Паняцце мовы. Гіпотэзы паходжання мовы. 


Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Паняцце мовы. Гіпотэзы паходжання мовы.



Г. В. ЖОСТКІНА

Тэарэтычныя матэрыялы

Да курса

“Беларуская мова (прафесійная лексіка)”

 

 

Гомель 2009

 

Міністэрства Адукацыі Рэспублікі Беларусь

 

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ

"БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ТРАНСПАРТУ"

 

Кафедра беларускай і рускай моў

 

Г. В. ЖОСТКІНА

 

 

тэарэтычныя матэрыялы

да курса

“Беларуская мова

(прафесійная лексіка)”

 

Вучэбна-метадычны дапаможнік

 

 

Адобраны метадычнай камісіяй

гуманітарна-эканамічнага факультэта

 

Гомель 2009

УДК 811. 161. 3

ББК 81. 2 Бел

Ж81

 

 

Р э ц э н з е н т – загадчык кафедры беларускай і рускай моў С. А. Васькаўцова (УА “БелДУТ”).

 

 

Жосткіна, Г. В.

Ж81 Тэарэтычныя матэрыялы да курса "Беларуская мова (прафе-сійная лексіка)" / Г. В. Жосткіна; М-ва адукацыі Рэсп. Бела-русь, Беларус. дзярж. ун-т трансп.. – Гомель: БелДУТ, 2009. – 82 с.

ISBN 978-985-468-484-0

 

Тэарэтычны матэрыял па ўсіх раздзелах курса "Беларуская мова (прафе-сійная лексіка)" сістэматызаваны, частка матэрыялу выкладзена ў табліцах, акрамя таго прадстаўлены схематычныя ўзоры напісання справавых папер.

Прызначаны як для лекцыйных і практычных заняткаў па прадмеце, так і для даведак пры напісанні навуковых работ, а таксама пры складанні афіцый-ных папер.

 

 

УДК 811. 161. 3

ББК 81. 2 Бел

 

© Жосткіна Г. В., 2009

ISBN 978-985-468-484-0 © Афармленне: УА "БелДУТ", 2009

 

 

АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЯ СФЕРА

Тэма 1

МОВА І СОЦЫУМ

Паняцце мовы. Гіпотэзы паходжання мовы.

Сацыяльная прырода мовы

З даўніх часоў людзі задавалі сабе пытанне: што такое мова? Пра гэта сведчаць працы старажытных вучоных Грэцыі, Рыма, Індыі і іншых краін. Тое ж пытанне цікавіць нас і сёння. Мы імкнёмся зразумець, што такое мова, як яна ўзнікла, чым яна адрозніваецца ад іншых праяў чалавечай існасці.

Тэрмін "мова" выкарыстоўваецца для абазначэння зносін людзей увогуле і зносін пэўнай групы людзей (беларуская, англійская мова) ці нават асобы (мова Коласа, мова Шэкспіра).

Слова "мова" выкарыстоўваецца і для абазначэння іншых дапаможных сродкаў зносін: мова жэстаў, мова знакаў дарожнага руху.

Словам "мова" можна абазначыць і своеасаблівыя сістэмы выразных сродкаў: мова лічбаў, мова геаграфічнай карты, мова кіно, мова музыкі.

Толькі гукавая мова можа выражаць, адлюстроўваць, выказваць усё пра навакольны свет, дастасоўваючыся да патрэб яе носьбіта, змяняючыся ў залежнасці ад розных умоў жыцця, эканомікі, ступені развіцця духоўнай культуры грамадства.

У гісторыі навукі існавалі розныя погляды на прыроду мовы.

Адны вучоныя разглядалі мову як з'яву біялагічную, такую ж, як здольнасць есці, піць, хадзіць і г. д. Лічылася, што мова закладзена ў самой біялагічнай сутнасці чалавека і перадаецца ў спадчыну (як колер вачэй, валасоў, форма твару і інш.).

Іншыя вучоныя лічылі мову з'явай псіхічнай, адносілі яе да сферы падсвядомай псіхафізіялагічнай дзейнасці.

Падобныя сцверджанні, аднак, маюць аднабаковы характар. Сапраўды, мова – з'ява біялагічная і псіхічная, але ў тым сэнсе, што ў чалавеку генетычна закладзена здольнасць авалодаць мовай, г. зн. ён валодае псіха-фізіялагічным механізмам, які забяспечвае магчымасць маўлення. Але рэалізаваць гэтую здольнасць чалавек можа толькі ў стасунках з іншымі людзьмі – носьбітамі пэўнай мовы. Здаралася, што маленькія дзеці, пазбаў-леныя чалавечых кантактаў, раслі сярод звяроў. Як правіла, яны набывалі звычкі звяроў, але гаварыць не маглі. Старажытныя варвары спецыяльна пазбаўлялі дзяцей узаемаадносін з людзьмі, каб даведацца, якая мова першародная. Мэты яны не дасяглі. Без падтрымкі іншых людзей дзіця не рэалізуе свёй здольнасці стаць homo sapiens.

Мова не перадаецца, як іншыя біялагічныя прыметы, у спадчыну кожна-му канкрэтнаму чалавеку. Дзіця пачынае гаварыць на той мове, якую чуе з першых дзён жыцця, і гэта бывае не абавязкова мова продкаў. Цяперашнія негры ЗША – нашчадкі афрыканцаў – размаўляюць на той жа англійскай мове, што і белыя амерыканцы, а іх суродзічы – кубінскія негры – гавораць па-іспанску. Родныя мовы яны ўжо забылі. Значыць, мова асобнага чалавека развіваецца толькі ў асяроддзі людзей.

Такім чынам, кожны чалавек валодае не мовай увогуле, а канкрэтнай мовай (ці мовамі), што належыць пэўнаму народу. У гэтым праяўляецца дваісты характар мовы: з аднаго боку, яна з'ява індывідуальная, бо ўласціва чалавеку, з другога – з'ява грамадская (ці сацыяльная), бо належыць кан-крэтнай грамадскай супольнасці.

Сацыяльная прырода мовы заключаецца найперш у тым, што яна – аснова і форма грамадскай свядомасці і разам з тым унікальны і універсаль-ны сродак зносін людзей, феномен духоўнай культуры чалавецтва. Мова пранізвае ўсе сферы матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці грамадства і непасрэдна звязана з усімі праявамі сацыяльнага быцця чалавека.

Мова забяспечвае бесперапыннасць этнічнага і духоўнага развіцця лю-бой грамадскай супольнасці на працягу ўсёй яе гісторыі, з'яўляецца споса-бам захавання адзінства народа ў прасторы і часе, формай трансляцыі ад пакалення да пакалення сацыяльнага вопыту і духоўнай культуры народа. Мова – гэта неабходная ўмова існавання грамадства, яго падмурак. Без яе не можа быць грамадства, як і сама мова не можа існаваць без грамадства.

 

Мова і мысленне

 

Праблема паходжання мовы самым непасрэдным чынам звязана з пытаннем пра сувязь мовы і мыслення. У сучаснай навуцы не выклікае сумнення факт наяўнасці адзінства паміж мысленнем і мовай. Аднак які характар гэтай сувязі? Гэтае пытанне займае важнае месца не толькі ў мовазнаўстве, але і ў псіхалогіі, логіцы, філасофіі.

Праца і мова вельмі шмат значылі для развіцця свядомасці чалавека. Яны стымулявалі фарміраванне і развіццё свядомасці, чалавечага мозгу і органаў пачуццяў.

Пад свядомасцю разумеюць здольнасць мозгу фіксаваць рэчаіснасць у форме думак, пачуццяў. Састаўной часткай свядомасці з'яўляецца мысленне, сутнасць якога ў актыўным адлюстраванні рэчаіснасці ў форме паняццяў, суджэнняў, вывадаў. Асноўная якасць гэтых працэсаў як форм псіхічнай дзейнасці чалавека – асэнсаванасць. Сродкам жа фіксацыі асэнсаванай рэчаіснасці выступае мова. Менавіта мова – гэта "матэрыяль-ны", практычны бок свядомасці, у прыватнасці мыслення як часткі свядомасці. Але характар узаемасувязі паміж мовай і мысленнем даволі складаны і ў навуцы тлумачыцца па-рознаму.

Адны вучоныя атаясамліваюць мову і мысленне. Паводле іх, мову можна параўнаць з лістом паперы: думка – адзін яго бок, слова – адваротны. Як немагчыма разрэзаць адзін бок паперы, не парэзаўшы другі, так і думку нельга ўявіць без слова, а слова – без думкі.

Іншыя вучоныя, наадварот, разглядаюць мову і мысленне як самастой-ныя з'явы. Магчымасць існавання думкі без слова дапускалі, напрыклад, вядомы французскі матэматык Ж. Адамар, фізіёлаг І. Сечанаў, фізік А. Эйнштэйн. "Слова ці мова, як яны пішуцца ці вымаўляюцца, не маюць ніякай ролі ў маім механізме мыслення," – адзначаў Эйнштэйн. Звычайныя і агульнапрынятыя словы, паводле гэтых вучоных, падбіраюцца (прычым не заўсёды паспяхова) толькі на наступнай стадыі, калі патрэбна замацаваць вынікі працэсу мыслення.

Аднак большасць даследчыкаў не лічаць мову і мысленне ні тоеснымі, ні самастойнымі з'явамі, а хутчэй дыялектычным адзінствам. Паміж мовай і мысленнем складаныя і супярэчлівыя адносіны. Яны могуць выступаць нават як антыподы. Вядомы рускі лінгвіст Л. Шчэрба пісаў: "Кожная думка як бы сядзіць пад каўпачком слова, і рух думкі наперад ёсць барацьба са словам." Прыкладам такой "барацьбы" з'яўляюцца "мукі слова" (пошукі адзінага, дакладнага слова, здольнага перадаць думку), вядомыя паэтам, пісьменнікам, вучоным і ўвогуле ўсім, хто звязаны з працэсам творчасці.

Мова – сродак выказвання думкі і адначасова форма яе існавання. Праўда, не адзіная: думка можа быць выказана не толькі словамі, але і іншымі сродкамі, напрыклад, у жывапісе, скульптуры, музыцы, матэматыч-ных формулах і інш. Аднак мова адрозніваецца ад іх тым, што не толькі перадае думку, але і фарміруе яе.

Часам можа здавацца, што думкі ўзнікаюць "самі па сабе" і яны не звязаны з моўнай "матэрыяй", напрыклад, калі мы не выказваем іх услых. Аднак у сапраўднасці кожны раз, калі ўзнікае аформленая думка, зразуме-лая нам самім, яна аказваецца звязанай з тым ці іншым спалучэннем слоў, хоць словы і не былі вымаўлены, а толькі ўяўлены. Чалавек, які дасканала валодае некалькімі мовамі, заўсёды ведае, на якой з вядомых яму моў ён думае. Гэта таксама сведчыць пра тое, што мысленне чалавека ажыццяўля-ецца з дапамогай мовы. Дзякуючы мове, праца свядомасці чалавека становіцца рэальнасцю для іншых членаў грамадства. Таму так важна ўмець выразна, дакладна выражаць свае думкі і пачуцці, рабіць іх здабыткам іншых людзей.

 

Мова і маўленне. Тыпы маўлення

 

Спосабам існавання і праяўлення мовы з'яўляецца маўленне. Тэрмін "маўленне" абазначае "вуснае і пісьмовае валоданне моваю; моўная дзейнасць". Мова і маўленне – паняцці блізкія, узаемазвязаныя, але розныя. Калі мова – гэта сістэма сродкаў зносін, то маўленне – рэалізацыя гэтай сістэмы, ці функцыянаванне мовы.

Як узнікла маўленне? Гэтае пытанне і па сёння цікавіць многіх вучоных. Адны кажуць, што яе папярэднікам было цмоканне языком, якім і зараз "размаўляюць" народы Афрыкі. Іншыя – што маўленне з'явілася з асаблівых "матчыных" гукаў, якімі баюкалі немаўлятаў першабытныя маці. Брытан-скія генетыкі выявілі нават ген, які адказвае за развіццё моўных здольна-сцяў, і зараз шукаюць прычыну яго мутацый, каб назаўсёды пакончыць з картавасцю і шапялявасцю і ўвогуле з усімі дэфектамі маўлення.

Маўленне – двухбаковая з'ява: гэта працэс (маўленчая дзейнасць, якая падзяляецца на гаварэнне, слуханне, чытанне і пісьмо) і вынік гэтага працэсу, рэалізацыя (выказванне і тэкст).

Адрозніваюць унутранае і знешняе маўленне.

Калі афармленне думкі адбываецца без выказвання – гэта ўнутранае маўленне, а з выказваннем (вусным ці пісьмовым) – гэта знешняе маўленне.

Адрозненне іх выяўляецца і ў будове. Унутранае маўленне характарызу-ецца фрагментарнасцю, хуткасцю мыслення, сцісласцю. Сам сабе чалавек не будзе апісваць падрабязна, ён выдзеліць асноўнае. Для ўнутранага маў-лення не характэрны строгія правілы. Іншы раз узнікаюць такія сітуацыі, калі чалавек лічыць, што ведае (на ўзроўні ўнутранага маўлення), але афор-міць, выказаць на ўзроўні знешняга маўлення не можа.

Знешняе маўленне можа быць вусным ці пісьмовым, маналагічным ці дыялагічным, можа адрознівацца паводле стылявой, жанравай прыналежна-сці.

Вуснае маўленне адбываецца ва ўмовах непасрэднага кантакту суразмоўнікаў, таму значнае месца адводзіцца тэмпу, тону, мелодыцы, тэмбру голасу, паўзам, лагічнаму націску і іншым маўленчым якасцям. Пэўную ролю адыгрываюць і нямоўныя сродкі: жэсты, міміка, пэўныя рухі і інш. Усім відам вуснага маўлення ўласціва экспрэсія непасрэднасці і высокі ўзровень эмацыянальнасці.

Пісьмовае маўленне характарызуецца наступнымі асаблівасцямі:

1) адсутнасць агульных для ўдзельнікаў зносін жыццёвых абставін і агульнага жыццёвага вопыту, што на 9/10 палягчаюць узаемаразуменне ў размоўным маўленні;

2) адсутнасць дапамогі з боку жэстаў, мімікі, інтанацыі;

3) максімальна ўзбагачаны слоўнік, і пры гэтым пераважна за кошт адцягненых паняццяў;

4) максімальна ўскладнены сінтаксіс.

Маўленне носіць індывідуальны характар, заўсёды належыць пэўнай асобе. Так, для вуснага маўлення, якое скіравана на непасрэднае ўспры-манне, характэрна ўвага гаворачага да гучання яго маўлення, непасрэд-насць, экспрэсіўнасць. У пісьмовым маўленні знаходзяць адлюстраванне ўмовы і мэта зносін, а як вынік – адбор маўленчых сродкаў для стварэння тых ці іншых тэкстаў.

Маналог (ад грэч. monos – адзін і logos – слова, маўленне) – форма маўлення, якая ўтвараецца ў выніку актыўнай маўленчай дзейнасці, разлічанай на пасіўнае і апасродкаванае ўспрыманне. Для маналогаў харак-тэрны тэксты рознага памеру, якія структурна і сэнсава звязаны.

Дыялог (ад грэч. dialogos – гутарка, размова двух) – форма маўлення, якая заключаецца ў абмене выказваннямі-рэплікамі, што звязаны па сэнсе і будове, але характарызуюцца непасрэднасцю, непадрыхтаванасцю. Пэўную ролю ў дыялогах адыгрываюць пазамоўныя, ці невербальныя, сродкі: мімі-ка, жэст.

Вынікам маўлення з'яўляецца тэкст (ад лац. textum – тканіна, спалучэнне, спляценне) – аб'яднаная сэнсавай сувяззю паслядоўнасць знака-вых адзінак, асноўнымі якасцямі якой з'яляюцца звязнасць, цэльнасць і закончанасць. Тэкст заўсёды мае адну галоўную тэму. Кожная тэма можа складацца з некалькіх асобных падтэм. Сказы, аб'яднаныя падтэмай, утвара-юць частку тэксту, якую называюць фрагментам (урыўкам) – гэта адзін або некалькі абзацаў. Самай меншай сэнсава закончанай адзінкай тэксту з'яўляецца сказ. Часам тэкст можа быць складзены і з аднаго сказа, як, напрыклад, верш А. Куляшова:

Спакойнага шчасця

не зычу нікому:

Навошта грымотам

маланка без грому,

Навошта ручай

без пякучае смагі,

Халодная ўвага,

не вартая ўвагі,

Жаданні, што прагныя

крылы згарнулі,

Зязюля без лесу

і лес без зязюлі?

У залежнасці ад спосабу перадачы зместу і арганізацыі тэксту адрозніваюць такія тыпы тэкстаў, ці маўлення, як апісанне, апавяданне, разважанне.

Тыпы маўлення (тэкстаў)

Тып маўлення Схема пабудовы Аб чым гаворыцца ў тэксце
Апісанне 1 Агульнае ўражанне. 2 Асобныя прыкметы, уласцівасці. 3 Вывад. Аб прыкметах чалавека, прадмета, з'явы і г. д.
Апавяданне 1 Пачатак. 2 Развіццё падзей, дзеянняў. 3 Заканчэнне. Аб падзеях і дзеяннях
Разважанне 1 Тэзіс. 2 Доказы, аргументы. 3 Вывады. Аб прычынах падзей, дзеянняў, прыкмет, з'яў

Апісанне ўжываецца для характарыстыкі прадметаў, з'яў, асоб. У ім пералічваюцца прыкметы ў пэўнай паслядоўнасці. Найбольш важнай прыкметай апісання з'яўляецца статычнасць, таму часцей тут выкарыстоў-ваюцца назоўнікі, прыметнікі, радзей дзеясловы-выказнікі, якія, як правіла, аднолькавай формы і маюць значэнне знаходжання, існавання. Адрозніва-юць навуковае, справавое, мастацкае апісанне, ці апісанне назіраецца ў тэкстах навуковай, тэхнічнай, мастацкай, афіцыйна-справавой літаратуры.

Апавяданне служыць для перадачы падзей, якія разгортваюцца ў часе, маюць дынаміку. Менавіта гэта прадвызначае значную ролю дзеясловаў.

Разважанне – выклад думкі, для якога найбольш характэрна лагічнасць і аргументаванасць. Будуецца яно сінтэтычна, ці індуктыўна (калі ад агульных палажэнняў аўтар ідзе да прыватных), і, наадварот, аналітычна, ці дэдуктыўна. Разважанне змешанага тыпу найбольш пашырана ў навуковых тэкстах, публіцыстыцы.

Функцыі мовы ў грамадстве

Чалавек думае, вырашае свае праблемы, "жывучы" ў мове. Пры дапамозе мовы людзі абменьваюцца інфармацыяй, наладжваюць кантакты, выказва-юць адзін аднаму свае думкі, пачуцці. З яе дапамогай людзі ўсведамляюць і асэнсоўваюць свет, захоўваюць і перадаюць ад пакалення да пакалення набытыя веды і вопыт. Такі універсальны характар мовы вызначае разнастайнасць яе функцый.

Асноўнымі, базавымі функцыямі мовы з'яўляюцца:

камунікатыўная (лац. communicatio – зносіны, сувязь) – г. зн. мова з'яўляецца найважнейшым сродкам зносін паміж людзьмі, – і

пазнавальная, ці кагнітыўная (лац. cognitio – пазнанне), якая забяс-печвае чалавеку магчымасць думаць і пазнаваць свет. Успрыманне і асэнса-ванне чалавекам рэчаіснасці апасродкавана мовай. Яна з'яўляецца своеасаб-лівай прызмай, праз якую чалавек "бачыць" свет.

Камунікатыўная і пазнавальная функцыі мовы ўзаемазвязаныя. Сацыяль-ны характар жыцця народа, яго рознабаковая пазнавальная дзейнасць патрабуюць пастаяннага кантактавання людзей. Разам з тым самі моўныя стасункі людзей, у адрозненне ад камунікацыі жывёл, – гэта інструмент пазнання. Вызначальную ролю ў дзейнасці як асобы, так і грамадства выконвае інфармацыя, якая перадаецца менавіта ў працэсе моўнай камуні-кацыі. Па сутнасці, уся гісторыя развіцця чалавецтва – гэта найперш гісто-рыя моўных зносін. Яны аб'ядноўвалі пакаленні людзей у часе і тым самым забяспечвалі бесперапыннасць чалавечай цывілізацыі. І сёння адным з паказчыкаў прагрэсу лічыцца ўзровень моўнай камунікацыі ў грамадстве.

На базе камунікатыўнай і пазнавальнай функцый мовы развіваюцца іншыя, больш прыватныя функцыі.

У складзе камунікатыўнай функцыі мовы вылучаюцца, напрыклад,

рэгулятыўная, ці фатычная (лац. fatum – выраз) – функцыя наладж-вання кантактаў, рэгулявання адносін паміж людзьмі, – і

акумулятыўная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культу-ры, гісторыі, нацыянальнай свядомасці народа. Мова захоўвае спадчыну нацыі, звязвае продкаў і нашчадкаў.

У складзе пазнавальнай функцыі можна вылучыць намінатыўную (лац. nominatio – называнне, найменне), г. зн. функцыю наймення прадме-таў, з'яў рэчаіснасці. Пазнаючы свет, чалавек пастаянна сутыкаецца з неаб-ходнасцю называць прадметы, з'явы, працэсы сродкамі мовы (у першую чаргу – словамі). Але называнне – гэта разам з тым працэс размежавання і атаясамлівання з'яў рэчаіснасці, ці, інакш, працэс пазнання рэчаіснасці. Невыпадкова гавораць: назваць – значыць зразумець.

Паколькі пазнавальная функцыя звязана з рознымі формамі псіхічнай дзейнасці чалавека, у складзе яе можна вылучыць эмацыйную (экспрэсіў-ную) функцыю – г. зн. функцыю выражэння эмоцый, пачуццяў, настрою, адносін да тэмы. Праз мову чалавека выяўляюцца яго здольнасці, вопыт, эрудыцыя, інтэлект, унутраны свет. Эмацыйная функцыя, якая найбольш выразна выступае ў інтанацыі, выклічніках, у розных формах мадальнасці (адносінах аўтара да зместу паведамлення), ацэначных суфіксах і інш., па сутнасці, пранізвае ўсе ўзроўні мовы.

З камунікатыўнай і пазнавальнай функцыямі звязана эстэтычная, ці паэтычная (мастацкая) функцыя, сутнасць якой у здольнасці мовы ўздзейнічаць на пачуцці і думкі чалавека не толькі зместам, але і самой вонкавай формай: гучаннем, адборам і спалучэннем слоў і інш. Гэтая функ-цыя праяўляецца ў імкненні да рытмічнасці, мілагучнасці, вобразнасці маўлення і ўвасабляецца ў мастацкай прозе, паэзіі, сцэнічным маўленні, красамоўстве. Эстэтычная функцыя вызначае ролю слова ў стварэнні мастацкага вобраза, робіць слова "першаэлементам" мастацкай літаратуры.

Для многіх моў свету важнай з'яўляецца этнічная функцыя, калі мова выступае прыкметай, сімвалам нацыі, сродкам этнічнай кансалідацыі. Асаб-ліва выразна гэтая функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім. Мова ў такім выпадку з'яўляецца фактарам еднасці (ці адраджэння) этнасу. Народ імкнецца захаваць яе як сведчанне сваёй нацыянальна-гістарычнай адметнасці і культурна-духоўнай самабытнасці.

Розныя функцыі мовы рэдка выступаюць у маўленні ў чыстым выглядзе. Як правіла, у працэсе камунікацыі яны спалучаюцца адна з адной, бо зносіны звычайна патрабуюць выражэння не толькі думак, але і эмоцый, волі і г. д.

 

Мова як знакавая сістэма

Адметная роля мовы ў жыцці грамадства, яе непасрэдная сувязь з мысленнем вызначаюць складанасць і спецыфіку самога моўнага "механіз-му", своеасаблівасць арганізацыйных моўных адзінак. Як жа пабудавана мова?

Вучоныя даўно прыйшлі да высновы, што мова – своеасаблівая знакавая сістэма. Яе адзінкамі з'яўляюцца: гук, марфема(простыя) іслова, словазлучэнне, сказ (складаныя).

Але што такое знак? Знакам прынята называць любую матэрыяльную з'яву, здольную абазначаць, г. зн. замяняць іншыя прадметы, паняцці. Званок тэлефона і стук у дзверы, цыферблат гадзінніка і святло семафора, грашовыя і дарожныя знакі, знакі рэкламы, шыльды ("нажніцы" – цырульня, "рыба" – рыбная крама і г. д.), жэсты, этыкет і інш. – усе гэтыя знакі – носьбіты пэўнай інфармацыі.

Кожны знак мае форму (мы яго бачым, чуем, успрымаем) і змест – тое, што стаіць за гэтай формай (дым з коміна – 'паляць у печы'; чырвонае святло светлафора – 'нельга ісці, ехаць'). Моўны знак таксама двухбаковы: ён мае форму (азначальнае) і змест (азначанае). Напрыклад, слова "вецер" мае гукавую (ці літарную) форму, якая складаецца з пяці гукаў (літар), і змест – 'паветраная плынь гарызантальнага напрамку'.

У адрозненне ад знакаў прыроднага характару (калі ідзе дым, то гэта ва ўсіх народаў ёсць знак агню), паміж двума бакамі моўнага знака няма прамой прычыннай сувязі. Ён умоўны. Нехта калісьці дамовіўся ўжываць пэўны знак (слова) для абазначэння пэўнага паняцця. У іншых народаў тое ж паняцце можа быць выражана інакш. Напрыклад, змест паняцця 'шмат-каляровая дугападобная палоска на небе' ў беларускай мове ўвасабляецца ў форме "вясёлка", у рускай – "радуга" (асацыяцыя адпаведна з "весела" і "радасна"). Моўны знак адлюстроўвае сувязь паміж азначальным і азнача-ным умоўна: так, як гэта прынята ў пэўнага народа.

ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНЫ СТАН

МОВЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

Беларускай мовы

Мова ўзнікае ў грамадстве і з патрэб грамадства. Мова – гэта істотная адзнака этнічнага калектыву (народа, нацыі, племені). Шлях яе развіцця абумоўліваецца асаблівасцямі гісторыі, жыцця народа.

I. Беларуская мова належыць да славянскай групы моў індаеўрапейскай сям’і. (Існуюць яшчэ фіна-угорская, цюркская, ман-гольская, кітайска-тыбецкая, аўстраазіяцкая і іншыя сем'і моў, а таксама ізаляваныя мовы, напрыклад, японская і карэйская.)

У самых розных мовах індаеўрапейскай сям'і ў розным фанетычным абліччы да нашага часу існуюць словы, што абазначаюць жыццёва важныя канкрэтныя прадметы і з'явы прыроды, якія выкарыстоўваліся ў інда-еўрапейскай прамове ў перыяд індаеўрапейскай этнічнай агульнасці (да IV тыс. да н. э.). Напрыклад: назвы роднасці, сваяцтва: маці, сын, дзед, свёкар, брат, сястра; назвы частак цела: века, вуха, бок, сэрца, зуб; назвы жывёльнага і расліннага свету: алень, мыш, бяроза, дуб; назвы жылля, гаспадарчых пабу-доў і прылад працы: дом, горад, вароты; саха, цэп; назвы зямной паверхні і атмасферных з'яў: балота, бераг, вецер, мароз, снег; часавыя паняцці: век, дзень, вечар; абстрактныя паняцці: вера, бяда.

II. Па меры распаду індаеўрапейскай сям'і на аснове розных дыялектаў паступова складваліся новыя моўныя адзінствы (групы):

 

Індаеўрапейская моўная сям’я

Групы моў Некаторыя прыклады моў
індыйская шматлікія мовы Індыі і цыганская
іранская персідская, таджыкская, афганская, асецінская
балтыйская літоўская і латышская
германская дацкая, шведская, нямецкая, англійская, ідыш (новаяўрэйская)
раманская іспанская, французская, італьянская, румынская, малдаўская
кельцкая ірландская, шатландская, уэльская
славянская паўднёваславянская падгрупа: балгарская, славенская, сербскахарвацкая, македонская; заходнеславянская: польская, чэшская, славацкая; усходнеславянская: руская, украінская і беларуская

Прыблізна з III тысячагоддзя да н. э. да сярэдзіны I тысячагоддзя н. э. славяне карысталіся адзінай праславянскай мовай. Да нашага часу многія праславянскія словы з’яўляюцца найбольш ужывальнымі, стылістычна ней-тральнымі і складаюць чвэрць усіх ужывальных слоў.

Напрыклад: жаніх, кум, сват, дзіця, унук; лоб, галава, рука; варона, баран; авёс, сасна; вілы, каса; год, восень, нядзеля, панядзелак; гром, дождж; боль, гнеў, грэх, краса, праўда, ласка, сіла; багаты, мудры, светлы, вузкі, горкі; варыць, дыхаць, слухаць; куды, там, усюды; адзін, восем, тысяча; я, ён, хто, што, сам; за, над, да, пад.

III. Па меры рассялення славян на большыя тэрыторыі ў праславянскай мове вызначыліся тры дыялектныя зоны: усходняя, заходняя і паўднёвая.

 

Некаторыя адметнасці ўсходнеславянскіх моў Параўнайце
паўнагалоссе город, молоко; ворог, середа польск. град, млеко
гук [ч] з праславянскага [tj] свеча балг. свешта
гук [ж] з праславянскага [dj] межа польск. межда
пачатковае о озеро, один польск. едін
адсутнасць спалучэнняў дл, тл мыло польск. мыдло
адсутнасць насавых галосных мару (дзеясл.), суд польск. marzę, sąd

 

 

Усходнеславянская народнасць утваралася на працягу VI–IX ст.ст. Яе станаўленне завяршылася ўзнікненнем у IX ст. адзінай дзяржавы ўсходніх славян – Кіеўскай Русі. Адначасова сфарміравалася адзіная мова дзяржавы – агульнаўсходнеславянская, ці старажытнаруская. На гэтай мове, напрыклад, напісана "Слова пра паход Ігаравы". Прыкладна гэтым часам датуецца "Аповесць мінулых гадоў", а таксама творы Кірылы Тураўскага.

Прыклады слоў старажытнарускага паходжання, захаваных у сучаснай беларускай мове: пляменнік, селянін, сям’я, ключыца, жаваранак, грэчка, перац, давер, дружба, сенажаць, плуг, ураджай, парашок, касынка, самавар, удалы, ваяваць, гуляць, калыхаць, капейка, рубель, адзінаццаць, сорак.

IV. У канцы XI – пачатку XII ст. Кіеўская Русь распалася, пачаўся перы-яд феадальнай раздробленасці. У мове актывізавалася развіццё дыялектыч-ных адрозненняў.

Пасля мангола-татарскага нашэсця ўсходнія землі Русі трапілі ў залеж-насць ад Залатой арды, а заходнія (сучасныя Беларусь і Украіна) увайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага. З XIV ст. усходнія землі сучаснай Бела-русі (па Дняпры і Заходняй Дзвіне) называліся Белая Русь. З цягам часу гэтае спалучэнне слоў злілося ў назву Беларусь.

У розных сацыяльна-эканамічных і палітычных умовах на працягу XIII–XVI ст.ст. з адзінай усходнеславянскай народнасці сфарміраваліся руская, беларуская і ўкраінская народнасці з уласцівымі ім фанетычнымі, лексічны-мі і граматычнымі адметнасцямі моў, асаблівасцямі культуры і звычаяў.

Фанетычная інтэрферэнцыя

Асаблівасці беларускай мовы Адпаведнасці рускай мовы
  працяжны, фрыкатыўны [г] (Застаецца ён выбухным толькі ў некаторых запазычаннях: ганак, гузік) выбухны [г]
  [ў] (праўда, жоўты, была ў брата)   [в], [л], [у] (правда, жёлтый, была у брата)
  зычны [в]чаргуецца з [ў]: [в]вымаўляецца перад галоснымі, [ў]–перад зычным і на канцы слова (карова – кароўка, здаровы – здароўе) такога чаргавання не адбываецца (корова – коровка, здоровый – здоровье)
  5 афрыкат: [дж] (дождж), [дз′] (дзень), [ц′] (цесна), [ц] (цана), [ч] (чужы) 2 афрыкаты: [ц] (цена), [ч] (чужой)
  мяккія свісцячыя афрыкаты [дз′], [ц′] (дзіця, цёмна) мяккія зычныя [д′], [т′] (дитя, темно)
  [р], [ч]– заўсёды цвёрдыя (парадак, чэрці) [р]бывае і мяккім (порядок), [ч]– заўсёды мяккі (черти)
  губныя зычныя ([б], [п], [м]) перад зычнымі і на канцы слова толькі цвёрдыя: голуб, насып, сем адпаведныя гукі – мяккія (голубь, насыпь, семь)
    прыстаўныя зычныя [в](зрэдку[г]) – перад пачатковымі о, у (вока, вожык, вуліца) – і галосныя [і], [а] –перад групай зычных (ільняны, іржавы, аржаны) адсутнасць прыстаўных   (око, ёжик, улица; льняной, ржавый, ржаной)
  злучнік і і часціца іпасля слова, якое канчаецца на галосны, вымаўляюцца як [й]: бацька [й]сын, спрытна [й] лоўка не адбываецца скарачэння гука (папа и сын, быстро и ловко)

Акцэнтная інтэрферэнцыя

Сутнасць з’явы Беларускія прыклады Рускія адпаведнікі
несупадзенне націску ў беларускіх і рускіх словах-эквівалентах хόраша хорошό
пазаўчόра позавчерá
вярбá вéрба
вéзці везтú

Лексічная інтэрферэнцыя

Моўныя з’явы Беларускія прыклады Рускія адпаведнікі
Адной рускамоўнай лексеме адпавядае некалькі беларускіх, якія адлюстроўваюць уласцівую гэтай мове класіфікацыю рэалій удвух (толькі пра мужчын), удзвюх (толькі пра жанчын), удваіх (аб асобах рознага полу і аб істотах ніякага роду) вдвоём
Міжмоўныя амонімы бараніць (рус. "защищать") боронить (разрыхляць бараной)
грэбля (гаць, плаціна) гребля (рухі рукамі пры плаванні)
дыван (рус. "ковёр") диван (прадмет мэблі)
Міжмоўныя паронімы адказаць (даць адказ) отказать (адмовіць)
блага (дрэнна) благо (рус. “добро”)
боўтаць (перамешваць) болтать (размаўляць)
намер (рус. намерение") номер (бел. "нумар")

Марфалагічная інтэрферэнцыя



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-12-30; просмотров: 1417; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 18.189.180.244 (0.081 с.)