Мы поможем в написании ваших работ!



ЗНАЕТЕ ЛИ ВЫ?

З. Бядуля – літаратурны і тэатральны крытык.

Поиск

 

Вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля (1886-1941) быў яшчэ і досыць адмысловым крытыкам.

Крытычная дзейнасць З. Бядулі ляжыць у наступных накірунках.

Па-першае, ім аналізавалася ўласна літаратура (творы, выданні, дзейнасць пісьменнікаў і г.д.). Сюды ўваходзяць:

– цыкл (калі так можна яго назваць) артыкулаў аб М.Багдановічу, у які ўваходзяць такія працы, як “М.А. Багдановіч” (1917), “У гадаўшчыну смерці М.А. Багдановіча” (1818), “У гадаўшчыну” (1818), “Натхненне і гармонія (К 3-й гадаўшчыне смерці М. Багдановіча” (1920). Асноўны пафас гэтых артыкулаў наступны: М. Багдановіч – паэт хараства, гармоніі і прыгажосці (“Адным з шчырых жрацоў хараства, з святлейшых людзей нашага народа быў і наш паэт чыстай красы Максім Багдановіч. За кароткі час сваёй творчасці ён выведаў тайну гармоніі, вывучыў карты роднай красы і вянкамі вясновых паэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэння”). 

– шэраг прац (артыкулаў) аб творчасці іншых беларускіх пісьменнікаў, у якіх, дарэчы, дзе-нідзе закранаюцца пытанні эстэтыкі і тэорыі літаратуры. Гэта такія артыкулы, як “Раскіданае гняздо: Драма ў пяці актах Янкі Купалы (1919)”, “Беларускі рух і беларускія літаратары (1919)” (сінкрэтычны (з элементамі не толькі ўласна крытыкі, але і публіцыстыкі)), “Чаму яшчэ няма беларускага рамана? (1920)” і інш (гл. ніжэй М. Мушынскага).

Асобна ў гэтай частцы можна вылучыць артыкул, “Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі)” (1920)”. Тут падаюцца асноўныя моманты біяграфіі пісьменніка, уперамежку з ёю цытуюцца вершы Гаруна, згадваюцца зборнікі (“Матчын дар” і “Жывыя казкі”). У самым канцы артыкула коратка вядзецца гаворка аб празаічных рэчах А. Гаруна (аповесць “Варажба”, апавяданні “П’еро і Каламбіна”). Асноўны пафас артыкула: цяжкасці, якія прыйшлося перанесці Гаруну на яго нядоўгім жыццёвым шляху, сум і боль душы пісьменніка па далёкай Радзіме ў час ссылкі, скананне зноў жа за межамі Беларусі, на чужыне; фундамент, закладзены Гаруном і іншымі, без пары пайшоўшымі на той свет беларускімі пісьменнікамі, ніколі не згіне.

Па-другое, З. Бядулю можна лічыць таксама і тэатральным крытыкам (Пра Бядулю-тэатральнага крытыка і вялікага аматара тэатра коратка, але пры гэтым вельмі змястоўна і цікава распавёў І. Навуменка ў сваёй манаграфіі, прысвечанай разгляду жыццёвага шляху і творчасці гэтага пісьменніка-класіка!). Аб гэтым найперш сведчыць артыкул “Тэатр і выхаванне мас (Этапы развіцця беларускага тэатра)” (1922). Адзначаецца велізарная роля тэатра ў грамадскім жыцці старажытных грэкаў. З дапамогай цытат-выказванняў слынных майстроў культуры Еўропы (В. Гюго, О. Уальд, Р. Вагнер абгрунтоўваецца велізарная роля тэатральнага мастацтва ў справе выхавання людзей. Затым падаецца кароткая гісторыя беларускага тэатра (народны тэатр, школьная драма з інтэрмедыямі, драматургія і тэатр В. Дуніна-Марцінкевіча, аматарскія пастаноўкі на Беларусі ў самым пачатку ХХ ст., дзейнасць Буйніцкага, роля Я. Купалы, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, Л. Родзевіча ва ўзбагачэнні рэпертуару беларускага нацыянальнага тэатра, неабходнасць папаўнення нацыянальнай тэатральнай сцэны новымі п’есамі, прычым з надзённай і “вечнай” праблематыкай, а не толькі забаўляльнага характару.

Ёсць у З. Бядулі і іншыя артыкулы тэатразнаўчага характару, найперш рэцэнзіі на тэатральныя пастаноўкі (у тым ліку і ў БДТ-1 – сучасны Купалаўскі тэатр) п’ес беларускіх пісьменнікаў.

Акрамя таго, З. Бядуля ўсё жыццё цікавіўся батлейкай (збіраў матэрыялы аб ёй, прапагандаваў у друку батлейку і г.д.).

М. Мушынскі аб літаратурна-крытычнай дзейнасці З. Бядулі.

“Яшчэ адной праявай плённага развіцця нашаніўскай крытыкі была яе абвостраная ўвага да тэарэтычных праблем. У артыкуле С. П. (Самуіла Плаўніка) «Думаць і гаварыць трэба па-беларуску» ўзнята пытанне суадносін жыццёвай і мастацкай праўды. I вырашана яно тут даволі глыбока. Так, паняцце мастацкай праўды не атаясамліваецца з механістычным адбіткам. Крытык разглядае «артыстычную праўду» як вынік абагульнення, тыпізацыі жыццёвых фактаў, вынік роздумаў і перажыванняў мастака. Вялікую ролю ў стварэнні паўнакроўнага вобраза адыгрывае творчая фантазія пісьменніка, яго здольнасць пераўтварыць успрынятае паводле законаў гармоніі і хараства. «...Беручыся крытыкаваць які-небудзь штучны твор, — зазначае С. П., — мы не павінны задаваць сабе пытанне: ці праўда, што было такое здарэнне, якое тут апісваецца, але павінны задаваць сабе пытанне: ці магло быць гэта ці не, як тут апісваецца? Калі магло — значыць, хоць пісьменнік яго і сам выдумаў, у ім ёсць «артыстычная праўда», значыць, ён праўдзіва напісаны і для нас усё роўна, ці было гэта, ці сам пісьменнік выдумаў яго» <...>.

Рэцэнзент не абмежаваўся агульнатэарэтычным аспектам праблемы, але звязаў яе непасрэдна з творчай практыкай, з прынцыпамі стварэння вобраза героя. Неабходна, каб словы і ўчынкі дзейнай асобы адпавядалі яго натуры, яго характару, светаўспрыманню.

Для беларускай літаратуры пачатку стагоддзя, перш за ўсё прозы, якая хварэла на фактаграфізм, натуралістычнае апісальніцтва, тэарэтычныя выкладкі адносна тыпізацыі, творчага перастварэння адыгрывалі вялікую пазітыўную ролю, мелі практычнае значэнне <...>.

Увогуле тагачасная крытыка актыўна прапагандавала творы, у якіх не толькі праўдзіва ўзнаўлялася народнае жыццё, але і мела месца спроба кінуць позірк у будучыню, звязаць мінулае і заўтрашні дзень. Так, разглядаючы п'есу Я. Купалы, З. Бядуля пісаў: «У гэтай драме мы выразна бачым эмблему «раскіданага гнязда» ўсяго беларускага народа, знішчана наша слаўная мінуўшчына, растоптана гаспода наша нагамі чужынцаў, і здзекуюцца суседзі над нашай нацыянальнай душой» (Беларусь. 1919. 28 лістап. № 33 (66).). Але драматург не пакідае чытача ў роспачным стане: «Ён валае нас адбудаваць свой родны край. I мы ўсе павінны ісці «на вялікі сход! па Бацькаўшчыну» (Там жа.).

Драма Я. Купалы дала Бядулю магчымасць закрануць і пытанне тэарэтычнага характару — аб жанравай прыродзе твора, яго структурнай адметнасці. Увогуле З. Бядуля часцей за іншых тагачасных крытыкаў звяртаўся да тэарэтычных пытанняў, пра што, у прыватнасці, сведчаць яго артыкулы «Чаму яшчэ няма беларускага раману», «Хараство ў беларускай народнай творчасці» (часопіс «Беларускае жыццё», 1920). Што ж датычыць «Раскіданага гнязда», дык, на думку крытыка, гэта «скарэй усяго паэмат, чымся драма». Зроблена спасылка на творчы вопыт Г. Гейнэ, драматычныя рэчы якога чытэльныя, глыбокія, але мала прыдатныя для сцэны. «Лірыка ў драматычнай форме даецца толькі Шэкспіру, Шылеру і Гётэ», — лічыць 3. Бядуля. Але пры гэтым ім не ставіцца пад сумненне магчымасць паспяховай пастаноўкі «Раскіданага гнязда» на сцэне пры ўмове «вельмі мастацкай ігры і адпаведнай дэкарацыі» (Там жа.). Сэнс крытычных закідаў З. Бядулі зразумелы: тагачасны беларускі тэатр не меў яшчэ багатага вопыту сцэнічнага ажыццяўлення твора, вобразы якога маюць глыбокую філасофскую напоўненасць, нясуць шматзначны сімволіка-алегарычны змест і сэнс. I літаратурная крытыка своечасова папярэджвала чытача і гледача аб тым, што яны маюць справу не са звыклым сацыяльна-бытавым малюнкам, не з традыцыйнай структурай, уласцівай рэалістычнаму мастацтву, дзе рэчаіснасць адлюстравана ў формах самога жыцця, а з наватарскай з'явай, якая адкрывала якасна новую старонку ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства.

Зрэшты, пэўны суб'ектывізм ацэнак З. Бядулі, ягоныя меркаванні, хоць і з агаворкамі, наконт недастатковай сцэнічнасці пьесы Купалы-лірыка («Паэту-лірыку рэдка калі ўдаюцца драматычныя творы. Бо лірык мала ўважае на сцэнічныя акцыі дзеявых асоб, а болей усяго ўкладае сваю душу ў іх паэтычныя маналогі» (Беларусь. 1919. 25 лістап.), — пэўны суб'ектывізм быў адзнакай плённага развіцця беларускай крытычнай думкі. У сваіх ацэнках яе прадстаўнікі ішлі не ад апрыёрных заключэнняў, не ад застарэлых схем, а кіраваліся асабістым густам, мастацкай інтуіцыяй, уласным творчым вопытам. I тым самым спрыялі самавыяўленню творцы. А гэта быў адзіны перспектыўны шлях развіцця слоўнага мастацтва, у тым ліку і яго навукова-крытычнай галіны.

У справядлівасці сказанага пераконваюць і ўласныя артыкулы З. Бядулі, прысвечаныя М. Багдановічу, — «У гадаўшчьшу» (1918), «Натхненне і гармонія» (1920). Аўтарскія меркаванні і тут не пазбаўлены суб'ектывізму, але крытыку ўдалося зрабіць шмат цікавых назіранняў. Пройдзе няшмат часу, і Бядулевы ацэнкі будуць успрымацца вульгарнымі сацыёлагамі як абарона элітарнага мастацтва, а яго светапогляд назавуць ідэалістычным. Маўляў, З. Бядуля, эстэт і фармаліст, прынцыпова ігнаруе класавы падыход, сацыяльныя фактары пры вызначэнні грамадскіх функцый прыгожага пісьменства. У сапраўднасці ж крытык спрабаваў зразумець прыроду мастацкай творчасці як адметнай формы спасціжэння рэчаіснасці і чалавека. «Жрацы хараства, — гаворыць З. Бядуля, — адкрывалі людзям яго таемнасць, паказваючы ім яго творчасць усюды, каб ачысціць гэтакім чынам людскія душы, падняць іх на скрыдлах натхнення да нябёс, каб яны парабіліся лепшымі і святлейшымі. Мастацтва ёсць той святы хорам, каторы асвятляе жыццё парываннямі к дабру і праўдзе, будзіць свядомасць і руйнуе нізкія інстынкты ў сэрцах людскіх» (Бядуля З. З6. тв.: У 5 т. Т. 5. Мн., 1989. С. 397.).

Каштоўна тое, што Бядуля-крытык не задаволіўся агульнай дэкларацыяй, а ўласныя меркаванні пацвердзіў разглядам асобных твораў паэта («***Падымі угару сваё вока...», «Апокрыф», «Мадонны»). I не фармалізм і незалежнасць пісьменніка ад жыцця абараняў ён, а змагаўся за высокі мастацкі ўзровень беларускай літаратуры. Менавіта ў тым і бачыў крытык гістарычную заслугу Багдановіча, што мастак узбагаціў «родную нацыянальную паэзію новымі формамі, новымі гармоніямі, фарбамі, вобразамі і мелодыямі...» (Там жа.).

Рэцэнзіі і артыкулы 3. Бядулі паспяхова працягвалі закладзеную ў нашаніўскі перыяд традыцыю пісьменніцкай крытыкі, якой уласціва павышаная ўвага да эстэтычнага ўзроўню твора, яго мастацкай дасканаласці, згарманізаванасці зместу і формы. I тут класічныя ўзоры паэтычнага сугалосся крытык знаходзіў у аўтара «Вянка»: «Ва ўсіх творах Багдановіча чуецца старанная, строгая апрацоўка, багацце і размаітасць вобразаў і формаў, вялікая краса і глыбіня думак» (Там жа. С. 400.).

Увогуле, мастацкая дасканаласць твора як вынік самапатрабавальнасці і смелага мастацкага пошуку паэта ці празаіка заўжды знаходзіла актыўную падтрымку з боку З. Бядулі. Ён высока цаніў непаўторнае аблічча творчай асобы, яе ўменне глядзець на свет па-свойму. Вось і пры аналізе творчасці М. Гарэцкага Бядуля-крытык гаворыць пра «самабытны стыль» ранніх твораў пісьменніка, пра «арыгінальны склад малявання чалавечай душы». I такую тонкую праяву духоўнага жыцця чалавека, як каханне, М. Гарэцкі «таксама малюе на свой асабісты лад». I нават «малюнкі прыроды» зноў жа «выходзяць з-пад пяра Гарэцкага... ў новай форме» (Бядуля З. «Дзве душы». Повесць М. Гарэцкага // Беларусь. 1920. 28, 30 мая.). I ў цэлым Бядуля-крытык прыхільна паставіўся да індывідуальнай манеры Гарэцкага: «Рэалізм у яго часам даходзіць да дэтальнай анатомікі, да фатаграфавання атамаў праз павелічальнае шкло («У лазні», «Маці» і інш.). Побач з гэтым яго рамантызм даходзіць ад натхнёнай лірыкі да таемнага містыцызму («Лірныя спевы», «Што яно», «Антон» і інш.)» (Там жа.). Тое, што Бядуля арганічна дапасоўваў складаныя тэарэтычныя паняцці — рэалізм, рамантызм — да канкрэтных твораў, напаўняў паняцці рэальным зместам, сведчыла аб інтэнсіўным станаўленні крытычнай думкі: абстрактная тэорыя натуральна ўваходзіла ў паўсядзённую практыку рэцэнзентаў. А гэта надавала крытычнай ацэнцы доказнасць і пераканальнасць.

Што ж датычыць аповесці «Дзве душы», дык яна таксама дала крытыку магчымасць закрануць некаторыя складаныя праблемы літаратурнага характару, перш за ўсё праблему мастацкага адлюстравання гістарычных падзей па гарачых слядах. Са спасылкай на аўтарытэт В. Бялінскага («маляваць сучасную гістарычную эпоху вельмі цяжка, як цяжка маляваць выгляд лесу, стоячы ў ім») З. Бядуля выказвае думку аб тым, што аўтар аповесці выйграў бы, каб адклаў працу над творам на пазнейшы час. Узнятая пісьменнікам тэма заслугоўвае больш грунтоўнага асвятлення. Можа, нават у форме рамана.

Са сказанага не вынікае, нібыта З. Бядуля негатыўна паставіўся да аповесці. Побач з крытычнымі заўвагамі (недастаткова глыбокая распрацоўка ўнутранага свету герояў, з якімі сутыкаецца Абдзіраловіч) аўтар водгуку ўбачыў у творы і шмат пазітыўных момантаў (яскравая характарыстыка Абдзіраловіча, пераканальная трактоўка такой з'явы, як падвойнасць пачуццяў інтэлігенцыі). <...>.

Тагачасная крытыка лічыла сваім абавязкам не толькі папулярызаваць у друку мовазнаўчыя працы, школьныя дапаможнікі, лексікаграфічныя выданні, а ставіла пытанне і пра неабходнасць шырокай, усебаковай падтрымкі і абароны беларускай мовы як найгалоўнейшага элемента нацыянальнай культуры, найважнейшага сродку і формы выяўлення духоўнага жыцця беларуса. I ў гэтым кірунку крытыкай і публіцыстыкай было зроблена нямала. «Родная мова — скарб народны, у ёй сабрана і захавана ўсё, што мае народ найлепшага, найдаражэйшага, што падымае чалавека на вышэйшыя ступені культуры; у ём уся мінуўшчына народу і будучына. Мова — гэта праца народнай душы, яе жывое стварэнне. I таму яна, родная мова, паказвае нам усе асобнасці як чалавека, так і цэлае нацыі» (Вольны. Родная мова // Беларусь. 1919. 7 лістап.), — пісаў Вольны (З. Бядуля). Трактоўка сутнасці мовы як з'явы духоўнага парадку, бясспрэчна, уздымала прэстыж і літаратурнай крытыкі, і ўсяго нацыянальнага мастацтва, а ў канчатковым выніку актывізавала дзейнасць нацыянальнай інтэлігенцыі. <...>.

Асаблівасцю тагачасных дыскусій было тое, што актыўнымі іх удзельнікамі з'яўляліся самі творцы мастацкіх каштоўнасцей, якія на ўласным вопыце спазнавалі паэтычныя сакрэты. Адпаведна і крытычнае, ацэначнае слова набывала сваю адметнасць — складвалася так званая пісьменніцкая крытыка. Невыпадкова З. Бядуля ў артыкуле «Думкі к часу» (1924) прыгадаў імя М. Багдановіча як «першага з нашых пісьменнікаў, які пачаў займацца крытыкай». I далей: «Яго крытычныя нарысы, — зазначыў З. Бядуля, — праўда, вельмі сціслыя, але меткія, пападаючыя якраз у кропку. Ён даваў характарыстыкі кожнаму пісьменніку ў некалькіх радках, двума-трыма штрыхамі, але гэтыя характарыстыкі такія трапныя, што пазнейшыя аглядальнікі нашай літаратуры іх і па сённяшні дзень цытуюць» (Бядуля З. Зб. тв.: У 5 т. Т. 5. Мн., 1989. С. 428.).

З. Бядуля аддаў належнае і М. Гарэцкаму як крытыку і аўтару «Гісторыі беларускае літаратуры», і Ц. Гартнаму, які ахвотна выкарыстоўваў жанр літаратурнага агляду. Але галоўнае для Бядулі — клопат пра развіццё прафесійнай крытыкі, асобныя ўзоры якой ён убачыў у артыкулах У. Ігнатоўскага, У. Чаржынскага, М. Піятуховіча, П. Каравайчыка, М. Байкова. Фактычна З. Бядуля сфармуляваў тут сваё асабістае, пісьменніцкае разуменне сутнасці крытыкі, яе мэты і задач. Гэта быў наказ тым, хто возьме ў рукі крытычнае пяро: «Нашым маладым крытыкам трэба раз назаўсёды ведаць, што пісаць крытыку — гэта тое самае значэнне мае ў літаратуры, як пісаць паэму ці аповесць. Трэба мець той жа самы мастацкі талент — трэба быць самому мастаком» (Там жа. С. 433.). З. Бядуля слушна гаварыў пра абавязак крытыка разумець асаблівасці пісьменніцкага таленту, бачыць яго моцныя і слабыя бакі, дапамагаць творчаму самавыяўленню паэта ці празаіка”.



Поделиться:


Последнее изменение этой страницы: 2021-07-19; просмотров: 167; Нарушение авторского права страницы; Мы поможем в написании вашей работы!

infopedia.su Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Обратная связь - 3.145.88.111 (0.01 с.)