Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Разгром нямецка-фашысцкіх войск пад масквой. Яго ваенна- палітычнае і міжнароднае значэнне.

Поиск

6 верасня 1941 г. Гітлер выдаў новую дырэктыву аб наступленні на Маскву.

Галоўная стаўка ў ёй рабілася на танкавыя злучэнні і авіяцыю, асаблівая ўвага звярталася на скрытнасць падрыхтоўкі аперацыі. Спачатку прадугледжвалася разграміць савецкія войскі ў раёнах Вязьмы і Бранска, затым, знішчаючы адыходзячыя на Маскву злучэнні Заходняга фронту ў паласе ад верхняга цячэння Волгі да Акі, авалодаць сталіцай СССР.

Генеральнае наступленне на Маскву пачалося 30 верасня 1941 г. (аперацыя «Тайфун») ударам 2-й танкавай арміі ворага па леваму крылу Бранскага фронту, а 2 кастрычніка на пазіцыі войск Заходняга фронту абрушыліся асноўныя сілы немцаў.

7 кастрычніка 1941 г. немцы ў раёне Вязьмы завяршылі акружэнне 19-й, 20, 24 і 32-й армій. У «кацёл» пад Бранскам трапілі часці 3, 13 і 50-й армій.

Па дадзеных айчынных гісторыкаў, у акружэнне папала 7 (з 15) палявых упраўленняў арміямі, 64 (з 95) дывізіі, 11 (з 13) танкавых брыгад, 50 (з 64) артпалкоў. Да сваіх з акружэння ўдалося прабіцца 34 савецкім дывізіям і 13 артпалкам.

Ворага ўдалося прыпыніць на мажайскай лініі, прыкладна ў 100 - 110 км ад Масквы. Над сталіцай навісла смяротная пагроза.

Цяжкія баі на маскоўскім накірунку разгарэліся 13 - 18 кастрычніка 1941 г. Немцамі ўзяты Мажайск, Малаяраславец і Таруса, узнікла пагроза выхада іх да Масквы.

19 кастрычніка 1941 г. ДКА аб'явіў Маскву на асадным становішчы. Частка цэнтральных урадавых і партыйных устаноў эвакуіравалася ў Куйбышаў (зараз Самара). У сталіцы заставаліся Палітбюро ЦК ВКП(б), СНК СССР, ДКА і Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання.

Да канца кастрычніка 1941 г. вораг быў спынены. Першае «генеральнае» наступленне нямецка-фашысцкіх войск на Маскву закончылася няўдачай.

6 лістапада 1941 г. у падземнай зале станцыі метро «Плошча Маякоўскага» адбылося ўрачыстае пасяджэнне Маскоўскага Савета, на якім з дакладам аб 25-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі выступіў І.В. Сталін.

7 лістапада, на Краснай плошчы адбыўся традыцыйны парад савецкіх войск.

15 - 16 лістапада 1941 г. пачалося другое «генеральнае» наступленне нямецка-фашысцкіх войск на Маскву.

Па задумцы гітлераўцаў магутныя танкавыя ўдары павінны былі ахапіць горад з поўначы і поўдня, а пяхотныя часці - нанесці франтальны ўдар.

Да пачатку снежня 1941 г. вораг падышоў на 25 - 30 км да сталіцы, ў канцы лістапада - пачатку снежня 1941 г. вораг сутыкнуўся з фактам свайго бяссілля перад праціўнікам, немагчымасці прарваць абарону савецкіх войск нягледзячы на выкарыстанне амаль усіх сваіх рэзерваў.

Варожыя групоўкі ў пачатку снежня 1941 г. вымушаны былі прыпыніць наступленне.

Сканцэнтраваўшы буйныя сілы, Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання прыняла рашэнне аб пераходзе савецкіх войск у контрнаступленне, якое пачалі 5 - 6 снежня 1941 г. войскі Заходняга, Калінінскага і Паўднёва-Заходняга франтоў агульнай працягласцю ў 800 км. Знішчаючы ворага, савецкія войскі да 23 лютага 1942 г. адкінулі ворагаў на захад на 350 - 400 км, вызваліўшы ад іх цалкам Маскоўскую і Тульскую вобласці, шэраг раёнаў Калінінскай (зараз Цвярской) вобласці.

Контрнаступленне савецкіх войск, якое пачалося пад Масквой, перарасло ў агульнае наступленне па ўсяму фронту. Яно працягвалася да красавіка 1942 г.

29 лістапада 1941 г. савецкія войскі вызвалілі Растоў-на-Доне. Разгром ударнай групоўкі праціўніка пад Ціхвінам (Ленінградская вобласць) сарваў план Гітлера і Маннергейма аб злучэнні нямецка-фашысцкіх і фінскіх войск для захопу Ленінграда.

Разгром нямецка-фашысцкіх войск пад Масквой і паспяховае наступленне Чырвонай Арміі зімой 1941 - 1942 гг. мелі ваенна-палітычнае і міжнароднае значэнне.

Перамога Чырвонай Арміі,

па-першае, завяршыла крах гітлераўскай стратэгіі «бліцкрыга», маланкавай вайны супраць СССР.

Па-другое, разгром нямецка-фашысцкіх войск зімой 1941 -1942 гг. канчаткова развеяў міф аб «непераможнасці» гітлераўскай арміі, моцна падарваў яе маральны дух і баяздольнасць.

Па-трэцяе, перамога савецкіх войск пад Масквой натхніла народы міра на ўзмацненне вызваленчай барацьбы і партызанскага руху ў парабаваных германскім фашызмам і японскім мілітарызмам краінах Еўропы і Азіі, на актывізацыю руху Супраціўлення.

Да восені 1942 г. былі створаны Нацыянальна-вызваленчы фронт у Грэцыі, Адзіны народна-вызваленчы фронт у Югаславіі, Нацыянальна-вызваленчы фронт у Албаніі, Фронт незалежнасці ў Бельгіі, Нацыянальны фронт у Францыі.

У Югаславіі і Грэцыі ў 1941 -1942 гг. былі створаны народна-вызваленчыя арміі на чале з камуністамі. Рух Супраціўлення аслабляў тыл гітлераўскай Германіі, зніжаў магчымасць поўнага выкарыстання эканамічнага патэнцыяла парабаваных краін, прымушаў фашыстаў пэўныя сілы выдзяляць на ахову транспартных камунікацый і барацьбу з партызанамі.

Па-чацвёртае, перамога савецкіх войск пад Масквой падзейнічала на ўрады Японіі і Турцыі, якія чакалі зручнага моманту для нападу на СССР. Гэтая перамога садзейнічала значнай змене сітуацыі на іншых тэатрах вайны, палегчыла, у прыватнасці, становішча Англіі на Міжземным моры і ў Афрыцы, зняла пагрозу ўварвання фашыстаў ў Англію.

Па-пятае, бітва пад Масквой рашаючым чынам падзейнічала на паскарэнне працэсу фарміравання антыгітлераўскай кааліцыі.

12 ліпеня 1941 г. у выніку перагавораў у Маскве было падпісана савецка-англійскае пагадненне, па якому бакі абавязваліся аказваць адзін аднаму дапамогу і падтрымку ў вайне супраць Германіі.

29 верасня па 1 кастрычніка 1941 г. у Маскве праводзілася канферэнцыя трох краін - СССР, ЗША і Англіі, на якой абмяркоўваліся пытанні аб дапамозе СССР з боку саюзнікаў і аб узаемных пастаўках.

ЗША і Англія абавязваліся з 1 кастрычніка 1941 г. да 30 чэрвеня 1942 г. штомесячна пастаўляць у СССР 400 самалётаў, 500 танкаў, 200 супрацьтанкавых ружжаў, матэрыялы ваеннага прызначэння. Савецкі ўрад абавязваўся пастаўляць сыравіну для вытворчасці ваеннай прадукцыі.

Савецкаму Саюзу быў прадастаўлены беспрацэнтны крэдыт на суму 1 млрд долараў.

Канферэнцыя паскорыла прыняцце амерыканскім урадам рашэння аб распаўсюджанні на СССР закона аб «ленд-лізе» - сістэме перадачы ў арэнду ці ўзаймы іншым дзяржавам розных матэрыялаў, неабходных ім для абароны. 14 жніўня 1941 г. на нарадзе, якая праводзілася на ваенна-марской базе Арджэнцыя (в. Ньюфаундленд) была падпісана англа-амерыканская дэкларацыя аб мэтах вайны, атрымаўшая найменне «Атлантычная хартыя». Пры гэтым Савецкі Саюз як рэальная сіла на сусветнай арэне саюзнікамі не разглядаўся, таму ў тэксце дакумента не было ніводнага слова ні аб ім, ні аб савецка-германскім фронце. Па сутнасці, англа-амерыканская хартыя насіла сепаратны характар, была свайго роду палітычным кампрамісам, выражала прэтэнзію дзвюх дзяржаў на захаванне сусветнага панавання.

7 снежня 1941 г. Японія без аб'яўлення вайны напала на амерыканскую ваенна-марскую базу Пёрл-Харбар, размешчаную на Гавайскіх астравах.

8 снежня ЗША аб'явілі вайну Японіі. Тое ж самае зрабіла і Англія.

11 снежня Германія і Італія аб'явілі вайну ЗША.

1 студзеня 1942 г. у Вашынгтоне 26 дзяржаў антыфашысцкай кааліцыі, у тым ліку СССР, ЗША, Англія і Кітай, падпісалі «Дэкларацыю Аб'яднаных Нацый», па якой абавязваліся выкарыстоўваць усе свае ваенныя і эканамічныя рэсурсы для барацьбы супраць фашысцкага блока. Гэтыя дзяржавы, а таксама краіны, якія далучыліся пазней (у канцы вайны ў антыгітлераўскай кааліцыі налічвалася больш 50 краін), сталі называцца «Аб'яднанымі Нацыямі».

СССР падпісаў 26 мая 1942 г. дагавору з Англіяй і 11 чэрвеня 1942 г. пагаднення з ЗША аб саюзе ў вайне супраць фашысцкай Германіі.

Гэтымі дакументамі быў канчаткова аформлены саюз СССР, ЗША і Англіі ў вайне. Працэс утварэння антыгітлераўскай кааліцыі завяршыўся.

18) Ваенна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні фашыстаў на захопленных тэрыторыях Беларусі. Акупацыйны рэжым.

На акупіраваных тэрыторыях СССР хутка ўсталёўваецца германскі «новы парадак» - нацысцкая сістэма ваенных, палітычных, ідэалагічных і эканамічных мер у адносінах да мясцовага насельніцтва.

Мэта акупацыйнага рэжыму на Беларусі - татальная эканамічная эксплуатацыя, паступовая каланізацыя яе тэрыторыі, германізацыя, высяленне і ў значнай ступені знішчэнне карэннага насельніцтва.

Ідэалагічная падстава палітыкі акупантаў - тэорыя аб «расавай выключнасці» нямецкай нацыі ў параўнанні з іншымі народамі. Яна сцвярджала неабходнасць пашырэння «жыццёвай прасторы» для немцаў, іх «правы» на сусветнае панаванне.

Планам «Ост» прадугледжвалася 75 % насельніцтва Беларусі знішчыць ці высяліць за Урал, 25 % анямечыць і прымусіць працаваць на немцаў-каланізатараў.

Для рэалізацыі плана ў рэйху было створана асобнае міністэрства па пытаннях усходніх тэрыторый на чале з А.Розенбергам.

Фашысты знішчылі дзяржаўнасць беларускага народа і нават тэрытарыяльную цэласнасць рэспублікі.

Тэрыторыя Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама значная частка Беларусі (53 % ад перадваеннай тэрыторыі) былі ўключаны ў склад рэйхскамісарыятаў «Остланд» і «Украіна».

Тэрыторыя Беларусі была падзелена на 5 частак:

1. Тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай, амаль усёй Гомельскай, усходнія раёны Мінскай і некалькі раёнаў Палескай абласцей былі аднесены да вобласці армейскага тылу групы армій «Цэнтр». Улада на гэтай тэрыторыі знаходзілася ў руках камандавання ваенных і паліцэйскіх органаў. Вышэйшым органам на гэтай тэрыторыі быў штаб тылу групы армій «Цэнтр».

2. Паўднёвыя раёны Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей з абласнымі цэнтрамі Мазыр, Пінск, Брэст былі далучаны да рэйхскамісарыята «Украіна», граніца якога праходзіла прыкладна за 20 км на поўнач ад чыгункі Брэст - Гомель.

3. Беластокскую, паўночныя раёны Брэсцкай, частку раёнаў Баранавіцкай абласцей гітлераўцы ўключылі ў склад Усходняй Прусіі.

4. Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці былі далучаны да Генеральнай акругі Літва.

5. У склад уласна Беларусі, ці, як яе акупанты называлі, Генеральнай акругі Беларусь (ГАБ), было ўключана 68 раёнаў з агульным лікам 192 сельскіх і 9 гарадскіх раёнаў, якія ўваходзілі ў склад БССР напярэдадні вайны. Агульная плошча ГАБ складала прыкладна чацвёртую частку тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам 3,1 млн чал. (на 04.12.41 г.), і была ўключана ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» з рэзідэнцыяй у Рызе.

Генеральная акруга Беларусь падзялялася на 10 акруг (гебітаў): Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Слонімскую, Слуцкую, Навагрудскую. Мінск з' яўляўся цэнтрам Генеральнай акругі Беларусь і выдзяляўся ў асобную акругу.

Вышэйшым выканаўчым органам тут з' яўляўся Генеральны камісарыят Беларусі, які ўзначальваў Вільгельм Кубэ, а з верасня 1943 г. - групэнфюрэр войск СС Курт фон Готберг. Яму падпарадкоўваліся гебітскамісарыяты, штатскамісарыяты (гарады), артскамісарыяты (раёны). У воласцях прызначаліся валасныя старшыні, а ў вёсках - старасты.

Узброенай апорай створанага рэжыму з' яўляліся акупацыйныя войскі вермахта - ахоўныя дывізіі. Яны забяспечвалі ахову камунікацый і ваенных аб' ектаў, лагераў ваеннапалонных, вялі барацьбу супраць партызан і насельніцтва.

Для падтрымкі акупацыйнага рэжыму быў прыдадзены значны паліцэйскі апарат. Ён ствараўся з мясцовых людзей, якія перайшлі на бок немцаў. Пры гэтым пастаянны недахоп паліцэйскіх на Беларусі акупацыйныя ўлады кампенсавалі ўкраінскімі, літоўскімі і латышскімі паліцэйскімі батальёнамі.

На працягу ўсяго перыяду акупацыі фашысты планамерна ажыццяўлялі палітыку генацыду - планамернага знішчэння цэлых груп насельніцтва па тых ці іншых матывах: з-за прыналежнасці да савецкіх актывістаў, камуністаў, яўрэяў і г.д.

Пры гэтым акупацыйныя ўлады выкарыстоўвалі сістэму мер: заложніцтва, аблавы, турмы, лагеры смерці, карныя аперацыі і інш.

Акупанты стварылі на тэрыторыі Беларусі сістэму турмаў і канцэнтрацыйных лагераў. Больш за 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі: для ваеннапалонных, для цывільнага насельніцтва, жаночыя лагеры, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, гета. Адзін з першых лагераў смерці быў створаны ў в. Дразды каля Мінска, дзе ў ліпені - верасні 1941 г. ўтрымліваліся ваеннапалонныя і цывільныя асобы ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў. Самым буйным не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй захопленай савецкай зямлі з' яўляўся Трасцянецкі лагер смерці. Тут было знішчана больш за 206 тыс. чал.

Адным з буйнейшых гарадскіх лагераў смерці было мінскае гета, створанае гітлераўцамі 19 ліпеня 1941 г. У выніку тут было знішчана каля 100 тыс. чал.

Усяго на Беларусі існавала больш за 100 яўрэйскіх гета, у якія фашысты сагналі сотні тысяч яўрэяў - жыхароў рэспублікі і іншых краін.

Сродкам рэалізацыі планаў па знішчэнні насельніцтва былі карныя аперацыі - тэрарыстычныя акцыі ваеннага, палітычнага і эканамічнага характару.

За гады акупацыі фашысты правялі больш як 140 карных аперацый, у ходзе якіх спалілі 5 454 населеныя пункты разам з усімі ці часткай жыхароў.

Трагічны лёс Хатыні падзялілі 627 беларускіх вёсак.

Адной з праяў акупацыйнай палітыкі быў вываз насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію. У рэйху такіх людзей называлі «ўсходнімі рабочымі» («остарбайтэрамі»), пазбавіўшы іх не толькі імя, але і нацыянальнасці.

За час акупацыі з Беларусі ў Германію было вывезена 380 тыс. чал., у тым ліку больш за 24 тыс. дзяцей.

Эканамічная палітыка акупантаў мела каланіяльны характар.

Дзеля грабяжу і падрыву гаспадарчага патэнцыялу Беларусі існаваў спецыяльны штаб «Ольдэнбург», які каардынаваў збор прадукцыі.

Усе захопленыя матэрыяльныя і людскія рэсурсы аб' яўляліся ўласнасцю рэйха.

У Германію вывозілі каштоўнае абсталяванне з прадпрыемстваў, прадукты харчавання, лес, лесаматэрыялы.

Разам з тым акупацыйныя ўлады ў інтарэсах Германіі арганізоўвалі работу часткі прадпрыемстваў прамысловасці, транспарта, гандлю.

У першую чаргу наладжвалася дзейнасць прадпрыемстваў, якія працавалі на патрэбы германскага вермахта.

Насельніцтва гарадоў рабавалі рознымі падаткамі і паборамі.

Харчовыя і прамысловыя тавары вывозіліся ў Германію. Немцы аддалі загад аб наладжванні «свабоднага гандлю». Хутка ўзніклі дробныя гандлёвыя прадпрыемствы. На рынку пераважаў натуральны тавараабмен: прадукты сельскай гаспадаркі абменьваліся на прамысловыя тавары. Цэны на ўсе тавары былі надзвычай высокімі.

Акупацыйныя ўлады катэгарычна забаранілі продаж на рынках буйной рагатай жывёлы, коней. У заняпадзе знаходзілася камунальная гаспадарка гарадоў і сістэма аховы здароўя. Медыцынскую дапамогу аказвалі толькі за высокую плату. Таму ў акупіраваных гарадах была вялікая смяротнасць. Людзей ва ўзросце ад 14 да 65 гадоў прымушалі працаваць на будоўлі абарончых аб' ектаў, мастоў, дарог. Пры гэтым у кожнай частцы Беларусі аплата працы была розная. У цэлым жа яе памеры не задавальнялі нават элементарныя патрэбы людзей.

У сувязі з правядзеннем аграрнай палітыкі акупанты аб' явілі ўсю калгасную маёмасць уласнасцю Германіі.

Яны не дапускалі падзелу зямлі, не распускалі праўленні калгасаў, пакінулі іх старшынь і брыгадзіраў.

У завяршаючы перыяд акупацыі (чэрвень 1943 - ліпень 1944) фашысты дазволілі перадачу зямлі ва ўласнасць сялян. Аднак з фактычнай рэалізацыяй гэтага плана акупанты не спяшаліся.

Эканамічны прыгнёт суправаджаўся духоўным.

Фашысты знішчалі ці вывозілі ў Германію культурную і гістарычную спадчыну беларускага народа.

На акупіраванай тэрыторыі дзейнічала сістэма школьнай адукацыі. Вучэбны працэс меў яскравую прагерманскую накіраванасць і нацыянал-сацыялістычную сутнасць.

На тэрыторыі акупіраванай Беларусі выходзілі газеты і часопісы.

Вынікі акупацыі.

За гады акупацыі (1941-1944 гг.) Беларусь страціла палову свайго нацыянальнага багацця. Амаль поўнасцю былі знішчаны энергетычныя магутнасці, 90 % станочнага парку, на 40 % скараціліся пасяўныя плошчы, без даху над галавой засталося амаль 3 млн чал. Пасля вызвалення ў рэспубліцы налічвалася 60 тыс. дзяцей-сірот. Цалкам было знішчана 6 177 і часткова 2 648 школьных памяшканняў, 24 навуковыя ўстановы, 200 бібліятэк, 4 756 тэатраў і клубаў, 1 377 бальніц і амбулаторый, 2 188 дзіцячых устаноў. Ахвяраю фашысцкай палітыкі генацыду стала больш за чвэрць насельніцтва Беларусі.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-06; просмотров: 412; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.143.237.203 (0.011 с.)