Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Катэгорыі стану, пераходнасці, зваротнасці дзеяслова

Поиск

Катэгорыя стану выражае адносіны да суб’екта і аб’екта, прычым лагічны суб’ект не заўсёды супадае з граматычным, г.зн. дзейнікам у сказе (параўн.: Студэнт прачытаў кнігу і Кніга прачытана студэнтам – лагічны суб’ект адзін, а дзейнік розны: у першым сказе – студэнт, у другім – кніга). У сувязі з гэтым адрозніваюць незалежны стан, калі дзеянне зыходзіць ад суб’екта, што з’яўляецца ў сказе дзейнікам; і залежны стан, калі аб’ект дзеяння з’яўляецца ў сказе дзейнікам, а суб’ект дапаўненнем (падобныя сінтаксічныя канструкцыі называюцца адпаведна актыўнымі і пасіўнымі; гл.: ШУБА 1968, 20). Залежны і незалежны стан уяўляюцца ў значнай ступені абагульненымі граматычнымі катэгорыямі, якія пры сваёй дэталёвай дыферэнцыяцыі расшчапляюцца на некалькі дзесяткаў больш дробных граматычных значэнняў (гл.: ХОЛОДОВИЧ 1979, 285). У беларускай мове дзеясловы залежнага стану ўтвараюцца пераважна ад пераходных дзеясловаў незакончанага трывання, а ад пераходных дзеясловаў закончанага трывання ўтвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану (параўн.: Лекцыя слухаецца студэнтамі і Лекцыя праслухана студэнтамі і інш.). Некаторыя полісемічныя дзеясловы беларускай мовы з’ яўляюцца двухстанавымі: іх граматычнае значэнне вызначаецца кантэкстам (параўн.: Мяч кідаўся гандбалістам па варотах – закончанае трыванне; Ён кідаўся на мяне з кулакамі – незакончанае трыванне). У межах катэгорыі стану вылучаюцца значэнні сумеснасці і ўзаемнасці (гл.: АНТАНЮК 1981).

Дзеясловы залежнага стану часцей за ўсё ўтвараюцца ад дзеясловаў незалежнага стану з дапамогай постфікса -ся (-ца), тыпу бачыў – бачыўся, ламаць – ламацца і да т.п. Катэгорыя стану арганічна звязана з пераходнасцю / непераходнасцю дзеясловаў і са зваротнымі дзеясловамі (гл.: НОРМАН 1972).

Пераходныя дзеясловы выражаюць дзеянне, якое прама ці ўскосна пераходзіць на другі прадмет ад суб’екта гэтага дзеяння. У беларускай мове субстантывы, на якія непасрэдна пераходзіць дзеянне, выражанае дзеясловам, ужываюцца звычайна ў вінавальным склоне (параўн.: слухаць голас, бачыць настаўніка і інш.), радзей у родным (у прыватнасці пры дзеясловах жадання, просьбы і некаторых прыставачных дзеясловаў тыпу нарабіць, наглядзецца і да т.п., пры абазначэні субстантывам часткі прадмета тыпу напіцца вады і да т.п., пры наяўнасці ў дзеяслова часціцы не тыпу не слухаеш прамовы і да т.п. і ў некаторых іншых выпадках). Пры непрамым пераходзе дзеяння на прадмет абазначэнне апошняга ўжываецца ў розных ускосных склонах, акрамя вінавальнага (параўн.: гуляць у футбол, ківаць галавой, жыць з сястрой і да т.п.). Дзеясловы, што абазначаюць не накіраванае на прадмет дзеянне, называюцца непераходнымі, да якіх адносяцца, у прыватнасці, дзеясловы руху (параўн.: ісці, бегчы і інш.), дзеясловы са значэннем стану ці ўласцівасці (параўн.: спаць, настаўнічаць і інш.).

Пры далучэнні да розных форм дзеяслова, пераважна да пераходных, постфікса -ся ўтвараюцца зваротныя дзеясловы, што абазначаюць дзеянні, скіраваныя на сам суб’ект гэтага дзеяння. Згаданы постфікс можа выступаць у форме -ца, калі далучаецца да інфінітыва на -ць (параўн.: грэць – грэцца і да т.п.) або да форм 3-й асобы абодвух лікаў (параўн.: грэе – грэецца, грэюць – грэюцца і да т.п.). Частка беларускіх дзеясловаў ужываецца толькі ў зваротнай форме (параўн.: баяцца, смяяцца і інш.), а даволі значная колькасць непераходных дзеясловаў не мае зваротнай формы (параўн.: ехаць, расці і інш.).

Пераходныя дзеясловы, што спалучаюцца з назоўнікамі ў творным склоне, маюць суадносныя па стане пары з непераходнымі дзеясловамі (параўн.: ствараць – стварацца мастаком, ажыццяўляць – ажыццяўляцца кіраўніком і да т.п.). Астатнія дзеясловы адносяцца да аднастанавых незалежных ці аднастанавых залежных, у прыватнасці да незалежных – пераходныя дзеясловы тыпу касіць, чытаць і інш., што спалучаюцца з прамым дапаўненнем, непераходныя дзеясловы без постфікса -ся (параўн.: бегчы, вісець і інш.), непераходныя дзеясловы з постфіксам -ся (-ца), тыпу прайсціся, мыцца і інш. Да дзеясловаў залежнага стану адносяцца зваротныя дзеясловы з постфіксам -ся (-ца), якія спалучаюцца з творным склонам назоўніка-суб’екта (параўн.: малюецца мастаком, пішацца студэнтам і інш.). Да залежнага стану адносяцца і дзеепрыметнікі, што таксама спалучаюцца з творным склонам назоўніка-суб’екта (параўн.: намалявана мастаком, напісана студэнтам і інш.). Дзеясловы незалежнага стану ўжываюцца ва ўсіх граматычных формах. Дзеясловы залежнага стану часцей за ўсё маюць форму 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку ўсіх трох часоў, а таксама форму дзеепрыметнікаў: дадзеныя формы спалучаюцца з назоўнікам у творным склоне.

Катэгорыя ладу

У катэгорыі ладу выражаюцца адносіны абазначанага дзеясловам дзеяння да рэчаіснасці. Катэгорыя ладу ўваходзіць у больш шырокую катэгорыю мадальнасці (гл.: МЕЩАНИНОВ 1982, 87), дзе ўяўляецца самай граматычна выражанай і марфалагічна аформленай. У залежнасці ад таго, з’яўляецца дзеянне рэальным ці пажаданым, ці магчымым, вылучаецца адпаведна абвесны, загадны і ўмоўны лад.

Дзеясловамі абвеснага ладу абазначаюцца рэальныя дзеянні, якія або сцвярджаюцца, або адмаўляюцца (параўн.: Зіма наступіла, Сонца не свеціць і інш.). Дзеясловамі загаднага ладу выражаецца патрабаванне ці пабуджэнне да выканання дзеяння (параўн.: прынясі кнігу, бяры падарунак і інш.). Дзеясловамі ўмоўнага ладу абазначаюцца магчымыя ці пажаданыя дзеянні (параўн.: Прынёс бы ты мне кнігу, Хутчэй бы наступіла вясна і інш.).

Толькі дзеясловам абвеснага ладу ўласцівы граматычныя формы ўсіх трох часоў (цяперашні, будучы, прошлы). Дзеясловы загаднага ладу не маюць катэгорый часу, змяняюцца па асобах, часткова па ліках. Найбольш ужывальнай граматычнай формай загаднага ладу служыць другая асоба адзіночнага ліку, якая ўтвараецца з дапамогай канчатка -і (-ы), што далучаецца да асновы дзеясловаў цяперашняга часу, або без канчатка (параўн.: схадзі, вучы, сядзь і інш.), а таксама 2-я асоба множнага ліку, што ўтвараецца праз далучэнне да адпаведнай формы загаднага ладу 2-й асобы адзіночнага ліку постфікса -це (параўн.: прынясіце, сядзьце і да т.п.). Формы загаднага ладу ўтвараюцца таксама ад дзеясловаў першай асобы множнага ліку, 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку з дапамогай часціц давай (давайце), няхай (хай) тыпу давай зробім, няхай (хай) зробіць (зробяць) і інш.

Дзеясловы ўмоўнага ладу не змяняюцца ў часе, не маюць формы асобы (але гэтая форма можа выражацца аналітычнымі сродкамі), характарызуюцца катэгорыямі роду, ліку, трывання і абазначаюць ірэальныя дзеянні, якія магчымы толькі пры пэўных варунках. Формы ўмоўнага ладу ўтвараюцца ад дзеясловаў прошлага часу з дапамогай часціцы бы (б). Формам катэгорыі ладу ўласцівы транспазіцыі (гл.: КАЎРУС 1980, 122), г.зн. ужы-ванні дзеясловаў аднаго ладу ў значэнні другога (параўн.: Сёння пойдзеш на дзяжурства ты; А ён вазьмі, ды і зрабі гэту працу – дзеясловы абвеснага і загаднага ладу ўжываюцца адпаведна ў значэнні загаднага і абвеснага ладу і інш.). Формы загаднага ладу не ўтвараюцца звычайна ад безасабовых дзеясловаў і дзеясловаў, што характарызуюць дзеянні неадушаўлёных прадметаў (параўн.: кіпець, цячы, світаць і да т.п.).

Катэгорыя часу

У катэгорыі дзеяслоўнага часу адлюстроўваюцца адносіны дзеяння да моманту гутаркі. Дзеянне, што адбываецца падчас гутаркі, выражаецца дзеясловамі цяперашняга часу, да моманту гутаркі – дзеясловамі будучага часу, пасля моманту гутаркі – дзеясловамі прошлага часу.

Паміж катэгорыямі часу і трывання маецца арганічная сувязь (гэтыя катэгорыі лучацца ў межах шырэйшых катэгорый тэмпаральнасці; гл.: БОНДАРКО 1978, 146; TEMPORALITÄT UND TEMPUS 1995, і таксісу, гл.: ТЕОРИЯ 1987, 234): дзеясловы незакончанага трывання выступаюць у формах цяперашняга, прошлага і будучага складанага часу, дзеясловы закончанага трывання – у формах прошлага і будучага простага часу. У форме дзеясловаў цяперашняга часу выкарыстоўваюцца ўсе асабовыя формы адзіночнага і множнага ліку, пры гэтым асоба і лік выражаюцца дзеяслоўнымі канчаткамі (параўн.: чытаю, чытаеш, чытае: чытаем, чытаеце, чытаюць). Форма дзеясловаў будучага часу рэалізуецца як сінтэтычнымі сродкамі (будучы просты: напішу, прачытаю і інш.), так і аналітычнымі (будучы складаны: буду пісаць, буду чытаць і інш.). Дзеясловы прошлага часу маюць формы мужчынскага, жаночага і ніякага роду (параўн.: жыў, жыла, жыло і інш.), закончанага і незакончанага трывання (параўн.: рабіў – зрабіў і інш.).

У цэлым дзеяслоўныя формы часу з’яўляюцца суадноснымі з рэальным часам, хаця ў пэўных кантэкстах і сітуацыях магчымы ўжыванні адных форм у значэнні іншых (параўн.: Іду я ўчора па вуліцы, Вы сядзіце, а я пайшоў – дзе дзеяслоў цяперашняга часу ўжываецца ў першым сказе ў значэнні прошлага, а дзеяслоў прошлага часу пайшоў у другім сказе – у значэнні будучага часу і інш.). Акрамя таго, дзеясловы цяперашняга часу выражаюць так званы абсалютны час, калі дзеянне служыць працэсуальнай прыкметай, уласцівай для адпаведных прадметаў ва ўсе часы (параўн.: Вада замярзае пры нуль градусаў; Птушкі лётаюць у паветры і інш.).



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-09-20; просмотров: 2224; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.141.25.100 (0.008 с.)