Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі

Поиск

На шляхах перабудовы: каапераванне сельскай гаспадаркі. Велізарнае значэнне ў жыцці нашага грамадства, 4/5 насельніцтва якога ў 20–30-я гады складала сялянства, мела радыкальнае пераўтварэнне сельскай гаспадаркі. Цяжкія ўмовы працы і быту сялян, раздробленасць зямельных участкаў, прымітыўныя прылады працы і, як вынік, нізкая эфектыўнасць вытворчасці харчовых прадуктаў, што стрымлівала агульнае эканамічнае развіццё краіны, – усё гэта пераканаўча сведчыла аб існаванні аб’ектыўнай неабходнасці карэннага пераўладкавання сельскай гаспадаркі, уздыму агульнай культуры вёскі.

Дадзеная гістарычная неабходнасць пачала рэалізоўвацца ў 20-я гады шляхам развіцця розных форм кааперацыі, паступовага пераходу дробных сялянскіх гаспадарак да калектыўнай апрацоўкі зямлі ва ўмовах нэпа. Асаблівасцю Беларусі было тое, што ўвядзенне нэпа супадала з перадачай зямлі сялянам. Прыняты ІІ з’ездам Саветаў Дэкрэт аб зямлі, паводле якога ўся зямля перадавалася бязвыплатна сялянам у карыстанне, тут быў здзейснены толькі ў 1921 г. У выніку сялянства ўсходніх абласцей Беларусі павялічыла аб’ём землекарыстання да 5,4 млн дзесяцін. Але забеспячэнне сялян зямлёй тут было амаль напалову (на 41 %) менш, чым у сярэднім па краіне. Патрэбна ўлічваць, што ў Беларусі пад балотамі знаходзілася 16 % усёй зямлі, пад лясамі – 25 %.

Перанаселенасць беларускай вёскі і хранічнае малазямелле сялян патрабавалі пошукаў больш інтэнсіўнага выкарыстання зямельных угоддзяў. Беларускі ўрад ставіў задачу пашырэння апрацоўваемай зямельнай плошчы шляхам ліквідацыі няўдобіц, меліярацыі, пераразмеркавання ўчасткаў. Аднак важна адзначыць, што тэмпы развіцця сельскай гаспадаркі ўсё больш замаруджваліся, а агульная таварнасць яе была нізкая. Дробная гаспадарка мела тэндэнцыю да падзення таварнасці.

У пачатку нэпа савецкая ўлада падтрымлівала гаспадарчыя памкненні сялян, заахвочвала пошук форм калектыўнага гаспадарання на зямлі, прадастаўляла права на зямлю як калектыўным, так і аднаасобным гаспадаркам. Абвешчаная ў Зямельным кодэксе БССР свабода выбару форм землекарыстання захоўвалася ў Беларусі аж да 1927 г. І трэба адзначыць, што да таго часу ў Беларусі свабодна развіваліся гаспадаркі як калектыўнага землекарыстання (у формах вытворчай кааперацыі – сельгасарцелей, камун, таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі; у разнастайных прасцейшых формах кааперацыі – крэдытных, забеспячэнскіх, збытавых; у спецыялізаваных відах кааператыўных аб’яднанняў – машынных і конна-машынных, масларобных і сыраварных, жывёлагадоўчых і насенняводчых і г.д.), так і аднаасобнага землекарыстання (двары, хутары і адрубы).

Народным камісарыятам земляробства, які ўзначальваў з 1921 г. да 1929 г. Дз. Ф. Прышчэпаў, быў складзены “Пяцігадовы перспектыўны план развіцця лясной і сельскай гаспадарак БССР на 1925–1929 гады”. План прадугледжваў стварэнне хутароў і дробных пасёлкаў тыпу адрубоў. У адпаведнасці з гэтым планам было пераселена на хутары і ў дробныя пасёлкі 130 тыс. сялянскіх гаспадарак. У выніку да канца 20-х гадоў хутарская сістэма на Беларусі складала больш за 25 % сялянскага землекарыстання.

З першых гадоў савецкай улады ствараліся і вытворчыя кааператывы, калектыўныя гаспадаркі. Да пачатку 1927 г. у Беларусі налічвалася каля 400 сельскагаспадарчых арцелей, камун і таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі, а таксама 213 саўгасаў. Аднак ва ўмовах Беларусі, пры адсутнасці вялікіх масіваў ворнай зямлі, прыдатнай да апрацоўкі складанай тэхнікай, нізкім узроўні механізацыі, недахопе агранамічных кадраў, стварэнне буйных калгасаў было нерэнтабельным і нязначным.

Калгасы разглядаліся ў асноўным як форма арганізацыі бяднейшых пластоў насельніцтва. Ствараліся яны, як правіла, на землях дзяржаўнага фонду. Да кастрычніка 1928 г. у БССР было арганізавана 994 калгасы, у тым ліку 243 нацыянальныя (227 яўрэйскіх, 12 польскіх, 2 латышскія, цыганскі і нават кітайскі – 2 апошніх у Віцебскай вобласці). На 1 калгас у сярэднім прыходзілася 40–75 дзесяцін зямлі, па 3–5 коней, 3–4 плугі, 4 бараны; на 100 га мелася па 20 галоў буйной рагатай жывёлы; сярэдняя ўраджайнасць зерневых з 1 га складала 8 ц.

Нягледзячы на актыўную падтрымку дзяржавай калгаснай формы гаспадарання (вызваленне ад арэнднай платы за зямельныя ўгоддзі, прадастаўленне розных падатковых ільгот, забеспячэнне інвентаром, рабочай і прадукцыйнай жывёлай), асноўная маса сялянства – сераднякі – аддавалі перавагу прасцейшым формам кааперацыі, а не калгасам.

Развіццё сельскагаспадарчай кааперацыі ішло галоўным чынам у дзвюх формах: крэдытнай і забеспячэнска-збытавой. Разнастайнымі формамі сельскагаспадарчай кааперацыі ў Беларусі ўжо да пачатку 1926 г. было аб’яднана 20,9 % сялянскіх гаспадарак. Дзякуючы кааперацыі валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі Беларусі да пачатку 1927 г. перавысіла даваенны ўзровень больш чым на 12 %.

У 20-я гады, як бачна, быў сапраўды значны ўздым сялянскай гаспадаркі, які сведчыць аб дабратворных выніках нэпа, эфектыўнасці развіцця розных форм кааперацыі. Менавіта кааператыўны рух дапамог пераадолець голад і разбурэнне пасля грамадзянскай вайны, садзейнічаў аздараўленню фінансавай і эканамічнай сістэмы.

Абапіраючыся на калектывісцкую традыцыю ўсходнеславянскай вёскі (сельская абшчына, талака і г.д.), зыходзячы з навуковых абгрунтаванняў небаходнасці кааперавання сельскагаспадарчай вытворчасці і практычнага вопыту першых гадоў калектыўнага гаспадарання, Камуністычная партыя і Савецкая дзяржава распрацавалі палітыку калектывізацыі сельскай гаспадаркі. XV з’езд ВКП(б) у снежні 1927 г. прыняў курс на правядзенне ў жыццё гэтай палітыкі.

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі – палітыка Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, якая была накіравана на аб’яднанне дробных сялянскіх гаспадарак у буйныя сельскагаспадарчыя прыдпрыемствы, выкарыстанне на вёсцы дасягненняў навукі і тэхнікі, павышэнне прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці аграрнага сектара эканомікі, забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання, а прамысловасці – сельскагаспадарчай сыравінай.

Першым пяцігадовым планам развіцця народнай гаспадаркі СССР прадугледжвалася да 1933 г. ахапіць усімі формамі кааперацыі каля 85 % сялянскіх гаспадарак, і толькі 18–20 % з іх меркавалася арганізаваць у калгасы. Гэта быў напружаны, але разам з тым рэальны, збалансаваны план.

Аднак да таго часу пачаў фарміравацца, а затым атрымаў імклівае развіццё другі варыянт стратэгіі сацыялістычнага будаўніцтва. І. Сталін і яго акружэнне ленінскі прынцып гарманічнага развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі замянілі патрабаваннем хуткіх тэмпаў індустрыялізацыі на аснове перакачкі сродкаў для яе развіцця з сельскай гаспадаркі. Быў узяты курс на паскораную калектывізацыю ў яе вышэйшых формах. Гэтым імкнуліся вырашыць адразу дзве задачы: у кароткія тэрміны правесці калектывізацыю вёскі і ўзяць у яе сродкі для патрэб індустрыялізацыі і абароны краіны.

Пачатак рэалізацыі такога курсу паклаў хлебанарыхтоўчы крызіс, які ўзнік у краіне зімой 1927–1928 гг. У сувязі з недаборам збожжавых, скарачэннем дзяржаўных нарыхтовак хлеба стварылася пагроза невыканання планаў індустрыяльнага будаўніцтва, бо пастаўкі прамысловага абсталявання ў краіну залежалі ад экспарту хлеба. Акрамя таго, у гарадах пачаліся перабоі ў забеспячэнні прадуктамі, давялося ўвесці картачную сістэму. Узмацнілася сацыяльная напружанасць у грамадстве.

Закрываліся рынкі, уводзілася абкладанне сялянскіх гаспадарак дадатковымі падаткамі, скарачалася крэдытаванне і забеспячэнне заможных гаспадарак, праводзіліся арышты ў адміністрацыйным парадку і прыцягненне да суда за захаванне лішкаў збожжа. У выніку ў краіне пачалося скарачэнне пасяўных плошчаў, памяншэнне памераў гаспадарак.

Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва краіны мела разыходжанні ў пытаннях выхаду з крызісу і перспектыву сацыялістычнага будаўніцтва. І. Сталін разлічваў на злом супраціўлення сялянства шляхам самага бязлітаснага знішчэння яго заможнай часткі – кулацтва. М. Бухарын, А. Рыкаў, М. Томскі бачылі выхад з крызісу ў адмове ад надзвычайных мер, павышэнні закупачных цэн на хлеб, развіцці гандлёва-крэдытных форм кааперацыі. Бухарынская альтэрнатыва была накіравана на захаванне і ўдасканаленне эканамічнага механізма, які склаўся ў гады нэпа. У лістападзе 1929 г. М. Бухарын і яго аднадумцы былі адхілены ад палітычнага кіраўніцтва, іх погляды кваліфікаваліся як праява “правага ўхілу” у партыі, як уступка кулацтву.

У Беларусі ў падтрыманні палітыкі “правага ўхілу” быў абвінавачаны нарком земляробства Дз. Прышчэпаў, старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў і інш.

Барацьба з “правым ухілам” суправаджалася фарсіраванем калектывізацыі. 7 лістапада 1929 г. у газеце “Правда” з’явіўся артыкул Сталіна “Год вялікага пералому”. У артыкуле сцвярджалася, што ў калгасы быццам ужо пайшлі асноўныя, серадняцкія масы насельніцтва, што ў сацыялістычнай перабудове гаспадаркі ўжо атрымана “рашаючая перамога”, хаця на самой справе ў калгасах тады налічвалася 6–7 % сялянскіх гаспадарак.

Перамагла палітычная лінія на суцэльную калектывізацыю.

Ажыццяўленне палітыкі калектывізацыі: здабыткі і пралікі. У канцы 20 – пачатку 30-х гадоў перабудова вёскі згубіла сувязь з паступовым каапераваннем на аснове добраахвотнага аб’яднання гаспадарак і ператварылася ў прымусовую калектывізацыю. Пачалася гонка за “тэмпамі”. Масавая калектывізацыя выклікала супраціўленне кулацтва. У гэтых умовах партыя перайшла ад палітыкі абмежавання і выцяснення кулацтва да палітыкі ліквідацыі кулацтва як класа на аснове суцэльнай калектывізацыі.

5 студзеня 1930 г. ЦК ВКП(б) прыняў пастанову “Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву”, у якой тэрміны завяршэння калектывізацыі былі рэзка скарочаны, умацавана новая палітыка ў адносінах да кулака. На Беларусі меркавалася завяршыць калектывізацыю да 1933 г. Аднак першы сакратар ЦК КП(б)Б К. Гей патрабаваў завяршыць суцэльную калектывізацыю сельскай гаспадаркі рэспублікі да 1931 г. У хуткім часе і гэтыя тэрміны былі перагледжаны: у лютым 1930 г. прынята рашэнне абагуліць 70–80 % сялянскіх гаспадарак, г. зн. завяршыць поўную калектывізацыю за паўгода.

Разгарнулася кампанія па суцэльнай калектывізацыі і ліквідацыі кулацтва як класа, якая праходзіла ў абставінах нястрымнага фарсіравання тэмпаў і грубага адміністрацыйнага націску, адшукання і выкрыцця “ворагаў”, прымусу і раскулачвання серадняка, закрыцця цэркваў, рынкаў. Для паскарэння тэмпаў арганізацыі калгасаў у вёску былі накіраваны ўпаўнаважаныя камуністы і рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі, у тым ліку прысланыя з прамысловых цэнтраў РСФСР. Частка з іх, не ведаючы вёскі і патрэб сялян, чыніла самавольствы.

Растлумачальная і арганізацыйная работа ў масах падмянялася націскам, пагрозамі, дэмагагічнымі абяцаннямі. Нярэдка сялян прымусова запісвалі ў калгасы. У арцелях дабіваліся максімальнага абагулення маёмасці, уключаючы адзіную карову, дробную жывёлу, птушку. Таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі ў адміністрацыйным парадку пераводзіліся на статуты арцелей і камун.

Раскулачваць пачалі не толькі кулакоў, але і сераднякоў, якія не хацелі ўступаць у калгасы. Усё нажытае селянінам, уключаючы жыллёвыя пабудовы, пры раскулачванні пераходзіла ва ўласнасць калгасаў.

Прымусовыя меры давалі свае вынікі. Калі ў студзені 1930 г. у калгасы ўступіла 20,9 % сялянскіх двароў, то да сакавіка таго ж года – 58 %. Галоўным вынікам насілля пры стварэнні калгасаў стала масавая незадаволенасць палітыкай партыі, адкрыты пратэст сялян, аж да ўзброеных выступленняў. Толькі ў Беларусі, паводле няпоўных даных, у 1930 г. адбылося больш за 500 сялянскіх выступленняў. У краіне склалася надзвычай вострая палітычная сітуацыя.

Рэзкае абвастрэнне барацьбы ў вёсцы прымусіла кіраўніцтва краіны і рэспублікі прыняць меры па выпраўленні становішча, адступіць ад грубых метадаў абагулення сялянскіх гаспадарак. У сакавіку 1930 г. ЦК ВКП(б) прыняў спецыяльную пастанову “Аб барацьбе са скрыўленнямі партыйнай лініі ў калгасным руху”. Перагібы і скажэнні былі асуджаны.

Адступленне ў сакавіку 1930 г. было выммушаным ходам, які аслабіў напружанасць у вёсцы і даў магчымасць весці калгаснае будаўніцтва толькі на добраахвотнай аснове, засяродзіць увагу на арганізацыйна-гаспадарчым умацаванні калгасаў. Аднак увосень пачалася новая хваля калектывізацыі.

Нягледзячы на відавочнасць дапушчаных пралікаў і памылак, ХІІІ з’езд Кампартыі Беларусі (30 мая – 12 чэрвеня 1930 г.) прызнаў палітычную і арганізацыйна-практычную работу ЦК КП(б)Б правільнай і даў устаноўку на аднаўленне і фарсіраванае развіццё калгасаў. У верасні 1931 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне аб завяршэнні да вясны 1932 г. суцэльнай калектывізацыі ў рэспубліцы.

Ізноў аднавіліся “штурм”, пагоня за “тэмпамі”, прымусовае абагуленне, ганебная практыка раскулачвання.

Метады, якімі ажыццяўлялася калектывізацыя вёскі, абагуленне сялянскіх гаспадарак, прывялі да таго, што вясной 1932 г. замест суцэльнай калектывізацыі адбыўся чарговы масавы выхад сялян з калгасаў. Толькі за 2 – 3 месяцы распаліся 1002 калгасы, з якіх выйшла больш за 55 тыс. сялянскіх гаспадарак.

У канцы першай пяцігодкі ў рэспубліцы налічвалася прыкладна 9 тыс. калгасаў, якія аб’ядноўвалі 43 % сялянскіх гаспадарак. Па краіне была ў асноўным завершана калектывізацыя: 200 тыс. калгасаў ахапілі 60 % сялянскіх гаспадарак.

Фарсіраваная, прымусовая калектывізацыя, раскулачванне часткі сялянства адмоўна адбіліся на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У 1932 г. агульны аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў рэспубліцы знізіўся ў параўнанні з 1928 г. на 26 %, а вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў цэлым па краіне ўпала да 65 % ад узроўню 1913 г. Разам з тым у краіне рэзка ўзраслі дзяржаўныя нарыхтоўкі прадукцыі.

У выніку дапушчаных памылак у эканамічнай палітыцы ў 1932–1933 гг. краіну ахапіў масавы голад, які забраў жыцці многіх людзей.

Знаходзячыся ў безвыходным становішчы, людзі, асабліва жанчыны, спрабавалі зразаць на калгасных палетках каласкі, вынесці зерне ў кішэнях, за пазухай. Аднак 7 жніўня 1932 г. быў выдадзены Закон аб ахове сацыялістычнай уласнасці (“закон аб пяці каласках”, як называлі яго ў народзе), паводле якога за такія крадзяжы ўводзілася вышэйшая мера пакарання – расстрэл. Пры змякчаючых абставінах ён замяняўся пазбаўленнем волі на тэрмін не ніжэй за дзесяць гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Да канца 30-х гадоў калектывізацыя ў Беларусі была звершана, кулацтва як клас ліквідавана. У 1937 г. калгасы аб’ядноўвалі 680 тыс. сялянскіх двароў, ці 87,5 % іх агульнай колькасці. Абагуленыя палеткі склалі 96 % усёй пасяўной плошчы рэспублікі. Пасля завяршэння калектывізацыі і прыняцця Канстытуцыі СССР 1936 г. былым кулакам ствараліся магчымасці стаць раўнапраўнымі працаўнікамі грамадства, давалася права ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці краіны.

У другой палове 30-х гадоў кіраўніцтва краіны прымала захады лдя ўмацавання калгасаў у арганізацыйна-гаспадарчых адносінах.

Наладжвалася кіраванне калгасна-саўгаснай вытворчасцю, умацоўвалася дысцыпліна працы, фарміраваліся брыгады і звенні. Амаль у кожным калгасе былі створаны жывёлагадоўчыя фермы.

Буйная калгасна-саўгасная вытворчасць давала магчымасці выкарыстання трактароў, камбайнаў, іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Калі ў 1930 гг. на Беларусі дзейнічала адна (Койданаўская) МТС, то ў 1937 г. – 200. Агульная колькасць трактароў дасягнула 8,2 тыс. штук.

Да канца 30-х гадоў адбылося некаторае ажыўленне сельскагаспадарчай вытворчасці. Аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі узрос у параўнанні з 1913 г. на 1,7 %. Павялічыліся ўраджаі. Аднавілася пагалоўе жывёлы, якое за гады першай пяцігодкі скарацілася больш чым удвая.

Аднак далейшае ўмацаванне калгасаў суправаджалася адступленнямі ад законнасці, парушэннямі калгаснай дэмакратыі. З 1933 г. палітаддзелы пры МТС “выкрылі” і выключылі з калгасаў 2700 “кулякоў-шкоднікаў”. У жніўні – верасні 1934 г. пачалося наступленне на аднаасобнікаў. Для іх у параўнанні з калгасамі былі значна павялічаны нормы абавязковых паставак прадукцыі і ўведзены аднаразовы падатак. У 1938–1939 гг. праведзена ліквідацыя хутароў. Ліквідацыя хутароў працягвалася і пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У ходзе суцэльнай калектывізацыі былі распушчаны зямельныя таварыствы, сялянскія кааператыўныя аб’яднанні.

Складвалася сістэма дырэктыўнага планавання і адміністрацыйна-бюракратычнага кіравання калгасамі з боку партыйна-дзяржаўнага апарату. Нормай стала частая змена кіраўнікоў гаспадарак.

Пачынаючы з 1933 г. калгасы выконвалі абавязковыя пастаўкі дзяржаве прадукцыі па цэнах, якія былі ў шмат разоў ніжэйшыя за рыначныя.

Бюракратычна-камандная сістэма кіравання калгасамі, якая склалася ў 20–30-я гады, нягледзячы на істотныя змены 50–80-х гадоў, у многім захавалася да нашых дзён. Разам з тым наўрад ці правільна на аснове пралікаў і памылак, дапушчаных пры калектывізацыі ў 20–30-я гады, адмаўляць неабходнасць сацыялістычнага пераўтварэння сельскай гаспадаркі, рабіць выснову аб неэфектыўнасці калгаснага ладу ўвогуле.

Стварэнне эфектыўнага аграрнага сектара эканомікі немагчыма без дапамогі і падтрымкі дзяржавы. Гістарычны вопыт паказвае, што нізкая эканамічная эфектыўнасць калгасна-саўгаснай вытворчасці ў СССР і БССР у 20–30-я гады паміж іншым была звязана з недастатковымі фінансавымі і матэрыяльнымі рэсурсамі краіны, немагчымасцю аказаць дзейсную дзяржаўную дапамогу аграрнаму сектару эканомікі. Большая частка фінансавых сродкаў і матэрыяльных рэсурсаў, лепшыя кадры спецыялістаў дзяржава накіроўвала ў той час для правядзення індустрыялізацыі краіны і ўмацавання абараназдольнасці ў сувязі з ваеннай пагрозай фашызму. Сельская гаспадарка фінансавалася па рэшткавым прынцыпе. Іншая справа – 70–80-я гады, калі дзяржава атрымала магчымасць фінансаваць аграрны сектар эканомікі на ўзроўні сучасных патрабаванняў. Сельская гаспадарка Беларусі ў гэтыя гады па вытворчасці прадукцыі на душу насельніцтва стала ў шэраг з сельскай гаспадаркай развітых дзяржаў свету. Гэта яшчэ адзін аргумент на карысць калектыўных форм гаспадарання, буйных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – калгасаў і саўгасаў.


ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ

· § 1. Асноўныя рысы беларускага савецкага грамадства

· § 2. Нацыянальная палітыка. Беларусізацыя

· § 3. Беларускае замежжа

· § 4. Палітычныя рэрпрэсіі: прычыны, памеры, вынікі

·

§ 1. Асноўныя рысы беларускага савецкага грамадства

У міжваенны перыяд (20–30-я гады) грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі, як і ў Савецкай краіне ў цэлым, было поўным супярэчнасцей, цесна звязаным з сацыяльна-эканамічнымі працэсамі, што адбываліся ў гэтыя гады. У сваю чаргу грамадска-палітычнае жыццё ў значнай ступені вызначала стан усяго грамадства, бо ва ўмовах пабудовы сацыялізму перавага аддавалася ідэалагічным, палітычным падыходам да кіраўніцтва як эканамічным, так і сацыяльным бокам жыцця.

Існаванне розных форм уласнасці ў народнай гаспадарцы патрабавала адпаведнай дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця. Гэта праявілася ў пашырэнні ролі Саветаў як органаў улады, іх дэмакратызацыі. Узніклі местачковыя саветы. Былі прыняты новыя палажэнні аб з’ездах мясцовых Саветаў і выканкомаў гэтых Саветаў. Пашыраліся правы мясцовых органаў улады ў пытаннях фарміравання і размеркавання мясцовага бюджэту, развіцця гаспадаркі і культуры, умацавання правапарадку і законнасці. У красавіку 1927 г. была прынята Канстытуцыя БССР. На яе падставе ў снежні гэтага ж года Прэзідыум ЦВК і СНК БССР пастановай “Аб рэарганізацыі і скарачэнні савецкага апарату і аб пашырэнні правоў мясцовай улады” перадалі некаторыя паўнамоцтвы цэнтральнага апарату аддзелам і інспекцыям акруговых выканаўчых камітэтаў. У сваю чаргу, ад акруговых выканкамаў асобныя функцыі кіравання перайшлі ў кампетэнцыю сельскіх, местачковых, раённых і гарадскіх Саветаў. У 1927 г. у Беларусі было 8 акруговых, 101 раённы, 1470 сельскіх, 52 местачковыя і 29 гарадскіх Саветаў, у тым ліку 48 нацыянальных Саветаў. Дэпутатамі мясцовых Саветаў БССР былі больш за 30 тыс. чалавек. Кампартыя бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б) хоць і аказвала значны ўплыў на дзейнасць Саветаў, але не мела яшчэ пераважнай большасці ў іх складзе, асабліва ў вёсцы.

У беларускім грамадстве ў першай палове 20-х гадоў магчыма вызначыць існаванне і барацьбу двух тэндэнцый. Адна з іх была накіравана на пэўную дэмакратызацыю ў палітычных адносінах, што адпавядала мэтам і ўмовам нэпа, другая – на працяг палітыкі ваеннага камунізму, падтрыманне тэндэнцыі да манапалізацыі ўсяго палітычнага жыцця КП(б)Б, непрымірымых адносін партыі камуністаў да іншых палітычных партый, сілавых метадаў вырашэння супярэчнасцей.

Уплывовай палітычнай партыяй, якая выступала ў абарону інтарэсаў сялянства, з’яўлялася беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў або БПС-Р). Адмовіўшыся падпісаць “Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”, якая не адпавядала яе палітычным поглядам, БПС-Р аб’явіла сябе палітычнай апазіцыяй. Адрозненне пазіцыі беларускіх эсэраў ад пазіцыі КП(б)Б заключалася ў пытаннях, звязаных з характарам улады, суверэнітэтам БССР і пашырэннем тэрыторыі рэспублікі да этнаграфічных межаў. БПС-Р лічыла недапушчальнай дыктатуру рабочага класа на Беларусі і патрабавала ўсталяваць “дыктатуру працоўнага народа”.

З гэтага моманту пачалося адкрытае процістаянне дзвюх палітычных партый, якое скончылася не на карысць БПС-Р. У 1921 г. карныя органы арыштавалі 860 актыўных яе членаў. Усе яны былі інтэрніраваны – перапраўлены ў Заходнюю Беларусь, якая знаходзілася пад уладай Польшчы.

На пачатку 20-х гадоў на Беларусі дзейнічалі арганізацыі моладзі “Труд і свет” (папярэдніка камсамола), Яўкамол (яўрэйскі камсамол), “Юнацкі сіндыкалізм”, “Саюз сялянскай моладзі” і інш. У верасні 1920 г. адбыўся першы Усебеларускі з’езд камсамола Беларусі. Ён супрацьстаўляў сябе іншым маладзёжным арганізацыям, імкнуўся да манапольнага ўплыву на моладзь.

У канцы 1922 г. паскорыўся працэс аб’яднання савецкіх рэспублік, у якім актыўны ўдзел брала БССР. IV Усебеларускі з’езд Саветаў у снежні 1922 г. адобрыў ідэю стварэння Саюза ССР., абраў паўнамоцную дэлегацыю для паездкі ў Маскву.

На І Усесаюзным з’ездзе Саветаў 30 снежня 1922 г. 25 прадстаўнікоў БССР разам з дэлегацыямі РСФСР, УССР і ЗСФСР падпісалі дэкларацыю і дагавор аб стварэнні СССР. За кожнай рэспублікай захоўваліся права свабоднага выхаду, роўныя правы і ўмовы развіцця, самастойнасць у ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі. У склад ЦВК СССР былі абраны і прадстаўнікі Беларусі. А Р. Чарвякоў стаў адным з чатырох старшынь ЦВК СССР.

Стварэнне СССР дало магчымасць аб’яднаць намаганні гістарычна звязаных паміж сабой народаў, спрыяць іх хуткаму эканамічнаму, сацыяльнаму і культурнаму развіццю. Аднак з канцы 20-х гадоў у СССР перавага стала ўсё больш надавацца цэнтралізму, скараціліся правы і магчымасці рэспублік. Пэўным крокам у накірунку да дэмакратызацыі з’явілася амністыя ў сувязі з трэцяй гадавінай вызвалення Мінска ад польскіх інтэрвентаў. 11 ліпеня 1923 г. яна была абвешчана ўсім членам беларускіх нацыянальных арганізацый, палітычным і культурным дзеячам, удзельнікам антысавецкіх беларускіх фарміраванняў, членам партыі беларускіх эсэраў, беларускім сялянам і выхадцам з працоўнага асяроддзя, якія ў свой час далучыліся да контррэвалюцыйных арганізацый, а затым абвясцілі аб лаяльных адносінах да савецкай улады. Амністыя мела значны ўплыў на палітычнае жыццё, спрыяла росту аўтарытэту Кампартыі Беларусі і даверу да яе. У чэрвені 1924 г. у Мінску правяла свой надзвычайны з’езд партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, на якім яна заявіла аб самароспуску і заклікала ўсіх сваіх членаў да спынення ўсякай варожай дзейнасці супраць савецкай улады на Беларусі. Самароспуск БПС-Р, як і іншых нацыянальна-дэмакратычных партый, прывёў фактычна да ліквідацыі на Беларусі арганізаванай палітычнай апазіцыі.

У сярэдзіне 20-х гадоў грамадска-палітычнае жыццё было зведзена да дзейнасці давольна вузкага кола арганізацый. Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі імкнулася ўсталяваць і ўмацаваць свой поўны і бясспрэчны кантроль як над складам іх кіруючых органаў, так і над усёй практычнай дзейнасцю гэтых арганізацый. КП(б)Б стаалася ўцягнуць як мага больш насельніцтва ў дзеючыя пад яе кантролем арганізацыі. У камсамоле ў 1925 г. было ўжо 37,7 тыс. чалавек, у складзе прафсаюзаў у 1926 г. – 149 тыс., у 1928 г. – 388 тыс., на пачатку 1937 г. – больш за 510 тыс. чалавек.

З другой паловы 20-х гадоў узмацнілася дырэктыўная сістэма кіравання не толькі эканомікай, але і іншымі сферамі грамадскага жыцця, узрасла роля партыйна-дзяржаўнага апарату. Гэта адмоўна адбілася перш за ўсё на вытворчай дэмакратыі. Пытанні арганізацыі вотворчасці, якія раней ставіліся на сходах рабочых або вытворчых нарадах, цяпер станавіліся справай вузкага кола асоб.

Разам з пераходам да дырэктыўнай эканомікі, згортваннем, а затым і адмовай ад нэпа, наступам сацыялізму па ўсяму форнту разгарнуўся працэс пераўтварэння палітычнага рэжыму дэмакратычнага цэнтралізму, які пераважаў у пачатку 20-х гадоў (але, заўважым, ужо і тады з ухілам да цэнтралізму), у рэжым аўтарытарнага цэнтралізму. У пачатку 30-х гадоў у беларускім савецкім грамадстве былі ўсе рысы таталітарнага палітычнага рэжыму.

Пераход да таталітарызму праяўляўся ў далейшым паніжэнні ролі і ўдзелу ў справах грамадства дэмакратычных, прадстаўнічых органаў, поўным іх падпарадкаванні партыйнаму апарату. Дзяржава дыктатуры пралетарыяту пераўтваралася ў дзяржаву дыктатуры адной партыі, а дакладней – дыктатуры партыйнага кіраўніцтва і партапарату ВКП(б).

Усталяванне таталітарнага рэжыму, асабістай улады Сталіна праходзіла ва ўмовах жорсткай унутрыпартыйнай барацьбы у ВКП(б), праявы якой мелі месца і ў КП(б) Беларусі. У працэсе гэтай барацьбы сама КП(б)Б пацярпела ад усялякіх “чыстак”, “выкрыванняў”, страціла значную частку сумленных камуністаў, якія спрабавалі супрацьстаяць усталяванню сталінізму. У выніку “чысткі” партыі і абмену партыйных білетаў (1933–1936) колькасць членаў КП(б)Б скарацілася з 42 да 20 тыс. чалавек. У ходзе “чыстак” выключаліся перш-наперш іншадумцы і тыя, хто дапускаў ваганні.

Так у 30-я гады канчаткова сфарміраваліся палітычныя інстытуты беларускага грамадства, яго таталітарны палітычны рэжым.

 



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2016-08-16; просмотров: 728; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.22.217.176 (0.011 с.)