Прычыны і пачатак рэвалюцыі 1905–1907 гг. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Прычыны і пачатак рэвалюцыі 1905–1907 гг.



 

На пачатку 20 ст. Расійская імперыя апынулася ў стане сістэмнага грамадскага крызісу, які выклікаў рэвалюцыю 1905-1907 гг. Асноўнымі прычынамі рэвалюцыі былі глыбокія сацыяльныя праблемы: 1) Праблема дзяржаўна-палітычнага ўладкавання. Дзяржаўна-палітычны лад Расійскай імперыі вызначаўся як абсалютная манархія. 2) Аграрная праблема. 3) Нацыянальная праблема. 4) Рабочая праблема. 5) Адсутнічалі грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды

На пачатку 20 ст. дадзеныя сацыяльныя праблемы асабліва абвастрыліся пад уплывам двух фактараў: 1) Сусветны эканамічны крызіс 1900-1903 гг. і эканамічная дэпрэсія 1904-1908 гг. 2) Вайна Расійскай імперыі з Японіяй 1904-1905 гг. 3) Развіццё рабочага руху. 4) Актывізацыя рэвалюцыйнага палітычнага руху. 5) Палітыка лавіраванняў з боку царскай улады.

Непасрэдным пачаткам рэвалюцыі сталі падзеі 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу (“Крывавая нядзеля”). У гэты дзень адбылося 140-тысячнае мірнае шэсце з Г. Гапонам з патрабаваннямі дэмакратычных рэформ, спынення вайны з Японіяй і паляпшэння матэрыяльнага становішча пралетарыяту. Паводле загаду царскіх улад шэсце было расстраляна, у выніку чаго загінула звыш 1 тыс. чалавек. Вестка пра гэтыя падзеі выклікала шырокае грамадскае абурэнне, якое стала пачаткам масавых рэвалюцыйных дзеянняў.

Рэвалюцыя 1905-1907 гг. у Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Беларусі, у сваім развіцці прайшла праз некалькі этапаў:

Першы этап працягваўся са студзеня па верасень 1905 г. Ён характарызаваўся паступовым нарастаннем рэвалюцыйнага руху, галоўнай формай якога з’яўляліся палітычныя стачкі і вулічныя выступленні (дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі).

На тэрыторыі Беларусі рэвалюцыя пачынаецца ў студзені 1905 г. з правядзення забастовак салідарнасці з пецярбургскімі рабочымі, што ахапілі 30 гарадоў і мястэчак і суправаджаліся масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі. У забастоўках салідарнасці ў Беларусі прынялі ўдзел каля 34 тыс. чалавек. У лютым-сакавіку 1905 г. хваля палітычных выступленняў рэзка знізілася, але ў красавіку-чэрвені назіраецца новы ўздым, звязаны са святкаваннем 1 Мая, а таксама з пратэстамі супраць рэпрэсій царскага ўрада. У палітычных стачках у гэтыя месяцы ўдзельнічала каля 100 тыс. чалавек. Адначасова з палітычнымі выступленнямі назіраўся ўздым эканамічных стачак рабочых з патрабаваннямі скарачэння працоўнага дня, павелічэння заработнай платы і інш. У выніку забастовак, праведзеных вясной і летам 1905 г., рабочыя Беларусі ў многіх выпадках дамагліся істотнага павышэння заробкаў, скарачэння працоўнага дня да 9-10 гадзін, абмежавання самавольства ўласнікаў прадпрыемстваў і г.д.

Паступова рэвалюцыйныя хваляванні перакінуліся ў вёску. У студзені-чэрвені 1905 г. у Беларусі адбылося 290 сялянскіх выступленняў. Найбольш значнай сярод іх была забастоўка сялян-падзёншчыкаў і батракоў у чэрвені 1905 г. у маёнтках Навагрудскага павета.

Другі этап прыходзіўся на кастрычнік-снежань 1905 г. Для яго характэрны найвышэйшы ўздым рэвалюцыі, адзначаны масавымі антыўрадавымі выступленнямі. 7-17 кастрычніка па ўсёй імперыі разгарнулася Усерасійская палітычная стачка, якая пачалася з усеагульнай стачкі чыгуначнікаў. На тэрыторыі Беларусі стачка распаўсюдзілася на 32 населеныя пункты; Ва ўмовах нарастання рэвалюцыйнага руху цар Мікалай ІІ падпісаў маніфест 17 кастрычніка, паводле якога Дзяржаўная дума надзялялася заканадаўчымі паўнамоцтвамі, пашыраўся кантынгент выбаршчыкаў, абвяшчалася ўвядзенне дэмакратычных свабод: слова, друку, сходаў, саюзаў, сумлення і г.д. 18 кастрычніка 1905 г., паводле распараджэння мінскага губернатара Курлова, у Мінску быў расстраляны масавы 20-тысячны мітынг, у выніку чаго загінула каля 100 чалавек.

У снежні 1905 г. адбылася новая Усерасійская палітычная стачка, якая пачалася зноў з усеагульнай стачкі чыгуначнікаў. У Маскве і некаторых іншых расійскіх гарадах яна перарасла ва ўзброенае паўстанне. У Беларусі стачка ахапіла 17 гарадоў і мястэчак; у ёй удзельнічалі каля 44 тыс. чалавек. Найбольш значныя выступленні ў гэты час адбыліся ў Баранавічах і Гомелі. У кастрычніку-снежні 1905 г. назіраўся значны ўздым сялянскага руху: за два месяцы ў Беларусі былі зафіксаваны 494 сялянскія выступленні.

Трэці этап рэвалюцыі працягваўся са студзеня 1906 г. да чэрвеня 1907 г. Яго адметнасцю сталі дзве тэндэнцыі: паступовае затуханне стачачнага руху і вулічных выступленняў і перанясенне палітычнай барацьбы ў парламент.  

 

10) Палітычная барацьба ў 1906–1907 гг.

 

17 кастрычніка 1905 г. – Маніфест цара Мікалая ІІ аб увядзенні грамадзянскіх правоў у Расіі і заканадаўчай Думы.

 

11 снежня 1905 г. быў абвешчаны закон аб выбарах у першы расійскі парламенцкі орган улады – Дзяржаўную думу.

 

Пасля разгрому рэвалюцыйных выступленняў канца 1905 г. галоўная ўвага грамадскасці была засяроджана на выбарах у І Дзяржаўную думу, з якой многія звязвалі надзеі на правядзенне грамадскіх рэформ. Паводле закона аб выбарах, шматлікія катэгорыі ніжэйшых слаёў насельніцтва, а таксама жанчыны, былі пазбаўлены выбарчага права. Выбары былі няроўныя і шматступеньчатыя. Усе выбаршчыкі ў залежнасці ад саслоўнай прыналежнасці падзяляліся на курыі; прадстаўніцтва ад курый было арганізавана такім чынам, што фактычна 1 голас двараніна быў роўны 3,5 галасам гарадской буржуазіі, 15 галасам сялян і 45 галасам рабочых.

На пачатак 1906 г. у грамадска-палітычным жыцці Беларусі выразна былі выяўлены 3 палітычныя блокі: правы (кансерватыўны), цэнтрысцкі (ліберальны), левы (рэвалюцыйна-дэмакратычны).

На выбарах у І Дзяржаўную думу ад Беларусі было абрана 36 дэпутатаў, сярод якіх было 29 прадстаўнікоў ліберальных сіл. Ва ўмовах байкоту выбараў левымі гэта сведчыла пра апазіцыйнасць грамадскіх настрояў у Беларусі ў цэлым. І Дума пачала працаваць у красавіку 1906 г. Буйнейшай фракцыяй у ёй стала кадэцкая. Група сялянскіх дэпутатаў ўтварыла больш левую фракцыю трудавікоў. Многія дэпутаты ад нацыянальных ускраін імперыі, у тым ліку ад Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, далучыліся да фракцыі аўтанамістаў. Правыя сілы апынуліся ў яўнай меншасці. У цэнтры думскіх дэбатаў паўстала аграрнае пытанне. Былі прадстаўлены два асноўныя законапраекты: кадэцкі, які прадугледжваў частковую перадачу памешчыцкіх і дзяржаўных зямель сялянам, і фракцыі трудавікоў, згодна з якім памешчыцкае землеўладанне скасоўвалася, праводзілася перадача зямлі ў грамадскі фонд, з якога яна размяркоўвалася паміж сялянамі паводле ўраўняльнага прынцыпу. Для царызму падобныя праекты былі непрымальныя. Дэпутаты Думы абвясцілі недавер царскаму ўраду і патрабавалі яго адстаўкі. У адказ цар 9 ліпеня 1906 г. разагнаў Думу, абвясціўшы пры гэтым аб новых выбарах.

Падчас працы І Думы вясной-летам 1906 г. назіраецца некаторы ўздым рэвалюцыйнага, рабочага і сялянскага руху. Спадзеючыся на яго рост, частка дэпутатаў разагнанай Думы 10 ліпеня 1906 г. выдала адозву да народа (“ Выбаргская адозва ”), у якой заклікала да масавага грамадзянскага непадпарадкавання. Аднак масавага руху не адбылося, галоўнай прычынай чаго стала палітыка рэпрэсій, якую стаў актыўна праводзіць царскі ўрад на чале з П.А. Сталыпіным. Паводле яго распараджэнняў, ствараліся ваенна-палявыя суды, якія ў паскораным парадку вялі справы супраць удзельнікаў рэвалюцыйных выступленняў; шырока практыкавалася пакаранне смерцю. Падвяргаліся пераследам апазіцыйныя партыі, прафсаюзы, незалежныя перыядычныя выданні.

У падобных умовах праходзілі выбары ў ІІ Дзяржаўную думу. Левыя сілы з-за правалу байкоту ў І Думу таксама ўдзельнічалі ў іх. На вынікі выбараў істотна паўплывалі адміністрацыйны націск і шырокая прапаганда з боку правых. Сярод 36 дэпутатаў, абраных ад Беларусі, 15 належалі да правага блока, 11 – да аўтанамістаў, 2 – да кадэтаў, 8 былі беспартыйнымі. Ніводзін кандыдат ад левых сіл у Думу не трапіў.

Аднак у цэлым у ІІ Дзяржаўнай думе, якая пачала працу 20 лютага 1907 г., пераважалі левыя; кадэты і аўтанамісты ўтваралі ўплывовыя цэнтрысцкія фракцыі; правыя знаходзіліся ў меншасці. У такіх умовах Дума спрабавала вырашыць тыя пытанні, якія стаялі і перад І Думай, што хутка прывяло дя яе канфлікту з царскім урадам. Улічваючы істотны спад рэвалюцыйнага руху, цар 3 чэрвеня 1907 г. разагнаў Думу і выдаў новы выбарчы закон. Паводле гэтага закону шматступенчатая сістэма выбараў была перапрацавана такім чынам, што надавала яўную перавагу дваранскаму прадстаўніцтву (1 голас двараніна фактычна быў роўны 4 галасам гарадской буржуазіі, 260 галасам сялян, 543 галасам рабочых). Гэтая падзея азначала канец рэвалюцыі 1905-1907 гг.

 

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-07-19; просмотров: 252; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.139.79.59 (0.006 с.)