Характэрныя рысы раннесярэднявечнага звычаёвага і пісанага права. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Характэрныя рысы раннесярэднявечнага звычаёвага і пісанага права.



У 1-м тыс. н.э. ва ўсходнiх славян фармiравалася ўстойлiвая сiстэма агульнапрынятых звычаяў, якая вызначала правiлы паводзiн людзей. Паступова частка звычаяў пачала набываць рысы абавязковасцi, нярэдка суправаджалася прымусам, якi быў санкцыянаваны родаплемяннымi органамi i абшчынамi, i ўрэшце рэшт набыла якасці звычаёвага права. Яно выяўлялася, напрыклад, у кроўнай помсце за забойства родзiчаў, у спосабах заключэння шлюбу i парадку атрымання спадчыны, у выгнаннi з абшчыны за парушэнне мiру i г.д.

Узнiкненне старажытных дзяржаў на тэрыторыi Беларусi суправаджалася фармiраваннем старажытнага феадальнага права. Яго першай крынiцай, асновай i былi старажытныя звычаi. З таго моманту, калi звычай санкцыянаваўся дзяржавай, ён станавiўся нормай звычаёвага права. Гэтыя нормы маглi iснаваць як у вуснай, так i ў пiсьмовай форме.

Частка нормаў звычаёвага права паступова замацоўвалася ў дзяржаўным пiсьмовым заканадаўстве, часткова вiдазмяняючыся або заканадаўча забараняючыся. Кроўная помста, напрыклад, была забаронена ўжо ў XI ст.

Такiм чынам, у старажытнасцi пануючым было звычаёвае права. Яно ўяўляла сабой сiстэму прававых нормаў, якiя ўзнiклi непасрэдна з грамадскiх адносiн, абапiралiся на агульнапрынятасць i даўнасць ужывання i былi санкцыянаваны дзяржавай.

З далейшым развiццём i ўмацаваннем феадальных адносiн стваралiся перадумовы для атрымання льгот пануючым класам. Таму ад дзяржавы патрабавалася выданне спецыяльных законаў, дапаўненняў i тлумачэнняў да нормаў звычаёвага права. Так стваралiся нормы пiсанага права, якое спачатку не адмяняла нормаў звычаёвага права, а толькi дапаўняла iх, надавала iм агульнадзяржаўны характар. Таму невыпадкова, што ва ўсiх старажытных помнiках асноўны змест пiсанага права складалi нормы, узятыя са звычаёвага права.

Звычаёвым правам у старажытнасцi рэгулявалiся ўсе праваадносiны ў грамадскiм жыццi: структура i кампетэнцыя дзяржаўных устаноў, правы i абавязкi розных класаў, станаў (саслоўяў) i сацыяльных груп насельнiцтва, грамадзянскiя, сямейна-шлюбныя, зямельныя, судова-працэсуальныя, крымiнальныя i iнш. На Беларусi звычаёвае права было пануючым да XV ст. Паступова яно выцяснялася пiсаным правам. Многiя нормы звычаёвага права набылi форму закона ў выглядзе шматлiкiх грамат, лiстоў, прывiлеяў, соймавых пастаноў, статутаў, iншых прававых актаў.

Для старажытнага звычаёвага права Беларусi характэрныя наступныя рысы: партыкулярызм, традыцыяналiзм i дуалiзм.

Партыкулярызм права звязаны з наяўнасцю ў кожнай мясцовасцi сваiх звычаяў, нормаў, правiл i адсутнасцю агульнадзяржаўнай прававой сiстэмы. Напрыклад, у “Аповесцi мiнулых гадоў” гаворыцца аб тым, што насельнiцтва кожнай зямлi “имяху бо обычаи свои и закон отец своих и преданья каждо свой нрав”.

Традыцыяналiзм i кансерватызм прававых нормаў, iх нязменнасць у многiм былi абумоўлены ўплывам царквы. Справа ў тым, што ў аснове старажытнай прававой тэорыi ляжала царкоўнае вучэнне аб тым, што ў грамадстве i ва ўсiм свеце наогул пануе нязменны, раз i назаўсёды ўстаноўлены Богам парадак. Усякiя спробы крытыкаваць цi змяняць сацыяльна-эканамiчную, палiтычную цi прававую сiстэму лiчыліся ерассю, выступленнем супраць царквы i Бога. Гэта значна абмяжоўвала заканадаўчую дзейнасць князя, бо ён не быў упаўнаважаны ствараць або змяняць нормы права. Нават у XV — XVI стст. урад вымушаны быў абяцаць не парушаць традыцыi i не ўводзiць новых парадкаў. З традыцыяналiзмам у звычаёвым праве цесна звязана iерархiчнасць грамадства з яго складанай сацыяльнай структурай i прававой рэгламентацыяй саслоўяў i сацыяльных груп.

Дуалiзм (дваiстасць) звычаёвага права заключаўся ў iдэi поўнага бяспраўя рабоў (халопаў, чэлядзi нявольнай) i фармальнай роўнасцi свабодных людзей пры фактычным стварэннi льгот i пераваг пануючаму класу. Халопы, чэлядзь нявольная не прызнавалiся самастойнымi суб’ектамi праваадносiн. Адноснае раўнапраўе свабодных гараджан, сялян-даннiкаў i iншых праяўлялася ў тым, што яны маглi ўдзельнiчаць у рашэннi дзяржаўных спраў на вечавых сходах, выбiраць i быць выбранымi ў органы кiравання, неслi роўныя павiннасцi, у тым лiку i вайсковую па абароне свайго горада, воласцi, княства. Але з далейшым развiццём феадальных адносiн праваздольнасць простых людзей пачала абмяжоўвацца.

6. Асноўныя канцэпцыі паходжання дзяржаўнасці Вялiкага княства Лiтоўскага. Асаблівасці працэсу фарміравання тэрыторыі і адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ВКЛ (другая палова XIII – пачатак XVI ст.).

Пытанне аб утварэннi Вялiкага княства Лiтоўскага (ВКЛ) з’яўляецца адным з самых складаных i спрэчных у сучаснай гiстарычнай навуцы. Аб першапачатковым палiтычным i тэрытарыяльным цэнтры Лiтвы ў навуцы склалiся дзве асноўныя канцэпцыi. Першая, якая адлюстравана у публiкацыях дарэвалюцыйных і савецкiх гiсторыкаў, звязвае ўзнiкненне ВКЛ з паскораным развiццём феадальных адносiн на тэрыторыi ўсходняй часткi сучаснай Лiтвы (Аўкштайцii), вынiкам чаго з’явiлася палiтычная кансалiдацыя плямёнаў, што пражывалi на азначанай тэрыторыi, i ўзнiкненне моцнага дзяржаўнага ўтварэння на чале з уласнай княжацкай дынастыяй. Такi пункт гледжання азначае, што Вялiкае княства Лiтоўскае ўтворана знешнiмi сiламi без удзелу ўсходнiх славян і таму яно чужое для беларусаў i ўкраiнцаў. На працягу доўгага часу ў савецкай гістарыяграфіі пытанне аб утварэнні Вялікага княства Літоўскага не было перагледжана. Мяркуеца, гэта звязана з тым, што ў канцы 20 — пачатку 30-х гг. гістарычная навука апынулася пад моцным уціскам сталінскай знешняй палітыкі. У тыя часы Літва і Польшча былі буржуазнымі, а значыць, варожымі дзяржавамі. Гісторыкам, у тым ліку і гісторыкам права, трэба было прытрымлівацца прынцыпу “история — это политика, опрокинутая в прошлое” і даказваць спрадвечную варожасць гэтых дзяржаў да беларускага, украінскага і рускага народаў. Таму ў вядомых “Тэзісах” аб асноўных пытаннях гісторыі БССР з’яўляецца раздзел “Беларусь пад уладай літоўскіх і польскіх захопнікаў у XIV — XVIII стст.”. Такiм чынам, у 40-я — першай палове 50-х гг. ствараецца канцэпцыя гісторыі Беларусі, якая базіруецца не на грунтоўных даследаваннях і аналізе шматлікага дакументальнага матэрыялу, а на суб’ектыўных меркаваннях і домыслах1. Паводле яе ВКЛ разглядаецца толькi як дзяржава літоўскіх феадалаў, прычым усяляк падкрэсліваецца захоп літоўцамі беларускiх земляў і барацьба працоўных Беларусі за ўз’яднанне з Масквой. Літоўская дзяржава, паводле схемы гісторыкаў сталінскай школы, была для беларуса чужароднай прыгнятальнай дзяржавай. Беларускі народ у час утварэння, а потым і ўмацавання Вялiкага княства Лiтоўскага ў афіцыйнай гістарыяграфіі паказваўся непаўнацэннай істотай, якая не магла цвёрда стаяць на ўласных нагах, не мела нічога гераічнага ў сваёй тысячагадовай гісторыі і марыла толькi аб адным — уз’яднанні з Масквой2.

Другая канцэпцыя атрымала права на жыццё з выхадам у свет работ беларускага гiсторыка М.Ермаловiча1.

Даследваючы праблему ўтварэння Вялiкага княства Лiтоўскага, М.Ермаловіч прыходзіць да высновы, што ніводная гістарычная крыніца не пацвярджае літоўскага заваявання Чорнай Русі і іншых беларускiх земляў, што нібыта і паклала пачатак утварэнню Літоўскай дзяржавы. Заваяванне беларусаў літоўцамі ёсць нішто іншае, як міф, які ўзнік у сярэдзіне XVI ст., каб ідэалагічна абгрунтаваць правы Маскоўскай дзяржавы на беларускія землі, значная частка якіх была тады часова занята войскамі Iвана Грознага. Нельга таксама атаясамліваць летапісную Літву з усходняй часткай сучаснай Літвы (Аўкштайціяй). Гістарычныя сведчанні і тапаніміка паказваюць, што пад уласна Літвой у XI — XIII стст. разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Навагародскай землямі і якая нароўні з імі з’яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Менавіта яна і была далучана да Навагародка спачатку ў 50-я гг. літоўскім перабежчыкам Міндоўгам, а пасля, у 60-я гг., — канчаткова яго сынам Войшалкам.

Такiм чынам, кіруючыя колы Навагародскага княства выкарысталі палітычныя супярэчнасці ў землях Верхняга Панямоння ва ўласных інтарэсах і пры дапамозе Міндоўга падпарадкавалі іх сабе. “Навагараодак, — піша М.Ермаловіч, — паставіў яго (Міндоўга. — Аўт.) сваім князем для больш паспяховага ажыццяўлення сваёй дзяржаўнай мэты — заваявання Літвы”1. Таму ёсць падставы лічыць Навагародак і Навагародскае княства тым палітычным цэнтрам, вакол якога пачалася кансалідацыя беларускiх, літоўскіх (у рэальным сэнсе гэтага слова), а потым і ўкраінскіх зямель.

Навагародак стаў першай сталіцай Вялiкага княства Лiтоўскага. Адсюль, з Беларускага Панямоння, дзе знаходзілася летапісная Літва, і пайшла назва новай дзяржавы як літоўскай. Адбыўся аб’ектыўны працэс аб’яднання беларускiх земляў у інтарэсах беларускiх феадалаў, што і характарызуе гэту дзяржаву найперш як беларускую. Вось чаму ў Вялiкім княстве Лiтоўскім пануючае месца займала беларуская культура і дзяржаўнай стала беларуская мова2.

Некаторыя даследчыкi разглядалi ўтварэнне Вялiкага княства Лiтоўскага як адну з двух магутных плыняў палiтычнага развiцця ўсходнiх славян (Масква i ВКЛ). Адсюль i бярэ паходжанне тэрмiн “Лiтоўская Русь”.

Iснаванне розных пунктаў гледжання на працэс утварэння Вялiкага княства Лiтоўскага сведчыць аб неабходнасцi далейшай навуковай распрацоўкi гэтай важнай праблемы. На наш погляд, яно з’яўляецца вынiкам беларуска-лiтоўскага грамадскага сiнтэзу. Галоўнай рухаючай сiлай аб’яднання беларускiх i лiтоўскiх княстваў у адну буйную дзяржаву было развiццё прадукцыйных сiл i эканамiчных сувязяў памiж княствамi. Паскарэнню гэтага працэсу паслужыла неабходнасць аб’яднання ваенных сiл для барацьбы з крыжакамi, а таксама з нашэсцем мангола-татараў. Здаецца, Полацкае княства, якое мела багатыя традыцыi самастойнага iснавання, павiнна было стаць аб’яднальным цэнтрам навакольных зямель. Але справа ў тым, што Полаччына ў XIII ст. была ўжо не настолькi багатай i магутнай, як у папярэднiя стагоддзi, бо страта выхаду да Балтыкi, зацяжная барацьба з крыжацкай агрэсiяй падтачылi яе сiлы. Таму цэнтрам палiтычнага жыцця на беларускiх землях у сярэдзiне XIII ст. паступова становiцца Навагародак, якi падчас двух вялiкiх супрацьстаянняў — з крыжакамi i татара-манголамi — быў адносна бяспечнай тэрыторыяй.

Менавiта Навагародская зямля разам з суседнiмi з ёй лiтоўскiмi землямi стала ядром новай дзяржавы, якая атрымала назву Лiтоўскае княства. Нездарма ж першы князь гэтага дзяржаўнага ўтварэння — Мiндоўг — зрабiў Навагародак сталiцай сваёй краiны.

Становiшча маладой дзяржавы ў небяспечным суседстве з магутнай Галiцкай зямлёй, Тэўтонскім і Лiвонскім ордэнамі было даволi хiсткiм. Стабiльнасць падтрымлівалася не толькi выгадным геаграфiчным становiшчам, тонкай дыпламатыяй, але і сiлай i крывёю. Цэлае стагоддзе, нават крыху больш, працягвалася пераўтварэнне Лiтоўскай дзяржавы ў Вялiкае княства Лiтоўскае, Рускае i Жамойцкае. Да сярэдзiны XV ст. гаспадарства афiцыйна называлася Вялiкiм княствам Лiтоўскiм i Рускiм, а пазней — Вялiкiм княствам Лiтоўскiм, Рускiм, Жамойцкiм i iншых зямель. Аднак звычайна ўжывалася скарочаная форма: “Вялiкае княства Лiтоўскае”, цi ўвогуле “Лiтва”. У Вялiкiм княстве Лiтоўскiм тэрмiнам “Лiтва” абазначаліся тэрыторыi Верхняга i Сярэдняга Панямоння, а “Руссю” — Верхняе Падзвiнне i Падняпроўе. Сучасныя заходнiя этнiчна лiтоўскiя землi (Жмудзь) канчаткова далучылiся да Вялiкага княства ў першай палове XV ст.

З сярэдзiны XIII да сярэдзiны XIV ст. у склад Лiтоўскай дзяржавы ўвайшлi практычна ўсе беларускiя землi. Шляхi iх уваходжання былi рознымі. Большасць гарадоў i княстваў уваходзiла ў склад новай дзяржавы добраахвотна, прытрымлiваючыся перш за ўсё ваенна-палiтычнай мэтазгоднасцi. Так, на дабравольна-дагаворнай аснове ў склад Лiтоўскай дзяржавы ўвайшлi Полацкая i Вiцебская землi. Аб гэтым сведчаць земскiя прывiлеi вялiкiх князёў, якiя зацвярджалi статус гэтых земляў у складзе Вялiкага княства.

Некаторыя тэрыторыi заваёўвалiся i ўключалiся гвалтоўна, iншыя адбiралiся ў суседзяў. Трэба адзначыць, што гвалтоўнае падпарадкаванне суседнiх княстваў, заваёва моцным слабейшага не было з’явай, выключнай для таго часу. На працягу XIV ст. былi далучаны ўкраiнскiя i некаторыя рускiя княствы. У XIV — XV стст. Вялiкае княства Лiтоўскае межавала на поўначы з Лiвонiяй, Пскоўскай i Наўгародскай землямi, на ўсходзе — з Маскоўскiм i Разанскiм княствамi, на захадзе — з Польшчай, на паўночным захадзе — з Крыжацкiм Ордэнам (выходзiла да Балтыйскага мора), на паўднёвым усходзе — з Залатой Ардой, на поўднi — з Крымскiм ханствам (выходзiла да Чорнага мора). Яго тэрыторыя складала 900 тыс. кв. км1.

Сталiцай дзяржавы з 1254 па 1323 г. быў Навагародак, пазней — Вiльня.

7. Прававое становiшча асноўных сацыяльных груп насельнiцтва Вялiкага княства Лiтоўскага (XIV– XVI стст.).

У ВКЛ, панаваў феадальны грамадскi лад. Як i ва ўсякiм класавым грамадстве феадальнага перыяду ў Беларусi, i iснавалi два галоўныя класы: феадалаў-землеўладальнiкаў i феадальна-залежных сялян. Акрамя таго, у гарадах i сёлах пражывала значная колькасць людзей, якiя лiчылiся асабiста свабоднымi. Да гэтай катэгорыi насельнiцтва можна аднесцi мяшчан, сялян-даннiкаў i iнш.

У вышэйшую сацыяльную групу ўваходзiла багатая, прывiлеяваная частка феадалаў: князi i паны. Дакументы адрознiваюць паноў-радных (сябраў вышэйшага органа — Рады) i паноў харугоўных, якiя маглi ў час ваенных дзеянняў выставiць вялiкую колькасць войска пад сваiм сцягам. Валодаючы вялiкiмi зямельнымi плошчамi i значнай колькасцю залежных сялян, гэта група выдзялялася i ў палiтычных адносiнах — i займала важнейшыя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ. У гiстарычнай лiтаратуры князi i паны вельмi часта сустракаюцца пад тэрмiнам “магнаты”. Яны мелi шырокiя судовыя паўнамоцтвы i ўласныя ўзброеныя сiлы. Некаторыя з iх займалi адначасова некалькi важных дзяржаўна-адмiнiстрацыйных пасад, хаця гэта забаранялася заканадаўствам.

Акрамя буйных былi яшчэ сярэднiя i дробныя феадалы, якiя валодалi невялiкiмi маёнткамi, меншай колькасцю зямлi i залежных сялян. Калi першыя адыгрывалі значную ролю ў дзяржаўным апараце, то другiя з цягам часу маглi разарыцца ў вынiку драблення гаспадаркi i перайсці ў больш нiзкiя сацыяльныя групы. Як сярэднiя, так i дробныя феадалы знаходзiлiся ў васальнай залежнасцi ад князёў i паноў.

Трэба заўважыць, што ў саслоўе шляхты ўваходзiлi не толькi феадалы, але i прадстаўнiкi iншых сацыяльных груп. Некаторыя шляхцiцы арандавалi невялiкiя надзелы зямлi ў буйных феадалаў або знаходзiлiся ў iх на службе ў якасцi ляснiчых, канюшых i г.д. Гэтых асоб нельга аднесцi да класа феадалаў, iх трэба разглядаць як асобную катэгорыю юрыдычна свабодных людзей2.

Шляхецкiя саслоўныя правы пераходзiлi да нашчадкаў-мужчын ад патомных шляхцiцаў, а таксама дачок. Жанчына простага стану, выходзячы замуж за шляхцiца, станавiлася шляхцянкай пажыццёва, нават калi другi цi трэцi раз выходзiла замуж за нешляхцiца. Шляхецтва можна было атрымаць ад вялiкага князя лiтоўскага, а таксама за мужнасць на полi бою. Шляхецтва давалася дзiцяцi ў сувязi з яго ўсынаўленнем, абвешчаным у судзе шляхцiцам (адопцыя)1.

Страта шляхецкай годнасцi магла наступiць па суду ў сувязi з учыненым злачынствам, а таксама ў тым выпадку, калi шляхцiц пачынаў здабываць сабе сродкi для жыцця гандлем або рамяством2.

Трэба адзначыць, што пачатак юрыдычнаму афармленню правоў шляхецкага стану (саслоўя) паклалi агульназемскiя прывiлеi (граматы) 1387, 1413, 1432, 1447 гг. Канчаткова правы i прывiлеi шляхты былi замацаваны ў Статутах Вялiкага княства Лiтоўскага 1529, 1566 i 1588 гг.

Усе прадстаўнiкi шляхты, незалежна ад эканамiчнага i палiтычнага становiшча, мелi агульныя саслоўныя прывiлеi: валодаць зямлёй у неабмежаваных памерах на праве ўласнасцi; прыцягвацца да адказнасцi толькi па суду; займаць пасады ў дзяржаўным апараце i ўдзельнiчаць у фармiраваннi дзяржаўных i судовых органаў.

Другiм прывiлеяваным саслоўем на Беларусi было каталiцкае i праваслаўнае духавенства. Яго вярхушка па сваім эканамiчным становiшчы прымыкала да буйных свецкiх феадалаў. Духавенства ўвогуле мела тыя ж прывiлеi, што i шляхта, з той рознiцай, што саслоўныя прывiлеi духавенства не перадавалiся нашчадкам.

Аналiзуючы пытаннi прававога становiшча сялянства, да канца XVI ст. яно ў ВКЛ было запрыгонена. Першым заканадаўчым актам ВКЛ, юрыдычна пачаў афармляць прыгоннае права, Прывiлей 1447 г., адзiн з артыкулаў якога забараняў прымаць сялян-уцекачоў. Працэс запрыгоньвання, распачаўся ў XV ст., ў Статутах ВКЛ 1529, 1566 гг., а яго завяршэнне адлюстравана ў апошняй рэдакцыi агульна-дзяржаўнага заканадаўства ў 1588 г.

Ступенi феадальнай залежнасцi сялян падзялялiся на тры сацыяльныя групы:

1) гаспадарскiх, якiя залежалi непасрэдна ад вялiкакняжацкай адмiнiстрацыi i жылi на дзяржаўных землях;

2) панскiх, якiя жылi на прыватнаўласнiцкiх землях i залежалi ад асобных феадалаў;

3) царкоўных, якiя жылi на землях царквы, манастыроў i кляштараў, вышэйшага духавенства i залежалi ад адмiнiстрацыi духоўнага ведамства.

Па маёмасным, а часткова i па прававым становiшчы вылучаліся баяры — найбольш заможная вярхушка асабiста вольных сялян, якія выконвалi ваенныя i iншыя павiннасцi на карысць дзяржавы цi асобных феадалаў. Баяры падзялялiся на путных i панцырных. Путныя баяры з’яўлялiся паштовымi кур’ерамi, што дастаўлялi асабiстую i службовую перапiску свайго гаспадара або службовых асоб адмiнiстрацыi. Баяры панцырныя (баяры-слугi) павiнны былi ўдзельнiчаць у ваенных паходах. За сваю службу баяры маглi валодаць дзвюма валокамi (прыкладна 42 га) зямлi.

Другую катэгорыю складалi сяляне-даннiкi, якiя жылi на гаспадарскiх землях i плацiлi феадальную рэнту (данiну) дзяржаве. Памер данiны ад кожнай сялянскай гаспадаркi вызначаўся выбарнай службовай асобай (старцам) i залежаў ад памера данiны, ускладзенай на вёску або воласць у цэлым, i ад колькасцi ворнай зямлi ў селянiна. Сабраныя з даннiкаў грашовыя i натуральныя падаткi старцы абавязаны былi здаваць мясцовым прадстаўнiкам дзяржаўнай адмiнiстрацыi.

Да трэцяй катэгорыi феадальна-залежных сялян трэба аднесцi людзей цяглых, асадных i агароднiкаў. Яны мелi меншую колькасць зямлi, а павiннасцi iм устанаўлiвалiся значна большыя.

Асноўнай феадальнай павiннасцю сялян цяглых была паншчына: яны павінны былі два днi ў тыдзень са сваiмi прыладамi працы рамантаваць масты, дарогі, замкі i г.д., а таксама плацiць грашовы падатак — сярэбшчыну i некаторыя дробныя падаткi натурай.

Асадныя сяляне былi вызвалены ад паншчыны, аднак плацiлi феадалу грашовы чынш. Акрамя таго, iм неабходна было адпрацоўваць 12 дзён талакi ў год, касiць сена, плацiць сярэбшчыну i iнш. Сяляне-агароднiкi знаходзілiся ў найбольш цяжкiм становiшчы. Iх надзелы складалi 3 морга зямлi (каля 2 га). Агароднiкi мелi права жыць на зямлi як гаспадара, так i феадала. Iх асноўнай павiннасцю была паншчына.

Акрамя ўказаных катэгорый сялян у сёлах пражывалi халупнiкi, якiя мелi толькi жыллё, i кутнiкi, што тулiлiся па чужых кутках. Гэтыя сельскiя жыхары не мелi зямельных надзелаў.

Амаль да канца XVI ст. звычайнай прыналежнасцю панскiх двароў была нявольная чэлядзь, якая з’яўлялася заканадаўча замацаваным аб’ектам падаравання.

У вынiку заканадаўчай адмены ўсiх прычын няволi (акрамя палону), а таксама надзялення нявольнай чэлядзi невялiкiмi зямельнымi ўчасткамi ў XVI ст. большасць яе ператварылася ў прыгонных сялян-агароднiкаў.

Такiм чынам, зблiжэнне сацыяльна-эканамiчных статусаў нявольнай чэлядзi i прыгоннага сялянства i запрыгоньванне сялянства паспрыялi таму, што ў асноўным сфармiраваўся адносна адзiны клас — эксплуатуемае i прыгоннае сялянства.

Што тычыцца юрыдычнага статуса прыгонных сялян, то яны не мелi права ўласнасцi на зямлю, iм забаранялася набываць маёнткi, без згоды феадала мяняць месца жыхарства i род заняткаў. Акрамя таго, яны не маглi займаць пасады ў дзяржаўным апараце (акрамя некаторых пасад у сельскай адмiнiстрацыi) i былi падсудныя свайму гаспадару.

У XIV — першай палове XVI ст. на Беларусi iшоў iнтэнсiўны працэс урбанiзацыi грамадства. Калi да 1500 г. у ВКЛ налiчвалася 83 гарады, то з 1500 па 1600 г. крынiцы ўтрымлiваюць звесткi аб 530 гарадскiх паселiшчах. На беларускiх землях у гэты час размяшчалася 387 гарадоў. Большасць з iх былi не надта вялiкiмi — ад 1,5 да 3 тыс. жыхароў, але вылучалiся i значныя цэнтры з насельнiцтвам 10 тыс. чалавек i больш. Такiмi ў XVI ст. былi Магiлёў, Бярэсце, Вiцебск, Менск, Пiнск. Насельнiцтва беларускiх гарадоў у сваёй асноўнай масе складалі простыя людзі, якія да сярэдзiны XVI ст. утварылi саслоўе мяшчан.

Прававы статус гараджан вызначаўся ўзроўнем сацыяльна-эканамiчнага развiцця i падзяляўся на тры групы: вярхушку (патрыцыят), куды ўваходзiлi заможныя купцы i ўладальнiкi буйных рамесных майстэрань; сярэднiя пласты (слаi) — дробныя гандляры i простыя рамеснiкi; гарадскiя нiзы — вучнi майстроў, хатняя прыслуга i iнш. У залежнасцi ад эканамiчнага стану мяшчан знаходзiлася i iх прававое становiшча, якое вызначалася прыналежнасцю горада; наяўнасцю ў горадзе магдэбургскага права; займаемай пасадай у органах гарадскога самакiравання

Мяшчане гарадоў, якія карысталіся магдэбургскiм правам, вызвалялiся ад прыгонных работ, падводнай павiннасцi, уплаты праязных пошлiн (мыта) на ўсёй тэрыторыi ВКЛ i некаторых iншых павiннасцей. Жыхары гарадоў, якiя мелi магдэбургскае права, атрымлiвалi шэраг правоў i прывiлеяў, на удзел у фармiраваннi органаў гарадскога самакiравання i суда, на стварэнне рэлiгiйных брацтваў i аб’яднанне ў цэхi па прафесiях.

На жыхароў званых юрыдык не распаўсюджвалася адмiнiстрацыйная i судовая ўлада магiстрата. Яны не плацiлi падаткi, якiя iшлi ў бюджэт горада. Процiдзеянне юрыдыкам стала адной з галоўных рыс сацыяльнага жыцця горада. Меншым комплексам правоў валодалi жыхары гарадоў i мястэчкаў Беларусi, якiя не мелi льготных грамат. Больш таго, яны падлягалi падсуднасцi ваявод i старастаў, а не гарадскога магiстрата, як гэта было ў прывiлеяваных гарадах.

Мяшчане прыватнаўласнiцкiх гарадоў i мястэчак знаходзiлiся пад уладай феадала, якi вызначаў памер грашовых збораў i натуральных павiннасцей. Такiм чынам, мяшчане прыватнаўласнiцкiх гарадоў (Давыд-Гарадок, Нясвiж, Слуцк i iнш.) валодалi тым аб’ёмам абавязкаў, правоў i прывiлеяў, якi iм вызначаў уладальнiк горада.

Некаторым прыватнаўласнiцкiм гарадам таксама было дадзена магдэбургскае права, але з абмежаваннямi на карысць іх уладальнiкаў.

8. Агульная характарыстыка дзяржаўнага ладу Вялiкага княства Лiтоўскага (XIII – сярэдзіна XVI стст.). Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання.

Пытанне дзяржаўнага ладу ВКЛ, у склад якога ўваходзiла Беларусь, — адно з найбольш складаных, асаблiва ў раскрыццi праблемы дзяржаўнага ўладкавання.

У XIV — XVI стст. Вялiкае княства Лiтоўскае па форме праўлення было феадальнай манархiяй. На чале дзяржавы стаяў манарх, якi называўся гаспадаром або вялiкiм князем. Ён ажыццяўляў заканадаўчую, судовую i адмiнiстрацыйна-гаспадарчую ўладу. У прыватнасцi, вялiкi князь кiраваў пытаннямi знешняй палiтыкi, камандаваў узброенымi сiламi, выдаваў граматы i iншыя прававыя акты, ажыццяўляў вышэйшы суд у дзяржаве, валодаў правам заканадаўчай iнiцыятывы i г.д. Але ж найбольш важныя пытаннi ён павiнен быў вырашаць разам з Радай Вялiкага княства Лiтоўскага1.

Улада гаспадара не была абсалютнай, яна была абмежавана Радай, у якую уваходзiлi вярхi класа феадалаў. Акрамя таго, улада манарха абмяжоўвалася соймам.

Прававое становiшча Рады замацавана ў прывiлеях 1492 i 1506 гг. Напрыклад, у 1492 г. законам было ўстаноўлена, што пры разыходжання ў Радзе меркаванняў вялiкага князя i радных паноў гаспадар быў абавязаны выконваць тое, што параяць яму паны-рада.

Рада як вышэйшы орган дзяржаўнай улады набыла сваё самастойнае значэнне ў 40-я гг. XV ст. У яе склад уваходзiлi вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы (ваяводы, кашталяны, старасты, гетман, канцлер, маршалак земскi), каталiцкiя епiскапы i найбуйнейшыя феадалы, якiя называлiся панамi-радай.

Рада з’яўлялася пастаянна дзеючым дзяржаўным органам. Яна не мела строга акрэсленых паўнамоцтваў i магла вырашаць любое пытанне ўнутранага i знешняга жыцця дзяржавы. У прыватнасцi, у кампетэнцыю Рады ўваходзiлi выбранне вялiкага князя, абарона дзяржавы, вырашэнне мiжнародных спраў, абмеркаванне i прыняцце заканадаўчых актаў, заслухоўванне справаздач некаторых службовых асоб, разгляд найважнейшых судовых спраў i iнш.

Такiм чынам, Рада была выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, судовым i кантралюючым органам. Яе галоўнае прызначэнне заключалася ў тым, каб ахоўваць правы магнатаў ад замахаў з боку манарха — вялiкага князя, а таксама ахоўваць тэрытарыяльную недатыкальнасць дзяржавы.

Сойм — вышэйшы агульнадзяржаўны заканадаўчы орган — бярэ пачатак ад старажытных вечавых сходаў, якiя пры феадалiзме ператварылiся ў саслоўна-класавыя органы феадалаў. Пачатак рэгулярнага склiкання соймаў адносiцца да XV ст.1.

Парадак работы сойма, яго кампетэнцыя да XVI ст. рэгулявалiся звычаёвым правам. Спачатку ў сойм уваходзiлi ўсе буйныя феадалы, якiя з’яўлялiся сябрамi Рады, службовыя асобы цэнтральнай i мясцовай адмiнiстрацыi, а таксама ўся шляхта. Рашэннi, як правiла, выносiлiся вялiкiм князем i панамi-радай. Таму соймы гэтага перыяду былi больш дарадчымi, чым заканадаўчымi 2.

У XVI ст. заканадаўчыя функцыi сойму пашырылiся. У гэты час ён з усесаслоўнага ператварыўся ў прадстаўнiчы орган, на пасяджэннi якога з’яўлялася не ўся шляхта, а толькi яе прадстаўнiкi — па два дэпутаты (паслы) ад кожнага павета, якiя выбiралiся на павятовых соймiках. Акрамя гаспадара, паноў-рады, службовых асоб цэнтральнага i мясцовага кiравання ў рабоце вальных соймаў прымалi ўдзел каталiцкiя i праваслаўныя епiскапы, iгумены манастыроў i кляштараў.

Некаторыя гiсторыкi права адзначаюць, што на сойме не мелi права прысутнiчаць прадстаўнiкi мяшчан i сялян, але гэта не зусiм дакладныя звесткi. На самой справе ў 1568 г. мяшчане сталiчнай Вiльнi атрымалi месца на сойме па прыкладзе Кракава. Iм было даравана права пасылаць на вальны сойм двух—трох бурмiстраў, якiя маглi выказвацца толькi тады, калi зойдзе размова аб горадзе Вiльнi2.

Сойма перш за ўсё разглядаў пытаннi выбрання вялiкага князя; аб вайне i мiры; узаемаадносiн з iншымi краiнамi; прыняцця заканадаўчых актаў; устанаўлення новых падаткаў; разгляду крымiнальных спраў, у якiх закраналiся iнтарэсы дзяржавы наогул, вялiкага князя цi знатных асоб.

Усе пытаннi на сойме фактычна вырашалiся гаспадаром i панамi-радай, а прадстаўнiкi павятовай шляхты толькi прысутнiчалi пры гэтым.

9. Мясцовыя органы дзяржаўнай улады і кiравання Вялiкага княства Лiтоўскага ў XIII – першай палове XVI стст.

У сiстэме органаў дзяржаўнага кiравання значная роля належала вышэйшым службовым асобам, паўнамоцтвы якiх рэгулявалiся пераважна звычаёвым правам. Маршалак земскi, напрыклад, з’яўляўся ахоўнiкам парадку i этыкету пры вялiкакняжацкiм двары. Яго намеснiкам быў маршалак дворны. Узброенымi сiламi дзяржавы кiраваў гетман найвышшы, яго намеснiкам быў гетман дворны. Дзяржаўную канцылярыю ўзначальваў канцлер, пры iм былi пiсары, сакратары i iх памочнiкi. Дзяржаўнымi фiнансамi і скарбам загадваў падскарбiй земскi. Яго намеснiкам быў падскарбiй дворны, а памочнiкамi — скарбнiкi i скарбавыя пiсары.

Мясцовыя органы ўлады i кiравання на дзяржаўных землях будавалiся ў адпаведнасцi з іх адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. Да ўтварэння ваяводстваў i паветаў асобныя землi кiравалiся намеснiкамi вялiкага князя. Пры намеснiках былi такiя службовыя асобы, як ключнiк, гараднiчы, цiвун, канюшы, ляснiчы, пасады якiх у асноўным засталiся i пасля адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гг., што падзялiла Вялiкае княства Лiтоўскае на ваяводствы. Саслоўна-прадстаўнiчымi органамi мясцовай улады выступалi павятовыя i ваяводскiя соймiкi. У iх удзельнiчалi ўсе землеўласнiкi павета цi ваяводства.

Мясцовыя органы ўлады мелi шырокiя паўнамоцтвы i мала залежалi ад цэнтральных органаў. У сваёй дзейнасцi яны кiравалiся агульнадзяржаўнымi нарматыўнымi актамi i мясцовым звычаёвым правам, а таксама актамi мясцовай адмiнiстрацыi.

На тэрыторыi ваяводства прадстаўнiком вышэйшай улады быў ваявода. Ён узначальваў адмiнiстрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя i ў значнай ступенi судовыя органы. Ваявода — буйны феадал з ураджэнцаў ВКЛ — пажыццёва прызначаўся вялiкiм князем i Радай. Блiжэйшым памочнiкам ваяводы быў кашталян, якi ўзначальваў войска галоўнага замка i апалчэнне.

Ключнiк адказваў за спагнанне падаткаў i чыншу, гараднiчы быў камендантам замка, лоўчы i ляснiчы наглядалi за ляснымi i паляўнiчымi ўгоддзямi.

Кiраўнiком адмiнiстрацыi ў павеце быў стараста, якi таксама прызначаўся вялiкiм князем i Радай з лiку буйных феадалаў. Намеснiкам яго быў падстараста. Паўнамоцтвы старасты былi блiзкiя да паўнамоцтваў ваяводы, у тым лiку i ў галiне правасуддзя. Памочнiкам старасты па ваенных справах быў павятовы маршалак, якi камандаваў павятовым апалчэннем шляхты. Ён жа, як правiла, старшынстваваў на пасяджэннях павятовага соймiка.

Нiжэйшым звяном у сiстэме мясцовага кiравання (на ўзроўнi воласцi) былi дзяржаўцы — кiраўнiкi дзяржаўных i вялiкакняжацкiх маёнткаў. Да XV ст. дзяржаўцы называлiся цiвунамi. Яны мелi права вяршыць суд над усiмi простымi людзьмi, якiя жылi на падначаленай iм тэрыторыi. Гэтак жа, як ваяводы i старасты, дзяржаўцы неслi адказнасць за сваю дзейнасць перад урадам. Памочнiкамi дзяржаўцаў былi сельскiя войты, якiя сачылi за падтрыманнем парадку ў сёлах i выкананнем феадальных павiннасцей сялянамi. У мясцовасцях, дзе жылi дзяржаўныя сяляне i не было замкаў цi маёнткаў, дзейнiчалi органы сялянскага самакiравання i выбраныя iмi старцы.

Органы мясцовага кiравання i самакiравання ў гарадах Беларусi, якiя рэгулявалi жыццядзейнасць карпарацый мяшчан, значна адрознiвалiся ад другiх мясцовых органаў улады на месцах.

У магiстрат (Раду) уваходзiлi войт, бурмiстры, радцы i лаўнiкi. Войт стаяў на чале гарадской адмiнiстрацыi i суда, прызначаўся на гэтую пасаду ўрадам з лiку феадалаў або гараджан і ажыццяўляў правасуддзе сумесна з сябрамi гарадской Рады i лаўнiкамi (засядацелямi). Войт мог прызначыць сабе намеснiка — лент-войта.

У большасцi беларускiх гарадоў Рада складалася прыкладна з 6—20 чалавек. Як правiла, у яе ўваходзiлi найбольш багатыя купцы, кiраўнiкi рамесных цэхаў, багатыя майстры-рамеснiкi. Прыватнаўласнiцкiя гарады былi ўласнасцю асобных князёў i паноў. Таму кiраванне ў iх залежала ад волi ўладальнiка.

10. Сiстэма органаў улады, кіравання i суда ў гарадах на магдэбургскiм праве.

11. Сістэмная рэформа дзяржаўнага ладу ВКЛ сярэдзіны XVI ст. „Устава на валокі” 1557 г., Віленскі прывілей 1563 г., Бельскi прывiлей 1564 г. i Вiленскi прывiлей 1565 г.

12. Крэўская унiя ВКЛ i Кароны Польскай. Востраўскае пагадненне. Гiсторыка-прававая характарыстыка.

Унii Вялiкага княства Лiтоўскага з Польшчай

Вялiкае княства Лiтоўскае з першых дзён свайго iснавання вымушана было прыняць на сябе ўдары нямецка-каталiцкiх захопнiкаў. У другой палове XIV ст. найбольш сур’ёзным ворагам княства стаў Тэўтонскi ордэн, якi вёў захопнiцкiя войны пад лозунгамi хрысцiянiзацыi лiтоўцаў-паганцаў. Знешнепалiтычнае становiшча ВКЛ ускладнялася i ў сувязi з узрастаннем магутнасцi Маскоўскай Русi, якая iмкнулася далучыць заходнярускiя, беларускiя i ўкраiнскiя землi. Складаныя адносiны ў княства былi i з Польскiм каралеўствам. Ваенныя сутычкi адбывалiся пастаянна — тым больш што ў другой палове XIV ст. ВКЛ было значна мацнейшым за Польшчу.

У той час адносiны памiж Польшчай i Вялiкiм княствам Лiтоўскiм характарызавалiся не толькi сутычкамi, але i iмкненнем да саюзу, асаблiва ў пытаннi процiдзеяння тэўтонскай агрэсii. Зблiжэнню дзвюх краiн садзейнiчаў шчаслівы выпадак. У 1380 (трэба 1370) г., пасля смерцi Казiмiра III, карона Польшчы перайшла да Анжуйскай дынастыi, якая кiравала ў Венгрыi. Аднак у 1381 (трэба 1382 – А.Р.) г. кароль Людвiг Анжуйскi памёр i на польскi трон была прызначана яго дачка Ядзвiга, якой у той час было 15 гадоў. Па iнiцыятыве польскiх магнатаў i каталiцкага духавенства Ядзвiзе пачалi шукаць мужа, а Польшчы караля. Паколькi польскiя феадалы былi зацiкаўлены ва ўстанаўленнi цесных сувязяў з ВКЛ, вялiкаму князю Ягайле было прапанавана на пэўных умовах стаць мужам Ядзвiгi i каралём Польшчы.

Зацiкаўленасць ва ўмацаваннi адносiн з Польшчай была i ў Ягайлы. Саюз дазваляў умацаваць як знешнiя, так i ўнутраныя пазiцыi пануючага класа Лiтоўскага княства. Па iнiцыятыве Польшчы 14 жнiўня 1385 г. у замак Крэва — рэзiдэнцыю вялiкага князя — прыехалi польскiя паслы. Пачалiся перамовы з Ягайлам. У вынiку перамоў былi выпрацаваны ўмовы дзяржаўна-прававога саюза Польшчы i ВКЛ, што знайшло ўвасабленне ў спецыяльным акце. У адпаведнасцi з гэтым дакументам Ягайла абавязваўся далучыць усе землi ВКЛ да Польшчы; адпусцiць усiх палонных палякаў; прыняць каталiцкую веру i распаўсюдзiць яе ва ўсiм княстве; заплацiць 200 тыс. флорынаў былому жанiху Ядзвiгi, аўстрыйскаму прынцу Вiльгельму як кампенсацыю за парушэнне дамоўленасцей. Пасля гэтага Ягайла быў абвешчаны каралём Польшчы.

Умовы саюзу (унii) выклiкаюць здзiўленне, бо тэкст гэтага дагавора нагадвае акт безагаворачнай капiтуляцыi мацнейшай дзяржавы (ВКЛ) перад слабейшай (Польшчай). Нельга не пагадзiцца з прафесарам Я.А.Юхо, якi гаворыць аб пазнейшай фальсiфiкацыi каталiцкiм духавенствам сапраўднага тэксту Крэўскага пагаднення1.

У лютым 1386 г. Ягайла ажанiўся з Ядзвiгай i пераехаў у Польшчу, прызначыўшы намеснiкам у Вялiкiм княстве свайго брата Скiргайлу (Iвана). Такiм чынам, Крэўскае пагадненне не пашкодзiла незалежнасцi княства, не прывяло да яго лiквiдацыi (скасавання), а толькi ўстанавіла яго саюзныя адносiны з Польшчай пад вяршэнствам Ягайлы. Адасобленасць княства падкрэслiвалася i тым, што адразу пасля ўступлення Ягайлы на польскi прастол i прызначэння вялiкiм князем лiтоўскiм Скiргайлы Ягайла не зняў з сябе паўнамоцтваў главы Вялiкага княства, а ўзначалiў адначасова дзве дзяржавы. Тым самым была ўстаноўлена персанальная (асабiстая) унiя памiж гэтымi дзяржавамi.

Гiсторыя даказала, што саюз памiж ВКЛ i Польшчай быў выгадны абедзвюм дзяржавам i ўсiм народам Усходняй Еўропы, бо дазваляў аб’яднаць сiлы супраць нямецкай i татарскай агрэсiй. Ён быў карысны i для развiцця вытворчых сiл, гандлёвых сувязяў.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-07-14; просмотров: 1204; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.191.202.45 (0.074 с.)