Прадмет i задачы гiсторыi дзяржавы i права 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Прадмет i задачы гiсторыi дзяржавы i права



Гiсторыя дзяржавы i права Беларусi вывучае працэсы ўзнiкнення i развiцця дзяржавы i права на тэрыторыi нашай Радзiмы ў iх цеснай узаемасувязi на розных этапах жыццядзейнасцi нашага народа. Гэта значыць, што прадметам гiсторыка-прававой навукi з’яўляецца вывучэнне вядучай ролi эканамiчных адносiн ва ўзнiкненнi i развiццi дзяржавы i права, а таксама ў вызначэннi службовай ролi дзяржавы i права ў ахове i абароне iснуючага спосабу вытворчасцi ў розных грамадска-эканамiчных фармацыях.

Згаджаючыся з думкай многiх вучоных аб значным уплыве эканомiкi, спосабу вытворчасцi на развiццё дзяржавы i права i прызнаючы гэтыя фактары вядучымi, мы ўсё ж не лiчым, што яны адзiныя. Нельга пакiнуць па-за ўвагай і ролю асобы ў гiсторыi, яе ўплыў на ход гiстарычных падзей. Наўрад цi можна адмаўляць значэнне для развiцця гiсторыi дзяржавы i права войнаў i рэвалюцый, нацыянальных пачуццяў, якiя не абапiралiся непасрэдна на матэрыяльны фактар.

Паколькi развiццё дзяржавы i права залежыць у першую чаргу ад эканамiчнага базiсу, перыядызацыя гiсторыi дзяржавы i права грунтуецца на перыядах развiцця вытворчых адносiн. Асноўным грамадска-эканамiчным фармацыям адпавядаюць i пэўныя тыпы дзяржавы i права.

Праўда, асобнымi навукоўцамi выказваюцца крытычныя думкi аб такiм падыходзе да вывучэння гiсторыi чалавецтва, а значыць i да тыпалогii дзяржаў. Яны ўзялi на ўзбраенне цывiлiзацыйны падыход да асвятлення названай праблемы. Гэты пункт гледжання заслугоўвае ўвагi, але, на нашу думку, вучоныя постсацыялiстычнага грамадства павiнны яшчэ асэнсаваць яго. Мяркуем, што глыбокае пранiкненне ў сутнасць дзяржавы, правiльнае разуменне яе суадносiн з сацыяльна-эканамiчным ладам прадугледжвае выкарыстоўванне абодвух падыходаў: фармацыйнага i цывiлiзацыйнага.

Як гiстарычная навука гiсторыя дзяржавы i права — частка гiсторыi чалавецтва, але разам з тым яна з’яўляецца і юрыдычнай навукай — адной з фундаментальных прававых дысцыплiн. Толькi гiсторыя дзяржавы i права вывучае палiтычныя i прававыя iнстытуты з моманту iх з’яўлення i да цяперашняга часу. Такiм чынам, яна займаецца вывучэннем права, якое дзейнiчала ў мiнулым і дзейнічае зараз, прававых галiн i iнстытутаў, якiя пастаянна развiваюцца.

Калi тэорыя дзяржавы i права вывучае галоўным чынам агульныя заканамернасцi развiцця дзяржавы i права розных народаў, то гiсторыя дзяржавы i права займаецца канкрэтнымi дзяржаўнымі i прававымi сiстэмамi, у прыватнасцi тымі, што iснавалi i iснуюць на тэрыторыi нашай краiны, разглядае iх асаблiвасцi i характэрныя рысы. Гiсторыя дзяржавы i права выкарыстоўвае абагульненнi, якiя робiць тэорыя, i ў той жа час даследуе, а значыць, дае канкрэтны матэрыял для такiх абагульненняў.

Гiсторыка-прававая навука павiнна несцi чытачу праўдзiвыя звесткi. Праўдзiвасць гiсторыка-прававога матэрыялу — неабходная ўмова для яго практычнага выкарыстання. Калi ж мы будзем карыстацца скажонымi звесткамi аб мiнулым, то не здолеем даць правiльную ацэнку сённяшняга i зрабiць дакладны прагноз на будучае. У савецкай гiстарыяграфii доўгi час iснавала тэндэнцыя да ўхвалення адных гiстарычных падзей i ачарнення другіх.

Безумоўна, галоўныя задачы гiсторыi дзяржавы i права — вывучэнне гiстарычнага ходу падзей у iх храналагiчнай паслядоўнасцi, выяўленне асноўных заканамернасцей развiцця структуры i дзейнасцi органаў дзяржаўнай улады i праваадносiн грамадзян, вызначэнне прававога становiшча класаў, саслоўяў, выяўленне i вывучэнне крынiц права, даследаванне развiцця асноўных галiн права (дзяржаўнага, цывiльнага, крымiнальнага, працэсуальнага i г.д.).

Усе славянскiя народы маюць распрацаваную гiсторыю сваiх дзяржаў. Нiхто з даследчыкаў не аспрэчвае неабходнасцi вывучэння гiсторыi дзяржавы i права кожнага народа паасобку. Тым не менш беларусы сталi своеасаблiвым выключэннем з гэтага правiла. Афiцыйнай навукай сцвярджалася, што наш народ да 1919 г. не меў сваіх дзяржаўнасцi i прававой сiстэмы, заўсёды жыў пад прыгнётам суседзяў. Гэта фальсiфiкацыя нашай гiсторыi нават была ўзве-дзена ў ранг закона i замацавана ў Канстытуцыi Беларускай ССР 1978 г., што рабiла немагчымым правядзенне навуковых даследаванняў гiсторыi дзяржаўнасцi беларускага народа. Як вынiк, прынiжалася яго роля ў развiццi сусветнай гiсторыi ў цэлым i прававой думкi ў прыватнасцi.

 

2. Канцэпцыі паходжання дзяржаўнасці і права. Утварэнне дзяржаў-княстваў на тэрыторыі Беларусі ў раннім сярэднявеччы.

У апошнi час беларускiя вучоныя прыйшлi да высновы, што пачатак пераходу ўсходнiх славян да класавага грамадства на тэрыторыi Беларусi адносiцца да другой паловы 1-га тыс. н.э. У гэты перыяд тут складваюцца шматукладныя сацыяльна-эканамiчныя адносiны, развiваецца маёмасная няроўнасць, зараджаецца раннефеадальны ўклад жыцця, якi прыкладна з IX — X стст. становiцца вызначальным.

Такiм чынам, для гiстарычнага развiцця славян рабаўладальнiцкая фармацыя ў яе класiчным стане была нетыповай. Працяглы пераходны перыяд характарызаваўся своеасаблiвым грамадскiм ладам, пры якiм адначасова iснавалi тры ўклады: першабытнаабшчынны, рабаўладальнiцкi i феадальны. Першы быў аджываючым, другi не атрымаў шырокага распаўсюджвання i толькi трэцi стаў базiсным для развiцця новай фармацыi.

Якая ж форма палiтычнай арганiзацыi адпавядала пераходнаму перыяду? Некаторыя даследчыкi, напрыклад С.В.Юшкоў, лiчылi, што гэтаму перыяду адпавядала дафеадальная дзяржава (“пераддзяржава”). Але ў апошнi час найбольш распаўсюдзiлася меркаванне, што ў пераходны перыяд ва ўсходнiх славян iснавалi палiтычныя аб’яднаннi — племянныя саюзы.

Калi i як утварылiся ва ўсходнiх славян першыя княствы, якiя папярэднiчалi ўзнiкненню Старажытнарускай дзяржавы, мы дакладна не ведаем. Але меркаванне, што яны iснавалi яшчэ да IX ст., думаецца, будзе правiльным. Справа ў тым, што Кiеўская Русь не магла ўзнiкнуць на пустым месцы, а толькi праз аб’яднанне ўжо iснуючых дзяржаўна-племянных утварэнняў самай рознай тэрытарыяльнай велiчынi. Таму яе ўтварэнне трэба разглядаць як завяршаючы этап злiцця ўсходнеславянскiх земляў у адну дзяржаву. Сказанае дае падставу зрабiць вывад, што княствы, цi дзяржаўна-племянныя саюзы, iснавалi на тэрыторыi Беларусi i да IX ст. Тым часам рукапiсныя крынiцы адлюстроўваюць адносiны гэтых земляў з Ноўгарадам i Кiевам толькi з X cт. У другой палове X ст. (980 г.) у летапiсах называюцца два княствы, што iснавалi на тэрыторыi сучаснай Беларусi: Полацкае i Тураўскае. З другой паловы X ст. да нас дайшлi звесткi, якiя характарызуюць розныя бакi жыцця беларускiх земляў-княстваў. У палiтыка-прававых адносiнах у iх дзейнасцi адзначаюцца моманты як залежнасцi, так і незалежнасцi ад iншых земляў Кіеўскай Русі, як самабытнасці, так i агульнасці з iмi.

3. Грамадскі і дзяржаўны лад дзяржаў-княстваў на тэрыторыi Беларусi ў раннім сярэднявеччы (IX–першая палова XIII стст.).

Сацыяльная структура i грамадскi лад княстваў, якiя знаходзiлiся на тэрыторыi сучаснай Беларусi (Полацкае, Тураўскае i iнш.), адпавядалi раннефеадальнаму ўзроўню развiцця, калi маёмасная i сацыяльная няроўнасць ужо прысутнiчала ў рэальным жыццi, аднак свайго юрыдычнага афармлення амаль не мелi. Прававое замацаванне статуса сацыяльных груп рэалiзавалася праз звычаёвае права, палiтычныя традыцыi, рэлiгiйныя тлумачэннi, маральныя нормы. Асноўнымi класамi былi феадалы i феадальна-залежныя сяляне.

Разам з феадаламi i феадальна-залежным насельнiцтвам iснавалi рабы (халопы, чэлядзь нявольная), свабодныя гарадскiя жыхары (рамеснiкi, купцы, госцi) i сяляне-даннiкi. Апошнiя не знаходзiлiся ў залежнасцi ад асобных феадалаў, а выконвалi пэўныя павiннасцi i ўносiлi феадальную рэнту непасрэдна на карысць дзяржавы.

Клас феадалаў меў значныя зямельныя ўгоддзi, якiя апрацоўвалiся феадальна-залежнымi людзьмi i часткова рабамi.

У IX — XI стст. працэс феадалiзацыi развiваўся марудна. У IX ст. князь не жалаваў сваёй дружыне зямель i не заводзiў уласнай гаспадаркi, а абкладаў свабоднае i паўсвабоднае насельнiцтва данiнай. Дружыннiкi таксама атрымлiвалi ад князя правы збiраць данiну i “кармiцца” з той цi iншай воласцi. Так, яшчэ да з’яўлення буйнога княжацкага землеўладання ва ўсходнiх славян узнiкалi прыкметы васальнай залежнасцi, што азначала права атрымання дружыннiкамi данiны з пэўнай тэрыторыi. Словы “ княжы муж” азначаюць чалавека, якi наблiжаны да князя, выконвае яго даручэннi i якому ў кiраванне i для збору данiны даецца горад з воласцю. Паступова “княжыя мужы” з разнастайнымi азначэннямi (“добрыя”, “лепшыя” i iнш.), як члены старэйшай дружыны князя пачалi, называцца баярамi.

Дружыны ў полацкiх князёў, як i ў iншых князёў “рускiх”, складалiся з дзвюх груп: у першую — старэйшую — уваходзiлi “бояры”, “сильные мужи”, у другую — малодшую, якая жыла пры двары князя, — “гридь”, “отроки”, “детские”. З яе выходзiлi слугi князя, яго целаахоўнiкi, малодшыя службовыя асобы. Земскiя ратнiкi, якiя не належалi да сталага княжацкага войска, насiлi найменне “воі”. Па словах В.Ключэўскага, “баявыя людзi”, як тыя, што належалi да дружыны князя, так i тыя, што выходзiлi з простага насельнiцтва, часам азначалiся неюрыдычным тэрмiнам “кметы” цi “кмецце” ў зборным сэнсе.

Такiм чынам, у грамадстве ўтварылася некалькi пластоў. Верхні складалi князi, баяры, старэйшая i малодшая дружыны, духавенства. Феадалы былi ўзаемазвязаны сiстэмай васалiтэту, якая рэгулявала правы i абавязкi памiж iмi, а таксама перад дзяржавай.

Эканамiчная магутнасць класа феадалаў дазволiла яму заняць пануючае становiшча ў палiтычным жыццi грамадства, захапiць усе ключавыя пасады ў дзяржаўным апараце. Клас феадальна-залежных людзей утварыўся:

1 ) за кошт замацавання халопаў i iншых несвабодных людзей на зямлi, бо для феадала значна важней станавiлася валодаць правам распараджацца павiннасцямi сялян, чым iх асобай;

2) шляхам гвалтоўнага пазаэканамiчнага прымусу былых свабодных абшчыннiкаў уносiць пэўныя данiны i выконваць павiннасцi на карысць асобных феадалаў або дзяржавы ў цэлым;

3) у вынiку маёмаснага расслаення свабодных сялян, якiя, збяднеўшы, трапiлi ў даўгавую кабалу.

Так у разглядаемы перыяд з’яўляецца фiгура феадальна-залежнага селянiна-закупа. Закуп меў сваю гаспадарку, але беднасць прымушала яго iсцi ў кабалу да феадала, у якога ён браў купу — грашовую суму або натуральную дапамогу, i таму быў абавязаны працаваць на гаспадара. Праца закупа не iшла ў кошт аплаты доўгу (пазыкi), а выступала толькi ў якасцi выплаты працэнтаў за пазыку. Таму адпрацаваць купу было вельмi цяжка i селянін мог пажыццёва заставацца ў феадала. У выпадку пабегу закуп аўтаматычна станавiўся халопам. Да халопства вёў i крадзёж, учынены закупам. Феадал меў у адносiнах да закупа права вотчыннай юрысдыкцыi. Трэба адзначыць, што закуп у адрозненне ад халопа меў некаторыя правы. Яго нельга было бiць “не за дело”, прадаць у халопы, ён мог скардзiцца на гаспадара суддзям, у яго нельга было безпакарана адняць маёмасць.

Такiм чынам, прававы i сацыяльны статус закупа мяняўся да моманту выплаты iм доўгу: пастаянна iснавала пагроза перайсцi ў халопскае становiшча.

Разам з тым на пачатку развiцця феадальных адносiн на тэрыторыi Беларусi працягвалi захоўвацца свабодныя сяляне-даннiкi, якiя вялi сваю ўласную гаспадарку i абавязаны былi ўносiць на карысць цэнтральных i мясцовых органаў кiравання пэўную данiну натурай або грашыма, выконваць шэраг дзяржаўных павiннасцей (нясенне ваеннай службы ў апалчэннi, рамонт i будаўнiцтва замкаў, мастоў, шляхоў (дарог) i г.д.).

У гарадах таксама iшоў працэс маёмаснага расслаення. Пануючае становiшча ў гарадской эканомiцы занялi купцы i багатыя рамеснiкi. Яны аказвалi значны ўплыў i на палiтыку дзяржавы.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-07-14; просмотров: 305; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.149.243.32 (0.011 с.)