Нацыянальная мова як крыніца 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Нацыянальная мова як крыніца



духоўнай і інтэлектуальнай культуры народа

Мова – гэта не толькі сродак, з дапамогай якога людзі абменьваюцца інфармацыяй. Мова – гэта і люстэрка жыцця і працы народа, яго грамад-скага і культурнага развіцця. Мова адлюстроўвае жыццёвы і духоўны вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі (нацыянальны характар, тэмпера-мент, светапогляд і інш.), маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Інакш кажучы, мова замацоўвае ўсё тое, што прынята называць культурай. Яна з'яўляецца спецыфічным спосабам існавання і захавання культуры.

Разам з тым сама мова – прадукт чалавечай культуры і яе важная частка, якую мы атрымліваем ад продкаў. Таму мова і культура не проста ўзаема-звязаныя з'явы, але ў пэўным сэнсе і адзінства, цэласнасць.

Любая культура з'яўляецца працэсам і вынікам асваення чалавекам рэча-існасці, працэсам творчага асэнсавання свету і сябе ў ім. У розных народаў спосабы і вынікі гэтага асваення маюць агульнае і адметнае, спецыфічна-нацыянальнае, што вызначаецца ўмовамі жыцця і быту этнасу. Сам ланд-шафт (горы, лес, тундра, пустыня ці джунглі), клімат, раслінны і жывёльны свет прадвызначаюць характар заняткаў народа (земляробства ці паляванне, жывёлагадоўля, гандаль ці інш.) і накладаюць адбітак на яго ўспрыманне свету. Усё гэтае выразна адлюстроўваецца ў мове: найперш у адметнасці слоўніка (бо ў назвах выяўляецца свет рэчаў і ўяўленняў чалавека), у народ-най афарыстыцы, непасрэдна звязанай з матэрыяльнымі і духоўнымі каш-тоўнасцямі народа, што сфарміраваліся пад уплывам прыродных, гістарыч-ных, культурных і іншых фактараў, у канструкцыях словазлучэнняў, сказаў, у гукавым ладзе мовы, сугучных з нацыянальнай прыродай. Інакш кажучы, мова – гэта сувязь не толькі паміж людзьмі, але і людзей з прыродаю як важным складнікам культуры. Яшчэ В. Гумбальт сцвярджаў: "У кожнай мове закладзена самабытнае светаўспрыманне. Як асобны гук стаіць паміж прадметам і чалавекам, так і ўся мова ў цэлым выступае паміж чалавекам і прыродай".

Кожны народ стварае свой вобраз (ці мадэль) свету, у якім вылучае і называе найперш аб'екты, асабліва важныя ў яго жыцці (але не абавязкова істотныя для носьбітаў іншых моў). Так, напрыклад, у мове эскімосаў да гэтага часу захоўваецца некалькі дзесяткаў назваў ільду ў залежнасці ад яго стану, асаблівасцей утварэння (берагавы, марскі) і г.д.; у мове ірландцаў – спрадвечных мараходаў і рыбакоў – ёсць дзесяткі найменняў ветру; у мове арабаў існуюць шматлікія назвы для верблюдаў. Беларуская мова мае больш за 20 назваў балота, якое з'яўляецца прыкметнай адзнакай беларуска-га ландшафту. Напрыклад: багна, бездань, валага, гола, дрыгва, імшара, мрогва, мярэча, нетра, слата, твань, тхлань і інш. Большасць гэтых слоў не маюць эквівалентаў у іншых мовах.

У кожнай мове ёсць назвы прадметаў, паняццяў, якія значаць больш, чым спачатку яны абазначалі. На працягу гістарычнага развіцця многія словы акумулююць інфармацыю, звязаную з бытам, звычаямі, культурай народа, абрастаюць разнастайнымі асацыяцыямі. Гэтая дадатковая, нацыя-нальна абумоўленая (часта сімвалічнага характару) інфармацыя патэнцы-яльна існуе ў свядомасці носьбітаў мовы і складае т. зв. нацыянальна-культурны кампанент значэння моўных адзінак.

Найбольш відавочна нацыянальна-культурны кампанент значэння выяў-ляецца пры супастаўленні аналагічных паняццяў, сітуацый у розных культу-рах і мовах. Напрыклад, маленькая трохкаляровая кветка з сям'і фіялкавых браткі (рус. анютины глазки) ахутана казкамі і легендамі. Адна з іх, вядо-мая ў нас, – пра няшчаснае каханне юнака і дзяўчыны, якія аказаліся братам і сястрой. Таму браткі – гэта напамін пра няшчасных закаханых. У немцаў жа гэтая кветка сімвалізуе маленькую мачаху, у англічан – жанчынападоб-нага мужчыну, а ў французаў – гэта кветка ўспамінаў.

Многія назвы раслінна-жывёльнага свету, набываючы ў той ці іншай мове дадатковае культуралагічнае значэнне, выступаюць сімвалам самой краіны, народа. Так, назва сакура асацыіруецца ў нашай свядомасці з Японі-яй, лаўр сімвалізуе Іспанію, таполя – Украіну, бяроза – Расію. А вось у нарвежцаў бяроза, якая расце ва ўмовах вечнай мерзлаты, – увасабленне вынослівасці; у свядомасці жыхароў старажытнай Індыі яна звязвалася з міласэрнасцю, любоўю да людзей.

Сімвалам хараства, красы і паэзіі беларускай зямлі, вобразам нашай самабытнасці сталі васілёк, шыпшына. У беларускім фальклоры і мастацкай творчасці надзвычай шырока апаэтызавана вярба (лаза, ракіта, іва). (Нагадаем: " А ў полі верба нахілёная... "; " У канцы грэблі шумяць вербы... "; " Вярба, вярба, дзе ж ты расла? Ужо тваё лісце вада занясла... " і інш.) Вярба спрадвеку выкарыстоўвалася ў побыце беларусаў: з яе плялі калыскі, лапці, кошыкі, выразалі дудкі, свісцёлкі, рабілі платы, розныя гаспадарчыя прыбудовы і г. д. Лазой "частавалі" за розныя правіннасці (параўн.: да бела-рускага "даць лазы" ў значэнні "пабіць" эквівалентам у рускай мове высту-пае выраз "дать берёзовой каши"). Вярба была важным ахоўным сродкам, выкарыстоўвалася ў абрадах і рытуалах: асвячонай вярбой, напрыклад, выганялі першы раз кароў на пашу. Вярба – увасабленне жыццёвай сілы, непатрабавальнасці да ўмоў, устойлівасці. Гэтымі сваімі якасцямі яна нагад-вае саміх беларусаў.

Важнымі вобразамі-дрэвамі ў беларускай свядомасці з'яўляюцца: дуб – сімвал моцы, даўгавечнасці, каліна, вішня, рабіна – увасабленне дзявочай сціпласці, прывабнасці. Увогуле жаночая прыгажосць у беларусаў асацыіру-ецца з мяккімі, як лён, валасамі, з вачамі, сінімі, як васількі ці льняны цвет, або блакітнымі, як майскае неба.

А вось для кіргізаў, напрыклад, блакітныя вочы – самыя непрыгожыя. Эталонам прыгажосці для іх з'яўляюцца вочы, падобныя да вачэй каровы. У старажытнай Грэцыі і Індыі, дзе карова лічылася свяшчэннай жывё-лай, назваць жанчыну " валавокай " (з вачыма, як у вала, каровы) таксама было найвышэйшым кампліментам; у Індыі і зараз прыгожую жанчыну называюць гаджагаміні, што значыць "якая ідзе паходкаю слана". У нашай жанчыны наўрад ці выклікае захапленне параўнанне яе са сланом ці каровай.

Увогуле сімволіка, звязаная з жывёльным светам, надзвычай разнастай-ная ў розных народаў. У беларусаў, напрыклад, аб'ектам вобразна-метафа-рычнага пераасэнсавання даволі часта выступаюць "жыхары" балота: бусел, жораў, жаба. Асабліва прывабным і важным для нашага народа ўяўляецца бусел (ці, як яго яшчэ называюць, бацян, бусень, буська, лялька, гайсцёр і інш.). З жыццём бусла звязаны беларускі народны каляндар і многія народ-ныя прыкметы ("Дзе бусел вядзецца, там шчасліва жывецца", "Калі бусел кружыцца – чакай добрага надвор'я", "Калі вясной упершыню ўбачыш бус-ла, які ляціць, будзеш увесь год здаровы і рухавы, калі ж ён будзе стаяць, то і ты будзеш мала рухацца, могуць балець ногі" і інш.). У беларускай нацыя-нальнай свядомасці трывала замацаваўся паэтычны вобраз Беларусі як зямлі "пад белымі крыламі" – крыламі бусла, які ўспрымаецца як "беларуская" птушка, што "чысціць" нашую зямлю, ахінаючы яе сваімі крыламі.

Часта адны і тыя ж прадстаўнікі жывёльнага свету выклікаюць у розных народаў розныя асацыяцыі. У краінах будыйскага Усходу, напрыклад, заяц з'яўляецца сімвалам мудрасці, у японцаў і афрыканскіх неграў – сімвалам розуму, здагадлівасці, а ў беларускіх народных казках заяц звычайна палахлівы, нясмелы, безабаронны. Менавіта з такімі якасцямі звязваюцца ў беларускай мове пераносныя значэнні гэтага слова (у дачы-ненні да чалавека). Разам з тым з глыбінь вякоў да нас дайшлі водгукі стара-жытных міфапаэтычных уяўленняў пра зайца як сакральную істоту. У свядомасці нашых продкаў заяц звязваўся з хлебам ("зайчыкаў хлеб" – "рэшткі ежы, прывезеныя дадому з лесу ці поля, якімі частуюць дзяцей"), а таксама з сонцам, агнём (адсюль выраз "сонечны зайчык"). Да сённяшняга дня захавалася ў нашага народа прымета: калі заяц забяжыць у хату, якая будуецца, то яна згарыць.

Воўк у нашай свядомасці асацыіруецца з такімі якасцямі, як жорсткасць, агрэсіўнасць (воўчая натура; глядзець ваўкавата; пазіраць з-пад ілба, як воўк), а ў кіргізаў воўк – сімвал смеласці, высакародства (прыгадайце ра-ман Ч. Айтматава "Плаха").

Са словам "сокал" мы звязваем такія якасці, як адвага, смеласць. На гэтай аснове ўзнікла пераноснае значэнне слова "сокал" у адносінах да лёт-чыкаў і ўвогуле да смелых людзей. У іншых мовах такіх асацыяцый гэтае слова не мае.

У міфалагічным асэнсаванні старажытных славян сабака ўвасабляў адначасова добры і ліхі пачатак. Таму ў рускай мове ўстойлівыя выразы з кампанентам "сабака" маюць як станоўчую ацэнку (собачья верность – пра вернага, адданага чалавека; собаку съел – пра вопытнага чалавека і інш.), так і адмоўную (собачий холод, гонять собак, вилять хвостом і інш.). У беларусаў у большай ступені, чым у рускіх, сабака увасабляе негатыў-ныя праявы жыцця. Разнастайныя ўстойлівыя выразы з гэтым словам маюць пераважна адмоўную афарбоўку: у сабакі вачэй пазычыць (пра бессаром-нага чалавека), ушыцца ў сабачую шкуру (пра нікчэмнага чалавека, гультая), з рота сабакі скачуць (пра брыдкаслоўе), сабачыцца (сварыцца), брахаць, псаваць і інш.

Спецыфіка асацыятыўна-вобразных уяўленняў таго ці іншага народа выразна адлюстроўваецца ў фразеалагічным фондзе яго мовы. Напрыклад, пра што-небудзь недарэчнае, нікуды не вартае мы гаворым курам на смех, а а ў інданезійцаў з недарэк "смяюцца" кракадзілы. Пра незадаволенага, надзьмутага чалавека рускія кажуць надулся, как мышь на крупу, а беларусы – надзьмуўся, як жаба на купіне. У рускіх "многа" – гэта куры не клюют, у беларусаў – сабакі не ліжуць, "мала" ў рускіх – кот наплакал, у беларусаў – як кату пад'есці з жабіны прыгаршчы; "прыйсці на гатовае, чужое" – найти рукавицы за поясом (рус.) і знайсці сякеру пад лаваю (бел.). Пра сквапнага чалавека рускія кажуць за копейку удавится, а беларусы – за рубель жабу ў Вільню пагоніць.

Aethiopem lauare (" мыць эфіопа ") – гаварылі старажытныя рымляне пра нядобрага чалавека, з'яву, дарэмную працу (пра тое, што нельга палеп-шыць). У беларусаў на гэты выпадак ёсць прыказка: " Чорнаму ворану мыла не паможа ", у рускіх – " Чёрного кобеля не отмоешь добела ", а ў англічан – "You cannot wash a charcoal white" ("Нельга вугаль вымыць дабяла").

Такім чынам, стасункі чалавека з прыродай на працягу вякоў, яго ўяў-ленні аб свеце, у тым ліку самыя старажытныя, міфалагічныя, трансфарму-юцца ў культурных традыцыях народа ў адметныя мастацкія вобразы, зама-цоўваюцца ў адносна ўстойлівых нацыянальна-культурных стэрэатыпах, сімвалах, адлюстраваных у семантыцы моўных адзінак.

Культурнымі традыцыямі грамадства вызначаюцца таксама і формы маўленчага этыкету.

Існуюць, напрыклад, самыя разнастайныя мадэлі маўленчых паводзін госця і гаспадара, дзяцей і бацькоў, мужчыны і жанчыны (спецыяльныя формы пашаны, пачцівасці і інш.).

У індзейцаў Бразіліі, напрыклад, развітваючыся з гаспадаром і гасцямі, трэба абавязкова падысці да кожнага з прысутных, сказаць пра свой адыход і пачуць: "Ідзі". А калі вяртаешся, то зноў трэба падысці да кожнага і, пачуўшы: "Вярнуўся?", – адказаць: "Так". Агульныя ж "Бывайце!" ці "Прывітанне!" не дапускаюцца – гэта найстрашнейшае парушэнне этыкету.

У японцаў прынята гаварыць пра субяседніка толькі перабольшана пачцівыя словы: не "ваша імя", а "ваша шаноўнае імя", не проста "ваша пісьмо", а "ваша найкаштоўнейшае пісьмо". А пра сябе – наадварот: "мая няўмелая работа", "мой нікчэмны дом" і г.д.

Калі госць заходзіць у кітайскі дом, яму вельмі настойліва прапануюць паабедаць, а госць па этыкету павінен гэтак жа настойліва адказвацца.

У беларускай мове, як і ў іншых мовах свету, існуе цэлая сістэма фразеалагізаваных формул маўленчага этыкету для выражэння прывітанняў, пажаданняў, падзякі і г. д. Нашаму народу ўласціва душэўная шчодрасць, адсюль шматлікія выслоўі для выражэння пажаданняў: Спажывайце на здароўе! Смачна есці! Вялікі расці! Добра гадуйся! Будзь багаты, як зямля! Каб быў здаровы, як дуб скарбовы! Каб на тым і стала! На доўгі век, на добрае здароўе! Каб пілося, елася і яшчэ хацелася! Вам шчасце-долю і хлеба ўволю! Гладкай дарогі! Будзь здаровы на ўвесь год, як калядны лёд! Каб вам смачна спалася, спрытна ўставалася, лёгка хадзілася! Каб нашыя дзяды не ведалі бяды, каб нашыя ўнукі не ведалі мукі! і інш.

Такім чынам, кожная мова захоўвае ў адзінках, якія набылі вобразна-метафарычнае, сімвалічнае значэнне, культурна значную для носьбітаў гэтай мовы інфармацыю, зберагае культуру як гістарычную памяць народа. Разам з тым мова – не толькі сродак захавання духоўнасці і культуры, але ў пэўнай ступені і сродак іх фарміравання. Многія вучоныя схільныя лічыць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй роднай мовы. Гэта азна-чае, што сама мова як своеасаблівы код культуры, у пэўнай ступені вызна-чае светапогляд і менталітэт народа, яго псіхічную і нацянальна-культур-ную адметнасць. Інакш кажучы, мова, будучы ўвасабленнем духу народа, на пэўным этапе развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры становіцца, у сваю чаргу, асяроддзем, якое нараджае, фарміруе духоўнасць і ўплывае на стан культуры наступных пакаленняў.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-12-30; просмотров: 1586; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.135.216.174 (0.01 с.)