноў хацелі слаць паслоў,

Ды, на шчасцейка, якраз

Плыла качачка ў той час.

Выклікаецца яна

Абразуміць гаруна.

— Дзякуй табе, качанька!

Патурбуйся, мілая!

Памірае рачанька,

Клешня ён двухвілая,

Галава упартая,

Нікуды не вартая.

Разважалі яго мы —

Ён ні слова, як нямы!

Весяліў і акунёк,

Весяліў і чараток,

Весяліла плотачка, —

Паспробуй ты, цётачка!

X

Рак сядзіць у нары,

Высунуўшы клешні,

I не есць ні ікры,

Ні тае яешні.

Сцеражыся ж ты, рак:

Вунь ідзе, брат, качка!

Рыба валіць пад гак,

Там цяпер гарачка.

Плёх усцяж па вадзе,

Няма месца нідзе.

I залапатала

Крыллямі тут качка,

Ды вось так сказала

Гаруну бядачка:

— Рыбка непакоіцца

З гэтакага суму,

Сэрца яе кроіцца,

Бо што ты надумаў?

Ой, занадта многа ты

Носішся з сабою!

Справа варта рогату,

Параўнай з маёю.

Я хоць і жанатая,

А жыву ўдавою.

Ой, жыццё праклятае

Не дае развою!

Ранняю вясенькаю,

Як сяляне ў поле

Выедуць з сявенькаю,

Я адна-адненькая

Шворуся па доле

I шукаю купінкі

Зацішной і дзікай,

Аглядаю рупненька

З боязню вялікай

Кожную мясціначку,

Кожненькую гатку,

Дзе б мелі спачыначак

Дзеткі-качаняткі.

Без мужчынскай помачы

Я майструю хатку,

Галовачку ломячы

I дзюбок-лапатку.

А мой качар шэранькі

Знаць мяне не знае:

Б'е, скубе мне перанькі,

Я ж цярплю — адна я!

А як дзетак выведу,

Клікну іх на воду,

Дык сустрэну злыбеду,

Гора-перашкоду.

На жыццё качынае

Робяцца замахі.

Век трасуся, гіну я!

Мучаць сэрца страхі...

Ой, ды няма ліку ім,

Горкім тым падзеям!

Ды не робім крыку мы,

Скардзіцца не ўмеем.

Дык уваж ты клопаты,

Рыбіны заходы.

Гэта расшалопай ты,

Кінь згрызоты-зводы!

Нарабіў грамадзе

Клопату па вушы.

Вусам рак не вядзе,

Хоць бы клешняй рушыў.

XI

Ах, бадай жа ён скіс,

Гэты рак вусаты!

Па-над берагам звіс

Сум яго зацяты!

I няўжо ж, грамада,

Не дасі ты рады?

Проста смех і бяда

З гэтакае звады!

Слухаў бусел, маўчаў,

Думаў, а нарэшце

Чаплі штось прабурчаў,

Нібы зяць да цешчы.

Чапля крыллем лоп-лоп —

I ляціць да рыбы.

Мусіць, бусел на троп

Тут навёў без хібы.

Даюць чаплі слова,

Вось яе прамова:

— Сябры! Рэчка — наша агульная справа.

Ды пайшла ўжо нядобрая слава,

Што рыбы, птушкі і травы

I матылі над гакам

Не справяцца з тым ракам.

Папрабуем заклікаць жыта,

Прывяду яго сама і — квіта.

Калі рак і яго не паслухае,

Тады кія занюхае!

Рыба, збіўшыся пад мосцікам,

Папляскала чаплі хвосцікам.

— Дзякуй табе, чапленька!

Патурбуйся, родная!

Памірае рачанька,

Галава нягодная!

ХII

Рак панура сядзіць

I на свет не глядзіць.

Сцеражыся ж ты, рак:

Вунь ідзе, брат, жыта!

Рыба валіць пад гак,

Сом храпе сярдзіта.

Плёх усцяж па вадзе,

Няма месца нідзе.

Каліва ржаное,

Спелае, буйное

Стала над вадою

I сказала: «Рача!

Скрыўджан ты, няйначай,

Нейкаю бядою.

Але ты паслухай, дружа:

Ой, па свеце ходзіць сцюжа,

Ой, халодзіць яна дужа!

Ветрам дыша, снегам сцеле,

Ледзь душа трывае ў целе.

Надыходзіць старасць-восень,

З воч знікае неба просіць,

Віснуць ніці з хмарных кросен,

А мяне нясуць у поле,

Рассыпаюць ды на ролі

З саламянае сявенькі

У халодны дол пусценькі.

Усё чыста з поля знята —

Там адны мае зярняты.

А той вецер дзікім свістам

Дзьме па полі, полі чыстым,

Усцілае жоўтым лістам

Мае шоўкі, мае руні

Ды халодных хмар насуне.

Золкасць, зыркасць і плюхота,

Безлюдзь, смутак, адзінота.

Скубуць мае руні-шоўкі

I авечкі і кароўкі,

Бо няма ім больш спажывы,

Бо сабраны травы, нівы.

А там сівер дыхне злосна!

Ой, як страшна стане, млосна!

Ткуць марозы кужаль белы,

Засцілаюць ім свет цэлы,

Убіраюць дол змярцвелы.

Мае шоўкі, мае руні

Крышыць злы мароз-дзядуня.

Пад абрусам тым кужэльным,

Пад тым холадам пякельным

Я ляжу, сплю сном смяртэльным.

Ды надыдзе зноў вясенька,

Маладзічка весяленька,

Шумным спевам пройдуць воды,

Зноў павее ветрык згоды,

Маім шоўкам, маім руням

Дасць жыццё вясна-красуня.

Я зязюлька ж крыкне ў гаю,

Я на сонцы заіграю

I пучочкі выганяю.

Вецер бегам несупынным

Гоніць хвалі срэбрам плынным,

Шоўкам сцеле на загоны,

А я толькі б'ю паклоны

На мяжы траве-кудзельцы,

Ветру, сонцу і зямельцы.

Ой, падыдзе ж тое лета —

Жоўтым шоўкам я адзета.

Прыйдуць жнейкі-маладзічкі

I дзяўчаты-чараўнічкі,

Зрэжуць колас мой буйненькі

Пад звон песень галасенькі:

«Пара зямлю адмыкаці,

Пара росу выпускаці».

Як мост, лягу я на просце.

Вязуць з поля, ды не ў госці,

Паб'юць цэпам мае косці,

Мае зернеткі пасушаць,

 

Камянямі іх падушаць.

Ой, мае ж вы шоўкі-руні!

Ой, пабілі ж мяне ў клуні!

Пакрышылі, памалолі,

Не далі мне жыць на волі!

У той дзежачцы дубовай

З жоўтай клёпачкай альховай

Расчыняюць хлябок новы,

Расчыняюць на вадзіцы

З беленькай мае мучыцы.

Мяне ў дзежцы месяць-месяць,

Перавернуць разоў дзесяць

Ды настольнічкам завесяць.

А печ паляць дачырвона,

Гляджу ў страсе я здзіўлёна.

Ой, ды чым я вінавата?

Кіне ў печ мяне лапата,

Дзе агнём усё пранята.

Я ў агні тым абамлею,

Пажаўцею, учарнею.

I вось толькі як вадзіцай,

Не вадзіцай, а жывіцай

Мяне ўмые маладзіца,

Тады толькі свет пабачу...

Каму ж горай з нас, мой рача?

I сказаў тут рак-вусач:

— Грамада! Ты мне прабач!

Мая журба ў прах пабіта —

 

Зваявала мяне жыта,

I ад гэтае пары

Прападай мой сум стары!

* * *

Рыба з радасці такой

Пайшла ў скокі талакой,

А за ёю пташкі,

Наварыўшы кашкі

З спеленькіх пурышак

I з малінак — пышак;

А за птаствам — мошкі,

Падабраўшы крошкі;

За мошкамі — дрэвы,

Распачаўшы спевы;

За дрэвамі — травы

Ладзяць баль цікавы.

I прыйшлі музыкі

Чарадой вялікай.

Граў на скрыпачцы камар,

На дудачцы — чмель-дудар,

Хрушч узяў басэтлю,

Задае там пытлю.

Шэршань барабаніць,

Камарыка ганіць:

«Пайшоў вон! Пайшоў вон!

Ты не гэты бярэш тон!»

Муха на цымбалах

Струны калыхала,

 

Авадзень на леры

Выцінаў без меры,

А чырвоны конік

Жарыў у гармонік.

Сеў цвіркун

На чыгун

Ды тне на кларнеце,

А жучок-чарнячок

Пачаў песні пеці.

I так хораша спяваў,

Што зусім прычараваў

Тую бабку-Гапку,

Што надзела шапку.

Выскачыў журавель,

Як Піліп з канапель,

Напалохаў жабку,

Адтаптаў ёй лапку.

Пайшлі ў скокі сотні пар,

А за імі і камар

Бусла спрытна падхапіў,

Буслу ногу зачапіў,

На мазоль наступіў.

Драчык песняй скончыў баль

I дашчэнту знішчыў жаль.

Тут дайшлі мы да канца,

Дайце ж чарачку вінца,

А не, —

Дык папляскайце хоць мне!


 

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-04-07; просмотров: 4027; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.143.218.115 (0.014 с.)