Традыцыйнае адзенне. Тыповыя комплексы жаночага і мужчынскага касцюма. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Традыцыйнае адзенне. Тыповыя комплексы жаночага і мужчынскага касцюма.



Жаночы касцюм прайшоў на працягу стагоддзяў значную эвалюцыю. Менавіта сялянскае насельніцтва Беларусі захавала найбольшую частку архаічных элементаў і прадметаў касцюма, а сялянскі жаночы касцюм працяглы час захоўваў традыцыі ў касцюме, якія надавалі яму асаблівую важнасць з боку этнічнай характарыстыкі нацыянальнай матэрыяльнай культуры. Да XIX ст. часу ўжо трывала склаліся характэрныя асаблівасці і структура беларускага сялянскага жаночага касцюма, якія цяпер лічацца традыцыйнымі. А жаночы касцюм знаці, наадварот, яшчэ больш чым мужчынскі касцюм знаці, век ад веку страчваў і не захаваў выразна нацыянальных рыс, а заўсёды імкнуўся быць сугучны агульназаходнееўрапейскім тэндэнцыям.

Прадметы адзення сялянскага жаночага касцюма застаюцца дастаткова ўстойлівымі. У розных рэгіёнах Беларусі яны нязначна адрозніваюцца па кроі. У аснове крою — прамавугольныя кавалкі матэрыі розных памераў, якія сшываюцца ўручную. Толькі ў канцы XIX — пачатку XX ст. пачалі шырока выкарыстоўвацца швейныя машыны, што прывяло да змянення ўпрыгожвання жаночага касцюма.

Класіфікацыя адзення па этыялогіі:

  1. Група плечавога адзення («сарочка»/«кашуля», «кофта»/«каптан» і «горсет»/«гарсет „/“ гарсэт», «кабат»);
  2. Група паяснога адзення («панёва», «саян», «андарак», «спадніца»);
  3. Галаўныя ўборы;
  4. Абутак;
  5. Упрыгожванні;
  6. Дапаўненні.

1)Сарочка з'яўляецца адным з асноўных кампанентаў комплекса і магла быць адзіным адзеннем. У мінулым гэтая частка жаночага адзення мела ўніверсальнае прызначэнне. Гледзячы на гістарычныя крыніцы, крой сарочкі ўяўляў сабой прамавугольны кавалак тканіны, складзены ўдвая па нітцы скрутка, а ў месцы перагіну рабіўся выраз для гарлавіны.

Да найбольш распаўсюджаных сярод беларусаў адносяцца жаночыя сарочкі з плечавымі ўстаўкамі. Такую сарочку шылі з прамавугольных кавалкаў тканіны, якія злучаліся ў вобласці пляча дэталямі таксама прамавугольнай формы. Памеры гарлавіны рэгуляваліся за кошт зборкі: зрэзы, якія звернутыя да гарлавіны, збіраліся на нітку па памеры шыі. Палік злучаўся са станам, утвараючы лінію проймы. Рукаў прышывалі гладка ці з мяккімі зборкамі простым ці дэкаратыўным швом. Унізе проймы ўстаўлялі клін. Такія сарочкі былі прасторнымі, больш свабоднымі па лініі грудзей і сама лінія сілуэта зверху была больш пластычнай[95].

Безрукаўнае адзенне выкарыстоўвалася як дапаўненне да святочнага касцюма. Яно адрознівалася ад іншых прадметаў адзення больш складаным і разнастайным кроем. Выказваюць меркаванне, што безрукаўнае адзенне з'явілася ў вясковых жыхароў пад уплывам гарадской культуры і з'яўляецца запазычаным. Назвы прадметаў гэтага тыпу адзення самыя мелі самыя розныя назвы: «кабат», «гарсет», «гарсетка», «кітлік», «камізэлька» (Віцебскі край); «кітлік», «шнуроўка», «станік», «лейбік», «нагруднік», «безрукаўка», «каптан», «танічак» (Гродзенскі край); «шварка» (Добрушскі раён); «халадайка», «безрукаўка», «шніроўка». Гэтыя назвы не звязаныя з асаблівасцямі крою, а вызначыліся мясцовымі традыцыямі. У XIX — пачатку XX ст. безрукаўнае адзенне апраналася на сарочку, мела адкрыты ліф з выкраенымі па канфігурацыі рукі проймамі, скосамі плечавога шва, бакамі ці падрэзамі, што прыводзіла да шчыльнага абляганне па таліі. Спераду полы сцягваліся шнуроўкай ці зашпільваліся на гузікі. Полачкі (пярэдняя частка пінжака) упрыгожваліся нашыўкамі каляровых тканін, стужкамі, дэкаратыўнай тасьмой, якія ўкладваліся ў дэкаратыўную зубчастую стужку ці ў выглядзе кветкавых руж з палосак каляровых тканін. Край борта, проймы, выраз гарлавіны падкрэсліваліся кантрасным па колеры кантам. Упрыгожвалі таксама металічнымі і касцявымі гузікамі[96].

Гарсэты былі кароткімі (звычайна да таліі) і шыліся з фабрычных, пакупных тканін. Сустракаліся суконныя кабаты, аксамітныя, расшытыя ўзорам, з шаўковых тканін з багатым усходнім малюнкам, які выкладваўся металізаванымі ніткамі па простай аснове, якія стваралі эфект перелівання золата ці срэбра ў прамянях сонца тканіны

2) У XIX—XX стст. у беларусаў у якасці паяснога адзення існавалі «панёва», «саян», «андарак», «спадніца» і інш.[98] Слова «спадніца» мела ўсеагульнае значэнне, ім ўвогуле называліся ўсе пералічаныя прадметы.

Тэрмін «панёва» выкарыстоўваўся для абазначэння як тканіны, так і несшытага жаночага адзення. У XIX ст. так называлі несшытую жаночую спадніцу[99]. У XX ст. панёвай называлі ўжо і звычайная спадніца, але яна мела ўстаўку на пярэднім палотнішчы, якая выдзяляецца па колеры ці сшытая з тканіны з характэрным малюнкам і структурай у ткацтве[100].

Андарак насілі жанчыны заможных саслоўяў для халаднага перыяду года. У XIX—XX стст. такая спадніца лічылася святочным адзеннем, магла ўваходзіць у склад вясельнага касцюма. У XIX—XX стст. андарак быў распаўсюджанным адзеннем разам з іншымі відамі жаночых спадніц. Андарак шылі ўкругавую з чыставаўнянай ці паўваўнянай тканіны. Са сподняга боку па нізе звычайна падшывалася палоска тканіны шырынёй 10-15 см, дзякуючы чаму, краю надавалася калянасць і захоўвалася колакалападобная форма вырабу. Унізе па краю прышывалася спецыяльная стужка — «шчыпок», ці «чыпок», якая не толькі ўпрыгожвала, але і засцерагала ніз спадніцы

Тэрмін «саян» выкарыстоўваюць для абазначэння жаночага адзення, якое ўяўляе сабой спадніцу з прышытым ліфам. Для саяна характэрнае адзенне без рукавоў, падобнае на сарафан[102]. Жанчыны насілі неадрэзаную па таліі сукенку без рукавоў. Яе шылі з чорнай, вытканай у дамашніх умовах тканіны, упрыгожвалі галуном і пазументам. Перад закрывалі пярэднікам. Штодзённы касцюм насілі з пярэднікам з белай тканіны. Да святочнага касцюма іх рабілі асабліва прыгожымі — расшывалі швы, баваўнянымі і ваўнянымі ніткамі вышывалі рознакаляровы арнамент. Прымянялі і іншыя прыёмы ўпрыгожванняў. «Запон» закрываў спадніцу і ліф амаль да самай шыі і падвязваўся не на таліі, а вышэй, пад грудзямі.

У склад поўнага камплекту жаночага адзення ўваходзіў фартух. Яго насілі на Беларусі разам са святочным уборам і з паўсядзённым касцюмам як са спадніцай, так і з адзеннем наўзор саяна. Фартухі шылі з адбеленай ільняной тканіны за 2-3 ночы. Злучаныя разам простым швом ці дэкаратыўным ажурам, палатнішчы тканіны збіралі ў зборку па адным краі на нешырокі пояс. Завязваўся ён па таліі і прыкрываў адзенне спераду, пакідаючы палоску спадніцы ўнізе. Святочныя фартухі ўпрыгожваліся вельмі багата і з вялікай фантазіяй, а штодзённыя былі больш сціплыя. У канцы XIX ст. іх шылі з набіўных і клетчатых тканін. У XX ст. з'явіліся пярэднікі з каляровай гладкафарбаванай тканіны (чорнай, чырвонай), аформленыя ўнізе нашыўкамі каляровых стужак. У гэты час вышыўка ці ткацкі арнамент замяняюцца нашыўкамі з каляровых стужак, аплікацыямі з каляровых тканін, устаўкамі карунак. Мелі характэрную назву «заказнікі», так як звычайна іх заказвалі майстрыцам[103].

 

Важнай складовай часткай традыцыйнага сялянскага жаночага касцюма быў пояс, на якім таксама маглі падвешвацца ключы, невялікія нажы і амулеты. У XX ст. паясы выраблялі са скуры, тканін і нітак. Ткалі і плялі паясы асаблівым спосабам — «на ніту», «на бердачцы». Тканыя паясы былі даволі доўгімі — да 2-2,5 м, скончваліся «махрамі», «кутасамі». Пояс завязвалі па таліі, часцей у два абхваты, на просты вузел. Канцы пакідалі ў цэнтры ці змяшчалі ў адзін бок. Шырыня пояса вызначалася ў суадносінах з іншымі часткамі касцюма і хісталася ад вузкіх — «у два-тры пальцы» шырыні — да 25-26 см.

3) Жаночыя галаўныя ўборы мелі важнае сацыяльнае і абрадавае значэнне. Па іх выглядзе можна было вызначыць яе сямейнае становішча, узрост і матэрыяльнае становішча. Галаўныя ўборы выкарыстоўваліся ў абрадах і рытуалах. Напрыклад, на вяселлях дзяўчыне ўрачыста змянялі дзявочы ўбор на жаночы[105].

Карэнныя адрозненні існавалі паміж жаночымі і дзявоцкімі галаўнымі ўборамі. Паколькі жанчынам паводле няпісанных норм забаранялася знаходзіцца на людзях з непакрытай галавой, жаночыя галаўныя ўборы па сваёй будове былі больш складаныя і разнастайныя, каб схаваць валасы. Дзяўчаты ж не хавалі валасоў на галаве і насілі вянкі, вузкія рознакаляровыя стужкі («скідачка», «шлячок»).

Сярод тыповых жаночых убораў былі каптуры, наміткі і хусткі. Таксама вядомыя рагацістыя — галовачка ці каптуровыя — каптур, чапец, падвічка — галаўныя ўборы[20][106].

Існавала вялікая колькасць спосабаў завязвання намітак. Вясельная намітка часта захоўвалася жанчынай ўсё жыццё і апраналася на яе пры пахаванні. Заможныя жанчыны выраблялі свае наміткі з дарагога тонкага палатна і ўпрыгожвалі іх карункамі, вышыўкай залатымі і сярэбранымі ніткамі, а жанчыны больш беднага матэрыяльнага становішча выкарыстоўвалі таннейшыя тканіны і прасцейшыя ўпрыгожванні, пры гэтым разнастайнасць арнаменту, як правіла, захоўвалася

4) Жанчыны ў сялянскіх сем'ях часцей за ўсё насілі лапці, якія вырабляліся ў сваёй гаспадарцы. У халоднае надвор'е насілі пасталы. Жанчыны-сялянкі насілі боты і жаночыя чаравікі толькі па святах, а ў паўсядзённым ужытку былі тыповымі толькі для заможных сялянскіх сямей. Такі абутак часцей выраблялі адмысловыя рамеснікі на замову

Гісторыя змен мужчынскага касцюма на Беларусі дазваляе больш глыбока зразумець патрэбы, эстэтычныя густы, сімволіку духоўнай і матэрыяльнай культуры і быт беларусаў, якія адлюстроўваюць характар таго ці іншага перыяду гісторыі і ўмовы прыроднага асяроддзя.

Плечавое і паясное адзенне

Самай старажытнай часткай мужчынскага плечавога адзення беларусаў з'яўляецца кашуля («сарочка», «рубаха», «лянка», «срачыца»)[23]. Найболей тыповым узорам мужчынскай кашулі была тунікападобная льняная кашуля без швоў на плячах, якая не мела каўняра, але мела разрэз пасярэдзіне грудзіны. На шыі кашуля зашпільвалася на гузік альбо завязвалася стужкай, тасёмкай. Тунікападобная кашуля была таксама найболей старажытным відам мужчынскай нацельнай вопраткі ў народаў Прыбалтыкі, Паволжа і Дагестана[24].

Пачаткова ва ўсходніх славян мужчынская кашуля была доўгай, часам нават да калена, і яе насілі разам са штанамі. Па сцёгнах яна была падпяразана поясам, якія са старажытных часоў былі ільняныя ці суконныя[25].

У розных рэгіёнах Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX ст. мужчынскае паясное адзенне мела свае назвы: «штаны», «нагавіцы», «ганавіцы», «парты», «учкуры», «майткі»[26]. Мужчынскія штаны ў раннім Сярэднявеччы былі нешырокімі і іх кроілі з прамых палотнішчаў, перагнутых па аснове. Паміж палотнішчамі ўшываліся ўстаўкі ці кліны. Пояс быў нешырокі і завязваўся вакол таліі[27].

У якасці ўпрыгожвання да адзення ў X—XIII стст дадавалі нашыўныя металічныя спіралькі, бляшкі ці пранізкі. Неабходным элементам мужчынскага касцюма быў скураны, тканы, плецены ці шаўковы пояс, да якога прымацоўваліся падвескі-амулеты[28].

У ліку хатняга і вулічнага кароткага адзення гараджан і шляхты ў часы ВКЛ выступалі жупіцы, казыянкі, кабаты, сукенкі, камізэлі. Жупіца — кароткі лёгкі каптан з рукавамі ці без іх, а казыянка — разнавіднасць кароткага лёгкага каптана, якая шылася як з рукавамі ці без іх. Кабат — кароткі, да паловы сцёгнаў каптан з рукавамі і без рукавоў[29].

Вулічным і хатнім плечавым адзеннем мяшчан і шляхты ВКЛ, якое апраналася паверх кашулі, быў жупан — даўгаполая вопратка з сукна ці шаўковых тканін, пашыраная ўніз ад лініі таліі, якая ад каўняра да таліі зашпільвалася на гузікі. Зімовыя цёплыя жупаны рабілі на падкладцы з ваўняных тканін, часам падбівалі ватай. Жупаны падпяразваліся суконнымі, скуранымі, а пазней і шаўковымі замежнымі ці мясцовага вырабу паясамі. Спінку жупана рабілі прыталенай, а полы суцэльнымі. З сярэдзіны XVII ст. жупан сталі насіць разам з кунтушом. Па гэтай прычыне пояс ужо завязваўся не на жупане, а на кунтушы. Змяніўся таксама і крой жупана, якога пачалі прызборваць ззаду. Шырокія рукавы жупаноў часта мелі каля запясця шчыльныя фігурныя манжэты даўжынёй амаль да пальцаў. Жупан звычайна шылі аднаго колеру, а кунтуш — іншым. Кунтушы таксама насілі і мяшчане ў часы ВКЛ, але для іх гэта быў толькі святочны ўбор[30].

У 1831 г. адкрытае нашэнне традыцыйнай шляхецкай вопраткі (кунтушы, дэліі, жупаны, канфедэраткі) было забаронена, бо лічыліся праявай апазіцыйнасці да расійскай улады. Таму сярод дваранства Беларусі распаўсюджанымі сталі агульнаеўрапейскія касцюмы, сярод якіх папулярным стаў дваранскі (гусарскі) касцюм венгерскага ўзору («венгерка») і стаў своеасаблівай заменай нацыянальнага з часоў Рэчы Паспалітай[31].

У часы Лістападаўскага паўстання (1830—1831) і Студзеньскага паўстання (1863—1864) паўстанцы выкарыстоўвалі ў знак дэманстрацыі патрыятызму многія традыцыйныя віды і элементы шляхецкай вопраткі часоў Рэчы Паспалітай (жупаны, канфедэраткі і інш.). З 1864 г. сярод дваранства абсалютна стаў пераважаць свецкі касцюм агульназаходнееўрапейскага ўзоры альбо службовыя мундзіры чыноўнікаў і вайскоўцаў Расійскай Імперыі, а забароненыя расійскай уладай для публічнага нашэння традыцыйныя касцюмы часоў Рэчы Паспалітай ашчадна захоўваліся ў скрынях.

З другой паловы XIX ст. традыцыйная тунікападобная кашуля ў беларускіх сялян пачала замяняцца на кашулю з палікамі. Асаблівасць крою гэтай кашулі — наяўнасць прамых плечавых уставак. У такіх кашулях разрэз рабіўся пасярэдзіне грудзіны і меў даўжыню каля 30 см. Вакол вората кашулі тканіна збіралася ў дробныя зборачкі, да якіх прышывалі адкладны ці невысокі стаячы каўнер з прарэзкамі на канцах, дзе ворат кашулі завязваўся праз гэтыя прарэзкі каляровай стужкай альбо зашпільваўся металічнай запінкай. Пад пахамі для зручнасці рухаў у кашулю ўшывалі квадратныя палатняныя ўстаўкі. Рукавы рабіліся простыя ці з манжэтамі, а тканіна каля апошніх таксама прызборвалася ў дробныя зборачкі. Святочныя і вясельныя кашулі аздабляліся арнаментам ці малюнкам па каўняры і канцах рукавоў — пры дапамозе тканага ці вышытага крыжыкам узора з баваўняных ніткамі чырвонага колеру, а часта дадаткова і чорнага колеру[32]. Кашулі з палікамі ў канцы XIX — пачатку XX ст. найбольш шырока былі распаўсюджаны на Палессі[33] і выкарыстоўваліся ў Заходнім Палессі аж да пачатку Другой сусветнай вайны.

Кашулі, якія сяляне насілі ў часы працы па будням, шылі з больш грубага палатна і ніяк не ўпрыгожваліся. Аднак абавязкова да сярэдзіны спіны падшывалі «падаплеку», каб кашуля меней зношвалася. Чыста белая (без упрыгожванняў і ўзораў) кашуля выкарыстоўвалася сялянамі для пахаванняў і звычайна рыхтавалася гаспадарамі загадзя[34].

Паясным адзеннем беларускага вясковага насельніцтва ў сярэдзіне XIX — пачатку XX ст. заставаліся штаны. Іх выгатаўлялі з больш грубага, чым кашуля, даматканага палатна летам, а зімой — з шэрага, чорнага, альбо карычневага даматканага сукна. На Палессі быў шырока распаўсюджаны тып штаноў, вядомы пад назвай «штаны з шырокім крокам», якія шыліся без бакавых швоў і кішэняў, з шырокай верхняй часткай і звужанымі да нізу калашынамі[35].

Звычайна штаны кроілі, склаўшы адрэзаны для кожнай калашыны кавалак тканіны ўдвая па даўжыні, а пасля ад ніжняй часткі калашын адразалі клінападобныя кавалкі, каб яны звужваліся да нізу. Сваёй даўжынёй штаны ў мэтах эканоміі тканіны не даводзілі да шчыкалаткі. Знізу ногі да паловы галёнкі абкручвалі анучамі ці суконкамі, на якія апраналі лапці ці боты. Штаны ўсіх тыпаў у канцы XIX — пачатку XX ст. у традыцыйным сялянскім касцюме шыліся на поясе, а спераду мелі разрэз. Пояс штаноў быў шырынёй 3—4 см і зашпільваўся на касцяныя, металічныя і самаробныя гузікі ці драўляную палачку[36].

Верхняе адзенне

Мужчынскае верхняе адзенне, як і касцюм у цэлым, адлюстроўвала прыналежнасць да пэўнага саслоўя і пазіцыі на ўнутрысаслоўнай іерархіі лесвіцы, на вярху якой быў вялікі князь (кароль). Касцюм вялікіх князёў увасабляў і дэманстраваў моц і багацце дзяржавы. Важную ролю мела сістэма сімвалаў, якая абавязкова аблюстроўвалася ў касцюме князя — выключныя для статусу колер і малюнкі тканіны, наяўнасць спецыфічных галаўных убораў і дэталяў, каштоўных упрыгожванняў і рэдкага футра.

У ліку зімовага адзення мужчын розных саслоўяў былі шуба, кажух, ваўчура, тулуп, футра, чуга. Верхняй зімовай вопраткай прывілеяванага саслоўя звычайна былі дарагія шубы, у якіх спод рабіўся з футра гарнастаяў, рысей, куніц, лісіц, баброў, выдраў, собаляў і вавёрак[40]. У адрозненні ад жаночых шуб, якія былі прыталеныя, мужчынскія шубы былі доўгімі і прамога крою. Шубы знаці аздабляліся зверху атласам, аксамітам, камкай, тафтой, сукном, упрыгожваліся карункамі, залатымі і срэбранымі гузікамі, зрэдку шнурамі з кісцямі, і былі парадным адзеннем. У паўсядзённым жыцці верхнім зімовым адзеннем была ваўчура, якую шылі з воўчых ці мядзвежых шкур і выкарыстоўвалася паверх кунтуша. Ваўчуру аздаблялі пунсовым атласам і завязвалася пад шыяй тоўстымі, срэбнымі ці залатымі шнурамі[41]. Кірэя была плашчападобным адзенне прамога крою з тоўстага сукна кіра, ад якога яна і атрымала сваю назву[42]. Зімовыя кірэі часта падшываліся мядзведзямі[43]. У міжсезонні і зімой у ліку верхняй вопраткай гараджан і шляхты была таксама капота, якая была двубортнай з адкладным каўняром і абшлагамі па рукавах, а ззаду і з бакоў — з вялікімі складкамі ці зборкамі. Яна зашпільвалася на плеценыя альбо шаўковыя гузікі. Зімовыя капоты падбіваліся футрам і абвязваліся літым поясам.

Кажух звычайна быў быў зімовым адзеннем больш нізкіх сацыяльных праслоек — майстроў, службітаў шляхецкага двара, чаляднікаў, пляцовай варты[44].

Традыцыйная верхняя вопратка сялян шылася з тоўстага і грубага даматканага сукна і захоўвала свае асноўныя рысы: была зручнай для працы і жыцця, шылася з танных тканін і футра. Верхняя вопратка шылася з сярмяжнага сукна хатняй вытворчасці і была як натуральных колераў (белага, шэрага, чорнага), так і пафарбаваная ў карычневы, руды, жоўты колеры (пры дапамозе карэнняў, кары, траў)

Галаўныя ўборы

Саламяныя капелюшы (брылі) у XVII—XIX стст. былі летнім галаўным уборам сялян, гараджан і нават сярэднезаможнай шляхты на вёсцы[43]. Яны выкарыстоўваліся побач з лёгкімі шапкамі з тканіны блакінага колеру. Саламяныя шапкі пляліся з жытняй ці пшанічнай саломы, радзей — з чароту[51]. Заможнае дваранства ў XIX ст. адмовілася ад саламянага капелюша.

Традыцыйным зімовым мужчынскім галаўным уборам селяніна была шапка-вушанка («вушанка», «зімка», «аблавуха», «аблавушка»), якую шылі з аўчыны ці футра лісіцы, зайца, вавёркі, ваўка. Да паўсферычнай асновы шапкі-вушанкі прышывалі 4 крылы («вухі»). Пярэднія і заднія крылы паднімалі і завязвалі зверху на макушцы, а бакавыя — пад падбародкам. Аблавуха была вельмі цёплай і цяжкай (важыла чатырох фунтаў)[53]. Зверху аблавуху пакрывалі сукном хатняй вытворчасці, а часам (для большай цеплыні) падбівалі пакляй ці лямцам, — і тады яна нагадвала старажытную трохвуголку з адрэзаным ці загнутым пярэднім вуглом. Для замацоўцы на галаве на вушы і шыю спускаліся адвароты, якія задзіралі ўверх, ці дадаткова шнуркамі[54].

У канцы XIX ст. сярод традыцыйных галаўных убораў сялян сустракалася «капуза» — вельмі высокая і значных памераў шапка, якая шылася са скуры маладога ягняці. «Вушы» капузы ў сцюжу завязвалі пад падбародкам, а ў цёплае надвор'е — паднімалі і завязвалі зверху. Сяляне называлі капузу шапкай у «паўтара барана»[55].

Фуражкі-картузы хутка распаўсюдзіліся сярод сялян і сталі асноўным уборам мужчын у пачатку XX ст. Іх насілі і дарослыя, і дзеці. Картуз меў прыгожы каляровы аток, каляны казырок, што надавала гаспадару сур'ёзны і ўрачысты выгляд[56]. У другой палове XX ст. фуражка паступова страціла сваё былое бытавое значэнне і стала галаўным уборам для супрацоўнікаў «сілавых» міністэрстваў (ваенных, пагранічнікаў, мытнікаў і г.д.). У гэты жа час з'явіўся новы галаўны ўбор — «кепка», шытая з сукна ці палатна і папулярная да сённяшняга часу.

З XIX ст. на вёсцы і ў горадзе былі таксама папулярнымі вязаныя галаўныя ўборы з ільняной ці ваўнянай пражы, часта ў форме каўпака. Вязаць іх было зручна, як доўгую панчоху, краі якой адгіналіся некалькі разоў. У другой палове XX ст. яны значна распаўсюдзіліся[57].



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-07-18; просмотров: 363; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.138.200.66 (0.019 с.)